Гарадзішча перыяду ранняга жалезнага веку



Дата канвертавання01.07.2016
Памер45.83 Kb.

Назва каштоўнасці

Гарадзішча перыяду ранняга жалезнага веку

Датаванне каштоўнасці

VІ стагоддзе да н.э. – ІХ стагоддзе н.э.

Месцазнаходжанне каштоўнасці

в. Клішана, 1 км на поўдзень, на востраве на воз. Сялява,

ур. Выспянская гара

Шыфр

613В000225

Катэгорыя каштоўнасці

3

Дата і нумар пратакола пасяджэння Навукова-метадычнай рады

№ 79 ад 04 снежня 2002 г.

Дата і нумар пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь

14.05.2007 № 578

Уласнік

Халопеніцкі сельскі выканаўчы камітэт

Гарадзішча знаходзіцца ў заходняй частцы вострава, што на возеры Сялява ў 1,5 км на паўднёвы ўсход ад в. Клішына і на ўсход ад в. Баркі, а таксама ў 1,7км на поўдзень ад в. Янаўшчына ва ўрочышчы “Выспа” ці “Выспянская Гара”. Помнік па літаратурных звестак прывязаны да в.Клішына, хаця бліжэй знаходзіцца в. Баркі. Такім чынам, дакладная тапапрывязка помніка: у 0,8 км на ўсход ад в.Баркі і ў 0,3 км да сучасных могілак. Выспу ад берага раздзяляе пясчаная каса даўжынёй 0,2 км.

Выспа ўтварылася пасля будаўніцтва плаціны, а сама яна даўжынёй каля 2 км выцягнута з захаду на ўсход і мае озавае паходжанне. Гарадзішча пабудавана на двух узвышшах вышынёй 8-10м над узроўнем возера. Пляцоўка №1 мае памеры 25 х 60 м. Пляцоўка №2 мае памеры 20 х 85 м. З напольнага боку пляцоўка №1 умацавана валам вышынёй да 2м і шырынёй да 5м. Ад поўночнай пляцоўкі 1, пляцоўка 2 аддзелена ровам глыбінёй да 4 м і валам вышынёй 1,5 м і шырынёй 2 м. Пляцоўкі параслі хмызняком і хваёвымі дрэвамі.

Пачатак вывучэння помніка адносіцца да 1955г., калі яго адкрыў і абследаваў Л.Д.Побаль. У 1964г. ім жа была зроблена шурфоўка (2 шурфы па 1 х 1м).

У 1979г. помнік даследавала А.Г.Калечыц (шурф 1 х 1м). Па выніках шурфовак вызначана магутнасць культурнага пласта – 0,8м. Была выяўлена ляпная штрыхаваная і гладкасценная кераміка, жужаль, часткі печаў-домніц, косці жывёл, абпаленыя камяні, вуголле. Помнік даследчыкі аднеслі да днепра-дзвінскай культуры і культуры штрыхаванай керамікі і папярэдне датавалі VІІст. да н.э. - IV ст. н.э.

З 1999г. даследванні на гарадзішчы праводзіў Днепра-дзвінскі археалагічны атрад пад кіраўніцтвам В.І.Шадыры. Акрамя дэталёвага абследавання праведзены невялікія раскопкі (24 кв.м) ў паўночнай частцы пляцоўкі №1. Зыходзячы з матэрыялаў раскопак былі зроблены папярэднія высновы аб тым, што перша-пачаткова гарадзішча заснавалі носьбіты днепра-дзвінскай культуры, потым тут пражывала насельніцтва культуры штрыхаванай керамікі. Выяўлены невялікі працэнт (0,4) керамікі з расчосамі. Даволі выразна прадстаўлена насельніцтва банцараўскай культуры. Паселішча актыўна выкарыстоўвалася ў познім сярэднявеччы (кафля XVI - XVII ст.ст., трайны грош Сігізмунда III, ганчарны посуд і г.д.).

У 2000г. былі працягнуты даследаванні на помніку на плошчы 52 кв.м, якія ў асноўным падцвярдзілі папярэднія высновы. Было ўстаноўлена, што сляды чалавечай прысутнасці на гэтым месцы фіксуюцца яшчэ з неаліту. У эпоху бронзы тут было культавае месца, дзе адбываліся і пахаванні людзей. Умацаваным паселішчам яго зрабіла насельніцтва днепра-дзвінскай культуры, якое пазней было выцеснена пляменамі культуры штрыхаванай керамікі. Засталася не высветленай удзельная вага насельніцт-ва гэтай культуры. Выяўленая кераміка з расчосамі вельмі нагадвае праёмы штры-хоўкі і формы посуду культуры штрыхаванай керамікі і днепра-дзвінскай. Актыўна выкарыстоўвалася гарадзішча ў IV - VII ст.ст. Аблічча матэрыяльнай культуры гэтага перыяду, хутчэй за ўсё, звязана са старажытнасцямі Тушамлінска-Банцараўскага тыпу.

У 2001г. даследаванні праводзіліся ў паўночным напрамку ад раскопа 1999 года. Было даследавана 76 кв.м. Матэрыялы раскопак падцвердзілі папярэднія высновы аб этнакультурных узаемаадносінах у эпоху жалеза і ранняга сярэднявечча. Матэрыялы 2001г. таксама падцвердзілі факт жыцця на гэтым месцы з эпохі неаліта (крамянёвыя прылады працы). З эпохі бронзы тут, відаць, было культавае месца, аб чым сведчыць знойдзеная крамянёвая клінападобная сякера побач з няпоўным чалавечым касцяком.

У 2002г. раскоп (40 кв.м) быў прывязаны з усходняга боку да раскопу 2000г. Матэрыялы даследаваннняў падцвердзілі папярэднія высновы аб тым, што гарадзішча “Выспянская Гара” было заснавана насельніцтвам днепра-дзвінскай культуры, якое пазней прыкладна з рубяжа нашай эры было выцеснена родаплемянной абшчынай культуры штрыхаванай керамікі. Можна дапусціць, што змены насельніцтва і не адбылося, але моцны ўплыў штрыхавікоў відавочны. Наяўнасць на посуду днепра-дзвінскіх форм штрыхоўкі з’яўляецца сведчаннем гэтаму факту. Цікавым момантам, зафіксаваным падчас раскопак 2002г. з’явіліся знаходкі ў культурным пласце кальцыніраваных чалавечых костак, у тым ліку, фрагмента чэрапа.

Раскопкамі 2003г. было працягнута даследаванне гарадзішча. Раскоп пло-шчай 60 кв.м. (6 х 10м) быў прывязаны да ўсходняй сценкі раскопа 2002г. і выцягнуты па лініі захад-усход.

Вынікі раскопак 2003г. падцвярдзілі высновы ранейшых даследаванняў аб тым, што пачатак жыццядзейнасці на помніку адносіцца да эпохі камня. Аб гэтым сведчаць знаходкі крамянёвых скрабкоў адшчэпаў, нуклеусаў і г.д., а таксама касцянога двухбаковага гарпуна эпохі мезаліта.

З эпохі бронзы тут, відаць, было культавае месца, дзе адбываліся і пахаванні. Знаходкі шматлікіх костак чалавека, у тым ліку і кальцыніраваных, і абгарэлай берасты, якія маглі быць рэшткамі берасцяных пахавальных урнаў эпохі ранняга жалеза.

Умацаваным пасяленнем яго зрабілі “днепра-дзвінцы”, якія, прыкладна з рубяжа нашай эры знаходзіліся пад значным уплывам насельніцтва культуры штрыхаванай керамікі. Формы посуду амаль не мяняюцца, але шырока ўжываецца штрыхоўка. Актыўна выкарыстоўвалася гарадзішча ў 3-яй чвэрці 1 тыс. н.э. Аб гэтым сведчыць даволі рэпрэзентатыўны матэрыял банцараўска-тушамлінскага кола старажытнасцей.

У 2003г. пачалося вывучэнне абарончых збудаванняў па краі пляцоўкі гарадзішча. На сённешні дзень выяўлены сведчанні пашырэння пляцоўкі і ўмацаванне яе за кошт розначасовых падсыпак. Пад час раскопак зафіксаваны сляды моцных пажараў на паселішчы, якія адносяцца, у асноўным да трэцяй чверці 1 тыс. н.э.

Да гэтага часу адносіцца і скарб жаночых упрыгожанняў, які складаўся з сярэбраных скроневых кольцаў, бронзавых бранзалетаў і спіралепадобных пра-нізак ад галаўнога вянка-вайнагі. Скарб, відаць, быў схаваны ў спешцы пад час нападу на гарадзішча і яго разбурэння.

Рэдкай з’явай з’яўляецца знаходка жалезнай сякеры-кельта познелатэнскага часу, верхняга камня ад жорнаў. Жорны, як вядома, у міжрэччы Дняпра і Нёмана з’яўляюцца не раней VIII ст. н.э.

Адметным момантам раскопак 2003г. з’яўляецца незвычайная насычанасць культурнага пласта. На плошчы 60 кв.м выяўлена 142 індывідуальныя знаходкі (у тым ліку 25 адзінак са скарбу) і звыш 4-х тысяч адзінак масавага матэрыялу.

Далейшыя раскопкі праводзіліся кожны год да 2010 года уключна.







: file
file -> Конкурс журналісцкіх матэрыялаў "твой стыль"
file -> Кроніка грамадскага жыцця Гарадзеншчыны ад грамадскага аб’яднання “Цэнтр “Трэці сектар”
file -> Праграма Artes liberales 2013 (12–28. 02)
file -> Культурная праграма Першага нацыянальнага форуму “Музеі Беларусі”
file -> Штомесячны агляд эканомікі беларусі
file -> Пазакласны занятак па музыцы. Калейдаскоп дзіцячых фальклорных гульняў
file -> Паводле лірычных твораў А. С. Пушкіна мы іграем пушкіна
file -> 18 кастрычніка 2012 г. 1522 Аб узнагароджанні Ганаровай
file -> Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт Камітэт па адукацыі Мінгарвыканкома




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка