Г прапанова адарацыі найсвяцейшага сакрамэнту для яе правядзення сужэнцамі



Дата канвертавання15.05.2016
Памер124.94 Kb.
МАТЭРЫЯЛЫ НА ДЫЯЦЭЗІЯЛЬНЫ ДЗЕНЬ МАЛІТВАЎ АБ СЕМ’ЯХ

18.10.2015 г.
ПРАПАНОВА АДАРАЦЫІ НАЙСВЯЦЕЙШАГА САКРАМЭНТУ ДЛЯ ЯЕ ПРАВЯДЗЕННЯ СУЖЭНЦАМІ
Спеў на выстаўленне Найсвяцейшага Сакрамэнту
Асоба 1
Будзь праслаўлёны, Божа, у Найсвяцейшым Сакрамэнце алтара.

Ты, жывы і праўдзівы Бог, ёсць з намі, укрыты пад выглядам Хлеба.

Сёння, хаця б на кароткі час, мы хочам быць з Табой, углядацца ў Цябе ў святой Гостыі і прымаць у свае сэрцы Тваю любоў.
Стаім перад Табой з тымі, каго любім, нашымі сужэнцамі, нашымі дзецьмі, каб нанова запрасіць Цябе ў нашы сем’і. Мы асабліва запрасілі Цябе ў дзень нашага шлюбу і сёння хочам сказаць Табе, што заўсёды ў нашай сям’і Ты, Божа, на першым месцы.
Спеў
Асоба 2
Дзякуем Табе, Пане, за тое, што нас нястомна суправаджаеш.

Дзякуем за Тваё благаслаўленне.

Дзякуем за Тваю нястомную апеку.

Дзякуем за тое, што ніколі не пакідаеш нас адных, нават тады, калі мы не запрашаем Цябе ў нашу штодзённасць.

Дзякуем за ласкі, якія нам нястомна ўдзяляеш, хочам зараз у цішыні нашых сэрцаў Табе падзякаваць.

(хвіліна цішыні)
Разам з намі пры Табе, Пане Езу, нашы дзеці. Мы прыгадваем, як напісана на старонках святога Евангелля, што прыносілі да Цябе дзяцей, каб усклаў на іх рукі і памаліўся. А вучням, якія забаранялі гэта, Ты сказаў: “Дазвольце дзецям і не забараняйце ім прыходзіць да Мяне, бо такім належыць Валадарства Нябеснае” (Mц 19, 15). І ўскладаў на іх рукі.
У дзень святога хросту нашых дзяцей мы прынеслі іх да Цябе, сёння яны ўжо крыху старэйшыя, а мы не заўсёды памятаем аб тым, каб іх да Цябе прыводзіць.
Таксама мы не заўсёды памятаем, што сям’я – гэта супольнасць любові, месца, дзе адзін дае сваё жыццё для другога, дзе кожны з радасцю служыць другому і прагне заспакоіць яго патрэбы, а не месца панавання.
Як сказаў Ты ў сённяшнім Евангеллі:
“Хто хоча быць большым сярод вас, няхай будзе вам слугою; і хто хоча сярод вас быць першым, няхай будзе нявольнікам усіх. Бо і Сын Чалавечы не для таго прыйшоў, каб Яму служылі, але каб служыць і аддаць жыццё сваё для адкуплення многіх” (Мк 10, 43-45).
За нашы занядбанні ў любові, за нашы занядбанні ў тым, каб прыводзіць дзяцей да Цябе, і за тое, што ў нашых сем’ях перашкаджае нам быць шчаслівымі, зараз у цішыні сэрца прагнем Цябе перапрасіць.

(хвіліна цішыні)
Спеў
Асоба 3
Ты, Пане, наш Бог, Ты крыніца нашай любові, Ты можаш учыніць нашы сем’і шчаслівымі. Прабываючы ў назарэтанскай Сям’і, Ты асвяціў сваёй прысутнасцю гэтую супольнасць жыцця і любові. Сям’я, моцная Богам, становіцца сілай чалавека і ўсяго народа. Просім Цябе зараз благаславіць нашы сем’і, каб яны станавіліся сапраўдным хатнім Касцёлам.
Будзем паўтараць: ПРОСІМ ЦЯБЕ, ПАНЕ
— аб глыбокай веры для сужэнцаў, бацькоў і дзяцей

— аб дары супольнай сямейнай малітвы

— аб ласцы хрысціянскага перажывання нядзелі ў сямейным коле

— аб узаемнай любові членаў сям’і

— аб даверы і здольнасці прабачэння

— аб радасці, згодзе духу і міры

— аб уменні пераадольваць штодзённыя цяжкасці

— аб адкрытасці на новае жыццё

— аб павазе да старэйшых асобаў у сям’і

— аб гатоўнасці дапамогі патрабуючым



— аб усіх ласках, патрэбных у сямейным жыцці
Святар:
Зараз ёсць час, каб у цішыні сэрца сказаць Пану Езусу тое, што цяжкае, балючае ў тваёй сям’і, тое, што не дазваляе да канца цешыцца радасцю супольнага сямейнага жыцця. Аддай гэта Богу, які ёсць Любоў, і прасі аб веры, што твая просьба будзе выслухана.
(хвіліна цішыні)
О Пане наш і Збаўца, учыні кожную сям’ю сваім валадарствам, валадарствам праўды і жыцця, святасці і ласкі, справядлівасці, любові і міру. Вядзі іх моцаю свайго Духа да дому Айца ў небе, дзе сатрэш слёзы з іх вачэй і дасі ім удзел у паўнаце нябеснай радасці. Які жывеш і валадарыш на векі вечныя. Амэн.
(Можна прамовіць Літанію да Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта)
Акт аддання сем’яў Маці Божай
Марыя, Маці Міласэрнасці і Маці Касцёла!
Вось сёння стаяць перад Табою нашы сем’і, прагнучы цалкам аддацца Табе ў мацярынскую апеку. Аддаем Табе на ўсе часы нашы сем’і, наш дом і ўсё, што маем. Аддаем усе асабістыя і сямейныя справы. Хочам, Маці Бога і наша, назаўсёды заставацца Тваёй уласнасцю; прымі нас і аддай Езусу Хрысту.
Аберагай жа заўсёды, просім Цябе, Маці, святасць нашага сямейнага вогнішча. Не дазволь, каб мы зневажалі яго грахом. Дапамажы верна выконваць абавязкі, якія паходзяць з сакрамэнту сужэнства. Захавай дзяцей ад усялякіх няшчасцяў, учыні, каб яны раслі добрымі сынамі і вернымі дочкамі Касцёла і краіны. Прыйдзі да іх, Маці, у хвіліны выпрабавання і цяжкасцяў. Барані нашы сямейныя дамы ад усялякага зла. Умацоўвай у нас веру ў Бога і ўзаемную любоў. Паглыбляй хрысціянскае жыццё, выпрошвай для нас шчасце і мір.
Маці Хрыстова! Прымі гэта наша адданне – за Касцёл святы ў нашай краіне, за нашу дыяцэзію, за свабоду і развіццё, а асабліва за святасць нашых сем’яў. Карыстайся намі, каб усе сем’і належалі Табе, а праз Цябе Твайму Сыну. Прагнем, каб Езус Хрыстус знайшоў прытулак сярод нас, калі Ён пастаянна зневажаецца і выкідваецца з грамадскага і публічнага жыцця, калі вырываецца з сэрцаў дзяцей і моладзі.
Панна магутная! Учыні нашы сем’і цвёрдымі верай, каб у кожнай сям’і ўзрастала пакаленне маладых людзей, верных Пану Богу, Крыжу і Евангеллю, Касцёлу і яго пастырам.
Маці Божая, Беззаганная Марыя! Табе прысвячаем целы і душы нашы, усе малітвы і працу, радасці і цярпенні, усё, чым мы ёсць і што маем. Ахвотным сэрцам аддаемся Табе ў апеку. Пакідаем Табе свабоду карыстацца намі для збаўлення людзей і для дапамогі Касцёлу святому, Маці якога Ты з’яўляешся. Адгэтуль хочам усё рабіць разам з Табой, праз Цябе і для Цябе. Ведаем, што сваімі сіламі нічога не здзейснім. Ты ж можаш усё, на што ёсць воля Твайго Сына, і заўсёды перамагаеш.
Учыні ж, Маці Міласэрнасці, наша памочніца, каб нашы сем’і, наша парафія і наша краіна былі сапраўдным валадарствам Твайго Сына і Тваім. Амэн.
Спеў
Благаслаўленне Найсвяцейшым Сакрамэнтам

МАТЭРЫЯЛЫ ДЛЯ ВЫКАРЫСТАННЯ ПАДЧАС СВЯТОЙ ІМШЫ
Уступ да літургіі:
Мы збіраемся сёння на малітве як адна Божая сям’я, каб праслаўляць Айца нашага, які ў небе. Сёння асаблівым чынам прадстаўляем Пану ўсе радасныя, балесныя і хвалебныя таямніцы нашых сем’яў. Пажаданнем нашага біскупа Аляксандра з’яўляецца тое, каб сённяшняя нядзеля з’яднала ўсіх вернікаў нашай дыяцэзіі ў малітве аб нашых сем’ях.
Хочам маліцца за ўсе сем’і, асабліва памятаючы аб тых, якія перажываюць розныя крызісы. Стаім сёння з усімі бедамі і хваробамі перад Панам, адначасова углядаючыся ў радасць, мір, лад Святой Сям’і, каб з гэтага прыкладу перанесці хоць крыху пад свой дах.
Уступ да літургіі слова:
Усё зямное жыццё Езуса Хрыста было нястомным служэннем. Езус служыў ад першай хвіліны прыйсця ў свет ажно па апошнюю гадзіну сваёй балеснай мукі і смерці на крыжы. Служыў раней і служыць сёння. Служыў і служыць нястомна сваім Словам і сваім Целам. Таму таксама толькі Ён адзін мог сказаць пра сябе, што “Сын Чалавечы не для таго прыйшоў, каб Яму служылі, але каб служыць і аддаць жыццё сваё для адкуплення многіх” (Мк 10, 45).
Заахвочаныя прыкладам Езуса Хрыста, молімся аб тым, каб усе члены нашых сем’яў служылі ўзаемна адзін аднаму.


Малітва вернікаў
Нябеснаму Айцу, які збірае нас у адну сям’ю дзяцей Божых, узнясём нашы просьбы:


  1. Молімся за Айца Святога, біскупаў і святароў, каб баранілі годнасць і святасць хрысціянскай сям’і.

  2. Молімся за маладое пакаленне, каб не дало ўцягнуць сябе ў залежнасць п’янства, але стварыла ў будучыні грамадства цвярозых, высакародных і рэлігійных людзей.

  3. Молімся за сужэнствы разбітыя, нешчаслівыя і тыя, якія перажываюць крызіс, каб Бог удзяліў ім сілы для прабачэння і паяднання.

  4. Молімся за ўсе сем’і нашай дыяцэзіі, каб, ставячы Езуса ў цэнтр свайго жыцця, былі моцныя Божай ласкай.

  5. Молімся за нашых памерлых блізкіх, каб Хрыстус узнагародзіў іх шчырую веру.

  6. Молімся за нас саміх, каб мы заўсёды клапаціліся аб еднасці і шчасці нашых сем’яў.


Усемагутны вечны Божа, выслухай нашы малітвы і ўчыні, каб у сем’ях нашых панавала атмасфера назарэтанскай Сям’і. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

Дапаможны тэкст для падрыхтоўкі гаміліі на тэму сутнасці сакрамэнту сужэнства
У сужэнскай прысязе і пытаннях аб жаданні заключыць сакрамэнт сужэнства знаходзіцца асноўны змест вучэння Касцёла аб сужэнстве, якое з’яўляецца саюзам аднаго мужчыны і адной жанчыны, непарыўным, верным, а яго мэтай з’яўляецца стварэнне супольнасці, якая прымае і выхоўвае патомства – утварае сям’ю.
Ці хочаце дабравольна і без усялякага прымусу заключыць сужэнскі саюз?, ці хочаце вытрываць у гэтым саюзе ў здароўі і хваробе, у добрай і злой долі, аж да канца жыцця?, ці хочаце з любоўю прыняць і па-каталіцку выхаваць патомства, якім Бог вас адорыць? Абяцаю табе сужэнскую любоў, вернасць і павагу і тое, што не пакіну цябе ажно да смерці.
Любоў
У асновах сужэнства знаходзіцца любоў. Гэта яна – як водбліск любові самога Бога – нараджаецца ў сэрцах мужчыны і жанчыны, якіх яна пабуджае рашыцца на тое, каб пачаць супольны шлях сужэнскага жыцця. Гэта менавіта любоў учыняе, што чалавек рэалізуе сябе праз самаадданы дар з сябе. Любоў – гэта аддаванне і прыняцце дару з сябе. Яе нельга купляць ці прадаваць. Ёю можна толькі адорваць адзін аднаго ўзаемна. Любоў, асвечаная сакрамэнтальнай ласкай, вядзе ў поўным сужэнскім адданні дваіх – мужчыну і жанчыну – да нараджэння і выхавання патомства.
Любоў з’яўляецца не толькі пачуццём. Практыкаванне сужэнскай любові ў штодзённым жыцці – гэта ўзаемнае адорванне адно аднаго, гэта імкненне да ўсё больш глыбокай сувязі паміж сужэнцамі, гэта нястомны клопат аб тым, каб тут, на зямлі, сужэнец быў для мяне найважнейшай асобай. Сужэнская любоў – гэта абавязак не толькі да таго, каб ужо назаўсёды быць з гэтай іншай асобай, але і да таго, каб кахаць яе ўсё больш.
Вернасць
„Сужэнская любоў па сваёй прыродзе патрабуе ад сужэнцаў непарушнай вернасці. Гэта вынікае з узаемнага дару, які складаюць адно аднаму сужэнцы, заключаючы сужэнства” (KKK 1646). Вернасць у сужэнскай любові бярэ свае асновы з вернасці Бога свайму запавету і з вернасці Хрыста свайму Касцёлу (пар. KKK 1647, 2365). Паколькі Бог верны свайму запавету з чалавекам, то і сужэнцы – засноўваючыся на гэтай вернасці і з яе чэрпаючы дапамогу – могуць рэалізоўваць у сваім сужэнстве гэты прыклад сужэнскай любові.
Нарачоныя абяцаюць адно аднаму вернасць ва ўсіх вымярэннях супольнага жыцця. У канкрэтных жыццёвых прыкладах вернасць азначае свабоду ад нячыстых позіркаў, думак ці жаданняў у дачыненні да каго б ні было. Яна выключае рамантычныя пачуцці ці флірт у дачыненні да іншай асобы.
Вернасць азначае, што сужэнец для мяне найважнейшы тут, на зямлі, важнейшы за працу, за хоббі, прывычкі ці сяброўскія кантакты. З адваротнага боку можна сказаць, што нявернасць пачынаецца тады, калі хтосьці з сужэнцаў перастае клапаціцца аб уласным сужэнстве.
Еднасць
Еднасць сужэнства азначае тую асаблівую яго рысу, якая спрыяе таму, што яно з’яўляецца трывалым саюзам аднаго мужчыны з адной жанчынай. Гэта менавіта сам Бог устанавіў такое сужэнства. У Святым Пісанні чытаем: “Таму пакіне мужчына бацьку і маці і злучыцца з жонкай сваёй, і будуць двое адным целам” (Быц 2, 24).
Непарыўнасць
Сужэнская супольнасць мужчыны і жанчыны з’яўляецца непарыўнай; іх злучае сам Бог: “Што Бог злучыў, чалавек няхай не разлучае” (Мц 19, 6). “Непарыўнасць сужэнства, - чытаем у Апостальскай адгартацыі Яна Паўла ІІ Familiaris consortio, - знаходзіць сваю канчатковую праўду ў задуме Бога, выражанай у Аб’яўленні: Бог хоча непарыўнасці сужэнства і дае яе як плён, як знак і патрабаванне любові абсалютна вернай, якой Ён адорвае чалавека і якую Хрыстус ажыўляе для свайго Касцёла. Хрыстус аднаўляе першапачатковую задумку, якую Створца ўпісаў у сэрцы мужчыны і жанчыны” (FC 20). Непарыўнасць сужэнства чэрпае сваю крыніцу ў Божым законе.
У Божай задуме саюз дзвюх асобаў – мужчыны і жанчыны – быў непарыўным ад самага пачатку. Ён з’яўляецца непарыўным па Божым устанаўленні, як саюз Хрыста з Касцёлам, паколькі яго падставай з’яўляецца ідэальная любоў, а такая любоў заўсёды вечная. Як любоў Бога да Ізраэля з’яўляецца вечнай, так на ўзор гэтай любові любоў сужэнцаў таксама павінна быць вечнай.
Прыняцце і каталіцкае выхаванне патомства
“Сужэнская любоў, якую благаславіў Бог, прызначана да таго, каб быць плоднай і ажыццяўляцца ў супольнай справе захавання стварэння: Бог ім благаславіў, сказаўшы: “Пладзіцеся і размнажайцеся, і напаўняйце зямлю, і рабіце яе сабе падданай” (Быц 1, 28), (KKK 1604).
Бог так падзяліўся жыццём з чалавекам, што мужчына і жанчына ў сужэнскім акце становяцца здольнымі перадаваць жыццё свайму патомству, а праз гэта з’яўляюцца найбліжэйшымі супрацоўнікамі Бога.
Сужэнская любоў па сваёй сутнасці плодная, якая імкнецца нараджаць патомства (пар. Быц 1, 28). Плод любові сужэнцаў - дзіця; калі яно з’яўляецца, пашыраюцца абшары любові, любоў дваіх становіцца любоўю траіх. Нават калі дзяцей яшчэ няма, любоўная сувязь сужэнцаў у нейкім сэнсе з’яўляецца “любоўю траіх”, таму што сужэнцы павінны быць пастаянна адкрыты на дзіця. Сужэнства праз плоднасць з’яўляецца вобразам Святой Тройцы. Як з любові Айца да Сына і Сына да Айца паўстае вечна новая Асоба – Дух Святы, – падобна з любові мужчыны і жанчыны нараджаецца дзіця, якое ўласцівым яму чынам становіцца новай сувяззю, што злучае бацькоў.
“Дзеці з’яўляюцца найкаштоўнейшым дарам сужэнства” (KDK 50). Сужэнцы павінны прыняць гэты дар, але ні ў якім разе не могуць яго адкінуць або адмаўляцца ад яго прыняцця, што знаходзіць адлюстраванне ў абортах і антыканцэпцыйных дзеяннях. Таксама яны не могуць спрабаваць атрымаць гэты дар праз выкарыстанне апладнення in vitro. Служэнне жыццю і адказнасць за яго патрабуюць абароны гэтага жыцця ад самага пачатку да натуральнага канца. Яны павінны таксама супрацьстаяць усялякім маніпуляцыям, ініцыяваным чалавекам, праявай чаго з’яўляецца штучнае апладненне або эксперыменты на эмбрыёнах.
Другі Ватыканскі Сабор вучыць: “Бацькі, паколькі далі жыццё дзецям, у найвышэйшай ступені абавязаны выхоўваць патомства і таму павінны быць прызнаны першымі і галоўнымі яго выхавацелямі. Гэтая выхаваўчая задача мае такую вялікую вагу, што яе адсутнасць з цяжкасцю можна было б кампенсаваць. Бацькам трэба стварыць такую сямейную атмасферу, напоўненую любоўю і пашанай да Бога і людзей, каб яна спрыяла поўнаму асобаснаму і грамадскаму выхаванню дзяцей. Таму сям’я з’яўляецца першай школай грамадскіх цнотаў, патрэбных кожнаму грамадству” (DWCH 3).
Выхаванне чалавека павінна быць інтэгральным, браць пад увагу ўсяго чалавека, усе яго вартасці, патрэбы і натхненні. Чалавек – істота, якая вядзе маральнае жыццё, істота рэлігійная, скіраваная па сваёй прыродзе да Бога, істота разумная, здольная да інтэлектуальных дасягненняў, фізічная, якая мае вялікія магчымасці фізічнага развіцця, істота цялесная, што робіць яго здольным ахвяраваць асаблівы дар з сябе – перадачу жыцця. Гэта асоба грамадская, якой патрэбна грамадства для развіцця і якая павінна будаваць грамадства. Усе гэтыя аспекты чалавечай натуры павінны знайсці годнае месца ў яго цэласным выхаванні. Аб усім гэтым нельга забываць на працягу ўсяго працэсу выхавання, але найперш трэба памятаць пра найважнейшае – любоў і сувязь паміж бацькамі, якая з’яўляецца фундаментам сапраўднай любові да дзіцяці.
Сёння – аб чым бацькі забываюць – патрэбны асаблівы клопат аб каталіцкім выхаванні, аб увядзенні дзіцяці ва ўвесь свет веры і евангельскіх каштоўнасцяў, а асабліва ў асабістыя адносіны з Хрыстом.

Малітва Святога Айца Францішка за сем’і

(прамовіць на заканчэнне кожнай святой Імшы)
Езу, Марыя і Юзэфе,

да вас, Святая Сям’я з Назарэта,

кіруем сёння позірк,

са здзіўленнем і даверам сузіраем у вас

прыгажосць камуніі ў сапраўднай любові;

вам давяраем усе нашы сем’і,

каб аднаўляліся ў іх цуды ласкі.

Святая Сям’я з Назарэта,

цудоўная школа святога Евангелля,

навучы нас наследаваць Твае цноты,

выкарыстоўваючы мудрую духоўную дысцыпліну,

дай нам ясны погляд,

які прызнае дзейнасць Провіду

ў штодзённых рэаліях жыцця.


Святая Сям’я з Назарэта,

верная ахоўніца таямніцы збаўлення,

учыні, каб нарадзілася ў нас пашана для маўчання,

учыні нашы сем’і вячэрнікамі малітвы

і перамяні іх у маленькія хатнія Касцёлы,

аднаві прагненне святасці,

падтрымай высакародную справу працы, выхавання,

слухання, узаемаразумення і прабачэння.


Святая Сям’я з Назарэта,

абудзі ў нашым грамадстве свядомасць

святасці і непарушнасці сям’і,

як бясцэннага і незаменнага дабра.

Няхай кожная сям’я будзе ўтульным домам дабрыні і міру

для дзяцей і пажылых людзей,

для тых, хто хворы і адзінокі,

для бедных і патрабуючых.


Езу, Марыя і Юзэфе,

просім вас з даверам і давяраемся вам з радасцю.

Aмэн.

Малітва за Святога Айца Францішка
Езу, адзіная Дарога да Айца, Праўда і Жыццё чалавека.

Ты абяцаў весці свой Касцёл да канца часоў.

Ты абраў нашага Святога Айца, Францішка,

устанавіўшы яго Пастырам Паўсюднага Касцёла.

Удзялі яму паўнату ласкаў Духа Святога,

няхай умацоўвае нас у веры

i вядзе нас у супольнасці надзеі і любові.

Праз заступніцтва Марыі, Дзевы і Маці,

з’яднай нас з наступнікам святога Пятра

i ўмацоўвай нас у кожнай Эўхарыстыі,

даючы нам сілы, каб суцяшалі тых, каго пераследуюць,

былі салідарныя з беднымі і церпячымі,

абвяшчаючы Тваю Смерць і Уваскрасенне ўсім народам Зямлі.

Aмэн.






: images -> stories -> files -> doc
doc -> 8 кастрычніка Таямніцы святла
doc -> 16 кастрычніка Балесныя таямніцы
doc -> Правілы ўдзелу ў элеменце Стадыён
doc -> ПАЎсюдная дэкларацыя аб абароне цывілізацыі жыцця. У нядзелю божай міласэрнасці — мексіка 2016
doc -> Жыццяпіс св. Тэрэзы ад Дзіцятка Езус І Найсвяцейшага Аблічча
doc -> Пакліканыя, каб абвяшчаць вялікія справы Пана (пар. 1 П 2, 9) I. Агульныя прынцыпы
doc -> 1 кастрычніка Таямніцы святла
doc -> 24 кастрычніка Радасныя таямніцы
doc -> Набажэнства ў інтэнцыі папы І касцёла дапаможныя матэрыялы




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка