Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны” А. А. Кастрыца прыкметы І павер’І



старонка1/3
Дата канвертавання15.05.2016
Памер0.57 Mb.
  1   2   3
Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь
Установа адукацыі

Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны”



А.А. КАСТРЫЦА

ПРЫКМЕТЫ І ПАВЕР’І
ПРАКТЫЧНЫ ДАПАМОЖНІК

па дысцыпліне “Фалькларыстыка”

для студэнтаў спецыяльнасці

1-21 05 01 “Беларуская філалогія”

Гомель, 2011


УДК 81’373:398.3

ББК 81.03+82(4Беі)

К 289

Рэкамендавана да выдання навукова-метадычным саветам установы адукацыі “Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны”



Рэцэнзенты:

кафедра беларускай культуры і фалькларыстыкі установы адукацыі “Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны”

Кастрыца, А.А.

К 289 Прыкметы і павер’і: практычны дапаможнік для студэнтаў спецыяльнасці 1-21 05 01 “Беларуская філалогія” / А.А. Кастрыца; М-ва адукацыі РБ, Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны. – Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны, 2011. – с.


Дапаможнік “Прыкметы і павер’і” накіраваны на фарміраванне і праверку ведаў, уменняў і навыкаў па прыметах і павер’ях, спалучае навуковыя веды аб гэтых фальклорных жанрах з практычным авалоданнем. У выданні маюцца пытанні для самаправеркі, праверачныя тэсты, практычныя заданні, ілюстрацыйны матэрыял.

Адрасаваны студэнтам філалагічнага факультэта спецыяльнасці 1-21 05 01.



УДК 81’373:398.3

ББК 81.03+82(4Беі)
ISBN 978-985-439-571-5 Кастрыца А.А., 2011

УА “ГДУ імя Ф. Скарыны”, 2011



ЗМЕСТ

Уводзіны


1 Гісторыя збірання і вывучэння прыкмет і павер’яў

2 Жанравая спецыфіка, генезіс прыкмет і павер’яў

3 Прыкметы і павер’і ў кантэксце каляндарнай і сямейнай абраднасці

УВОДЗIНЫ
Прыкметы і павер’і, самастойны жанравы статус якіх быў акрэслены зусім нядаўна, займаюць важнае месца ў сістэме фальклорных жанраў вусна-паэтычнай творчасці. Менавіта ў прыкметах і павер’ях, якія на працягу доўгага перыяду ўяўляюць своеасаблівы практычны і маральна-этычны кодэкс чалавека-гаспадара, рэгламенуюць яго паводзіны, з’яўляюцца надзейнымі і вызначальнымі арыенцірамі ў яго гападарча-практычнай дзейнасці, надзвычай шырока прадстаўлены спектр разнастайных міфалагічных уяўленняў беларускага народа, непасрэдна народжаных шматвяковым вопытам і паўсядзённым жыццём. Даследаванне гэтых фальклорных жанраў надзвычай актуальна, паколькі, дзякуючы менавіта прыкметам і павер’ям, можна рэканструяваць шматлікія з’явы славянскай міфалогіі.

Вывучэнне міфалагічных уяўленняў у прыкметах і павер’ях мае вялікае значэнне для паглыблення ведаў пра асаблівасці светаўспрымання, жыцця і дзейнасці старажытнага чалавека, дазваляе зразумець мудрасць і каштоўнасць традыцыйных народных назіранняў, паглыбіць веды ў галіне духоўнай спадчыны беларусаў. У адрозненне ад iншых фальклорных жанраў, яны ў найбольшай ступенi выяўляюць утылiтарна-практычную скiраванасць, а спецыфiка iх аксiялагiчнай прыроды прадыктавана самiм жыццём, у якiм прыкметы і павер’і з’яўляюцца выдатнай крынiцай практычных народных ведаў. Асобныя групы прыкмет і павер’яў існуюць не самі па сабе, яны звязаны з абрадамі і таксама суадносяцца з рознымі відамі дзейнасці людзей ці з пэўным тыпам грамадскіх зносін. Менавіта таму існуе неабходнасць у даследаванні асаблівасцей узнікнення, функцыянавання і трансфармацыі прыкмет і павер’яў, цесна звязаных з каляндарнай і сямейнай абраднасцю.

Шырокая распаўсюджанасць і тэматычна-функцыянальная разнастайнасць беларускіх прыкмет і павер’яў, іх прагматычны характар, багацце звязаных з імі міфалагічных уяўленняў даюць усе падставы для шматаспектнага вывучэння названых жанраў вуснай народнай творчасці. Атрыманыя ў фальклорных экспедыцыях новыя матэрыялы сведчаць, наколькі важным з’яўляецца ўлік рэгіянальна-лакальнай шматстайнасці варыянтаў, якія ўзнікаюць у працэсе бытавання прыкмет і павер’яў.

1 Гісторыя збірання і вывучэння прыкмет і павер’яў

Першыя публікацыі прыкмет і павер’яў, у параўнанні з іншымі жанрамі вуснай народнай творчасці, з’явіліся даволі позна – у XIX стагоддзі. Так, у 1853 годзе выходзiць у свет “Даследаванне пра ваўкалакаў на аснове беларускiх павер’яў” П. Шпiлеўскага [25], у якiм аўтар звяртае ўвагу на багацце беларускай народнай вусна-паэтычнай культуры і недастатковую вывучанасць розных з’яў айчыннай даўніны: “Беларусь настолькі знакаміта сваімі паданнямі, што калі ведаеш пра ўсё гэта, шкадуеш, – чаму да нашага часу навукоўцы не жадаюць звярнуць увагу на гэты край і вывучыць яго ва ўсіх галінах айчыннай даўніны. А Беларусь вартая таго. Гэты куточак нашай Айчыны па справядлівасці можна назваць сталіцай старажытнай славянска-рускай міфалогіі: там выток усіх язычніцкіх вераванняў продкаў нашых” [25, с. 1–2].

У 1858 годзе на старонках “Этнаграфiчнага зборнiка” ў працы “Этнаграфiчны погляд на Вiленскую губерню” А. Кiркора была змешчана характарыстыка народных вераванняў беларусаў Віленскай губерні [11]. Дзякуючы даследчыку, у навуковы ўжытак увайшлі прыкметы і павер’і аб розных баках жыцця віленскага селяніна.

У працы “Збор песень, казак, абрадаў i iншых звычаяў сялян Паўночна-Заходняга краю”, выдадзенай М. Дзмітрыевым у 1869 годзе ў Вільні, асобнай часткай пададзены “суеверия и предразсудки” [7], прадстаўлены звесткі, звязаныя з выклiканнем дажджу, з народнымі ўяўленнямі пра першы гром, з міфалагічнымі вераваннямі, адлюстраванымі ў пахавальнай абраднасці i г.д. Е. Раманаў, ацэньваючы ролю зборніка і яго месца ў кантэксце развіцця тагачаснай беларускай навукі, звярнуў увагу на асобныя недахопы ў размяшчэнні матэрыялаў: “Часам у творах не знаходзiлася нiякага сэнсу з-за пропускаў, скажэнняў, мноства памылак друку i няправiльнай расстаноўкi знакаў прыпынку” [19, с. I].

Беларускiмі прыкметамі i павер’ямі цікавіўся вядомы збiральнiк i фалькларыст П. Шэйн. У яго зборнiках “Беларускiя народныя песнi з абрадамi, звычаямi i прымхамi, што да iх адносяцца, з дадаткам тлумачальнага слоўнiка i граматычнымi заўвагамi” (1874 г.) i “Матэрыялы для вывучэння быту мовы рускага насельнiцтва Паўночна-Заходняга краю” (1902 г.) сярод iншых жанраў прадстаўлены прыкметы i павер’i, што датычаць розных бакоў сялянскага жыцця. Е. Раманаў заўважыў, што “шаноўны збiральнiк занадта вялiкую ўвагу звярнуў на колькасць матэрыялаў на шкоду iх якасцi i не зрабiў у iх строгага выбару” [15, с.6]. На наш погляд, актуальнасць прац П. Шэйна відавочная: важны не толькі сам факт вылучэння прыкмет і павер’яў сярод іншых жанраў як асобных відаў фальклору, але і ўвага да іх зместу і непасрэднай сувязі з жыццёвымі з’явамі.

У артыкуле “Аб прыкметах” (“Мiнскiя епархiальныя ведамасцi”, 1884г., № 15–16) сцвярджаецца, што прычынай узнiкнення прыкмет, як увогуле i ўсiх прымхаў, з’явiўся страх перад прыродай, якую “язычнiк, як вядома, абагаўляў i адносiўся да яе з аднаго боку як да боства спрыяльнага, а з другога – як да боства грознага i страшнага” [15, с. 425–426]. Заўважым, што аўтар дадзенай працы падзяляе прыкметы на 9 груп: 1) прыкметы, звязаныя з добрай i благой сустрэчамi; 2) прыкметы, якiя грунтуюцца на асаблiвасцях чалавечага цела; 3) прыкметы, звязаныя з трэскам у якой-небудзь частцы дома; 4) прыкметы аб агні i яго праявах; 5) прыкметы аб жывёле; 6) прыкметы, якiя датычаць добрых i злых дзён i гадзiн; 7) прыкметы адносна нябесных з’яў; 8) прыкметы астралагiчнага характару; 9) прыкметы, якiя маюць месца ў жыццi чалавека ад яго нараджэння да смерцi. Каштоўнасць дадзенага даследавання, на наш погляд, заключаецца не толькі ў падрабязнай для таго часу тэматычнай класiфiкацыi прыкмет і павер’яў, але і ў спробе іх навуковага асэнсавання. Да недахопаў можна аднесці жанравае неразмежаванне прыкмет і павер’яў і іх разгяд толькі як прыкмет.

Істотнымі падаюцца прадстаўленыя ў працы З. Радчанка “Гомельскія народныя песні” (1888 г.) міфалагічныя ўяўленні пра Святую Пятніцу і ведзьмаў, якія забіраюць на Юр’я малако ў кароў, робяць заломы, а таксама пра ваўкалакаў, вера ў якіх была надзвычай папулярнай у народзе. Даследчыца робіць выснову, што прыкметы, павер’і і некаторыя забабоны “гомельскіх беларусаў такія ж самыя, як і ў астатняй Беларусі і Маларосіі” [18, с. XIV].

Заслугоўвае ўвагі даследчыкаў этнаграфічны зборнік Дз. Булгакоўскага “Пiнчукi” [16], у якім аўтар робіць спробу сістэматызацыі прыкмет i павер’яў у адпаведнасці з пэўнымі тэматычнымі групамі: 1) прыкметы, якiя адносяцца да святаў; 2) на розныя выпадкi жыцця (пры палявых работах; пры смерцi; пры пахаваннi; пасля пахавання; падчас навальнiцы; падчас пажару; пры сустрэчы з некаторымi жывёламi; пры выгане жывёлы ў поле; ад хвароб; адносна дзяцей); 3) павер’i пра паходжанне некаторых жывёл; 4) павер’i пра русалак, чараўнiкоў; 5) погляды пiнчукоў на смерць, замагiльнае жыццё [3, с. 178–192].

Заўважым, што прыведзеная класiфiкацыя не зусім дасканалая, яна пазбаўлена пэўнай тэматычнай паслядоўнасцi, але тым не менш трэба адзначыць важнасць дадзенага даследавання, у якім звяртаецца пільная ўвага на сувязь каляндарных i сямейных абрадаў з прыкметамi i павер’ямi. Увогуле пытанне класiфiкацыi прыкмет i павер’яў, як i іншых фальклорных жанраў, надзвычай складанае, таму непрыняцце або строгая крытыка класiфiкацыйных схем, прапанаваных даследчыкамi, з’яўляюцца, на наш погляд, не зусiм прымальнымі.

У працы У. Дабравольскага “Смаленскi этнаграфiчны зборнiк” таксама змешчаны прыкметы i павер’i [8], прычым фактычны матэрыял, запiсаны на Смаленшчыне, яскрава адлюстроўвае каларыт лакальнай традыцыi: “Пыймать лося, урęзать правый наги капыта, здęлать перстинь, насить на рукę: на тябе ни придить ни якая злая пригода, ни зёлъ чилавęк” [8, с. 206]. Выклікае павагу імкненне аўтара захаваць асаблівасці мясцовай гаворкі.

У рабоце М. Федароўскага “Lud Białoruski na Rusi Litewskiej” [26] змешчана вялікая колькасць прыкмет і павер’яў, звязаных не толькі з календаром, жывёльным і раслінным светам, але і звесткі пра міфалагічных персанажаў (Русалка, Начніца, Мара, Ох, Дзікія людзі і інш.), пра чарадзейства і знахарства, пра народную медыцыну і магію, народныя ўяўленні пра смерць і “той свет”.

Сярод публікацый, прысвечаных прыкметам і павер’ям, багаццем матэрыялаў, іх разнастайнасцю вызначаецца асобнае выданне М. Нiкiфароўскага “Простанародныя прыкметы i павер’i…” [13]. Гэтая праца адрознiваецца багаццем i арыгiнальнасцю матэрыялаў па народных ведах i вераваннях. Ва ўступным артыкуле аўтар адзначае, што ў добразычлiвых водгуках чытачоў i навукоўцаў на папярэднiя яго артыкулы ён знаходзiць “дастатковую маральную падтрымку дзеля выпуску ў свет новай этнаграфiчнай працы, …збору прыкмет i павер’яў, з далучэннем да iх прымхлiвых абрадаў i звычаяў, а таксама легендарных сказанняў” [13, с. I].

Змешчаны ў зборнiку матэрыял этнограф падзялiў на шэраг тэматычных раздзелаў: А. Дзецi ад пачатку i да “блазноцтва” (прыкметы цяжарнасцi; перасцярогi цяжарным; перасцярогi адносна цяжарных; роды; хрышчэнне; дзiцячыя хваробы; “блазноцтва”); Б. Маладыя людзi абодвух палоў: шлюбная пара (павучэннi для жанiхоў i нявест; варожбы; сватанне; вяселле); В. Будзённае жыццё дома i за межамi дома (свярбеннi; розныя праявы звычайных дзеянняў i з’яў; ежа; пiццё; гатаванне хлеба i ежы; дамашнiя i палявыя работы; прыгоды сустрэчы; сад; лясныя дрэвы, раслiны; “сялiба”, дамашнiя пабудовы); Г. Жывёлы, насякомыя i з’явы прыроды (конi; каровы i валы; авечкi; свiннi; сабакi; кошкi; куры; гусi i iнш. хатняя жывёла; хваробы i лячэнне дамашняй жывёлы; зверы; птушкi; рыбы; камянi; пара года i час дня; нябесныя i прыродныя з’явы); Д. Святочнае жыццё (Каляды; зiмнiя, веснавыя, летнiя i восеньскiя святы); Е. Да вечара – не рана (вядзьмарства; смяротныя хваробы; смерць; нябожчык; дзяды); Ж. Дадатковыя (змешаныя) сказаннi.

Безумоўнай станоўчай якасцю зборнiка М. Нiкiфароўскага “Прастанародныя прыкметы i павер’i…” з’яўляецца тое, што аўтар, у адрозненне ад многiх на той час, пад кожным запiсам змясцiў дату i месца яго фіксацыі. Дадзеную класiфiкацыю прыкмет i павер’яў можна лiчыць надзвычай удалай, паколькi яна дазваляе не толькі добра арыентавацца ў вялiкiм i разнастайным фактычным матэрыяле, але і прасачыць усё жыццё беларускага селяніна ад нараджэння да смерці.

Першым навуковым даследаваннем вераванняў беларусаў з’явілася праца А. Багдановiча “Перажыткi старажытнага светасузiрання ў беларусаў” [2]. Назiраннi i запiсы даследчыка пра быт, жыццё i культуру беларускага народа склалi аснову этнаграфiчнага нарыса, у якiм аўтар звяртаецца “…да абрадаў таму, што ў iх заўважаецца адлюстраванне старажытнага светасузiрання, i калi мы апiсвалi абрад, звычай, уяўленне, павер’е, то iмкнулiся, па меры магчымасцi, апiсваць яго тыпова, уносячы ў апiсанне ўсе вядомыя нам характэрныя асаблiвасцi” [2, с. II].

А. Багдановiч засяроджвае ўвагу на перажытках старажытных форм рэлiгii ў абрадах беларусаў. Даследчык, характарызуючы асаблівасці іх светасузірання, звяртаецца да вытокаў фетышызму, анiмiзму, перажыткаў адухаўленняў i сонечнага культу, прыкмет i павер’яў i робiць вывад, што прычынай узнiкнення вялiкай колькасцi ўяўленняў, вераванняў з’яўляюцца асаблiвасцi гiстарычных умоў iснавання беларусаў i страх перад сiламi прыроды.

Пытаннi вывучэння міфалагічных вераванняў, адлюстраваных у абрадах i звычаях, закранае ў сваёй працы П. Дземiдовiч, якi гаворыць пра дуалiзм у светапоглядзе беларусаў, што ўзнiк у дахрысцiянскую эпоху i пасля прыняцця хрысцiянства, нягледзячы нi на што, застаўся ў асноўных сваiх рысах адным i тым жа: “…усё добрае сваёй крынiцай мае Бога, а нячыстае – д’ябла” [6, с. 91].

Вялiкую каштоўнасць маюць працы Е. Раманава. Матэрыялы, змешчаныя ў “Беларускім зборніку” [19], ахопліваюць Гродзенскую, Вiцебскую i Магiлёўскую губернi, маюць пашпартызацыю, адрознiваюцца арыгiнальнасцю i самабытнасцю. Значная колькасць прыкмет і павер’яў, звязаных з гаспадарчай дзейнасцю селяніна, а таксама міфічныя персанажы, знахарства і чарадзейства – вось кола народных уяўленняў, шырока прадстаўленых у “Беларускім зборніку”.

У 1928 годзе публiкуюцца “Матэрыялы да вывучэння фальклору i мовы Вiцебшчыны” А. Шлюбскага, на старонках якiх знаходзiцца месца для прыкмет i павер’яў [22]. Адметнымі з’яўляюцца, напрыклад, прыкметы і павер’і, звязаныя з пахавальнай абраднасцю, у якіх важнае месца адведзена тлумачэнням тых ці іншых забарон і парад: “Пры закопванні нябожчыка ў зямлю яго дзеці не павінны кідаць зямлю на труну, каб не пакрыўдзіць нябожчыка, ад гэтага можа быць ранняя смерць таго, хто кідаў зямлю” [133, с. 222].

Важнае значэнне для вывучэння матэрыяльнай і духоўнай спадчыны беларусаў маюць даследаванні Ч. Пяткевіча [17]. “Сваім нашчадкам ён пакінуў унікальныя працы, якія даюць поўнае ўяўленне пра жыццё, непаўторную традыцыйную культуру насельнікаў усходняй часткі беларускага Палесся”. [17, с. 13]. Вялікае месца ў працы займаюць народныя ўяўленні, звязаныя з атмасфернымі з’явамі, а таксама народныя веды па метэаралогіі (прадказанні надвор’я па агню, вадзе, па паводзінах млекакормячых, птушак і г.д.). У склад кнігі ўключаны прыкметы і павер’і пра агонь, ваду, зямлю, чалавека, чарадзейства, а таксама разнастайныя парады і перасцярогі. Асобны раздзел прысвечаны жывёльнаму свету (“насякомыя і чэрві”, “паўзуны і гады”, “птушкі”, “млекакормячыя”) [17, с. 309–344]. Варта адзначыць, што праца Ч. Пяткевіча “Рэчыцкае Палессе”(1928 г.) мае несумненную каштоўнасць для фалькларыстычнай навукі, паколькі вылучаецца не толькі шматаспектнасцю і дэталёвасцю паказу паўсядзёнага жыцця чалавека-працаўніка, але і навуковым падыходам да асэнсавання многіх з’яў традыцыйнай культуры беларусаў.

Значнай па колькасці і якасці сабранага матэрыялу з’яўляецца даследаванне К. Машынскага “Kultura ludowa słowiаn” (1934 г.) [27]. На старонках гэтай кнігі змешчаны прыкметы і павер’і пра ўраджай, раслінны і жывёльны свет, атмасферныя з’явы, а таксама звесткі пра лекавую магію і чарадзейства.

Вялiкае значэнне для даследавання прыкмет і павер’яў мае праца А. Сержпутоўскага “Прымхi i забабоны беларусаў-палешукоў” (1930 г.), дзе змешчаны вялiкi фактычны матэрыял – 2275 запiсаў легенд i паданняў, прымхаў i забабонаў, зробленых аўтарам на працягу 40 год у паўднёвай частцы Слуцкага павета. Уключаныя ў зборнiк прыкметы і павер’i ўстойліва захавалiся ў народнай памяцi i з’яўляюцца важнай крыніцай даследавання светапогляду нашых продкаў.

Аўтар удала размеркаваў прыкметы i павер’i па пяцi тэматычных групах: 1) прырода (свет, раслiны, жывёлы); 2) чалавек (чалавек i яго жыццё, усялякiя людзi на свеце); 3) заняткi (гадоўля жывёлы, земляробства i гаспадарства, рамеснiцтва, ежа, падарожжа, вопратка, будаўнiцтва); 4) звычаi (каляндарныя i сямейныя); 5) вера (богi, духi, пачвары, хвароба i г.д.) [5]. Каштоўнымі ў гэтай працы з’яўляюцца як прынцыпы класіфікацыі матэрыялу, так і яго разнастайнасць, багацце народных уяўленняў, а таксама наяўнасць пашпартызацыі i дакладнасць у занатаваннi асаблiвасцей мясцовай гаворкi.

Варта заўважыць, што ў полі зроку фалькларыстаў-збіральнікаў XIX і XX стагоддзяў былі не толькі пытанні сістэматызацыі і класіфікацыі прыкмет і павер’яў, але і вывучэнне іх як асобных жанравых адзінак у сістэме фальклору. Так, жанравыя асаблівасці прыкмет і павер’яў даследавалі на матэрыяле рускага фальклору многія вучоныя. Звернем увагу перш за ўсё на працу У. Даля “О повериях, суевериях и предрассудках русского народа”, у якой аўтар спрабуе даць азначэнне жанру павер’яў, канстатуючы факт іх наяўнасці ў фальклоры ўсiх народаў свету. Пры гэтым ён адзначае, што “ў многiх народаў яны значна падобны памiж сабой, што ўказвае на адну агульную крынiцу i пачатак, якi можа быць трох родаў: цi павер’е, якое ўзнiкла ў старажытнасцi, да падзелу двух народаў, захавалася ў абодвух; цi, узнікшы ў аднаго народа, распаўсюдзiлася i на iншыя, цi, нарэшце, павер’е, па ўласцiвасцi i адносiнах сваiх да чалавека ўзнiкла тут i там незалежна адно ад другога” [5, с. 11].

Вучоны падзяляе павер’i на пяць “разрадаў”: 1) павер’i – рэшткi язычнiцтва; 2) павер’i, прыдуманыя выпадкова, для таго, каб дасягнуць патрэбнай мэты; 3) “павер’i, па сутнасцi сваёй, заснаваныя на справе, на вопытах i заўвагах” [5, с. 13]; 4) “павер’i , заснаваныя на з’явах натуральных, якiя ператварылiся, аднак, у недарэчнасць паводле бессэнсоўнасцi iх прымянення да частых выпадкаў” [5, с. 13]; 5) “пятага разраду павер’i адлюстроўваюць дух часу, гульню ўяўлення, iншасказання – словам, гэта народная паэзiя, якая, прынятая за сапраўднасць, ператвараецца ў прымхi” [5, с. 13]. Акрамя таго, аўтар сцвярджае, што ў павер’ях i забабонах знайшлi ўвасабленне рэшткi язычнiцтва, якiя хрысцiянства спрабавала знішчыць. Класiфiкацыя павер’яў, прыведзеная У. Далем, уражвае глыбінёй і гiсторыка-фiласофскай скiраванасцю. Размяшчаючы ў такой паслядоўнасці прыкметы і павер’і, аўтар па сутнасці дае нам карціну іх узнікнення і эвалюцыі ў часе.

На думку А. Афанасьева, вядомага прадстаўнiка мiфалагiчнай школы, прыкметы i павер’і можна падзялiць на дзве групы: 1) “прыкметы, выведзеныя з сапраўдных назiранняў” [1, с. 236]; 2) “прыкметы прымхлівыя, у аснове якiх ляжыць не вопыт, а мiфiчныя ўяўленнi” [1, с. 237].

Падкрэслім, што ў савецкай фалькларыстыцы на розных этапах яе развiцця амаль адсутнiчала навуковая цiкавасць да прыкмет i павер’яў. Доўгi час вывучэннем гэтых жанраў не займалiся. Гэта, напэўна, тлумачыцца тым, што дадзеная “...частка народнай словатворчасцi нiяк не ўштукоўвалася ў разгалiнаваную сiстэму вуснапаэтычных жанраў, сарамлiва замоўчвалася фалькларыстамi, нiбы была з’яваю, якой трэба саромецца, якую лепш не згадваць, каб не зрабiць дрэнную паслугу народу” [9, с. 6]. Дастаткова разнастайныя i багатыя запiсы з XIX ст. аказалiся незапатрабаванымi, хаця можна з поўным правам сцвярджаць, што гэтыя жанры яскрава адлюстроўваюць асаблiвасцi народнага мыслення, светапогляду. Менавiта прыкметы i павер’i дазваляюць больш глыбока спасцiгнуць, зразумець сутнасць і вытокі народнай творчасцi, растлумачыць міфалагічную аснову шматлiкiх абрадаў i звычаяў.

Асобнымi аспектамi вывучэння прыкмет i павер’яў займалiся айчынныя навукоўцы В. Бандарчык, Л. Мiнько. У даследаванні Л. Мінько “Прымхі і прыкметы” разглядаюцца вераваннi, звязаныя з чараўнiцтвам, любоўная, сельскагаспадарчая i прамысловая магiя, розныя “бытавыя прымхi i забабоны”. Даследчык бачыць прычыну iх жывучасцi ў асаблiвасцях чалавечай псiхiкi, у спосабах успрыняцця навакольнага свету, у вялiкай павазе да традыцый i звычаяў

Факт унiверсальнасцi i старажытнасцi веры ў прыкметы адзначае вядомы рускi даследчык С. Токараў, якi падзяляе iх на тры вялiкiя катэгорыi: 1) “народныя прыкметы, што датычаць галоўным чынам надвор’я i яго верагодных перамен (“стыхiйныя”); 2) ”прыкметы, заснаваныя на сiстэматычных назiраннях, так званыя “навуковыя” (цi тыя, што не супярэчаць навуцы) прадказаннi надвор’я”; 3) “прымхлiвыя”, бытавыя прыкметы, па большай частцы не адносяцца нi да надвор’я, нi да каляндарных звычаяў i павер’яў” [21, с. 55–56]. Даследчык падзяляе метэаралагiчныя прыкметы на тры групы (пры гэтым адразу адмаўляючы падзел на рэальныя i прымхлiвыя, так, як, напрыклад, гэта робiць А. Афанасьеў): 1) кароткатэрмiновыя (надвор’е на заўтра); 2) доўгатэрмiновыя (вясна, лета); 3) фiксаваныя [21, с. 58].

Заўважым, што ў сярэдзiне 90-х гадоў XX ст. адраджаецца навуковая цiкавасць да прыкмет i павер’яў. У 1995 годзе выходзiць даведнiк У. Коваля “Народныя ўяўленнi, прыкметы і павер’i” [10], у якім знайшлі адлюстраванне сiстэматызаваныя звесткi па 180 мiфонiмах. Народна-мiфалагiчныя ўяўленнi, павер’i i прыкметы падаюцца тут у шырокім фальклорна-літаратурным кантэксце.

З прац, прысвечаных беларускiм прыкметам i павер’ям, неабходна адзначыць кнiгi У. Васiлевiча: “Зямля стаiць пасярод свету…” (1996 г.), “Жыцця адвечны лад…” (1998 г.), “Зямная дарога ў вырай…” (1999 г.). Фактычны матэрыял для кніг сабраны амаль са 150 крыніц. Аўтар-укладальнiк размеркаваў звесткі паводле тэматычна-функцыянальнага прынцыпу. У першай кнізе прадстаўлены прыкметы i павер’i, якiя датычаць прыроды ва ўсiх яе праявах, жывёльнага i раслiннага свету, чалавека і яго маральна-этычных нормаў, побыту. Другая кнiга прысвечана народным вераванням, звязаным з каляндарнымі і сямейнымі абрадамі. Змест трэцяй кнігі склалі павер’і, звязаныя са старажытнымі вераваннямі беларусаў, з варажбою, тлумачэннямі сноў, чарадзействам і знахарствам. Кнiгi суправаджаюцца ўступнымi артыкуламi, дзе аўтар разглядае шырокi тэматычны дыяпазон прыкмет i павер’яў, дае iх азначэнне, гаворыць аб значэннi i ролi народных уяўленняў у духоўнай спадчыне беларусаў. Даследчык справядлiва адзначае, што “…нягледзячы на досыць працяглую гiсторыю збiрання i публiкавання, народныя прыкметы i павер’i тым не менш былi пазбаўлены больш-менш грунтоўнага фiлалагiчнага аналiзу з боку фалькларыстаў” [9, с. 9].

У кнізе расійскага даследчыка І. Панкіева “Рускія абрады і прымхі” (1998) змешчаны старадаўнія прыкметы і павер’і аб асноўных падзеях у жыццці чалавека. Аўтар асэнсоўвае вялікі пласт старажытных містычных павер’яў, метэаралагічных прыкмет, раскрывае глыбінны сэнс міфалагічных уяўленняў, звязаных з камянямі і раслінамі, бачаннем сноў.



Прыкметам і павер’ям прысвечаны шэраг артыкулаў (“Прыкметы як адзін з жанраў народнай творчасці”, “Звычайны дзень беларускага селяніна ў прыкметах, павер’ях і правілах” (2004 г.)) сучаснай даследчыцы Т. Валодзінай [4]. Аўтар адзначае функцыі і ролю гэтых малых жанраў, звяртаецца да метэаралагічных прыкмет, прымет-знакаў смерці, прыкмет і павер’яў, што суправаджаюць звычайны дзень беларускага селяніна. Даследчыца справядліва сцвярджае, што “прыкметы, павер’і і правілы – сістэма як агульных, так і канкрэтных уяўленняў пра сувязь, з аднаго боку, індывіда і соцыуму, з другога – свету прыроды і ўсяго Космасу (у яго бачнай і нябачнай частках)” [4, с. 366]. Варта адзначыць, што на тэрыторыі Гомельшчыны ў апошняе дзесяцігоддзе сабрана шмат новага фактычнага матэрыялу па прыкметах і павер’ях, а таму ёсць перспектыва для правядзення далейшых даследаванняў.

Бібліяграфія


  1. Афанасьев, А.Н. Происхождение мифа, метод и средства его изучения [Текст] // Народ-художник / А. Н. Афанасьев. – М.: Советская Россия, 1986. – С. 219–256.

  2. Богданович, А.Е. Пережитки древнего миросозерцания у белорусов. Этнографический очерк [Текст] / А.Е. Богданович. – Мн: Беларусь, 1995. – 187 с.

  3. Булгаковский, Д. Пинчуки. Этнографический сборник. Песни, загадки, пословицы, обряды, приметы, предрассудки, поверья, суеверия и местный словарь [Текст] // Записки ИРГО по отделению этнографии / Д. Булгаковский. – СПб., 1890. – Т. 23. – С. 170–192.

  4. Валодзiна, Т.В. Прыкметы i павер’i // Беларускі фальклор: жанры, віды, паэтыка. Малыя жанры. Дзіцячы фальклор [Тэкст] / Т.В. Валодзіна.– Мн: Бел. навука, 2004. – С. 330–367.

  5. Даль, В.И. О повериях, суевериях и предрассудках русского народа [Текст] / В.И. Даль. – СПб., Литера, 1996. – 480 с.

  6. Демидович, П. Из области верований и сказаний белорусов / П. Демидович. // Этнографическое обозрение. Издание этнографического отдела Императорского Общества Любителей Естествознания, Антропологии и Этнографии, состоящего при Московском университете.– 1896. – №1. – С. 90–120.

  7. Дмитриев, М.А. Собрание песен, сказок, обрядов и обычаев крестьян Северо-Западного края / М.А. Дмитриев. – Вильно: Печатня А. Г. Сырбина, 1869. – 264 с.

  8. Добровольский, В.Н. Смоленский этнографический сборник. Ч. 1. / В.Н. Добровольский // Записки ИРГО по отделению этнографии [Текст] / В. Н. Добровольский. – СПб.: Типография Евдокимова, 1891. – Т.20. – 308 с.

  9. Зямля стаiць пасярод свету… Беларускiя народныя прыкметы iпавер’i. Кн. 1. / уклад., прадм., пераклад, бiбл. У. Васiлевiча. – Мн: Мастацкая лiтаратура, 1996. – 591 с.

  10. Коваль, У. Народныя ўяўленнi, павер’i i прыкметы: Даведнiк па ўсходнеславянскай мiфалогii / У. Коваль. – Гомель: Беларускае агенцтва навукова–тэхнiчнай i дзелавой iнфармацыi, 1995. – 180 с.

  11. Киркор, А. Этнографический взгляд на Виленскую губернию / А. Киркор // Этнографический сборник, издаваемый Императорским Русским Географическим Обществом. Вып.III. – СПб.: Типография Эдуарда Праца, 1857. – С. 151–276.

  12. Ляцкий, Е. Болезнь и смерть по представлениям белорусов / Е. Ляцкий // Этнографическое обозрение. Издание Этнографического Отдела Императорского общества Любителей Естествознания, Антропологии и этнографии, состоящего при Московском университете. – М.:1892. – кн. XII-XIV – № 2 – 3. – С. 23–42.

  13. Никифоровский, Н.Я. Простонародные приметы и поверья, суеверные обряды и обычаи, легендарные сказания о лицах и местах / Н.Я. Никифоровский. – Витебск: Губернская Типо-Литография, 1897. – с. 307+примечания (МФ 614).

  14. Общественный, семейный быт и духовная культура населения Полесья [Текст] / отв. редактор В. К. Бондарчик. – Мн: Наука и техника, 1987. – 176 с.

  15. О приметах // Минские епархиальные ведомости. – 1884. – № 15. – С. 425– 434.

  16. О приметах // Минские епархиальные ведомости. – 1884. – №16. – с. 444–463.

  17. Пяткевіч, Ч. Рэчыцкае Палессе / Ч. Пяткевіч; уклад., прадм. У. Васілевіча; пер. с пол. Л. Салавей і У. Васілевіча. – Мн.: Беларускі Кнігазбор, 2004. – 672 с.

  18. Радченко, З. Гомельские народные песни (белорусские и малорусские), записанные в Дятловицкой волости Гомельского уезда Могилёвской губернии Зинаидой Радченко / З. Радченко // Записки ИРГО по отделению Этнографии. Том XIII, выпуск II. [Текст] / под ред. Ф.М. Истомина. – СПб: Типография В. Безобразова и комп., 1888. – 315 с.

  19. Романов, Е. Белорусский сборник. – Т.1. Губерния Могилёвская. Вып. 1, 2. Песни, пословицы, загадки [Текст] / Е. Романов. – Киев: Типография С. В. Кульженко, 1885.

  20. Сержпутоўскi, А.К. Прымхi i забабоны беларусаў-палешукоў /А.К. Сержпутоўскі. – Мiнск: Унiверсiтэцкае, 1998. – 301 с.

  21. Токарев, С.А., Филимонова, Т.Д. Обряды и обычаи, связанные с растительностью / С.А. Токарев, Т. Д. Филимонова. // Календарные обычаи и обряды в странах зарубежной Европы: исторические корни и развитие обычаев /– М.: Наука, 1983. – С. 145 – 149.

  22. Шлюбскi, А.Л. Матэрыялы да вывучэння фальклору i мовы Вiцебшчыны.Ч.2. / А.Л. Шлюбскi. – Мінск: Iнстытут беларускай культуры, 1928. – С. 221–222.

  23. Шейн, П.В. Белорусские народные песни, с относящимися к ним обрядами, обычаями и суевериями, с приложением объяснительного словаря и грамматических примечаний / П.В. Шейн. – СПб.: Типография Майкова, 1874.

  24. Шейн, П.В. Материалы для изучения быта и языка русского населения Северо-Западного края. Т.III. – СПб.: Типография императорской академии наук, 1902. –

  25. Шейн, П.В. Сборник отделения русского языка и словесности императорской академии наук. – Т. 72, № 4. / П.В. Шейн. – СПб, 1903.

  26. Шпилевский, П. Исследования о волколаках на основании белорусских поверий / П. Шпилевский // Московитянин: учебно-литературный журнал. Т.2. – М.: Типография В. Готье, Университетская, Степанова, 1853. – С. 1–2.

  27. Federowski, M. Lud białoruski na Rusi Litewskiej / M Federowski. – Kraków, 1897. – Т. 1.; Kraków, 1902 – Т. 2.

  28. Moszyński, K. Kultura ludowa słowian, cz 2/ K. Moszyński. – Krakow , 1934.



ПЫТАННІ ДЛЯ САМАПРАВЕРКІ

  1. Калі з’явіліся першыя публікацыі прыкмет і павер’яў?

  2. Назавіце беларускіх фалькларыстаў і этнографаў, якія займаліся зборам, класіфікацыяй прыкмет і павер’яў, прыгадайце іх працы.

  3. Якая праца стала першым навуковым даследаваннем вераванняў беларусаў?

  4. Назавіце рускіх вучоных, якія займаліся даследаваннем жанравых асаблівасцей і генетычных крыніц прыкмет і павер’яў.

  5. Назавіце асноўныя напрамкі даследавання прыкмет і павер’яў.


ТЭСТ

      1. Даследаванне пра ваўкалакаў на аснове беларускiх павер’яў” належыць:

а) А. Кіркору;

б) М. Дзмітрыеву;

в) П. Шпілеўскаму;

г) П. Шэйну;

д) З. Радчанка.


      1. Каму з даследчыкаў належыць наступная класфікацыя прыкмет і павер’яў: а) прырода (свет, раслiны, жывёлы); 2) чалавек (чалавек i яго жыццё, усялякiя людзi на свеце); 3) заняткi (гадоўля жывёлы, земляробства i гаспадарства, рамеснiцтва, ежа, падарожжа, вопратка, будаўнiцтва); 4) звычаi (каляндарныя i сямейныя); 5) вера (богi, духi, пачвары, хвароба i г.д.):

а) А. Шлюбскаму;

б) Ч. Пяткевічу;

в) М. Нікіфароўскаму;

г) П. Шэйну;

д) А. Сержпутоўскаму.


      1. Устанавіце адпаведнасць паміж працамі і іх аўтарамі:

1. А. Багдановіч а) “Рэчыцкае Палессе”

2. А. Кiркор б) “Гомельскія народныя песні”

3. З. Радчанка в) “Этнаграфiчны погляд на Вiленскую губерню”

4. Д. Булгакоўскі г) “Беларускі зборнік”

5. У. Дабравольскі д) “Простанародныя прыкметы i павер’i…”

6. М. Нiкiфароўскі е) “Смаленскi этнаграфiчны зборнiк”

7. Е. Раманаў ж) “Пiнчукi”

8. Ч. Пяткевіча з)“Перажыткi старажытнага светасузiрання ў беларусаў”



      1. Праца “Прымхі і прыкметы” належыць:

а) Л. Мiнько;

б) В. Бандарчыку;

в) У. Васiлевiчу;

г) Т. Валодзінай;

д) У. Коваю.


      1. Які даследчык падзяляе метэаралагічныя прыкметы на тры групы: 1) кароткатэрмiновыя (надвор’е на заўтра); 2) доўгатэрмiновыя (вясна, лета); 3) фiксаваныя:

а) А. Афанасьеў;

б) С. Токараў;

в) У. Даль;

г) З. Балтаровiч;

д) Я. Мароз.


2 Генезіс, жанравая спецыфіка, прыкмет і павер’яў
Старажытны чалавек, як вядома, залежаў ад магутных сiл прыроды, ад невядомых прадметаў, што яго акружалi, бясконцай колькасцi складаных i небяспечных абставін. Яму не хапала ведаў, каб растлумачыць свае назiраннi за зменамi, якiя адбывалiся ў навакольным асяроддзi. На такіх назіраннях узніклі прыкметы, таму можна гаварыць, што частка з iх мае рэальную аснову. “Калi ж дадзенае ўяўленне, заснаванае на рэальных фактах, прымае форму магiчных вераванняў” [17, с. 122], то прыкметы перамяшчаюцца ў разрад павер’яў. Як мы можам заўважыць, жыццё і дзейнасць чалавека, яго гаспадарчыя клопаты і страх перад з’явамі навакольнага асяроддзя паслужылi прычынай узнiкнення i доўгага існавання прыкмет i павер’яў.

Даследаванне паходжання прыкмет i павер’яў з’яўляецца важнай навуковай задачай. Многімі фалькларыстамі рабiлася спроба асэнсавання i вызначэння гэтых жанраў. Так, сучасны навуковец А. Ненадавец выказвае думку, што каранi павер’яў “…не вельмi зразумелыя, а ў некаторых выпадках iх увогуле нельга вызначыць” [11, с. 75]. Некаторыя даследчыкі, адзначаючы факт багацця, тэматычнай і зместавай разнастайнасці каляндарных павер’яў, сцвярджаюць, што “большая частка іх мае прамыя ці ўскосныя адносіны да старажытных рэлігійна-магічных уяўленняў аб паміранні і ўваскрашэнні духа расліннасці” [9, с. 9]. Іншыя лічаць, што “на аснове магічных рэалій... узнікла міфалагічнае мысленне” [16, с. 132], якое ў дачыненнi да прыкмет i павер’яў варта ўжываць і як асобы тып ўспрымання прыроднага i грамадскага свету першабытнымi людзьмi, i як пэўную форму адлюстравання i рэгуляцыi першабытнага практычнага вопыту, i як унiкальны спосаб замацавання i перадачы чалавечых ведаў. Па словах В. Хрыстафоравай, фальклорныя тэксты “...з аднаго боку звязаны з сітуацыямі паўсядзённага жыцця, а з другога, непасрэдна з узроўнем міфалагічным. Тым самым тэксты малых жанраў суадносяць гэтыя два ўзроўні, праецыруюць вераванні на ўзровень паўсядзённасці, іншымі словамі, актуалізуюць, аб’ектывіруюць міфалагічныя ўяўленні ў канкрэтных жыццёвых сітуацыях. З другога боку, і чалавечыя паводзіны, будучы кадыфікаванымі, “апісанымі” ў гэтых тэкстах, праецыруюцца на архетыпічную мадэль і тым самым напаўняюцца міфалагічнымі сэнсамі” [19, с. 6].

Асаблiвасцю прыкмет i павер’яў з’яўляецца факт iх доўгага гiстарычнага iснавання (нават у наш час захоўваецца ўстойлiвасць iх бытавання). Безумоўна, здзiўляе, што нават пасля таго, як прычыны, што выклiкалi iх нараджэнне, перасталi функцыянаваць, яны застаюцца жыць у народнай свядомасцi, памяцi, абрастаючы ўсё новымi і новымi ўяўленнямi. Так, на думку У. Анікіна, “жанры захоўваюцца да таго часу, пакуль здольны змяшчаць у сябе новы змест, пакуль жанраваму зместу і жанравай форме знаходзяцца суадносіны ў тэмах, у іх распрацоўцы, пакуль стыль не супярэчыць цэласнай, паўнавартаснай перадачы новага зместу” [1, с. 7-8]. У прыкметах і павер’ях многія фактары сапраўднай рэчаіснасці пэўным чынам пераасэнсоўваюцца: гэта заключаецца ў змяненні старога згодна з новымі ўяўленнямі, новымі формамі спасціжэння рэчаіснасці. “У галiне народнай мiфалогii назiраецца стратыфiкацыя асобага роду: на старажытныя павер’i напластоўваюцца новыя, не змяняючы першыя, а суiснуючы з iмi” [14, с. 181].

В. Проп сцвярджаў, што “старое і новае могуць знаходзіцца не толькі ў стане супярэчанняў, але і ўступаць у гібрыдныя спалучэнні. ...Такія гібрыдныя з’яднанні магчымы не толькі ў галіне зрокавых вобразаў, але і ў галіне самых разнастайных уяўленняў і адносін” [12, с. 168]. Узгадаем хрысцiянства, прыход якога нарадзiў на славянскiх землях некаторы сiнтэз старых i новых вераванняў: перанясенне функцый язычнiцкiх бостваў на хрысцiянскiх святых. “Гэтыя два светаўспрыманні i светасузiраннi параўнальна лёгка ўжывалiся ў славянскiм народным календары, таму што хрысцiянства з яго гадавымi святамi схiляла веруючых штогадова малiтоўна перажываць смерць i пакуты Iсуса Хрыста, а язычнiцтва ўвасабляла ў шматлiкiх сваiх абрадах падобную цыклiчнасць прыродных з’яў: адраджэнне, росквiт, завяданне i часовую смерць цi “засынанне” прыроды. У прынцыпе адно не разбурала другога, хутчэй падтрымлiвала яго” [18, с. 20].

Атаясамлiваючы з’явы жывога i нежывога свету (анiмiзм), чалавек выкарыстоўваў не толькi апiсаннi прадметаў, дзеянняў, якасцей, але i вялiкае значэнне надаваў аналогiям, магiчным вобразам i сiмвалам. Асацыяцыi i аналогiі – важны прынцып узнікнення прыкмет і павер’яў. Калi гаварыць пра першыя (яны – адметнасць мастацкага мыслення, і гэта дае падставы лічыць прыкметы і павер’і вынiкам своеасаблiвай творчай дзейнасцi), то яны заключаны ў спецыфічным характары мыслення нашых продкаў, ва ўласцівым для іх міфалагічнай свядомасці сінкрэтызме i ў немалой ступенi прадвызначаны фактарамi неразумення свету. “Чалавек яшчэ ў нiжэйшым разумовым стане навучыўся аб’ядноўваць у думках тыя рэчы, якiя ён знаходзiў звязанымi памiж сабой у рэчаiснасцi. Аднак у далейшым ён сказiў гэту сувязь, зрабiў вывад, што асацыяцыя ў думках павiнна дапускаць такую ж сувязь i ў рэчаiснасцi. Кiруючыся гэтым, ён спрабаваў адкрываць, прадказваць i выклiкаць падзеi такiмi, якiя, як мы бачым зараз, мелi чыста фантастычны характар” [15, с. 94].

Доўгi час у фалькларыстычнай навуцы не iснавала адзiнага погляду на пытанне: што ж такое прыкметы i павер’i i цi можна iх аднесцi да паўнавартасных фальклорных жанраў? Даследчыкамi духоўнай спадчыны выказвалiся розныя меркаваннi па гэтай праблеме.

На думку рускага вучонага У. Даля, “павер’ем называем мы ўвогуле ўсялякую думку цi паняцце, што ўкаранiлiся ў народзе, без разумнага тлумачэння ў абгрунтаванасцi яго” [7, с. 10–11].

У. Анiкiн, падкрэслiваючы прагнастычны характар прыкметы як своеасаблiвай парэмii i выказваючы думку наконт генезісу найбольш распаўсюджанай групы прыкмет, звязаных з надвор’ем, прыводзiць узор наступнай дэфiнiцыi гэтага жанру: гэта “кароткiя славесныя формулы прыказкавага тыпу”, “проста форма кароткiх свабодных меркаванняў, што як уласцiвасць варта далучаць да азначэння прыкметы як жанра”, а даследчык адзначае, што ў прыкметах “выражаецца ацэнка тых адносін, якія адзначаная з’ява ці пачуцце мае да агульнага лёсу людзей (прыкметы надвор’я), альбо непасрэдна да пэўнага чалавека (бытавыя прыкметы)” [1, с. 249, с. 251].

Аўтар даведнiка па ўсходнеславянскай міфалогіі “Народныя ўяўленнi, прыкметы і павер’i” У. Коваль схiляецца да думкi, што “павер’е – паданне, заснаванае на народна-мiфалагiчных уяўленнях. Прыкмета – у народных уяўленнях – рыса, з’ява, якая прадвяшчае што-небудзь” [10, с. 7].

Па-новаму асэнсавана спецыфіка жанру прыкмет і павер’яў Т. Валодзiнай. Зробленае даследчыцай абагульненне адвольна ўзятых з раздзела “Знешнi выгляд чалавека” адзiнак дапамагло ёй вылучыць тры групы з рознымi структурамi: “1. Калi адбылося гэта, чакай (было) нешта…; 2. Рабi альбо не рабi тое, каб не здарылася гэта…; 3. Суджэнне-сцверджанне пэўнай заканамернасцi” [3, с. 326]. Т. Валодзіна, падкрэсліваючы асноўныя жанраўтваральныя рысы, адзначыла, што “прыкметы – невялікія тэксты, што акцэнтуюць увагу чалавека на атрыманай інфармацыі, якім шляхам тая б не паступіла і якую б прыроду не мела” [4, с. 331], а павер’і, звязаныя з узроўнем ідэалагічных уяўленняў і ведаў пра свет, “становяцца светапогляднай базай для прыкмет і правілаў” [4, с. 365]. Аўтар заўважае, што ў навуцы пакуль не выпрацаваны агульнапрынятыя дыферэнцыяльныя асаблiвасцi прыкмет i павер’яў, прапануе сваё бачанне крытэрыяў класiфiкацыi названых фальклорных жанраў.

Расійская даследчыца В. Хрыстафорава вызначае прыкмету “як паведамленне, структура якога можа быць апісана наступным чынам: у левай частцы тэксту “фіксуецца факт” атрымання паведамлення, указваецца, ад каго яно атрымана, а правая частка раскрывае яго змест” [19, с. 7]. На яе думку, роля прыкмет у мадэляванні паводзін заключаецца “не столькі ў тым, што яны ўказваюць на ўзаемадзеянне партнёраў, колькі ў тым, што яны акцэнтуюць увагу чалавека на правільным тлумачэнні атрыманай інфармацыі” [19, с. 13].

Найбольш поўнае вызначэнне жанру прыкмет i павер’яў належыць У. Васiлевiчу. “Прыкмета – гэта прадказанне пэўнага вынiку, заснаванае на аб’ектыўнай прычынна-вынiковай залежнасцi з’яў, падзей, дзеянняў i пацверджанае шматвяковым народным вопытам” [3, с. 398]. Павер’е – “уяўленні, погляды, заснаваныя на веры ў iснаванне мiстычных сувязей памiж з’явамi навакольнага свету i лёсам чалавека” [5, с. 257].



На наш погляд, пад прыкметай трэба разумець твор малой формы, у аснове якога знаходзiцца апiсанне (упамiнанне) дзвюх падзей. Адна з гэтых падзей з’яўляецца ўмовай, пры выкананнi або супадзеннi якой другая падзея атрымлівае расшыфроўку (прадказанне). Для прыкметы характэрны такія рысы, як невялікі (часцей адзін складаназалежны ці бяззлучнікавы складаны сказ) памер, устойлівая структура, аб’ектыўная прычынна-выніковая аснова (пацверджана вопытам назіранняў), а таксама важнай для гэтага жанру з’яўляецца прымета часу (“У лютым – мяцель, у марце – капель”(г. Добруш Гомельскай вобл.); “Завіруха зімою дае знаць, што ўлетку будзе навальніца”[13]). Павер’е вызначаецца невялікім памерам, устойлівай міфалагічнай асновай, грунтуецца на веры ў існаванне звышнатуральных істот і сіл і іх непасрэдную сувязь з чалавекам (адсюль строгая рэгламентацыя паводзін), наяўнасцю варыятыўнай структуры (тэкст, дзе (часцей за ўсё) ёсць пачатак і канцоўка, бясспрэчны факт (ісціна, што не патрабуе доказаў)): “Аладак на Масленіцу пякуць столькі, колькі ў двары жывёлы, каб каровы авечкі коні былі здаровымі” (в. Ціхінічы Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл.)). У адрозненне ад прыкмет (назіраць і рабіць вывады), у павер’ях выяўляецца больш значная роля чалавека: ён можа ўплываць на ход падзей і пэўным чынам канструяваць жыццёвыя сітуацыі.
Бібліяграфія

  1. Аникин, В.П. Русское устное народное творчество / В.П. Аникин. – М.: Высшая школа, 2001. – 726 с.

  2. Афанасьев, А.Н. Мифы, поверья и суеверия славян. Поэтические воззрения славян на природу: В 2 т. Т. 1. / А.Н Афанасьев. –М.: Эксмо; СПб: Terra Fantastica, 2002. – 795 с.

  3. Беларуская вусна-паэтычная творчасць: Падручнiк для студэнтаў фiлал. спец. ВНУ / К. П. Кабашнiкаў [i iнш.]. – Мн: Лексіс, 2000. – 512 с.

  4. Беларускі фальклор: жанры, віды, паэтыка. Малыя жанры. Дзіцячы фальклор / Т.В. Валодзіна [i iнш.]; рэд. А.С. Фядосік. – Мн: Бел. навука, 2004. – 439 с.

  5. Восточнославянский фольклор: словарь научной и народной терминологии. – Минск: Наука и техника, 1993. – 478 с.

  6. Гурскi, А.I. Беларускiя загадкi: Даследаванне жанру/ А.І. Гурскі. – Мн: Беларускi кнiгазбор, 2000. – 80 с.

  7. Даль, В.И. О повериях, суевериях и предрассудках русского народа / В.И. Даль. – СПб., Литера, 1996. – 480 с.

  8. Зямля стаiць пасярод свету… Беларускiя народныя прыкметы iпавер’i. Кн. 1 / уклад., прадм., пераклад, бiбл. У. Васiлевiча. – Мн: Мастацкая лiтаратура, 1996. – 591 с.

  9. Календарные обычаи и обряды в странах зарубежной Европы: зимние праздники. – М.: Наука, 1973. – 352 с.

  10. Коваль, У. Народныя ўяўленнi, павер’i i прыкметы: Даведнiк па ўсходнеславянскай мiфалогii / У. Коваль. – Гомель: Беларускае агенцтва навукова-тэхнiчнай i дзелавой iнфармацыi, 1995. – 180 с.

  11. Ненадавец, А.М. За смугою міфа / А.М. Ненадавец. – Мн: Бел. навука, 1999. – 254 с.

  12. Пропп, В. Я. Поэтика фольклора / В. Я. Пропп. – М.: Лабиринт, 1998. – 352 с.

  13. Сержпутоўскi, А.К. Прымхi i забабоны беларусаў-палешукоў / А.К. Сержпутоўскi; прадм. У.К. Касько. – Мн: Унiверсiтэцкае, 1998. – 301 с.

  14. Славянский и балканский фольклор. Реконструкция древней славянской духовной культуры: источники и методы. – М.: Наука, 1989. – 272 с.

  15. Тайлор, Э.Б. Миф и обряд в первобытной культуре / Э.Б. Тайлор – Смоленск: Русич, 2000. – 624 с.

  16. Теория литературы. Т. IV (Литературный процесс) / гл. ред. Ю. Б. Борев. – М.: ИМЛИРАН, Наследие, 2001. – 624 с.

  17. Токарев, С.А. Ранние формы религии / С.А. Токарев. – М.: Политиздат, 1990. – 621 с.

  18. Толстой, Н.И. Очерки славянского язычества / Н.И. Толстой. – М.: Индрик, 2003. – 624 с.

  19. Христофорова, О.Б. Логика толкований. Фольклор и моделирование поведения в архаических культурах / О.Б. Христофорова. – М.: РГГУ, 1998. (Чтения по истории и теории культуры. Вып. 25). – www.ruthenia.ru/Folklore / Hristoforova7.htm. – 88 с.


ПЫТАННІ ДЛЯ САМАПРАВЕРКІ

1.Назавіце генетычныя крыніцы ўзнікнення прыкмет і павер’яў.

2. Назавіце даследчыкаў, якія займаліся пытаннямі жанравай спецыфікі прыкмет і павер’яў.

3. Каму належыць наступнае азначэнне прыкметы: “Прыкмета – гэта прадказанне пэўнага вынiку, заснаванае на аб’ектыўнай прычынна-вынiковай залежнасцi з’яў, падзей, дзеянняў i пацверджанае шматвяковым народным вопытам”?

4. Хто разглядае павер’е як “паданне, заснаванае на народна-мiфалагiчных уяўленнях”?

5. Ахарактарызуйце прыкметы і павер’і як жанры.


ТЭСТ

1. Прыкмета – гэта...

а) паданне, заснаванае на народна-міфалагічных уяўленнях;

б) сукупнасць строга акрэсленых дзеянняў, якімі суправаджаецца выкананне рытуалаў;

в) прадказанне пэўнага вынiку, заснаванае на аб’ектыўнай прычынна-вынiковай залежнасцi з’яў, падзей, дзеянняў i пацверджанае шматвяковым народным вопытам;

г) твор, у якім ў іншасказальнай вобразная форме падаецца апісанне прадмета або з’явы на аснове падабенства, блізкасці якасцей паміж утоеным прадметам і тым, які яго замяняе;

д) уяўленні, погляды, заснаваныя на веры ў iснаванне мiстычных сувязей памiж з’явамi навакольнага свету i лёсам чалавека.



2. Павер’е – гэта...

а) аповяд аб стварэнні свету, паходжанні і дзеяннях багоў, герояў і інш.;

б) умоўнае абазначэнне існасці якой-небудзь з’явы шляхам алегарычнага яго абазначэння;

в) прадказанне пэўнага вынiку, заснаванае на аб’ектыўнай прычынна-вынiковай залежнасцi з’яў, падзей, дзеянняў i пацверджанае шматвяковым народным вопытам;

г) лаканічнае устойлівае выслоўе з павучальным зместам, якое мае прамы і пераносны сэнс;

д) уяўленні, погляды, заснаваныя на веры ў iснаванне мiстычных сувязей памiж з’явамi навакольнага свету i лёсам чалавека.



3. Вызначце нумары з тэкстамі прыкмет:

а) “Сорак трэсак нада было ўнесць на Соракі, каб сорак яечак ўзяць”;

б) “На Масленіцу, кажуць, не нада сціраць, штоб малако не п’янілася”;

в) “Калі на Юр’я бальшая раса – будуць харошыя просы”;

г)Кот спіць на палу – к цяплу, на печке – к холаду”;

д)Калі ў Піліпаўку іней – ураджай на авёс, калі хмарка ці снежна – май будзе мокры”.



4. Вызначце нумары з тэкстамі павер’яў:

а) “Если засушливое лето, значит, Илья, Божий пророк, злится, нужно Илью просить”;

б) “Калі грыміць гром, то трэба падпіраць спіной дзверы, штоб спіна не балела”;

в) “Калі зімой сабакі качаюцца на снезе , то будзе завіруха”;

г)Зімой, калі дым з коміна ўверх ідзе, то на мароз, а калі расцілаецца, то адлёга”;

д) “Венік трэба ставіць вверх веткамі, штоб былі дзеньгі”.



  1. Устанавіце адпаведнасць паміж аўтарамі і выказваннямі:


1. У. Даль

а) Жанры захоўваюцца да таго часу, пакуль здольны змяшчаць у сябе новы змест, пакуль жанраваму зместу і жанравай форме знаходзяцца суадносіны ў тэмах, у іх распрацоўцы, пакуль стыль не супярэчыць цэласнай, паўнавартаснай перадачы новага зместу

2. У. Коваль

б) Павер’ем называем мы ўвогуле ўсялякую думку цi паняцце, што ўкаранiлiся ў народзе, без разумнага тлумачэння ў абгрунтаванасцi яго

3. В.Хрыстафорава

в) Прыкмета – у народных уяўленнях – рыса, з’ява, якая прадвяшчае што-небудзь

4. У. Анікін

г) Прыкмета – гэта прадказанне пэўнага вынiку, заснаванае на аб’ектыўнай прычынна-вынiковай залежнасцi з’яў, падзей, дзеянняў i пацверджанае шматвяковым народным вопытам

5. У. Васілевіч

д) Роля прыкмет у мадэляванні паводзін заключаецца не столькі ў тым, што яны ўказваюць на ўзаемадзеянне партнёраў, колькі ў тым, што яны акцэнтуюць увагу чалавека на правільным тлумачэнні атрыманай інфармацыі


ЗАДАННІ

  1. Падабярыце і зафіксуйце ў сшытках асацыяцыі да паняццяў прыкмета, павер’е. Зачытайце і вусна растлумачце, чым выклікана тая ці іншая асацыяцыя.

  2. Прапануйце ўласную тэорыю паходжання прыкмет і павер’яў.

  3. Прааналізуйце структуру прыкмет і павер’яў. Запоўніце табліцу.


  4. Структура




    Прыкмета

    Ілюстрацыйны матэрыял (прыклады)

    Павер’е

    Ілюстрацыйны матэрыял

    (прыклады)



    Адметнае













    Агульнае



    Назавіце асноўныя жанраўтваральныя рысы прыкмет і павер’яў.

  5. Паспрабуйце даць уласныя азначэнні прыкмет і павер’яў. Параўнайце іх з прадстаўленымі ў навуковай літаратуры. Атрыманае зафіксуйце ў табліцы. Агульнае падкрэсліце.


  6. Прыкмета

    Павер’е

    Уласная

    версія


    Дапаможнік,

    падручнік



    Уласная

    версія


    Дапаможнік,

    падручнік














    Складзіце алгарытм адрознення прыкмет і павер’яў.

  7. Стварыце камп’ютарную прэзентацыю “Прыкметы і павер’і як фальклорныя жанры”.



3 Прыкметы і павер’і ў кантэксце сямейнай

і каляндарнай абраднасці
Вельмі часта, нават самі таго не заўважаючы, мы, людзі XXI стагоддзя, звяртаемся да традыцыйных народных ведаў, да зярнятак мудрасці чалавечай, якія, правераныя стагоддзямі, перадаюцца з пакалення ў пакаленне, ашчадна зберагаюцца і надзяляюцца ўласцівасцямі казачнай цудадзейнасці і адначасова якасцямі побытавай прагматычнасці. Няма, напэўна, такой сферы жыцця і дзейнасці чалавека (гаспадарчыя справы і побытавыя клопаты, будучае жыццё і асабісты лёс, з’явы навакольнай рэчаіснасці і змены ў надвор’і), якая б не суправаджалася прыкметамі і павер’ямі, тэматычны дыяпазон якіх вельмі разнастайны. Значная частка тэкстаў названых фальклорных жанраў знаходзіцца ў межах каляндарнай і сямейней абраднасці. Сярод каляндарных прыкмет і павер’яў найбольш папулярны калядныя, стрэчанскія, дабравешчанскія, юраўскія, троіцкія і купальскія. Калі гаварыць аб іх функцыянальна-семантычнай скіраванасці, то варта вызначыць наступныя групы:

  • прыкметы і павер’і аб жыцці і здароўі людзей (“Свянцоную пасхальную ваду налівалі ў глыбокую тарэлку, туды клалі яйка, і ўсе члены сям’і павінны былі ўмыцца, каб быць здаровымі, дужымі і прыгожымі” (в. Веляцін Хойніцкага р-на));

  • прыкметы і павер’і, што датычаць забеспячэння дабрабыту ў гаспадарцы (“Да Благавешчання не адкрываюць і акна, да Благавешчання не выносяць на вуліцу і качанае. На Благавешчанне, калі пасадзіш куру на яйкі, то ў яе вывядуцца ўсе калекі, а то і ваабшчэ загінуць” (г. Хойнікі));

  • прыкметы і павер’і аб забеспячэнні і захаванні добрага ўраджаю (“Картошку засыпаюць на семена на храненне, на зіму, ад мышэй у той дзень, кагда была галодная куцця: гэта 18 чысла, перад Крашчэннем, а Крашчэнне – 19-га. Тады ўсё харашо ад мышэй храніцца” (г. Хойнікі);

  • павер’і аб спосабах абароны ад неспрыяльнага ўздзеяння навакольнага асяроддзя, у тым ліку чараўнікоў, ведзьмакоў (“Першы раз выганялі скаціну на Юр’я. Перад гэтым абходзілі вакруг скаціны, абсявалі яе макам, абсявалі хлеў, каб агарадзіць жывёлу ад злых духаў”, “Рвалі веткі ліпы, ішлі ў царкву, свяцілі гэтыя веткі. Закраплялі ліпавыя веткі на абразах, над уваходнымі дзвярамі, каб выгнаць злых духаў з хаты, ачысціць паветра ад зла” (в. Стралічава Хойніцкага р-на));

  • прыкметы аб надвор’і (“Якая пагода на Пакровы, такая і зіма” (г. Хойнікі)).

На тэрыторыі Беларусі зафіксавана шмат прыкмет і павер’яў, тэматычна звязаных са зменамі ў лёсе чалавека (нараджэнне, шлюб, пахаванне). Яны існуюць не самі па сабе, а цесна преплецены з абрадамі, суадносяцца з рознымі відамі дзейнасці людзей і пэўным тыпам грамадскіх зносін, вызначаюцца шырокім тэматычным дыяпазонам і функцыянальна-семантычнай разнастайнасцю. Так, існуе вялікая колькасць прыкмет, павер’яў, забарон, якіх прытрымліваліся маладыя, іх бацькі і госці падчас розных этапаў вяселля: сватання (“У сваты выпраўляліся якраз у пятніцу або суботу і абавязкова на маладзікову “поўню” (в. Аўгустова Лагойскага р-на), вянчання (“В цэркві запальвалі 2 свечкі, каторыя сімвалізавалі жаніха і нявесту. Іх дзяржалі свяціцельніцы. Все обрашчалі вніманіе, как гарат свечкі. Еслі свечкі гарат ярка, то ў сям’е будзе ўсё. Кагда свечка нявесты гарэла медленна і не ярка, то шчыталі, што нявесце будзе плоха ў сям’і жаніха” (г .Мазыр)); уласна вяселля (“Маладых садзілі на кут на вывернуты кажух, каб багата жылі і шчасліва. Калі свадзьбу гуляюць, маладыя даўжны быць у пары і даўжан малады ўвесь вечар вадзіць маладую, штоб іх не раз’едзінілі, тады яны будуць жыць мірно і гласно (г. Хойнікі)).

Шэраг функцыянальна-семантычных груп прыкмет, павер’яў, забарон можна выдзеліць у межах радзінна-хрэсьбіннага абрадавага комплексу: забароны для цяжарных, правілы для лёгкіх родаў, забароны і правілы, якія павінна выконваць жанчына і яе родныя, каб пазбегнуць “сурокаў”. Па народных уяўленнях, паводзіны цяжарнай маглі ўплываць на знешні выгляд (“Нельга было бурыць ластаўчае гняздо, бо будзе рабое дзіця” (г. Рэчыца)), фізічны стан (“Яна не павінна была вельмі часта глядзецца ў люстэрка, бо дзіцё магло быць касым”; “...забаранялася глядзець на людзей, у якіх былі якія-небудзь фізічныя дэфекты (уродцы). І яна не павінна была абгаворваць такіх людзей. Бо яе дзіця магло радзіцца таксама з заганамі” (в. Красная Дуброва Рэчыцкага р-на)) і характар дзіцяці (“...ёй забаранялася красці, зайздросціць, абгаварываць людзей-уродаў – гэта магло адбіцца на характары яе дзіця” (г. Рэчыца). Прыклады сведчаць, што парушэнні правіл, дапушчаныя з боку маці, маглі справакаваць у будучым розныя непрыемнасці для яе дзіцяці (у дадзеным выпадку відавочны элементы магіі падабенства). Такім чынам, цяжарная жанчына нібы здавала экзамен на права называцца сапраўднай маці, а таму павінна была не толькі пастарацца пазбегнуць дрэнных думак і ўчынкаў, але і праявіць свае лепшыя якасці, каб выхаваць такія ж у будучага дзіцяці; Паводле народных уяўленняў, усе дзеянні, што здзяйсняліся цяжарнай, маглі адбіцца тым ці іншым чынам на здароўі, характары, паводзінах і лёсе будучага дзіцяці, менавіта таму існавала вялікая колькасць забарон, павер’яў, якіх неабходна было прытрымлівацца. Акрамя таго, мэтанакіраванасць магічных дзеянняў, прымеркаваных да дародавага і пасляродавага прерыяду, не толькі не аспрэчвалася, але і была неабходнай умовай шчаслівага лёсу новага чалавека.

Павер’і і прыкметы, тэматычна і функцыянальна звязаныя з пахавальнай абраднасцю, не толькі прадказваюць смерць (“Калі курыца запяе пеўнем, то скора ў хаце будзе бяда ці смерць жыхара дома” (г.п. Плешчаніцы Лагойскага р-на)), рэгламенціруюць паводзіны людзей падчас пахавання і праходжання пахавальнай працэсіі (“Калі выносяць пакойніка, то ўсе хлявы адкрываюць” (в. Малыя Нястанавічы Лагойскага р-на); “Кагда паміраў чалавек, то закрываліся зеркала, штобы он не ўвідзеў сябе в зеркала і не астался дома” (в. Самахвалавічы Лагойскага р-на)), але таксама адлюстроўваюць пэўныя этычныя нормы людзей (“Нікагда за сталом нельзя гаварыць плоха пра умёршага, маўчаць ужо лучшэ” (в. Сукневічы Лагойскага р-на)). У пахавальных павер’ях адлюстраваны і павага да памерлага, імкненне зрабіць усё магчымае, каб пасля смерці яму было добра (“Калі дзеўка памірала, то яе абязацельна на палаценцах спускалі, то не разразалі палаценца і не дарылі, бо яна не пайшла замуж і падаркаў не давала. Рабілі так, каб на тым свеце пайшла замуж” (г. Хойнікі)), і адначасова страх перад ім, дакладней перад “тым светам” (светам памерлых), неспазнаным, таемным і таму такім небяспечным для нас, жывых (“Таксама закрываюць зеркала, калі ў хаце пакойнік, каб не захавалася атражэнне мёртвага. А еслі хто ўбачыць пакойніка ў зеркале, таму самаму плоха стане” (г. Хойнікі)). Існавала ў народнай практыцы шмат магічных дзеянняў, накіраваных на папярэджанне шкодных уздзеянняў з боку “пакойніка” і ўсяго неспрыяльнага, што з ім звязана: “Як пакойніка выносяць, стараюцца ўсё зрабіць і зварыць, і печ закрыць, каб у хаце добра ўсё было” (г. Хойнікі). Пахавальныя прыкметы, павер’і і забароны адлюстроўваюць міфалагізіраваныя адносіны паміж светам “жывых” і “памерлых”, прадстаўляюць своеасаблівасць народнага светапогляду і часам успрымаюцца як пэўны звод маральна-этычных законаў.

Прыкметы і павер’і цесна звязаны не толькі з каляндарна-абрадавай паэзіяй, але і з замоўнымі формуламі, чарадзейнымі казкамі, прыказкамі і прымаўкамі. На ўзроўні мастацкай будовы для гэтых фальклорных тэкстаў найперш характэрны адухаўленне, персаніфікацыя, метафарызацыя, сімвалізацыя, шырокае выкарыстанне паралелізмаў, паўтораў аднакарэнных слоў, гукавых асацыяцый.

Відавочна, што спецыфічнай рысай прыкмет i павер’яў з’яўляецца факт устойлiвасці iх бытавання: нават пасля таго, як прычыны, што выклiкалi іх узнікненне, перасталi функцыянаваць, яны засталіся ў народнай памяцi, ператварыўшыся ў адметны ўтылiтарна-практычны кодэкс, які, як ні дзіўна, дзейнічае і ў наш час, пэўным чынам мадэлюючы і рэгламентучы паводзiны чалавека.
ПЫТАННІ ДЛЯ САМАПРАВЕРКІ


  1. Назавіце найбольш папулярныя тэматычныя і функцыянальна-семантычныя групы каляндарных прыкмет і павер’яў.

  2. Назавіце найбольш папулярныя тэматычныя і функцыянальна-семантычныя групы прыкмет і павер’яў сямейнай абраднасці. Ахарактарызуйце кожную з іх.

  3. Назавіце вобразна-выяўленчыя сродкі прыкмет і павер’яў і вызначце іх ролю.


ЗАДАННІ

  1. Запоўніце табліцу.

Жанр

Тэматычны

дыяпазон


Функцыянальная разнастайнасць

Вобразна-выяўленчыя

сродкі


Заўвагі

Прыкметы













Павер’і
















  1. Прапануйце ўласную класіфікацыю прыкмет і павер’яў каляндарнай і сямейнай абраднасці і абгрунтуйце яе.

  2. Прааналізуйце колькасны склад прыкмет розных тэматычных груп і прадстаўце вынікі ў выглядзе дыяграмы. Пракаменціруйце атрыманыя вынікі.

  3. Складзіце, абапіраючыся на ілюстрацыйны матэрыял, маральна-этычны кодэкс цяжарнай жанчыны. Растлумачце, у чым яго мудрасць і карыснасць.

  4. Карыстаючыся каляндарнымі прыкметамі і павер’ямі, складзіце міні-даведнік “Парады дачніку”. Растлумачце “жывучасць” гаспадарчых прыкмет і павер’яў.

  5. Напішыце эссэ на тэму “Павер’е: вера ці нявер’е ?”

  6. Стварыце мультымедыйную прэзентацыю альбо запішыце відэаролік “Прыкметы і павер’і студэнцкага асяроддзя”.


ІЛЮСТРАЦЫЙНЫ МАТЭРЫЯЛ
КАЛЯНДАРНЫЯ ПРЫКМЕТЫ І ПАВЕР’І

ПІЛІПАЎКА

На Піліпаўскі пост нельга было жаніцца. Шчыталася, што разайдуцца. І не жаніліся аж да канца паста.



Запісана ў в. Аздзеліна Гомельскага р-на

ад перасяленкі з в. Багушы Брагінскага р-на

Кліменка Ганны Фёдараўны, 1943 г. н.,

студэнткамі Савіцкай М., Герасіменка В.
Прыкмячалі надвор’е: калі ў Піліпаўку іней – ураджай на авёс, калі хмарка ці снежна – май будзе мокры.

Запісана ў в. Вуглы Рагачоўскага р-на

ад Атрохавай Варвары Мікалаеўны, 1930 г. н.,

студэнткай Юрчанка Т. М.
КАЛЯДЫ

Гэта святыя дні, таму нельга было шыць, нешта мыць, звязваць, плясці. Нельга было ругацца, бо тады будзеш ругацца ўвесь год. Тое ж, калі што-небудзь разаб’еш: разаб’ецца гаршок – будзе плахі год, у хаце будуць сваркі.

Сёмага январа, на Ражаство, калі хто заходзіў у хату, то лепей, каб мужчына ці дзіцёнак увайшоў первы, а не жэншчына, тады ўсе ў хаце будуць увесь год здаровыя і будзе дастатак.

На Крашчэнне было шмат прымет: калі ідзе снег – будзе добрае лета, добры ўраджай, калі сільная мяцеліца – добра будзе расці ўсё ў лесе (грыбы, ягады), калі хата на Крашчэнне чыстая – сям’я будзе ўвесь год здаровая.



Запісана ў в. Сінічына Буда-Кашалёўскага р-на

ад Васілеўскай Марыі Андрэеўны, 1930 г. н.,

студэнткай Барадзіной В.
Еслі на первую Каляду, шостага студзеня, многа звёзд на небе –вясной будзе многа грыбоў. Калі трынаццатага чысла, пад Новы год, многа звёзд на небе –летам будзе многа грыбоў. Еслі васемнаццатага чысла, посныя Каляды, многа зорак – увосень многа грыбоў будзе.

На Новы год расчосвацца нельга, бо будуць куры грады разграбаць. 6-7 студзеня таксама нельга расчосвацца.

Еслі на первую Каляду на дзераве ёсць іней – будзе добрая рож.

Калі ў Кадяды ёсць снег або іней – будзе ўраджайны год, еслі на крышах сасулькі вісяць – будзе малочны год.



: DocLib10 -> %D0%A3%D1%87%D0%B5%D0%B1%D0%BD%D0%BE-%D0%BC%D0%B5%D1%82%D0%BE%D0%B4%D0%B8%D1%87%D0%B5%D1%81%D0%BA%D0%B8%D0%B5%20%D0%BC%D0%B0%D1%82%D0%B5%D1%80%D0%B8%D0%B0%D0%BB%D1%8B%20%D0%BA%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80 -> %D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D0%B1%D0%B5%D0%BB%D0%BE%D1%80%D1%83%D1%81%D1%81%D0%BA%D0%BE%D0%B9%20%D0%BA%D1%83%D0%BB%D1%8C%D1%82%D1%83%D1%80%D1%8B%20%D0%B8%20%D1%84%D0%BE%D0%BB%D1%8C%D0%BA%D0%BB%D0%BE%D1%80%D0%B8%D1%81%D1%82%D0%B8%D0%BA%D0%B8
%D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D0%B1%D0%B5%D0%BB%D0%BE%D1%80%D1%83%D1%81%D1%81%D0%BA%D0%BE%D0%B9%20%D0%BA%D1%83%D0%BB%D1%8C%D1%82%D1%83%D1%80%D1%8B%20%D0%B8%20%D1%84%D0%BE%D0%BB%D1%8C%D0%BA%D0%BB%D0%BE%D1%80%D0%B8%D1%81%D1%82%D0%B8%D0%BA%D0%B8 -> Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Установа адукацыі “Гомельскі дзяржаўны універсітэт
%D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D0%B1%D0%B5%D0%BB%D0%BE%D1%80%D1%83%D1%81%D1%81%D0%BA%D0%BE%D0%B9%20%D0%BA%D1%83%D0%BB%D1%8C%D1%82%D1%83%D1%80%D1%8B%20%D0%B8%20%D1%84%D0%BE%D0%BB%D1%8C%D0%BA%D0%BB%D0%BE%D1%80%D0%B8%D1%81%D1%82%D0%B8%D0%BA%D0%B8 -> Хрэстаматыя вучэбны дапаможнік
%D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D0%B1%D0%B5%D0%BB%D0%BE%D1%80%D1%83%D1%81%D1%81%D0%BA%D0%BE%D0%B9%20%D0%BA%D1%83%D0%BB%D1%8C%D1%82%D1%83%D1%80%D1%8B%20%D0%B8%20%D1%84%D0%BE%D0%BB%D1%8C%D0%BA%D0%BB%D0%BE%D1%80%D0%B8%D1%81%D1%82%D0%B8%D0%BA%D0%B8 -> А. М. Палуян Беларуская мова (Прафесійная лексіка)
%D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D0%B1%D0%B5%D0%BB%D0%BE%D1%80%D1%83%D1%81%D1%81%D0%BA%D0%BE%D0%B9%20%D0%BA%D1%83%D0%BB%D1%8C%D1%82%D1%83%D1%80%D1%8B%20%D0%B8%20%D1%84%D0%BE%D0%BB%D1%8C%D0%BA%D0%BB%D0%BE%D1%80%D0%B8%D1%81%D1%82%D0%B8%D0%BA%D0%B8 -> Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Установа адукацыі “Гомельскі дзяржаўны універсітэт
%D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D0%B1%D0%B5%D0%BB%D0%BE%D1%80%D1%83%D1%81%D1%81%D0%BA%D0%BE%D0%B9%20%D0%BA%D1%83%D0%BB%D1%8C%D1%82%D1%83%D1%80%D1%8B%20%D0%B8%20%D1%84%D0%BE%D0%BB%D1%8C%D0%BA%D0%BB%D0%BE%D1%80%D0%B8%D1%81%D1%82%D0%B8%D0%BA%D0%B8 -> Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Установа адукацыі “Гомельскі дзяржаўны універсітэт
%D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D0%B1%D0%B5%D0%BB%D0%BE%D1%80%D1%83%D1%81%D1%81%D0%BA%D0%BE%D0%B9%20%D0%BA%D1%83%D0%BB%D1%8C%D1%82%D1%83%D1%80%D1%8B%20%D0%B8%20%D1%84%D0%BE%D0%BB%D1%8C%D0%BA%D0%BB%D0%BE%D1%80%D0%B8%D1%81%D1%82%D0%B8%D0%BA%D0%B8 -> Фалькларыстыка замовы Практычны дапаможнік
%D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D0%B1%D0%B5%D0%BB%D0%BE%D1%80%D1%83%D1%81%D1%81%D0%BA%D0%BE%D0%B9%20%D0%BA%D1%83%D0%BB%D1%8C%D1%82%D1%83%D1%80%D1%8B%20%D0%B8%20%D1%84%D0%BE%D0%BB%D1%8C%D0%BA%D0%BB%D0%BE%D1%80%D0%B8%D1%81%D1%82%D0%B8%D0%BA%D0%B8 -> Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Установа адукацыі “Гомельскі дзяржаўны універсітэт
%D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D0%B1%D0%B5%D0%BB%D0%BE%D1%80%D1%83%D1%81%D1%81%D0%BA%D0%BE%D0%B9%20%D0%BA%D1%83%D0%BB%D1%8C%D1%82%D1%83%D1%80%D1%8B%20%D0%B8%20%D1%84%D0%BE%D0%BB%D1%8C%D0%BA%D0%BB%D0%BE%D1%80%D0%B8%D1%81%D1%82%D0%B8%D0%BA%D0%B8 -> Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Установа адукацыі “Гомельскі дзяржаўны універсітэт
%D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D0%B1%D0%B5%D0%BB%D0%BE%D1%80%D1%83%D1%81%D1%81%D0%BA%D0%BE%D0%B9%20%D0%BA%D1%83%D0%BB%D1%8C%D1%82%D1%83%D1%80%D1%8B%20%D0%B8%20%D1%84%D0%BE%D0%BB%D1%8C%D0%BA%D0%BB%D0%BE%D1%80%D0%B8%D1%81%D1%82%D0%B8%D0%BA%D0%B8 -> Установа адукацыі “Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны” В. С. Новак, А. А. Кастрыца
%D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D0%B1%D0%B5%D0%BB%D0%BE%D1%80%D1%83%D1%81%D1%81%D0%BA%D0%BE%D0%B9%20%D0%BA%D1%83%D0%BB%D1%8C%D1%82%D1%83%D1%80%D1%8B%20%D0%B8%20%D1%84%D0%BE%D0%BB%D1%8C%D0%BA%D0%BB%D0%BE%D1%80%D0%B8%D1%81%D1%82%D0%B8%D0%BA%D0%B8 -> Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Установа адукацыі


  1   2   3


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка