Йдзе праз Гдыню, Сопат, Гданьск.
Досьвед пераймаць паволі
Ці ня час? Пара даўно.
Вось скажы, каштуе колькі
Мэтр сталічнага мэтро?
Чалавек спрактыкаваны
За цябе падлік правёў:
Дваццаць тысяч недраўляных
Неайчынных нерублёў!
Нават і лічыць нялоўка.
Вось каб я там кіраваў:
Мінус мэтр – двухпакаёўка.
Ў цэнтры. З мэбляю, ага?
Не, замнога не грашыў бы.
Скараціў бы я працяг
На паўмэтры. Ўзяў машыну
І бэнзын на паўжыцьця!
Вось дзяржава хвацкай лапай,
Бы ў прывабную мішэнь,
Так і цэліцца патрапіць
Да народу у кішэнь.
Мо’, ёсьць лепшым паратункам,
Чымсь паўгораду ўскапаць,
Ўсю рэспубліку чыгункай
Апярэзаць? Эх, чакаць…
Не забыўшыся – бо схопяць! –
Два квіткі пракасаваць,
У Паток Каменны, ў Сопат
Электрычкаю ляцяць.
Толькі вось якое гора:
За вакном, як ні глядзі,
Ані кропелечкі мора! 28
Балтыка, ты дзе?! Адзін
Знак, што горад – порт вялікі:
Сплаўня. Нібы апантаны,
Да вакна Андрэйка ліпне:
- Карабель! Вунь там! Вунь там!
Ты не бачыш? Вунь, чырвоны!
Паміж кранамі… Але
Міма шпарка мчаць вагоны.
- Ты хоць бачыла ці не?
- Так, - задумліва Аленка
Паківала галавой.
Ці то кран такі маленькі,
Ці караблік – божа ж мой!
“Кэмпінг нумар дзевятнаццаць” –
Па-над брамаю зіхціць.
Тры хвіліны дабірацца
Ад чыгункі. Перажыць
Чвэрць гадзіны ўладкаваньня
(Пашпарт здаць, намёт узьвесьці)
І – на мора. У чаканьні
І хвіліны не правесьці!
- Мора – лепш за ўсё на сьвеце!
Вось убачыш, так ці не!
Чуеш пах - салёны вецер!
- Можа, насмарк у мяне…
Ды ня злуйся ты, я веру.
Проста ты ўжо бачыў сам…
Вось і пляж.Пяшчаны бераг -
Мэтраў сорак паласа –
Шэры ў напаўзгаслым сьвеце,
Безьліччу сьлядоў зьвязаны.
І халодны церпкі вецер
Валасы шпурнуў назад: 29
Паглядзі. Адкрытым вокам,
Сэрцам гулкім. Не вада
Набягае з таго боку,
Дзе нічога не відаць -
Моц прыроды раўнадушна
Дыхае, нібы праз сон.
Цэлы сьвет яму – падушка.
І наперадзе – вякоў
Непазначаная безьліч.
І не усьвядоміш ты,
Скуль бярэцца гэта веліч
Ў той жа Н2О-вады,
Што пад ботамі у лужах,
Што у студні пад вакном,
У сьнягох зімовай сьцюжай
І у шклянцы з малаком,
Ў нараджаючайся клетцы…
Ў ёй – пачатак і працяг,
Быццам непазьбежнасьць сьмерці
Дзеля кожнага жыцьця… 30
Ты гадзіну ногі студзіш,
Там – сэкунды не прайшло.
Бо яно заўсёды будзе
І яно заўжды было.
І павер, яно плявала,
Ёсьць ты ўвогуле ці не,
Многа ты пасьпеў ці мала,
Ці узьняўся ты з кален,
Ці данёс, ці кінуў крыж свой,
Не стрымаўшы свой абет –
Не заўважаш, як заліжа
Твой апошні зыбкі сьлед.
Бачыш, гулка льецца міма.
Бачыш, круглая Зямля…
- Балтыка, прабач, не піва, -
Вымавіла, спакваля
Аціраючы салёных
Кропляў тонкія сьляды,
І пакрочыла паволі
Зь цёмнай хвалістай вады.
- Што, дадому?
– Так, дадому.
- Вось табе і мора. Як,
Спадабалася?
– Вядома.
- І уразіла.
Пасьміхнуўся наш Андрэйка.
“Эх, да ранку дачакаць!
Вось паплаваеш, Аленка,
Што тады пачнеш сьпяваць!”
31
Добра на ноч апраніся,
Абгарнісь, чым Бог даслаў,
Да сьпіны сьпіну прыцісьні,
Каб і холад не дастаў.
Чуйна сьпіць Аленка. Раптам
Гул матора, бляск сьвятла
Проста ў вочы. Крокі шпарка…
Галасы… Але няма
Паратунку! Паміж лесу,
Ці уздоўж дарогі, дзе
Быў прытулак, нехта ўлез у
Іх маленькі сьвет. Гудзе
Проста побач танк ці трактар,
Сьвеціцца намёт наскрозь…
Што рабіць, як гэта раптам
Злодзей?.. Сьпіць Андрэйка. Вось
Набліжаюцца… Аленка
Сьцялася у камячок,
Ціха тузае Андрэйку:
Нехта… там… да нас… Ды чорт
Не дабудзіцца Андрэя,
Калі тай засьне. Дарма!
А Аленка разумее:
Небясьпекі-та няма!
Проста з кэмпінгу зьяжджае
Іх учорашні сусед.
Мабыць, справы з ранку мае.
Сьпі, Аленка. Хутка сьвет
Прачынацца будзе. Ўстане
Сонца з мора: до’ ўжо спаць!
І Андрэйка на сьняданьне
Будзе мяса замаўляць…
І хутчэй, хутчэй на бераг,
Да агромністай вады. 32
Лепш да хваляў менш даверу!
Гоніць іх туды-сюды
Не бязглуздая упартасьць –
Прага зь кімсьці пагуляць:
Мора здатнае на жарты
Як малое кацяня!
Сядзеш у ваду па плечы -
Плешчацца пад барадой,
Лашчыцца: што за сустрэча!
Раптам – раз! І з галавой
Ахунае. Адпляваўся –
Як нічога не было,
Быццам выпадкова сталась.
Зазяваўся – раз! І зноў…
А яшчэ з вялікім густам,
Далікатна, як магніт,
Як пачне цягнуць насустрач
Новым хвалям з глыбіні –
Не адчуеш глазамерам,
Непрыкметна, крок у крок,
Аж пакуль пабачыш бераг
Ніткай тонкаю здалёк.
Калі нават ёсьць там людзі,
Твая доля не відна.
І тады гукай: “Ратуйце!” –
І кіруй сабе да дна,
Бо ў халоднай шэрай глыбі,
Дзе прамень даўно ўжо згас,
Зачакаліся ўсе рыбы
Пачастунку. Ў гэты раз
Здолеў ты вярнуцца? Добра,
Пажартуе зь іншым кім.
Мора ўсіх чакае доўга.
Нехта застаецца зь ім… 33
Пакупаўшыся на славу –
Мора! Як не пахваліць! –
Падалісь па новых справах:
Паглядзець на караблі.
І пакуль яны чакаюць
Электрычку (то нядоўга!)
Наш Андрэй ізноў чытае
Курс “Зь гісторыі судоў”.
Гдыня – гэта ж побач, блізка,
Мо’ даляр ў вадзін канец.
- …“Дар Поможа” каля пірса
Спачывае… (наш хлапец
Трызьніць і удзень і ўночы,
І, паслухаўшы яго,
Толькі дурань не захоча
Бачыць сам…) Амаль бягом
Рушылі да морвакзала.
А натоўп – не прапіхнуць!
- Эх, шкада, што грошай мала:
У Балтыйск бы махануць
На пароме!
- Калі ласка,
Шлях абрусам, мілы мой.
Толькі дзе ж ты возьмеш пашпарт?
Тут Расея – за мяжой!
- Гэтая краіна вабіць!
Мабыць, рай ўсё ж недзе тут:
У Расею нельга трапіць,
І з Расеі не дадуць
Проста так сюды падацца.
І калі ужо у нас
Вольна будзе выбірацца
Не ў Маскву, а ў Эўразьвяз… 34
- Ты скажы, ці ж гэта можна
Не кахаць? Вунь там, глядзі,
Ля прычала. “Дар Поможа”!
Ветразьнік памерам з…
Невялічкую “хрушчобу”,
Можа, крышку карацей.
- На такім абмераць глёбус -
Пару дзён!
– А я б хацеў…
Лепшым ці ня ёсьць заняткам
Ў моры працаваць і жыць…
- Ты – марское кацянятка
Ў паласатае душы!
Ды і я таксама, мабыць,
Буду з кацянят марскіх.
Бо інакш чаго так вабяць
Крылы ветразяў касых! 35
Паказаў Аленцы Гдыню
Наш Андрэй, наколькі мог.
Паглядзелі і марыну:
Яхтаў там – нібыта блох,
Як людзей на пляжы побач.
Па хот-догу набылі
(Кашу маслам не пашкодзіш!)
І на базу падалісь.
- Добра пагулялі. Годзе
Ўжо. Пара і адпачыць.
Ўвечары з табою пойдзем
Хвалі паглядзець на пірс!
- Добра, пойдзем. Ды прабач мне,
Мо’ ня ведаю чаго:
Ўдзень жа хвалі лепей бачны?
- Так. І платны уваход!
Вось і цемра.
- Спаткі хопіць!
Восем зь нечым, так лічы.
Невялічкі горад Сопат,
А прыгожы уначы!
Асаьліва яркі цэнтар:
Ад нэонавых рэклям –
Хоць чытай сабе газэту,
Дулю даўшы ліхтарам.
А народу – быццам сьвята.
Але месца ўсім стае:
Побач – два кінатэатры,
Безьліч бараў і кафэ.
Для малых і несьвядомых,
Страўнік чый праблем ня меў,
Дзьверы расчыніў “Макдональдс”
(Гэтым не зьвясьціся,не!). 36
Вось і брама, што да пірсу
Прывяла. А вось табе
Пані-кантралёр ля выйсьця.
Ўсе квіткі ашчадна рве
- Па чатыры злотых. Разам
Восем. Два даляры. Йдзем,
Ці дадому? – Не, да касы!
Колькі ж мы разоў жывем!
- А! Я зразумеў нарэшце,
З-за чаго квіткі купляй.
Тут у іх мясцовай песьні
Штогадовы фэстываль!
- Вось! Культурная праграма.
Недарма, выходзіць, з’езьдзім, -
І пайшлі на пірс скрозь браму,
Каб убачыць хвалі. Недзе
Каля Гдыні, каля Гданьску,
На ўзьбярэжжы, на касе -
Маякі. Успыхнуць, згаснуць.
І бясконца. Пакрысе
Набірае моцы вецер.
Хваляў цёмных чарада
Раптам белым перарвецца.
Завіхурыцца вада,
Перагнаўшы, ўніз кульнецца,
Быццам міксэрам зьбівае,
І на грабяні нясецца
Пена ашалелых хваляў.
Балтыка – душа жывая,
З моцным раўнамерным гукам
Цяжкай лапай б’е у сваі,
Дасягаючы прыступак…
- Фэстываль глядзець ня пойдзем?
- Там, відаць, ужо канец. 37
Адсьпяваліся і годзе.
Ўсё адно не зразумець.
- Дык дадому, бо замерзьнем.
Выкідай ужо квіткі.
- Пачакай, тут пішуць нешта.
Пачытаем, добра?
– Кінь!
Што карыснага там могуць
На квіточку напісаць?
- Мне цікава польскай мовы
Самастойна паспытаць!-
Пад ліхтар Аленка стала.
Жмурыцца, бы ў мікраскоп,
Вуснамі варушыць…
- Мала
Разумею, толькі што
(Я магу і памыліцца,
Ты ў нас больш спрактыкаваны)
Тут бясплатна “дужа піцца”
І бясплатна піва збан!
Так ці не? – Андрэйка лоўка
Выхапіў квіток. – Але!
“Піцца-хат” нам адмыслова
Прапанову выдае:
Калі мы у іх замовім
Піццу, маем цьвёрды шанец
На халяву зьесьці столькі ж
Ці бясплатна піва збанец.
- Дзе шукаць гэту кантору?
(А ўжо ж выкінуць хацеў!)
- “Піцца-хат” – як той “Макдонаальдс”,
Толькі фірмы KFC.
Трэба той, што размясьціўся
Ў Гдыні, Сопаце ці Гданьску… 38
- Ну, Андрусь, ты пагадзіўся,
Што мы заўтра робім зранку!
Зранку, павітаўшы мора
І абсохнуўшы крыху,
Падаліся ў Гданьск, у горад -
Порт. Праграма – пад страху:
Пабываць у кніжнай краме
(Спальнік – до’ ўжо, набылі),
Шмат дзе сфоткацца на памяць,
Порт пабачыць, караблі,
Прагуляцца, падзівіцца
І, вядома ж, адшукаць
Месца, дзе халяўнай піццы
Могуць даць пакаштаваць.
У “Макдональдсе” пыталі,
Запыталі ў KFC,
Ў гандляроў, што працавалі
Ля вакзала: дзе? А?! Дзе?!?
Гістарычны цэнтр аббеглі,
Колькі вуліц абышлі
Ды завулкаў перасеклі –
“Піцца-хата” не знайшлі.
- Так, пад’елі піццы з півам,
Ажно пуза да зямлі.
Трэба ж быць такім шчасьлівым.
Дзе тут порт і караблі?
Лёгіку на узбраеньне
Ўзяўшы, рушылі паўз плот
Сплаўні. Неўзабаве стрэлі
Й указальнік “НОВЫ ПОРТ”.
Крок прыбавілі (бо йшлі ўжо
Больш як сорак пяць хвілін,
А да мора і ня выйшлі,
Мора – хоць бы знак адзін…), 39
Ўправа рушылі адважна.
І адкрылася ім зноў
Пэрспэктыва няабсяжных…
Так, асфальтавых шляхоў!
Але ж накірунак верны?
Стрэлцы трэба давяраць?
Ўцягвае Андрусь паветра
Носам. Мора не чуваць.
Колькі йшлі – лічыць забылі.
Толькі ногі і жывот,
Мабыць, добра палічылі.
Дзе ты, дзе ты, новы порт…
І наперадзе бліснула
Мэтраў некалькі вады.
Рэчка ў Балтыку зьвярнула?..
- На бязрыб’е… йдзем туды.
Прыстань. Тумба для канатаў.
І навокал – ні душы.
Во патрапілі рабяты…
І пяром не апішы.
Бортам да прычала проста
Стала трошкі адпачыць
“Oceania”. Матросаў
Не відаць. І што рабіць
Нашым хлопцу і дзяўчыне?
Дзе шукаць сапраўдны порт?
А ўжо трэба адпачынак
Даць нагам… Нялёгкі спорт
Пешая хада. Да мэты,
Да якой сапраўдны шлях
Невядомы. І пры гэтым
Не прымушаны ніяк
Дабівацца перамогі:
40
Хочаш – пашукай яшчэ,
Ці бяры у рукі ногі
І шчыруй дамоў… Цячэ
За хвілінаю хвіліна…
- Гэта судна збудавалі
Каб даследваць глыбіні.
Для навукі…
- Адшукалі
Нешта. Йдзем далей? – спакойна
Запыталася Аленка.
- Порт, дарэчы, не іголка,
Не такі ўжо і маленькі!
- Зараз дойдзем ужо хутка.
Столькі здолелі пратопаць!
- Калі б выйсьці да чыгункі,
Мабыць, недалёка й Сопат!
- Ты глядзі, вунь указальнік
На… Стакгольм і Капенгаген.
- Ды, падобна, мы да заўтра
Туды пешкі не патрапім.
- Не, пабачыць швэдаў зблізу,
Ўвогуле, было б выдатна.
- Трэба дробязь – эўравізу.
Без паперачкі - няздатны.
Новы порт – вось гэта, значыць.
Міжнародны новы порт.
Трансатлянтык там! Ты бачыш?
- Той маленькі цеплаход,
Што з кармы не згледзець носа,
Вышынёй у сем паверхаў?
Як жа там пачуць матросам,
Што сьвістаюць ўсіх наверх…
41
Папытаўшы у тутэйшых,
Як да цэнтру трапіць зноў,
Селі у вагон, і рэйкі
Прыцягнулі іх “дамоў” –
Да вакзалу. І ад цэнтру
Мэтрах, мо’, у пяцістах
Адшукаўся порт заветны,
Быццам бы раяль ў кустах.
Як эксьперт марское справы,
Добрым гідам стаў Андрусь:
Глянь налева, глянь направа
І пад ногі не забудзься…
Думалі у Сопат ехаць
Морам. Ды апошні рэйс
Адышоў хвілін за дзесяць
Да таго. – вось так і ўвесь
Дзень шанцуе, бы тапельцу!
Мо’ пад’есьці што набыць?
Бо зачыняць шапік, чэрці,
Покуль вернемся. Схадзіць
Трэба тут у супэрмаркет…
…Шопінг! Хапнуць давялося
Літар сока ды кілбаскі.
І марозіва кіло.
(Бачылі у меншых дозах,
Ды натуры не схаваць:
Ў порцыях бы абышлося
Даражэй разы у два.
Эканоміка!) А селі
Есьці – і празь пяць хвілін
Уздыхнулі. Зразумелі:
Трэба госьць, ды не адзін.
Бо маральна цяжка зьнесьці
(Без лядоўні што ты зробіш!): 42
Не пакінеш. Трэба зьесьці.
І ня зьеш. Бо нельга. Лопнеш.
ВЯРТАНЬНЕ
Зранку вырашылі рушыць.
Па сьняданку склалі рэчы
І пайшлі разьменьваць грошы,
|