Гімназія №10 г. Маладзечна



Дата канвертавання17.06.2016
Памер328.42 Kb.


Аддзел адукацыі Маладзечанскага райвыканкама

ДУА “Гімназія № 10 г.Маладзечна”

АПІСАННЕ ВОПЫТУ ПЕДАГАГІЧНАЙ ДЗЕЙНАСЦІ

«РАЗВІЦЦЁ ТВОРЧЫХ ЗДОЛЬНАСЦЕЙ ВУЧНЯЎ ПРАЗ АРГАНІЗАЦЫЮ ЎРОЧНАЙ І ПАЗАЎРОЧНАЙ ДЗЕЙНАСЦІ ПА ПРАДМЕЦЕ “БЕЛАРУСКАЯ ЛІТАРАТУРА”»

Рыбакова Ірына Міхайлаўна,

настаўнік беларускай

мовы і літаратуры

8 (029) 6568938

Змест
Уводзіны …………………………………………………………………..3

Асноўная частка. Развіццё творчых здольнасцей вучняў праз

арганізацыю ўрочнай і пазаўрочнай дзейнасці па прадмеце

“Беларуская літаратура” ……………...……………………… 5

Заключэнне……………………………………………………………... 14

Дадатак 1. План-канспект урока па тэме: М.Багдановіч. Верш

“Слуцкія ткачыхі”………………………………………………………...15

Дадатак 2. Фрагмент гімназічнай газеты “ПАсhаtAK”…………………27

Дадатак 3. Прэзентацыя літаратурна-музычнай кампазіцыі

“Радок, абарваны куляй”

Спіс літаратуры ………………………………………………………….28

Уводзіны
Кожнаму грамадству патрэбны адукаваныя людзі, якія валодаюць словам, умеюць абараніць свае перакананні, погляды, творча ўключыцца ў працэс міжасобаснай камунікацыі, самастойнага пошуку, аналізу і ацэнкі інфармацыі, самарэалізаваць творчыя здольнасці. На маю думку, гэтаму мала садзейнічае працэс тэхнізацыі і пасіўнае пазнаванне праз сродкі масавай інфармацыі. Я ўпэўнена ў тым, што “Беларуская літаратура” як вучэбны прадмет стварае найспрыяльнейшыя ўмовы для развіцця і ўдасканалення інтэлектуальных і творчых здольнасцей вучняў. І Канцэпцыя літаратурнай адукацыі, і змест сучасных вучэбных праграм арыентуюць на эстэтычны і творчы характар засваення прадмета, у сувязі з чым у адукацыйны працэс актыўна ўкараняюцца віды дзейнасці, якія даюць не толькі пэўныя веды, а актыўна садзейнічаюць мысленчаму і творчаму працэсам, фарміруюць свядомыя адносіны да інтэлектуальнай працы.

Актуальнасць вопыту

Урок літаратуры – гэта найперш працэс жыццепазнання, скіраваны на выпрацоўку крытычнага і мадэлюючага тыпаў мыслення. Асаблівая ўвага пры гэтым надаецца развіццю творчых здольнасцей, навыкаў і ўменняў самастойнай працы [2, с. 4]. Разам з пазнаннем літаратуры як мастацтва ідзе працэс усведамлення сябе асобай. Таму тэму майго вопыту лічу актуальнай.



Навукова-метадычнае абгрунтаванне вопыту

Мэта работы: Стварэнне ўмоў для развіцця і ўдасканалення творчага патэнцыялу вучняў ва ўрочнай і пазаўрочнай дзейнасці па прадмеце “Беларуская літаратура”.

Задачы:


  1. Прасачыць адметнасці рэалізацыі творчага патэнцыялу вучэбнай дысцыпліны “Беларуская літаратура” праз арганізацыю ўрочнай і пазаўрочнай дзейнасці;



  1. Вызначыць педагагічныя тэхналогіі, якія найбольш эфектыўна раскрываюць творчыя здольнасці вучняў, і ўкараніць іх у сваю педагагічную практыку.

Сутнасць вопыту

Змены, якія адбываюцца ў сучасным грамадстве, патрабуюць развіцця і ўкаранення новых метадаў адукацыі, прымянення новых тэхналогій, накіраваных на індывідуальнае развіццё творчай асобы. Я лічу, што ў нашым грамадстве створаны належныя ўмовы для таго, каб разгледзець і развіць задаткі і здольнасці ўсіх грамадзян. У гэтым найгалоўнейшая роля належыць сям’і і школе. Задача сям’і – разгледзець задаткі і здольнасці дзіцяці, а задача школы – падтрымаць вучня і развіць яго здольнасці, падрыхтаваць глебу для таго, каб гэтыя здольнасці былі рэалізаваны ў жыцці.

Я цалкам раздзяляю філасофію педагагічнага калектыву нашай гімназіі, якую можна сцісла выказаць у наступным сказе:”Да нас у гімназію прыйшоў чалавек, асоба, і мы павінны дапамагчы ёй развіцца”.

Бясспрэчна тое, што творчыя вучні – здабытак кожнай гімназіі. Выяўленне такіх вучняў і работа з імі з’яўляецца актуальнай задачай як гімназіі, так і, прынамсі, кожнага настаўніка-прадметніка.

Бясспрэчны і той факт, што сучасная адукацыя патрабуе і новага настаўніка, які ўмее арыентавацца ў новых умовах і развівае свае асобасныя якасці, удасканальвае сваю дзейнасць, робячы яе творчай і захапляльнай, уцягваючы ў гэты працэс сваіх выхаванцаў. Як вядома, толькі матываваны настаўнік можа, а самае галоўнае, хоча знайсці вучняў, якія жадаюць працаваць творча, і гэтым у сваю чаргу стымулюць да развіцця самога настаўніка. У арганізацыі сваёй педагагічнай дзейнасці я імкнуся адпавядаць паняццю матываваны настаўнік.

Я лічу, што галоўнае для настаўніка – не толькі захапіць вучняў творчай дзейнасцю, але і паказаць яе значнасць, надаць упэўненасць у сваіх сілах. Таму вядучую ідэю сваёй педагагічнай дзейнасці бачу ў стварэнні ўмоў для развіцця і ўдасканалення творчага патэнцыялу вучняў ва ўрочнай і пазаўрочнай дзейнасці.



Працягласць працы над вопытам

Над тэмай сваёй работы я працавала з пачатку сваёй педагагічнай дзейнасці, але мэтанакіравана пачала вывучаць метадычную літаратуру, апрабіраваць урокі па інавацыйных тэхналогіях, укараняць у сваёй практыцы гады тры назад, калі сутыкнулася з шэрагам праблем:



  • агульная паспяховасць вучня не з’яўляецца галоўным паказчыкам яго рэальных здольнасцей;

  • нягледзячы на зацікаўленасць на ўроку прадметам “Беларуская літаратура”, усё ж факультатыў па прадмеце выбіраюць адзінкавыя вучні;

  • на ўроку нельга сістэмна развіваць творчыя здольнасці вучняў;

  • не ўсе вучні здольныя займацца даследчай працай, а тым больш навукова-даследчай дзейнасцю.

У перспектыве мяркую сваю дзейнасць па тэме вопыту звязаць з інфармацыйна-камунікатыўнымі тэхналогіямі.

Развіццё творчых здольнасцей вучняў ва ўрочнай і пазаурочнай дзейнасці па прадмеце “Беларуская літаратура”

Стымуляванне развіцця творчых здольнасцей адбываецца ў працэсе выкарыстання разнастайных інавацыйных педагагічных тэхналогій. У ходзе працы над тэмай свайго педагагічнага вопыту я вывучала і выкарыстоўвала розныя тэхналогіі, сярод якіх модульная тэхналогія, рознаўзроўневая дыферэнцыяцыя, тэхналогія крытычнага мыслення, праблемнага навучання, педагагічныя майстэрні, мнагамерная дыдактычная тэхналогія. У выніку апрабацый і назіранняў я прыйшла да высновы, што эфектыўнымі для развіцця творчых здольнасцей вучняў з’яўляюцца, на мой погляд, тэхналогія крытычнага мыслення праз чытанне і пісьмо, праблемнага навучання, рознаўзроўневая, тэхналогія педагагічных майстэрняў.

Зразумела, што ўвесь курс беларускай літаратуры нельга пабудаваць на прынцыпах нейкай адной адукацыйнай тэхналогіі. Таму ў сваёй практыцы я выкарыстоўваю як прадукцыйныя педагагічныя тэхналогіі, так і іх элементы, разнастайныя тэхнікі, каб вучням хацелася ведаць прадмет, а вынікі працы радавалі і мяне, і іх. На маю думку, не трэба зусім пазбягаць і класічнай формы ўрока, таму што адна тэхналогія накіравана на развіццё вуснага маўлення, але мала ўдзяляе ўвагі пісьму, другая – развівае ўменне працаваць у групах і г.д.

Пры выкарыстанні інавацыйных тэхналогій я стараюся ўлічыць характар майго прадмета, тэму і мэты, якія хачу дасягнуць на ўроку. Напрыклад, тэхналогія педмайстэрняў больш падыходзіць для ўрокаў літаратуры, чым мовы. На этапе індукцыі я спрабую стварыць фон, настрой урока, у чым мне дапамагаюць музыка, рэпрадукцыі, урыўкі з вершаў, фотаздымкі, партрэты, кадры з кінастужак, ілюстрацыі, запаленая свечка і інш. Так на ўроку ў 11 класе па вывучэнні апавядання Івана Навуменкі “Сямнаццатай вясной” для стварэння эмацыянальнага настрою я выкарыстоўваю малюнкі выпускнікоў гімназіі папярэдніх гадоў з выявай галінак бэзу на фоне выбухаў і агню і аўдыязапіс песні Булата Акуджавы «До свидания, мальчики!». Малюнкі таксама дапамогуць на наступным этапе “самаканструкцыі” скласці асацыятыўны рад да пэўнага паняцця, падумаць над праблемным пытаннем, адказ на якое потым шукаем разам з вучнямі. Напрыклад, асацыяцыі на слова “каханне” былі такія: любоў, шчасце, вясна, трывога, перажыванні, стрэс, радасць.

На этапе “сацыяканструкцыя” я прапаную работу ў парах, групах, сумесны пошук адказаў на пытанні, абмен ідэямі, стварэнне праектаў. Напрыклад, скласці план сцэнарыя, каб зняць кінафільм пра каханне галоўнага героя Цімоха і Стасі і змаганне з фашыстамі юнакоў-падлеткаў.

Прадстаўленне работ вучняў, абмеркаванне розных пунктаў гледжання адбываецца на этапе “сацыялізацыя”. А затым вучням прапаноўваецца на хвіліну стаць настаўнікам і скласці “экзаменацыйныя білеты” з пытаннямі па творы. Потым адбываецца ўсведамленне няпэўнасці, з’яўляецца праблемная сітуацыя, пераход да наступнага этапу майстэрні – разрыву. “Разрыў” – эмацыянальны канфлікт, новае бачанне праблемы. Зачытваю “вытрымку з сачынення вучня” (яна можа быць і памылковай): “Цімох не павінен быў увесь час думаць пра Стасю, паддавацца эмоцыям, бо ішла вайна, гінулі людзі. Галоўны герой думаў пра распоўзлыя чаравікі, якія нагадвалі яму чарапахі, пра латаныя штаны. Нават надзеў бацькаў касцюм, каб спадабацца Стасі. Нездарма сябры назвалі яго здраднікам”.

Прапаную супаставіць свае гіпотэзы з “вытрымкай”, і пасля абмеркавання вучні прыходзяць да высновы, што галоўны герой сам перажываў, што надарылася каханне, баяўся яго. Некаторыя заўважылі, што Цімох мае здольнасць вастрэй за сваіх сяброў адчуваць прыгажосць навакольнага свету, таму ён заўважае квітненне бэзу, нават у час вайны здольны кахаць і берагчы светлае пачуццё да дзяўчыны.

Пасля эмацыянальнага разрыву вучні самастойна выконваюць творчую працу – сачыненне-мініяцюру “Роля вобраза-сімвала бэзу ў творы”. За гэту творчую работу па жаданні вучняў выстаўляю адзнакі. Асабліва цікавыя атрымліваюцца работы ў творчых вучняў.

Заключны этап майстэрні – рэфлексія: падводзім вынікі. Мне больш падабаецца праводзіць рэфлексію, складаючы сінквейн.

Напрыклад: Вайна.

Жудасная, бязлітасная.

Забівае, нішчыць, руйнуе.

Жыццё мацнейшае за яе.

Злачынства.

Дамашняе заданне імкнуся даць рознаўзроўневае. Напрыклад, 1 узровень – прачытаць апавяданне І.Навуменкі “Хлопцы самай вялікай вайны” і ўмець адказаць на 1-3пытанні на ст. 138 вучэбнага дапаможніка; 2 узровень – прачытаць апавяданне І.Навуменкі “Хлопцы самай вялікай вайны” і выканаць заданні 4 і 5 на ст. 138 вучэбнага дапаможніка; 3 узровень – прачытаць апавяданне І.Навуменкі “Хлопцы самай вялікай вайны” і скласці вуснае выказванне: “Што збліжае мяне з пакаленнем Віктара Пасашкі і Цімоха?”

Усе мае заданні і дзеянні на ўроку з выкарыстаннем тэхналогіі педагагічных майстэрняў накіраваны на тое, каб падключыць уяўленне вучняў, стварыць псіхалагічны камфорт, такую атмасферу, у якой ён праявіў бы сябе як творца. Вучань набывае не толькі веды, але і вопыт жыцця, фарміруе сваю моўную культуру.

Вялікае значэнне для развіцця творчых здольнасцей вучняў мае добра арганізаваная і сістэматычная даследчая дзейнасць, якая спрыяе не толькі развіццю і ўдасканаленню творчых здольнасцей вучня, але і матывуе яго на выкананне вучэбнай задачы ў цэлым і садзейнічае яго сацыяльнай адаптацыі ў асяроддзі аднагодкаў.

Даследчая дзейнасць вучняў у навучальнай установе можа развівацца як ва ўрочнай, так і пазаўрочнай дзейнасці. Разглядаючы ўрок-даследаванне ў рамках даследчай дзейнасці вучняў, варта адразу адзначыць, што нельга атаясамліваць такія паняцці як даследчая дзейнасць і ўрок-даследаванне.



Даследчая дзейнасць

Урок-даследаванне

не абмежавана часавымі рамкамі

абмежавана часавымі рамкамі – 45 хвілін

даследаванне з загадзя невядомым вынікам.

даследаванне з загадзя вядомым рашэннем, але незнаёмым вучням

Мэты даследчай дзейнасці:

- фарміраванне творчай актыўнасці;

- навучанне прыёмам даследчай дзейнасці, метадам , прынцыпам, формам і спосабам навуковага пазнання;

- фарміраванне матывацыі даследчай дзейнасці;

- стварэнне ўмоў для самарэалізацыі вучняў праз выкананне даследавання


Мэта ўрока-даследавання – набыццё вучнямі функцыянальнага навыку даследавання як універсальнага сродку атрымання новых трывалых ведаў.

Урок-даследаванне (Дадатак 1.) прадугледжвае наяўнасць асноўных этапаў, характэрных для даследавання ў навуковай сферы:

- пастаноўка праблемы;

-прагляд тэорыі, прысвечанай дадзенай праблематыцы;

- падбор інструментаў для даследавання і практычнае валоданне імі;

- апрацоўка атрыманага выніку, яго аналіз і абагульненне, уласныя высновы.

Я лічу, што галоўнай каштоўнасцю ўрока-даследавання з'яўляецца каштоўнасць працэсу руху да ісціны.

Урок-даследаванне – гэта ўрок вывучэння і першаснага замацавання новых ведаў і спосабаў дзейнасці. Гэта ўрок першага тыпу, вынікам якога будуць трывалыя веды навучэнцаў па дадзенай тэме.

Важна сфармуляваць мэту так, каб яна была зразумелай навучэнцам, каб яны ведалі, якім можа быць вынік іх дзейнасці на ўроку. Імкнуся арганізаваць пачатак урока так, каб пастаноўка мэтаў адбывалася самімі вучнямі. Я ўпэўнена, што поспех ўрока будзе больш верагодным, калі мэта настаўніка становіцца імкненнем вучняў.

Паколькі галоўным вынікам урока-даследавання з'яўляецца інтэлектуальны, творчы прадукт (веды), які ўстанаўлівае тую ці іншую праўду ў выніку працэдуры даследавання, то пры вызначэнні мэтаў урока-даследавання я прытрымліваюся наступных клішэ:


  • навучальная мэта ўрока-даследавання: стварыць умовы для навучання прыёмам і формам даследчай дзейнасці праз вывучэнне ...; - набыццё вучнямі функцыянальнага навыку даследавання для атрымання трывалых ведаў ..., -уменняў...; з дапамогай арганізацыі даследчай дзейнасці арганізаваць працу па набыцці ведаў.

Задачы ўрока-даследавання:

- у працэсе ўрока-даследавання стварыць умовы для развіцця ў вучняў уменняў фармуляваць прамежкавыя праблемы, прапаноўваць шляхі іх рашэння;

- спрыяць развіццю ў вучняў умення наладжваць зносіны;

- забяспечыць развіццё ў вучняў маналагічнай і дыялагічнай гутаркі.

Не сакрэт, што ўрок-даследаванне патрабуе дбайнай падрыхтоўкі педагога, якая заключаецца ў выбары праблем, тэмы ўрока, відаў працы на ўроку, якія спрыяюць рашэнню даследчай задачы, у пошуку дадатковага матэрыялу.

Акрамя ўсяго вышэй сказанага, арганізацыя такіх урокаў патрабуе высокай эрудыцыі самога педагога, творчага падыходу да арганізацыі ўрочнай працы навучэнцаў.

Акрамя ўрокаў, вучні могуць праводзіць даследчую працу, якая заключаецца ў дамашніх заданнях даследчага характару, што стымулюе творчыя здольнасці, уяўленне, фантазію, актыўную разумовую дзейнасць. Дамашнія заданні творчага, даследчага характару могуць быць доўгатэрміновымі і кароткатэрміновымі. Гэта залежыць ад ступені складанасці задання.

Навукова-даследчыя заданні да ўрока імкнуся забяспечыць выразнымі і лагічнымі інструкцыямі па выкананні задання, ужываючы наступныя дзеясловы і словазлучэнні: даследуй, вызначы, паназірай, вывучы і параўнай, супастаў і прааналізуй, прапануй рашэнне, зрабі выснову, апішы ўбачанае або даследаванае, падлічы і зрабі запіс, падрыхтуй дакладнае апісанне сваіх дзеянняў у ходзе даследавання.

Я лічу, што мая галоўная задача на ўроку-даследаванні складаецца ў тым, каб прывіць густ да даследчай дзейнасці, патрэбу ў сур'ёзнай разумовай працы, якая выхоўвае руплівасць, стараннасць, самастойнасць і крэатыўнасць мыслення.

Аднак найбольшыя магчымасці для правядзення сістэмнай даследчай працы дае пазаўрочная даследчая дзейнасць.

У кожным класе ёсць вучні, якія валодаюць асаблівымі здольнасцямі ў вывучэнні беларускай літаратуры. З такімі вучнямі мною праводзіцца мэтанакіраваная работа як на ўроку, так і ў пазаўрочнай дзейнасці. Гэта правядзенне індывідуальных заняткаў па падрыхтоўцы да гімназічнай, раённай, рэспубліканскай алімпіяд, у якія ўваходзяць і водгук, і вуснае выказванне. Да творчай дзейнасці прыцягваюцца не толькі адораныя вучні, але і тыя, хто хоча рэалізаваць сябе ў розных відах дзейнасці па прадмеце “Беларуская літаратура”, якая з’яўляецца дысцыплінай культуралагічнага цыкла, “якая паслядоўна і сістэматычна далучае вучняў да мастацтва, сродкам спасціжэння жыцця, яго маральных нормаў і якасцей”[2, с. 4]. Гэта можа быць падрыхтоўка да правядзення мерапрыемстваў у рамках прадметных тыдняў, якія штогод праводзяцца ў гімназіі, пазакласных мерапрыемстваў. Напрыклад, адзінаццацікласнікамі былі падрыхтаваны і праведзены імпрэза “У чырвоных кветках вашы сэрцы на Беларусі расцвілі” па кнізе С.Алексіевіч “У вайны не жаночае аблічча” і літаратурна-музычная кампазіцыя “Радок, абарваны куляй”, прысвечаная маладым паэтам, якія загінулі падчас Вялікай Айчыннай вайны (Дадатак 3.).

Адным з эфектыўных сродкаў раскрыць творчы патэнцыял вучняў з’яўляецца праектны метад, які (ці элементы якога) выкарыстоўваю як на ўроку, так і ў пазаўрочнай дзейнасці. Напрыклад, да ўрока-абагульнення па сучаснай паэзіі ў 11 класе вучні рыхтуюць групавыя прадукты праектнай дзейнасці – невялікія зборнікі з прадмовай выбраных вершаў сучасных паэтаў, якія адпавядаюць пэўным мастацка-стылявым плыням паэзіі: лірыка-апавядальнай, рамантычнай, лірыка-публіцыстычнай, філасофска-аналітычнай, мастацка-сінкрэтычнай, інтэлектуальнай.

А ў пазаўрочнай дзейнасці за дадзены тэрмін з вучнямі 10-11 класаў ажыццявілі праект “Наш Караткевіч”, прысвечаны 80-годдзю паэта, а таксама праект па стварэнні гімназічнай газеты “ПАасhаtАК”. У ходзе працы над праектамі я прыйшла да высновы, што праектная методыка дапамагае мне далучыць сваіх вучняў да працэсу актыўнага пазнання, нацэльвае на пошук станоўчай інфармацыі, садзейнічае развіццю асобы.

Ахвотна прымаюць удзел мае вучні ў такіх відах дзейнасці, як інтэрнэт-алімпіяда інтэрнэт-гульня, інтэрнэт-конкурсах. Напрыклад, атрымалі сертыфікат, які сведчыць аб нашым актыўным удзеле ў Нацыянальнай інтэрнэт-гульні “Наша Беларусь: Разам з Міхалам Клеафасам Агінскім”.

Заўсёды мае вучні актыўна ўдзельнічаюць у дыягнастычным тэсціраванні, у конкурсе “Буслік”, і абавязкова нехта з іх займае прызавыя месцы ў раёне і нават вобласці.

Я згодна з настаўнікам хіміі Мікалаем Губко ў тым, што развіццё творчай асобы вучня, гатовай да вырашэння нестандартных праблем у любой сітуацыі, самастойнага пошуку і атрымання новай інфармацыі, а таксама фарміравання вопыту самаадукацыі – асноўная мэта арганізацыі навукова-даследчай дзейнасці [4, с. 16]. Некаторым вучням я сама прапаноўваю займацца даследчай дзейнасцю, але ў апошні час самі вучні праяўляюць ініцыятыву і прапаноўваюць тэмы будучых навукова-даследчых работ, у якіх імкнёмся адлюстраваць літаратурныя з’явы на рэагіянальным матэрыяле, што спрыяе выхаванню ў вучняў патрыятызму і нацыянальнай свядомасці. Напрыклад, у рабоце “Раскрыццё духоўнага свету лірычнага героя беларускамоўных вершаў Давіда Юдовіна” даследавалася творчасць маладзечанскага паэта-перакладчыка Давіда Юдовіна, а ў рабоце “Падабенства і адрозненні абразка і нарыса як жанраў на прыкладах твораў К.Паўстоўскага і Янкі Галубовіча” – творчасць маладзечанскага пісьменніка Янкі Галубовіча, які піша для дзяцей.



Рэзультатыўнасць і эфектыўнасць вопыту

Нягледзячы на вышэйпералічаныя цяжкасці, у выніку прымянення ў сваёй дзейнасці элементаў, метадаў і прыёмаў эфектыўных інавацыйных тэхналогій і саміх тэхналогій павысіўся сярэдні бал навучанасці па прадмеце ва ўсіх паралелях, актывізаваўся ўдзел вучняў у літаратурных праектах, інтэрнэт-гульнях і конкурсах, разнастайных творчых конкурсах, даследчай дзейнасці, алімпіядах на розных узроўнях, а таксама яго рэзультатыўнасць.

Па ініцыятыве творчых вучняў у гімназіі пачала друкавацца газета “ПАchatAК” (Дадатак 2.), дзе ім прадставілася магчымасць праявіць свае творчыя здольнасці. Мне, як галоўнаму рэдактару, газеты вельмі цікава працаваць з карэспандэнтамі, развіваць і ўдасканальваць іх творчыя здольнасці на занятках юнкораў, бачыць іх рост і радавацца іх поспехам. Па выніках раённага конкурсу клуба юных журналістаў “Свет на далоні”, прысвечанага 625-годдзю г.Маладзечна, работа вучаніцы 6 “Б” класа Сідарэнка Анастасіі ў намінацыі “Лепшы аўтарскі матэрыял” атрымала дыплом ІІ ступені. Дыплом такога ж узроўню атрымала і наша гімназічная газета ў намінацыі “Лепшая школьная газета”.

Мае вучні актыўна ўдзельнічаюць у розных літаратурных конкурсах. Напрыклад, работа пад назвай “Зорка Венейя” Мархелавай Святланы, ужо выпускніцы, атрымала 1 месца ў Рэспубліканскім конкурсе, аб’яўленым музеем імя М.Багдановіча г.Мінска. У гэтым годзе я з вучаніцай 11 “А” класа Бурак Нінай атрымалі падзяку за пераклад верша У.Высоцкага “Зорка” на беларускую мову і ўдзел у конкурсе “Мая мова, мая культура, я”, аб’яўленым філалагічным факультэтам БДУ.

Даследчыя работы вучняў, якія выконваліся ў перыяд майго педагагічнага вопыту, атрымалі высокую ацэнку з боку камісій гімназічнай, раённай канферэнцый. А ў рамках Трэцяй адкрытай краязнаўчай канферэнцыі ДУА “Вілейская гімназія № 1 “Логас” вучаніцы Лагачова Дар’я і Багнюк Валерыя атрымалі дыплом II ступені за работу “Раскрыццё духоўнага свету лірычнага героя беларускамоўных вершаў Давіда Юдовіна” і ў г.Шчучыне на міжнароднай канферэнцыі “След чалавека – след жыцця”. Работа на тэму “Падабенства і адрозненні абразка і нарыса як жанраў на прыкладах твораў К.Паўстоўскага і Янкі Галубовіча” вучня 7 “В” класа Башкірава Дзмітрыя і вучаніц 6 “В” класа Шапцябой Ангеліны і Клачко Іны заслухоўвалася на абласной навукова-практычнай канферэнцыі.

Як вядома, рэзультат работы настаўніка – гэта дасягненні яго вучняў. У сакавіку 2004 года вучаніца 11 “Б”, у якім я была яшчэ і класным кіраўніком, Морман Вольга вярнулася з дыпломам ІІ ступені з Рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры, сёння яна ўжо працуе ў нашай гімназіі настаўнікам беларускай мовы і літаратуры. А ў сакавіку 2010 года з Рэспубліканскай алімпіяды вярнулася мая вучаніца 11 “А” класа Тонкавіч Яна з дыпломам 1 ступені. Цяпер яна з’яўляецца студэнткай журфака БДУ. Нядаўняя выпускніца Лагачова Дар’я мае ў сваім партфоліа дыпломы 1 ступені раённай і ІІ ступені абласной алімпіяд, а Ярашэвіч Вераніка, выпускніца 2012/2013 н.г., – дыплом 1 ступені раённай алімпіяды. За асабісты ўклад у развіццё здольнасцей адоранай моладзі і высокія паказчыкі ў рабоце я была ўзнагароджана Падзякай у 2004 годзе і Ганаровай граматай Упраўлення адукацыі Мінскага абласнога выканаўчага камітэта ў 2010 годзе.

На працягу сваёй дзейнасці я дзялілася з калегамі сваім вопытам: выступала перад сваімі калегамі на пасяджэннях вучэбна-метадычнага аб’яднання, наведвала ўрокі калег па новых тэхналогіях, сама давала адкрытыя ўрокі па новых тэхналогіях ці з прымяненем іх элементаў. У лютым 2012 года на раённым пасяджэнні ВМА настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры дзялілася вопытам работы з адоранымі вучнямі на майстар-класе па тэме “З вопыту работы па арганізацыі дзейнасці з адоранымі вучнямі на ўроках, факультатывах, індывідуальных занятках па беларускай мове і літаратуры”.

Заключэнне

Такім чынам, рэалізацыя творчага патэнцыялу вучэбнага прадмета “Беларуская літаратура” праз сістэмны падыход не толькі да арганізацыі ўрочнай, але і пазаўрочнай дзейнасці з’яўляецца мэтазгоднай, бо мае наступныяі выгоды:


  1. Выкарыстоўваць інавацыйныя тэхналогіі ці іх элементы можна на любым уроку і пазаўрочным мерапрыемстве ў залежнасці ад творчай задумы настаўніка.

  2. Найбольш поўна творчы патэнцыял прадмета “Беларуская літаратура” рэалізуецца, на маю думку, пры арганізацыі і правядзенні пазаўрочнай дзейнасці. Гэта можна патлумачыць тым, што на ўроку настаўнік абмежаваны часавымі рамкамі, разглядам аднаго-двух літаратурных твораў, а падчас пазаўрочнай дзейнасці можа выкарыстаць твор ці некалькі твораў як першааснову, базіс для пабудовы ўсяго мерапрыемства, для раскрыцця сваёй аўтарскай задумы.

Дадатак 1.

План-канспект урока па тэме: М. Багдановіч. Верш “Слуцкія ткачыхі”

Па дыдактычнай мэце – урок вывучэння новага матэрыялу, па змесце элементаў даследчай дзейнасці – урок-даследаванне (пачатковы узровень).

Прадмет даследавання – верш “Слуцкія ткачыхі”.

Вынік індывідуальнай даследчай дзейнасці вуняў на ўроку – вынікі ведаў, выкананне кантрольнага тэсту па жыццёваму і творчаму шляху М.Багдановіча.

Мэта: стварыць умовы для фарміравання даследчых уменняў вучняў шляхам аналізу верша М.Багдановіча”Слуцкія ткачыхі” для атрымання трывалых ведаў пра жыццёвы і творчы лёс паэта.

Задачы:


- у працэсе ўрока-даследавання стварыць умовы для развіцця ў вучняў уменняў фармуляваць прамежкавыя праблемы, прапаноўваць шляхі іх рашэння;

- спрыяць развіццю ў вучняў умення наладжваць зносіны;

- забяспечыць развіццё ў вучняў маналагічнай і дыялагічнай гутаркі. Урок-даследаванне патрабуе дбайнай падрыхтоўкі педагога, якая заключаецца ў выбары праблем, тэмы ўрока, відаў працы на ўроку, якія спрыяюць рашэнню даследчай задачы, дадатковага матэрыялу.

- пазнаёміць вучняў з лёсам паэта і яго вершам “Слуцкія ткачыхі”;

- садзейнічаць фарміраванню ўменняў аналізаваць прапанаваны верш, вызначаць тэму і асноўную думку, мастацкія сродкі, супастаўляць, абагульняць і параўноўваць паняцці і з’явы, выказваць і аргументаваць асабістую думку;

- спрыяць выхаванню пачуцця прыгожага, любові да Радзімы, роднага краю.



Абсталяванне: вучэбны дапаможнік для 8 класа, карткі-заданні, аўдыязапіс чытання верша, песні ў выкананні ансамбля “Песняры”, мультымедыйная прэзентацыя, тэставае заданне, выстава кніг паэта, беларускія ручнікі.

І тчэ, забыўшыся, рука,

Заміж персідскага ўзора

Цвяток радзімы васілька.

М.Багдановіч

Ход урока

І. Арганізацыйны момант. Настрой на працу. Добрай раніцы! Калі вы ішлі ў гімназію, яшчэ ў небе былі відаць зоркі. Нягледзячы на тое, што зімой позна віднее, і , напэўна, яшчэ некаму хочацца спаць, усміхнемся адзін аднаму і пазнаёмімся з лёсам генія, “трэцяй зоркі” на небасхіле беларускай паэзіі – Максіма Багдановіча, і яго вершам “Слуцкія ткачыхі”. Запішыце тэму ўрока ў сшыткі.

Эпіграфам (запісаны на дошцы) да ўрока з’яўляюцца апошнія радкі з дадзенага верша (выразна чытае загадзя падрыхтаваны вучань). Давайце сфармулюем гіпотэзу нашага даследавання, над рашэннем якой мы будзем працаваць на працягу сённяшняга ўрока. З прапанаваных выбіраем наступную:



ІІ. Гіпотэза: Вобраз васілька – гэта сімвал Бацькаўшчыны.

Вызначэнне задач урока сумесна з вучнямі:

– Давайце паспрабуем вызначыць, якія задачы мы будзем вырашаць сёння на ўроку, чаго вы чакаеце ад яго, запоўніўшы картку № 1:



Картка № 1

Я хацеў бы (хацела б)

  • навучыцца …;

  • асэнсаваць …;

  • вызначыць мастацкія сродкі…;

  • паглыбіўшы веды пра жыццё паэта, зразумець, чаму ён звярнуўся да тэмы … і даведацца …;

  • пацвердзіць гіпотэзу ….

Картка № 1 (запоўненая вучнямі)

Я хацеў бы (хацела б)

+навучыцца выразна чытаць верш;

+асэнсаваць тэму верша, асноўную думку;

+вызначыць мастацкія сродкі, з дапамогай якіх аўтар стварае яскравыя карціны ў вершы;

+паглыбіўшы веды пра жыццё паэта, зразумець, чаму ён звярнуўся да тэмы слуцкіх паясоў, і даведацца, як яны ствараліся;

+ пацвердзіць гіпотэзу.



ІІІ. Слова настаўніка: Сёння ў нас не проста ўрок, а ўрок- даследаванне. 9 снежня – дзень нараджэння паэта. У гэты дзень штогод у Мінску да помніка паэту, які стаіць на вуліцы Максім Багдановіча, недалёка ад месца нараджэння паэта (дом не захаваўся), прыхільнікі творчасці паэта прыносяць кветкі і дэкламуюць вершы, самога Багдановіча і прысвечаныя яму.

У нас працавалі 3 групы, якія атрымалі апераджальнае дамашняе заданне. Яны праводзілі свае даследаванні.



Сакратар на нашым уроку будзе ацэньваць вашу працу, падводзіць вынікі. Будзьце ўважлівымі. У канцы ўрока вам трэба будзе вызначыць самае яркае даследаванне.

ІV. Выступленне груп. Сакратар: Праслухаем выступленне 1 групы, якая даследавала біяграфію паэта. Падчас выступлення астатнія вучні запаўняюць табліцу ў картцы № 2. Вам патрэбна будзе зачытаць атрыманыя вынікі і назваць самы цікавы факт з біяграфіі.

Картка № 2 Біяграфія М.Багдановіча

Максім Багдановіч нарадзіўся







педагог Адам Ягоравіч




настаўніца Марыя Апанасаўна Мякота

Маленства прайшло

у горадзе …

Ён самастойна вучыў




Букваром былі







на сухоты

Выдаў адзіны зборнік







у Ялце ў 1917 годзе




Ауцкіх могілках




Місхоры, Яраслаўлі, Мінску

Група 1:Наша група карысталася пры падрыхтоўцы творчага дамашняга задання наступнай літаратурай і інтэрнэт-рэсурсамі, якія прадстаўлены на слайдзе. Мы даведаліся, што М.Багдановіч нарадзіўся ў 1891 годзе ў Мінску. Бацька, Адам Ягоравіч, педагог, – высокаадукаваны чалавек. Маці – Марыя Апанасаўна Мякота – працавала настаўніцай, любіла літаратуру, нават друкавала свае апавяданні. У хуткім часе сям’я перабралася ў г.Гродна.Там прайшло маленства паэта. Пасля смерці маці, калі хлопчыку не было яшчэ і пяці год, сям’я пакінула Беларусь і пераехала ў Ніжні Ноўгарад, затым у Яраслаўль. Але Максіма цягнула на зямлю продкаў. Ён самастойна вучыў беларускую мову па рукапісах бацькі-этнографа. Букваром для Максіма былі народныя песні, паданні, якія ён знайшоў у бацькавай бібліятэцы. Менавіта яны сталі той сілай, якая абудзіла талент паэта.Толькі ў 1911 годзе паэт прыехаў у Вільню. Больш за месяц жыў у вёсачцы Ракуцёўшчына, недалёка ад мястэчка Чысць, што ў Маладзечанскім раёне. Тут ён чуў жывую народную гаворку, слухаў песні жней, якія спявалі пра каласочкі і васілёчкі.Сустрэча з радзімай пакінула незабыўныя ўражанні, якія ён перадаў у сваіх вершах.

Максім быў хворы на сухоты. Сябры-літаратары сабралі яму грошы для паездкі ў Крым на лячэнне. Памёр паэт у Ялце ў маі 1917 года. Пахаваны на Ауцкіх могілках. Пражыў усяго 25 гадоў. Пры жыцці Багдановіча быў выдадзены адзіны зборнік вершаў “Вянок”. Памяць пра паэта жыве і сёння : яго імем названы вуліцы ў Мінску, Маладзечне, адкрыты музеі ў Мінску, Ракуцёўшчыне, Яраслаўлі, цэнтральная бібліятэка нашага горада носіць яго імя. Помнікі песняру стаяць у Мінску, Яраслаўлі, Місхоры.



Сакратар: Паслухаем атрыманыя даныя па картцы № 2 (адказ вучня па сшытку).

Картка № 2

Біяграфія М.Багдановіча (табліца адказаў)

М.Багдановіч нарадзіўся

9 снежня 1891 года ў Мінску

Бацька

педагог Адам Ягоравіч

Маці

настаўніца Марыя Апанасаўна Мякота

Маленства прайшло

у горадзе Гродна

Ён самастойна вучыў

беларускую мову

Букваром былі

народныя песні

Максім быў хворы

на сухоты

Выдаў адзіны зборнік

вершаў “Вянок”

Памёр

у Ялце ў 1917 годзе

Пахаваны на

Ауцкіх могілках

Помнікі стаяць у

Місхоры, Яраслаўлі, Мінску


Вынікі і пацвярджэнне гіпотэзы: пражыў 25 гадоў, выдаў адзіны зборнік, букваром былі народныя песні, таму кветачка васілёк была на слыху паэта з дзяцінства. Яна, як і іншыя кветкі, упляталася ў вянок беларускімі дзяўчатамі. Бацькі нават імя такое хлопчыкам давалі – Васіль, Васілёк.

ФІЗКУЛТХВІЛІНКА

Група 2: Выступленне 2 групы, якая даследавала гісторыю напісання верша. Астатнія вучні дапісваюць у літаратурныя сшыткі незакончаныя сказы, змешчаныя ў картцы № 2 па гісторыі стварэння верша.

Картка № 2

Гісторыя стварэння верша М.Багдановіча “Слуцкія ткачыхі”

1. У 1911 годзе М.Багдановіч прыехаў у ….

2. Наведаў у Вільні ….

3. Яго ўразіла калекцыя ….

4. Верш быў напісаны ў … годзе.

5. У ім ідзе размова пра … стагоддзе.

6. Верш мае … аснову.

7. Верш адносіцца да … лірыкі.

8. На словы верша беларускім кампазітарам … была пакладзена … і створана песня …, якую выканаў упершыню ….

Наша група карысталася пры падрыхтоўцы творчага дамашняга задання наступнай літаратурай, якая прадстаўлена на слайдзе і інтэрнэт-рэсурсамі. Мы даведаліся, што ў 1911 годзе Максім Багдановіч прыехаў у Беларусь і наведаў у Вільні музей беларускай старажытнасці, дзе яго ўразіла калекцыя слуцкіх паясоў. Ва ўзорах на слуцкіх паясах Максім убачыў знаёмую кветачку. Ён глядзеў на паясы і думаў пра тых, хто быў вымушаны днямі сядзець і карпатліва ткаць для заможных паноў цудоўныя паясы. Замест мужчын-ткачоў, юнак уяўляў прыгожых маладых дзяўчат, спачуваў ім. Ён дайшоў да ўзбярэжжа хуткаплыннай Віллі, сеў на лавачку і задумаўся. І вось думкі, як тая плынь, увасобіліся ў вершы, які быў напісаны ў 1912 годзе. У ім ідзе размова пра 18 стагоддзе, верш мае гістарычную аснову. Адносіцца да грамадзянскай лірыкі, бо ў ім праз вобраз васілька выяўляецца любоў да Радзімы і волі. Пакладзены на музыку Ігарам Лучанком. Упершыню песню выканаў вакальна-інструментальны ансамбль “Песняры” пад кіраўніцтвам Уладзіміра Мулявіна.



Картка № 2 (прыкладныя адказы)

Гісторыя стварэння верша М.Багдановіча “Слуцкія ткачыхі”

1.У 1911 годзе М.Багдановіч прыехаў у Беларусь.

2. Наведаў у Вільні музей старажытнасці.

3. Яго ўразіла калекцыя слуцкіх паясоў.

4. Верш быў напісаны ў 1912 годзе.

5. У ім ідзе размова пра 18 стагоддзе.

6. Верш мае гістарычную аснову.

7. Адносіцца да грамадзянскай лірыкі.

8. На словы верша беларускім кампазітарам Ігарам Лучанком была пакладзена музыка і створана песня “Слуцкія ткачыхі”, якую ўпершыню выканаў ансамбль “Песняры”.

Настаўнік: Давайце яшчэ раз звернем увагу на фрагмент са слуцкага пояса (на ілюстрацыі). Адкажыце, калі ласка, якія кветкі вы там бачыце? Адказ: Блакітныя званочкі, ружовыя гваздзікі, сінія васількі.

Група 3: вучні даследавалі гісторыю слуцкіх паясоў.

Наша група пазнаёмілася з літаратурай па тэме, якая прадстаўлена на слайдзе, выкарыстала таксама інтэрнэт-рэсурсы пры падрыхтоўцы творчага задання, наведала Мінскі абласны краязнаўчы музей г.Маладзечна, дзе змаглі ўбачыць копію слуцкага пояса і паслухаць лекцыю экскурсавода. Мы даведаліся, што ў сярэдзіне васямнаццатага стагоддзя князем Радзівілам у Слуцку была заснавана фабрыка па вытворчасці паясоў – “персіярня”. Называлі яе так, таму што на ёй працавалі персы і туркі, спецыяльна прывезеныя з-за мяжы, каб наладзіць гэтую справу (працавалі толькі мужчыны), а потым выкарыстоўвалася праца мясцовых майстроў. Паясы ўпрыгожваліся шыкоўным арнаментам: поле звычайна запаўнялася папярэчнымі палоскамі або малюнкам, канцы – гірляндамі з кветак і лісця, абшываліся махрамі. У арнамент уключаліся кветкі мясцовай флоры: гваздзікі, васількі, незабудкі, жалуды і інш. Ткаліся яны залатымі, срэбнымі і шаўковымі ніткамі. Іх насілі вельмі багатыя людзі. Даўжыня вырабу – ад трох да пяці метраў, шырыня – дваццаць-трыццаць сантыметраў. На поясе абавязкова была метка “Зроблены ў Слуцку”. У 1846 годзе фабрыка была зачынена. Самая багатая калекцыя мелася ў князёў Радзівілаў. Пазней яна была перададзена ў Дзяржаўную карцінную галерэю. У гады Вялікай Айчыннай вайны калекцы была страчана. Цяпер самыя буйныя экзэмпляры калекцыі знаходзяцца ў Маскве ў гістарычным музеі, у Санкт-Пецярбургу ў Эрмітажы”.



Настаўнік: давайце звернем увагу на беларускія ручнікі, якімі ўпрыгожаны кабінет “Беларуская хатка” і параўнаем іх са слуцкімі паясамі (на ілюстрацыі). Назавіце, што ёсць агульнага ў вырабе і ва ўзорах.

Адказ: І тыя і другія вырабляліся на ткацкіх станках, маюць прадаўгаватую форму, у арнаменце прысутнічаюць кветкі, сярод якіх пераважае васілёк; канцы і паясоў, і ручнікоў абшыты махрамі.
V. Праслухоўванне верша ў мастацкім прачытанні (на дыску). Скажыце, калі ласка, ці ўсе словы вам зразумелыя?

Тлумачальны слоўнік:

1. Ніва –- апрацаванае пад сяўбу або засеянае поле.

2. Тканіна – выраб, атрыманы ў працэсе ткання на ткацкім станку, матэрыял.

3. Ручнік – вузкі прадаўгаваты кавалак тканіны для выцірання твару, рук ці посуду, часцей вышываны.

4. Двор – (у вершы) панскі маёнтак.

Вывучэнне першаснага ўспрымання верша. Калектыўная гутарка

1) Якое ўражанне выклікаў у вас верш ? Да чаго заклікае М.Багдановіч чытача? (Пачуццё захаплення беларускімі дзяўчатамі, якія стваралі не па персідскім, а па народным беларускім узоры мастацтва. У вершы асуджаецца прымус, чужому проціпастаўляецца сваё, роднае. Аўтар ганарыцца працай слуцкіх працаўніц, якія стваралі знакамітыя вырабы не па шаблоне, а творча.)

2) Які мастацкі вобраз, мяркуючы па назве, можна лічыць галоўным? (Вобраз творчых і таленавітых слуцкіх ткачых.)

3) Якія найважнейшыя чалавечыя якасці слуцкіх працаўніц падкрэсліваюцца ў вершы? (Абяздоленасць і шанаванне ўсяго роднага.)



Рэлаксацыя. Слуханне песні ў выкананні ансамбля “Песняры”

Верш паклаў на музыку Ігар Лучанок. Выконваюць яе розныя беларускія спевакі. Паслухайце і адкажыце, ці адпавядае музыка І.Лучанка словам М.Багдановіча. (Гарманічнае спалучэнне музыкі і слоў, мілагучнасць, спакойнае, светлае гучанне, наяўнасць музычных вобразаў.)



VІ. Праца ў групах. Мастацкі аналіз верша. Чытанне верша самастойна, а затым услых. Заданні для груп:

1група. Вызначыць тэму, ідэю верша, вершаваны памер, рыфму. Які вершаваны памер выкарыстаны аўтарам, наколькі ён прыдатны для перадачы пачуццяў слуцкіх ткачых і лірычнага героя?

Адказы:Тэма верша роздум паэта над лёсам беларускіх майстроў.

Ідэя верша сцвярджэнне, што прыгажосць лепш ствараць не па чужым узоры, а па родным, якога прагне душа. Ідэя заключаецца ў апошніх радках.

Двухскладовы памер з націскам на другі склад ямб вельмі арганічны і прыдатны ў гэтым вершы.

Рыфма жаночая, перакрыжаваная.

2 група. Даследаваць кампазіцыю твора.

1) На колькі частак можна падзяліць верш? (На тры часткі.)

2) Аб чым расказваецца ў кожнай частцы? Які настрой пераважае?

Адказы: У першай частцы расказваецца аб тым, як ў няволі ткачыхі пад прымусам ткуць узор на персідскі лад. Пераважае сумны натрой, бо падняволенне не можа выклікаць радасць.

Другая частка верша складаецца з дзевяці радкоў. У іх паказваецца хараство роднай зямлі. Пераважае іншая інтанацыя радкі гучаць радасна.

Трэцяя частка складаецца з трох радкоў. У іх перадаецца хараство роднага краю, які натхніў ткачых на стварэнне роднай красы васілька. Заключная частка гучыць прачула-ўрачыста. Рука ткачыхі забыла завучаны ўзор чужой зямлі, ёю водзіць памяць сэрца, якая захавалася ад продкаў.

3 група.

1. Знайсці і выпісаць у сшыткі мастацкія сродкі, ужытыя ў вершы, з дапамогай якіх аўтару ўдалося стварыць вобраз ткачых і дарагія сэрцу краявіды.

2. Прачытаць у дапаможніку артыкул пра сімвал, знайсці ў вершы вобразы-сімвалы, прывесці прыклады сімвалаў з народных песень.

Слоўнікавая работа. Сімвал – умоўнае абазначэнне з’явы праз прадмет, які нечым нагадвае яе.

Праца з падручнікам.

Адказы: Сімвалы ў песнях – каліна, рабіна, бяроза, вярба – сімвалізуюць дзявочае хараство. У вершы кветка васілёк з’яўляецца сімвалам бацькаўшчыны, сімвал прыгажосці роднай зямлі.



Антытэза: роднай хаце, родным нівам супрацьстаяць панскі двор і персідскі лад.

Інверсія: “Яны, бяздольныя, узяты”,”на лад персідскі ткуць яны”(інверсійны парадак звяртае ўвагу чытача на паднявольнае становішча ткачых.

Метафары: поле смяецца, вясна расцвіла, срэбрам ззяюць хвалі.

Эпітэты: у яснай далі, сінеюць міла, халодным срэбрам.

Сінекдаха: “і тчэ, забыўшыся рука”.

Індывідуальнае заданне (выконваецца на дошцы): па выніках працы запоўніць кластар “Мастацкія сродкі ў вершы”.



ФІЗКУЛТХВІЛІНКА

VІІ. Падвядзенне вынікаў урока. Зварот да эпіграфа (зачытаць яго яшчэ раз). Ці пацвердзілася гіпотэза? Дзе мы гэта ўбачылі?

Адказы: Кветка васілёк запала ў душу паэта яшчэ ў дзяцінстве, калі ён пазнаёміўся з народнымі песнямі. Ва ўзорах і беларускіх ручнікоў, і слуцкіх паясоў ёсць узор васілька. Пазнаёміўшыся з паняццем ”сімвал”, мы зрабілі вывад, што вобраз васілька ў вершы – сімвал Бацькаўшчыны. Такім чынам, гіпотэза пацвердзілася.

Прыгадайце, калі ласка, якая сімволіка выкарыстоўваецца на Рэспубліканскім конкурсе маладых выканаўцаў “Фестываль беларускай паэзіі і песні”, які штогод праходзіць у нашым горадзе? (Так, нотны стан і выява кветкі васілька, як гарманічнае спалучэнне мелодыі і прыгажосці слова.)

VІІІ. Выніковы кантроль. Тэст

1. М Багдановіч нарадзіўся ў

а) Мінску, б) Гродне, в) Яраслаўлі.

2. Дзяцінства прайшло ў

а) Гродне, б) Яраслаўлі, в) Мінску.

3. Букваром для Максіма былі:

а) народныя песні, б) народныя паданні, в) народныя загадкі.

4.Адзіны зборнік вершаў называецца

а) “Жалейка”, б) “Вянок”, в) “Смык”.

5. Верш “Слуцкія ткачыхі” быў напісаны ў

а) 1912, б) 1911, в) 1913 годзе.

6. У вершы ідзе размова пра якое стагоддзе ?

а) 18, б) 17, в) 16.

7. Адносіцца дадзены верш да пэўнага віду лірыкі

а) інтымнай, б) грамадзянскай, в) пейзажнай.

8. Кампазіцыя складаецца з

а) дзвюх частак, б) трох частак, в) чатырох частак.

9. Рыфма ў вершы

а) кальцавая, б) паралельная, в) перакрыжаваная.

10. Сімвалам Бацькаўшчыны ў вершы з’яўляецца вобраз

а) гваздзіка, б) званочка, в) васілька.

Адказы. 1-а; 2-а; 3-а, б; 4-б; 5-а; 6-а; 7-б; 8-б; 9-в; 10-в.

ІХ. Дамашняе заданне. Вывучыць верш на памяць. Даследаваць другую рэдакцыю верша, параўнаць яе з першай, тэкст на картках: (настаўнік чытае ўслых).

Слуцкія ткачыхі (другі варыянт)

Ім не пабачыць роднай хаты,

Не ўчуць ім дзетак галасы.

Яны ў панскі двор узяты

Ткаць залатыя паясы..

І цягам доўгія часіны,

Аб шчасці ўжо забыўшы сны,

Свае шырокія тканіны

На лад персідскі ткуць яны.

А за сцяной шляхі ў поле,

Шуміць чарэмха ля акна,-

І думкі мкнуцца мімаволі

Туды, дзе расцвіла вясна.

Там так вясёла і прыгожа:

Зіяюць срэбрам ручайкі,

І ў зялёных хвалях збожжа

Закрасавалі васількі.

Там шчыры бор шуміць сурова.

Ты тчэш, бязвольная рука,

Заміж персідскага ўзора,

Цвяток радзімы васілька.




12. Выстаўленне і каменціраванне адзнак разам з настаўнікам (выступленне сакратара кожнай групы):

1. падрыхтоўка прэзентацыі;

2. выразнае чытанне;

3. выступленне з матэрыялам;

4. аналіз верша (праца ў групах);

5. тэст;

6. адказы на пытанні.

Х. Рэфлексія. Завяршыце сказы:

1. На ўроку я працаваў (актыўна/ пасіўна).

2. Сваёй работай на ўроку я (задаволены/незадаволены).

3. Урок для мяне здаўся (кароткім/доўгім).

4. Мой настрой (стаў лепшым/пагоршыўся).

5. Матэрыял урока мне быў (зразумелым/незразумелым).

7. Дамашняе заданне мне здаецца (лёгкім/ цяжкім/вялікім па памеры ці інш.).

8. Самым яркім даследаваннем было даследаванне …



Дадатак 2.

Фрагмент гімназічнай газеты “ПАchatАК”

Спіс літаратуры
1. Адукацыйны стандарт вучэбнага прадмета “Беларуская літаратура” (І-ХІ класы). Адукацыйны партал www.adu.by

2. Вучэбная праграма для устаноў агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай і рускай мовамі навучання. Беларуская літаратура V-XI класы. – Мінск : Нацыянальны інстытут адукацыі, 2012. – 127 с.

3. Губко, В. Бачыць незвычайнае ў звычайным / В. Губко // Настаўніцкая газета. – 2013. - 8 чэрв. – с. 24.

4. Інструктыўна-метадычнае пісьмо Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь «Аб выкладанні вучэбных прадметаў "Беларуская мова" і "Беларуская літаратура" ў 2012/2013 навучальным годзе». Адукацыйны партал www.adu.by

5. Канцэпцыя вучэбнага прадмета “Беларуская літаратура”. Адукацыйны партал www.adu.by

6. http://ru.wikipedia.org

7. Уварова, Н. М. Технология оформления педагогического опыта / Н. М. Уварова, Т. А. Сергеева, Т.В. Максимченко. – М. : Интеллект-Центр, 2003. – 112 с.

8. Электронная версия учебного пособия. «Педагогика школы в двух словах». В.В.Воронов http://mgou.h11.ru/index







База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка