Гімназія г. Дзяржынска



Дата канвертавання05.07.2016
Памер269.78 Kb.

Аддзел адукацыі Дзяржынскага райвыканкама

Дзяржаўная ўстанова адукацыі

“Гімназія г. Дзяржынска”

Фарміраванне прадметных і ключавых кампетэнцый у працэсе выкладання беларускай мовы (камунікатыўная кампетэнцыя)

Намінацыя: Настаўнік-прадметнік

Накірунак: Настаўнікі беларускай мовы і літаратуры
Аляшэвіч Алена Алегаўна

2011


Змест

Уводзіны………………………………………………………………3

Асноўная частка


  1. Віды кампетэнцый. Камунікатыўная кампетэнцыя: сутнасць і структура паняцця……………………………………….6

  2. Спецыфічныя прынцыпы развіцця камунікатыўнай кампетэнцыі вучняў…………………...............................................12

  3. Метады і прыёмы арганізацыі практычнай дзейнасці школьнікаў па развіцці камунікатыўнай кампетэнцыі……………………………………………………........14

  4. Сацыяльна-ролевая гульня як элемент стварэння культурнага маўленчага асяроддзя ..………………………..…….20

Заключэнне………………………………………………...………....27

Спіс выкарыстанай літаратуры……………………….......................28



Уводзіны

Агульнавядомым з’яўляецца тое, што поспех дзіцяці ў школе не заўсёды азначае поспех у жыцці. Вельмі часта адбываецца наадварот. На маю думку, адзін са шляхоў вырашэння гэтай праблемы – кампетэнтнасны падыход, які ў сучаснай адукацыі з’яўляецца адказам на пытанні, як вырашаць практычныя задачы ва ўмовах рэальнага свету, як стаць паспяховым, як будаваць уласную лінію жыцця.

Сёння грамадства развіваецца паскоранымі тэмпамі. Канкурэнтаздольнасць на такім рынку працы шмат у чым залежыць ад здольнасці чалавека набываць і развіваць уменні, навыкі, якія могуць выкарыстоўвацца або трансфармавацца ў дачыненні да цэлага шэрагу жыццёвых сітуацый. Мы павінны рыхтаваць вучняў да жыцця, таму трэба выхоўваць у іх гатоўнасць да пераменаў, развіваючы такія якасці, як мабільнасць, канструктыўнасць, уменне вучыцца.

Кампетэнтнасць разглядаецца як нейкі інтэграваны вынік, які ўключае ў сябе ўсе традыцыйныя вынікі адукацыі, а не адмаўляе іх.

Прынята вылучаць ключавыя кампетэнцыі, агульнапрадметныя і прадметныя.

Як вядома, асноватворнымі, або ключавымі, кампетэнцыямі ў адукацыі (па А. В. Хутарской) з'яўляюцца наступныя:



  • каштоўнасна-сэнсавыя;

  • сацыякультурныя;

  • вучэбна-пазнавальныя;

  • інфармацыйныя;

  • камунікатыўныя;

  • сацыяльна-працоўныя;

  • кампетэнцыі асобаснага самаўдасканалення.

Агульнапрадметныя кампетэнцыі ставяцца да любога кола вучэбных прадметаў і адукацыйных абласцей. Мяркуюць фарміраванне здольнасцяў у навучэнца вырашаць праблемы на аснове вядомых фактаў. Напрыклад:

  • уменне вызначаць паняцці, ствараць абагульненні, усталёўваць аналогіі, класіфікаваць, самастойна выбіраць падставы і крытэрыі для класіфікацыі, усталёўваць прычынна-выніковыя сувязі, будаваць лагічнае разважанне, рабіць вывады;

  • уменне ўсвядомлена выкарыстоўваць моўныя сродкi ў адпаведнасцi з задачай камунікацыі для выражэння сваіх пачуццяў, думак і патрэбаў; планавання і рэгуляцыі сваёй дзейнасці.

Прадметныя кампетэнцыі мяркуюць фарміраванне здольнасцяў у навучэнца прыцягваць для вырашэння праблем веды, уменні, навыкі канкрэтнага навучальнага прадмета.

Настаўнік беларускай мовы і літаратуры павінен стварыць усе неабходныя ўмовы для ўсведамлення вучнямі самабытнасці і непаўторасці беларускай мовы, для засваення адметнасці яе лексіка-граматычнай сістэмы, для фарміравання камунікатыўна актыўнай асобы. Таму ў працэсе навучання беларускай мове неабходна ўключыць такія формы працы, якія б выклікалі ў вучняў жаданне выказвацца, спрачацца, даказваць свае пункты погляду.

Такім чынам, так як адукацыйны працэс у сучаснай школе накіраваны на гарманічнае развіццё асобы школьніка, якому неабходна навучыцца адаптавацца ў сацыяльным асяроддзі і падрыхтаваць сябе да далейшага самастойнага жыцця, найважнейшым кампанентам лінгвістычнай адукацыі становіцца менавіта развіццё моўных здольнасцей і маўленчай дзейнасці асобы. Таму ў кантэксце сучасных патрабаванняў важнай задачай з’яўляецца фарміраванне камунікатыўнай кампетэнцыі школьнікаў. Пэўныя аспекты дадзенага пытання акрэслівалі ў сваіх псіхолага-педагагічных працах Я. У. Каратаева, Т. С. Кудраўцава, М. Г, Яленская і інш.

Камунікатыўныя ўменні дзіцяці развіваюцца сродкамі той мовы, якая абслугоўвае яго стасункі з навакольны светам. Не сакрэт, што для большасці сучасных школьнікаў такой з’яўляецца руская мова, бо, як слушна адзначае А. А. Лукашанец, “фактычна ў сённяшніх умовах беларуская мова – мова тытульнай нацыі і першая дзяржаўная мова Рэспублікі Беларусь – займае другараднае становішча ў моўнай сітуацыі”. Абмежаванае функцыянаванне беларускага маўлення ў грамадстве прывяло да таго, што моўнае асяроддзе дзіцяці дапаўняецца сітуацыямі, у якіх дамінуе беларуская мова, толькі дзякуючы школьнаму навучанню. А гэта значыць, што беларуская мова, якую маленькі чалавек вывучае спецыяльна, для яго ў сучасным жыцці, на жаль, другая.

Тым не менш фарміраванне моўных, маўленчых і камунікатыўных уменняў школьнікаў у працэсе навучання становіцца першачарговай задачай, бо, як падкрэслівае А. А, Лукашанец, “у сённяшняй моўнай сітуацыі ўзрастае роля беларускай мовы як фактару нацыянальнай свядомасці, сімвала і сродку нацыянальна ідэнтыфікацыі і самаідэнтыфікацыі”. Гэта значыць, што сучасная адукацыя павінна быць арыентавана на фарміраванне двухмоўнай асобы, здольнай весці суразмоўніцтва на першай і другой мове ў залежнасці ад камунікатыўнай сітуацыі.

Менавіта камунікатыўныя ўменні займаюць галоўнае месца ў сукупнасці ўсіх уменняў асобы. Яны вылучаюць камунікатыўную кампетэнцыю сярод іншых кампетэнцый, таму патрабуюць спецыяльнага разгляду і ўдакладнення.




  1. Віды кампетэнцый. Камунікатыўная кампетэнцыя:

сутнасць і структура паняцця

На сённяшні дзень, каб якасна ўспрымаць, запамінаць працаваць з бязмежнай хваляй інфармацыі, вылучаць у ёй асноўнае, карыснае, патрэбнае, адмяжоўваць другараднае, неабходна валодаць шэрагам кампетэнцый.



  • Кампетэнцыі ў сферы светапогляду, звязаныя з каштоўнаснымі арыенцірамі вучня, яго здольнасцю бачыць і разумець навакольны свет, арыентавацца ў ім, ўсведамляць сваю ролю і прызначэнне, умець выбіраць мэтавыя і сэнсавыя ўстаноўкі для сваіх дзеянняў і ўчынкаў, прымаць рашэнні, адносяцца да каштоўнасна-сэнсавых. Дадзеныя кампетэнцыі забяспечваюць механізм самавызначэння вучня ў сітуацыях вучэбнай i iнш. дзейнасцi.

Пры правядзенні ўрока настаўнік імкнецца да таго, каб вучань дакладна для сябе ўяўляў, што і як ён вывучае сёння, на наступным занятку і якім чынам ён зможа выкарыстаць атрыманыя веды ў жыцці. Для гэтага варта прымяняць разнастайныя прыёмы. Напрыклад:

  • Перад вывучэннем новай тэмы настаўнік распавядае навучэнцам пра яе, а навучэнцы фармулююць па гэтай тэме пытанні, якія пачынаюцца са слоў “навошта”, “чаму”, “як”, “чым”, “пра што”. Далей сумесна з вучнямі ацэньваецца самае цікавае пытанне. Калі рэгламент ўрока не дазваляе адказаць на ўсе пытанні, вучням прапануецца дома паразважаць над імі і ў далейшым на ўроках абавязкова вянуцца да іх. Дадзены прыём дазваляе вучням зразумець не толькі мэты вывучэння дадзенай тэмы ў цэлым, але і асэнсаваць месца ўрока ў сістэме заняткаў, а, такім чынам, і месца матэрыялу гэтага ўрока ва ўсёй тэме;

  • Часам настаўнік дае вучням самастойна вывучыць параграф падручніка і скласці кароткі канспект гэтага параграфа ў якасці хатняга задання. Перад вучнямі ставіцца задача: вызначыць галоўнае ў пункце, выпісаць новыя ўласцівасці, вызначыць, на якія з раней вывучаных уласцівасцяў яны абапіраюцца. У выніку навучэнцы не толькі больш глыбока разумеюць вывучаемы матэрыял, але і вучацца выбіраць галоўнае, абгрунтоўваць яго важнасць не толькі для іншых, але і, самае галоўнае, для сябе;

  • Прыцягненне навучэнцаў да ўдзелу ў прадметныя алімпіядах, што ўключаюць у сябе нестандартныя заданні, якія патрабуюць прымянення вучнем менавіта прадметнай логікі, а не матэрыялу з школьнага курса.

  • Агульнакультурныя кампетэнцыі звязаны з колам пытанняў, у якіх вучань павінен быць добра дасведчаны (асаблівасці нацыянальнай і агульначалавечай культуры, духоўна-маральныя асновы жыцця чалавека і чалавецтва, асобных народаў, культуралагічныя асновы сямейных, сацыяльных, грамадскіх з'яў і традыцый, роля навукі і рэлігіі ў жыцці чалавека, іх уплыў на свет, кампетэнцыі ў бытавой і культурна-забаўляльнай сферы). Сюды ж адносіцца вопыт засваення вучнем навуковай карціны свету.

  • Вучэбна-пазнавальная кампетэнцыя - гэта сукупнасць кампетэнцый вучня ў сферы самастойнай пазнавальнай дзейнасці, якая ўключае элементы лагічнай, метадалагічнай, агульнавучэбнай дзейнасці. Сюды ўваходзяць веды і ўменні арганізацыі планавання, аналізу, рэфлексіі, самаацэнкі вучэбна-пазнавальнай дзейнасці. Асабліва эфектыўна дадзены выгляд кампетэнцыі развіваецца пры праблемным спосабе выкладу новай тэмы, правядзенні міні-даследаванняў на аснове вывучанага матэрыялу, стварэнні праблемных сітуацый. Вучань, аналізуючы, параўноўваючы, сінтэзуючы, абагульняючы, канкрэтызуючы фактычны матэрыял, сам атрымлівае з яго новую інфармацыю. Настаўнік падахвочвае навучэнцаў да параўнання і проціпастаўлення фактаў, у выніку чаго і ўзнікае пошукавая сітуацыя.

  • Сутнасць інфармацыйнай кампетэнцыі заключаецца ў тым, што пры дапамозе рэальных аб'ектаў (тэлевізар, магнітафон, тэлефон, факс, камп’ютар, мадэм і інш.) і інфармацыйных тэхналогій (электронная пошта, СМІ, Інтэрнэт і інш.) фарміруюцца ўменні самастойна шукаць, аналізаваць і адбіраць неабходную інфармацыю, арганізоўваць, пераўтвараць, захоўваць і перадаваць яе.

Пры планаванні інфармацыйнага пошуку вучань шукае неабходную інфармацыю, прыцягваючы дадатковыя крыніцы. Мы часта даем такія заданні, для выканання якіх неабходна прыцягнуць Інтэрнэт, даведнікі, слоўнікі, энцыклапедыі і г.д. Напрыклад, пры вывучэнні тэмы «Фразеалагізмы», «Этымалогія слоў» навучэнцам неабходна звярнуцца да розных крыніц інфармацыі, каб даведацца аб паходжанні слоў і фразеалагізмаў.

  • Камунікатыўная кампетэнцыя - гэта стварэнне розных тэкстаў (твораў, паведамленняў), публічнае выступленне, прадуктыўная групавая камунікацыя, стварэнне дыялогаў, праца ў групах. Часцей за ўсё ўсе яны сумяшчаюцца на ўроку.

  • Сацыяльна-працоўныя кампетэнцыі азначаюць валоданне ведамі і вопытам у сферы грамадскай дзейнасці (выкананне ролі грамадзяніна, назіральніка, выбаршчыка, прадстаўніка), у сацыяльна-працоўнай сферы (правы спажыўца, пакупніка, кліента, вытворцы), у сферы сямейных адносін і абавязкаў, у пытаннях эканомікі і права, у галіне прафесійнага самавызначэння. Вучань павінен валодаць мінімальна неабходнымі для жыцця ў сучасным грамадстве навыкамі сацыяльнай актыўнасці і функцыянальнай пісьменнасці.

  • З мэтай фарміравання кампетэнцыі асобаснага самаўдасканалення настаўнікам прымяняецца такі від дзейнасці на ўроках, як выкананне заданняў з “лішнімі дадзенымі”. З мэтай развіцця гэтага віду кампетэнцый настаўнікам выкарыстоўваюцца заданні на развіццё навыкаў самакантролю. Адным з прыёмаў выпрацоўкі самакантролю з'яўляецца правядзенне праверкі выканання якіх-небудзь практыкаванняў. Такая праверка патрабуе настойлівасці і вызначаных валявых намаганняў. У выніку ў навучэнцаў выхоўваюцца найкаштоўнейшыя якасці – самастойнасць і рашучасць у дзеяннях, пачуццё адказнасці за іх. Напрыклад, часам пры праверцы адказы не сыходзяцца. Шукаюць памылку. Так дзеці вырашаюць праблему. Пасля гэтага навучэнцы вельмі ўважліва сочаць за думкай і логікай настаўніка. Вынік – ўважлівасць і зацікаўленасць на ўроку, развіццё крытычнага мыслення.

Прадметная кампетэнцыя характарызуе пэўны ўзровень валодання мовай, уключае наступныя віды: лінгвістычную (моўную), маўленчую, камунікатыўную, сацыякультурную, прафесійную кампетэнцыі.

Сучасная моўная адукацыя ў якасці прыярытэтнай вылучае развіваючую мэту (развіццё камунікатыўнай кампетэнцыі), што патрабуе ад вучняў дасягнення такога ўзроўню практычнага валодання мовай, які забяспечыць іх зносіны ў розных сферах жыцця. Таму працэс навучання мове ў сучаснай школе павінен быць падпарадкаваны задачам фарміравання камунікатыўнай кампетэнцыі вучняў, пад якой прынята разумець сістэму моўных, маўленчых, уласна камунікатыўных ведаў, уменняў і навыкаў, якія забяспечваюць гатоўнасць да свабоднага маўлення. Разам з тым трэба браць пад увагу, што гэта яшчэ і ўменне правільна, дакладна, лагічна, дарэчна і выразна перадаваць свае думкі сродкамі мовы з улікам сітуацыі.

Складнікамі камунікатыўнай кампетэнцыі асобы з’яўляюцца тры кампаненты:



Моўны кампанент складаюць моўныя веды, уменні і навыкі на ўсіх узроўнях беларускай мовы, неабходныя для забеспячэння зместу камунікацыі: веды фанетычнай сістэмы беларускай мовы, арфаэпічныя, акцэнтуацыйныя, інтанацыйныя ўменні і навыкі; веды пра асаблівасці лексічнай і фразеалагічна сістэм беларускай мовы, дакладнасць і дарэчнасць словаўжывання, сінанімічныя і антанімічныя адносіны; веданнне граматычнай сістэмы беларускай мовы, правільнае графічнае, арфаграфічнае афармленне і г. д.

Маўленчы кампанент – веды, уменні і навыкі ў рэцэптыўных (чытанне, аўдзіраванне) і прадуктыўных (гаварэнне, пісьмо) відах маўлення; валоданне камунікатыўнымі якасцямі: багаццем, дакладнасцю, лагічнасцю, выразнасцю, дарэчнасцю і інш.

Уласна камунікатыўны кампанент – гэта веды, неабходныя пры сацыяльна-ролевым, міжасобасным і афіцыйным суразмоўніцтве, якія ўключаюць веданне нормаў культуры мовы, правіл этыкету, маўленчых паводзін і інфармацыйныя уменні інавыкі.

Сацыяльна-ролевае суразмоўніцтва мае на мэце пашырэнне і ўмацаванне міжасобасных кантактаў і абумоўлена сацыяльнымі патрэбамі. Міжасобаснае суразмоўніцтва адбываецца ў асяроддзі равеснікаў і ў сям’і, прадугледжвае абмен неафіцыйнай інфармацыяй і закранае прыватныя пытанні, унутраны стан, стаўленне да сяброў, блізкіх людзей, да падзей, якія хвалююць.

Сучаснае жыццё патрабуе ўменняў хуткай арганізацыі маўлення ў афіцыйных сітуацыях. Афіцыйнае суразмоўніцтва мае на мэце атрыманне канкрэтнай інфармацыі.

Пры авалоданні беларускай мовай неабходна памятаць, што суразмоўніцтва залежыць ад самакантролю маўлення, асэнсавання камунікатыўнай значнасці моўных адзінак. Таму абавязковым з’яўляецца авалоданне такімі якасцямі маўлення, як багацце, дакладнасць, лагічнасць, выразнасць і дарэчнасць. Багатае і правільнае маўленне залежыць ад засвоеных сродкаў мовы, якія складаюць актыўны слоўнік вучняў.

У курсе беларускай мовы пры вывучэнні афіцыйнага стылю вучні знаёмяцца з відамі афіцыйных папер, іх будовай і афармленнем. Але ж уменні вуснага афіцыйнага маўлення (весці афіцыйную гутарку ў розных сітуацыях пазашкольнага жыцця, рабіць справаздачу па выніках пэўнага задання і інш.), як відаць, знаходзяцца на недастаткова высокім узроўні. Таму ў межах вучэбнай дзейнасці неабходна фарміраваць наступныя ўласна камунікатыўныя веды, уменні і навыкі: веды пра разнавіднасць афіцыйных сітуацый, нормы афіцыйнага этыкету, уменні планаваць маўленне ў афіцыйных умовах, падаць сябе ў час вуснага маўлення, будаваць вусную і пісьмовую справаздачы і інш.

Такім чынам, з мэтай развіцця ўсіх кампанентаў камунікатыўнай кампетэнцыі пры навучанні беларускай мове, неабходна засяроджваць увагу на такім тэарэтычным і дыдактычным матэрыяле, які развівае імкненне да моўнага і маўленчага самаўдасканалення, спрыяе спараджэнню выказванняў на розныя тэмы сацыяльнага жыцця ў час суразмоўніцтва. Неабходна спецыяльна акцэнтаваць увагу на нацыянальна-культурным матэрыяле, асаблівасцях маўленчых паводзін беларусаў, выкарыстоўваць прэцэдэнтныя тэксты.



  1. Спецыфічныя прынцыпы

развіцця камунікатыўнай кампетэнцыі школьнікаў

Настаўнік, займаючыся арганізацыяй працы па развіцці камунікатыўнай кампетэнцыі вучняў, павінен кіравацца пэўнымі палажэннямі, прынцыпамі:



  • Прынцып камунікатыўнай крэатыўнасці навучання. Ён накіраваны на тое, каб у працэсе маўленчай дзейнасці ў вучняў развіваліся эмацыйная сфера, эмпатычныя і рэфлексійныя здольнасці. Крэатыўнасць у навучанні спрыяе фарміраванню прадуктыўных уменняў вучняў і выпрацоўцы розных варыянтаў паводзін у адпаведнасці з умовамі камунікацыі. Гэтаму, зразумела, будуць дапамагаць цікавыя, неардынарныя заданні з апісаннем маўленчых сітуацый, якія настройваюць на творчасць, пошук нестандартных рашэнняў і арыгінальных выказванняў.

  • Прынцып стварэння камунікатыўна-культурнай прасторы ў працэсе навучання беларускай мове вызначае распрацоўку маўленчай сітуацыі з дапамогай разнастайных тэкстаў, якія дэманструюць узор ужывання моўнага матэрыялу ў маўленні, апісваюць умовы камунікацыі ў адпаведнасці з відамі суразмоўніцтва.

  • Прынцып стымулявання механізмаў маўлення арыентуе на вызначэнне інфармацыйнай і пабуджальнай мэт праз камунікатыўныя ўстаноўкі, якія накіраваны на стварэнне ў вучняў патрэбы маўлення па-беларуску і спрыяюць унутранай падрыхтоўцы выказвання. Найбольшая ўвага павінна ўдзяляцца спецыфічным граматычным законам беларускай мовы, якія будуць новымі для вучняў. Таксама важнае значэнне мае дыдактычны матэрыял, які павінен быць узорам дакладнасці, выразнасці, вобразнасці маўлення.

Такія прынцыпы дазваляюць рэалізаваць ідэі камунікатыўна-дзейнаснага падыходу ў навучанні беларускай мове, вызначаюць арганізацыю сістэмнай працы і распрацоўку вучэбных сітуацый, якія актывізуюць камунікатыўныя здольнасці школьнікаў, спрыяюць развіццю моўных і маўленчых уменняў.


  1. Метады і прыёмы арганізацыі практычнай дзейнасці вучняў па развіцці камунікатыўнай кампетэнцыі

Уключэнне вучняў у практычную дзейнасць можа быць арганізавана пры дапамозе такіх метадаў і прыёмаў, як інфармацыйна-вучэбны дыялог, праспекцыя, кагнітыўная камунікацыя, трансфармацыя, прыём разгортвання тэматычнага сказа абзаца і інш.

Праспекцыя – спосаб папярэджання інфармацыі ў працэсе вучэбнай камунікацыі, які рэалізуецца пры дапамозе ілюстрацый да лінгвістычных правіл, апорных схем, алгарытмаў, пунктаў плана і інш. Гэты прыём спрыяе фарміраванню наступных камунікатыўна-інфармацыйных уменняў вучняў: разумець асноўную думку выказвання, вызначаць апорныя словы і словазлучэнні тэксту, перабудоўваць тэкст і выбіраць неабходную інфармацыю.

Прыём праспекцыі, напрыклад, дапаможа вывесці закон суседняй мяккасці зычных гукаў. Вучні яшчэ не ведаюць правіла, але ў час чытання асобных слоў у словазлучэннях успрымаюць арфаэпічную норму, якую далей засвойваюць з дапамогай правіла. Настаўнік звяртае ўвагу на тое, як мякка вымаўляюцца спалучэнні зычных у словазлучэннях сцюдзёная вадзіца, смелы хлопчык, спевы птушак, сонечная ўсмешка. Гукавое багацце беларускай мовы робіць яе адметнай, непаўторнай. Мяккая напеўнасць ствараецца дзякуючы двум мяккім зычным гукам, якія жывуць у словах па суседству.



Інфармацыйна-вучэбны дыялог як форма калектыўнай працы арганізуецца ў межах вывучэння пэўнай лінгвістычнай тэмы. Настаўнік фармулюе пэўную камунікатыўную задачу, выразна акрэслівае прадмет маўлення, вызначае тэму суразмоўніцтва, якая павінна быць зразумелай і актульнай для вучняў. У час інфармацыйна-вучэбнага дыялога вучні ствараюць выказванні на прапанаваную тэму, творча асэнсоўваюць яе, пры неабходнасці дабудоўваюць уласныя тэксты. Пры гэтым кожны можа выказваць свае думкі і меркаванні, карыстацца апорнымі схемамі, словамі, задаваць пытанні ўдакладняльнага характару.

Прыём разгортвання тэматычнага сказа абзаца тэксту таксама накіраваны на развіццё творчых уменняў вучняў. Тэматычны сказ абзаца – сказ, які ўтрымлівае слова, словазлучэнне ці частку сказа, якія патрабуюць развіцця, дэталізацыі. У тэксце выбіраецца адзін з названых элементаў. Вучні атрымліваюць заданне пашырыць тэматычны сказ абзаца, папоўніць яго, падабраўшы патрэбную інфармацыю, разгарнуць думку, абапіраючыся на ўласны вопыт, прывесці свае прыклады. Гэты прыём выкарыстоўваецца, калі настаўнік прапаноўвае вучням успомніць асноўную думку, якую хацеў данесці адрасат.

Разгледзім паэтапнае вывучэнне граматычнай тэмы “Утварэнне і правапіс канчаткаў складаных прыметнікаў” (6-ты клас) з выкарыстаннем пералічаных вышэй метадаў і прыёмаў.

Настаўнік паведамляе тэму і задачы ўрока, пасля чаго выкарыстоўвае для прагназавання лінгвістычнай інфармацыі прыём праспекцыі.


Схема 2. Праспекцыя звестак па тэме “Утварэнне і правапіс складаных прыметнікаў”

З дапамогай гэтага прыёму магчыма адразу даць азначэнне тэрміна складаныя прыметнікі і высветліць, што новага даведаюцца вучні (ад чаго ўтвараюцца складаныя прыметнікі, правапіс складаных прыметнікаў) і для чаго ім гэта патрэбна.

Далей настаўнік накіроўвае вучняў на запамінанне інфармацыі: “Паслухайце тэкст, запомніце, як разгортваецца інфармацыя ў тэксце. Перакажыце частку тэксту, у якой падаюцца звесткі пра тое, як да нас трапіла бульба. Прыдумаце загаловак тэксту”.

Звычайныя людзі гавораць: “Бульба – хлебу дапамога”. І гэта праўда. Без бульбы нельга ўявіць ні абедзены, ні ўрачыста-святочны стол. Бульбу вараць, пякуць, смажаць, фаршыруюць. А якія смачныя і апетытныя жоўта-ружовыя – толькі што з патэльні – дранікі!

Дзікія родзічы бульбы раслі ў Паўднёвай Амерыцы. Адтуль праз акіян, праз тысячы кіламетраў маракі Хрыстафора Калумба завезлі бульбу ў Еўропу. На нашу зямлю клубні трапілі дзякуючы Пятру І. З цягам часу чалавек ацаніў харчовыя якасці бульбы. Сёння агульнавядомая назва яе – “другі хлеб”. У засушлівыя гады, калі не радзіла жыта, іншаземная госця ратавала людзей ад голаду, ад смерці.

Нездарма народны пісьменнік Беларусі Янка Брыль вельмі слушна сказаў: “…Пах бульбы – не проста пах, а водар жыцця”. (Паводле З. Марозава)

Метад кагнітыўнай камунікацыі прадугледжвае пошукавае чытанне: знайсці складаныя прыметнікі ў тэксце (урачыста-святочны, жоўта-ружовы, агульнавядомы, іншаземны) і даказаць, што яны складаныя.

Абапіраючыся на моўны вопыт, набыты пры вывучэнні тэмы “Складаныя назоўнікі, іх правапіс”, вучні паведамяць, што напісаныя праз злучок словы ўтварыліся ад спалучэнняў слоў урачысты і святочны, жоўты і ружовы. Далей разглядаецца спосаб утварэння прыметнікаў агульнавядомы (ад спалучэння прыметніка з прыслоўем) і іншаземны (ад словазлучэння іншая зямля складанасуфіксальным спосабам).

Дадаецца інфармацыя пра тое, што складаныя прыметнікі могуць утварацца ад складаных назоўнікаў. Такім чынам, у выніку працы разгортваецца першы пункт праспекта – робіцца вывад пра спосабы ўтварэння складаных прыметнікаў.

Для разгортвання другога пункта праспекта настаўнік задае пытанні-стымулы, якія актывізуюць дзейнасць вучняў. Напрыклад: “Як пішуцца складаныя прыметнікі?”, “Ці дастаткова тых ведаў, якія мы набылі раней, каб не памыліцца ў правапісе складаных прыметнікаў?”

Праводзіцца аналіз і параўнанне прыкладаў жоўта-ружовы, ярка-ружовы. Вучні адказваюць, што складаныя прыметнікі могуць пісацца праз злучок, калі ўтвораны ад прыметнікаў, раўнапраўных паміж сабой (урачыста-святочны, жоўта-ружовы); калі абазначаюць якасць з дадатковым адценнем (ярка-ружовы).

Наступнае пытанне падводзіць да засваення новай лінгвістычнай інфармацыі: “Ці можа папоўніць рад гэтых прыметнікаў словам паўднёва-заходні?”. Не можа, бо гэты прыметнік утварыўся ад двух слоў паўднёвы і заходні, што называюць напрамкі свету. Значыць, трэба запомніць, ўто праз злучок пішуцца прыметнікі, якія абазначаюць прамежкавыя напрамкі свету. Настаўнік дадае, што праз злучок пішуцца таксама прыметнікі, якія ўваходзяць у склад геаграфічных назваў, з першай часткай усходне-, заходне-, паўночна-, паўднёва-, цэнтральна-: Усходне-Еўрапейская раўніна.

Пры дапамозе прыёму трансфармацыі вучні аднаўляюць словазлучэнні, ад якіх утварыліся прыметнік агульнавядомы, іншаземны. У выніку далейшага аналізу школьнікі робяць высновы пра злітнае напісанне складаных прыметнікаў, якія ўтвораны ад спалучэння прыслоўя і прыметніка, словазлучэння назоўніка з прыметнікам.

Такім чынам, разгортваецца другі пункт праспекта.

Для разгляду трэцяга пункта праспекта мэтазгодна на аснове дыферынцаванага падыходу прапанаваць заданні розных узроўняў.

1-ае заданне – рэпрадуктыўна-прадуктыўны ўзровень. Выкарыстоўваючы метад працы з маўленчымі ўзорамі, настаўнік прапануе: “Знайдзіце ў тэксце выказванні пра бульбу. Каму належаць словы ў першым выпадку? Хто адрасуе нам другое выказванне? Перабудуйце сказы з простай мовай, замяніўшы яе на ўскосную. Уключыце ў сказы складаныя прыметнікі, якія характарызуюць прадмет маўлення.” У выніку выканання задання замацоўваюцца сінтаксічныя ўменні. Вучні перабудоўваюць сінтаксічныя канструкцыі, самастойна ўключаюць складаныя прыметнікі ў выказванне, трансфармуючы гатовы маўленчыя ўзоры.

2-ое заданне – прадуктыўны ўзровень. Выкарыстоўваючы метад вучэбных пазнавальных задач, настаўнік запытвае: “Якія стравы з бульбы вы прыгатавалі б для абедзеннага стала? Якія стравы з бульбы вы хацелі б пакаштаваць за ўрачыста-святочным сталом? Перад вамі стаіць задача расказаць сваім сябрам пра такія стравы, выкарыстоўваючы інфармацыю з першай часткі тэксту”. Пры выкананні задання фарміруюцца ўменні будаваць уласныя выказванні.

У выніку далейшай працы вытлумачваецца трэці пункт праспекта – ужыванне складаных прыметнікаў у маўленні і іх роля. Вучні робяць вывад пра тое, што складаныя прыметнікі дапамагаюць дакладна апісаць з’яву, даць ацэнку, канкрэтызаваць, вылучыць патрэбную рысу прадмета маўлення. Назіранне за роляй складаных прыметнікаў у выказванні прыводзіць да ўсведамлення камунікатыўных якасцей маўлення: дакладнасці, ацэначнасці, характарыстычнасці, што пацвярджае камунікатыўную значнасць граматычнай тэмы.

Такім чынам, лінгвістычнае правіла вывучалася ў арганічнай сувязі з маўленчым матэрыялам, адбывалася дэманстрацыя граматычных з’яў і катэгорый праз выкарыстанне розных відаў маўленчай дзейнасці: чытання, гаварэння, аўдзіравання. Дзякуючы метаду кагнітыўнай камунікацыі была створана магчымасць для пабудовы выказванняў з улікам сітуацыі маўлення ў вуснай або ў пісьмовай форме. Таксама выкарыстанне гэтага метаду спрыяла актыўнай пазнавальнай дзейнасці вучняў, а таксама ўдасканаленню іх вучэбна-моўных уменняў: распазнавальных, класіфікацыйных, аналітычных.


  1. Сацыяльна-ролевая гульня

як элемент стварэння культурнага маўленчага асяроддзя

У сучаснай дыдактыцы важнае месца займае гульня як сродак і форма актыўнага навучання. Імітацыя розных сфер узаемадзеяння людзей адбываецца ў працэсе навучання з дапамогай гульнёвых формаў. Гульня – найбольш дзейсны сродак развіцця ўласна камунікатыўных уменняў вучняў. Яна не толькі дапамагае арганізаваць вучэбна-камунікатыўную дзейнасць школьнікаў, але і з’яўляецца элементам стварэння культурнага маўленчага асяроддзя – фрагментам сацыяльнай дзейнасці, у межах якога адбываюцца стасункі. Асабліва важным бачыцца і тое, што ў працэсе гульні ствараецца магчымасць для актывізацыі механізмаў беларускамоўнай маўленчай камунікацыі.

З ліку дыдактычных гульняў найбольшую цікавасць для нас уяўляе сацыяльна-ролевая гульня, якая стварае магчымасць прадэманстраваць выкарыстанне моўных і маўленчых уменняў і навыкаў, якія актывізуюцца пры стварэнні выказванняў у працэсе суразмоўніцтва. Ствараецца прыцягальны эмацыянальны фон, развівацца асацыятыўнае мысленне і інш.

Маўленчы кампанент сацыяльна-ролевай гульні рэалізуюць наступныя метады і прыёмы:



  • Складанне крэатыўных дыялогаў. Адбываецца ў адпаведнасці з апісанай ва ўмове практыкавання сітуацыяй маўлення. Вучням неабходна зарыентавацца ў сітуацыі, уявіць адрасата і абставіны, у якіх адбываецца суразмоўніцтва, праінсцэніраваць размову дзеючых асоб, выкарыстоўваючы прыдуманыя рэплікі-выказванні.

  • Кампазіцыйнае выказванне “Жывое слова”метад, на аснове якога адбываецца пабудова выказванняў пэўных жанраў (аб’ява, віншаванне, парада, спачуванне, прывітальнае і развітальнае слова, падзяка і інш.). У адпаведнасці з умовай сацыяльна-ролевай гульні вучні ўступаюць у міжасобаснае суразмоўніцтва або ствараюць выказванне для ўяўнага героя, захоўваючы жанравую кампазіцыю тэксту.

  • Мадэляванне тэксту “Словы ў падарунак”. Ажыццяўляецца на аснове дыдактычнага матэрыялу ўрока. Па ўмове гульні вучні атрымліваюць “у падарунак словы”, узятыя з тэкстаў. Настаўнік паведамляе, што слова – прыдатны матэрыял, карыстаючыся якім можна стварыць незвычайны шэдэўр, да гэтага часу нікім не створаны. Умова гульні апісваецца ў адпаведнасці з тэматыкай дыдактычных тэкстаў, якія выкарыстоўваюцца пры вывучэнні лінгвістычнага матэрыялу. Вучні будуюць выказванне, якое таксама камусьці адрасуюць у якасці падарунка.

  • Прыём клішаваных фраз. Заключаецца ў выкарыстанні гатовых, тыповых для пэўнай камунікатыўнай сітуацыі маўленчых штампаў, зваротаў, якія дазваляюць эканоміць час у працэсе суразмоўніцтва. Да іх можна аднесці формулы маўленчага этыкету: прывітальныя, развітальныя выразы, маўленчыя ўстаўкі, якія выяўляюць дадатковую аргументацыю, удакладняюць пазіцыю, згоду або частковую нязгоду з суразмоўцам.

  • Прыём арганізацыі сацыяльна-ролевай гульні на аснове прэцэдэнтных тэкстаў. Дае магчымасць звярнуцца да тэкстаў, якія адлюстроўваюць жыццёвую мудрасць беларусаў. Прэцэдэнтныя тэксты сведчаць пра маўленчую культуру чалавека, багацце яго слоўнікавага запасу. Да такіх тэкстаў належаць:

  • цытаты з твораў беларускіх класікаў;

  • выслоўі: афарызмы, прыказкі, якія ўтрымліваюць жыццёва значную думку, перадаюць яе коратка, трапна;

  • творы вуснай народнай творчасці: жарты, народныя анекдоты, загадкі.

Звяртаючыся да прэцэдэнтных тэкстаў, настаўнік павінен раскрыць іх пазнавальнае і эмацыянальнае значэнне, прадэманстраваць нацыянальную спецыфіку беларускай мовы і літаратуры. Пры арганізацыі сацыяльна-ролевай гульні такія тэксты – апорны элемент у апісанні сітуацыі. Карысным будзе і завучванне прэцэдэнтных тэкстаў на памяць.

Ролевае пераўвасабленне дазволіць рэалізаваць сваю індывідуальнасць, творчыя здольнасці, развіваць камунікатыўны патэнцыял.

У якасці прыкладаў можна прывесці фрагменты вывучэння розных раздзелаў і тэм школьнага курса беларускай мовы з уключэннем сацыяльна-ролевых гульняў, распрацаваных на аснове вышэйпералічаных прыёмаў.

Напрыклад, пры вывучэнні тэмы “Вымаўленне і правапіс галосных о, э, а; е,ё,я” (5 клас) сацыяльна-ролевая гульня паспрыяе ўдасканаленню ўменняў планаваць маўленчую дзейнасць, адчуваць субяседніка і разумець сітуацыю суразмоўніцтва, кантраляваць развіццё камунікацыі. Настаўнік прапануе прачытаць верш і адказаць на пытанне: “Прашто размаўлялі вароны, якія тэмы іх цікавілі?”



Купілі дзве вароны

Мабільныя тэлефоны.

Размаўляюць дзень пры дні

На зямлі і ў вышыні:

Пра сябровак і каханне,

Пра вячэру і сняданне,

Пра сакрэты сваіх мар.

Кар-кар-кар ды кар-кар-кар.

Болей двух гадоў, дарэчы,

Не было ў іх сустрэчы.

Неяк раз адна з варон

Свой згубіла тэлефон.

-Як сяброўка там жыве?

Я злятаю да яе…

Было весела крылатым,

Іх сустрэча стала святам.

(Н. Галіноўская. Вароны і тэлефоны)

Пасля чытання тэксту прапануецца заданне: “Уявіце, што вы сустрэлі свайго сябра, якога даўно не бачылі. Як вы будзеце вітаць яго? Пра што запытаеце? Якія тэмы ў час размовы будуць агульнымі і цікавымі для вас? Разыграйце такі дыялог з суседам па парце. Чаму ў размове шмат кароткіх сказаў? Як вам дапамагаюць жэсты, міміка, паўзы?”



Прыём пабудовы кампазіцыйнага выказвання “Жывое слова” пры вывучэнні тэмы “Назоўнік” (6 клас) дазваляе актуалізаваць лексіка-граматычныя ўменні вучняў. Удасканаліць маўленчыя ўменні, такія як разуменне асноўнай думкі, пошук і перадача патрэбнай інфармацыі, а таксама развіваць уласна камунікатыўныя ўменні: планаванне маўленчай дзейнасці, арыентацыя ва ўмовах камунікацыі.

Настаўнік прапануе вучням паслухаць тэкст і запомніць народныя прыметы:



Шмат якія звяры і птушкі ўмеюць прадказваць надвор’е. Вось кацяня кіпці аб сцяну вострыць – значыць, хутка будзе дождж. Мордачку хавае, лапамі яе захінае – марозныя дні надыходзяць. А раскінецца прывольна, лапкамі ўгору – цёплае і сухое надвор’е будзе. Гусак хавае нос пад крыло – пахаладае. Вераб’і ў пыле купаюцца – хутка дожджык пойдзе.

Але не толькі дождж і вецер, сцюжу і цяпло прадказваюць птушкі і звяры. Яны адчуваюць загадзя, што набліжаецца грозная падземная бура. Дзесьці ўдалечыні ледзь-ледзь уздрыгнула зямля, данёсся з-пад яе амаль нячутны гул. Чалавек не звярнуў увагі. А сабакі, змеі, яшчаркі, рыбы занепакоіліся: бяда будзе!” (Паводле Б. Зубкова)

Далей вучням падаецца апісанне гульнёвай сітуацыі: “Уявіце сабе, што вам прапанавалі стаць вядучым перадачы “Тэлебарометр”. Падрыхтуйце выступленне для рубрыкі “Народныя прыметы”, выкарыстоўваючы інфармацыю з тэксту”.

Пры вывучэнні тэмы “Часы дзеяслова” (6 клас), акрамя метаду кампазіцыйнага выказвання “Жывое слова” (знаёмства з такім сацыяльна-бытавым жанрам,як пахвальнае слова), варта выкарыстаць прэцэдэнтны тэкст “Не хвалі сябе сам, няхай людзі цябе пахваляць”. Засяроджваецца ўвага на наступнай праблеме: за што можна пахваліць чалавека? Якія жыццёвыя сітуацыі не абыходзяцца без пахвальных слоў? Калі будуць дарэчныя такія словы?

Пры дапамозе прыёму клішаваных фраз дэманструюцца выразы, якія можна ўжываць у пахвальным слове ў афіцыйных умовах (дазвольце сказаць, дазвольце зрабіць Вам камплімент, я павінен выказаць Вам і інш.). Можна яшчэ прапанаваць паслухаць верш пра хлопчыка, падобныя на якога, магчыма, ёсць і сярод вучняў класа.



Ёсць у нас Андрэй-артыст,

Пачынальнік-гумарыст.

Сыпле жарты або байкі,

Як Нікулін або Райкін.

Можа рассмяшыць любога,

Нават злоснага бульдога.

А Андрэевы прыколы

Сталі ўжо фальклорам школы.

Прапаноўваюцца заданні: “Уявіце сабе, што вы сустрэлі гэтага хлопчыка. Пахваліце яго за дасціпнасць, вясёлы характар і пачуццё гумару. Уявіце, ўто вы трапілі на творчы вечар аднаго са знакамітых артыстаў. Складзіце яму пахвальнае слова: выкажыце захапленне яго талентам, падзяку за яго творчасць. Якія словы дапамогуць выказаць шчырасць пачуццяў? З якой інтанацыяй павінны прамаўляцца словы?”

У час працы над выказваннем будуць удасканальвацца камунікатыўныя якасці маўлення: выразнасць, вобразнасць, дарэчнасць, даступнасць.

Пры вывучэнні тэмы “Склад. Націск” мэтазгодна выкарыстаць метад мадэлявання тэксту, што дазволіць навучыць школьнікаў вызначаць камунікатыўную мэту, наладжваць кантакт, развіваць інтанацыйныя ўяўленні і ўменні. Умова сацыяльна-ролевай гульні апісвае магчымую сітуацыю суразмоўніцтва.



Коля запрасіў свайго сябра на рыбалку. Пеця: 1) абрадаваўся, бо на дзень нараджэння мама з татам падарылі яму спінінг, і ён, новенькі, стаяў у куце і чакаў свайго часу; 2) абрадаваўся, але засумняваўся, што мама яго адпусціць з сябрам без дарослых; 3) засмуціўся, бо ў яго не было добрай вуды.

Для палёглі ва ўспрыманні інфармацыі можна прапанаваць схему:



Заданне: “Уявіце, што размова ішла па тэлефоне. Разыграйце з суседам па парце дыялог паміж хлопчыкамі, перадайце інтанацыю, з якой адбывалася размова, у адпаведнасці з прапанаванай сітуацыяй”.

Можна прывесці вялікую колькасць прыкладаў, якія ілюструюць прымяненне актыўных метадаў і прыёмаў навучання дзеля развіцця камунікатыўнай кампетэнцыі вучняў. Галоўнае – мець жаданне ажыццяўляць такую дзейнасць, стварыць небходную матывацыю ў вучняў. Тады развіццё ўсіх кампанентаў камунікатыўнай кампетэнцыі вучняў будзе ажыццяўляцца паспяхова і крэатыўна.

Заключэнне

Працэс навучання беларускай мове павінен кампенсаваць недахоп маўленчай практыкі па-беларуску. Трэба браць пад увагу, што вучні авалодаюць маўленча-камунікатыўнымі ўменнямі ў тым выпадку, калі ім будзе прапанавана спецыяльным чынам арганізаваная камунікатыўная дзейнасць – рознабаковая, цікавая, матываваная, кантралюемая. Таму ў працэсе навучання беларускай мове з мэтай развіцця ўласна камунікатыўных ведаў і ўменняў неабходна ствараць такое культурнае асяроддзе, якое рыхтавала б вучняў да самарэалізацыі, заахвочвала б да выказванняў на розныя тэмы сацыяльнага жыцця. Пры такім падыходзе будзе дасягнута асноўная стратэгічная мэта навучання – фармірванне моўнай асобы, кампетэнтнай у розных сферах зносін.

Развіццё камунікатыўнай кампетэнцыі ў працэсе вывучэння беларускай мове адбываецца праз фарміраванне моўных, маўленчых і ўласна камунікатыўных уменняў і навыкаў вучняў, што ў выніку забяспечвае гатоўнасць асобы да маўленчай камунікацыі па-беларуску.

Актыўныя метады і прыёмы навучання (праспекцыі, кагнітыўнай камунікацыі, трансфармацыі, “Жывое слова”, “Слова ў падарунак” і інш.) падводзяць вучняў да разумення важнай ролі граматычнага матэрыялу ў практыцы маўлення. Метад сацыяльна-ролевай гульні дае магчымасць удасканальваць моўныя і маўленчыя ўменні, фарміраваць культуру мовы і мыслення, дэманструе ўзор сацыяльна прымальных паводзін у адпаведнасці з ролямі, якія выконвае чалавек у працэсе жыццядзейнасці. У акрэсленай камунікатыўнай сітуацыі вучні адаптуюцца да разнастайных уяўленых жыццёвых умоў, у выніку чаго маўленне адбываецца не дзеля маўлення, а ў адпаведнасці з правіламі і нормамі сацыяльных адносін. Такое навучанне накіроўвае таксама на засваенне агульнакультурных нормаў, замацоўвае навыкі беларускамоўнай камунікацыі вучняў.



Усё гэта стварае трывалую аснову для самастойнай камунікатыўнай дзейнасці вучняў, якаснай самарэалізацыі як ва ўмовах вучэбнай камунікацыі, так і ў іншым сацыяльным кантэксце.

Спіс выкарыстанай літаратуры

  1. Антонова, Е. С. Где искать ресурсы для обновления школьной методики?/ Е. С. Антонова // Рус. яз. в школе. – 2007. – №6. – С. 10 – 15.

  2. Кудрявцева, Т. С. Современные подходы к обучению речи / Т. С. Кудрявцева // Рус. яз. в школе. – 1996. – №3. – С. 3 – 7.

  3. Лукашанец, А. А. Моўныя праблемы жыцця сучаснага беларускага грамадства / А. А. Лукашанец // Роднае слова. – 2008. – №1. – С. 108 – 112.

  4. Мартынкевіч, С. В. Камунікатыўна-маўленчы патэнцыял асобы школьніка: дыягностыка і аналіз / С. В. Мартынкевіч // Креативные подходы к организации образовательного процесса: сб. материалов науч.-практ. конф. – Гомель, 2007. – Ч. 2. – С. 117 – 122.

  5. Мартынкевіч, С. В. Узровень развіцця камунікатыўных уменняў вучняў 5 – 6 класаў школ з рускай мовай навучання // С. В. Мартынкевіч // Беларус. мова і літаратура. – 2009. – №3. – С. 56 – 60.

  6. Правілы фарміравання культуры вуснай і пісьмовай мовы ў агульнаадукацыйных установах // Роднае слова. – 2008. – №2. = С. 94 – 105.

Эльконин, Д. Б. Психология игры / Д. Б. Эльконин. – 2-ое изд. – М.: Гуманитар. изд. центр «Владо
: MetodKabinet -> InternetForum -> UchitPredm -> UchitBel
UchitBel -> Законы навучання с. 9 Фізічная прастора ўрока
UchitBel -> Беларуская мова” і “Беларуская літаратура” на ўроках і ў пазаўрочнай дзейнасці
UchitBel -> Складнікі эфектыўнага ўрока беларускай мовы і літаратуры
MetodKabinet -> Інструктыўна-метадычнае пісьмо
UchitPredm -> Выхаванне нацыянальнай самасвядомасці ў дзяцей дашкольнага ўзросту ва ўмовах этнасада
UchitBel -> Развіццё літаратурна-творчых здольнасцей вучняў сродкамі ўрокаў беларускай мовы і літаратуры і пазакласнай работы па прадмеце




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка