Газета «Культура» (28 марта 2009)



Дата канвертавання30.06.2016
Памер59.07 Kb.
Газета «Культура» (28 марта 2009)
27 сакавiка – Мiжнародны дзень тэатра. З 1992 года ў нашай краiнестала добрай традыцыяй да гэтай даты вызначаць лаўрэатаў прызоў i прэмiй Мiнiстэрства культуры Рэспублiкi Беларусь i Беларускага саюза тэатральных дзеячаў.

У Мiжнародны дзень тэатра ў памяшканнi Драматычнага тэатра Беларускай Армii былi ўручаны прэмii: iмя Ларысы Александроўскай – заслужанаму артысту Рэспублiкi Беларусь, салiсту Нацыянальнага акадэмiчнага Вялiкага тэатра оперы i балета Рэспублiкi Беларусь Сяргею Франкоўскаму; iмя Iгната Буйнiцкага – акцёру Нацыянальнага акадэмiчнага драматычнага тэатра iмя М.Горкага Сяргею Чэкерэсу; iмя Еўсцiгнея Мiровiча – рэжысёру Гомельскага абласнога драматычнага тэатра Якаву Натапаву; iмя Любовi Мазалеўскай – галоўнаму рэжысёру Гродзенскага абласнога тэатра лялек Алегу Жугждзе; iмя Вiнцэнта Дунiна-Марцiнкевiча – заслужанай артыстцы Рэспублiкi Беларусь, актрысе Нацыянальнага акадэмiчнага тэатра iмя Янкi Купалы Зiнаiдзе Зубковай; iмя Кандрата Крапiвы – тэатральнаму крытыку, рэдактару аддзела тэатра i кiно газеты «Культура» Таццяне Команавай.

Сёлета Беларускiм саюзам тэатральных дзеячаў таксама быў зацверджаны спецыяльны прыз «За адданасць тэатру», якi атрымала заслужаная артыстка Рэспублiкi Беларусь, актрыса Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра Алена Луцэнка-Гайдулiс.

Галоўнай жа iнтрыгай святочнага вечара стала ўручэнне «крыштальных» прызоў. Карэспандэнты «К» прапануюць вам пазнаёмiцца з уладальнiкамi нашых «тэатральных Оскараў ».


«Любіць тэатр больш за сябе...»
Актрыса Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М. Горкага Бэла МАСУМЯН не любіць гаварыць пра сябе, бо да сваіх работ на сцэне падыходзіць надзвычай грунтоўна. Але менавіта педантычнае вывучэнне матэрыялу, заглыбленне ў псіхалагічны малюнак ролі, сур’ёзнае стаўленне да ўсіх дробязей, з чаго складаецца прафесія акцёра, дапамаглі Бэле Амікаўне падабраць ключы да душ гледачоў.

За творчыя дасягненні народная артыстка Рэспублікі Беларусь удастоена галоўнага прыза Беларускага саюза тэатральных дзеячаў – «Крыштальнай Паўлінкі».

Бэла Амікаўна, хто для вас з’яўляецца самым строгім крытыкам?
– За дзесяцігоддзі працы на тэатральных падмостках я ўпэўнілася: лепшым крытэрыем справядлівай ацэнкі з’яўляецца меркаванне калег. Творчай групе, якая на працягу некалькіх месяцаў разам з табой працавала над спектаклем і ведае, якія мэты ставіліся напачатку, у час прэм’еры лепей бачна, што атрымалася, а што так і засталося нерэалізаванай ідэяй. Таму я заўсёды з асаблівым неспакоем чакаю гэтай ацэнкі.

Вамі створаны вобразы моцных жанчын, у чыім жыцці здарылася неверагодная гісторыя кахання...

– Так, скразной лініяй праз мае ролі праходзіць тэма «вынаходлівага кахання», калі жанчына не толькі падстаўляе дарагому чалавеку плячо ў цяжкія хвіліны, але ўсю сябе прысвячае каханаму, напраўляючы свае дзеянні на падтрыманне мар, імкненняў таго чалавека, без якога яна не ўяўляе сваё жыццё.

Я з задавальненнем бяруся за працу над такімі характарамі, бо тут за кожным учынкам адкрываецца глыбіня пачуццяў, а дзеянні персанажа прымушаюць з розных бакоў паглядзець на, здавалася б, лёгка вырашальныя праблемы.
Прыкладам, у апошніх тэатральных сезонах адным з любімых маіх спектакляў стала пастаноўка Барыса Луцэнкі на Малой сцэне «Уходил супруг от супруги». П’еса распавядае пра каханне не як аб рамантычнай казачцы моладзі, а як пра глыбокае пачуццё людзей, якія пражылі разам амаль усё жыццё. Кім з’яўляецца жонка, што не мае аніякага сацыяльнага статуса, але чый муж - выдатны вучоны? Гэтай жанчыны не бачна, але ў невідавочнай астатнім падтрымцы генія мужа і заключаецца высакародная мэта яе жыцця.

Зрэшты, «Уходил супруг от супруги» - п’еса для двух акцёраў. Падобных камерных спектакляў вамі сыграна нямала...

– Шчыра кажучы, я не люблю грувасткіх спектакляў. Мне бліжэй пастаноўка на дваіх, якая дае аб’ёмны матэрыял для творчай працы, дазваляе вылучыць псіхалагічныя нюансы асобы. Па-мойму, гэта лепшая магчымасць расказаць сваё ўспрыманне жыцця, ды і ўвогуле прадэманстраваць,чаго ты варты ў прафесіі.



Вы як народная артыстка ўжо можаце выбіраць сабе ролі. Ці карыстаецеся гэтай магчымасцю?

– У кожнай актрысы свой шлях. Для кагосьці важным з’яўляецца выбраць ролю, а мне цікавей - яе атрымаць. У апошнім ёсць сваё хараство: рэжысёры часам прапануюць персанажа, які, на першы погляд, не зусім адпавядае мне. Але ўпэўненасць пастаноўшчыка дае мне дадатковы імпульс веры ў рабоце.


Дарэчы, ніколі не рабіла выбару паміж класічнымі і сучаснымі п’есамі. Не адмовілася б ні ад Чэхава, ні ад Горкага, але мне вельмі падабаецца працаваць над матэрыялам, які да мяне ніхто не браў. Ува мне «сядзіць» прафесійная прага быць першай выканаўцай новага вобраза. З гэтай прычыны пад час свайго колішняга юбілею я з найвелізарным задавальненнем іграла ў сучаснай п’есе «Валянцінаў дзень». За кароткі прамежак сцэнічнага часу мне давялося паказаць жаночае жыццё даўжынёй больш за сорак гадоў, стаць аднолькава ўспрымальнай да маладосці, сталасці, старасці, і пранесці праз усе перыпетыі чароўнае пачуццё кахання. Дадайце адчуванне навізны лексікі, успрымання жыцця - гэта дарагога каштуе!

Вы часцяком выходзіце на сцэну з маладняком тэатра. Ці валодае тэатральная моладзь рысамі, якія здольны вас уразіць?
– Я захоплена тым, як шыкоўна новая змена валодае целам, голасам. Наша пакаленне, канешне, таксама было добра падрыхтавана, але гэтыя здольнасці не былі так запатрабаваны. Час змяніўся, і рэжысёры пачалі звяртаць больш увагі на пластыку, тэмбр, мелодыку. Бачу, што зараз для нашай моладзі адкрыты добрыя перспектывы ў прафесіі. Яны могуць многага дасягнуць, галоўнае - каб не забываліся, што на падмостках нельга быць цынікам, бо цынізм раз’ядае талент. І яшчэ адно: трэба любіць тэатр больш за сябе. А калі любіш сваю прафесію, ніколі не станеш баластам у жыцці.
: images -> doc
doc -> Інфармацыйна бібліяграфічны аддзел
doc -> Новае ў атэстацыі педагагічных работнікаў: Гарантыі пашыраны, нормы ўдакладнены
doc -> Аналітычная запіска pp#02/2011BY, 17 January, 2011
doc -> Шэраг пытанняў атэстацыі педагагічных работнікаў урэгуляваны
doc -> Інфармацыйна-бібліяграфічны аддзел
doc -> Святлана Берасцень «Смех класіка і Дзень смеху»
doc -> Шляхціц завальня, або беларусь у фантастычных апавяданнях
doc -> Янка Купала і Якуб Колас – два шчырыя сябры, два волаты беларускай літаратуры, яе гордасць і слава. Іх вялікая дружба пачалася ў бурныя гады рэвалюцыі 1905 года, калі яны, маладыя і мужныя, упершыню выйшлі на літаратурную арэну
doc -> Памятка Цэнтральная гарадская бібліятэка імя А.І. Герцэна




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка