Фразеалагізацыя некаторых грамадска-палітычных словаспалучэнняў



Дата канвертавання30.06.2016
Памер88.87 Kb.
Дзячэня А.А.

МДУ імя А.А. Куляшова, г. Магілёў


ФРАЗЕАЛАГІЗАЦЫЯ НЕКАТОРЫХ ГРАМАДСКА-ПАЛІТЫЧНЫХ СЛОВАСПАЛУЧЭННЯЎ
Фразеалагічны фонд беларускай мовы няспынна ўзбагачаецца. Новыя фразеалагізмы ўзнікаюць, як правіла, са свабодных словазлучэнняў, спалучэнняў, сказаў. Без фразеалагічных адзінак, створаных і адшліфаваных геніем народу, нельга ўявіць сабе мову багатай і сакавітай. У іх глыбока пусцілі карані народная мудрасць, народны талент. Яны несумненна з’яўляюцца непасрэдным кампанентам культуры, крытэрыем духоўнасці народа. У іх адлюстравана фізічная карціна навакольнага свету, сацыяльнае, грамадска-палітычнае, побытавае жыццё чалавека, сам чалавек з яго эмоцыямі, унутраным светам, гісторыя народа з культурна-гістарычнымі зменамі ў грамадстве.

Адна з крыніц узнікнення і папаўнення фразеалагізмаў – працоўная, прафесійная дзейнасць чалавека. Ужо даўно адзначана моваведамі, што “шмат фразеалагізмаў утварылася ў выніку пераасэнсавання прафесіянальных выразаў” [2,с.46], “фразеалагізмамі сталі некаторыя прафесійныя выразы” [6,с.77], “багатай крыніцай папаўнення фразеалагічнага складу беларускай мовы з’явіліся прафесійныя дыялекты са сваёй спецыяльнай лексікай” [1,с.194]. М.Буракова вылучыла больш за 150 фразеалагізмаў тэрміналагічнага і прафесіянальнага паходжання ў складзе “Слоўніка фразеалагізмаў беларускай мовы” І.Лепешава.

Грамадска-палітычная лексіка прадстаўляе сабой падсістэму ўнутры агульнай лексічнай сістэмы мовы. Таму відавічна, што паміж тэрміналагічнай лексікай і агульналітаратурнай мовай існуе пастаянны кантакт. Калі пэўная тэрмінаадзінка выходзіць за межы сферы абмежаванага выкарыстання, то яна набывае канатацыі, якія прыводзяць да яе дэтэрміналагізацыі. І з цягам часу адбываецца яе засваенне агульналітаратурнай мовай. У выніку такога двухбаковага працэсу ўзаемадзеяння адбываецца другасная намінацыя, якая прыводзіць да выкарыстання двух найменняў, адно з якіх з’яўляецца апорным для ўтварэння сэнсу другога, пры гэтым паняційна-моўны змест апорнага наймення служыць пасрэднікам у аднясенні да свету пераасэнсавання моўнай формы.

Цікава, што пры ўтварэнні такой пераасэнсаванай моўнай адзінкі ў акце намінацыі выкарыстоўваецца фанетычнае афармленне ўжо наяўнай адзінкі ў якасці імені для новага абазначэння, напрыклад, тэрмінаадзінка візітная картка і фразеалагізм візітная картка.

Прычым утварэнне фразеалагізма на аснове тэрміналагічнага словазлучэння характарызуецца такімі асаблівасцямі, як страта тэрміналагічнага значэння, а потым набыццё пераноснага значэння, звязанага з тэрміналагічным. Пры гэтым тэрміналагічныя словазлучэнні ў новых сферах выкарыстання набываюць дадатковыя канатацыі, якія вядуць да іх поўнай дэтэрміналагізацыі, а гэта значыць, адбываецца фразеалагізацыя спецыяльных адзінак мовы ў выніку працэсаў дэтэрміналагізацыі і метафарызацыі.

Ступень дэтэрміналагізацыі ў грамадска-палітычнай лексіцы даволі высокая. Звязана гэта, па-першае, з экстралінгвістычнымі фактарамі (працэс станаўлення, фарміравання і развіцця грамадска-палітычнай лексікі бярэ свой пачатак у глыбокай старажытнасці; выкарыстоўваецца гэта лексіка большай часткай насельніцтва краіны, бо ўзрастае роля ўдзелу грамадства ў палітычным, сацыяльным жыцці дзяржавы); па-другое, гэта і ўнутрылінгвістычны фактар (неабходнасць пакрыць дэфіцыт у намінацыі тых ці іншых прадметаў, з’яў).

Такім чынам, у выніку працэсаў дэтэрміналагізацыі і метафарызацыі адбываецца фразеалагізацыя грамадска-палітычных адзінак.

Дзеянне гэтых працэсаў абумовіла ўзнікненне значнай колькасці фразеалагізмаў, асновай якіх з’яўляецца грамадска-палітычная тэрмінасістэма: даваць адстаўку’ канчаткова звольніць з дзяржаўнай службы’ і даць адстаўку ‘прызнаць што-небудзь непрыгодным’ [3,т.1с.301]; здавацца ў архіў ‘аддаць паперы ва ўстанову для захоўвання старых, старадаўніх дакументаў’ і здавацца ў архіў ‘1)‘прызнаць застарэлым, забываць, 2) адхіляць, лічачы непрыдатным да якой-небудзь дзейнасці’; браць на ўзбраенне ‘дамаўляцца аб аснашчэнні войска зброяй’ і браць на ўзбраенне ‘дзейсна выкарыстоўваць, прымяняць у сваёй практыцы, дзейнасці’ [3,т.1с.125]; накласці пячаць ‘зрабіць адбітак прыладай з наразнымі знакамі для адціскання іх на паперы’ і накласці пячаць ‘пакідаць прыкметны след на кім-небудзь, чым-небудзь, аказваць уздзеянне на каго-небудзь, што-небудзь’ [3,т.1с.512]; за граніцай ‘ знаходзіцца за лініяй раздзелу паміж дзяржаўнымі тэрыторыямі’ і за граніцай ‘у замежных дзяржавах’ [3,т.1с.286]; зрабіць прапанову ‘падаць на абмеркаванне як пэўную магчымасць’ і зрабіць прапанову ‘прасіць каго-небудзь стаць жонкай’ [3,т.2 с.249].

Супастаўляльны аналіз тэрміналагічных значэнняў грамадска-палітычных адзінак і фразеалагічных значэнняў адпаведных фразеалагізмаў дазваляе зрабіць вывод, што існуюць наяўныя этапы пераходу тэрмінаадзінак у фразеалагізмы. У выніку фразеалагізацыі грамадска-палітычных лексем меняецца не толькі іх першапачатковае значэнне, але і сфера іх ужывання. З цягам часу ўстойлівае словазлучэнне губляе сувязь са сваім прататыпам, паступова адбываецца яго дээтымалагізацыя, што суправаджаецца метафарызацыяй значэння. Такое фразеалагічнае словаспалучэнне пачынае ўжывацца як новая адзінка мовы і маўлення.

Фразеалагізмы, утвораныя на базе грамадска-палітычных лексем, шырока выкарыстоўваюцца ў сучаснай беларускай мове. Некаторыя з іх узніклі ў сувязі з пэўнымі гістарычнымі, культурнымі, грамадска-палітычнымі падзеямі і на сённяшні дзень без гісторыка-этымалагічнай спраўкі бывае цяжка ўказаць іх першапачатковае значэнне. Фразеалагізм пацёмкінская вёска абазначае ашуканства, паказуху, за якой хаваецца дрэнны стан чаго-небудзь’ [3,т1,с.170]. Узнікненне выразу звязана з імем фаварыта і набліжэйшага памочніка імператрыцы Екацярыны 2 – князя Г.А. Пацёмкіна, па ініцыятыве якога ў 1783г. да Расіі быў далучаны Крым. У часе падарожжа Екацярыны 2 на поўдзень (1787) Пацёмкін, каб пераканаць царыцу і іншамоўных гасцей у росквіце новых расійскіх тэрыторый і ў поспехах сваёй дзейнасці, выстаўляў на шляху імператрыцы па-святочнаму апранутых людзей, паказваў спецыяльна пабудаваныя дэкаратыўныя вёскі, хлебныя склады (у якіх мяшкі былі набіты пяском), статкі жывёл (ноччу іх пераганялі па маршруту царыцы), штучныя пышныя паркі, магутныя крэпасці і пад. [4,с.135]. Фразеалагізм сталыпінскі гальштук мае значэнне ‘шыбеніца, пятля’. Выраз належыць кадэту Ф.І. Родзічу. 17 лістапада 1907г. на пасяджэнні Дзяржаўнай думы П.А. Сталыпін заявіў, што яго ўрад і ў далейшым будзе жорстка падаўляць рэвалюцыйны рух у Расіі. Выступіўшы ў спрэчках, Ф.І. Родзічаў сказаў, што рэпрэсіўныя сродкі барацьбы “нашчадкі назавуць, магчыма, сталыпінскім гальштукам” [4,с.161]. Устойлівае спалучэнне халодная вайна ‘непрыязныя, варожыя адносіны паміж кім-небудзь’ утворана было адносна нядаўна, але не кожны на сённяшні дзень можа дакладна патлумачыць значэнне фразеалагізма, асабліва маладое пакаленне. Склалася гэтая адзінка на аснове адпаведнага састаўнога тэрміна, які ўпершыню быў ужыты ў 1946г. у выступленні прэм’ер-міністра Вялікабрытаніі У. Чэрчыля ў Фултане і служыў для абазначэння варожа-агрэсіўнай палітыкі імперыялістычных дзяржаў у адносінах да Савецкага Саюза ва ўмовах афіцыйнага міру ” [4,с.180].

Раскрываючы значэнні такіх устойлівых выразаў, мы зазіраем углыб стагоддзяў, вывучаем не толькі сваю прыватную гісторыю, але і сусветную. Так, у грамадска-палітычнай тэрмінасістэме вельмі часта выкарыстоўваецца такое словаспалучэнне як за круглым сталом, якое можа ўжывацца не толькі з прамым значэннем, але і ў якасці фразеалагізма са значэннем ‘з роўнымі правамі, на роўных умовах’. Не кожны ведае гісторыю гэтай фразеалагічнай адзінкі, якая паходзіць з кельльцкага народнага падання пра караля брытаў Артура (5 – 6 стст.). Паводле падання усе рыцары адчувалі сябе ў караля як роўныя між роўных; на банкетах кароль і рыцары сядзелі за вялікім круглым сталом, па чарзе мяняючыся месцамі [5,с.140]. Або словаспалучэнне пад эгідай ‘пад прыкрыццём каго-небудзь, чаго-небудзь, пад чыёй-небудзь аховай, заступніцтвам ці кіраўніцтвам’. Прыйшло да нас з французскай мовы, а склалася на аснове грэчаскага слова эгіс, якім называлі шчыт бога Зеўса ў старагрэчаскай міфалогіі. ” [4,с.132].

Фразеалагізмы падобнага кшталту ў першую чаргу асацыіруюцца ў носьбітаў мовы з пэўнымі падзеямі мінулага, а іх пераасэнсаваныя значэнні непасрэдна звязаны з зыходнымі. Напрыклад, грамадска-палітычнае словазлучэнне пускаць пад адхон узнікла ў гады Вялікай Айчыннай вайны і было звязана з дзейнасцю партызан на акупаванай тэрыторыі, якія падрывалі чыгунку разам з нямецкімі эшалонамі. У якасці фразеалагізма пускаць пад адхон набыло значэнні: ‘1) рабіць, выклікаць крушэнне (цягніка, эшалона), 2) пераставаць лічыцца з чым-небудзь, не прызнаваць чаго-небудзь’ [3,т.2, с.236]. Узнікненне тэрміналагічнага словазлучэння выводзіць на арбіту звязана з такой грамадска-палітычнай падзеяй як запуск першых спутнікаў, а потым і чалавека ў космас. Як фразеалагізм выводзіць на арбіту ўжываецца са значэннем ‘дапамагаць стаць вядомым, з трывалым месцам у жыцці’ [3,т.1, с.206].

Значная група тэрмінаадзінак, утвораных на базе іншых тэрмінасістэм, пры фразеалагізацыі свайго значэння пачынае актыўна выкарыстоўвацца ў складзе грамадска-палітычнай лексікі. На гэта ўплывае няспыннае развіццё грамадства, навукі і тэхнікі, палітычныя, эканамічныя, культурныя падзеі, якія адбываюцца ў свеце. Так за межамі кола спецыялістаў вядома вялікая колькасць юрыдычных, матэматычных, фізічных, астранамічных, медыцынскіх і іншых тэрмінаў і тэрміналагічных словаспалучэнняў. Многія з іх набылі новае значэнне і зараз выкарыстоўваюцца ў новым для іх кантэксце ў якасці вобразных сродкаў.

Пэўная колькасць такіх адзінак трапіла ў грамадска-палітычную лексіку з ваеннай тэрмінасістэмы: цяжкая артылерыя, браць (узяць) на ўзбраенне, вяртацца ў строй, біць адбой, браць агонь на сябе, адзіным фронтам, падстаўляць пад удар, трапіць у цэль, біць трывогу, перайсці ў наступленне, разведка боем, узяць на прыцэл, міна запаволенага дзеяння і пад. Пры фразеалагізацыі ваенных тэрмінаадзінак назіраецца двайная актуалізацыя – выкарыстанне словазлучэння як у прамым, так і ў пераносным значэнні. Такім чынам, у кантэксце рэалізуюцца абодва значэнні фраземы. Напрыклад, фразеалагізм браць (узяць) на ўзбраенне выкарыстоўваецца і з літаральна ваенным тэрміналагічным значэннем як ‘забеспячэнне арміі зброяй’, так і з пераносным у грамадска-палітычнай тэрмінасістэме ‘дзейсна выкарыстоўваць, прымяняць у сваёй практыцы, дзейнасці’[3,т.1,с.125].

Мастацтва заўсёды адыгрывала значную ролю ў жыцці грамадства, таму ў складзе грамадска-палітычнай лексікі выкарыстоўваецца шэраг фразем, звязаных з такімі сферамі мастацтва, як тэатр, музыка, жывапіс: першая скрыпка, сыходзіць са сцэны, сыграць ролю, задаваць тон, заключны акорд, згушчэнне фарбаў, на другі (задні) план, на першы (пярэдні) план, пад заслону і пад.

Сустракаюцца фраземы са сферы эканомікі: любой цаной, залаты фонд, юрыдычнай тэрмінасістэмы: уступленне ў сілу, уступаць у свае правы, закон не пісаны, будаўніцтва: здымаць стружку, закладваць фундамент, філалогіі: чытаць паміж радкоў, ставіць кропку, ставіць кропкі над “і”, валодаць словам, новае слова, астраноміі: зорка першай велічыні, усходзячая зорка, кульмінацыйны пункт, выходзіць на арбіту, разраджаць атмасферу, рабіць пагоду, хмары згушчаюцца, хмары рассейваюцца, мараплавання: падводныя камяні, выводзіць на чыстую ваду, усплываць (выплываць) на паверхню, легчы на дно, плысці па цячэнні, плысці супраць цячэння, рэлігіі: класці на алтар, хіміі: лакмусавая паперка, спорта: другое дыханне і інш.

Такім чынам, фразеалагізмы, што ўвайшлі ў склад грамадска-палітычнай тэрмінасістэмы з іншых галін навукі, выкарыстоўваюцца з новым пераасэнсаваным значэннем, якое фарміруецца ў працэсе другаснай намінацыі. На аснове ўжо вядомых тэрміналагічных фразеалагічных адзінак узнікаюць новыя найменні прадметаў, з’яў, падзей. Такія фраземы зразумелыя шырокаму колу людзей, якія не маюць дачынення да навуковай дзейнасці.

Грамадска-палітычная тэрмінасістэма складвалася на працягу многіх стагоддзяў (па часе ўзнікнення яна з’яўляецца адной з самых старажытных), таму зразумела, што яна цесна пераплецена з гісторыяй развіцця мовы ўвогуле. Па гэтай прычыне ў некаторых выпадках грамадска-палітычная тэрміналагічная лексіка так глыбока пранікае ў агульнаўжывальную, што правесці яўныя межы паміж імі часта бывае нялёгка. У такіх выпадках карысным будзе звярнуцца да гісторыка-этымалагічнай даведкі. Напрыклад, у агульнаўжывальнай лексіцы шырокавядомы выраз жалезная заслона, які выкарыстоўваецца з фразеалагічным значэннем ‘самаізаляцыя, сур’ёзная перашкода ў кантактах (пераважна паміж дзяржавамі)’. Менавіта як грамадска-палітычная адзінка ў замежнай прэсе гэты выраз дастасоўваўся да Савецкага Саюза, які адгарадзіў сябе “жалезнай заслонай” ад краін заходняй дэмакратыі. Упершыню з палітычным значэннем і ў дачыненні да СССР выкарыстаў яго Гебельс у артыкуле “2000-ы год”, апублікаваным у часопісе “Das Reich” 23.02.1945г. Але шырокую вядомасць і пашыранасць у замежным друку гэты выраз атрымаў пасля таго, як 5.03.1946г. быў ужыты У. Чэрчылем пры выступленні ў Фултане [5, с.128].



Такім чынам, працэс утварэння фразеалагічных адзінак тэрміналагічнага паходжання праходзіць тры этапы: дэтэрміналагізацыю, дээтымалагізацыю, метафарызацыю. У выніку гэтага працэсу ўтвараецца новая адзінка фразеалагічнага ўзроўню. Важную ролю для разумення фразеалагічнага значэння такой адзінкі адыгрывае ўнутраная форма фраземы, гэта значыць асацыятыўна-вобразны матывуючы комплекс. Унутраная форма можа быць жывой, калі яна асэнсоўваецца, матывуецца на сучасным этапе развіцця мовы, і мёртвай, калі парушэнне дэрывацыйных сувязей паміж фразеалагізмам і яго прататыпам выклікана знікненнем адпаведнай рэаліі.

ЛІТАРАТУРА:

  1. Аксамітаў, А.С. Беларуская фразеалогія / А.С. Аксамітаў. – Мінск: Вышэйшая школа, 1978. – 224с.

  2. Бурак, Л.І. Сучасная беларуская мова / Л.І. Бурак; пад рэд. Л.М. Шакуна. – Мінск: Вышэйшая школа, 1985. – 319с.

  3. Лепешаў, І.Я.Фразеалагічны слоўнік беларускай мовы: у 2 т./ І.Я. Лепешаў. – Мінск: БелЭн, 1993. – 607с.

  4. Лепешаў, І.Я. Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў / І.Я. Лепешаў. – Мінск: Народная асвета, 1993. – 200с.

  5. Лепешаў, І.Я. Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў / І.Я. Лепешаў. – Мінск: БелЭн, 2004. – 448с.

  6. Сучасная беларуская літаратурная мова: лексікалогія: фанетыка: арфаграфія: вучэбны дапаможнік для філалагічных факультэтаў педагагічных інстытутаў / М.Ц. Кавалёва, А.К. Юрэвіч, Ф.М. Янкоўскі [і інш.]. – 2-е выд. – Мінск: Вышэйшая школа, 1984. – 190с.

: bitstream -> 123456789 -> 37032
123456789 -> Гісторыя беларускай літаратуры (ХІХ ст. – 1970-я гады ХХ ст.)
123456789 -> П. С. Лопух гідралогія сушы частка 2 (агульная гідралогія)
123456789 -> П. С. Лопух, А. А. Макарэвіч
123456789 -> Праявы масавай культуры ў дыскурсе смі, альбо да праблемы гуманізацыі медыясферы
123456789 -> Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь
123456789 -> 1. Гістарычныя ўмовы ўзнікнення новай беларускай літаратуры. Асноўныя літаратурныя напрамкі канца ХVІII – пачатку ХІХ стст. І іх выражэнне ў беларускай літаратуры
123456789 -> Гісторыя старажытнай грэцыі І рыма (Фядосік В. А.)




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка