Гавораць вязнi



Дата канвертавання21.05.2016
Памер187.81 Kb.
Гавораць вязнi...

Каля 1500 расонцаў прайшлi праз жахi i выпрабаваннi, якiя выпалi на долю вязняў фашысцкiх лагераў смерцi. Былi сярод ix дзецi, моладзь i зусiм пажылыя людзi. Нямногiм наканавана было перанесцi вытанча­ныя здзекi, голад, уратавацца ад вогненных печаў крэматорыяў. Жывымi засталiся цудам. Вярнулiся, адкуль не вяртаюцца.


З успамiнаў былога жыхара в. Бярозаўка Ф. Ф. Гарэлiкава

Нас падвялi да варот з калючага дроту. Ад ix у глыбiню цягнууся своеасаблiвы калiдор, якi з абодвух бакоў абмяжоўваў­ся сценамi з калючага дроту. Гэты ка­лiдор заканчваўся такiмi ж, як i першыя, варотамi. Унутры агароджы ўзвышалiся ўцалелыя казармы з чырвонай цэглы. Да вайны, казалi, у ix размяшчаўся 115-ы полк Чырвонай Apмii. А цяпер уся гэта даволi вялiкая тэрыторыя была ператво­рана ў Полацкi канцлагер для ваенна­-палонных. Тэрыторыя лагера была абне­сена ў некалькi радоў калючым дротам. Звонку агароджы праз кожныя 200 - ­250 метраў стаялi вышкi, на ix днём i ноччу знаходзiлiся вартавыя з кулямётамi. Ноччу тэрыторыя лагера i ўся агароджа перыядычна асвятлялiся пражэктарамi. Ад вышкi да вышкi ў начны час хадзiлi патрулi з аўчаркамi. З тэрыторыi лагера практычна ўцячы было немагчыма. Па­сярод лагера стаяў прыземiсты будынак з цэглы, дзе размяшчалася лагерная кухня. На адной палавiне тэрыторыi лагера раз­мяшчалiся ўкраiнцы. Да ix не пускалi, размаўляць з iмi не дазвалялi. Ix нават на працу не ганялi. Памiж двума секта­рамi лагера таксама стаяла сценка з калючага дроту. Як мы даведалiся потым, яны далi згоду служыць у Расiйскай вызваленчай apмii. Ix утрымлiвалi на­многа лепш, чым астатнiх.

У нашым сектары былi вязнi ўcix на­цыянальнасцей, каля 5-6 тысяч чалавек. Каля тысячы палонных было ва ўкраiнскiм сектары. Старажылы лагера, якiм удалося перажыць тут зiму, расказвалi, што спачатку ў iм было дзесьцi 45-50 ты­сяч зняволеных. Вельмi шмат з ix ужо ляжала ў зямлi. Уcix прыбыўшых у полацкi канцлагер перш-наперш пагналi ў лазню. Яна размяшчалася за лагерам каля нейкага не то яра, не то рачулкi. Працэс мыцця быў да мiнiмуму спрошча­ны, бо там наогул не было гарачай вады, а толькi халодная. Пасля лазнi ўcix за­гналi на трэцi паверх казармы ў невялiкi пакой. Мы размясцiлiся на двухпавяр­ховых драўляных нарах, на якiх нiчога не было. На ўcix нас завялi карткi i вы­далi кожнаму круглы медальён з дзіркай з аднаго боку, на яяiм быў выбiты нумар. Гэты медальён павiнен быў насiць кожны палонны на вяровачцы на шыi. За яго згубу палонны таксама нёс пакаранне. Без нумара ён ужо не жылец на гэтым свеце. Свайго нумара я ўжо не памятаю. Памятаю, што ён складаўся з пяцi лiчбаў. Вечарам строем зганялi да кухнi, дзе кожнаму давалi чай - гарачую ваду, настоеную на нейкiм сене. У мяне кацялка не было i чай давялося браць у ржавую кансервавую бляшанку, якую падарыў мне адзiн ваеннапалонны. Далi на траiх круглы хлебец вагой 750-800 грамаў. З чаго ён быў спечаны, вiдаць, не вызначыў бы нават вопытны лабарант. Хлебны пaёк выдаваўся раз у дзень. Звычайна хлеб з'ядаўся ўciмi разам, iнакш яго ўсё роўна ўкралi б ноччу. Страўнiк жа быў самым надзейным сховiшчам.

За кожную групу ў пaкoi i за парадак у ёй адказваў стараста, распараджэннi якога выконвацца павiнны былi без пярэ­чання. Ён прымушаў па чарзе рабiць пры­бiранне, якое заключалася толькi ў тым, каб неяк падмесцi падлогу. Усемагчымыя пастраеннi адбывалiся па распараджэннi каменданта лагера праз унутрылагерную палiцыю з лiкy ваеннапалонных. Паводле якога прынцыпу ix падбiралi, мне невя­дома. Абмундзiраванне яны насiлi рус­кае, жылi за кошт астатнiх палонных. На рукаве была белая павязка з чорнай лiтарай “Р», што азначала “палiцыя». Хадзiлi яны заўсёды з кароткай гумавай палкай. Мылiся палонныя толькi ў выпад­ку дажджу. Пасля пад'ёму адразу гналi да кухнi, дзе зноў давалi толькi вар, бо лiчылася, што хлеб на ўвесь дзень мы ўжо атрымалi яшчэ вечарам. Пасля снедання iшлi на агульнае пастраенне. Строiлiся ў чатыры шарэнгi. Пры наблi­жэннi каменданта лагера па загаду старшага палiцая мы павiнны былi знiмаць з галоў свае шапкi. Пачыналася пра­верка. Пры падлiку нярэдка збiвалiся i пачыналi пералiчваць зноў. Такiя працэ­дуры праводзiлiся штодзённа на працягу 1,5-2 гадзiн. Потым пачыналася раз­меркаванне па рабочых групах для накi­равання на працу. Да месца работы ва­дзiлi над канвоем. У складзе канвою ў асноўным былi лiтоўцы, якiя нaciлi сваю нацыянальную вайсковую форму. Над па­лоннымi яны здзеквалiся нават горш, чым самi гiтлераўцы. У першы дзень працы нашу пяцёрку падвялi да двухкол­кi i загадалi запрагацца. Гэтыя двухколкi былi ваеннага ўзору i, як уся стандартная маёмасць, былi цяжкiмi. У першы дзень вазiлi абломкi цэглы да рова ля ручая. У наступныя днi былi iншыя грузы, пя­сок або смецце.

З кожным днём усё больш давала знаць штодзённае недаяданне. На тэрыторыi ла­гера не засталося нiводнай травiнкi. Некаторыя ваеннапалонныя падбiралi старыя пажаўцелыя ад часу косцi, што валялiся каля лагepa. Мне давялося ба­чыць, як аднойчы адзiн палонны сумеў пранесцi ў лагер цэлую конскую нагу. Ён цэлы вечар скаблiў косцi каменем i глытаў тое, што ўдавалася наскрэбцi.

У лагеры гаспадарыла дызентэрыя. Больш страшнай хваробы цяжка было i прыдумаць. Людзей быццам выварочвала. Праз 5-6 дзён чалавек не мог ужо не толькi працаваць, але i рухацца. На гэта нiякай скiдкi не рабiлася. Хутка захварэў i я. Але неяк хвароба ў мяне лёгка прай­шла. Пасля дызентэрыi я адчуваў, што сiлы з кожным днём пакiдаюць мяне. Калi першыя днi верылася, што неяк вырвуся з лагера, то цяпер аб гэтым ужо не думаў, усё было абыякава. Нават па­чуццё голаду прытупiлася. Пасля пад'­ёму кожную ранiцу з ycix паверхаў ка­зармы праз вокны прама на зямлю вы­кiдвалi трупы памерлых за ноч людзей. Летам у асобныя ночы памiрала да 70 ча­лавек. Гэта толькi з нашага корпуса. А што было зiмой? Чакалася, што хутка, хутка прыйдзе i твая чарга. Пасля гэтага палонныя падбiралi трупы i вывозiлi ix да месца, дзе былi ўжо выкапаны ямы, i кiдaлi ix туды. Уся гэта работа была падобная на сiласаванне чалавечай масы.

Не ведаю, колькi б я працягнуў, ка­лi б застаўся ў полацкiм лагеры больш двух месяцаў...
З успамiнаў жыхара г. п. Расоны Л. М. Чашнiцкага

У палон я трапiў у 1943 годзе, у тры­наццацiгадовым узросце. Разам з мацi i шасцiмесячным братам хаваўся ў лесе каля в. Валатоўкi. Тут былi таксама i аднавяскоўцы з сем'ямi, хатнiм скарбам, жывёлай. Карнiкi, якiя праводзiлi экс­педыцыю супраць партызан, знайшлi нас у лесе. Пагналi ўcix у в. Сакалiшча, за­тым далей у в. Грамы. Тут вялiкая тэ­рыторыя была абнесена калючым дротам. Размясцiлi людзей у былых чыгуначных памяшканнях, ганялi капаць супраць­танкавыя равы. Работа была цяжкая. Калi выбiваўся з сiл, то падганялi бiзуном наглядчыкi. А кармiлi ўпрогаладзь - паў­лiтровую конаўку баланды давалi на дзень. Так прайшоў месяц. Людзей са­бралi сюды з розных месцаў. I вось адной­чы падагналi таварняк i началi нас у яго грузiць. Народу ў кожны вагон набiвалi столькi, што не прадыхнуць. Сесцi было немагчыма. Разам з дарослымi, зразумела, пакутвалi i дзецi. Раз у суткi выпускалi на вулiцу. На нас траiх давалi буханку хлеба. Вельмi хацелася пiць. Гарачыня была страшэнная. Так мы ехалi 9 сутак.

Прывезлi ў горад Аўшвiц. Ужо стаяла ноч. Нас выгрузiлi з вагонаў i пагналi па дарозе. Праз некаторы час уперадзе ўбачылi многа агнёў. Здавалася, трапiлi ў вялiкi горад. Падышоўшы блiжэй, на­тыкнулiся на калючы дрот - гэта i быў лагер смерцi Асвенцiм. Пазней убачыў, што ён быў падзелены на часткi: у адной былi жанчыны з дзецьмi, у другой - ваеннапалонныя i г. д. Я трапiў у адзiн барак з мацi i брацiкам. Нас адразу па­гналi ў лазню. Раздзелi, кожнаму накалолi нумар, нават зусiм маленькiм. Усе вельмi даўно не мылiся, не мянялi бялiзну. Во­шы поўзалi па валасах, шыi, ix зграбалi прыгаршчамi. Так пачалося маё лагернае жыццё. Дзяцей апранулi ў звычайнае адзенне, жанчын - у паласатае. На нoгi далi драўляныя чаравiкi. Дзяцей майго ўзросту на работу не ганялi. Таму спа­чатку бадзялiся па сваёй зоне, дзе б можна было разжыцца якой ежай. Есцi хацелася пастаянна, бо той баландай з нячышчаных буракоў i бульбы сыты не будзеш. Iмкнулiся трымацца блiжэй да кyxнi. 1 калi там разгружалi бульбу, то хуценька хавалi тую, якая скоцiцца на зямлю. Па нас стралялi вартавыя з вышак, але голад перамагаў. Праз некаторы час хлопчыкаў аднялi ад мацi i перавялi да дарослых мужчын. Нас раздзяляў ка­лючы дрот, праз якi немцы прапусцiлi электрычны ток. Да яго падыходзiць за­баранялася. Але пабачыць родных вельмi хацелася i да дроту цягнула, як магнiтам. Адзiн раз мы трапiлi на вочы каменданту лагера. Ён загадаў пакараць нас. Вечарам, калi ўсе пастроiлiся на паверку, перад на­шай шарэнгай паставiлi стул. Мы па чарзе клалiся на яго i атрымлiвалi па тры палкi. Амаль месяц не маглi сядзець, так усё балела. Пазней нас, падлеткаў, зноў вяр­нулi ў жаночы лагер, але мацi i свайго малодшага брата я там ужо не ўбачыў. Нiхто нiчога не ведаў, дзе яны дзе­лiся.

Шмат нагледзелiся мы, як здзеквалiся над дарослымi ў лагеры. З усходам сонца гналi ix на работу. Калi вязнi выбiвалiся з сiл, то бiзуном бiлi па рэбрах, напускалi аўчарак. Фашысты часта paбiлi для сябе такiя забавы. Давалi мужчыну камень у pyкi i прымушалi яго скакаць упрысядкi, а самi ехалi ззаду на матацыкле. Хто падаў, таго штурхалi коламi. Па лагеры хадзiлі не людзi, а шкiлеты. Трупы памёршых скiдалi на цялежкi, а затым жан­чыны цягнулi да жудаснага збудавання для знiшчэння людзей - крэматорыя. Калi вецер дзьмуў у бок лагера, то нечым было дыхаць, смурод ад гарэлага чалаве­чага мяса выклiкаў iрвоту. На тэрыторыi лагера ляжалi горы людскiх валасоў. Асаблiва люта распраўлялiся фашысты з яўрэямi. Калi прыходзiў эшалон i ранiцай нiкога не выпускалі на вулiцу, то нават мы, малодшыя, ведалi, што прывезлi яўрэяў у крэматорый. Ix гналi нiбыта ў лазню, там расчынялася пад iмi падлога i людзi кацiлiся прама ў агонь.

Зiмой я захварэў на тыф. Доўга валяўся ў шпiталi. Калi ачуняў, то на двары стаяла вясна. Уcix дзяцей сабралi, паса­дзiлi ўжо ў пасажырскi цягнiк i павезлi ў глыб Польшчы - у дзiцячы лагер, раз­мешчаны ў пасёлку Канстанцiнава. Тут мы штодзень хадзiлi на работу да паме­шчыкаў: на праполку пасеваў, затым на ўборку ўраджаю. Так прайшлi лета i восень. Зiмой нас, хлапчукоў 30, забралi ў спецшколу. Выхавацелi былi рускiя, са здраднiкаў. Як я цяпер разумею, з нас хацелi зрабiць шпiёнаў.

Калi мы былi ў дзiцячым лагеры, группа хлопчыкаў-падлеткаў паспрабавала ўцячы. Але куды пабяжыш, не ведаючы мо­вы, дарогi. Ix злавiлi i суткi трымалi на каленях у каменданта на балконе. Да таго ж пры гэтым моцна збiлi. Мы не былi для немцаў людзьмi. На праверках пыталi толькi лагерны нумар, а не про­звiшча.

Паўтара года я правёў у лагерах смерцi. Дзень Перамогi сустрэў ужо ў Беларусi. На жаль, амаль нiхто не вярнуўся дамоў з маёй роднай вёcкi. I сёння не ведаю, як загiнулi мацi i брат.

Запiсала А. Паўлава.



З успамiнау жыхаркi в. Горкi Ф. Стара­войтавай

Нас захапiлi каля Валатовак. Не ўда­лося выратавацца ад гiтлераўскiх вылюд­каў i ў лесе. Некалькi старых i нядужых жанчын яны адразу забiлi. Расстралялi свякрову маю, а потым i дзетак маiх. Астатнiх сабралi ў натоўп i пагналi ў в. Сакалiшча. Загналi ўcix у пустую хату i замкнулi. «Вось нашы апошнiя мiнуты. Мусiць, спаляць! »- была адна думка. Дзецi плакалi. Жанчыны суцяшалi ix, як маглi, а ў самiх усё дрыжэла ўну­тры. Аднак не суджана было памерцi. Гiтлераўцы пагналi нас далей, у Полацк. З сабой нiчога з пажыткаў не дазволiлi ўзяць. На станцыi Грамы Vпixxyлi у барак, абнесены налючым дротам. А у вакне злавесна маячыла вiсельня. Потым нас загналi ў цялятнiкi. Дзяцей адабралi ад мацi i пасадзiлi ў асобны вагон. Узняў­ся плач, енк. Паехалi на захад у бiтком набiтых людзьмi вагонах. Hi есцi, нi пiць у час дарогi фашысцкiя каты нам не да­валi.

Нарэшце прыехалi. Асвенцiм. Лагер смерцi. Спачатку мы не ведалi, што гэта такое. Змрочная мясцовасць. Цяжкая брама лагера. На слупах мiльгаюць элек­трычныя лiхтары. Уcix нас абстрыглi, адабралi ўсё адзенне. Накалолi на руках нумары. Выдалi паласатую вопратку. I шторанiцы жорсткi загад: “На апель!». Гэта значыць, стройся ў шарэнгу i адгукайся на свой нумарны знак. Абыходзi­лiся з намi фашысты, як з рабочай жы­вёлай. Хацелi, каб забылi родную зямлю, iмёны.

Дзяцей адабралi ад сваiх мацi i павезлi далёка, у горад Лодзь. Так разлучылi мяне з апошнiмi дзеткамi - Вiцем, Лю­бай i Верай. Забралi вылюдкi самае да­рагое.

Увесь дзень пад наглядам фашыстаў мы, знясiленыя i галодныя, капалi на полi канавы пад дрэнаж. Чуць жывыя прыходзiлi ўвечары ў барак. Аддыхаўшыся, глядзелi на вялiкiя трубы-комiны, якiя заўсёды курылiся. Спачатку мы думалi, што гэта якi завод. Ажно дайшлi чуткi, што там паляць людзей. Па чарзе, пар­тыямi. А попел людскi рассыпаюць як угнаенне па палетках.

Жудаснае жыццё ў чаканнi страшэннай смерцi. Адна надзея на родную Чырвоную Армiю. Даходзiлi да нас чуткi, што нашы воiны наступаюць, з баямi iдуць на захад, што ўжо вызвалены Вiцебск, Полацк. У лагеры смерцi былi вязнi многiх нацыянальнасцей свету: палякi, французы, эстонцы, мадзьяры... Памiж сабой мы знаходзiлi агульную мову. Iснавала памiж асуджанымi на смерць людзьмi ўзаемадапамога, пачуццё спачування. Гэта не давала канчаткова ўпасцi нам у адчай.

У хуткiм часе я захварэла на тыф. З хворымi ў фашыстаў размова кароткая. Ix адразу забiралi, i яны бясследна знi­калi. Усё! Канец жыццю! Але ад жудас­най смерцi выратавалi французскiя жан­чыны-вязнi. Яны нейкiм чынам дасталi лякарствы i вылечылi мяне... Фронт на­блiжаўся, i фашысты вымушаны былi пагнаць нас на захад. Каля Лейпцыга загналi, як жывёлу, у нейкую будынiну. Кармiлi шалупiннем ад бульбы. На работу ганялi да нямецкiх баўэраў.

I вось самы шчаслiвы дзень - 23 кра­савiка 1945 года. Нашы! З паўтысячы жанчын абступiлi савецкага салдата, якi першы прыбег да нас i аб'явiў:

- Цяпер вы свабодныя!

Радасцi не было канца. Воiны перавезлi нас цераз Эльбу, далей ад бою. Накармiлi i аказалi медыцынскую дапамогу. Едзем на Радзiму!

У роднай в. Горкi ўсё было папалена. Але я тут пачула радасную вестку: мае дзецi, вызваленыя Чырвонай Армiяй, знаходзяцца ў Маскве, у дзiцячым доме. Праз некаторы час мы сустрэлiся.

Здаецца, пара забыцца пра перанесеныя пакуты. Але не, вiдаць, былое за­стаецца ў сэрцы назаўсёды.



З успамінаў Л. Я. Машарскай, жыхаркі в. Вялікае Балота

У кастрычніку 1943 года да нас наблізіўся фронт. Атрад партызан накіраваўся ў заходнюю частку раёна, а мы ўсёй вёскай пайшлі ў лес. Частка жыхароў знаходзілася ў лесе каля в. Роўнае Поле, некаторыя пайшлі ў бор пад Клясціцы. Мой бацька, Бамбізаў Ягор Паўлавіч, добра ведаў лес, да вайны працаваў лесніком, ён і павёў частку жыхароў вёскі ў пушчу, пад Юхавічы. Ішлі па лесе так, каб як мага менш пакідаць слядоў. Валілі дрэвы, праходзілі па іх, а потым галінкамі замяталі сляды. Уладкаваліся ў тым месцы, дзе параіў бацька.

Фашысты знайшлі нас 7 студзеня 1944 года. Гэта была нямецкая разведка, але нікога з людзей не чапалі. Бацька сказаў, што раніцай трэба чакаць гітлераўцаў, неабходна адсюль уцякаць. I вось ноччу ўсе мы — 70 чалавек — пайшлі за ім на іншае месца. Ішоў снег, і ён замятаў нашы сляды. Прывёў нас бацька ў багністае балота. Сталі ўладкоўвацца. А пад раніцу ў наш пусты лагер прыйшла трупа армейскай разведкі з 12 чалавек. Байцы шукалі правадніка, але нікога ў лагеры не знайшлі і пайшлі пад в. Хаданы да насельніцтва. Адыходзілі яны пад раніцу, снег перастаў ісці, і іх сляды былі добра відаць. Раніцай жа ў лагер наскочылі гітлераўцы. Убачыўшы сляды, пакінутыя разведчыкамі, яны пайшлі па гэтых слядах. Гітлераўцы засталі ўсіх у Юхавіцкім лагеры мірных жыхароў. Стомленыя людзі, чалавек 14 з мірнага лагера і ўсе 12 разведчыкаў, спалі. Мы чулі, седзячы ў балоце, што была вялікая страляніна ў тым баку, дзе хавалася частка насельніцтва і нашай вёскі. На наступны дзень туды пайшоў мой бацька. Калі ён вярнуўся, то расказаў, што там зрабілі фа­шысты. Калі людзі з нашага лагера прыйшлі на месца расправы, то ўбачылі жудасную карціну. Усе былі забіты — і мірныя жыхары, і байцы. У чырвонаармейцаў выкалаты вочы, на жываце выразаны крыжы, жываты разрэзаны, у некаторых адрэзаны галовы, выкручаны рукі. Ляжалі яны адзін ад аднаго на адлегласці, усе былі апрануты ў шынялі, Хто іх хаваў — не ведаю, але там была магіла, і я ведаю, што яе даглядаюць і цяпер.

9 месяцаў жылі ў балотах і ў лесе. Пухлі ад голаду. Калі здабывалі соль, то смакталі яе, як цукеркі. Даймалі нас і вошы. У асобнай зямлянцы зрабілі лазню, паставілі бочку з вадой, пад ёй расклалі агонь. Цесна, нязручна. Ноччу ўсе, нават дзеці, ішлі ў вёску да сваіх хат, сховішчаў. Хто мог і колькі мог, неслі адтуль прадукты. Днём спалі. Агонь палілі толькі ноччу. Думалі: «З'ядзім запасы, што будзем рабіць далей?». Сеяць не ееялі, толькі азімыя былі кінуты ў зямлю. Чакалі голаду, пагаворвалі, што прыйдзецца ісці да немцаў. А маладым так хацелася жыць, і думалі, калі ўцалеем, то будзем дзень і ноч працаваць, толькі б была свабода.

I вось 12 ліпеня 1944 года мы пачулі рокат матораў. Мой бацька сказаў нам, каб мы заставаліся ў лагеры, а сам папоўз наперад, на шум матораў. Ён нам сказаў, што калі ён загіне, дык адзін, а мы каб ішлі, хто куды можа. Мы засталіся яго чакаць. I раптам чуем: «Выходзьце, гэта нашы!». Гэта былі нашы танкісты. Радава-ліся мы, плакалі. На тым месцы, дзе адбылася сустрэча жыхароў лагера і нашых воінаў, жыхары вёскі ў лесе паставілі помнік. I цяпер ён стаіць у лесе, напамінаючы пра той час.
3 пісьмаў П. I. Ходана да А. Барто на радыёперадачу «Знайсці чалавека»

«...У лесе, каля возера Акуневец мы хаваліся ад фашыстаў. Яны спалілі мястэчка Юхавічы — усе да адной хаты, а нас праследавалі як сем'і партызан.

Аднойчы сагналі ўсіх, каго знайшлі ў лесе, выстраілі на паляне чалавек сорак пяць, дзяцей, старых і жанчын, і сталі расстрэльваць. У жывых засталося чацвёра: мой стрыечны брат Лісовіч Мікалай чатыры гады, яго родная сястра Зіна — пяць гадоў, я і мая родная сястра Таня, ёй тады было шаснаццаць гадоў. Мы засталіся жывыя, таму што дарослыя, падаючы, збівалі нас з ног і накры­валі сваімі целамі. Калі фашысты пайшлі, першай паднялася Таня і пачала шукаць жывых. Выцягнула мяне, Зіну, Колю, які ляжаў пад целам забітага бацькі. Былі расстраляны таксама маці і сястра Колі, наша маці і тры мае родныя сястры. Мы хацелі пайсці з гэтага страшнага мес­ца, і тут з'явіліся ваўкі. Мы з сястрой паднялі дзяцей на дрэва, прывязалі іх да ствала, каб яны не ўпалі, а самі з палкамі прымасціліся ніжэй адганяць ваўкоў. Усю ноч да раніцы звяры хадзілі вакол дрэва і вылі...

...Калі развіднела, ваўкі пайшлі ад нас, а мы яшчэ доўга баяліся злазіць з елкі. А калі злезлі — не маглі рухацца: так моцна зацяклі ногі. Усё ж праз сілу з кіламетр мы прайшлі з дзецьмі на ру­ках, затым, знямоглыя, селі каля лясной дарогі. Тут нас знайшлі партызаны і забралі з сабой...»

«...У мястэчку Юхавічы пражывае вельмі добры чалавек — Якаў Сямёнавіч Баранаў, ён да вайны працаваў брыгадзірам у калгасе. Усе, хто засталіся ў жывых, абавязаны яму. Якаў Сямёнавіч заводзіў нас у такія глухія месцы, што фашысты не маглі дабрацца да нас. Нельга забыць і маладую жанчыну Марыю Антонаўну Лісовіч, якая дзеля ўратавання людзей ахвяравала сваім першым грудным дзіцем. Гэта было летам 1943 г., фашысты нечакана наскочылі на вёску. Людзі пачалі бегчы ў лес, каб схавацца. Аднак гітле-раўцы ішлі за намі па пятах. Яны хадзілі вакол нашага сховішча, крычалі, стралялі зусім побач, аднак знайсці нас ніяк не маглі. У гэты час заплакала немаўля М. А. Лісовіч, якое выдавала ўсіх нас, сцішыць яго было немагчыма. Праз некаторы час дзіцё змоўкла. Пазней мы даведаліся, што здарылася непапраўнае — маці так моцна прыкрыла дзіцяці рот, што яно задыхнулася. А потым давялося дарослым прыкласці неймаверныя намаганні, каб стрымаць нечалавечы крык, які рваўся з сэрца жанчыны. Гора жанчыны на гэтым не скончылася — пазней фашы­сты схапілі яе маці, бацьку, дзядзьку, цётку і расстралялі...»
Пасля перажытага ў лесе каля возера Аку­невец Колю і Зіну ў хуткім часе пераправілі ў дзіцячы дом і іх далейшы лёс быў невядомы. Пасля вайны Пётр Іванавіч доўгі час шукаў сваіх стрыечных брата і сястру. У рэшце рэшт радыёперадача «Знайсці ча­лавека» дапамагла сустрэцца гэтым блізкім людзям.


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка