Гарадская палітыка ў беларусі: case-study рэканструкцыі гістарычнага цэнтра гродна



Дата канвертавання15.05.2016
Памер363.09 Kb.

ВАДЗІМ СМОК

ГАРАДСКАЯ ПАЛІТЫКА Ў БЕЛАРУСІ: CASE-STUDY РЭКАНСТРУКЦЫІ ГІСТАРЫЧНАГА ЦЭНТРА ГРОДНА

Вільня 2012



Уводзіны 3

1.І этап. Савецкая плошча 6

1.1 Пачатак працаў і першы зварот грамадзянаў 7

1.2 Інцэдэнт з падмуркамі палаца Радзівілаў і ўмяшальніцтва Міністэрства культуры 8

1.3 Новы зварот грамадзянаў у мясцовыя ворганы кіраваньня 9

1.4 Пазіцыя БелНДІПгорадабудаваньня 10

1.5 Адказ Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва 11

1.6 Зварот у Адміністрацыю прэзідэнта і Камітэт дзяржаўнага кантролю 12

1.7 Навукова-метадычная рада па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры 12

1.8 Ініцыятыва мясцовага рэферэндума і ўтварэньне кампаіі “Выратуем Гродна” 13

1.9 Рэакцыя ўладаў на актывізацыю грамадзянаў. Правядзеньне круглага стала па пытанні аховы спадчыны Гродна 14

1. 10 Альтэрнатыўны круглы стол 14

1.11 Зьмены у праекце падчас рэалізацыі 14

2.ІІ этап. Праблема старога моста 16

3.Ценевы бок рэканструкцыі 18

4. Сістэмны чыньнік у лакальнай публічнай палітыцы. Разьмеркаваньне ўлады паміж узроўнямі і інстытутамі 19

4.Маніторынг рэалізацыі праекта 19

Высновы 21

Літаратура 22

3. Бордюры с клеймом вернут на Советскую. [прагледжана 7 чэрвеня 2010 г.]. Доступ праз Інтэрнэт: http://vgr.by/home/39/774------ 22

4. В Гродно усиливается кампания против разрушения исторической части города. [прагледжана 7 чэрвеня 2010 г.]. Доступ праз Інтэрнэт: http://harodnia.com/p56.php 22

7. Еўрапарламент устаў на абарону гістарычнай Гародні. [прагледжана 28 чэрвеня 2010 г.]. Доступ праз Інтэрнэт: http://harodnia.com/p75.php 22

13. Інтэлігенцыя Гродна выступіла з ініцыятывай правядзення гарадскога рэферэндума. [прагледжана 20 чэрвеня 2010 г.]. Доступ праз Інтэрнэт: http://harodnia.com/a56.php 22

17. К фестивалю не успели. [прагледжана 17 чэрвеня 2010 г.] Доступ праз Інтэрнэт: http://harodnia.com/p22.php 23

22. Мнение инженера (письмо посетителя). [прагледжана 25 чэрвеня 2010 г.]. Доступ праз Інтэрнэт: http://harodnia.com/a42.php 23

27. Прапановы па развіцці транспартнай сістэмы горада Гродна. [прагледжана 15 чэрвеня 2010 г.]. Доступ праз Інтэрнэт: http://harodnia.com/a45.php 26. 23

28. Семён Шапиро не уверен в необходимости реставрации Коложи. Чем ответят “Гражданпроект” и К? [прагледжана 13 чэрвеня 2010 г.]. Доступ праз Інтэрнэт: http://s13.ru/archives/16245 23

31. Улады пачынаюць гарадзенцам “прамыўку мазгоў”. [прагледжана 25 чэрвеня 2010 г.]. http://harodnia.com/a68.php 23

33. DUNN, WILLIAM N. Public Policy Analysis: An Introduction. (4th Edition), Prentice Hall, 2007. 512 p. 24

34. HOWLETT, MICHAEL, AND RAMESH, M. Studying Public Policy: Policy Cycles and Policy Subsystems. 2nd edition Oxford university press, 2003. 320 p. 24




Уводзіны


Публічная палітыка як акадэмічная дысцыпліна ў Беларусі практычна не існуе, і дасьледваньні беларускіх навукоўцаў ў гэтай галіне толькі пачынаюць з’яўляцца. Між тым, у заходняй навуцы дасьледваньні дзяржаўнай палітыкі пачалі зьяўляцца ўжо ў перыяд пасьля другой сусьветнай вайны як спроба спалучыць палітычную тэорыю і практыку праз эмпірычны аналіз дзяржаўнага разьвіцьця. Новую дысцыпліну адрозьнівалі тры ключавыя характарыстыкі: мультыдысцыплінарнасьць, арыентацыя на вырашэньне рэальных праблемаў і нарматыўнасьць. Мультыдысцыплінаранасьць выражалася ў адыходзе ад дасьледваньня выключна палітычных інстытутаў і структураў, і імкеньні ўвабраць у сябе напрацоўкі іншых сацыяльных навукаў: эканомікі, сацыялогіі, права, філасофіі, дзяржаўнага кіраваньня. Арыентацыя на рашэньне праблемаў абазначала адыход ад чыста акадэмічных дэбатаў і дасьледваньня тэарэтычных тэкстаў, скіраванасьць на сьвет рэальных штодзённых праблемаў. Нарматыўнасьць выражалася ў адыходзе ад навуковай аб’ектыўнасьці і прызнаньні немагчымасьці раздзяленьня мэтаў і сродкаў, ці каштоўнасьцяў і тэхнік падчас вывучэньня дзеяньняў уладаў. Нарматыўнасьць патрабавала ад палітычнага аналітыка яснага тлумачэньня таго, які варыянт з’яўляецца лепшым за іншыя. З часам публічная палітыка ператварылася ў самаcтойную дысцыпліну, з уласнымі канцэпцыямі, тэрмінамі і метадалогіяй. Яна стала больш акадэмічнай, і разам з тым інтэгравала каштоўнасны кампанент, але прадмет яе застаўся тым самым. Папросту кажучы, публічная палітыка дасьледуе выбар дзеяньня, якое робіць (ці не робіць) кіраўніцтва для вырашэньня агульнаграмадзкіх праблемаў. [34, 3-4] Адзін з найбольш папулярных аналітычных метадаў для вывучэньня палітычнага працэсу зьяўляецца мадэль палітычнага цыклу, які падзяляе працэс на стадыі палітыкі. За час існаваньня дысцыпліны было створана многа мадэляў, але у сутнасьці усе яны былі падобныя. Тыповая мадэль палітычнага цыклу уключае наступныя стадыі: усталяваньне павесткі дня – працэс з’яўленьня праблемы ў полі зроку кіраўніцтва; фармуляваньне палітыкі – працэс стварэньня варынтаў дзеяньняў для вырашэньня праблемы; прыняцьце рашэньня – выбар аптымальнага варынта; рэалізацыі палітыкі – працэс выкананьня прынятага варыянта; ацэнка палітыкі – працэс нагляду за вынікамі рэалізаванай палітыкі. [34, 13] Гэтая мадэль будзе карысная і ў нашым дасьледваньні. Мы не ставім на мэце далей паглыбляцца ў тэорыю публічнай палітыкі, таму пяройдзем да той яе часткі, якая будзе непасрэдна ўжывацца для нашага дасьледваньня.

Паводле Ўільяма Дана [33,11-12], рэтраспектыўны аналіз публічнай палітыкі1, можа адбывацца ў трох тыпах. Па-першае, гэта дысцыплінарна-арыентаваны аналіз, які накіраваны на распрацоўку і праверку тэорыяў, што апісваюць прычыны і наступствы пэўнага дзяржаўнага курсу. Па-другое, гэта праблемна-арыентаваны аналіз, які таксама займаецца апісаньнем прычынаў і наступстваў пэўнай палітыкі, аднак ён больш зацікаўлены пераменнымі, што могуць патлумачыць праблему, чым праверкай тэорыяў. Гэты тып аналіза, аднак, не займаецца канкрэтнымі мэтамі палітыкі, бо праблемы, якія ён аналізуе, звычайна агульныя паводле сваёй прыроды. Па-трэцяе, гэта прыкладны аналіз, які апроч апісаньня прычынаў і наступстваў палітыкі, і знаходжаньня пераменных, накіраваны на выяўленьне канкрэтных мэтаў палітыкі. Гэта дае магчымасьць рабіць маніторынг і ацэнку палітыкі.

Звычайна, аналіз публічнай палітыкі скіраваны на вырашэньне вузкай праблемы, дзеля чаго найбольш падыходзіць метад аналізу выпадкаў (case-study). У нашым дасьледваньні ў якасьці прадмету дасьледваньня абраная рэканструкцыя гістарычнага цэнтру горада Гродна на працягу 2005-2008 гадоў. Пад рэканструкцыяй мы разумеем комплекс мерапрыемстваў, скіраваных на вырашэньне шэрагу праблемаў у раёне гістарычнага цэнтра, што зьявіліся ў выніку сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця горада. Аналіз усяго комплексу мерапрыемстваў немагчымы па прычыне вялікага іх аб’ёму, таму мы бярэм два ключавыя яго элементы – рэканструкцыю Савецкай плошчы і Старога моста, якія адпавядаюць двум этапам афіцыйнага плану рэканструкцыі. Гэтага будзе цалкам дастаткова, каб зразумець агульны працэс і зрабіць высновы.

Абраньне гэтай праблемы тлумачыцца, з аднаго боку, паходжаньнем аўтара з гэтага горада і зацікаўленасьцю праблемамі сваёй мясцовасьці. З іншага боку, дадзеная праблема, на наш погляд, зьяўляецца добрым прадметам для палітычнага аналізу, бо ў свой час яна выклікала вялікі рэзананс у межах усёй рэспублікі і актуалізавала праблему захаваньня культурнай спадчыны падчас горадабудаўнічых мерапрыемстваў. Гэты працэс уключаў мноства зацікаўленых бакоў і добра асьвятляўся ў медыях. Дзякуючы намаганьням стваральнікаў сайта www.harodnia.com, захавалася многа матар’ялаў і дакументаў, якія аблягчаюць пошук інфармацыі па праблеме.

У гэтым дасьледваньні мы паспрабуем спалучыць усе тры згаданыя вышэй тыпы аналізу палітыкі. Тэарэтычна арыентаваны аналіз будзе тычыцца інстытутаў аўтарытарнай дзяржавы як фактара публічнай палітыкі. У якасьці гіпотэзы мы прапануем наступны тэзіс: інстытуты аўтарытарнага кіравання негатыўна ўплываюць на якасць і эфектыўнасьць публічнай палітыкі, бо іх нізкая дэмакратычнасьць вядзе да няўліку інтарэсаў разнастайных грамадзкіх групаў. Апроч таго, магутны аўтаномны адміністратыўны апарат як галоўны актар палітыкі самастойна можа генераваць увесь працэс паводле ўласных інтарэсаў, пакідаючы грамадзтву ролю назіральніка.

Далей, у рэчышчы праблемна-арыентаванага аналізу, мы будзем праводзіць пошук іншых фактараў, што уплывалі на працэс публічнай палітыкі ў дадзеным выпадку. І нарэшце, паспрабуем зрабіць прыкладны аналіз, ці ацаніць эфектыўнасьць палітыкі, дзе выкарыстаем элементы аналізу коштаў і выдаткаў (cost-benefit analysis) паводле экспертных ацэнкаў.

У якасьці крыніцаў інфармацыі мы выкарыстоўваем галоўным чынам публікацыі і дакументы, пераважная частка якіх сканцэнтраваная на інтэрнэт-старонцы www.harodnia.com, якая была створаная як грамадзкая трыбуна па праблеме рэканструкцыі. Сярод матар’ялаў старонкі прысутнічаюць храналогія падзеяў і іх апісаньне, афіцыйныя дакументы ворганаў улады, экспертныя ацэнкі і інтэрвію, лісты грамадзянаў у ворганы ўлады, праекты альтэрнатыўных рашэньняў. Частка матар’ялаў была ўзятая ў саміх удзельнікаў працэсу у форме лічбавых дадзеных і інтэрв’ю. Галоўным чынам гэта грамадзкія актывісты, якія займаліся прасоўваньнем альтэрнатыўных варыянтаў і маніторынгам правядзеньня працаў.

  1. І этап. Савецкая плошча


Першая публічная інфармацыя пра планы рэканструкцыі Савецкай плошчы зьявілася ў артыкулах пад назвай “В дворцовые подвалы – по подземному переходу. Что изменится после реконструкции Советской площади?” у газеце “Вечерний Гродно”ад 4 траўня 2005 і “Советская площадь: узловые моменты реконструкции” у газеце “Гродзенская праўда” ад 14 траўня 2005 года. Артыкулы былі напісаныя паводле інтэрв’ю з галоўным архітэктарам праекта Аляксандрам Захарчуком (Інстытут “Гроднаграмадзянпраект”2). Галоўнай праблемай, якую павінен быў вырашыць праект, зьяўлялася перагрузка цэнтру горада транспартам, якая ўзьнікла ў выніку імклівага росту ўласных транспартных сродкаў сярод насельніцтва горада ў першай палове 2000-х гадоў. З улікам вялікага значэньня плошчы як транспартнай артэрыі, яе рэканструкцыю меркавалася правесьці ў як мага больш сціслы тэрмін, з прыцягненьнем амаль усіх будаўнічых арганізацыяў горада. [30] Дырэктар інстытута “Гроднаграмадзянпраект” У. Дзяшко мэты праекта назваў такім чынам: Поставлена принципиальная задача поэтапной максимальной разгрузки площади от потока транспорта с воссозданием ее пешеходной функции, модернизацией транспортного и инженерно-технического обслуживания с созданием полноценной благоустроенной городской среды на ближайшую перспективу 10-15 лет в условиях сложившейся застройки с учетом сохранения и возможного перспективного воссоздания ценной исторической среды. ” [15] Праект прадугледжваў правядзеньне працаў у два этапы. На першым этапе планавалася зьмяніць транспартныя схемы і добраўпарадкаваць плошчу. Другі этап прадугледжваў пашырэньне старога моста да чатырох палосаў у некалькіх варыянтах, або пабудова новага мосту. Такім чынам, праект быў апублікаваны ўжо напярэдадні пачатку працаў, і не прадугледжваў нейкага працяглага публічнага абмеркаваньня. Гэта было хутчэй формай інфармаванья грамадзянаў пра планы ўладаў, а не запрашэньне да дыскусіі і прапановы ўласных ідэяў.

Прадстаўнікі грамадзкасьці, найперш гісторыкі і краязнаўцы, адразу выступілі супраць планаў па рэканструкцыі плошчы і моста. У канцы 2006-пачатку 2007 гг. яны распрацавалі і апублікавалі “Прапановы па развіцці транспартнай сістэмы горада Гродна”.[27] Прапановы прадугледжвалі пабудову ў два этапы малога кола вакол гістарычнага цэнтру, і на трэцім этапе – пабудову новага мосту. Гэты праект быў скіраваны на максімальны адвод транспарту з гістарычнага цэнтру і ператварэньне яго ў цалкам пешаходную зону. Ні рэканструкцыя Савецкай плошчы, ні Старога мосту ў гэтым варыянце не прадугледжваліся. Гэты варыянт супадаў з Генеральным планам разьвіцьця Гродна3, паводле якога вырашэньне праблемы мусіла адбывацца праз пабудову чацьвёртага моста і кальцавой магістралі ў абыход старога горада. Пры гэтым пабудова кальца і адвод транспартных плыняў былі прыярытэтнымі ў этапнасьці выкананьня іншых праектаў. Менавіта этапнасьць і стала галоўным пытаньнем, у якім адбывалася сутыкненьня інтарэсаў. Дыскусія на гэты конт вялася ад першых публікацыяў і да пачатку рэалізацыі другога этапу афіцыйнага праекта – рэканструкцыі старога моста.



У пачатку 2006 года грамадзкія актывісты стварылі інэрнэт-старонку www.grodnoproblem.km.ru, якая неўзабаве перайшла на дамен www.harodnia.com. Старонка стала галоўным рэсурсам, дзе з’яўлялася ўся інфармацыя датычна рэканструкцыі, дакументы, прапановы і меркаваньні грамадзянаў. Аднак улады мала зьвярталі ўвагу на меркаваньне грамадзянаў і ажыцьцяўлялі свае планы. Тут варта больш падрабязна спыніцца на разглядзе тых падзеяў.

1.1 Пачатак працаў і першы зварот грамадзянаў


Складанасьць правядзеньня працаў на дадзенай тэрыторыі абумоўленая тым, што гістарычны цэнтар Гародні належыць да сьпісу культурных каштоўнасьцяў першай катэгорыі, і правядзеньне тут любых горадабудаўнічых працаў павінна адпавядаць законам “Пра ахову гісторыка-культурнай спадчыны ў Рэспубліцы Беларусь”, “Пра архітэктурную, горадабудаўнічую і будаўнічую дзейнасьць у Рэспубліцы Беларусь”, палажэнню “Пра ахову археалагічных аб’ектаў пры правядзенні земляных і будаўнічых работ”. У адным з пешых згаданых артыкулаў гаварылася пра тое, што падчас рамонту інжынерных сеткаў і падземных камунікацыяў, а таксама падчас будаўніцтва падземнага перахода, могуць быць пашкоджаныя помнікі архітэктуры. Каб гэтага не адбылося, меркавалася запрасіць археолагаў з Грозенскага універсітэта, якія маглі б удакладніць месцы знаходжаньня старых падмуркаў.[5] Будаўнічыя працы пачаліся з канца траўня 2005 года. У верасьні жыхары горада зьвярнуліся да старшыні Гарадзкога выканаўчага камітэта і ў гарадзкую Раду дэпутатаў з заклікам перагледзець планы рэканструкцыі Савецкай плошчы, спыніць працы па пабудове транспартных дарог і стварыць умовы для грунтоўнай працы археолагаў і выпрацоўкі новага праекта рэканструкцыі плошчы гродзенскімі інжынерамі.[10] У адказ на зварот грамадзянаў 19 кастрычніка у “Вячэрнім Гродна” зьявілася інтэрв’ю з дырэктарам інстытута “Гроднаграмадзянпраект” Уладзімерам Дзяшко. У адказ на праблему неабходнасьці захаваньня гістарычнай планіроўкі плошчы і археалагічных працаў Дзяшко сказаў наступнае: “Учитывая невозможность на данном этапе воссоздания утраченной, ценной исторической застройки, сквер благоустраивается, дополнительно озеленяется с благоустройством зоны отдыха у запроектированного светомузыкального фонтана .[] Основные работы по благоустройству являются плоскостными и не затрагивают фундаментов зданий ценной исторической застройки. Новые сети прокладываются по трассам исторически сложившихся улиц. […]Освобожденная от транспорта площадь дает возможность в будущем проводить археологические исследования и производить работы по воссозданию утраченной ценной исторической застройки, такой как Ратуша, дворец Радивиллов, и воссоздания периметральной застройки, характерной для г. Гродно.” [15] Падобна адказ добра паказвае, што стваральнікі праекта не жадалі ўмяшальніцтва іншых зацікаўленых бакоў у свае планы і спрабавалі прыводзіць аргументацыю, што апраўдвае іхнія дзеяньні. Гэтымі дзеяньнямі ўлады парушалі па-першае, закон “Пра архітэктурную, горадабудаўнічую і будаўнічую дзейнасьць у Рэспубліцы Беларусь”, паводле якога фізічныя асобы маюць маюць права на даставерную, поўную і своечасовую інфармацыю пра стан жыцьцёвага асяроддзя і яго меркаваныя зьмены (Арт.4 П.1); рэалізацыя права фізічных асобаў на спрыяльнае жыцьцёвае асяроддзе прадугледжвае іх удзел у горадабудаўнічым разьвіцьці тэрыторыяў і ажыцьцяўленьні архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасьці (Арт.4 П.2). Па-другое, парушаўся закон “Пра ахову гісторыка-культурнай спадчыны ў Рэспубліцы Беларусь”, які ў якасьці прынцыпу дзяржаўнай палітыкі прадугледжвае ўдзел грамадзян у ахове гісторыка-культурнай спадчыны (Арт.3 П.1.3)

1.2 Інцэдэнт з падмуркамі палаца Радзівілаў і ўмяшальніцтва Міністэрства культуры


Гісторыкі, разгледзеўшы схему працаў і параўнаўшы яе з разьмяшчэньнем падмуркаў, вызначылі, што пры рэалізацыі праекта будаўнікі вымушаныя будуць разбурыць усходні флігель палаца Радзівілаў. Таму ў артыкуле “У чаканні новага будаўнічага сезона” 14 студзеня 2006 года былі прапанаваныя варыянты карэкцыі праекта і правядзеньне прынамсі на 20% плошчы поўнавартасных археалагічных раскопкаў. [32] Далейшыя падзеі паказалі, што гісторыкі мелі рацыю.

Падчас працаў на Савецкай плошчы, што адбываліся вясной 2005-вясной 2006гг., былі праведзеныя раскопкі агульнай плошчай 70 кв.м. пры памеры ўсёй апрацаванай тэрыторыі каля 2000 кв.м. Па меркаваньнях “неафіцыйных” спецыялістаў, гэта можна не браць ва ўлік і лічыць дадзеныя раскопкі фармальнымі. Разам з тым, падчас працаў быў зьнішчаны і вывезены культурны слой на вялізнай плошчы, разбураныя або пашкоджаныя падмуркі будынкаў. Каменны стары брук на вялікай тэрыторыі быў выняты і заменены пліткай, былі выкапаныя і зьніклі бардзюры з гістарычнымі надпісамі. Значнай праблемай была названая зьмена гістарычнай планіроўкі плошчы і яе неадпаведнасьць маштабам Гродна.[14] Па скарзе грамадзянаў датычна зьнішчэньня культурнага слою на Савецкай плошчы Міністэрства культуры накіравала загадчыцу сектара гісторыка-культурнай спадчыны Натальлю Хвір дзеля правядзеньня агляду. 14 красавіка Хвір склала пратакол парушэньня закона і акт прадпісаньня, які казаў, што земляныя і будаўнічыя работы праводзяцца без папярэдняга археалагічнага даследавання зоны вытворчых мерапрыемстваў (дагавор на выкананне археалагічных даследаванняў не быў прадстаўлены). Міністэрства культуры падрыхтавала ліст на імя губернатара, а таксама прадпісаньні арганізацыям “Гроднапрамбуд” і “Гроднаграмадзянпраект” прывесьці правядзеньне працаў у адпаведнасьць з заканадаўствам. У панядзелак 17 красавіка, калі гэтыя дакументы былі пададзеныя на подпіс міністру, праз вуліцу Стэфана Баторыя пачалі капаць другую палову падземнага перахода, першая частка якога была збудаваная летась. Як ужо гаварылася, паводле падлікаў гісторыкаў выхад з перахода абавязкова павінен быў зачапіць адзін з падмуркаў флігеля палаца Радзівілаў. Падмурак сапраўды пачалі разбураць, але група моладзі скочыла ў яму пад коўш экскаватара і толькі гэтак здолела спыніць зямельныя работы. Моладзь уручную расчысціла месца запланаванага “рэканструктарамі” выхада з падземнага перахода (у кірунку крамы “Баторыя”). У выніку частка падмуркаў флігеля палаца Радзівілаў была ачышчаная ад зямлі і друзу. Адбыліся перамовы грамадзянаў з кіраўніцтвам праекту, у выніку якіх была дасягнутая дамова аб тым, што выхад з падземнага перахода будзе пабудаваны не ў бок “Баторыі”, а ў супрацьлеглы бок – да гасцініцы “Нёман”.[26] Лёгкасьць, з якой кіраўнікі будоўлі пагадзіліся на зьмену плана працаў, паказвае, што альтэрнатыўны варыянт пректа мог быць распрацаваны з удзелам шырокага кола грамадзкасьці, пры гэтым ён меў бы большую легітымнасьць, нанёс менш шкоды гістарычным аб’ектам і ўлады маглі б пазьбегнуць абвінавачаньня ў свой бок.


1.3 Новы зварот грамадзянаў у мясцовыя ворганы кіраваньня


У пачатку красавіка 2006 г. каля 30 гродзенскіх гісторыкаў і прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі зноў зьвярнуліся у Гарвыканкам і гарадзкую Раду дэпутатаў з просьбай перагледзець планы па рэканструкцыі гістарычнага цэнтра. У звароце выказвалася занепакоенасьць тым фактам, што жыхароў горада прэса інфармуе аб рэканструкцыі таго або іншага аб’екта толькі тады, калі яго рэканструкцыя ўжо пачалася. Зварот прапаноўваў:

  1. Арганізаваць шырокую дыскусію сярод усіх зацікаўленых прадстаўнікоў грамадства аб шляхах, метадах і сродках рэканструкцыі горада, якая павінна асьвятляцца ў сродках масавай інфармацыі.

  2. Стварыць грамадскі дарадчы ворган з гродзенскіх гісторыкаў, краязнаўцаў, іншых спецыялістаў, якія на дабраахвотных пачатках маглі б кансультаваць гарадскія ўлады па тых ці іншых пытаньнях, звязаных з рэканструкцыяй горада, шукаць і прадастаўляць матэрыялы (фотаздымкі, чарцяжы, планы горада і інш.), на аснове якіх можна было б найбольш поўна аднавіць гістарычнае аблічча Гродна.

  3. Адмовіцца ад планаў па зносу кварталаў дамоў у раёне “Новы Сьвет”, паколькі гэта нанясе непапраўныя страты горадабудаўнічаму краявіду горада, і распрацаваць дэталёвы план яго развіцця з мэтай захавання арганічнай цэласнасці гэтай гістарычнай часткі вуліц Горкага і Дзяржынскага.

  4. Разгледзець усе магчымыя варыянты дзеля таго, каб адмовіцца ад пуску транспартных плыняў па вуліцы Давыда Гарадзенскага і даліне Гараднічанкі. Выдзяліць сродкі, арганізаваць і правесці грунтоўныя археалагічныя раскопкі на месцах будучых новабудаў (найперш па вуліцы Вялікая Траецкая).

4 траўня Гарвыканкам даслаў адказ на зварот, дзе гаварылася, што ўсе працы на тэрыторыі гістарычнага цэнтра праводзяцца ў адпаведнасьці з законам “Пра ахову гісторыка-культурнай спадчыны”, а таксама дакументамі “Правілы забудовы гістарычнага цэнтра г. Гродна” і “Дэталёвы план рэгенерацыі гістарычнага цэнтру Гродна (карэктоўка)”, распрацаваным “БелНДІПгорадабудаваньня”. Пры распрацоўцы праектнай дакументацыі і правядзеньні будаўнічых працаў робяцца захады па максімальным захаваньні і кансервацыі фундаментаў гістарычных будынкаў, і праводзяцца археалагічныя раскопкі.[6] (Гэта пры тым, што меліся дакументальна зафіксаваныя факты парушэньня і дакументы Міністэрства культуры). Што да прапановы арганізаваць грамадзкую дыскусію, то паводле Гарвыканкама, яна ўжо даўно вядзецца на старонках мясцовых газетаў з пералічэньнем артыкулаў (зьмест дадзеных артыкулаў цяжка назваць дыскусіяй, бо ён уяўляў сабой простае апісаньне планаў рэканструкцыі, з адсутнасьцю альтэрнатыўных праектаў і крытыкі наяўных). На прапанову стварыць грамадзкі дарадчы ворган па пытаньнях рэканструкцыі гарвыканкам не адказаў. Такім чынам, улады, па-першае, адмовіліся прызнаць парушэньне заканадаўства падчас правязеньня будаўнічых працаў на Савецкай плошчы, па-другое, ужо самой працэдурай інфармаваньня і удзелу грамадзянаў у абмеркаваньні і рэалізацыі праекта парушылі заканадаўча замацаваныя правы грамадзянаў.

1.4 Пазіцыя БелНДІПгорадабудаваньня


Беларускі навукова-дасьледчы інстытут праблемаў горадабудаваньня (БелНДІПгорадабудаваньня) – галоўная арганізацыя Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Беларусі па распрацоўцы горадабудаўнічай дакументацыі ўсіх узроўняў, у тым ліку генеральнага і дэтальнага планаў разьвіцьця Гродна. На зварот гісторыка-краязнаўчага таварыства “Этна”, якое прымала актыўны ўдзел у тых падзеях, і Універсітэта культуры, БелНДІПгорадабудаваньня адказаў, што ў распрацаваных інстытутам праектах не прадугледжваецца карэнная рэканструкцыя Савецкай плошчы дзеля ўпарадкаваньня руху транспарту. Наадварот, рух транспарту павінен быў быць зьняты з яе і накіраваны ў абход гістарычнага цэнтру. Працы, праведзеныя на Савецкай плошчы, не спалучаліся з распрацаванымі інстытутам праектамі. Таксама Інстытут даслаў ліст у Міністэрства культуры, ў якім гаварылася пра тое, што запланаванае будаўніцтва супярэчыць патрабаваньням Закона пра ахову гісторыка-культурнай спадчыны, а рух грамадзкага транспарту павінен быць зьняты з плошчы і накіраваны ў абход цэнтральнага гістарычнага ядра. [20]

1.5 Адказ Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва


У студзені па даручэньні Адміністрацыі прэзідэнта, куды таксама быў накіраваны зварот грамадзянаў, Міністэрства архітэктуры, сумесна з Міністэрствам культуры, гарадзенскім Аблвыканкамам, гарадзенскім Гарвыканкамам, БелНДІПгорадабудаваньня, і інстытутам “Гроднаграмадзянпраект” з выездам на месца вывучыла пытаньні, што падымаліся ў звароце грамадзянаў датычна рэканструкцыі гістарычнага цэнтру г. Гродна. У адказе грамадзянам з Міністэрства архітэктуры па выніках агляду гаварылася, што “некоторую озабоченость вызывает этапность проведения работ, при которой в ближайшей перспективе не предусматривается ограничение транспортной нагрузки на исторический центр г. Гродно”. Але ў цэлым ”установлено, что выполнение работ на территории…с учётом осуществлённых археологических исследований и корректировки проектной документации, не противоречит законодательству об охране историко-культурного наследия. Остатки исторических зданий находятся ниже уровня выполненного благоустройства.” Дакумент таксама рэкамендаваў мясцовым уладам зладзіць грамадзкае абмеркаваньне дэталёвага плану і выпрацаваць рашэньні што да этапнасьці і арганізацыі працаў у гістарычным цэнтры для планамернага скарачэньня транспартных нагрузак на дадзеную тэрыторыю. [21] Застаецца незразумелым, якім чынам адбывалася праверка пашкоджаньняў падмуркаў і знішчэньне культурнага слою па ўжо зробленых і закладзеных пліткай тэрыторыях. Дакумент фармальна рэагаваў на зварот і даваў рэкамендацыі, але прадпісаньня да выкананьня дзеяньняў не прадгледжваў. Усе супярэчнасьці паміж інстытуцыямі цікавым чынам згладжваліся, не ў апошнюю чаргу дзякуючы сувязям паміж чыноўнікамі і незацікаўленасьці ў стварэньні ўзаемных праблемаў.


1.6 Зварот у Адміністрацыю прэзідэнта і Камітэт дзяржаўнага кантролю


У сакавіку 2007 года грамадзяне вырашылі даслаць звароты ў Адміністрацыю прэзідэнта і ў Камітэт дзяржаўнага кантролю. У зваротах пералічваліся асноўныя парушэнні заканадаўства і былі дададзены афіцыйныя паперы, якія гэта падцвярджаюць. У прыватнасьці, выказвалася просьба праверыць мэтазгоднасьць і рацыянальнасьць выкарыстаньня бюджэтных сродкаў на рэканструкцыю гістарычнага цэнтра, пракантраляваць далейшае выкананне работ, іх адпаведнасць заканадаўству, прыцягнуць вінаватых асобаў да адказнасці. Для ўпэўненасці ў тым, што за справу возьмуцца, было вырашана накіраваць лісты не поштай, а афіцыйна зарэгістраваць, дзеля чаго у названыя ворганы прыйшлі асаабіста два прадстаўнікі ГКТ “Этна”. Старшыня грамадзкай прыёмнай ўпэўніў іх, што ўсё будзе належным чынам зарэгістравана, разгледжана і праверана, і што магчыма ён даручыць гэтае заданьне старшыні гарадзенскага Аблвыканкама. На заўвагу, што гэта будзе дзіўная сітуацыя, калі чалавеку даручаюць кантраляваць самога сябе, чыноўнік адказаў, што магчыма ў такім разе даручыць гэтую справу Міністэрству архітэктуры і будаўніцтва. На зварот у Камітэт дзяржаўнага кантролю было адказана: “Если мы посчитаем этот вопрос очень важным, то этим делом будет заниматься областной госконтроль, возможно, мы поручим это либо председателю облисполкома, либо председателю горисполкома”.[15] Складаецца парадаксальная сітуацыя, калі кантроль за рэалізацыяй пэўнай палітыкі імкнуцца даручыць самім выканаўцам, якія зьяўляюцца зацікаўленымі асобамі.

1.7 Навукова-метадычная рада па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры


У адказ на свой зварот у Міністэрства культуры ў жніўні 2006 грамадзяне атрымалі ад намесніка міністра культуры РБ Грыдзюшкі ліст, у якім было напісана наступнае: “Пытанні выканання рэстаўрацыйна-аднаўленчых у межах гістарычнага цэнтра г. Гродна, рэалізацыя якіх можа прывесці да істотнага змянення матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці, плануецца вынесці на разгляд Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры ў парадку, вызначаным Саветам міністраў РБ. Афіцыйныя запрашэнні зацікаўленым будуць накіраваны дадаткова з вызначэннем тэрмінаў і часу правядзення паседжання.”

Рэспубліканская навукова-метадычная рада па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры адбылася амаль праз паўгады, 19 красавіка 2007 года. Рада па-сутнасці з’яўляецца найвышэйшай інстанцыяй у справе аховы помнікаў у Беларусі, менавіта таму грамадзяне пачалі пісаць у міністэрства культуры з просьбай гэтую раду ініцыяваць. Але самі ініцыятары даведаліся пра раду з іншых крыніцаў. Гэта сьведчыць пра тое, што чыноўнікі не жадалі прысутнасьці грамадзянаў на радзе, якую яны фактычна і ініцыявалі. Давялося літаральна ездзіць за мікрааўтобусам чыноўнікаў на таксі, каб паспрабаваць данесьці сваё меркаваньне. У Гарвыканкаме спачатку не хацелі пускаць грамадзянаў, але пасьля пагадзіліся на непрацяглую іх прысутнасьць. Пасьля невялікага выступу іх папрасілі пакінуць памяшканьне. Па сьведчаньнях аднаго з прысутных на радзе, там гучала дастаткова заўвагаў на адрас выканаўцаў рэканструкцыі і далейшых планаў, але ў выніку рада усё роўна галасавала за прапанаваныя ўладамі варыянты. Кульмінацыяй Рады стаў прыезд і выступленне на ёй губернатара Уладзіміра Саўчанкі. Той безапелятыўна заявіў, што рэканструкцыя Старога моста будзе і заклікаў раду і мэра Аляксандра Антоненку зрабіць усё магчымае, каб працэс зачынення моста паскорыць. Стаўленьне губернатара да ролі грамадзянаў у распрацоўцы публічнай палітыкі яскрава паказвае цытата: “Дзе гэтая апазіцыя, дайце іх мне. Чаго Антоненка ім тут у ногі кланяўся”. [23] Гэтае мерапрыемства зноў паказала фармальнасьць усіх працэдураў, якія выконваюцца выключна паводле патрабаваньня заканадаўства, але па сутнасьці не мяняюць запланаванай палітыкі. Вырашэньне пытаньнеў ажыцьцяўляецца аўтарытарна, а не паводле незалежнага ацэнкі і абмеркаваньня. Грамадзяне разглядаюцца губернатарам як супернікі, што замінаюць ажыцьцяўляць планы ўладаў, а не калегі з правам голаса.



1.8 Ініцыятыва мясцовага рэферэндума і ўтварэньне кампаіі “Выратуем Гродна”


3 траўня 2007 года прадстаўнікі інтэлігенцыі Гродна абвесцілі аб пачатку стварэньня ініцыятыўнай групы па арганізацыі гродзенскага гарадскога рэферэндума. Меркавалася, што жыхарам горада будзе прапанавана выказаць сваё стаўленне да праблемы захавання гісторыка-культурнага ансамбля цэнтральнай часткі горада Гродна, а таксама развіцця гарадской транспартнай сістэмы.[13] Неабходныя дакументы былі падазеныя ў Гарвыканкам у жніўні, але ініцыятыўная група атрымала адмову, якая абгрунтоўвалася парушэньнем выбарчага кодэкса і іншых заканадаўчых актаў.

У траўні 2007 года грамадзкая актыўнасьць ператварылася ў кампанію “Выратуем Гродна”, якая арганізоўвала дзяжурствы ў месцах правядзеньня працаў, пашырала інфармацыі пра хаду працаў, збірала подпісы пад скаргай у пракуратуру на дзеяньні выканальнікаў праекта. [4] У кампанію актыўна ўключыліся і палітычныя арганізацыі - “Рух за свабоду”, “Партыя БНФ” і іншыя. Аляксандр Мілінкевіч накіраваў лісты ў ЮНЭСКА і шэраг міжнародных арганізацый па захаванні культурнай спадчыны, а таксама да кіраўнікоў урадаў краін Еўразьвяза і дэпутатаў Еўрапарламента з просьбай не дапусціць знішчэння гістарычнай архітэктурна-археалагічнай спадчыны Гародні. У жніўні Камітэт па культуры і адукацыі Еўрапарламента зьвярнуўся ў ЮНЭСКА з просьбай аб стварэнні міжнароднай камісіі, якая занялася б назіранням за рэстаўрацыйнымі працамі ў Гародні.[7]


1.9 Рэакцыя ўладаў на актывізацыю грамадзянаў. Правядзеньне круглага стала па пытанні аховы спадчыны Гродна


У траўні 2007 года мясцовыя (Вечерний Гродно, Гродзенская Праўда, гарадзенскі тэлеканал) і рэспубліканскія (Советская Белоруссия) СМІ апублікавалі шэраг матар’ялаў, у якіх сцвярджалася, што ўсе працы адбываюцца адпаведна закону. На их старонках мясцовыя чыноўнікі і архітэктары імкнуліся пераканаць грамадзянаў у тым, што у горадзе адбываюцца станоўчыя перамены, а складаныя праблемы пасьпяхова рашаюцца дзякуючы прафесійнай працы арганізацыяў-выканаўцаў.

7 чэрвеня ў галоўным корпусе Гродзенскга дзяржаўнага універсітэта адбыўся круглы стол па пытанні аховы спадчыны Гродна, ініцыяваны Гарвыканкамам у адказ на пашырэньне грамадзкай кампаніі. З чыноўнікаў горада на ім прысутнічалі толькі галоўны архітэктар Анісімаў і два прадстаўнікі ўпраўленьня ідэалогіі Гарвыканкама. Уваход на мерапрыемства ажыцьцяўляўся пад наглядам, і многіх актывістаў не прапусьцілі, у дадатак выклікаўшы міліцыю. На мерапрыемстве гучалі розныя меркаваньні, ад падтрымкі дзеяньня да іх крытыкі. Па выніках кіраўнік круглага стала выказаў патрэбу стварыць грамадзкую раду на базе факультэта гісторыі і сацыялогіі ГрДУ, інтэрнэт-старонку мясцовых уладаў па інфармаваньні насельніцтва па планах горадабудаваньня, а таксама арганізаваць больш шчыльны дыялог паміж уладаю і грамадзкасьцю. [16] Аднак у далейшым нічога падобнага створана не было. Гэта зноў паказвае неістотны і фармальны парадак правядзеньня падобных мерапрыемстваў, якія па сутнасьці не вядуць да зьмены палітыкі.


1. 10 Альтэрнатыўны круглы стол


21 чэрвеня адбыўся круглы стол пад назвай “Каму патрэбна разбурэнне Гародні?” Ён быў зладжаны прадстаўнікамі грамадскасці Горадні як адказ кругламу сталу, які меў месца 7 чэрвеня ва ўніверсітэце. Уваход на мерапрыемства быў свабодны, прысутнічала больш за 60 чалавек, але не з’явіліся ні гарадскія улады, ні кіраўнікі гродзенскага ўніверсітэту. Удзельнікі круглага стала прынялі чарговы зварот да кіраўніцтва краіны з просьбай разабрацца з сітуацыяй вакол разбурэння гістарычнага цэнтра Горадні, запатрабавалі ўвядзення конкурса на стварэнне архітэктурных праектаў для цэнтра горада (бо архітэктурныя праекты для горада з’яўляюцца выключнай прэрагатывай галоўнага архітэктара і гарадской адміністрацыі), прапанавалі адмовіцца ад ідэі рэканструкцыі Старога моста.

1.11 Зьмены у праекце падчас рэалізацыі


Падчас рэалізацыі праекта пастаянна мяняліся яго элементы і часавыя тэрміны. У пачатку чэрвеня 2006 года меўся адбыцца Фестываль нацыянальных культураў, на якім мог прысутнічаць прэзідэнт, і ўсе працы мясцовыя ўлады імкнуліся скончыць да фестывалю. Гэтым, між іншым, спрабавалі патлумачыць адсутнасьць грунтоўных археалагічных раскопкаў на Савецкай плошчы (што не можа быць апраўданьнем для парушэньня закона). У выніку ў адзначаны тэрмін працы правесьці не пасьпелі, і было заяўлена, што фестываль будзе праходзіць у парку Жылібера, а Савецкую плошчу будуць спакойна “рэканструяваць” далей.[2] Паводле намесьніка старшыні дэпартамента па ахове помнікаў Міністэрства культуры Ігара Чарняўскага, архітэктар Аляксандар Захарчук падрыхтаваў вельмі якасную дакумэнтацыю для рэканструкцыі Савецкай плошчы, але калі дайшло да рэалізацыі, не абышлося без шматлікіх зьменаў. [12] Тлумачэньні гэткіх зьменаў можна знайсьці ў інтэрвію Захарчука Еўрапейскаму радыё. Паводле яго словаў, рэканструкцыю плошчы можна было, як і планавалася, скончыць да пачатку фестываля нацыянальных культураў (2 чэрвеня 2006 года), але гэтаму перашкодзіла пастаяннае ўмяшальніцтва ўладаў. Напрыклад, на тыдзень было спыненае брукаваньне плошчы натуральным каменем, бо губернатар вырашыў замяніць яго пліткай з аргументацыяй “дамам на абцасах будзе нязручна”. Апроч таго, ён загадаў высекчы ўсе дрэвы на плошчы і пасадзіць новыя, хаця праектам гэта не прадугледжвалася.[17]

Іншы прыклад тычыцца 44 бардзюраў, некаторыя з якіх былі пазначаныя клеймом Гарадзенскага магістрата. Падчас рэканструкцыі вуліцы Савецкай яны былі выкапаныя. І іх лёс, як і лёс бруку на вуліцы, непакоіў жыхароў. Паводле інтэрв’ю Захарчука газеце “Вечерний Гродно”, бардзюры мелі быць вернутыя і ўбудаваныя ў новыя тратуары.[3] Аднак па выніках працы бардзюры былі невядома куды вывезеныя. Незразумела, чаму гэтае абяцаньне не было выкананае,але пэўныя здагадкі можна выказаць. Паводле сьведчаньняў рэспандэнта, які працаваў на будоўлі у аднаго з гарадзенскіх чыноўнікаў, для некаторых дэкаратыўных элементаў будоўлі выкарыстоўвалася старая цэгла з разбураных гарадзенскіх будынкаў. Гэта зьяўляецца своеасаблівай модай і прыкметай раскошы. Імверна, што і бардзюры былі выкарыстаныя ў тых жа мэтах. Са словаў таго ж рэспандэнта, попыт на іх выказвалі невядомыя людзі яшчэ падчас рэканструкцыі ў размовах з будаўнікамі.


  1. ІІ этап. Праблема старога моста


Другі этап рэканструкцыі, які прадугледжваў пашырэньне старога моста да чатырох палосаў, распачаўся ў кастрычніку 2007 года, пасьля сканчэньня асноўных працаў на Савецкай плошчы, хаця сама дыскусія наконт мосту вялася ужо з 2005 года. Нагадаем, што грамадзянамі былі апублікаваныя “Прапановы па развіцці транспартнай сістэмы горада Гродна”, якія галоўнай мэтай мелі вывад транспарту з цэнтру горада і стварэнне ў цэнтры Гродна вялікай пешаходнай зоны, што магло б стварыць умовы для ператварэння цэнтра Гродна ў найважнейшы турыстычны цэнтр. Прапановы прадугледжвалі пабудову ў два этапы малога кола вакол гістарычнага цэнтру, і на трэцім этапе – пабудову новага мосту. Праект не прадугледжваў рэканструкцыі Савецкай плошчы і старога мосту, і супадаў з Генеральным планам разьвіцьця Гародні.

Прапанаваны праект быў адпраўлены ў Гродзенскі гарадскі выканаўчы каметэт, Міністэрствы архітэктуры і культуры, БелНДІ Горадабудаўніцтва, а таксама ў сродкі массавай інфармацыі. 3 красавіка 2007 года ў Мінску ў памяшканні інстытута БелНДІПгорадабудаўніцтва адбылася нарада па справе альтэрнатыўнага праекта. На нарадзе прысутнічалі намеснік кіраўніка дэпартамента па ахове помнікаў Міністэрства культуры Чарняўскі, супрацоўнікі Міністэрства архітэктуры і БелНДІПгорадабудаўніцтва, супрацоўнікі Белэкспертызы, прадстаўнікі ГКТ “ЭТНА”, гарадзенскія краязнаўцы, а таксама прадстаўнікі мясцовых ўладаў: намеснік старшыні Гродзенскага гарвыканкама Кунаш, галоўны архітэктар Анісімаў і кіраўнік Гроднаграмадзянпраекта Дзяшко.

Паводле праекта ўладаў, этапнасьць вырашэньня транспартнай праблемы прадугледжвала спачатку рэканструкцыю моста, а пасьля пабудову кальца ў абыход цэнтру. Гэты варыянт не вырашаў праблемы загружанасьці гістарычнага цэнтру транспартам, але быў названы “аксіёмай”, ці безальтэрнатыўным варыянтам. Пры норме 600 транспартных сродкаў у гадзіну па мосце праходзіла 3000, што стварала неабходнасьць пабудовы 4 палосаў ужо на той момант. Прычым, паводле Дзяшко, гэтая лічба будзе заставацца такой незалежна ад стварэньня кальца ў абыход старога горада. Невядома, на чым грунтуецца гэты тэзіс, бо грамадзяне прыводзілі аргумент пра 80% аўтамабіляў, што ідуць праз цэнтар транзітам.

Яшчэ адным аргументам проці пабудовы новага мосту стала ацэнка перарасходу паліва ў памеры 5500 тон на год (каля 9,3 млрд.руб.), што адбілася б на дабрабыце гараджанаў і экалагічным стане горада. Таму, паводле мясцовых чыноўнікаў, адмовіцца ад Старога моста было немагчыма. Пабудова малога кола зьяўляецца неабходным, але гэта павінна быць зроблена пазьней. Наконт пешаходнай зоны улады не далі ўцямнага адказу.

Дадзены праект супярэчыў Генеральнаму плану разьціцьця Гродна. Паводле Уладзімера Ісачанкі4, пасьля зацвярджэньня Генеральны план становіцца аднаварыянтным юрыдычным дакументам кіраваньня горадабудаўнічай дзейнасьцю, які не дае права выбару іншага варыянта выкарыстаньня тэрыторыяў замест прадугледжанага ў Генплане. Але пункт 5 артыкула 42 Закона пра архітэктурную, горадабудаўнічую і будаўнічую дзейнасьць у Рэспубліцы Беларусь гаворыць, што падставай для распрацоўкі ці зьменаў горадабудаўнічага праекта агульнага планаваньня (у т.л. генеральнага плана Гродна), зьяўляецца супярэчнасьць паміж горадабудаўнічай дакументацыяй і тэндэнцыямі разьвіцьця тэрыторыяў. Калі прымаць за гэткую супярэчнасьць больш хуткую, чым чакалася, аўтамабілізацыю горада, то сапраўды можна сцвярджаць, што рэканструкцыя Старога моста стала раптоўнай неабходнасьцю і адбывалася ў законным рэчышчы. Але тут узьнікае іншае пытаньне: ці сапраўды рэканструкцыя Старога моста была аптымальным рашэньнем у суадносінах фінансавых выдаткаў і часу? На нарадзе ў БелНДІПгорадабудаўніцтва гарадзенскія чыноўнікі ацанілі кошт рэканструкцыі старога мосту ў 10 млрд. рублёў, і каля года патрабавалася на ажыцьцяўленьне праекта. Пабудова новага мосту была ацэненая ў 200 млрд. рублёў (першапачаткова існаваў варыянт 400 млрд.), і на ажыцьцяўленьне гэтага праекта спатрэбілася б восем гадоў. Паводле загадчыка транспартнага аддзела БелНДІПгорадабудаўніцтва Ігара Барысіка, рэальны кошт будаўніцтва новага моста з усімі пад’ездамі і эстакадамі складаў каля 80 мільярдаў (гэта калі нават накінуць 20 мільярдаў на непрадбачаныя расходы, як гэта звычайна робіцца). [11] Паводле меркаваньня інжынера, які даслаў ананімны ліст з ацэнкай праекта на www.harodnia.com, кошт пабудовы новага моста ўвогуле складаў 19 млрд., а лічбы чыноўнікаў узятыя з “фантастычнай літаратуры”.[22] У выніку рэканструкцыі моста кошт пабудовы склаў па розных ацэнках 40-50 млрд. рублёў. Гэтыя лічбы супастаўляльныя з коштам пабудовы новага моста, названага Барысікам. Такім чынам, грашовы аргумент выканаўцаў трапляе пад сумнеў.

Наступным пытаньнем зьяўляюцца часавыя выдаткі. Рэканструкцыя моста была праведзеная сапраўды хутка, за 11 месяцаў.Але ўсё роўна ў гэты перыяд рух транспарту быў значна абцяжараны. Тымчасам, як мяркуе згаданы інжынер, падчас будаўніцтва новага мосту ўся транспартная сетка працавала б бяз зьменаў.

Рэалізаваны праект зьнізіў турыстычны патэнцыял горада, пакінуўшы даволі вялікую плыню транспарту ў гістарыычным цэнтры. Гэта ўплывае на стан старой забудовы, якая церпіць ад інтэнсіўнага транспартнага руху. Разам з высячэньнем вялікай колькасьці дрэваў, гэта негатыўна ўплывае і на экалагічны стан цэнтра.

Такім чынам, можна дапусціць, што раптоўны рост аўтамабілізацыі сапраўды не пакінуў часу на рэалізацыю альтэрнатыўнага праекта, з улікам лічбаў па нагружанасьці моста. Аднак агучаныя лічбы не былі абгрунтаваныя, хаця запыт пра крыніцу такіх лічбаў гучаў на нарадзе. Таксама па суадносінах заяўленага кошта рэканструкцыі мосту і выніковым кошце мы можам бачыць, што чыноўнікі ў сваіх ацэнах “памыліліся” у 4-5 разоў, што наўрадці можна назваць памылкай. Таму мы маем поўнае права ставіць пад сумнеў аптымальнасьць рэалізаванага праекта рэканструкцыі старога мосту. З гэтага вынікае, што і ўвесь праект рэканструкцыі, разам з першым этапам, можа не з’яўляцца аптымальным.


  1. Ценевы бок рэканструкцыі


Зразумела, што любая палітыка можа быць спраектаваная такім чынам, каб быць зручнай пэўным групам інтарэсаў. У нашым выпадку, гэта найперш групы па вытворчасьці будаўнічых матар’ялаў, будаўнічыя і праектныя арганізацыі, якія, імаверна, выступілі галоўнымі лабістамі рэканструкцыі. Прыняцьце рашэньня лабіявалася галоўным чынам праз губернатара Уладзіміра Саўчанку, сваякі якога паводле некаторых крыніц датычныя да вырабу бетоннай пліткі, якая стала адмоўным сімвалам рэканструкцыі. Фінансаваньне рэканструкцыі адбывалася шляхам прыцягненьня крэдытаў цэнтральнага бюджэту. Крэдыты браліся пад 20-25% гадавых галоўным чынам на будаўнічыя матэрыялы. Саўчанка пакінуў пасьля сябе доўг памерам тры гадавых бюджэта вобласьці. Калі б не рашэньне кіраўніцтва краіны замяніць гэты крэдыт іншым, то вобласць павінна была б аддаць у 2010 годзе 40% бюджэта на пагашэньне крэдыту, а ў 2011 годзе - 60%.[28] Сьведчылася таксама пра аперацыі па імпарце матар’ялаў, падчас якіх у дакументах завышаўся кошт тавару. Таямніцай застаюцца і інвестыцыйныя ўгоды, якія заключаліся ўладамі падчас рэканструкцыі асобных будынкаў. Справа ў тым, што разбурыць будынак і аднавіць яго з сучасных матар’ялаў нашмат таньней, чым адрэстаўраваць, таму патэнцыйныя пакупнікі не былі зацікаўленыя ў дадатковых укладаньнях. Зацікаўленасьць інвестараў у пэўных аб’ектах згадвалася мясцовымі чыноўнікамі( “на освобождённую землю есть уже инвесторы из Минска, интересуются ей и российские ребята“).[23]Такім чынам, лабісцкая дзейнасьць пэўных арганізацыяў і патэнцыйных інвестараў зьяўлялася істотным чыньнікам у распрацоўцы і рэалізацыі праекта, аптымальнасьць якога для агульнага дабра з гэтай прычыны не з’яўляецца пераканаўчай.

4. Сістэмны чыньнік у лакальнай публічнай палітыцы. Разьмеркаваньне ўлады паміж узроўнямі і інстытутамі


Асаблівасьць беларускай палітычнай сістэмы палягае ў тым, што губернатар зьяўляецца стаўленікам прэзідэнта, і зазвычай не паходзіць з рэгіёна, якім кіруе. Гэткая кадравая палітыка нібыта не дае сфармавацца ўстойлівым рэгіянальным кланам. Аднак знаходжаньне Уладзімера Саўчанкі, земляка А. Лукашэнкі, на пасадзе на працягу 9 гадоў (2001-2010) даказвае, што падобны клан усё ж сфармаваўся і меў лаяльнасьць прэзідэнта. Патрон-кліентальны ланцуг прэзідэнт-губернатар-ўсе падначаленыя мясцовыя чыноўнікі ў выніку стварае сістэму, ў якой фактычная ўлада губернатара большая за ўладу цэнтральных міністраў, не гаворачы ўжо пра ўсе рэгіянальныя ворганы ўлады. Уплыў губернатара на кадравыя рашэньні практычна не абмежаваныя, што дазваляе яму кантраляваць усіх мясцовых чыноўнікаў. Заканадаўства пры гэтым, нават калі яно і прадпісвае пэўную сістэму субардынацыі і кантролю паміж цэнтрам і рэгіёнам (на прыкладзе горадабудаваньня) фактычна не працуе, бо пераважаюць нефармальныя правілы і стасункі ўнутры ўладнай сістэмы. Гэта было відно па шэрагу мерапрыемстваў (Навукова-метадычная рада па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны, нарада па справе альтэрнатыўнага праекта моста). На іх быццам бы адбывалася і абмекаваньне, і крытыка з боку прадстаўнікоў менскіх інстытуцыяў, але канчатковае рашэньне заўжды заставалася за мясцовымі ўладамі. Улада губернатара бачная і па эпізодах са зьменамі, калі ён умешваўся і мяняў распрацаваныя спецыялістам праекты па ўласным жаданьні (прыклад з брукаваньнем плошчы і вырубкай дрэваў). Усе гэтыя зьявы нагадваюць “адмоўную дэцэнтралізацыю”, калі на мясцовым узроўні дублюецца нацыянальная аўтарытарная сістэма ўлады. Як бачым, гэткая аўтаномія мясцовых уладаў вядзе не да лепшага вырашэньня лакальных праблемаў, а да некантраляваных паводзінаў мясцовых элітаў.
  1. Маніторынг рэалізацыі праекта


Артыкул 29 Закона пра пра архітэктурную, горадабудаўнічую і будаўнічую дзейнасьць у Рэспубліцы Беларусь вызначае горадабудаўнічы маніторынг як сістэму назіраньня за станам аб’ектаў горадабудаўнічай дзейнасьці і жыцьцёвым асяроддзем з мэтай кантролю горадабудаўнічага выкарыстаньня тэрыторыяў і прагназаваньня вынікаў рэалізацыі горадабудаўнічых праектаў. Працы па вядзеньні маніторынгу праводзяцца тэрытарыяльнымі ворганамі архітэктуры і горадабудаваньня – упраўленьнем архітэктуры Аблвыканкама. З апісанай вышэй праблемы ўладнай сістэмы зразумела, што адпаведныя тэрытарыяльныя ворганы не могуць супярэчыць персонам, якія маюць большую ўладу і кампетэнцыі па прызначэньні і звальненьні падначаленых. Таму гэты від маніторынгу не працуе.

Грамадзяне зьвярталіся і ў іншыя ворганы, якія кантралююць выкананьне заканадаўства. Адміністрацыя прэзідэнта і Камітэт дзяржаўнага кантролю імкнуліся перадаць звароты на разгляд саміх жа мясцовых уладаў, а Міністэрства архітэктуры і будаваньня і Міністэрства культуры фармальна рэагавалі на звароты, але не імкуліся уплываць на хаду падзеяў і пакідалі мясцовым уладам свабоду дзеяньня.

Прадугледжаны Законам пра пра архітэктурную, горадабудаўнічую і будаўнічую дзейнасьць у Рэспубліцы Беларусь грамадзкі кантроль быў вельмі абмежаваны ў магчымасьцях маніторынгу, бо ўся інфармацыя пра падрыхтоўку, грашовыя аперацыі, выдаткі і тэхнічныя ацэнкі закрытыя для публічнага доступу. Аднак можна меркаваць, што пры адсутнасьці грамадзкага кантролю, які спрабавалі некалькі гадоў ажыцьцяўляць неабыякавыя людзі, стары горад мог бы страціць намнога больш, бо не адзін з дзяржаўных інстытутаў не ажыцьцяўляў кантролю працаў па сваёй ініцыятыве.

Высновы


Праведзены аналіз дазваляе вылучыць набор фактараў, якія структуруюць лакальны працэс публічнай палітыкі ў выпадку рэканструкцыі гістарычнага цэнтру Гродна:

  1. Інстытуцыйная будова аўтарытарнай дзяржавы, якая прадугледжвае патрыманіяльны спосаб рэкрутацыі кіраўніцтва. Гэта вядзе да аўтанамізацыі рэгіянальных элітаў ад цэнтральнага ураду і непадсправаздачнасьці іх грамадзтву. Вялікую ролю граюць нефармальныя інстытуты і сувязі, якія замяняюць вызначаныя заканадаўствам паўнамоцтвы актараў і інстытутаў улады. На мясцовым узроўні гэта вядзе да фармавання падобнай да нацыянальнай сістэмы аўтарытарызму, дзе губернатар і прыбліжаныя да яго асобы фармуюць працэс публічнай палітыкі незалежна ад цэнтральных ворганаў улады.

  2. Заканадаўства прадугледжвае пэўныя элементы дэмакратычнасьці у працэсе публічнай паліткі, але яны не рэалізуюцца з прычыны невыкананьня законаў і дамінаваньня нефармальных правілаў гульні. Дзяржаўныя актары спрабуюць фармальна выконваць гэтыя нормы, але гэта адбываецца такім чынам, каб сутнасна не мяняць запланаваны курс дзеяньняў. Пры гэтым парушэньне заканадаўства не цягне істотных санкцыяў.

  3. Лабіяванне зацікаўленых дзяржаўных арганізацыяў і бізнэс-структураў грае істотную ролю ў працэсе публічнай палітыкі. Паралельна з вырашэньнем грамадзка-значных праблемаў гэтыя актары імкнуцца рэалізаваць уласныя інтарэсы. У выніку гэта адбіваецца на якасьці палітыкі, бо ставіць пад сумнеў аптымальнасьць рэалізаванага варыянта палітыкі.

  4. Адсутнічае кантроль дзяржаўных інстытутаў за выкананьнем палітыкі

Пералік фактараў паказвае, што працэс публічнай палітыкі манапалізаваны дзяржаўнымі актарамі, якія імкнуцца мінімізаваць уплыў грамадзтва на палітыку. Нават экспертныя меркаваньні не бяруцца ва ўлік, калі існуе жаданьне ўладаў рэалізаваць пэўны варыянт палітыкі. Што тычыцца грамадзянаў, то іх удзел увогуле з’яўляецца непажаданым, і яны вымушаныя хутчэй змагацца за сваё права на ўдзел у палітыцы, чым яго рэалізоўваць.

Такім чынам, нашая гіпотэза спраўджваецца: інстытуты аўтарытарнага кіравання прыводзяць да негатыўных наступстваў у працэсе публічнай палітыкі. Недэмакратычнасць, ізаляцыя дзяржаўных ворганаў і нізкая функцыянальнасць заканадаўства пры дастатковай моцы нефармальных сувязяў ставяць пад сумнеў аптымальнасьць рэалізаванага варыянта рашэньня праблемы. Шэраг іншых фактараў, такіх як лабізм, абмежаваньне права грамадзянаў на ўдзел у палітыцы і аналіз коштаў і выдаткаў падмацоўваюць гэты тэзіс.


Літаратура


1. Аб таямнічых лістоўках на Савецкай плошчы. [прагледжана 15 чэрвеня 2010 г.]. Доступ праз Інтэрнэт: http://harodnia.com/a14.php

2. Апакаліпсіс працягваецца – зносяць цэлы гістарычны квартал ў “Новым Свеце”.


[прагледжана 15 чэрвеня 2010 г.]. Доступ праз Інтэрнэт: http://harodnia.com/a18.php

3. Бордюры с клеймом вернут на Советскую. [прагледжана 7 чэрвеня 2010 г.]. Доступ праз Інтэрнэт: http://vgr.by/home/39/774------

4. В Гродно усиливается кампания против разрушения исторической части города. [прагледжана 7 чэрвеня 2010 г.]. Доступ праз Інтэрнэт: http://harodnia.com/p56.php


5. В дворцовые подвалы – по подземному переходу. Что изменится после реконструкции Советской площади? Вечерний Гродно, 4 мая 2005 года, № 18. [прагледжана 17 чэрвеня 2010 г.] Доступ праз Інтэрнэт: http://harodnia.com/p01.php

6. Гродзенскі гарадзкі выканаўчы камітэт, ліст ад 04.05.2006, адказ на імя Чарнякевіча А.Н. [прагледжана 8 чэрвеня 2010 г.]. Доступ праз Інтэрнэт: http://harodnia.com/a17.php


7. Еўрапарламент устаў на абарону гістарычнай Гародні. [прагледжана 28 чэрвеня 2010 г.]. Доступ праз Інтэрнэт: http://harodnia.com/p75.php


8. Закон “Пра ахову гісторыка-культурнай спадчыны ў Рэспубліцы Беларусь” ад 9 студзеня 2006 г. № 98-З.

9. Закон “Пра архітэктурную, горадабудаўнічую і будаўнічую дзейнасьць у Рэспубліцы Беларусь” ад 5  ліпеня 2004 г. № 300-З.

10. Звароты жыхароў Гродна да кіраўніцтва горада ў верасні 2005 года. [прагледжана 27 чэрвеня 2010 г.]. Доступ праз Інтэрнэт: http://harodnia.com/a02.php

11. Ігар Барысік: “Гораду лепш мець чатыры масты, чым тры”. [прагледжана 20 чэрвеня 2010 г.]. Доступ праз Інтэрнэт: http://harodnia.com/a95.php

12. Ігар Чарняўскі: Ні адно з рашэньняў па гістарычным цэнтры Горадні не прымалася ў абыход закону. [прагледжана 27 чэрвеня 2010 г.]. Доступ праз Інтэрнэт: http://harodnia.com/p79.php

13. Інтэлігенцыя Гродна выступіла з ініцыятывай правядзення гарадскога рэферэндума. [прагледжана 20 чэрвеня 2010 г.]. Доступ праз Інтэрнэт: http://harodnia.com/a56.php


14. Інфармацыйная даведка аб стане “рэканструкцыі” гістарычнай часткі горада Гродна. [прагледжана 15 чэрвеня 2010 г.]. Доступ праз Інтэрнэт: http://harodnia.com/a09.php

15. Какой будет Советская площадь? Вечерний Гродно, 19 кастрычніка 2005 года. [прагледжана 19 чэрвеня 2010 г.]. Доступ праз Інтэрнэт: http://harodnia.com/p08.php

16. Круглы стол за зачыненымі дзвярыма. [прагледжана 19 чэрвеня 2010 г.]. Доступ праз Інтэрнэт:
http://harodnia.com/a69.php

17. К фестивалю не успели. [прагледжана 17 чэрвеня 2010 г.] Доступ праз Інтэрнэт: http://harodnia.com/p22.php


18. Ліст Міністэрства культуры рэспублікі Беларусь у гродзенскі гарадзкі выканаўчы камітэт “Аб наданьні статусу” ад 08.09.2006. [прагледжана 8 чэрвеня 2010 г.] Доступ праз Інтэрнэт: http://harodnia.com/a30.php

19. Ліст беларускага навукова-дасьледчага інстытута праблемаў горадабудаваньня ва Унівесітэт культуры і мастацтваў “Пра захаваньне гісторыка-культурнай спадчыны Гродна 23.06.2006”. [прагледжана 16 чэрвеня 2010 г.]

20. Ліст № 04/1018 НП РУП “БелНІІП Градабудаўніцтва” да Міністэрства культуры ад 23.08.2006. [прагледжана 8 чэрвеня 2010 г.]. Доступ праз Інтэрнэт: http://harodnia.com/a39.php

21. Ліст Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва у адказ на зварот грамдзянаў у адміністрацыю прэзідэнта па пытаньні правядзеньня рэканструкцыі гістарычнага цэнтру Гродна 26.12.2006.

[прагледжана 22 чэрвеня 2010 г.]. Доступ праз Інтэрнэт: http://harodnia.com/a44.php 15.

22. Мнение инженера (письмо посетителя). [прагледжана 25 чэрвеня 2010 г.]. Доступ праз Інтэрнэт: http://harodnia.com/a42.php


23. Навукова-метадычная здрада. [прагледжана 18 чэрвеня 2010 г.]. Доступ праз Інтэрнэт: http://harodnia.com/a51.php

24. Палажэнне “Пра ахову археалагічных аб’ектаў пры правядзенні земляных і будаўнічых работ”, пастанова Савета Міністраў РБ № 615 от 22.05.02

25. Паход у Адміністрацыю прэзідэнта, і ў Камітэт дзяржкантролю. [прагледжана 21 чэрвеня 2010 г.]. Доступ праз Інтэрнэт: http://harodnia.com/a47.php
26. Першы крок! [прагледжана 25 чэрвеня 2010 г.]. Доступ праз Інтэрнэт: http://harodnia.com/a10.php

27. Прапановы па развіцці транспартнай сістэмы горада Гродна. [прагледжана 15 чэрвеня 2010 г.]. Доступ праз Інтэрнэт: http://harodnia.com/a45.php 26.

28. Семён Шапиро не уверен в необходимости реставрации Коложи. Чем ответят “Гражданпроект” и К? [прагледжана 13 чэрвеня 2010 г.]. Доступ праз Інтэрнэт: http://s13.ru/archives/16245


29. Сказ аб Лысай гары – канкрэтныя прапановы па рэканструкцыі вул. Горкага. [прагледжана 27 чэрвеня 2010 г.]. Доступ праз Інтэрнэт: http://harodnia.com/a19.php

30. Советская площадь: узловые моменты реконструкции. Гродненская Правда, 14 мая 2005 года. [прагледжана 25 чэрвеня 2010 г.] Доступ праз Інтэрнэт: http://harodnia.com/p14.php


31. Улады пачынаюць гарадзенцам “прамыўку мазгоў”. [прагледжана 25 чэрвеня 2010 г.]. http://harodnia.com/a68.php


32. У чаканні новага будаўнічага сезона. [прагледжана 19 чэрвеня 2010 г.]. http://harodnia.com/a07.php

33. DUNN, WILLIAM N. Public Policy Analysis: An Introduction. (4th Edition), Prentice Hall, 2007. 512 p.

34. HOWLETT, MICHAEL, AND RAMESH, M. Studying Public Policy: Policy Cycles and Policy Subsystems. 2nd edition Oxford university press, 2003. 320 p.




1 Аналіз, які робіцца пасьля таго, як палітыка была рэалізаваная

2 Інстытут “Гроднаграмадзянпраект”– распрацоўшчык праекта рэканструкцыі, адзін з галоўных зацікаўленых бакоў

3 Генеральны план разьвіцьця горада - гэта горадабудаўнічы праекта агульнага планаваньня, што зьяўляецца абавязковай асновай для распрацоўкі горадабудаўнічых праектаў спецыяльнага і дэталёвага планаваньня, планаваньня архітэктурнай і будаўнічай дзейнасьці. (28)

4 Галоўны архітэктар БелНДІПгорадабудаўніцтва, былы галоўны архітэктар Гродзенскай вобласці


: sites -> default -> files
files -> Праграма Artes liberales 2013 (12–28. 02)
files -> Паводле лірычных твораў А. С. Пушкіна мы іграем пушкіна
files -> 1 Перыядызацыя гісторыі Гісторыя
files -> Закон рэспублікі беларусь 3 ліпеня 2008 г. №420-з аб Правілах беларускай арфаграфіі І пунктуацыі Прыняты Палатай прадстаўнікоў 24 чэрвеня 2008 года Адобраны Саветам Рэспублікі 28 чэрвеня 2008 года
files -> 1. Засяленне беларускіх зямель. Характарыстыка даіндаеўрапейскага перыяду этнічнай гісторыі Беларусі
files -> Арганізацыя дзейнасці Лятучага ўніверсітэта як рэалізацыя місіі
files -> Пытанні да экзамену па гісторыі Беларусі
files -> Установа адукацыі «Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. С. Пушкіна»
files -> Удой на карову (кг) Сярэднясутачнае прыбаўленне ў вазе (гр.)
files -> Мрб тэма: Адкуль пайшлi назвы нашых гарадоў




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка