Гісторыя беларускай літаратуры (ХІХ ст. – 1970-я гады ХХ ст.)



старонка19/32
Дата канвертавання15.05.2016
Памер7.6 Mb.
1   ...   15   16   17   18   19   20   21   22   ...   32

Міхась Зарэцкі (1901–1937)
Міхась Яўхімавіч Касянкоў нарадзіўся 20 лістапада 1901 г. у сяле Высокі Гарадзец Сенненскага павета Магілёўскай губерні (цяпер Талачын­скі раён Віцебскай вобласці) у сям’і вясковага дзяка Яўхіма Ануфрыевіча і Пелагеі Лявонцьеўны Касянковых. Дзіцячыя гады прайшлі ў вёсцы Зарэч­ча пад Шкловам, куды былі пераведзены бацькі. У дзесяцігадовым узросце Міхася аддалі ў Аршанскае вучылішча, праз чатыры гады – у Магілёўскую духоўную семінарыю, дзе ён правучыўся толькі два гады. З пачаткам рэва­люцыйных падзей М. Зарэцкі працаваў у вайсковай частцы перапішчыкам.

З 1919 г. М. Зарэцкі настаўнічае ў пачатковай школе на Магілёўшчы­не, узначальвае Шклоўскі валасны аддзел народнай асветы. Далейшы жыц­цёвы шлях М. Зарэцкага звязаны з Чырвонай Арміяй: з 1920 па 1927 гг. ён знаходзіцца на пасадзе палітработніка. Літаратурная дзейнасць М. Зарэцка­га пачалася ў 1921 г. Працэс станаўлення індывідуальнасці маладога пісь­менніка ішоў даволі плённа: з-пад яго пяра выходзіла шмат апавяданняў, якія пазней склалі асобныя зборнікі – «У віры жыцця», «Пела вясна» (абод­ва 1925), «Пад сонцам», «42 дакументы і Двое Жвіроўскіх» (абодва 1926). Змешчаныя тут творы атрымалі высокую ацэнку крытыкі і былі прыхільна сустрэты чытацкай аўдыторыяй. У тым жа 1926 г. аўтар піша аповесць «Голы звер», а ў 1927 – на старонках «Полымя» друкуе раман «Сцежкі-да­рожкі».

Ранняя творчасць пісьменніка пачыналася ў рэчышчы традыцыйнай рэалістычна-бытавой прозы. У дадзеных творах нямала паасобных праўдзі­вых сцэн, эпізодаў, замалёвак, якія не зліваюцца ў сюжэтна-вобразнае адзін­ства. Пісьменнік аказваўся ў палоне натуралістычнай апісальнасці, таму ха­рактары герояў глыбока не раскрыты, псіхалагічна не вытлумачаны маты­вы іх паводзін («Цішка Бабыль» (1922), «Як гэтым часам трапляецца», «З на­шых дзён», «Ноччу» – усе 1923).

Але і ў ранні перыяд М. Зарэцкі дасягаў поспеху, калі пасіўна не ка­піраваў рэчаіснасць, а пераўтвараў яе па законах прыгожага. Рэалістычныя апавяданні «У Саўках» (1922), «У віры жыцця», «Чаплюк», «Мар’я» (усе 1923) прасякнуты верай у чалавека, у перамогу добрых і светлых пачаткаў над цёмнымі, эгаістычнымі.

М. Зарэцкі не ідэалізуе паслякастрычніцкую рэчаіснасць, а смела за­глыбляецца ў сацыяльныя супярэчнасці жыцця, закранае вострыя і надзён­ныя тэмы. Адной з такіх была тэма драматычнага лёсу прадстаўнікоў таго класа, каго рэвалюцыя пазбавіла ранейшых прывілеяў (апавяданні «Вора­гі» (1923), «Адна партыя ў шашкі» (1924), «Кветка пажоўклая», «Двое Жві­роўскіх» (абодва 1926). Ва ўмовах панавання ідэі класавага падыходу і класавай барацьбы творы пра «былых» выглядалі вельмі гуманна.

Асаблівую цікавасць выклікала ў аўтара тэма духоўнага станаўлення чалавека, моладзі, кахання, шлюбу, складванне новай маралі, новых узае­маадносін паміж людзьмі. Але тут поспехі М. Зарэцкага аказаліся не такімі значнымі. Некаторыя апавяданні – «Спакуса» (1923), «Гануля» (1924), «Кам­самолка», «У велікодную ноч», «Як Настулька камсамолкай зрабілася», «Пела вясна» (усе 1925) – не ўздымаюцца вышэй за газетныя публікацыі. Трэба, аднак, сказаць, што не гэтыя творы вызначалі галоўны кірунак ідэй­на-мастацкіх пошукаў аўтара ў другой палове 1920-х гадоў, не яны сталі ві­зітнай карткай пісьменніка.

Больш важкімі аказаліся ідэйна-мастацкія пошукі аўтара ў апавядан­нях «Бель» (1924), «Дзіўная», «Пра майго прыяцеля» (1925), «Радасць» (1926), «Паэма пра чорныя вочы» (1927), «Ракавыя жаронцы», «Максіма­ліст» (абодва 1928), «Ой, ляцелі гусі...» (1929). Прыгаданыя творы дэман­струюць рост майстэрства аўтара, вастрыню яго сацыяльнага адлюстраван­ня з’яў. Пісьменнік ацэньвае нігілістычныя погляды на сям’ю, шлюб з крытычных пазіцый.

У 1926 г. М. Зарэцкі друкуе аповесць «Голы звер». Адметнасцю тво­ра з’яўляецца знаходжанне ў яго цэнтры адмоўнага персанажа і людзей, унутрана яму блізкіх. Выбарам героя пісьменнік недвухсэнсоўна выказаў свой погляд на мэты і задачы мастацтва. Ён не наводзіў глянец на рэча­існасць новага часу, а казаў праўду пра негатыўныя з’явы новага жыцця і небяспеку, якую неслі з сабой людзі тыпу Віктара Яроцкага. Характар га­лоўнага героя раскрыты па-мастацку пераканаўча і доказна. Каштоўнасць аповесці заключаецца яшчэ і ў майстэрстве, з якім пісьменнік раскрыў вы­токі жывучасці героя як сацыяльнага тыпу. Прыкметнае месца ў вобразнай сістэме аповесці займаюць персанажы, якія воляю лёсу апынуліся на сацы­яльным дне. М. Зарэцкі выступіў тут першаадкрывальнікам, бо на такую ка­тэгорыю людзей беларуская дакастрычніцкая літаратура не звяртала ўвагі.

Твор «Сцежкі-дарожкі» з’яўляецца надзвычай перспектыўнай жанра­вай мадэллю рамана, дзе герой і абставіны існуюць у агранічнай узаема­сувязі, а характар героя выяўляецца ў дзеянні, у працэсе грамадскай кры­тыкі і адначасова – праз рэфлексію, роздум, сумненні, перажыванні, праз самапазнанне. У рамане шырока выкарыстоўваецца форма дыялогу, тут шмат спрэчак, палемікі, вострых інтэлектуальных сутыкненняў.

Пасля завяршэння рамана М. Зарэцкі засяродзіўся на драматычнай форме. Пяру аўтара належаць п’есы: «Віхор на балоце» (1928) (цікавая ў жанрава-стылявых адносінах) і «Белыя ружы» (1928–1929), якія да нашага часу недастаткова вядромыя грамадскасці, бо не ставіліся на прафесійнай сцэне. Гэтыя творы каштоўныя шырынёй пастаноўкі актуальных праблем часу, смелым, наватарскім падыходам да іх вырашэння.

Выказаныя ў прыгаданых п’есах сумненні наконт магчымасці ажыц­цявіць абвешчаныя рэвалюцыяй высокія гуманістычныя мэты паступова перараслі ў трывогу мастака за лёс народа і будучыню роднага краю. Тры­вога была народжана канкрэтнымі грамадска-палітычнымі ўмовамі канца 1920 – пачатку 1930-х гадоў, калі зрухі ў свядомасці М. Зарэцкага прывялі яго да напісання нарыса сацыяльна-філасофскага плану «Падарожжа на Новую Зямлю» (1928) і пачатку рамана «Крывічы» (1929).

Пісьменніку ўласціва прыроджанае памкненне да праўды і справяд­лівасці, што дае падставу меркаваць пра творчыя поспехі аўтара і яго ра­мана «Вязьмо» (1932). Твор доўгі час недаацэньваўся крытыкай, бо яго глыбокі сэнс не быў досыць поўна спасцігнуты. І нават пасля рэабілітацыі М. Зарэцкага (1957) у трактоўках рамана адчувалася спрошчанасць, павяр­хоўнае разуменне аўтарскай задумы. У сапраўднасці галоўная вартасць ра­мана не толькі ў тым, што аўтар з гуманістычных пазіцый выкрываў небяс­пеку незаконнага высялення вяскоўцаў. Логікай сюжэтнага развіцця М. За­рэцкі паставіў пад сумненне неабходнасць суцэльнай калектывізацыі і па­казаў, якімі трагедыямі і маральнымі стратамі яна суправаджалася.

Апошні перыяд жыцця і дзейнасці М. Зарэцкага храналагічна прыпа­дае на 1933–1937 гг. Апавяданні гэтага часу «Пачатак шчасця», «Петрык і Пятрусь» (абодва 1932), «Навела пра каханне» (1935) сваім зместам і мас­тацкім узроўнем саступаюць творам 1920-х гадоў. У іх няма ні вострага канфлікту, ні смелага павароту ў раскрыцці тэмы.

Працягваючы працу ў традыцыйных жанравых формах, аўтар напі­саў п’есу «Ная» (1936) – дынамічны, вострасюжэтны твор, прысвечаны но­вай для беларускай літаратуры тэме цыганоў. П’еса не стала значным мас­тацкім здабыткам, бо аўтар у ёй не пазбавіўся агітацыйнасці, акцэнтуацыі на адмоўных момантах цыганскага існавання. Да несумненных каштоўнас­цей твора трэба аднесці матыў абароны маленькага чалавека, які выступае тут у абліччы дзяўчынкі Наі. Аўтар таксама ўстрымаўся ў п’есе ад выка­рыстання ружовых фарбаў пры абмалёўцы калгаснай рэчаіснасці.

Жыццёвы і творчы шлях М. Зарэцкага абарваўся заўчасна і трагічна: у лістападзе 1936 г. па ілжывым даносе ён быў арыштаваны, а 28 кастрыч­ніка 1937 г. Ваеннай калегіяй Вярхоўнага Суда СССР прыгавораны да вы­ключнай меры пакарання. Расстраляны 29 кастрычніка 1937 г.
Уладзімір Дубоўка (1900–1976)
Уладзімір Мікалаевіч Дубоўка нарадзіўся ў вёсцы Агароднікі Вілей­скага павета Вілейскай губерні. Паэт быў адарваны ад родных мясцін з 1914 г., наведаўшы маленькую радзіму толькі праз 44 гады. Пасля школы ў 1912–1914 гг. вучыўся ў Мядзельскім двухкласным вучылішчы. Будучы паэт выпісваў «Нашу Ніву», далучаючыся праз яе да творчасці славутых майстроў беларускай і сусветнай літаратуры. У 1914–1918 гг. вучыўся ў Нова-Вілейскай настаўніцкай семінарыі, але пасля пачатку вайны лёс закі­нуў яго ў Маскву. У канцы 1918 г. паехаў настаўнічаць на Тульшчыну, з 1920 па 1921 гг. быў у Чырвонай Армі. Пасля вяртання з войска працаваў у пастаянным прадстаўніцтве БССР пры ўрадзе СССР, лектарам у Камуніс­тычным універсітэце народаў Захаду, у Крамлі – рэдактарам беларускага тэксту Збору законаў СССР. Наведваў літаратурныя вечары з удзелам У. Мая­коўскага, С. Ясеніна, В. Каменскага, М. Асеева. Быў адным з вядомых і аў­тарытэтных лідэраў «Маладняка».

Першы апублікаваны верш у «Савецкай Беларусі» 28 мая 1921 г. меў назву «Сонца Беларусі». І гэты верш, і першы зборнік паэта «Строма» (Віль­ня, 1923) маюць шмат зыходных матываў ад паэзіі Я. Купалы, С. Ясеніна, А. Блока, В. Брусава. Мяккасцю і лірызмам прасякнуты вершы аўтара: «Ноч праплакалі бярозы», «Вецер! Мой вольны браточак ты, вецер!»

Трохі пазней у творчасці аўтара пяшчота набыла глыбіню гістарыч­нага вымярэння, выключную дасканаласць, строгасць формы, што адлюстра­валася ў вядомым шэдэўры патрыятычнай лірыкі «О Беларусь, мая шып­шына» (1925).

Малады паэт быў своеасаблівым прарокам свайго часу, інтуітыўна ўгадваючы небяспечныя моманты і падзеі таталітарнага грамадства. Не дзіў­на, што ў перыяд «маладнякоўства», калі адна за другой выходзілі ў свет кнігі аўтарскай паэзіі «Там, дзе кіпарысы», «Трысцё» (абедзве 1925), «Сredo» (1926), «Наля» (1927), цэнзура з недаверам ставілася да У. Дубоўкі. Паэт заўсёды пісаў пра тое, што ляжала на сэрцы. Да спраўджвання прароцтва заставалася нядоўга. У вершы «Паляжам мы» (1925) праяўляецца самая моцная грань таленту паэта:

Паляжам мы, і вецер нашы косці

Паточыць, пылам над лясамі растрасе.

А ўсё ж ткі мы шукаем прыгажосці,

Штодзённа кленчым мы сваёй красе.

Лірычныя паэмы «Студэнт» (1924), «Кляновыя лісты» (пазнейшая наз­ва «Камсамолка Ганна»), «Наля», «Там, дзе кіпарысы» (усе 1925), «Плач навальніцы» (1926), напісаныя ў маладнякоўскі час, засведчылі адметны тып ліра-эпічнага мыслення У. Дубоўкі. Гэта былі своеасаблівыя творы лі­рычнага эпасу, заснаваныя не на падзейнай сюжэтнасці, а на імпульсавым адлюстраванні жыцця. Яны нагадваюць цыклы «мелодый»-вершаў.

Перыяд прыналежнасці У. Дубоўкі да «Узвышша» (1926–1930) самы выдатны ў адносінах да яго творчага ўзыходжання. Дубоўкава паэма «Кру­гі» (1927) мае прысвячэнне А. Бабарэку. Майстэрства паэта раскрывалася ў выкарыстанні алегарычнай інтэрпрэтацыі – уменні не толькі «падрабіцца» пад народнае (пры дапамозе звароту да казак і прыпавесцей), але і адлю­страваць самыя актуальныя праблемы сучаснасці.

Неўзабаве ў паэта ўзніклі немалыя цяжкасці, народжаныя нарастан­нем рэпрэсіўных судзілішч таго часу. Справа ў тым, што ў паэме «Кругі» была ўжыта форма ўласнай аўтарскай інтэрпрэтацыі казачнасці, што дало магчымасць крытыцы знайсці прычыны для беспадстаўнага абвінавачван­ня аўтара. Давялося пайсці на невялікую «хітрасць»: адмовіцца ад непа­срэднага аўтарскага звароту да фальклору і даручыць гэтую эстэтычную ролю аб’ектывізаваным героям твораў. У паэмах «І пурпуровых ветразей узвівы», «Штурмуйце будучыні аванпосты!» (абедзве 1929), што з’яўляюц­ца своеасаблівым працягам паэмы «Кругі», аўтар выводзіць на першы план, на новыя ліра-эпічныя «кругі», ужо аб’ектыўных персанажаў, даве­рыўшы ім усю складанасць роздуму пра час. У аўтарскую паэзію прыйшла вострадраматычная форма дыялогаў і маналогаў рэзка размежаваных апа­нентаў: Лірыка і Матэматыка («І пурпуровых ветразей узвівы»), Пасажыра і Кандуктара («Штурмуйце будучыні аванпосты!»). Зразумела, што гэта былі персаніфікаваныя супрацьлеглыя пазіцыі і ідэі, спрэчкі выразнікаў асобных сацыяльных груп. У. Дубоўка нярэдка адмяжоўваўся ад пазіцый сваіх герояў. Такі акт быў вымушаным на той час тактычным ходам, аўта­рскія заявы нельга ўспрымаць ліратальна, як часта робяць крытыкі.

Наватарскія шуканні падказалі паэту жанравае абазначэнне адной з яго апошніх паэм – «Камбайн». Крытыка акцэнтавала ўвагу на эксперы­ментальнасці жанравай формы паэмы. Новыя структурныя ўвядзенні казак, нататак, лістоў, перакладаў класічных твораў (напрыклад, А. Пушкіна, Дж. Байрана) дэфарміравалі строга эпічны жанравы канон паэмы. Гэтыя элементы ўваходзілі ў кампазіцыйнае адзінства твора надзвычай арганічна: ён з’яўляецца своеасаблівай трылогіяй паэм, структурна асэнсаванай на адзіных, удала знойдзеных наватарскіх прынцыпах формабудовы – камбі­наванай паэмы.

З 1930 па 1958 гг. у жыцці паэта настала вымушанае творчае маўчан­не, звязанае з рэпрэсіямі, якое цяжка адбілася на аўтарскай псіхалогіі. Пас­ля рэабілітацыі паэт піша творы, у якіх не здраджвае свайму сумленню і ін­дывідуальнасці («Палеская рапсодыя», 1959 – творчы плён свайго падарож­жа па Палессі). Да прасветленага матыву «рапсодыі» належаць, па сутнас­ці, і аўтарскія паэмы, балады, напісаныя пасля вызвалення з лагераў: «Пе­рад іменем Любові», «Закладалі падмурак дзяржавы сваёй...» (1958), «Бе­ларуская Арыядна» (1960) – у іх лёсы канкрэтных людзей, іх незвычайная мужнасць і споведзь.



Такім чынам, ад творчага выкарыстання формаўтваральных спосабаў лірычнага самавыяўлення, калі часам не на карысць ішла адцягненасць сімволікі (раннія паэмы), У. Дубоўка ўзняўся да асацыятыўнай напоўнена­сці і сэнсавай ушчыльненасці шматзначнага вобраза-персанажа. Паэт ава­лодаў сінтэзам такога тыпу майстэрства, якое аб’ядноўвала ўсю складаную сукупнасць зместу і формы.
Пятрусь Броўка (1905–1980)
Пётр Усцінавіч Броўка нарадзіўся 25 чэрвеня 1905 г. у вёсцы Пуціл­кавічы Ушацкага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям’і. Вельмі рана далучыўся да актыўнай грамадзянскай дзейнасці – трынаццацігадовым пад­леткам працаваў у валасным камісарыяце, затым – справаводам у валвыкан­каме, рахункаводам у саўгасах Вялікія і Малыя Дольцы. У 18 гадоў будучы паэт становіцца сакратаром камсамольскай ячэйкі, а праз год – старшынёй Маладолецкага сельсавета. Піша вершы ў акруговую газету «Чырвоная По­лаччына», дзе яны былі ўпершыню надрукаваны ў 1926 г.

П. Броўка быў на камсамольскай працы ў Полацку, вучыўся ў Бела­рускім дзяржаўным універсітэце, у гады вайны працаваў у армейскім дру­ку. Быў старшынёй праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі, шмат намаган­няў прыкладаў для адкрыцця выдавецтва «Беларуская Савецкая Энцыкла­педыя ў дваццаці тамах». Паэт быў лаўрэатам Ленінскай прэміі за кнігу паэзіі «А дні ідуць...» (1962), лаўрэатам Дзяржаўных прэмій СССР і БССР, героем Сацыялістычнай Працы, акадэмікам АН Беларусі, дэпутатам Вяр­хоўнага Савета СССР і БССР, заслужаным дзеячам навукі БССР, Ганаро­вым грамадзянінам Мінска.

Станаўленне творчай індывідуальнасці П. Броўкі прыпадае на да­ваенны час. У выніку часта адбывалася раздваенне пісьменніцкай асобы, што адлюстроўвалася ў ніжэйшых па ўзроўню, паспешліва напісаных вер­шах. Гэтыя творы з’яўляліся здрадай паэтычнаму слову і гістарычнай праў­дзе. Паэт шукаў шляхі паказу чалавека ў трагедыйных абставінах, аднак ня­рэдка пранікаў толькі ў верхні пласт жыцця, недастаткова задумваючыся над яго філасофскай сутнасцю. Вершы, што ўвайшлі ў зборнікі «Гады, як шторм», «Прамова фактамі» (абодва 1930), «Цэхавыя будні» (1931), уяўля­юць сабой патрыятычную паэзію, пазбаўленую сапраўднай аб’ектыўнасці, агульную і апісальную, крыклівую. Большасць ранніх твораў паэта пабуда­вана на сюжэце супрацьпастаўлення мінулага і чакання светлай будучыні. Аўтар перадае абстрактныя ўяўленні пра свет. Занадта многа ў вершах гэ­тага часу рыторыкі, агульных выказванняў; у выніку ранняя паэзія П. Броў­кі носіць уяўна масштабны характар, а пафас грамадзянскасці здаецца не зусім натуральным.

Агульнымі і дэкларатыўнымі атрымаліся вершы «Дарагое» (1929), «Гады, як шторм», «Вясновая размова» (абодва 1930) і нават хрэстаматый­ны ўзнёслы верш «Радзіме» (1934). Даволі абстрактнай, агульнай па задуме была і незакончаная паэма «Прамова фактамі» (1930) – пра выспяванне рэ­валюцыйных падзей у краіне, пра барацьбу народа за сацыяльнае вызва­ленне. Такія ж недахопы ўласцівыя і паэме «Цэхавыя будні» (1930). Харак­тэрна, што верш «Памяці Паўлюка Труса» стаў адным з нямногіх аўтарскіх твораў дадзенай пары, дзе ставяцца філасофскія пытанні, хоць і не даецца на іх паэтычнага адказу.

У сярэдзіне 1930-х гадоў у лірыцы паэта адбываюцца значныя якас­ныя змены – надышла пара ўдумлівага, філасофскага стаўлення да рэчаіс­насці, да асабістых пачуццяў, звычайных з’яў. Агульнае «мы» замяняецца на непаўторнае і адзінае «я». Зборнікі вершаў «Прыход героя» (1935), «Вяс­на радзімы» (1937), «Шляхамі баравымі» (1940) становяцца прыкметнай з’явай беларускай літаратуры. Разнастайныя па тэматыцы, вершы гэтага зборніка маюць шмат агульнага: характарызуюцца вялікай душэўнай сама­аддачай, непасрэднасцю і шчырасцю лірычнага перажывання, імкненнем за дробным убачыць большае, істотнае, характэрнае. Адсутнасць дэклара­тыўнасці і абстрактнага рытарызму ў лепшых творах П. Броўкі цалкам мя­няе славесна-вобразную сістэму яго паэзіі, робіць яе надзвычай афарыс­тычнай і выяўленча-выразнай, зрокавай. Пачуццё і думка цяпер матэрыялі­зуюцца не ў лозунгах і фразах, а ў дэталях, рытміцы, інтанацыі, удала знойдзеных тропах. У гэтым плане вельмі характэрны верш «Мяцеліца».

З паэм даваеннага часу («Прамова фактамі», 1930; «Праз горы і стэп», 1932; «1914», 1933; «Кацярына», 1938) вылучаецца твор «Праз горы і стэп». Паэма прысвечана грамадзянскай вайне, што асвятлялася ў мастацкай літа­ратуры таго часу праз мажорную танальнасць. Твор жа П. Броўкі вызна­чаецца праўдзівым паказам вайны з усімі яе жахамі і трагедыямі.



У даваенны час аўтар спрабуе сябе і ў прозе. Вытворчай тэме ў перы­яд калектывізацыі прысвечана яго аповесць «Каландры»6 (1931). Пісьмен­нік выбраў традыцыйны канфлікт, абумоўлены паказам дзейнасці «шкодні­каў», «шпіёнаў», у сувязі з чым вызначаюцца і іншыя недахопы твора – ілюстрацыйнасць, апісальнасць, акцэнтуацыя ўвагі чытача на вытворчых сцэнах, а не на псіхалагічных характарыстыках герояў. Абставіны поўнас­цю пераважаюць над характарамі, прадметам адлюстравання становіцца не ачалавечаная рэчаіснасць, а рэчаіснасць сама па сабе. Напісаная ў манеры лірычнай прозы, аповесць складаецца са шматлікіх, часам не звязаных паміж сабой мазаічных сцэн. Твор гэты яшчэ шмат у чым вучнёўскі.

Вершы П. Броўкі, напісаныя ў першыя дні і месяцы Вялікай Айчын­най вайны, поўняцца заклікам да барацьбы і помсты. Захопнікі імянуюцца самымі знішчальнымі метафарычнымі азначэннямі: «звяры», «драпежнікі шалёныя», «вырадкі-псы», «падлюгі». Для вершаў усіх паэтаў, у тым ліку і П. Броўкі, характэрна пачуццё веры ў абавязковую перамогу над ворагам.



Асаблівасцю паэзіі аўтара першапачатковага перыяду Вялікай Ай­чыннай вайны, як і ўсёй паэзіі, стала шырокая распаўсюджанасць і ўмацаванне жанру балады («Партызан Бумажкоў», 1941; «Пастух», 1941; «Дахаты», 1942). Гэта тлумачыцца тым, што жыццё народа ў гады вайны набыло эпічную масштабнасць. Паэзія адрэагавала на гэта ўзмацненнем жанравай эпічнасці ў форме балады. Наогул балады паэта падзяляюцца на некалькі разнавіднасцей: балада-рэквіем («Надзя-Надзейка», 1943), бала­да-легенда («Кастусь Каліноўскі», 1943), балада-элегія («Магіла байца», 1943). Паэт таленавіта выкарыстаў і іх набыткі фальклору.

У гады вайны пошукі П. Броўкі ў паэтычным эпасе ішлі паралельна з пошукамі ў лірыцы і былі даволі плённыя. За гэты час аўтар напісаў «Паэ­му пра Смалячкова» (1942), паэмы «Беларусь» (1943), «Ясны кут» (1944), «Паланянка» (1945). Агульнае для іх – патрыятычны пафас, вера ў гарманіч­ны пачатак жыцця, сыноўя любоў да Радзімы.



У пасляваеннае дзесяцігоддзе творчасць паэта развівалася нераўна­мерна: спрабаваў свае сілы ў лірыцы, эпічнай паэме і рамане. У лепшых яго творах пасляваеннага дзесяцігоддзя – паэме «Хлеб» (1946), вершах «Шпак» і «Дзяўчына з Палесся» (абодва 1947), «Ківач» (1948), «Сонца грэе» (1949) – сцвярджаецца гуманістычная думка пра тое, што народныя ахвяры ў часы вайны з’яўляюцца залогам лепшага, мірнага жыцця, асновай існавання. У вершах і паэмах на так званую вытворчую тэматыку паэт здраджваў сябе ранейшаму: пачаў пісаць рэпартажы пра тое, як па раёне ездзіць і натхняе людзей на працу чыноўнік («Добры друг», 1949), як непакояцца пра лёс народа партыйныя слугі (паэмы «Родныя берагі» (1948), «Чырвон-Гара­док» (1950). Многія радкі з твораў пасляваеннага дзесяцігоддзя – так-сяк зрыфмаваныя інтанацыі пра чарговыя дасягненні хлебаробаў і рабочых. Некаторыя з іх сёння могуць успрымацца як пародыя на сапраўдную паэ­зію, як узор мастацтва, якое служыла кан’юнктуры свайго часу, афіцыйна падтрымлівалася з-за фармальнай ідэйнасці і павярхоўнай надзённасці.

Лепшы твор П. Броўкі пасляваеннага дзесяцігоддзя – паэма «Хлеб» (1946). Тэма працы – цэнтральная ў паэме. Лірычная, рамантычна-ўзнёслая інтэрпрэтацыя яе дыктуе адпаведныя мастацкія сродкі. Па жанравых адзін­ках паэма – лірычны твор, разам з тым у ім выяўляюцца адзнакі балады: такое ж імкненне да абагульнення падзей, прага тыпізацыі канкрэтнага, арыентацыя на рамантычную дэталь, на трапнае выкарыстанне прынцыпу кантрасту пры апісанні з’яў. У паэме выяўляецца адна з лепшых адзнак ма­неры паэтычнага пісьма П. Броўкі – уменне па-майстэрску ўжывацца ў сі­стэму акрыленых, эмацыянальна-экспрэсіўных вобразаў (як адзін са споса­баў выказвання радасных пачуццяў, гарманічнага, светлага і святочнага настрою).

У пасляваенныя гады П. Броўка працуе над раманам «Калі зліваюцца рэкі» (1952–1956). Твор быў станоўча ацэнены крытыкай за сучаснасць тэ­матыкі. У цэнтры ўвагі пісьменніка – аднаўленчая праца, будаўніцтва гід­раэлектрастанцыі на возеры Дрысвяты трыма калгасамі-суседзямі: беларус­кім, літоўскім і латышскім. Можна зазначыць, што толькі адны лірычныя сцэны і аказаліся найбольш мастацкімі: малюнкі прыроды, побытавыя сі­туацыі. Больш-менш удаліся і рамантызаваныя характары Алеся Іванюты, яго маці Агаты, Анежкі. Адмоўныя літаратурныя моманты рамана: не рас­крыта складанасць пасляваеннага жыцця, не зроблена спроба разабрацца ў прычынах драмы, якую перажыў народ-пераможца. У пэўнай ступені ра­ман можна назваць эксперыментальным па сваіх ідэйна-мастацкіх вартас­цях; гэта быў схематычны водгук на распаўсюджаны лозунг «дружбы на­родаў».

Апошнія два з паловай дзесяцігоддзі склалі ў творчасці паэта новы этап, які засведчыў паглыбленне ідэйна-тэматычных і жанравых асноў яго паэзіі. З другой паловы 1950-х гадоў творчасць аўтара стала больш давер­лівай і шчырай, пазбавілася штучнай напышчанасці і афектнасці. Зборнікі вершаў дадзенага часу: «Пахне чабор» (1959), «Далёка ад дому» (1960), «Высокія хвалі» (1962), «Між чырвоных рабін» (1969), «Калі ласка» (1972), «І ўдзень і ўночы...» (1974), «Што сэрца праспявала» (1979). У зборнікі ўваходзяць паэмы «Заўсёды з Леніным» (1956), «Голас сэрца» (1960), «Кі­рыл Пракопавіч» (1964), «Дума аб бессмяротнасці» (1970), «Марат Казей» (1976). Талент паэта набыў да гэтага часу адзнакі сапраўднага лірызму.

Вельмі характэрныя для новага перыяду творчасці П. Броўкі вершы «Сэрца», «Як ліст дубовы» (абодва 1956), «Праца», «Журавы», «Пахне ча­бор» (усе 1957). Кожны з іх уяўляе сабой лірычны маналог, прасякнуты роздумам над праблемамі жыцця. П. Броўка не збіваецца на рыторыку, канстатацыю фактаў, яму важна разабрацца ў гаме складаных унутраных перажыванняў, суаднесеных з трывогамі эпохі.

У творчай біяграфіі паэта нямала вершаў, прысвечаных праблемам літаратуры, якія з’яўляюцца эстэтычным крэда («Паэзія», «Аб крытыцы» абодва 1958; «Ля помніка Райнісу», 1960; «Я любіў за ўсё найболей», 1962; «Усё апісалі паэты», 1963; «Слава», «Радок габлюеш і стругаеш...», абодва 1964; «Паэт, часоў сваіх дазорца...», 1967; «Першы верш», 1971; «Відаць, што доля ўжо такая», 1974; «Калі з глыбінь яе напіцца...», 1975) і інш. Поз­няя лірыка песняра чытаецца як споведзь чалавека, захопленага прыгажос­цю жыцця. Тэматычна яна вельмі разнастайная: дзяцінства, прырода, ка­ханне, праца, паэтычная творчасць, уражанні ад замежжа. Вершы «Слёзы» і «Пачатак» (абодва 1959) прыгадваюць часы дзяцінства, прасякнуты ўнут­ранай дабрынёй і засяроджанасцю на асабістым.

Юнацтву і маладосці П. Броўка прысвячае сваю прозу гэтага перыя­ду: апавяданні «Пачатак» (1960), «Спакуса» (1971), «Разам з камісарам», «З драўляным сажнем», «Перапыненая вечарынка», «Вінчэсцер», «Анэтка» (1972), «Кантрабандысты» (1974), «Чырвоны аловак», «Зайздрасць і заспа­каенне» (абодва 1973); аповесць «Донька-Даніэль» (1972). Творы зборніка прозы «Разам з камісарам» (1974) прасякнуты жыццярадасным насторем, напоўнены гумарам, гуманістычныя па змесце, простыя па кампазіцыі. У іх аснове ляжыць маральна-этычная праблематыка. Мова твораў каларытная, блізкая да жывой гутарковай. У аснову кожнага апавядання пакладзены канкрэтныя жыццёвыя выпадкі і эпізоды.

У позняй паэзіі П. Броўкі значна паглыбілася раскрыццё маральна-этычнай праблематыкі. Пошук сацыяльнай праўды становіцца вядучым у яго паэзіі. Аўтар звяртаецца да сваіх унутраных перажыванняў («Вернасць», 1967; «Наперакор», 1968; «І нехта ўспомніць пра мяне», 1969; «Зялёным полымем шугае…», 1971; «Дабро», 1972; «Роздум», 1973; «Споведь сабе самому», 1975. Паэзія аўтара ў іх актыўная, бескампрамісная, адкрытая па­дзеям веку. У вершах паэта філасафічнага зместу асаблівае месца займае праблема «чалавек і час», якая звязана з уласным жыццём і самакрытызмам.

Такім чынам, тыповыя асаблівасці творчасці П. Броўкі як свядома накіраванага савецкага паэта выявіліся ў яго, бадай, з найбольшай адкры­тасцю і паслядоўнасцю.
Кандрат Крапіва (1896–1991)
Нарадзіўся Кандрат Кандратавіч Атраховіч 5 сакавіка 1896 г. у вёсцы Нізок на Уздзеншчыне Мінскай вобласці ў сялянскай сям’і. Калі будучы пісьменнік скончыў царкоўнапрыходскую школу, нечакана памерла маці. Год Кандрат вучыўся ў Уздзенскім народным вучылішчы; паступіў у чаты­рохкласнае гарадское вучылішча ў Стоўбцах, з якога праз два гады пера­вёўся ў Койданава, бо там была лепшая бібліятэка. У 1913 г. вучоба была паспяхова скончана. Пазычыўшы ў суседа тры рублі, Кандрат едзе ў Мінск, дзе экстэрнам здае экзамены на званне народнага настаўніка. У жніўні 1915 г. будучага пісьменніка мабілізавалі ў царскае войска. Ваенную пад­рыхтоўку праходзіў у Гатчынскай школе прапаршчыкаў. У кастрычніку 1916 г. усё закончылася маршавай ротай і Румынскім фронтам. Цяжкія баі. Захворванне на брушны тыф. Лютаўская рэвалюцыя 1917 г. Праблема вы­бару, якая не была простай. Да гэтага часу ён быў камандзірам роты, да­служыўся да звання капітана. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі вярнуўся ў Нізок, працаваў у Каменскай пачатковай школе на Уздзеншчыне. Мабіліза­ваны ў жніўні 1920 г. у Чырвоную Армію. Пачаў друкавацца, за кароткі час зрабіўшыся ледзь не самым папулярным паэтам Беларусі. У гады Вялі­кай Айчыннай вайны быў ваенным журналістам франтавых газет «Красноа­рмейская правда» і «За Савецкую Беларусь», адказным рэдактарам газеты-плаката «Раздавім фашысцкую гадзіну».

У пасляваенны час працоўная дзейнасць К. Крапівы была звязана ў асноўным з Акадэміяй навук БССР. Загадчык сектара, дырэктар Інстытута мовазнаўства, віцэ-прэзідэнт. Герой Сацыялістычнай Працы, народны пісь­меннік Беларусі, доктар філалагічных навук, акадэмік Акадэміі навук БССР, дэпутат Вярхоўнага Савета БССР некалькіх скліканняў, лаўрэат дзяржаў­ных прэмій СССР і БССР, кавалер чатырох ордэнаў Леніна, ордэнаў Каст­рычніцкай рэвалюцыі, Чырвонага Сцяга, Чырвонай Зоркі, Айчыннай вай­ны 1 ступені і г.д.

Пісаць вершы К. Капіва пачаў падчас вучобы ў Койданаўскім гарад­скім вучылішчы. Пісьменнік стаў адным з самых актыўных аўтараў газеты «Савецкая Беларусь», дзе быў надрукаваны яго першы вершаваны фелье­тон «Сваты» (1922). У 1925 г. К. Крапіва піша верш «Я не пясняр», што на­гадвае палемічныя купалаўскія радкі «Я не паэта». Часцей за ўсё пад аб­стрэл аўтарскай сатыры трапляла пустазвонства («Плеткары», 1922), ляно­та («Год Сцяпана-лайдака», 1923), хабарніцтва («Дай ды дай», 1922), бес­культур’е («Грышча», 1922), забабоны («Дзве кумы», 1923) і інш.

К. Крапіва пісаў і антырэлігійныя творы, выкарыстоўваючы ў іх бур­лескнае прыпадабненне («Новая екценія», 1922; «Малітвы па-беларуску», 1923 і інш.). Выстаўляюць рэлігію ў якасці анахранізму і безнадзейна тупі­ковага вучэння наступныя аўтарскія творы: «Дабяромся і да неба» (1922), «Поп Мікітка і залатая світка» (1922), «Няма дурных на небе» (1923), «Го­дзе слухаць байкі!» (1923), «Кармлю ўсё словам божым» (1923), «Царкоў­ная расколіна» (1923), «Калядная размова» (1923) і інш.

Выступленні ворагаў беларушчыны аўтар успрымаў балюча і абвос­трана. Узорам рэакцыі на іх выпады можа лічыцца верш «Дзе ж яна, галоў­ная самая?» (1931). Для адлюстравання праблемы згортвання беларусіза­цыі паэт абірае жанр байкі («Казёл», 1925) – з’едлівая сатыра на прыез­джых спецыялістаў, якія прынцыпова не жадалі вывучаць беларускую мову.

Творчыя пытанні К. Крапіва закранаў таксама ў вершах «Муза падвя­ла» (1923) і «Прашу прабачэння» (1923). Найбольш поўна ён сфармуліра­ваў сваё бачанне літаратурных падыходаў у памфлеце «Аб «буры і націс­ку». Да літаратурных спрэчак» (1923) і ў фельетоне «Ці то здольны пясняр, ці то модны пляткар?» (1925). У творах праводзіцца наступная думка: трэ­ба ўзяцца за працу, а не разводзіць дэбаты.

З сярэдзіны 1930-х гадоў тэматыка вершаў К. Крапівы істотна мя­няецца. Яго па-ранейшаму цікавіць жыццё савецкіх людзей, не перастае зма­гацца ён і з сацыяльнымі недахопамі ва ўсіх праяўленнях. Але побач з гэ­тым усё часцей погляд паэта затрымліваецца на знешнепалітычных аспек­тах жыцця краіны. У час Вялікай Айчыннай вайны аўтар усю сваю твор­чую энергію пераключыў на сатырычнае выкрыццё фашысцкай ідэалогіі. Сярод франтавікоў і партызан вялікай папулярнасцю карысталіся вершы «Лісі хвост і воўчы клык» (1941), «Развітанне сына» (1941), «Зброю к бою» (1941), «Фрыцавы трафеі» (1941), «Біблія людаеда» (1942), «Гебельс брэ­ша – вецер носіць» (1943), «Янка і Карла» (1944), «Гітлер Марце пагражае, чаму Марта не раджае» (1944).

У пасляваенны час паэтычная творчасць К. Крапівы рэалізавалася ў жанры байкі, у якім ён дасягнуў вялікага поспеху. Першая байка «Воўк і ягнюк» (1922) лічыцца вучнёўскай. Перыяд вучнёўства, аднак, не зацягнуў­ся, і адна за другой з’явіліся наступныя байкі: «Вол і авадзень» (1923) і «Сука ў збане» (1925). Да намінацыі «палітычная сатыра» могуць падыхо­дзіць не ўсе байкі К. Крапівы: «Сава, Асёл ды Сонца» (1927), «Жаба ў ка­ляіне» (1927), «Нянька» (1927), «Мядзведзі» (1927), «Лётчык і блыха» (1949), «Поп і папугай» (1949), «Генетычны ход, або Асёл у палоску» (1931). К. Крапіва быў смелым рэфарматарам байкі, аднак новыя элементы ўводзі­ліся ў канкрэтны твор у такой меры, каб гэта не разбурала яго жанравай структуры. Пры напісанні сваіх баек – асабліва ранніх – аўтар дбаў перш за ўсё пра паўнату эмацыянальнага і інтэлектуальнага ўздзеяння на чытача. Дзеля гэтага К. Крапіва выпрацаваў цэлую сістэму правілаў. Сапраўднага эфекту, паводле аўтара, можна дасягнуць тады, калі аб’ект асмяяння будзе абмаляваны з найбольшай выразнасцю. Вобразы павінны быць канкрэтныя; супастаўляюцца не абстрактныя паняцці, а рэчы і з’явы. Арыентуючыся ў даваенны час на простанародную чытацкую аўдыторыю, байкапісец браў для разгляду канкрэтныя вобразы і з’явы з прыроднага наваколля і грамад­скага асяроддзя: «Дзед і Баба» (1925), «Мандат» (1925), «Каршун і Цецярук» (1926), «Угоднікі-маўчальнікі» (1926), «Дыпламаваны Баран» (1926), «Чорт» (1927), «Саманадзейны Конь» (1927), «Зубы» (1927), «Махальнік Іваноў» (1928), «Кувада» (1929), «Тата-Заяц» (1935) і інш. Ідэйныя перакананні паэта мяняліся, глыбокім філасофскім падтэкстам і пастаноўкай вечных маральна-этычных праблем вызначаліся наступныя байкі апошняга перыя­ду творчасці: «Асёл Ісуса Хрыста» (1966), «Шляхі да ісціны» (1966), «Ас­трыжаны Вожык» (1981), «Дыялектычная супярэчнасць» (1981), «Канструк­тар і Робат» (1986).

К. Крапіва ствараў паэмы ў сатырычным ключы. Асаблівы поспех вы­паў на долю «Бібліі» (1926). Твор пісаўся па заказе пэўнага часу, у атма­сферы татальнага адмаўлення рэлігіі, але гэта не радавая сатырычная паэ­ма, а паэма-бурлеска травесційнага плану. У ёй камічны эфект дасягаецца шляхам гумарыстычнага зніжэння высокага стылю біблейскіх тэкстаў. У лепшых традыцыях «Энеіды навыварат» і «Тараса на Парнасе» аўтар ма­люе біблейскіх персанажаў звычайнымі зямнымі людзьмі з іх заганамі і недахопамі. Багаты арсенал выяўленчых сродкаў: трапных эпітэтаў, гума­ру, сатыры, сарказму, гіпербал.

У 1928 г. К. Крапіва напісаў прыгодніцкую па змесце і гумарыстыч­ную па танальнасці паэму «Шкірута», прысвечаную падзеям грамадзян­скай вайны. У творы аўтар зашыфраваў шмат палемічных выпадаў супраць былых сваіх сяброў па літаратурнаму аб’яднанню «Маладняк». У наступ­най сваёй паэме «Хвядос – Чырвоны нос», напісанай у канцы 1930 г., аўтар абвастрае градус такой крытыкі. Ідэйная барацьба паміж літаратурнымі групоўкамі ў дадзены час абвастраецца. Былыя маладнякоўцы не адмові­ліся ад многіх сваіх традыцый, узмацнілася крытыка «адступнікаў» з «Уз­вышша», у тым ліку і самога К. Крапівы. Ён жа быў не з тых, хто мог сцярпець любую абразу. У галоўным персанажы Хвядосе без цяжкасцей пазнаецца прататып – літаратурныя праціўнікі аўтара. Але звышзадача ў К. Крапівы была іншая: паразважаць пра свой час, памарыць пра будучае. Паэма вызначаецца шматпраблемнасцю, багаццем падзейнага матэрыялу, ускладненасцю ідэйна-маральных вывадаў. Адметная і сюжэтна-кампазіцый­ная будова твора: умоўны прыём перанясення падзей у розныя часавыя вы­мярэнні. Аднак сустракаюцца ў паэме і мастацкія хібы: не ўсе сатырычныя выпады, якія рабіў аўтар у адрас канкрэтных людзей, аказаліся справядлі­вымі. Будучыня Беларусі і перспектывы яе развіцця ў творы падаюцца без аптымізму.



Прозу К. Крапіва пачаў пісаць адначасова з паэзіяй. Апавяданне «Вяс­на» (1922) напісана ў час з’яўлення першых паэтычных публікацый. Праза­ічны зборнік «Апавяданні» і паэтычны «Асцё» выйшлі з інтэрвалам у два месяцы ў 1925 г. Характэрна тое, што аўтар выявіў сябе ў прозе большым лірыкам, чым у ранняй паэзіі, так што многія яго апавяданні па сваіх фор­мавыяўленчых адзінках толькі ўмоўна могуць быць аднесены да прозы. Паэзія адчуваецца ў аўтарскіх апавяданнях: «Вясна» (нагадвае лірычную міні-паэму), «Пад грукат колаў» (1926), «Падарожнае» (1926), «Ліха яго разбярэ» (1927), «Снег ідзе» (1927) (можа лічыцца адным з самых тыповых аўтарскіх твораў малой празаічнай формы), «Гарэлік і яго жонка» (1928). Паказальна, што ў ранніх апавяданнях пісьменніка «Здаў экзамінт» (1923), «Каровін мужык» (1923), «Як ён стаў бязбожнікам» (1924) пераважае гума­рыстычная, а не сатырычная форма адлюстравання.

Выбіраючы герояў сваіх апавяданняў, К. Крапіва падкрэсліваў іх звы­чайнасць. Зусім невыпадкова самы салідны па аб’ёму зборнік апавяданняў аўтар назваў «Людзі-суседзі» (1928) (людзі грэшныя і смешныя; часам цяж­ка адрозніць, дзе іх віна, а дзе бяда).

У 1930-я гады жанр апавядання ўсё радзей прыцягвае ўвагу К. Крапі­вы. Ён надрукаваў некалькі апавяданняў, фельетонаў і нарысаў: «Каб кні­гам ды ногі!» (1933), «Пачатак шчасця» (1935), «З новым шчасцем» (1935), «Дзяніс Сырамаха» (1936), «Каб весела было» (1936), «Жывыя і мёртвыя» (1936), але яны не вызначаюцца вялікай мастацкай дасканаласцю.

Несумненным лідэрам празаічнага мастацтва К. Крапівы 1930-х га­доў з’яўляецца раман «Мядзведзічы». Друкаваўся твор у часопісе «Полымя рэвалюцыі» (1932–1933). У канцы 1932 г. выйшаў з паметкай «Кніга пер­шая». Пісьменнік надаваў вялікае значэнне працы над гэтым творам, пра што пісаў у артыкуле «Слова да малодшых»: «Першая кніга рамана ўжо выйшла з друку. Яна ахапляе аднаўленчы перыяд, які супадае з першым перыядам маёй творчасці, і хоць часткова папаўняе прабел у адлюстраван­ні мною класавага змагання на вёсцы. Другая кніга будзе прысвечана ар­ганізацыйнаму і гаспадарчаму ўмацаванню калгасаў...»7. Раман, аднак, не быў напісаны аўтарам поўнасцю, бо асноўнай прычынай стала ўзмацненне рэпрэсіўных мер і абвастрэнне палітычнага клімату ў краіне. Трэба было выжываць, таму першая кніга рамана «Мядзведзічы» стала кнігай апош­няй. У аўтара твора не было ніякіх ілюзій наконт аб’ектыўных, рэальных масштабаў працэсу калектывізацыі, які па драматызму не саступаў гадам грамадзянскай вайны. У рамане К. Крапіва паказаў сябе выдатным майст­рам псіхалагічнай характарыстыкі вобразаў герояў, якая спалучалася з іх партрэтнай абмалёўкай. Усе персанажы, нават эпізадычныя, маюць свой індывідуальны воблік. У рамане няма галоўнага героя, аднак ён вызначаец­ца зладжанасцю кампазіцыйнай будовы. К. Крапіва не быў першаадкры­вальнікам сялянскай тэматыкі ў беларускай літаратуры, заснавальнікам яе «вясковай» прозы, але раман уражвае багаццем фактычнага матэрыялу. За­натоўка ў яркіх вобразах карціны жыцця на пэўным этапе – стала задачай для пісьменніка, якая насіла першасны характар. Пакутлівыя дысанансы жыцця, жорсткасць, падседжванні, зайздрасць – усё гэта пісьменнік паказ­ваў з бязлітаснай адкрытасцю, але без зласлівасці. Раман таксама ўражвае багаццем моўна-выяўленчых сродкаў.

Прыход К. Крапівы ў драматургію – з’ява заканамерная. Першым драматургічным творам аўтара лічыцца п’еса «Канец дружбы», адзначаная на ўсебеларускім конкурсе 1933 г. другой прэміяй. У творы асноўную ўва­гу аўтар надаў паказу як пэўных сацыяльна значных падзей, так і мастацка­му даследаванню дыялектычна супярэчлівых стасункаў паміж пачуццём гра­мадскага абавязку і асабістымі амбіцыямі. «Канец дружбы» – самая загад­кавая п’еса ў творчасці аўтара; ёй пашанцавала на самыя розныя ўзаемавы­ключныя трактоўкі і ацэнкі. У пэўным сэнсе «Канец дружбы» можна раз­глядаць як другую частку рамана «Мядзведзічы». П’еса была ўспрынята крытыкай як твор наватарскі. Праўда, кампазіцыйна-сюжэтная будова яго ніякай арыгінальнасцю не вызначалася. У творы адсутнічае ўменне буда­ваць кампазіцыю. Мае месца пэўны схематызм, неразгорнутасць некато­рых вобразаў, але ўсе адмоўныя рысы вычэрпваюцца высокай культурай сюжэта. Праблема сюжэта, заснаванага на асэнсаванні рэвалюцыйных па­дзей або героіка-рэвалюцыйных здзяйсненняў стаяла ў беларускай драма­тургіі даволі востра. Заключалася яна ў тым, што п’есы дадзенай тэматыкі найчасцей набывалі жанравыя адзнакі, далёкія ад драматургічных. Са сцэ­ны гучала дыялагічная проза, элементамі якой былі: схематызм, агульшчы­на і павярхоўнасць. К. Крапіве ўдалося напісаць твор, які ўдала даносіць асаблівасці ідэйна-палітычнай атмасферы часу, аб’ектыўныя ўмовы нара­джэння новых узаемаадносін паміж людзьмі.

Драма «Партызаны» (1937) была напісана і прымеркавана да двацца­тай гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі. Драматург беспамылкова перавёў канфліктныя сутыкненні ў рэчышча такіх маральных калізій, якія ў твор­часці папярэднікаў амаль не сустракаліся, таму паказ барацьбы беларуска­га народа супраць белапольскіх акупантаў атрымаўся яркім і пераканаль­ным, а большасць характараў п’есы атрымала дакладную псіхалагічную характарыстыку. Сцэнічны лёс твора склаўся вельмі ўдала, бо і сёння ён з поспехам ставіцца на тэатральных падмостках.

Як і ўсе выдатныя творы, камедыя К. Крапівы «Хто смяецца апош­нім» (1939) была сустрэта неадназначна, аднак высокія ідэйныя і мастацкія вартасці твора не маглі аспрэчыць нават самыя зацятыя яго праціўнікі. У жанравым плане твор гэты камедыйна-сатырычны, з элементамі карыкату­ры і нават гратэску: часам шарж з яго гіпертрафіраваным падкрэсліваннем адной нейкай характэрнай рысы гаворыць пра чалавека больш за аб’ектыў­ную фатаграфію.

Сюжэт камедыі шматпластовы, з багатым падтэкстам. Дзея будуецца на кантрастах рознага плана. У грамадстве 1930-х гадоў найлепш прыста­соўваліся паклёпнікі, кар’ерысты, падхалімы, людзі тыпу Зёлкіна. Драма­тург, добра ведаючы дадзеную небяспеку, узняў свой голас супраць заган грамадства. Майстэрства К. Крапівы яскрава выявілася ў выбары персана­жаў. Кожны з іх не проста дапаўняе адзін аднаго, але і абумоўлівае манеру паводзін. У 1941 г. спектакль па гэтай п’есе быў адзначаны дзяржаўнай прэміяй СССР. Камедыя ўвайшла ў залаты фонд беларускай драматургіі.

3 чэрвеня 1943 г. ва Уральску адбылася прэм’ера спектакля «Проба агнём». У творы аўтар адмовіўся ад простага сцэнічнага паказу гераізму савецкіх людзей, паставіўшы перад сабой задачу раскрыць не батальную барацьбу людзей з фашызмам, а маральную, духоўную прыроду іх подзві­гу. Меншы творчы поспех чакаў драматурга пры напісанні аднаактавай драмы «Валодзеў гальштук» (1943), прысвечанай паказу барацьбы бела­рускіх падпольшчыкаў і партызан з нямецкімі акупантамі. Затое сатырыч­ная камедыя «Мілы чалавек» (1945) стала выдатнай з’явай не толькі бела­рускай, але і ўсёй савецкай камедыяграфіі. Арыгінальная камедыя па сваёй форме: сцэнічная ўмоўнасць даведзена драматургам да самага высокага ўзроўню – гледачы прысутнічаюць пры непасрэдным стварэнні камедыі, калі аўтар вуснамі аднаго з галоўных герояў абмяркоўвае з імі і персанажа­мі далейшае развіццё дзеі.

Менш плённымі аказаліся драматургічныя вышукі К. Крапівы ў пасля­ваенны час. Сам аўтар да сваіх творчых няўдач адносіў драмы: «З наро­дам» (1948) – паслядоўнае пазбяганне батальных сцэн, засяроджванне ўва­гі на маральных калізіях; «Зацікаўленая асоба» (1953) – схематызм вобра­заў; «Людзі і д’яблы» (1958) – драма без асобых перашкод трапіла на сцэ­ну, бо карціна ўсенароднага супраціўлення фашызму была паказана без за­лішняй патэтыкі.

Лірычная камедыя «Пяюць жаваранкі» (1950) з усіх пасляваенных твораў аўтара прыцягнула да сябе найбольшую ўвагу. У 1951 г. яе адзна­чылі Дзяржаўнай прэміяй СССР, больш за 50 тэатраў СССР уключылі яе ў свой рэпертуар, ставілася яна і ў замежных тэатрах. Гэта адзін з самых светлых, жыццярадасных драматургічных твораў К. Крапівы. Канфлікт п’есы заснаваны на сутыкненні розных поглядаў на шчасце чалавека, на стратэгію арганізацыі сельскагаспадарчай вытворчасці, таксама не быў на­думаным. Майстэрства К. Крапівы выявілася ў раскрыцці характараў, ба­гацці гумарыстычных сітуацый, трапнай экспрэсіўнай мове з багатай на­роднай фразеалогіяй. Усе сцэны – з першай да апошняй – прасякнуты свет­лым лірызмам, які прыцягваў увагу чытача і гледача.

У 1972 г. К. Крапіва закончыў напісанне фантастычнай камедыі «Бра­ма неўміручасці», якая стала вынікам усёй папярэдняй яго творчасці. Дра­ма ўразіла сваім касмізмам і глабальнасцю праблематыкі. Разам з тым, гэта твор абсалютна беларускай ментальнасці, з цеснай прывязкай да айчынных клопатаў. Цікава вырашаны канфлікт твора: ён разгортваецца не так паміж адмоўнымі і станоўчымі персанажамі, як паміж прыхільнікамі і праціўніка­мі адкрыцця неўміручасці і яе ўкараненнем у рэчаіснасць. Твор стаў для К. Крапівы п’есай-пераадоленнем ранейшай творчай манеры, звыклых вы­яўленчых прыёмаў.

Апошнюю сваю псіхалагічную драму «На вастрыі» аўтар завяршыў у 1982 г. Твор атрымаўся шматпраблемным, з вострай інтрыгай, цікавымі вобразамі персанажаў. Прысвечаная адлюстраванню жыцця сучаснікаў з іх вялікімі і малымі клопатамі, п’еса прываблівае жывой увагай пісьменніка да ўнутранага свету герояў і павеваў часу. У творы спалучаецца мудрасць і гарэзлівасць, павучальнасць і займальнасць; назіраецца багацце выяўлен­чай палітры.

За сваё доўгае жыццё К. Крапіва зрабіў вельмі шмат: стварыў высока­мастацкія творы ў жанры сатырычнай паэзіі, байкі, апавядання. Творы аўта­ра перакладзены на многія мовы свету. Сам пісьменік перакладаў А. Чэ­хава, М. Гогаля, І. Крылова, М. Някрасава, У. Маякоўскага, А. Твардоўска­га, А. Міцкевіча, Т. Шаўчэнку, Я. Гашака, Ш. Руставелі і інш.

Шматлікая публіцыстычная спадчына К. Крапівы. З пачатку 1950-х гадоў аўтар шмат увагі надаваў навуковай дзейнасці. Пад яго рэдакцыяй выйшлі многія навуковыя працы, а таксама слоўнікі: «Арфаграфічны слоў­нік» – Мінск, 1961; «Белорусско-русский словарь» – Мінск, 1962; «Тлума­чальны слоўнік беларускай мовы»: У 5 т. – Мінск, 1977–1984; «Русско-бе­лорусский словарь»: У 2 т. – Мінск, 1982; «Беларуска-рускі слоўнік»: У 2 т. – Мінск, 1988.

3. Слоўнік паняццяў


Інтэлектуальная літаратура

(лац. «intellectus» – розум) – разумовая проза, выяўляецца ў ідэйна-стылёвых асаблівасцях літаратурнага твора: філасоф­скім пачатку, частым выкарыстанні жанру прыпавесці і інш.

Літаратурная апазіцыя

(лац. «oppositio» – супрацьпастаўленне) – супрацьдзеянне ва ўскоснай форме поглядам існуючай дзяржаўнай і культурнай палітыкі.

Сатыра

(лац. «satira») – від мастацкай літаратуры, які едка высмей­вае адмоўныя з’явы рэчаіснасці, асуджае іх.



4. Матэрыялы, выкарыстаныя ў працэсе навучання і кантролю
4.1 Матэрыялы да лекцыі

План лекцыі:

1. Асаблівасці прозы З. Бядулі.

2. Літаратурны шлях К. Чорнага як аднаго з заснавальнікаў беларус­кага рамана.

3. М. Лынькоў і дзіцячая літаратура.

4. Праблема калектывізацыі ў творчасці М. Зарэцкага.

5. Інтэлектуалізм паэзіі У. Дубоўкі.

6. Спалучэнне лірычнага і эпічнага пачатку ў творчасці П. Броўкі.

7. Разнапланавасць літаратурнага таленту К. Крапівы.
4.2 Пытанні і заданні да лекцыі

1. Вызначыць асноўныя тэндэнцыі развіцця беларускай літаратуры дадзенага перыяду.

2. Акрэсліць ідэйна-тэматычныя і стылёвыя асаблівасці творчасці ад­значаных аўтараў.

3. Знайсці адзнакі інтэлектуалізму ў творчасці У. Дубоўкі і К. Чор­нага.


4.3 Матэрыялы да практыкума «Беларуская літаратура перыяду Вялікай Айчыннай вайны»

План практыкума:

1. Грамадска-палітычная атмасфера пачатку вайны (трагедыя 1941 г., ваенныя дарогі беларускіх пісьменнікаў).

2. Абарваныя вайной жыцці (26 літаратараў Беларусі паводле кнігі «Скрыжалі памяці» (2005): М. Сурначоў, З. Астапенка, Л. Гаўрылаў, Р. Му­рашка, А. Пруднікаў. Х. Шынклер, М. Сямашка і інш.).

3. Праблема выбару беларускай творчай інтэлігенцыі: калабаранты і іх лёс.
4.4 Пытанні і заданні да практыкума «Беларуская літаратура пе­рыяду Вялікай Айчыннай вайны»
1.   Паэтычны зварот Я. Купалы да беларускага народа (верш «Бела­рускім партызанам»).

2.   Мастацкая характарыстыка зборніка фельетонаў К. Чорнага «Кат у белай манішцы» (1942).

3.   Гісторыя стварэння, пафас, матывы паэтычнай кнігі А. Астрэйкі «Слуцкі пояс» (1943).

4.   Мастацкае адлюстраванне ваеннай рэчаіснасці праз жанр балады: А. Куляшоў «Ліст з палону», А. Вялюгін «Уральскі танк», П. Броўка «Ра­на», П. Панчанка «Герой».

5.   Адлюстраванне гістарычнага мінулага і вобраза Беларусі ў ваеннай лірыцы (П. Панчанка «Курганы», П. Броўка «Кастусь Каліноўскі», М. Сур­начоў «У стоптаным жыце»).

6.   Фальклорныя матывы ваеннай паэзіі (М. Танк «Родная мова», П. Броўка «Будзем сеяць, беларусы!», П. Глебка «Родны хлеб», А. Куля­шоў «Над брацкай магілай»).

7.   Характарыстыка беларускага паэтычнага эпасу вайсковага часу: паэмы А. Куляшова «Сцяг брыгады» (1942), «Прыгоды цымбал» (1944); П. Броўкі «Паэма пра Смалячкова» (1942), «Беларусь» (1943); М. Танка «Янук Сяліба» (1943); Я. Коласа «Суд у лесе» (1942), «Адплата» (1944); П. Панчанкі «Маладосць у паходзе» (1945).

8.   Эпічныя і драматычныя творы ваеннага перыяду. Паказ гераізму і патрыятызму чалавека: К. Чорны «Маленькая жанчына», «Вялікае сэрца»; М. Лынькоў «Ірына», «Астап», «Васількі», «Салют».

9.   Маральна-этычныя адносіны герояў у п’есе К. Крапівы «Проба агнём» (1943).

10. Своеасаблівасць узнаўлення вайны ў прозе К. Чорнага («Пошукі будучыні», «Млечны шлях»).



5. Тэсты і заданні для кантролю за вынікамі навучання
1. Які ўдзел у Вялікай Айчыннай вайне прымалі беларускія пісьменнікі?

а) Многія з іх былі прызваныя ў войска і ваявалі на розных франтах вайны ці змагаліся ў партызанскіх атрадах: І. Мележ, І. Шамякін, М. Аўрамчык, Я. Брыль, В. Таў­лай і інш.

б) Больш за 20 мастакоў слова заплацілі сваім жыццём за вызваленне радзімы ад гітлераўскіх галаварэзаў: М. Сурначоў, З. Астапенка, С. Кравец, А. Гейне і інш.

в) Значная частка беларускіх пісьменнікаў ніякага ўдзелу ў вайне не прымала. Яны жылі па перакананні старажытных: «Калі гавораць гарматы, музы маўчаць».

г) Беларускія пісьменнікі працавалі ў франтавым і партызанскім друку. Адны, як А. Куляшоў, П. Панчанка і інш. былі журналістамі ў газетах, другія выдавалі газеты і часопісы ў Маскве (К. Чорны, М. Танк і інш.).
2. Якія беларускія перыядычныя выданні выходзілі ў гэты час?

а) «Літаратура і мастацтва»; д) «Полымя»;

б) «Раздавім фашысцкую гадзіну»; е) «Вожык»;

в) «Партызанская дубінка»; ж) «Першацвет»;

г) «Савецкая Беларусь»; з) «Беларусь».
3. Якія з мастацкіх жанраў найбольш плённа развіваліся ў гады Вялікай Айчыннай вайны?

а) паэзія;

б) драматургія;

в) проза.


4. Якія асноўныя тэмы і матывы беларускай ваеннай паэзіі?

а) прырода Беларусі; г) захапленне маладосцю;

б) радасць мірнага жыцця; д) услаўленне подзвігу народа;

в) паэтызацыя гісторыі краю; е) раскрыццё здзекаў фашыстаў.


5. У чым жанрава-стылёвая адметнасць беларускай ваеннай паэзіі?

а) вершы-маналогі; ж) сатырычныя вершы;

б) вершы-пасланні; з) вершы-заклікі;

в) санеты; і) балады;

г) публіцыстычныя вершы; к) рамантычныя творы;

д) паэмы; л) рэалістычныя вершы;

е) байкі; м) актавы.
6. Ваенная проза была прадстаўлена:

а) публіцыстычнымі артыкуламі; в) раманамі;

б) аповесцямі; г) апавяданнямі.
7. Якія зборнікі апавяданняў, раманы былі створаны ў гады ваеннага лі­халецця?

а) М. Лынькоў «Астап»; е) К. Чорны «Пошукі будучыні»;

б) К. Чорны «Вялікае сэрца»; ж) Я. Брыль «Апавяданні»;

в) І. Мележ «У завіруху»; з) К. Чорны «Вялікі дзень»;

г) Я. Колас «Казкі жыцця»; і) М. Лупсякоў «Першая атака».
Літаратура
1. Баршчэўскі, Л.П. Беларуская літаратура і свет / Л.П. Баршчэўскі, П.В. Ва­сючэнка, М.А. Тычына; пад рэд. Л.П. Баршчэўскага. – Мінск: Радыёла-плюс, 2006. – 576 с.

2. Беларускія пісьменнікі: Бібліяграфічны слоўнік: у 6 т. / рэдкал.: Б. Сачанка (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: БЭ імя Броўкі, 1992–1995. – 6 т.

3. Гісторыя беларускай літаратуры: у 4 т. / рэдкал.: У.В. Гніламёдаў (гал. рэд.) [і інш.]. – 2003. – 583 с.

4. Грамадчанка, Т.К. Беларуская літаратура: Школьныя творы: Кароткі змест і аналіз / Т.К. Грамадчанка. – Мінск: Аверсэв, 1999. – 543 с.

5. Лазарук, М.А. Гісторыя беларускай літаратуры: ХХ стагоддзе (20–50-я га­ды) / М.А. Лазарук, А.А. Семяновіч; пад рэд. М.А. Лазарука. – Мінск: Выш. шк., 2000. – 511 с.

6. Мішчанчук, М.І. Беларуская літаратура ХХ ст.: Вучэбны дапаможнік / М.І. Мішчанчук, І.С. Шпакоўскі. – Мінск: Выш. шк., 2001. – 352 c.

7. Старычонак, В.Д. Беларуская літаратура / В.Д. Старычонак. – Мінск: Выш. шк., 1998. – 350 с.

8. Янушкевіч, Я.Я. За архіўным парогам: Беларуская літаратура ХІХ–ХХ стст. у святле архіўных пошукаў / Я.Я. Янушкевіч. – Мінск: Маст. літ., 2002. – 381 с.



Модуль 8

ВЫТОКІ СУЧАСНАЙ БЕЛАРУСКАЙ ЛІТАРАТУРЫ

(НА ПРЫКЛАДЗЕ ТВОРЧАСЦІ А. КУЛЯШОВА, П. ПАНЧАНКІ, М. ТАНКА, І. МЕЛЕЖА, А. МАКАЁНКА, І. ШАМЯКІНА, Я. БРЫЛЯ, В. БЫКАВА, І. НАВУМЕНКІ, У. КАРАТКЕВІЧА, А. АДАМОВІЧА)
Уводзіны
Творчасць класікаў з’явілася падмуркам для развіцця сучаснай бела­рускай літаратуры. Беларускія пісьменнікі паспрыялі ўдасканаленню літа­ратурных жанраў: лірычнай прозы, рамана, драмы, якія паспяхова працяг­ваюць сваё існаванне і на сучасным этапе.

У працэсе вывучэння тэмы студэнты павінны:

1. Засвоіць паняцці:

– драма;  паралелізм;

– «лірычная проза»;  умоўна-асацыятыўны вобраз.

2. Характарызаваць з’яву:

– адметнасці развіцця творчасці ўзгаданых аўтараў у галіне лірыч­най прозы, рамана, драмы.

3. Аналізаваць і інтэрпрэціраваць працэсы:

– месца і ролі творчасці адзначаных аўтараў ў кантэксце развіцця беларускай літаратуры.

4. Фарміраваць уменні:

– супастаўлення і характарыстыкі асобных аўтарскіх твораў;

– разгляду творчасці беларускіх аўтараў у дачыненні да сусветных лі­таратурных працэсаў.



1. Схема вывучэння матэрыялу

(вучэбна-інфармацыйны блок)




Тэма заняткаў

Тып заняткаў

Від заняткаў

Колькасць гадзін

1.

Вытокі сучаснай беларускай лі­таратуры (на прыкладзе твор­часці А. Куляшова, П. Панчан­кі, М. Танка, І. Мележа, А. Ма­каёнка, І. Шамякіна, Я. Брыля, В. Быкава, І. Навуменкі, У. Ка­раткевіча, А. Адамовіча).

Засваенне новых ведаў

Лекцыя

7

2.

Беларуская літаратура ў першае пасляваеннае дзесяцігоддзе.

Паглыбленне

і сістэматызацыя ведаў



Практыкум

1

3.

Беларуская літаратура другой паловы 1950–1970-я гады

ХХ ст.


Паглыбленне

і сістэматызацыя ведаў



Семінар-практыкум

2

4.

Кантроль узроўню ведаў і ўменняў.

Выніковы кантроль

Пісьмовы залік

2

2. Асновы навукова-тэарэтычных ведаў па модулі



«Вытокі сучаснай беларускай літаратуры (на прыкладзе творчасці А. Куляшова, П. Панчанкі, М. Танка, І. Мележа, А. Макаёнка, І. Шамякіна, Я. Брыля, В.  Быкава, І. Навуменкі, У. Караткевіча, А. Адамовіча)»8

1   ...   15   16   17   18   19   20   21   22   ...   32


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка