Генезіс царкоўных брацтваў на беларускіх землях у ХVІ-ХVІІ ст ст



Дата канвертавання15.05.2016
Памер190.83 Kb.
Марцін Антониевич Мірановіч

Слушатель Богословского факультета университета

им. Аристотеля в Фессалониках

г. Белосток, Польша


Генезіс царкоўных брацтваў на беларускіх землях у ХVІ-ХVІІ ст.ст.

Арганізацыі царкоўных брацтваў, улічваючы ролю, якую сыгралі яны ў Царкве ў ХVІ-ХVІІІ ст.ст., дачакаліся шматлікай літаратуры. Спрэчкі гістарыяграфіі вакол іх датычылі галоўным чынам генезісу брацтваў і іх ролі ў Царкве. Нягледзячы на багатую літаратуру, паходжанне гэтага спецыфічнага аб'яднання вернікаў, характэрнага для праваслаўнага грамадства на землях Вялікага Княства Літоўскага, не да канца высветлена. Некаторыя гісторыкі супастаўляюць ідэю ўзнікнення брацтваў з дахрысціянскім (паганскім) перыядам, калі існавалі яшчэ моцныя родавыя саюзы. Галоўным прапагандыстам такога погляду быў Мікола Грушэўскі. Лічыць ён, што антычная “фратрыя” — гэта нішто іншае як паўднёваславянскія “брацтвы”, г.зн. пасрэдная ступень родавага саюза паміж родавай і пляменнай фармацыяй1. Паводле гэтай тэорыі, ў Заходняй Еўропе родавыя саюзы перафармаваліся ў арганізацыі тыпу гільдыі і цэху, або прафесіянальных арганізацый, якія прынялі назву “брацтва” (фратэрнітас).

Ва ўсходнеславянскім грамадстве замест родавых саюзаў паўстаюць родава-тэрытарыяльныя саюзы, якія таксама называліся брацтвамі. Потым гэтыя арганізацыі набываюць рэлігійны характар (павага да асабліва шанаваных патронаў, традыцыйныя ахвяры і рытуальныя абрады, якія бяруць свой пачатак у родавых саюзах). Родавыя месцы культу былі заменены хрысціянствам. Царква ў такім выпадку станавілася цэнтрам рэлігійнага саюза. Паводле Грушэўскага, фактар узнікнення царкоўных брацтваў стаў магчымым пасля таго, як на беларускіх землях з’явіліся нямецкія гільдыі. Брацкія арганізацыі і сама іх назва “брацтвы” на Беларусі і Украіне бяруць свой пачатак ад нямецкіх рэлігійных саюзаў. “Піры” былі жывым імпульсам брацкіх арганізацый. Належала ім права ціснення мёду ў вялікія святы, таму атрымлівалі брацтвы ведавыя назвы. У II палове ХV ст., а асабліва ў ХVІ ст. брацкія арганізацыі былі пад вялікім уплывам цэхаў. Цэхавыя арганізацыі вырасталі з таго самага кораня, што і брацтвы, і ў пазнейшыя перыяды засяродзілі ў сабе тыя рысы рэлігійных брацтваў, якія давялі з часам да збліжэння з імі. Рамесныя цэхі сталі асновай існавання ў многіх выпадках царкоўных брацтваў. На іх абапіралася эканоміка брацтваў, з рамесных кругоў набіралася большая частка іх членаў2.

Сяргей Салаўёў лічыць, што брацтвы ўзніклі пасля прыняцця рускімі землямі хрысціянства, а асабліва ад моманту заснавання царкоўных школ, з якіх брацтвы вядуць сваю радаслоўную. Паводле гіпотэзы гэтага гісторыка, брацтвы выводзяцца з “братчын”, г.зн. арганізацый, узніклых з членаў рамесных саюзаў Ноўгарада і Пскова3. Блізкі да Салаўёва погляд адносна генезісу царкоўных брацтваў прадставіў Пётр Ефіменка. Сцвярджае ён, што царкоўныя брацтвы былі пазнейшай формай стараславянскіх родавых брацтваў4. Ефіменка разглядае брацтвы як апошні этап развіцця: ад родавых саюзаў, гільдый і вайсковых брацтваў (запарожскае войска), да брацтваў рамеснікаў і ўрэшце царкоўных брацтваў. Спалучэнне родавых брацтваў з рэлігійна-нацыянальным брацкім рухам не мае асноў. Ефіменка яшчэ ўводзіць паняцце “добраахвотнага руху”. Паводле гэтай канцэпцыі брацтвы не ўзніклі ў момант выдання дакумента (акта), у якім гаварылася аб іх узнікненні, але былі звязаны з паяўленнем на гэтых землях пасяленцаў, у кругах якіх яны ўжо існавалі5. Тады трэба лічыць, што брацтвы ўзнiклi ў далёкім мінулым з родавых арганізацый, якія з’яўляліся рэлігійна-грамадскім фонам функцыянавання грамадскасці6. У сваёй тэорыі Ефіменка не высвятляе палітычнага характару дзейнасці брацтваў. Іх развіццё ў канцы ХVІ і на пачатку ХVІІ ст. было вынікам рэлігійных канфліктаў у Рэчы Паспалітай.

Абодва рускія гісторыкі XIX ст. лічаць, што брацтвы не былі арыгінальнымі арганізацыямі, а непасрэдна працягвалі сваю дзейнасць згодна з заданнямі старых рускіх “братчын”. У такім параўнанні не бярэцца пад увагу рознасць умоў развіцця і існавання Паўночна-Усходняй Русі з аднаго боку і беларуска-украінскіх зямель з другога. Брацтвы на землях Беларусі, апрача культурна-асветніцкіх мэт, займаліся таксама як нацыянальна-рэлігійныя арганізацыі абаронай інтарэсаў русінскай нацыянальнасці. “Братчыны” ў Паўночнай Русі не выконвалі такіх задач. Трэба звярнуць увагу таксама на тое, што старарускія “братчыны” існавалі ў ХІІ-ХІІІ ст.ст., тады калі першыя брацтвы на землях Вялікага Княства Літоўскага ўзніклі ў сярэдзiне ХV ст. і пашырылі сваю дзейнасць у ХVІ-ХVІІ ст.ст.

Прыхільнікам заходняй канцэпцыі генезісу брацтваў быў Мікалай Сувораў. Паводле яго, “исторические корни юго-западных православных братств должны быть отыскиваемы на западе. До XVI в. никаких признаков существования православных братств в юго-западной Руси не видно. А между тем известно, что католическая церковь, исключавшая мирян от участия в правительстве церковном, благоприятствовала образованию религиозно-благотворительных союзов под названием братств (fraternitates). Так и в соседней с юго-западной Русью Польше гораздо раньше, чем выступили юго-западные православные братства, существовали церковные религиозноблаготворительные братства, члены которых в установленные дни собирались в своем храме на богослужение, совершаемое своим священником, участвовали в общем пении, а в случае смерти одного из членов являлись со свечами, также участвуя в общем пении. Братчики делали приношения в церковь по их желанию и силам”7.

Падобным спосабам інтэрпрэтаваў узнікненне на Літве і Беларусі брацтваў Iван Флёраў — як стварэнне новых царкоўных арганізацый, якія пачыналі развівацца пад уплывам магдэбургскага права8. Паводле яго меркаванняў, царкоўныя брацтвы бяруць свой пачатак непасрэдна з цэхаў. Мяшчане, прымаючы права, баранілі адначасова свае унутраныя правы, свае суды і ведамствы. Адміністрацыйная ўлада належала бурмістру і райцы, судовая — войтам, суддзям, засядацелям. Рамеснікі аб'ядноўваліся ў цэхах. Цэхі стваралі карпарацыі, якія кіраваліся ўласнымі правамі, мелі ўласную ўладу і зброю. Рамеснікаў аднаго цэху называлі брацтвам. Члены цэхавых брацтваў гэта людзі розных веравызнанняў, якія мелі ўласную царкву, на якую выдаткоўвалі грашовыя сродкі... Цэхі і царкоўныя брацтвы мелі многа супольных рыс: супольнае праўленне, уласны суд, кожны год выбіралі чатырох прадстаўнікоў да кіравання брацкімі справамі, казну, дзе складаліся грошы. Цэхавыя і царкоўныя брацтвы мелі шэраг абавязкаў у адносінах да сваіх членаў (дапамога хворым, сем'ям памерлых)9.

Флёраў у сваім параўнанні не звярнуў увагі на асноўную розніцу паміж брацтвамі і цэхамі. Цэхі апрача цэхавых спраў мелі толькі часткова рэлігійны характар, тады калі дзейнасць царкоўных брацтваў мела выключна канфесійнае аблічча.

Мікалай Скабалановіч больш грунтоўна ацаніў уплыў нямецкага права на развіццё царкоўных брацтваў на беларускіх землях. Зрабіў ён цікавае параўнанне царкоўных брацтваў з заходнеўрапейскімі гільдыямі, г.зн. рэлігійных саюзаў, звязаных з рамесніцкімі цэхамі. У тым разважанні ідэі брацтв Скабалановіч пашырае тэорыю нямецкага вучонага Вільда, які паходжанне брацтваў аднёс да рэлігійных матывацый узнікнення хрысціянскай любові і павіннасці функцыянавання паганскіх звычаяў10. Паводле яго, - ў гістарычным развіцці брацтва можна выдзеліць тры перыяды:

1) у пачатковай фазе брацтвы прытрымліваліся суровых палітычных мэт, будучы разнавіднасцю духоўных гільдый, з той розніцай, што дзейнасць брацтваў не мела да канца аформленага, як гільдыі, характару і была засяроджана перш за ўсё на патрэбах царквы, таму iх назва - “царкоўныя брацтвы”. Хаця дзейнічалі яны ўжо ў ХV ст., большае значэнне набылі ў наступным стагоддзі11.

2) у другой палове ХVІ і ў ХVІІ ст. паставілі сабе задачы не толькі выключна рэлігійнага характару. Іх дзейнасць пачала мець абаронча-рэлігійнае аблічча (аўтар спасылаецца на абарончыя дзеянні гільдый)12.

3) у ХVІІ ст. узніклі брацтвы, якія мелі купецка-рамесніцкі характар і ставілі сабе, апрача рэлігійных, гандлёвыя і рамесніцкія мэты13.

Аляксандр Папкоў знаходзіць сувязі царкоўных брацтваў з прыхадскімі арганізацыямі і з даўнімі царкоўнымі брацтвамі. Першыя медавыя брацтвы ўзніклі пры цэрквах. Згодна са старым звычаем, падчас галоўных царкоўных свят цягнулі яны мёд і ўстаўлялі “піры”14. (Падобны погляд на тэму ўзнікнення брацтваў выказаў яшчэ адзін гісторык таго часу — Фёдар Жудро)15.

Стэфан Голубеў у сваёй гісторыі Царквы лічыць, што брацтвы развіваліся на аснове патранацкага права, ў ХV-ХVІІ ст.ст. У шляхецкіх маёнтках быў аднаасабовы патранат. У гарадах з магдэбургскім правам апекунамі царквы станавіліся мяшчане16. Царкоўныя брацтвы паводле Голубева, гэта рэлігійныя саюзы, якія развіваліся пад калектыўньш патранатам. Трэба падкрэсліць, што спецыфічныя рэлігійныя саюзы аб'ядноўвалі людзей аднолькавых зацікаўленняў і прафесій. Погляд такі ставіць на першы план элемент царкоўнай дзейнасці брацтваў, пакiдаючы іншыя формы іх дзейнасці (палітычную, грамадскую, культурную). Калі патрактаваць транаты над царквой як аснову закладання брацтваў, тады трэба лічыць, што ўлада над імі павінна належаць гарадскім уладам і войту. У гісторыі брацтваў гарадскія ўлады ніколі не мелі істотнага ўплыву на праўленне брацтва. Таму, між іншым, уплыў права кцітарства на ўзнікненне брацтваў нельга прыняць за адзінае.

Думка, паводле якой разглядалася ўзнікненне брацтваў, абапіраючыся на рамесніцкія цэхі, першы раз была прадстаўлена Міхаілам Каяловічам17. Даводзіў ён, што брацтвы ўзніклі на аснове вядомых у Заходняй Еўропе гарадскіх цэхаў, якія складаліся з рамеснікаў адной галіны. Іх заданнем было бараніць інтарэсы рамесніцкай групы. З часам самастойныя цэхавыя арганізацыі стварылі замкнутыя структуры. Адыгралі яны важную ролю ў грамадска-палітычным жыцці горада. Рамесніцкія брацтвы ў Заходняй Еўропе, нягледзячы на іх уяўны дэмакратызм, былі месцам, дзе сыходзiлiся мiж сабой інтарэсы розных слаёў той самай рамесніцкай групы (майстроў, падмайстраў, вучняў, чэлядзі). Афіцыйнай мэтай іх функцыявання была дабрачынная дзейнасць (дапамога старым, хворым, сіротам). З цягам часу інтарэсы паасобных рамесніцкіх груп пачалі быць больш важныя, чым дабрачынная дзейнасць. Брацтвы ў Заходняй Еўропе не вялі нi палітычнай дзейнасці, ні рэлігійна-нацыянальных палемік, не маглі быць тады асновай да стварэння царкоўных брацтваў. Нягледзячы на гэтыя засцярогі, многія гісторыкі, між іншым Філіп Кліменка, дашукваюцца генезісу царкоўных брацтваў у заходнееўрапейскіх рамесніцкіх цэхах18.

Варта прывесці таксама iншыя, чым вышэйпрадстаўленыя, погляды гісторыкаў на тэму генезісу царкоўных брацтваў. Міхаіл Пакроўскі лічыць, што брацтвы былі арганізацыямі гарадской буржуазіі, якая змагалася за вядучае месца на тэрыторыі горада з феадаламі19. Такі падыход дазваляе сцвярджаць, што брацтвы не ўзніклі як нацыянальныя ці рэлігійныя супольнасці, але галоўным крытэрыем прыналежнасці да іх было эканамічнае і грамадскае становішча іх членаў. Схема Пакроўскага аналагічная ў пэўнай меры з вышэйпрадстаўленымі поглядамі, якія дашукваюцца генезісу брацтваў у гільдыевых і цэхавых арганізацыях, не адпавядае аднак механізму ўзнікнення брацтваў.

На зусім іншыя перадумовы ўзнікнення брацтваў звярнуў увагу Яўген Мядынскі. Лічыць ён царкоўныя брацтвы праявай становішча беларускага і украінскага грамадства ва ўмовах нацыянальнай і рэлігійнай пагрозы. Аўтар звярнуў мала ўвагі на эканамічна-грамадскія ўмовы, якія адыгралі істотную ролю ва ўзнікненні брацтваў20. У навейшых даследваннях, прысвечаных гісторыі царкоўных брацтваў, наглядаецца зварот да шукання іх генезісу ў рамесніцкіх цэхах, якія існавалі ў гарадах Вялікага Княства Літоўскага21. Гісторыкі разглядаюць брацтвы як рэлігійна-рамесніцкія арганізацыі з выразнымі кампанейскімі рысамі. Брацтвы карысталіся ўласнымі рэлігійнымі эмблемамі, мелі ў парафіях самастойныя структуры. Цэхавыя статуты фаварызавалі католікаў. У гарадах з насельніцтвам розных веравызнанняў такая сістэма садзейнічала росту рэлігійнай неталерантнасці ўнутры цэхаў. Рэдка панавалі ў іх талерантныя адносіны22. Было гэта асноўным імпульсам засноўвання праваслаўных прафесійных арганізацый рэлігійнага характару23.

Рэлігійныя канфлікты і тое становішча, у якім апынулася Праваслаўная царква, сталі асновай узнікнення на беларускіх землях царкоўных брацтваў. Сваёй дзейнасцю ахапілі яны рэлігійныя, культурна-асветніцкія і грамадска-палітычныя пытанні24. На такое становішча меў несумненна ўплыў таксама рэфарматарскі рух, падрыхтоўка уніі і ўзрост заможнасці мяшчанства25. Нягледзячы на тое, якi з фактараў меў вырашальнае значэнне для сфармавання царкоўных брацтваў (магдэбургскае права, спецыфічныя рэлігійна-нацыянальныя адносіны ў гарадах Вялікага Княства Літоўскага), трэба падкрэсліць, што мелі яны сваю ўласную беларускую традыцыю, аналогіі якой нельга дашуквацца ў заходнееўрапейскіх гільдыях і цэхах.

Брацтвы на русінскіх землях Рэчы Паспалітай не былі масавымі арганізацыямі. Яны аб'ядноўвалі найбольш актыўную частку праваслаўнай грамадскасці, якая садзейнічала справе абароны Царквы. Хаця іх склад быў нешматлікім, брацтвы ў такіх галінах, як барацьба за рэлігійную самастойнасць і свабоднае развіццё нацыянальнай культуры, выказвалі асноўныя інтарэсы беларускага народа. Склад брацкай старшэйшыны паказвае, што толькі эліта русінскага мяшчанства, багацейшыя купцы і шляхта займалі важнейшыя пасады ў брацтвах і адыгрывалі вядучую ў іх ролю. Больш заможныя прадстаўнікі з народа не толькі ў эканамічнай галіне падпарадкоўваліся ўплывам членаў брацтва з гарадскога патрыцыяту. Уяўны дэмакратызм у брацтвах не затушоўваў супярэчнасцей і канфліктаў унутры русінскага грамадства. Адзінства брацтва было вымушана страхам перад уніяй, польскай шляхецкай культурнай экспансіяй, таксама эгаістычнай палітыкай гарадскога патрыцыяту.

Прадстаўленыя вышэй разважанні на тэму генезісу брацтваў не зусим можна прымяніць да хуткага развіцця такога тыпу арганізацый у дзевятым дзесяцігоддзі ХVІ ст. Былі яны якасна новай з’явай, але якая вырасла на аснове грамадска-рэлігійных абшчын, сфармаваных у парафіях, з членаў парафій. У некаторых гарадах брацтвы набылі інстытуцыянальнае аблічча, падобнае да рамесніцкіх цэхаў. Брацтвы кіраваліся ўласнымі статутамі, мелі ўласнае брацкае самакіраванне на чале са старастай, якога выбіралі кожны год.

На беларускіх землях, асабліва ў гарадах з разрозненай веравызнаўчай структурай, дзе праваслаўныя не дапускаліся да рамесніцкіх цэхаў ці да гарадскога самаўпраўлення, галоўным імпульсам закладання фармальных царкоўных брацтваў не былі рэлігійныя патрэбы, толькі патрэбнасць легальнай арганізацыі, якая б адстойвала іх свецкія інтарэсы. Абарона прафесійных інтарэсаў праваслаўнага насельніцтва гэта таксама абарона роднай культуры і традыцыі. Звяном, якое яднала членаў таварыстваў, былі культавыя цэнтры. Праваслаўная царква, якая патрабавала рэформы, атрымала ў брацтвах саюзніка. Рэформы ў Царкве былi накiраваны на павышэнне маральнага і інтэлектуальнага ўзроўню духавенства і свецкіх людзей. Асаблівая роля мела належаць тут брацтвам. Брацкі рух, справа рэлігійна-царкоўных мэт, прадугледжваў таксама абарону сваёй самабытнасцi — старабеларускай культуры і раўнапраўя русінскага насельніцтва, асабліва ў гарадскіх цэнтрах. Новыя рэфарматарскія тэндэнцыі з’явіліся найперш сярод мяшчанства Львова, у брацтве, якое дзейнічала пры царкве Благавешчання ПДМ. Гэтае брацтва стала ў хуткім часе ўзорам і кіраўнічым цэнтрам для ўсіх брацтваў Кароннай Русі. У Вялікім Княстве Літоўскім падобную ролю выконвала брацтва пры царкве Святой Тройцы ў Вільні. Да такой ролі прадвызначала мяшчан абодвух сталічных гарадоў некалькі фактараў: узрост іх заможнасці, ранейшае, чым у іншых гарадах, абуджэнне рэлігійнага і інтэлектуальнага жыцця, таксама нацыянальнай свядомасці пад уплывам рэфармацыйных і адраджэнскіх плыняў.

Першыя брацтвы, па віленскім і львоўскім узоры, узніклі на беларускіх землях у дзевяностыя гады ХVІ ст. У 1589 г. узнікла брацтва пры царкве Багаяўлення Гасподняга ў Магілёве. У тым самым годзе Канстанцінопальскі патрыярх Іерамія II надаў яму ў Вільні спецыяльны прывілей. Паводле гэтага дакумента, магілёўскае брацтва было падпарадкавана віленскай стаўрапігіі26. Брацтва ў Магілёве функцыянавала, абапіраючыся на кушнерскі цэх, які дзейнічаў у гэтым горадзе. У 1597 г. была заснавана пры ім бальніца і школа27, а ў 1635 г. — друкарня28. Вялікае значэнне для развіцця асветы і культуры ў Беларусі мела заснаванне ў 1591 г. брацтва пры царкве св. Міколая ў Берасці. Паводле прывіля Жыгімонта III, атрымала яна права весці школу і бальніцу, а таксама прытулак для бедных (багадзельню)29. У канцы ХVІ ст. і на пачатку ХVІІ ст. на беларускіх землях брацтвы ўзніклі ў Бельску, Пінску, Слуцку, Бабруйску, Оршы, Смаленску, Крычаве, Мсціславе, Полацку. Брацтвы такога тыпу фармаваліся перш за ўсё ў заходніх епархіях, у гарадах са змешаным веравызнаўча насельніцтвам, часта па-за суцэльнымі абшарамі, населенымі праваслаўным русінскім насельніцтвам (Вільня, Люблін). У першай палове ХVІІ ст. брацтвы ўзнікалі амаль у кожнай гарадской парафіі. У 1607 г. брацтвы дзейнічалі ў кожным брэсцкім прыходзе30. На абшары Менска брацтвы занатаваны былі пры цэрквах св. св. Паўла і Пятра, св. Ганны, св. Міколая, св. Міхаіла, св. Іаана Прадцечы, Узняцца Святога Крыжа, Прасвятой Дзевы Марыі, Уваскрэсення Хрыстова31. Сферы дзейнасці і значэнне брацтваў былi, аднак, розная. Розныя ролі выконвалі уніяцкія і праваслаўныя брацтвы. Праваслаўныя ў другой палове ХVІІ ст. існавалі ўжо толькі пры вялікіх царкоўных цэнтрах і манастырах. Вялікая іх частка прыняла грэчаска-каталіцкае веравызнанне. Змена веравызнання аднаго брацтва выклікала ўзнікненне новага. Напрыклад, пасля прыняцця уніі брацтвам пры царкве св. Мікалая ў Драгічыне яго функцыю пераняло ў сярэдзiне ХVІІ ст. брацтва пры манастыры Праабражэння Гасподняга32.



Генезіс старажытных царкоўных брацтваў мае свае крыніцы і ў роднай старабеларускай традыцыі, цэхавых арганізацыях, заходнееўрапейскіх гільдыях, таксама і ў становішчы Праваслаўнай царквы ў другой палове ХVІ ст. і новых веравызнаўчых абставінах. Нягледзячы на тое, які фактар прыняць за вядучы ў працэсе паўставання брацтваў, ніводзін з іх не меў вырашальнага ўплыву на ролю, якую брацтвы сыгралі ў гісторыі, культуры і асветы Царквы на беларускіх землях.

1 М. Грушевський, Історія України-Руси, т. VІ, Львів – Київ 1908, с. 500.

2 Там жа, с. 501-503.

3 С. М. Соловьев, Братчины, “Русская Беседа”, 1856, ІV, c. 108-117.

4 П. Ефименко, Братства и союзы нищих, “Киевская старина”, т. VІІ, Киев 1883, с. 316.

5 Там жа, с. 227.

6 Там жа, с. 235.

7 Н. С. Суворов, Учебник церковного права, Москва 1913, с. 116-117.

8 И. Флеров, О православных церковных братствах, противоборствовавших унии в Юго-Западной России в ХVІ, ХVІІ и ХVІІІ ст., Санкт-Петербург 1857, с. 14.

9 Там жа, с. 15.

10 Н. Скабаланович, Западноевропейские гильдии и западнорусские братства, “Христианское чтение”, 1875, часть 2, № 9-10, с. 271-327.

11 Там жа, с. 290-313.

12 Там жа, с. 313-319.

13 Там жа, с. 319-327.

14 А. А. Папков, Братства, Троицко-Сергиева лавра 1900, с. 215-216.

15 Ф. Жудро, История Могилевского Богоявленского братства, “Могилевские Епархиальные Ведомости”, 1889, № 29, с. 453.

16 С. Т. Голубьев, История Киевской Духовной Академии, Киев 1886, с. 79-83; W. Łuksza, W sprawie prawosławnych bractw miodowych w Wilnie, “Atheneum Wileńskie”, t. XIII, Wilno 1938, z. II, s. 21.

17 М. О. Коялович, Чтения о церковных западно-русских братствах, “День”, 1882, № 36-42.

18 Ф. Клименко, Западнорусские цехи. ХVІ-ХVІІІ в., Киев 1941, с. 21.

19 М. Покровский, Русская история с древнейшых времен, т. II, Москва 1926, с. 154.

20 Є. Мединський, Братські школи України і Білорусії в ХVІ-ХVІІ ст., Київ 1958, с. 48-55.

21 Д. Исаевич, Братства и их роль в развитии украинской культуры ХVІ-ХVІІІ ст., Киев 1966, с. 60.

22 J. Ptaśnik, Miasta i mieszczaństwo w dawnej Polsce, Warszawa 1949, s. 124-125.

23 G. Schramm, Gesellschaft in Wilna (16-17 Jahrundert), “Jahrbucher für Geschlichte Osteuropas”, N. F. 1969, t. XVII, s. 187-214; K. Chodynicki, O stosunkach wyznaniowych w cechach wileńskich od XVI do XVIII wieku, [w:] Księga pa­miątkowa ku czci profesora O. Balzera, Lwów 1925 1 t. I, s. 117-131; J. Morzy, Geneza i rozwój cechów wi­leńskich do końca XVII w., “Zeszyty Naukowe Uniwersy­tetu Adama Mickiewicza. Seria Historia”, z. IV, Poz­nań 1959, s. 33.

24 А. П. Грицкевич, Социальная борьба горожан Белоруссии в ХVІ-ХVІІІ вв., Минск 1979, с. 122-123.

25 Л. Бучило, Українські церковні братства, “Церковний календар на 1975 рік”, Варшава 1974, с. 87.

26 Археографическнй сборник документов, относящихся к истории Северо-Западной Руси, т. ІІ, Вильно 1867, № 43, 45.

27 Там жа, т. II, № 19.

28 Ф. Жудро, История ..., “Могилевские Епархиальные Ведомости”, 1890, № 17-18, с. 135-146.

29 И. Флеров, О православных..., с. 104.

30 Акты, издаваемые Коммиссией для разбора древних актов в Вильне, т. XXXIII, Вильно 1908, № 130.

31 Арх. Афанасий, Беларусь в исторической, государственной и церковной жизни, Буэнос-Айрэс 1966.

32 A. Mironowicz, Powstanie i działalność cerkiewnych bractw na terenie Drohiczyna, “Cerkiewny Wiestnik”, R. XXXI, Warszawa 1986, nr 1-3, s. 58-70.


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка