Гісторыя беларускай літаратуры (ХІХ ст. – 1970-я гады ХХ ст.)



старонка16/32
Дата канвертавання15.05.2016
Памер7.6 Mb.
1   ...   12   13   14   15   16   17   18   19   ...   32

Адным з асноўных празаічных жанраў дадзенага перыяду стала апа­вяданне, напісанае на аснове народных жартаў, анекдотаў, казак: напрык­лад, «Злыя нявесткі і хітры дзед», напісана пад псеўданімам Бронізь (пра тое, як дзед прыкінуўся багатым, а нявесткі імкнуліся заслужыць яго лю­боў). Асноўнай тэмай з’яўлялася жыццё беларускай вёскі і беларускай ін­тэлігенцыі (напрыклад, апавяданні «Сын вёскі» У. Галубка; «Жэртва» І. Даб­рынца і інш.) У творах асуджаецца ренегацтва, адшчапенства людзей, што забываюцца на свае карані.


На фоне празаікаў пачатку ХХ ст. варта адзначыць постаці У. Га­лубка, В. Ластоўскага, К. Лейкі.

Уладзіслаў Галубок (18821937) – сапраўднае імя Уладзіслаў Іосі­фавіч Голуб. Пісьменнік, мастак, драматург. Нарадзіўся ў сям’і чыгуначні­ка, дзяцінства правёў у Мінску. Вучыўся ў царкоўнапрыхадской школе. Скончыў мастацкія курсы ў Мінску. У 1913 г. выдаў зборнік «Апавяданні» (змяшчаў меладраматычныя і гумарыстычныя апавяданні). Сярод вядомых яго твораў варта прыгадаць: «Вясковыя астраномы», «Журавінка», «Апош­няе спатканне», «Шчырае каханне», «Парабкі», «Гонар» і інш. У савецкі час У. Галубок звяртаўся да тэм гістарычнага мінулага і кахання. Расстраляны 28 верасня 1937 г.

Вацлаў Ластоўскі (1883–1938) – друкаваўся пад псеўданімамі Власт, Юрка Верашчака. Нарадзіўся на Дзісненшчыне ў засценку Калеснікі Міёр­скага раёна Віцебскай вобласці. Займаўся самаадукацыяй. Будучы ў Пецяр­бурзе, наведваў лекцыі ва універсітэце. Працаваў у газеце «Гоман», сакра­таром рэдакцыі «Нашай Нівы», выступаючы як публіцыст і празаік; на ста­ронках газет выказваў думку пра галоўную задачу пісьменніка – апісанне прыроды і фарміраванне чалавека-мастака праз яе ўплыў. У 1910 г. напісаў «Кароткую гісторыю Беларусі» (упершыню выдадзена на беларускай мо­ве), «Гісторыю беларускай (крыўскай) кнігі». Аўтару належыць праца «Пад­ручны расійска-крыўскі слоўнік» (1924). У 1918 г. падрыхтаваў да друку зборнік апавяданняў «Недацветы». У творах для дзяцей беларусаў «Неза­будка», «Сейбіт», «Першая чытанка» многа дыдактыкі, акцэнт робіцца на рэлігійным выхаванні. В. Ластоўскі на старонках «Нашай Нівы» выступаў па пытаннях беларускага адраджэнскага руху, вітаў утварэнне БНР, Раду якой узначальваў. У 1926 г. прыехаў на навуковую канферэнцыю ў Мінск. Пасля запрашэння застацца працаваць на тэрыторыі БССР стаў прызнаным беларускім навукоўцам. У 1930 г. арыштаваны і высланы за межы Беларусі (як «нацдэм» і польскі шпіён). Жыў ў Саратаве, працаваў бібліятэкарам. У 1938 г. быў паўторна арыштаваны, а 23 студзеня 1938 г. расстраляны.

Аўтарскія творы цесна звязаны з фальклорам і гісторыяй. Яму нале­жаць філасофска-лірычныя абразкі: «Зайчык», «Мары», «Краскі» і інш. Час­та пісьменнік браўся за апрацоўку паданняў і легенд: «Сож і Дняпро», «Ад­куль пайшлі беларусы», «Дзень рожавай кветкі».



В. Ластоўскаму належыць аповесць-утопія «Лабірынты», якая з’яў­ляецца марай-згадкай пра лепшыя часы беларусаў. Імкненне спасцігнуць метафізіку беларускага этнасу прыводзіць аўтара да стварэння і навукова-мастацкага абгрунтавання міфічнай краіны Крывіі, правобраза Беларусі.

Зоська Верас (1892–1991) – сапраўднае імя Людвіка Антонаўна Сі­віцкая-Войцік. Нарадзілася на Украіне ў пасёлку Мяджыбадж Лятычаўска­га раёна Хмяльніцкай вобласці ў сям’і вайскоўца. Потым лёс закінуў яе ў Беларусь. Жыла ў Вільні. Цікавілася хіміяй, біялогіяй, гісторыяй, геаграфі­яй. На беларускай мове пачала друкавацца з 1911 г. Проза ў дакастрычніц­кі час ўяўляла сабой невялікія мініяцюры, зместам якіх былі перажыванні і чалавечыя пачуцці: «Думкі», «Плылі хмары», «Было лета» і інш. (праводзіц­ца паралель чалавечых пачуццяў з порамі года). З’яўлялася аўтарам «Бела­руска-польска-расійска-лацінскага батанічнага слоўніка» (Вільня, 1924), бра­шуры «Гісторыя ўжывання зёлак у лячэнні» (1934), кнігі вершаў і апавя­данняў для дзяцей «Каласкі» (1985).
Беларуская масавая паэзія пачатку ХХ ст.
Дамінуючым літаратурным жанрам пачатку ХХ ст. у Беларусі стала паэзія, моцны ўплыў на развіццё якой аказала творчасць класіка Я. Купа­лы. Такія аўтары, як Г. Леўчык, Я. Журба, У. Галубок, Стары Улас і інш. наследавалі вобразы і тэмы купалаўскай лірыкі.

Гальяш Леўчык (1880–1944) – сапраўднае імя Ілья Міхайлавіч Ляў­ковіч. Нарадзіўся ў г. Слоніме Гродзенскай вобласці ў сялянскай сям’і. Боль­шую частку жыцця пражыў у Польшчы, часамі прыязджаў у Беларусь. Пі­саў вершы настальгічнага характару. У 1912 г. у Вільні выдазены яго збор­нік «Чыжык беларускі», асноўным матывам якога з’яўляецца туга па Радзі­ме і мары вярнуцца ў родныя мясціны.Памёр у верасні 1944 г. у Варшаве. У 1980 г. выйшла з друку кніга выбраных вершаў аўтара «Доля і хлеб».

Янка Журба (1881–1964) – сапраўднае імя Іван Якаўлевіч Івашын – паэт-лірык, паслядоўнік творчасці Я. Купалы. Нарадзіўся ў вёсцы Купніна (цяпер Чашніцкі раён) Віцебскай вобласці. Вучыўся ў Полацкай настаў­ніцкай семінарыі. Асноўны матыў яго творчасці – адчуванне неабходнасці перамен у жыцці беларусаў. Сярод яго твораў вершы: «Вокліч», «За пра­цу», «Бейся, сэрца!», «Маладая жняя» і інш. Выдаў зборнікі вершаў: «За­ранкі» (1924), «Ясныя шляхі» (1959) – прасякнуты лірызмам, нацыянальна-песеннымі матывамі. Аўтар зборнікаў для дзяцей: «Ластаўкі» (1950), «Со­нечная раніца» (1953), «Светлыя дні» (1959).

Альберт Францавіч Паўловіч (1875–1951) – паэт-байкапісец, дра­матург. Нарадзіўся ў г. Мінску ў сям’і мешчаніна. Скончыў чатырохклас­нае гарадское вучылішча. У друку пачаў выступаць з 1907 г. Аўтар збор­ніка «Снапок» (1911), які складаецца з лірычных і гумарыстычных вершаў. Напісаў драму «Васількі» (Вільня, 1919). Займаўся перакладамі з польскай, рускай, украінскай моў. Некаторыя яго творы ўзнаўляюць сюжэты анекдо­таў («Гаспадыніна дзяжа»). У вершы «Ракі» высмейваецца шляхецкая далі­катнасць. Апісанне роднага краю ўтрымліваюць вершы «Родныя малюнкі», «Летняя ноч», «Родны край» і інш.

Андрэй Зязюля (1871–1925) – клерыкальны паэт (поруч з Казімірам Сваяком). Сапраўднае прозвішча Аляксандр Астрамовіч. Атрымаў духоў­ную адукацыю, служыў на Беларусі святаром. Складаў гімны ў гонар Бела­русі, высока ацэньваючы яе культуру. У вершы «Беларусь» згадвае мінулае роднага краю, выражаючы ўпэўненасць у абуджэнні годнасці беларусаў.

Канстанцыя Буйло (1893–1986) – нарадзілася 14 студзеня 1893 г. у Вільні ў сялянскай сям’і. Сапраўднае імя (па мужу) – Канстанцыя Анто­наўна Калечыц. Спачатку працавала настаўніцай на Гродзеншчыне, потым усё жыццё займалася літаратурнай дзейнасцю. У 1909 г. адбылося першае выступленне ў друку: на старонках «Нашай Нівы» пад псеўданімам Эдзюк Буйла апублікавала два вершы. З 1910 г. пачала друкавацца пад сваім імем. У 1914 г. скончыла кароткія настаўніцкія курсы ў Вільні. У тым жа 1914 г. у Вільні выйшаў зборнік «Курганная кветка», які рэдагаваў Я. Купала. Зая­віла пра сябе як пранікнёны паэт-лірык, асноўную частку творчасці скла­дала патрыятычная і інтымная лірыка. Вершы мелі асабісты пачатак. Па­мёрла 4 чэрвеня 1986 г. Аўтар зборнікаў вершаў «Світанне» (1950), «На ад­ноўленай зямлі» (1961), «Май» (1965), «Роднаму краю» (1973). Зборнікі для дзяцей: «Юрачка» (1957), «У бляску зор» (1968), «Вясной» (1984) і інш.

Беларуская паэзія 1920–1930 -х гадоў
Янка Купала (1882–1942) – паэт трагічнага лёсу, выразнік нацыя­нальных традыцый. Сапраўднае імя – Іван Дамінікавіч Луцэвіч. У творчас­ці вызначаюцца два перыяды: дакастрычніцкі і паслякастрычніцкі. У 1920-я гады ў творах праводзіцца думка пра далейшае развіццё беларускай культуры. Асноўны лозунг у творчасці паэта гэтага часу: «Годзе заходняй ці ўсходняй культуры, для беларусаў цана ім адна!» Сацыяльна-класавыя матывы з’яўляюцца вядучымі ў тагачаснай лірыцы песняра, перамяжоўв­аючыся з пошукамі асабістага месца ў жыцці.

Наогул напрацягу 1920-х гадоў Я. Купала пісаў мала вершаў. Верша­ваны цыкл «Песні вайны» прысвечаны першай сусветнай вайне, вызначэн­ню яе сутнасці і ўплыву на чалавека. Зборнік вершаў «Спадчына» ўключае вершы рознай тэматыкі. Этапы творчасці аўтара могуць быць пазначаны досыць умоўна. Знешне Я. Купала стаяў на нейтралістычных пазіцыях, але імкнуўся адлюстраваць складаны стан, у якім ён апынуўся. Паэт у дадзены перыяд перакладаў на беларускую мову «Слова пра паход Ігаравы», а так­сама адначасова займаўся перакладам «Інтэрнацыяналу». Выдатна разу­меючы, што інтэрнацыянальная палітыка і масавы тэрор прывядуць да згу­бы, паэт з прахалодай ставіўся да бальшавіцкіх вышукаў. Ён верыў, што толькі сам беларускі народ можа вырашыць свой лёс: пра гэта сведчыць верш «Мая вера» (1905–1916). Пясняр стварыў вобраз чалавека, які прый­дзе на дапамогу людзям (верш «Прарок»). У вершы «І прыйдзе» назіраецца спроба разабрацца ў сутнасці падзей, якія адбываліся ў краіне і ў душы песняра.

1930-ы – год выдаўся цяжкім для Я. Купалы. Метадам кантрасту паэт спрабуе паказаць супрацьпастаўленне старога і новага, акрэсліць падзеі ка­лектывізацыі (верш «Сыходзіш, вёска, з яснай явы...)». Канчатковым пера­ходам на пазіцыі афіцыйнай ідэалогіі варта лічыць напісанне Я. Купалам паэм «Над ракой Арэсай» і «Барысаў» (своеасаблівы водгук на падзеі ка­лектывізацыі і індустрыялізацыі). У дадзены перыяд творчай дзейнасці Я. Купалу абвінавацілі ў тым, што быццам бы ён з’яўляўся членам урада шавінісцкага саюза «Вызваленне». Паэт спрабаваў скончыць жыццё сама­губствам. Перад ім паўстала пытанне: у якім ключы пісаць далей? Купа­лаўская паэзія 1920–1930-х гадоў, з аднаго боку, узнёслая, з другога – гэта адыход ад уласных маральных прынцыпаў і ўступка ўладам. Пасля замаху на сябе ў 1931 г. паэт напісаў верш «Па Вісле плавае тапелец» (верш пера­клікаецца з сітуацыяй, што мела месца ў Мінску ў 1930-я гады).

Адыходам на пазіцыі пануючай ідэалогіі варта лічыць верш паэта, напісаны ў рэчышчы сацыялістычнага накірунку, – «Настане такая часіна», прасякнуты верай у панаванне сусветных камуністычных прынцыпаў. З верша «Хлопчык і лётчык», што прасякнутым патрыятычнымі матывамі, пазней выпадзе куплет, які ўхваляе Сталіна. Жорсткім і афіцыёзным павод­ле сутнасці з’яўляецца верш «Мала іх павесіць» (своеасаблівы зварот да тэ­мы так званай «трацкісцкай змовы»). Наогул, па сваёй форме вершы паэта 1930-х гадоў нагадваюць частушкі. Крытыка папракала Я. Купалу, ставячы яму ў творчую віну спрошчанасць і схематызм. На патрэбу часу паэтам быў напісаны цыкл вершаў «Аб Сталіну-сейбіту». Афіцыйную крытыку за­даволіла прастата напісання твораў, засвоеная Я. Купалам і рэалізаваная ў паэме «Тарасова доля», напісанай з нагоды юбілею Т. Шаўчэнкі ў 1939 г. Устаноўка на прастату тэматычна збяднла многія купалаўскія творы. Паэт пачаў ідэалізаваць і ўслаўляць жыццё, што з’явілася адмоўным момантам для яго літаратурнай творчасці, паслужыла развіццю «дзіцячага інфанты­лізму» ў паэзіі аўтара. У вершы «Смерць забойцам Горкага» паэт займаўся выкрыццём так званых «здраднікаў» народа. Я. Купалу належыць цыкл вер­шаў «Аб Заходняй Беларусі», прасякнуты лепшымі матывамі дакастрыч­ніцкай лірыкі.

Набліжалася 60-годдзе паэта. Я. Купала цяжка хварэў. Ён быў выклі­каны ў Маскву і, пражыўшы там 10 дзён з 18-га па 28 чэрвеня 1942 г., загі­нуў пры нявысветленых абставінах 28 чэрвеня ў гасцініцы Масква, дзе спы­ніўся на той час.

Язэп Пушча (1902–1964) – сапраўднае імя Іосіф Паўлавіч Плаш­чынскі. Нарадзіўся 20 мая 1902 г. у вёсцы Каралішчавічы пад Мінскам у сялянскай сям’і. Першыя вершы друкаваў у часопісе «Полымя» (1923). Быў паэтам, які ніколі не здрадзіў свайму сумленню і не пісаў на патрэбу часу. Можа быць аднесены да аўтараў, якія свядома ішлі на эшафот.

Я. Пушча быў высокаінтэлектуальным паэтам, працягваў лепшыя тра­дыцыі дакастрычніцкай паэзіі С. Ясеніна і М. Багдановіча, за што і быў вы­сланы ўладамі. Свой першы зборнік назваў метафарычна: «Раніца рыкае». Друкаваўся пад псеўданімамі Лясун, Куцер, Трыер. Уваходзіў у склад «Ма­ладняка», потым стаў членам «Узвышша». Паэзія Я. Пушчы пластычная, метафарычная, у ёй назіраецца аўтарскае захапленне прыродай. Матывамі ясенінскай лірыкі прасякнуты творы «Мне чупрыны не хочацца звесіць», «Заплаканы вечар», «Лісты да сабакі». Аўтару належыць зборнік вершаў «Дні вясны». Я. Пушча лічыў, што паэзія новага грамадства павінна спалу­чаць тэндэнцыі рамантычнага і рэалістычнага мастацтва.

Паэт падрыхтаваў да друку некалькі кніг, якія, аднак, не пабачылі свету праз высылку аўтара за межы Беларусі (падставай паслужылі напіса­ныя «Лісты да сабакі»). У перыяд выгнання Я. Пушчам была створана ня­значная колькасць твораў, сярод якіх верш: «На смерць тырана» (прысве­чаны смерці І. Сталіна) (1953); паэмы «Цень консула», «Крывавы год», «Сады вятроў». Улады «раздулі» крамолу, убачыўшы абрэвіятуру ЦК у назве першай паэмы.

Алесь Гурло (1892–1938) – нарадзіўся ў г.п. Капыль Мінскай воб­ласці. Вучыўся Аляксандр Кандратавіч Гурло ў чатырохкласным вучыліш­чы (1908). Працаваў у Пецярбургу на заводзе «Вулкан». Служыў на флоце, браў удзел у штурме Зімняга палаца. Пасля вяртання ў Беларусь у 1923 г. працаваў у тэрміналагічнай камісіі, у ІнБелКульце, у Інстытуце мовы АН БССР. У 1921 г. напісаў драму «Любоў усё змагае». Яго пяру належаць зборнікі «Барвёнак» (1924), «Спатканні» (1925), «Сузор’і» (1926), «Зор­насць» (1927), «Межы» (1929). Літаратурнае вяртанне аўтарскіх твораў па­чалося фактычна толькі ў часы хрушчоўскай «адлігі». Аўтарская лірыка прасякнута сацыяльнымі матывамі, звязанымі з рэвалюцыяй.

Алесь Дудар (1904–1937) – сапраўднае імя Аляксандр Аляксандра­віч Дайлідовіч. Нарадзіўся 24 снежня 1904 г. у в. Навасёлкі Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобласці ў сям’і беззямельнага селяніна. У літаратуру прыйшоў адразу пасля кастрычніцкай рэвалюцыі. Прымаў удзел у дзей­насці «Маладняка». У 16 год пазнаёміўся з У. Галубком, уваходзіў у склад вандроўнага тэатра, працаваў у Полацку. З 1928 г. перайшоў у літаратурна-мастацкае аб’яднанне «Полымя». Расстраляны 29 кастрычніка 1937 г.

Першыя вершы надрукаваў у 1921 г. У 1920-я гады выдадзены збор­нікі вершаў: «Беларусь бунтарская», «Сонечнымі сцежкамі» (1925), «І за­лацісцей, і сталёвей» (1926), «Вежа» (1928). Яго пяру належыць зборнік апавяданняў «Марсельеза» (1927). Лірычным кірункам паэзіі з’яўляецца захапленне рэвалюцыяй, радасцю ад яе надыходу. У паэзіі аўтара прысутні­чаюць вобразы буры і завірухі, лірычны герой як бы «захлынаецца» шчас­цем ад надыходу лепшага жыцця. Нацыянальнае пытанне разглядаецца ў творы «Беларусь».



Такім чынам, паэзія А. Дудара традыцыйная, у ёй варта выдзеліць два асноўныя накірункі: афіцыйны і нацыянальны. Прызначэнне паэзіі, на думку аўтара, заключаецца ў аздабленні яе новымі вобразамі.

Уладзімір Марцінавіч Хадыка (1905–1940) – нарадзіўся на Мінш­чыне ў в. Цітва Пухавіцкага раёна. Яго можна назваць паэтам-эксперымен­татарам, паэтам трыбун. У 1926 г. выдаў зборнік вершаў «Суніцы». Зай­маўся перакладам «Песні пра буравесніка» М. Горкага. Метафары і параў­нанні з’яўляюцца неад’емнай часткай вершаў «Вясна», «Ой, восень». Лі­рычнасць і пачуцці ў паэзіі аўтара выступаюць на першы план, дамінуючы над публіцыстычным пачаткам. Прырода выступае ў лірыцы паэта як дзею­чая асоба (вершы «Суніцы», «Па вясновым торам»). Да філасофскай лірыкі варта аднесці верш «Снапок аўса» (1927). Загінуў на будоўлі чыгункі каля Улан-Удэ 12 мая 1940 г.

Тодар Тодаравіч Кляшторны (1903–1937) – нарадзіўся на Лепель­шчыне ў вёсцы Парэчча ў сялянскай сям’і. Вучыўся ў БДУ. Першыя вершы змяшчаў у альманаху «Аршанскі маладняк». Творчасць паэта фарміравала­ся пад уплывам лірыкі С. Ясеніна. Лічыў палітычныя пераўтварэнні магчы­мымі (творы «У вёсцы», «Так было раней»). Стыль паэта характарызуецца індывідуальнасцю, у ім мала лозунгавасці. У лірыцы дамінуюць наступныя тэмы: паэта і паэзіі, паэта і грамадства, кахання, прыроды, гістарычнага мі­нулага. У 1927 г. напісаны верш «Сады маладосці» з нагоды атрымання Бе­ларуссю ордэна Леніна. Паступова стыль эксперыментальнай лірыкі мя­няецца, паэт імкнецца паказаць жыццё вёскі ў пераломны перыяд (верш «Так было раней)». У творчасці аўтара рэчы вызначаюцца масштабнасцю (філасофскі верш «Успаміны»). Расстраляны 30 кастрычніка 1937 г.

Сяргей Дарожны (1909–1943) – сапраўднае імя Сяргей Міхайлавіч Серада. Нарадзіўся ў г. Слоніме ў сям’і служачага. У творчасці паэта пера­важае інтымная лірыка (вершы «Белымі пялёсткамі», «Веснавое», «Дадо­му»). У творчай спадчыне асноўнай з’яўляецца тэма паэта і паэзіі. Аўтар выказвае спадзяванні, што жыццё будзе добрым, ужываючы для тэматыч­нага раскрыцця спалучэнне рэальнага і сімвалічнага. Герой твораў С. Да­рожнага – натура дзейсная. Зборнікі паэзіі аўтара: «Звон вясны» (1925), «Васільковы россып» (1929), «Пракосы на памяць» (1932).

Юлі Таўбін (1911–1937) – сапраўднае імя Юдаль Абрамавіч Таўбін. Нарадзіўся ў г. Астрагожск Варонежскай вобласці (Расія) у сям’і аптэкара. Вучыўся ў БДУ (1931–1933). Паэт-лірык. Адлюстраваў у сваіх творах роз­ныя гістарычныя часы. Аўтарская паэзія інтэлектуальная. Паэт адмовіўся ад сумарнага светаўспрымання, выдзеліўшы асабістае «я» з агульнага «мы». Захапляўся творчасцю М. Чарота, сябраваў з А. Куляшовым. Лірычныя вер­шы паэта: «Васількі», «Ты помніш». Расстраляны 30 кастрычніка 1937 г. Зборнікі паэзіі: «Агні» (1930), «Каб жыць, спяваць і не старэць» (1931), «Тры паэмы» (1931), «Мая другая кніга» (1932), «Таўрыда» (1932), «Выбраныя вершы» (1957), «Вершы» (1969).

Андрэй Іванавіч Александровіч (1906–1963) – нарадзіўся ў Мінску ў сям’і шаўца. У 1921 г. паступіў у БДУ, але цяжка захварэў. Пасля хваробы вымушаны быў пайсці вучыцца ў Мінскі педтэхнікум, дзе на той час вы­кладаў Я. Колас. У 1925 г. дзевятнаццацігадовы юнак становіцца галоўным рэдактарам часопіса «Малады араты». У паэзіі аўтара дамінуюць кантрас­ныя вобразы, настоі і фарбы, ёй цесна ў звычайных рамках формы. Сустра­каюцца пейзажныя вершы (спроба выкарыстаць фальклорныя традыцыі – верш «Раніца»). Лірычны герой аўтара – гэта не асоба, а калектыў. Працаваў у Клімавічах рэдактарам газеты «Наш працаўнік», стварыў філію «Маладня­ка». Зборнікі вершаў: «Угрунь» (1927), «Фабрыка смерці», «Устаноўка», «Гуд­кі» (1929). Апяваннем велічнасці падзей, што адбываюцца ў краіне, прасяк­нуты паэмы «Дваццаць», «Імя – вызваленне». Сатырычна-выкрывальніцкі па­фас (фактычна, знеслаўленне многіх беларускіх паэтаў) назіраецца ў паэме «Цені на сонцы» (1930).

Валерый Дзмітрыевіч Маракоў (1909–1937) – нарадзіўся 27 сака­віка 1909 г. у вёсцы Акалонія (цяпер у межах Мінска). Паходзіў з сям’і ра­бочага. У 1934 г. скончыў педагагічны інстытут у Мінску, працаваў муля­рам. Друкавацца пачаў з 1925 г. Аўтарская паэзія – урачыста-ўзнёслая, у ёй заўважаецца добрае адчуванне часу. У вершах В. Маракова пераважае лі­рычнасць, філасафічнасць (чалавеку дадзены магчымасці кіраваць сваім лё­сам). Працягвае літаратурныя традыцыі М. Чарота і С. Ясеніна (вершы «Го­раду», «Сон»). Зборнікі паэзіі: «Пялёсткі» (1926), «На залатым пакосе» (1927), «Вяршыні жадання» (1930), «Права на зброю» (1933). Расстраляны 29 кас­трычніка 1937 г.

Паўлюк Трус (1904–1929) – сапраўднае імя Павел Адамавіч Трус. Нарадзіўся ў в. Нізок Уздзенскага раёна Мінскай вобласці. Закончыў у 1927 г. Мінскі педагагічны тэхнікум. Працаваў у газеце «Палеская праў­да». З’яўляўся паэтам, які ўдала спалучыў у творчасці традыцыі дакаст­рычніцкай паэзіі і змог арганічна перанесці іх у свой час. Вершы паэта вельмі меладычны, багатыя па тэмах і спектрах. П. Трус валодаў сатырыч­ным майстэрствам. Аўтару імпанавала глыбіня раскрыцця чалавечых па­чуццяў у лірыцы С. Ясеніна. У 1928 г. закончыў напісанне паэмы «Дзесяты падмурак» (да дзесяцігоддзя утварэння Беларусі). Зборнікі паэзіі: «Вершы» (1925), «Ветры буйныя» (1927), «Збор твораў» (1934), кніга паэзіі для дзя­цей «Падаюць сняжынкі» (1983) і інш.

Дзмітрый Емяльянавіч Астапенка (1910–1944) – паэт філасоф­скага светапогляду. Нарадзіўся ў в. Калеснікі Хіславіцкага раёна Смален­скай вобласці. Паэзія прасякнута драматызмам, у ёй назіраецца сутыкнен­не характараў. Зборнікі паэзіі: «На ўсход сонца», «Краіне» (1931), «Абура­ныя» (1932), «Трактар» (1933) (апошні зборнік для дзяцей). Аўтару нале­жаць паэма «Эдэм» (1933), навукова-фантастычны раман «Вызваленне сіл» (1932). У 1938 г. Д. Астапенка арыштаваны і асуджаны на восем год. Быў забіты на фронце ў 1944 г. у Карпатах.

Уладзімір Адамавіч Жылка (1900–1933) – нарадзіўся 27 мая 1900 г. у вёсцы Макашы Нясвіжскага раёна Мінскай вобласці. З 1914 г. вучыўся ў гарадскім вучылішчы. Працаваў у Празе на гісторыка-філалагічным фа­культэце. Быў хворы на сухоты. З 1933 г. знаходзіўся ў высылцы ў горадзе Уржуме, дзе і памёр. Зборнікі паэзіі: «На ростані» (1924), «З палёў Заход­няй Беларусі» (1927), «Вершы» (1970), «Пожні» (1986) і інш. Займаўся пе­ракладамі А. Блока, Г. Ібсена, Ш. Бадлера. Захапляўся санетамі, арыентую­чыся на лепшыя ўзоры сусветнай паэзіі.
Развіццё беларускай прозы 1920–1930-х гадоў
Якуб Колас (1882–1956) – сапраўднае імя Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч. Быў педагогам-тэарэтыкам, паэтам, празаікам. У прозе прысутні­чае дэталёвы псіхалагічны аналіз героя. У адзначаны перыяд працягваў літа­ратурныя ідэі маладых пісьменнікаў. У час беларусізацыі Я. Колас паспеў завяршыць усе свае самыя значныя творы. У савецкі час напісана кніга апа­вяданняў «Казкі жыцця» (1926), зборнікі апавяданняў «Крок за крокам», «На рубяжы», «Першыя крокі», «У ціхай вадзе» (1925), «У глыбі Палес­ся» – 1 кніга (1927). Да дадзенага перыяду належаць аповесці «На прасто­рах жыцця» (1926), «Адшчапенец» (1932), «Дрыгва» (1934).

Паэтычная творчасць Я. Коласа няблага прадстаўлена і ў перакладах на рускую (С. Гарадзецкі, А. Твардоўскі, В. Тарас і інш.), іспанскую (К. Шэр­ман), польскую (Я. Гушча, Ч. Сэнюх), украінскую (М. Рыльскі, П. Тычына) ды іншыя мовы.



Аповесць «На прасторах жыцця» (1926) – напісана пасля выхаду шэрагу маладнякоўскіх твораў, што ўхвалялі працу як ідэал лепшага жыц­ця. З’яўляецца імкненнем аўтара прасачыць лёс простых юнака і дзяўчыны ў варунках падзей, што мелі месца ў пачатку ХХ стагоддзя. Аповесць уяў­ляе сабой пэўны этап у развіцці беларускай прозы. Твор напісаны ў русле традыцый сацрэалізму: імкнене паказаць чалавека ў руху (што было, што ёсць і што будзе наперадзе). Ідэя працы ў імя ўдасканалення грамадства захапляла на той час многіх дзеячаў культуры, літаратуры і простых лю­дзей. На прыкладзе галоўнага героя Сцяпана Баруты аўтар імкнуўся пака­заць магчымасць выжывання чалавека ў новых умовах. Нягледзячы на паэ­тызацыю многіх момантаў твора (вобраз Аленкі, рамантызацыя кахання і інш.) крытыка абвінавачвала Я. Коласа ў адсутнасці паказу партыйнага ўплы­ву на камсамольскую арганізацыю. Для аўтара характэрна своеасаблівае адлюстраванне новага жыцця. У сувязі з патрэбамі часу аповесць перапіс­валася Я. Коласам некалькі разоў і мела шэраг рэдакцый.

Аповесць «Адшчапенец» (выдадзена ў 1932 г.) – афіцыйная крыты­ка прымушала Я. Коласа адлюстроўваць падзеі калектывізацыі, таму адка­зам уладам стала напісанне дадзенага твора. Аповесць мела некалькі аўтар­скіх рэдакцый, якія ўзнікалі ў залежнасці ад ступені незадаволенасці ўла­дамі і крытыкай асвятленнем дадзенага пытання. Пісьменнік адпраўляе галоўнага героя Пракопа Дубягу ў «прочкі» – традыцыйны для літаратуры прыём абмалёўкі чалавечага характару шляхам паказу яго ў дзеянні. Вялі­кае значэнне ў аповесці набывае выкарыстанне дэталей пры абмалёўцы па­літычнай сітуацыі (вар’іраванне лозунгамі, эпітэтамі).

Аповесць «Дрыгва» (1934) – стваралася паводле рэальных падзей. Я. Колас зрабіў звычайнага чалавека – Васіля Талаша – гістарычнай асо­бай. Аўтар імкнуўся пісаць не толькі на патрэбу дня: ён увёў псіхалагічны пачатак у абмалёўку вобразаў галоўных герояў аповесці, паказаў думкі і пачуцці чалавека ў экстрымальнай сітуацыі. Вобраз галоўнага героя з’яў­ляецца сімвалічным, але не статычным (ён эвалюцыяніруе напрацягу развіцця падзей у аповесці). У рэчышчы літаратурных традыцый 1920–1930-х гадоў Я. Колас спалучыў у аповесці элементы дакументальнасці, рэ­альнасці з мастацкасцю. Выкарыстоўваючы народна-эпічную традыцыю (асэнсаванне эпічнага праз лірычнае), аўтар разгарнуў перад чытачамі па­нараму цэлай эпохі. Народныя сцэны ў аповесці аказваюць уплыў на раз­віццё сюжэту.

Цішка Гартны (1887–1937) – сапраўднае імя Зміцер Хведаравіч Жы­луновіч. Нарадзіўся ў г.п. Капыль Мінскай вобласці ў сям’і селяніна. Псеў­данімы: Авадзень, Капылянін, Сымон Друк і інш. Удзельнік рэвалюцыі 1905–1907 гг. Працаваў гарбаром, фрэзероўшчыкам на заводзе «Вулкан» у Пецярбургу. З’яўляўся адным са стваральнікаў Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ). У снежні 1917 г. прымаў удзел у 1 Усебеларускім кангрэсе ў Мінску. На старонках газеты «Дзянніца», арганізатарам і рэдактарам якой з’яўляўся, выступаў з рэзкай крытыкай БНР. У снежні 1918 г. прыняты ў ра­ды РКП(б), прымаў актыўны удзел у рабоце па стварэнню Беларускай ССР.

Напісаў тэкст Маніфеста аб утварэнні рэспублікі, пасля абвяшчэння якой стаў старшынёй Часовага рабоча-сялянскага рэвалюцыйнага ўрада. У снежні 1923 г. пленум ЦК КП(б)Б прысвоіў Ц. Гартнаму званне народнага паэта Беларусі. У 1928 г. аўтар становіцца акадэмікам АН БССР.

З.Х. Жылуновіч вядомы як паэт, празаік, драматург, крытык і публі­цыст. Літаратурную дзейнасць пачаў у 1908 г. у газеце «Наша Ніва» (паэзія сацыяльная). У 1912–1913 гг. яго вершы друкаваліся ў «Правде». З’яўляец­ца пачынальнікам беларускага савецкага рамана («Сокі цаліны»). Аўтар па­пулярных зборнікаў апавяданняў, вершаў. У яго багатай спадчыне ёсць арты­кулы пра творчасць Я. Купалы, Я. Коласа, М. Чарота, А. Гурло і інш. Разві­ваў псіхалагічны пачатак у беларускай прозе. Адносіны ад творчасці аўта­ра былі супярэчлівыя. У 1924 і 1929 гг. З.Х. Жылуновіч выключаўся з пар­тыі і зноў прымаўся ў яе рады. У 1936 г. па сфабрыкаванаму абвінавачван­ню ён быў арыштаваны, а ў красавіку 1937 г. памёр у турме, убіўшы ножку койкі сабе ў горла.

1   ...   12   13   14   15   16   17   18   19   ...   32


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка