Генеральная Асамблея аан шэсцьдзесят трэцяя сесія Агульнапалітычная дыскусія



Дата канвертавання15.05.2016
Памер70.9 Kb.
Генеральная Асамблея ААН

Шэсцьдзесят трэцяя сесія

Агульнапалітычная дыскусія

29 верасня 2008 года

Выступленне

Андрэя Дапкюнаса

Пастаяннага прадстаўніка

Рэспублікі Беларусь пры ААН
Агульнапалітычная дыскусія, як і іншыя мерапрыемствы высокага ўзроўню, якія адбыліся на мінулым тыдні, ў чарговы раз пераконваюць нас у неабходнасці хутчэйшага пераводу міжнародных адносінаў з рэчышча канфрантацыі на грунце вузкіх нацыянальных інтарэсаў у рэчышча раўнапраўнага ўзаемапаважлівага дыялогу і супрацоўніцтва. Інакш немагчыма забяспечыць прагрэс у вырашэнні надзённых глабальных і рэгіянальных праблемаў, якія стаяць перад чалавецтвам.

У ХХІ стагоддзі, на які ўскладалася столькі спадзяванняў, свет так і не здолеў пазбавіцца ад войнаў як сродку дасягнення мэтаў. Навязванне сваёй волі, дыктат, ціск з боку асобных дзяржаваў узмацняюць супярэчнасці, робяць іх невырашальнымі. Сёння мы маем справу з шэрагам глабальных выклікаў, кожны з якіх не толькі сур'ёзна запавольвае чалавецтва ў яго развіцці, але і пагражае самому яго цывілізаванаму існаванню.

Сённяшняя сітуацыя патрабуе асаблівай адказнасці ўсіх суб'ектаў міжнародных адносінаў, незалежна ад іх геаграфічнай прыналежнасці, геапалітычнай вагі, грамадска-палітычнага ладу. Раўнапраўе, неканфрантацыйнасць, узаемная павага, карэктны дыялог – гэта ключы да вырашэння праблемаў, эфектыўнага развіцця і прагрэсу.

У апошнія гады мы часта гаварылі аб неабходнасці павышэння эфектыўнасці дзейнасці Генеральнай Асамблеі ААН, яе ўплыву на сусветныя працэсы. Гэтага можна дамагчыся толькі ў тым выпадку, калі кожная дзяржава, якая імкнецца зрабіць свой сціплы, але станоўчы ўклад у вырашэнне глабальных праблемаў, будзе ўпэўненая ў тым, што ў рамках Асамблеі яе падыходы і прапановы будуць уважліва і непрадузята разгледжаныя.

Восем гадоў, якія мінулі з моманту правядзення Саміту тысячагоддзя, пераконваюць нас у тым, што Мэты развіцця тысячагоддзя, за якімі стаяць мільёны чалавечых лёсаў, так і застануцца на паперы, калі найболей развітыя дзяржавы не спыняць разглядаць стварэнне спрыяльных умоваў для развіцця краінаў Поўдня праз прызму сваіх геапалітычных інтарэсаў. Давайце шчыра прызнаем: неаднаразова дэклараванага ў рэзалюцыях Генеральнай Асамблеі глабальнага партнёрства ў мэтах развіцця на практыцы ўсё яшчэ няма.

Без рашучых скаардынаваных дзеянняў развітых краінаў і краінаў, якія развіваюцца, нам не пераадолець энергетычны і харчовы крызісы, не прадухіліць жахлівага па сваіх наступствах змянення клімату. Міжнародныя арганізацыі і інстытуты, асабліва фінансава-эканамічныя, павінны дзейнічаць у агульных інтарэсах, а не абслугоўваць пажаданні вузкай групы ўплывовых краінаў.

Трэба дакладна акрэсліць кірункі канцэнтрацыі нашых намаганняў і дзейнічаць сістэмна. Выклікі, з якімі мы маем справу, ўзаемаспалучаныя. Змяненне клімату, дэфіцыт энергарэсурсаў і харчавання – усё гэта, па вялікім рахунку, наступствы сённяшняй структуры энергаспажывання. Павялічэнне антрапагеннага ціску на атмасферу і біясферу, разбурэнне экасістэмаў як вынік пашырэння жыццядзейнасці чалавека вядуць да змянення клімату, якое, ў сваю чаргу, прыводзіць да скарачэння сельскагаспадарчых плошчаў і праз тое абвастрае харчовы крызіс.

Такім чынам, мы маем справу з адным шматмерным глабальным выклікам. І каштоўнасць гэтай сесіі шматкротна павялічыцца, калі на гэтым міжнародным форуме прагучаць новыя абгрунтаваныя перспектыўныя прапановы па скаардынаваным рэагаванні міжнароднай супольнасці на гэты выклік.

На падставе такога падыходу павінна весціся праца над посткіёцкім пагадненнем. Ужо сёння зразумела, што перамовы па ім павінны ўключаць у сябе больш шырокі аспект, чым узгадненне колькасных абавязацельстваў па скарачэнні выкідаў парніковых газаў у атмасферу.

Беларусь ужо неаднаразова заяўляла аб тым, што будучыня ў вырашэнні дылемы "як забяспечыць эканамічны рост і не нанесці шкоду навакольнаму асяроддзю" – за разгортваннем міжнароднага супрацоўніцтва па распаўсюджванні ў свеце энергаашчадных тэхналогій, тэхналогій выкарыстання альтэрнатыўных і ўзнаўляльных крыніцаў энергіі. Неад'емным і прынцыпова, жыццёва важным элементам такога супрацоўніцтва павінна стаць забеспячэнне справядлівага доступу ўсіх дзяржаваў да гэтых тэхналогій праз стварэнне ў рамках ААН глабальнага механізму для рэгулявання гэтага працэсу.

Першы крок у гэтым кірунку ўжо вызначаны і можа быць зроблены ў самы бліжэйшы час. На міністэрскай сустрэчы ў Тэгеране краіны Руху недалучэння па ініцыятыве Беларусі прапанавалі правесці на 63-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН тэматычныя дэбаты аб забеспячэнні доступу для ўсіх дзяржаваў да тэхналогій энергаашчадлівасці і выкарыстання альтэрнатыўных і ўзнаўляльных крыніцаў энергіі, натуральна, з належным улікам тэмы інтэлектуальных правоў.

Асаблівую ўвагу неабходна надаць фарміраванню шматмернага энергетычнага парадку дня ААН. Гэты парадак дня павінен улічваць інтарэсы вытворцаў, краінаў транзіту і спажыўцоў энергарэсурсаў. Наладжванне адказнага энергетычнага ўзаемадзеяння можа стаць ключавым фактарам бяспекі рэгіёнаў. Як актуальную і перспектыўную мы разглядаем прапанову дэлегацыі Туркменістана аб абмеркаванні шляхоў і спосабаў забеспячэння надзейнасці транзіту энерганосьбітаў.

У кантэксце стварэння справядлівай сістэмы міжнародных эканамічных адносінаў самай сур'ёзнай увагі патрабуе праца над кодэксам паводзінаў транснацыянальных карпарацый пры распрацоўцы нафтавых, газавых радовішчаў, і залежаў карысных выкапняў у краінах, якія развіваюцца. Неабходна паставіць надзейную заслону практыцы, пры якой міжнародныя нафтавыя картэлі заключаюць канцэсійныя здзелкі на фантастычна выгодных для сябе і рабскіх для прымаючай краіны ўмовах. Калі законнасць такіх здзелак аспрэчваецца, нафтавыя гіганты арганізоўваюць у СМІ цкаванне, у выніку якога справядліва вылучаныя да іх патрабаванні прадстаўляюцца у выглядзе "дыктатарскага кіравання" і "пагрозаў стабільнасці у рэгіёнах".

З інтарэсам мы чакаем абмеркавання гэтых важных ініцыятываў і праблемаў падчас сёлетняй сесіі Генеральнай Асамблеі.

Імкненне атрымаць доступ да рэсурсаў з'яўляецца ці не асноўнай прычынай сучасных канфліктаў. Гаворка ідзе не толькі аб нафце ці іншых энергарэсурсах. З-за лакальных канфліктаў, звязаных з нястачай пітной вады, людзей гіне не менш.

З улікам таго, што 97 адсоткаў сусветных запасаў вады знаходзіцца ў акіянах і ў морах, пошук практычнага спосабу апраснення марской вады павінен разглядацца ў якасці прыярытэтнай задачы навуковых распрацоўкаў у бліжэйшыя дзесяцігоддзі. Роля ААН магла б заключацца ў вызначэнні будучыні такіх тэхналогій. На наш погляд, яны павінны належаць усяму чалавецтву. Для гэтага неабходна дакладна зафіксаваць механізм, які дазволіць пазбегнуць канцэнтрацыі гэтых тэхналогій у руках нешматлікіх абраных.

Адна з галоўных умоваў паспяховага вырашэння глабальных праблемаў, якія стаяць перад чалавецтвам, – гэта дасягненне на як мага ранейшым этапе дамоўленасці аб узгодненых дзеяннях усёй міжнароднай супольнасці. Замаруджванне, ужо дапушчанае ў дачыненні кліматычных зменаў, недапушчальна пры вырашэнні найважнейшых пытанняў міжнароднага парадку дня.

Адно з прыярытэтных месцаў у ім, на нашу думку, павінна займаць такая найважнейшая перадумова устойлівага гуманітарнага развіцця як сваечасовае прадухіленне эксплуатацыі нацый і асобаў.

Распрацоўка плана дзеянняў ААН па барацьбе з гандлем людзьмі стане грунтоўным крокам у нашым процістаянні сучасным формам рабства. Усе неабходныя ў рамках ААН крокі, для таго каб прыступіць да працы над згаданым планам, ужо зроблены: утворана міжустаноўчая каардынацыйная група, прыняты рэзалюцыі Генеральнай Асамблеі і ЭКАСАС, праведзены тэматычныя дэбаты ў Генеральнай Асамблеі. Мы заклікаем усе дэлегацыі прыняць актыўны і канструктыўны удзел у гэтым працэсе, які закліканы вывесці барацьбу з гандлем людзьмі на якасна новы ўзровень.

Неадэкватнае рэагаванне на гэтую пагрозу надасць імпульс эксплуатацыі цэлых народаў. Будуць наладжаныя новыя ланцужкі гандлю жывым таварам. Колькасць новых рабоў будзе рэгулярна расці. У якасці сваіх ахвяраў злачынцы пачнуць адбіраць самых лепшых. Услед за чалавечымі рэсурсамі будуць выкачвацца прыродныя. У выніку атрымае развіццё каланіяльнае мысленне, але ўжо на новым ўзроўні глабалізацыі, што зробіць гэтую праблему асабліва маштабнай і асабліва небяспечнай. Дазволіць гэтага мы не маем права.

Арганізацыя Аб'яднаных Нацый першапачаткова задумвалася дзяржавамі-заснавальніцамі як найбольш дэмакратычны інстытут, універсальны механізм далучэння ўсіх краінаў і народаў у фарміраванне новага справядлівага парадку.

Як дзяржава-заснавальніца, Беларусь поўнасцю падзяляе ініцыятыву старшыні 63-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН, правялебнага Мігеля д'Эскота Брокмана надаць асаблівую ўвагу працэсу дэмакратызацыі Арганізацыі. Беларусь заўсёды была прыхільніцай добрасумленных дэмакратычных адносінаў у сістэме ААН, прыхільніцай прадстаўлення ўсім дзяржавам-сябрам ААН аднолькавых правілаў гульні. Іншымі словамі, мы выступаем за безумоўнае выкананне тых запаведзяў, якія ўтрымліваюцца ў святым пісьме ААН – яе Статуце.

Арыентаванай на практычны вынік прапановай па дэмакратызацыі сістэмы ААН мы лічым, у прыватнасці, пашырэнне сяброўскага складу Навуковага камітэта ААН па дзеянні атамнай радыяцыі. Пасля трагічнай катастрофы на Чарнобыльскай АЭС у Беларусі на працягу больш чым 20 гадоў назапашваўся унікальны вопыт па вывучэнні ўздзеяння радыяцыі на людзей і навакольнае асяроддзе. Мы хочам атрымаць магчымасць дзяліцца гэтым вопытам з іншымі дзяржавамі у рамках НКДАР. Мы заклікаем усе дзяржавы падтрымаць рашэнне аб прыняцці Беларусі ў сябры навуковага камітэта, якое павінна быць аформлена па рэкамендацыі Чацвёртага камітэта ў рэзалюцыі "Дзеянне атамнай радыяцыі".

Мы таксама прапануем узмацніць і паскорыць працэс дэмакратызацыі ў Сакратарыяце ААН. У кіраўніцтве кожнага з дэпартаментаў Сакратарыята павінен строга выконвацца прынцып роўнай геаграфічнай прадстаўленасці: пяць вышэйшых пасадаў у кожным з дэпартаментаў павінны быць размеркаваныя паміж пяццю рэгіянальнымі групамі. Рэалізацыя гэтага прынцыпу стане сур'ёзным крокам ва ўсталяванні клімату даверу паміж дзяржавамі-сябрамі.



Мы знаходзімся на парозе шэрагу важнейшых міжнародных мерапрыемстваў. У Досе адбудзецца міжнародная канферэнцыя па фінансаванні развіцця, працягнецца праца над посткіёцкім пагадненнем, у новую стадыю ўваходзіць абмеркаванне праблемы рэфармавання Рады Бяспекі ААН. Ці будуць яны выніковымі, залежыць ад усіх нас. Ад таго, ці зможам мы забяспечыць на іх дамінанту канструктыўных, неканфрантацыйных падыходаў, прыйсці да больш глыбокага, чым сёння, разумення агульных сутнасных інтарэсаў усіх народаў свету.

Большасць адказаў на ключавыя пытанні сучаснасці ляжыць у нашай гісторыі. Неабходна толькі зазірнуць у яе і сваечасова зрабіць правільныя высновы з мінулага.
: docs
docs -> Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Установа адукацыі “Гомельскі дзяржаўны універсітэт
docs -> Установа адукацыі «Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Францыска Скарыны»
docs -> “Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Францыска Скарыны”
docs -> Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Установа адукацыі “Гомельскі дзяржаўны універсітэт
docs -> Установа адукацыі “Гомельскі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт
docs -> Установа адукацыі «Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Францыска Скарыны»
docs -> Установа адукацыі “Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Францыска Скарыны” зацвярджаю
docs -> Іван Штэйнер Свет шчодры. Свет мяне паўторыць…
docs -> Установа адукацыі «Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны»




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка