Гэтага нельга забыць



Дата канвертавання17.06.2016
Памер96.25 Kb.
Гэтага нельга забыць
У ліку расстраляных, павешаных, спаленых былі мужчыны і жанчыны, старыя і дзеці яўрэйскай нацыянальнасці. Яны прынялі пакутніцкую смерць за тое, што паводле расавай тэорыі гітлераўцаў не павінны жыць на зямлі. У Кёнігсбергу існаваў інстытут, які “навукова” абгрунтоўваў, чаму немцы маюць перавагу над іншымі нацыянальнасцямі.

Аўтару гэтых радкоў давялося чуць ад жыхароў літоўскага горада Тракай, як туды ў 1941 годдзе прыязджалі “спецыялісты” з таго інстытута расавай тэорыі і вызначалі паўнацэннасць людзей па нацыянальнасці караімы – старажытных жыхароў паселішча. Мужчын, жанчын узважвалі, вызначалі рост, абмяралі чарапную каробку, аглядалі будову цела. Нейкія там міліметры, грамы на няпэўны час адцягнулі людзей ад фізічнага знішчэння.

…Воляй лёсу ў далёкім мінулым яўрэйскія сем’і апынуліся і на Мядзельшчыне. Каб пракарміцца, вымушаны былі займацца рамёствамі, гандлем. У некалькіх мясцінах раёна, асабліва на перакрыжаванні дарог, яўрэі адкрывалі корчмы. Тут можна было за пэўную плату пераначаваць, падсілкавацца, даць каню адпачыць. Корчмы былі знакамітымі на ўсю ваколіцу, бо часам сяляне наладжвалі гулянкі (пасля выпітай гарэлкі, купленай у карчмара).

Яўрэйскія і беларускія сем’і сябравалі, не мелі адзін да другога ніякай непрыязні. Прыпамінаецца, як у вёсцы Мікасецк старэйшыя жыхары ўспаміналі сваю маладосць:



  • А спрытныя былі дзяўчаты-яўрэйкі. На вечарыны прыходзілі, танцавалі, спявалі нашы беларускія песні, мы іх дадому праводзілі.

Добрым словам успамінаюць старажылы Пасынак дзве яўрэйскія сям’і, якія жылі ў іх вёсцы.

Як засведчана архіўнымі матэрыяламі, што захоўваюцца ў раённым музеі, царскім чыноўнікам не ўдалося ў пачатку бягучага стагоддзя выклікаць пагромы яўрэйскіх крамаў, майстэрняў на Мядзельшчыне. Мясцовая інтэлігенцыя, падпольшчыкі тлумачылі людзям, што пагромамі самадзяржаўе імкнецца адцягнуць увагу людзей ад сапраўдных прычын гаротнага існавання працоўных.

Да 1933 года яўрэйскія сем’і, што жылі на Мядзельшчыне, займаліся ў асноўным гандлем, былі і земляробы. Розных памераў крамы, з розным наборам тавараў былі ў Мядзелі, Крывічах, Кабыльніку, Будславе і ў іншых мясцінах. Былі бедныя і багатыя сем’і. Былі і такія, што ледзь зводзілі канцы з канцамі. Ці ж разбагацееш, калі будзеш ездзіць па вёсках і мяняць дробны тавар на рыззё? Ці будзе дастатак, калі будзеш шкліць вокны?

Польскія ўлады закрывалі вочы на той факт, што асобныя грамадзяне распаўсюджвалі лістоўкі, адкрыта выкрыквалі лозунгі: “Не купляйце тавараў у яўрэяў!”

…1941 год. Пяты дзень вайны. Нямецкая разведка дамчалася да Мядзела. Глядзелі людзі на гітлераўцаў і ніяк не маглі пагадзіцца з думкамі, што яны могуць расстрэльваць мірных жыхароў. Мінула мала часу – і акупанты пачалі ўсталёўваць “новы парадак” – расстрэльваць кіраўнікоў калгасаў, устаноў, актывістаў Савецкай улады. Памагатыя фашыстаў – паліцэйскія расстралялі дзве яўрэйскія сям’і ў Пасынках. Абарваліся жыцці некалькіх людзей гэтай нацыянальнасці ў Кабыльніку. Але гэта быў толькі пачатак перад масавым тэрорам. Паступіў загад усім яўрэям на грудзях і спіне прышыць жоўтыя васьмікутныя зоркі. Маладых і здаровых мужчын і жанчын з Крывічоў пачалі пад канвоем ганяць на чыгуначную станцыю ў Княгінін. Тут ім даводзілася грузіць у вагоны нарабаванае ў сялян дабро – зерне, жывёлу, дамашні скарб. Вярталіся гаротныя людзі зноў у Крывічы, дзе іх чакалі новыя і новыя пагрозы акупантаў: “Хочаце жыць, дык збірайце і прыносьце ў камендатуру залатыя рэчы, манеты, розныя каштоўнасці!”. (Дарэчы, такія патрабаванні выстаўляліся і ў Мядзелі, і ў Кабыльніку, і ў іншых месцах). І так рабілася па некалькі разоў. Усё менш і менш каштоўнасцей трапляла ў рукі акупантаў: дзе ж людзям было ўзяць тое золата, брыльянты?


  • Да працуючых на чыгунцы ў Княгініне падыйшоў аднойчы галандзец (быў мабілізаваны ў нямецкую армію), - успамінала жыхарка г.п. Крывічы Паліна Сямёнаўна Кацовіч, - і сказаў, што прыедзе карны атрад па знішчэнню яўрэяў. Не сядзіце, моў, дома, а ўцякайце ад смерці. Не ўсе паверылі такой перасцярозе. І ўсё ж невялікая група не вярнулася ў Крывічы, схаваўшыся ў сялян навакольных вёсак.

28 красавіка 1942 года на досвітку ў Крывічы з Вілейкі і з іншых гарнізонаў панаехала шмат гестапаўцаў, паліцэйскіх. Пра той трагічны дзень успамінаў Іван Маісеевіч Шуд:

- Да дамоў, дзе жылі яўрэйскія сем’і, паспяшаліся карнікі. Я паспеў забегчы ў стадолу і там схавацца. Праз шчыліну ў сцяне бачыў, як, штурхаючы прыкладамі, з хаты павялі бацькоў, суседзяў. Іх завялі за каменную агароджу касцёла. Чуліся плач, крыкі. Людзі здагадваліся, што іх лёс вырашаны. Убачыў, вуліцай павезлі бочку з бензінам. Будуць паліць!

Сваіх ахвяраў карнікі павялі да адного будынка, на ўскраіне пасёлка. Там забілі і спалілі.

Паліна Сямёнаўна Кацовіч уцякла з дому перад тым жахлівым днём:



  • У суседа Кацовіча Шмуйлы былі дзве дачкі і два сыны. Калі канваір-немец ішоў побач са сваімі ахвярамі да месца расстрэлу, адна з дачок кінулася з кулакамі на ворага. За гэта яе жывой кінулі ў вогнішча.

Фашысты акружылі табар цыган ля вёскі Піліпкі і ўсіх расстралялі. Тады ж расправіліся і з вялікай групай ваеннапалонных.

Той, хто з яўрэяў уцёк і схаваўся ў лесе ці ў сялян, вырашылі ісці на ўсход, каб перайсці лінію фронту.

Далей Паліна Сямёнаўна ўспамінала:

- Невялікая група дабралася ў Віцебскую вобласць. Перажылі блакаду. Я абмарозіла ногі. Усё ж лінію фронту пераадолелі. Ваенныя медыкі аказалі дапамогу. Засталася працаваць у перавязачнай палявога шпіталю. Праз усю вайну і цяпер успамінаю сваіх родных, блізкіх, загубленых фашыстамі і іх памагатымі-паліцэйскімі. Аднаго з паліцэйскіх пасля вайны судзілі ў Вілейцы. На пытанне суддзі, колькі праліў крыві людской, ён нахабна адказаў: “Калі напоўніць ванну, можна выкупацца”.

Амаль па таму ж самому сцэнарыю разгортваліся падзеі і ў раённым цэнтры Мядзел. Жадаючы паказаць сваю жорсткасць і запалохаць і яўрэйскае, і ўсё астатняе насельніцтва, фашысты ў жніўні 1941 года арыштавалі дваццаць аднаго мужчыну, завялі за мост на рэчцы, што злучае азёры Баторына і Мястра, і расстралялі. Праз некалькі дзён праявілі “гуманнасць”, дазволілі пахаваць на могілках. У снежні таго ж года быў забіты млынарДзіменштэйн з жонкай і дачкой.

Астатнія сем’і апынуліся ў гета за калючым дротам. Цяжка было сарыентавацца няшчасным людзям, якіх пазбавілі сувязі з астатнім насельніцтвам пасёлка. Настаў новы жахлівы дзень 23 верасня 1942 года – карнікі пад узмоцненым канвоем вывелі 74 мужчын, жанчын, дзяцей да возера Баторына і пачалі паліваць свінцовым агнём. Астатніх у гета чакаў такі самы лёс. Знясіленых фізічна і марльна людзей выратавалі партызаны. Пра гэта расказаў на старонках “Нарачанскай зары” у сваіх успамінах былы начальнік асобага аддзела атрада “Мсціўца” Аляксандр Патапавіч Бялоў:

“…У ноч з першага на другое лістапада 1942 года чатыры роты атрада штурмавалі гарнізон у Мядзелі. Бой быў кароткі. У разгар яго немцам прыйшло падмацаванне. Партызаны, вызваліўшы з гета грамадзян яўрэйскай нацыянальнасці, пачалі адыходзіць. Каб скрыць гэта ад ворага, мы падпалілі выпадкова знойдзеныя бочкі са шкіпідарам. Дымам закрыла наваколле”.

27 кастрычніка 1942 года смерць напаткала 20 чалавек яўрэяў з Мядзела, якія раней уцяклі з няволі. Іх выявілі фашысты і расстралялі за ракой Вілія ў лесе паблізу вёскі Камена Вілейскага раёна. Яшчэ дзевяць чалавек склалі свае галовы ў 1944 годзе ў час блакады ва Ушацкім раёне Віцебскай вобласці. Яны не дасягнулі сваёй мэты перайсці лінію фронту.

Смерць напаткала мядзяльчан у партызанскіх атрадах і на фронце. Так, у баі пад Дунілавічамі загінуў Залман Шлёмавіч Альпяровіч, у Прыбалтыцы ў 1944 годзе палі смерцю храбрых салдаты-браты Сілон і Давід Ходасы.

…Мястэчка Свір па-над берагам возера такой самай назвы. Здаўна жылі і тут яўрэйскія сем’і. Маладыя хлопцы з малазаможных сем’яў, рызыкуючы трапіць за краты, дапамагалі падпольшчыкам у іх барацьбе за сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне (адбывалася пры буржуазна-памешчыцкай Польшчы).



  • Нялёгка было з Вільні даставіць у Свір нелегальную літаратуру, - успамінаў жыхар г.п.Свір, былы сакратар падпольнай ячэйкі КПЗБ Кузьма Якаўлевіч Собалеў, - калі станеш часта ездзіць у горад, западозрыць паліцыя і зробіць вобыск. А знойдуць газеты, лістоўкі, брашуры – не мінаваць арышту, суда і турмы на шмат год. Тут нам, падпольшчыкам, аказваў дапамогу Мельцэр Хаім. У цюках з таварамі яму на склад у Свіры дастаўлялі з Вільні забароненыя выданні. Па ўмоўнаму сігналу я прыходзіў і забіраў літаратуру, каб потым распаўсюджваць сярод жыхароў Свіры і навакольных вёсак.

Калі пасля 17 верасня 1939 года ў Свіры ўсталявалася Савецкая ўлада, многія яўрэі сталі яе актывістамі. Так, Янкель Мільнер працаваў у выканкаме пасялковага Савета. Хто знайшоў занятак у цырульні, кузні, хто ў кравецкай ці шавецкай майстэрнях, магазінах.

Вайна прыйшла і на Свіршчыну. Акупанты патрабавалі ад яўрэйскіх сем’яў новых і новых грошай, каштоўнасцей. Участак вуліцы, дзе жыла местачковая бедната, быў агароджаны калючым дротам, і туды сагналі няшчасных людзей, ганялі на цяжкія работы. Праз некалькі месяцаў па загаду немцаў з навакольных вёсак сагналі ў Свір некалькі дзесяткаў падвод. Паліцэйскія і фашысцкія салдаты выганялі яўрэяў з жылля, каб павезці адсюль у Панары за Вільнюс. Людзі не ведалі, які чакае іх лёс. “Не хвалюйцеся, там на пастаянна паселяць разам з іншымі”, - супакойвалі карнікі сваіх ахвяр. Самі ж ведалі, з якой мэтай канваіруюць дзяцей і пажылых, мужчын і жанчын. У Панарах чакала адно – расстрэл.

Хто не паддаваўся на правакацыю фашыстаў, той збег з гета або з дарогі ў “даліну смерці”. Хаім Мельцар, напрыклад, стаў партызанам, загінуў у баях. Уцалела сям’я Тройца, якая праз усю вайну хавалася ў адной сялянскай сям’і.

А што адбывалася ў тыя грозныя ваенныя гады ў мястэчку Кабыльнік? Такая ж нянавісць і жорсткасць да людзей яўрэйскай нацыянальнасці. Частку насельніцтва – краўцоў, шаўцоў – немцы павезлі ў Вілейку, каб прымусіць шыць адзенне, вырабляць абутак (потым і іх расстралялі).

4 кастрычніка 1942 года пачалася жудасная трагедыя. Раніцай у дамы ўрываліся паліцэйскія і немцы, выганялі людзей, хто ў чым быў, у школу. Сабраўшы да сарака чалавек, пад канвоем пагналі праз рэчку на ўскрай лесу. Старэйшыя жыхары Кабыльніка (цяпер вёска Нарач) не могуць забыць той жахлівай падзеі: хто з ахвяр, ідучы да месца расстрэлу, маліўся, хто плакаў, крычаў. Далёка быў чуваць людскі лямант. Маладзейшыя з яўрэяў кінуліся наўцёкі. Іх даганялі кулі. Нямногія выратаваліся. Перад ямай смяротнікам загадалі распрануцца, каб часам у вопратцы не былі зашыты грошы і з целамі не траплялі ў яму. Паліцэйскія абшуквалі адзенне, дзялілі паміж сабой здабычу. Потым выхваляліся сваім “подзвігам”, не прамінулі расказваць, як немец вырваў з рук Хайкі Батвіннік маленькую дачушку, а потым кінжалам штурхнуў дзіця ў яму.

За першым расстрэлам адбыўся і другі. Некаторым яўрэйскім сем’ям удалося збегчы з Кабыльніка. Калі гітлераўцы падыходзілі да дома, дзе жыла Цыля Хармац, тая разам з сястрой і мужам схавалася за падвойную сцяну ў доме. Ворагі агледзелі памяшканне і, не знайшоўшы нікога, пайшлі прэч. Цыля Хармац са сваімі роднымі ноччу ўцякла на хутар Белая Дача ў ваколіцы Кабыльніка. Сялянка Марыя Пятроўна хавала няшчасных праз усю вайну, дзялілася ўсім, што было ў той. Потым Цыля Хармац выехала за мяжу, сваім вызваліцелям слала пісьмы, бандэролі. Дзесяць чалавек усю вайну хаваліся ад фашыстаў на хутары Ходнеўшчына ў Іосіфа Іванавіча Тункевіча, былога ўдзельніка падпольнага руху ў час белапанскай Польшчы. Выратавалі ад гібелі яўрэйскія сем’і Адольф Жалубоўскі, Ганна Лях. Рызыкавалі сваім жыццём, жыццём сваіх родных. Але разумелі, што ў цяжкі час выпрабаванняў трэба ратаваць людзей ад фашысцкай кулі.

Вёска Будслаў. Жыло ў ёй да 50 яўрэйскіх сем’яў. Асобныя з іх мелі пякарні, забяспечваючы хлебам польскіх пагранічнікаў (непадалёку ад Будслава да 17 верасня 1939 года праходзіла польска-савецкая граніца). Хто трымаў аптэку, хто гандляваў. Усё было, як і ў іншых мястэчках. Канфліктаў з мясцовым насельніцтвам не назіралася.

Гітлераўцы і тут арганізавалі жандармска-паліцэйскі ўчастак. На ўслужэнне да акупантаў падаліся тыя, хто разлічваў адпомсціць землякам, суседзям за якую-небудзь дробную крыўду, ці нажыцца на маёмасці забітых аднавяскоўцаў. Яўрэйскія сем’і ворагі сагналі ў некалькі хат, забараніўшы пад пагрозай расстрэлу трымаць кантакт. Самі ж немцы і паліцэйскія наведваліся з пагрозамі і патрабаваннямі: хочаце жыць – аддавайце каштоўныя рэчы!

У канцы мая 1942 года лёс яўрэйскіх сем’яў з Будслава быў вырашаны. Карнікі і паліцэйскія пагналі няшчасных людзей пад кулямётны агонь. Калі калона праходзіла каля касцёла, васемнаццацігадовая дачка аптэкара Бэла кінулася ў адкрытыя дзверы, каб там выратавацца. Але дарэмна. Дзяўчыну дагнаў паліцэйскі і сілай выштурхнуў з касцёла. Вялі на расстрэл і дванаццацігадовую дзяўчыну Гуткіну, яна прасілася ў свайго былога суседа, які стаў паліцэйскім, адпусціць на волю. Той адказаў лаянкай, потым выхваляўся, што зняў з забітай туфлі і ў іх знайшоў каштоўнасці.

Майстра па вырабу прадметаў з бляхі Вульфіновіча хацелі немцы пакінуць, каб працаваў на іх патрэбы, але той не згадзіўся і падзяліў лёс жонкі і дзяцей.

Толькі лічаным яўрэям удалося выратавацца ад расстрэлу, схаваўшыся ў навакольных вёсках ці падаўшыся ў партызаны. Селянін з хутара Антон Маркевіч выкапаў у лесе зямлянку і прытуліў Шмуйлу Левітана, у якога немцы загубілі жонку і трох дачок.

Адначасова са знішчэннем асоб яўрэйскай нацыянальнасці, акупанты і іх паслугачы расстрэльвалі актывістаў Савецкай улады. Такі лёс чакаў і тых, каго западозрылі ў сувязях з партызанамі. За месяц да выгнання фашыстаў з Будслава карны атрад прывёз аднекуль маладую жанчыну і яе маленькага сыночка. Жанчына сядзела на скрынцы пад наглядам вартавога. Людзі чулі, як маці супакойвала дзіця: “Сыночак, ты не бойся, я з табой”. Карнікі завялі маці і сына на ўскрай вёскі і ў хмызняку расстралялі.

Баючыся расправы за свае ўчынкі, і даведаўшыся, што ў заходніх раёнах Беларусі ўзнікаюць польскія партызанскія атрады, многія будслаўскія паліцэйскія збеглі ад немцаў і падаліся ў Армію Краёвую на “польскіх крэсах”. Яе ваякі імкнуліся не так нашкодзіць немцам, як знішчыць беларускі актыў. Пра гэта подрабязна апісана ў кнізе Юзэфа Мацкевіча “Не трэба гучна гаварыць”, выдадзенай Літаратурным інстытутам у Парыжы ў 1969 годдзе. На 270 старонцы гэтага выдання напісана: “Вёска Іжа, Вілейскага павета, атакавана была праз польскіх партызан з Будслава. Знішчана ў ёй шмат беларускіх дзеячоў”.

Тыя ж польскія партызаны, у якія ўліліся і былыя будслаўскія паліцэйскія, здзейснілі і іншыя крывавыя справы, пра якія расказваецца ў кнізе “Не трэба гучна гаварыць”. Вось прыклад:

“…у парафіі Турэйск, Шчучынскага павету, закатавалі жахлівым спосабам праваслаўнага свяшчэнніка Івана Аляхновіча разам з яго жонкай, …адрэзалі ім вушы, выкалалі вочы, жонцы адрэзалі грудзі, аблілі бензінам і падпалілі, назіраючы, як паміралі ў пакутах”.

Пасля вайны не мінулі пакарання будслаўскія прыслужнікі фашыстаў.

Як заўважылі чытачы, у артыкуле месцамі не прыводзяцца дакладныя даты расстрэлаў, колькасць замардаваных людзей яўрэйскай нацыянальнасці ў тым ці іншым населеным пункце. Гэта таму, што ад тых жахлівых дзён прайшло шмат часу, усё менш і менш застаецца відавочцаў трагічных дзён на нашай Мядзельшчыне. Маладое пакаленне павінна ведаць, што раней адбывалася, бо, гаворачы словамі Максіма Танка, “Гэтага нельга ніяк ні дараваць, ні забыць”.

Па матэрыялах друку,

успамінах старэйшых жыхароў раёна

публікацыю падрыхтаваў



М.Чарняўскі
: uploads -> files
files -> 18 кастрычніка 2012 г. 1522 Аб узнагароджанні Ганаровай
files -> Клубы і аматарскія аб’яднанні Назва бібліятэкі
files -> Клубы і аматарскія аб’яднанні сеткі публічных бібліятэк Стаўбцоўскага раёна
files -> Праграма аховы гісторыка-культурнай спадчыны Пастаўскага раёна на 2012 – 2015 гады
files -> Хроніка вызвалення
files -> Расоншчына ў канцы 19 – пачатку 20 стагодзя
files -> Аб выніках выбараў дэпутатаў Віцебскага гарадскога Савета дэпутатаў 27 склікання
files -> 20 лютага 2012г. 247 Аб узнагароджанні
files -> Загінулі і пахаваны, месца пахавання вядома Прапалі без вестак
files -> 25 ліпеня 2012 г. 1074 Аб узнагароджанні




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка