Грэчаская міфалогія, якая фарміравалася ў мікенскую эпоху (ІІ тыс да н. Х.), мае вызначэнні: класічная, алімпійская, а таксама гераічная



Дата канвертавання15.05.2016
Памер99.33 Kb.
Прадмова
Грэчаская міфалогія, якая фарміравалася ў мікенскую эпоху (ІІ тыс. да н. Х.), мае вызначэнні: класічная, алімпійская, а таксама гераічная. Разам з антрапаморфнымі багамі ў ёй дзейнічаюць героі, і міфы пра іх пераважаюць у міфалагічнай сістэме грэкаў.

Ва ўспрыманні элінаў герой (грэч. heros) — гэта не проста смяротны, які здзяйсняў мужныя, гераічныя ўчынкі. Безумоўна, герой увасабляў мужнасць, адвагу, воінскую доблесць, але гэтага было недастаткова, каб мець славу “багароўнага”. Герой — гэта сын альбо нашчадак бога і смяротнага чалавека, які займаў прамежкавае становішча паміж багамі і людзьмі, быў пасрэднікам паміж імі. Гесіёд у паэме “Турботы і дні” (VII ст. да н. Х.) упершыню назваў герояў “паўбагамі”. Такімі паўбагамі былі сыны вярхоўнага алімпійца Зеўса і смяротных жанчын Персей, Геракл, Палідэўк, Мінас. У позняй міфалогіі некаторыя героі нараджаліся ад шлюбаў іх смяротных бацькаў з багінямі. Так, самы магутны грэчаскі герой Траянскай вайны Ахілес быў сынам марской багіні Фетыды і фесалійскага цара Пелея, а Эней, які змагаўся на баку траянцаў, — сынам Афрадыты і смяротнага Анхіса. Цар Ітакі Адысей — сын смяротных бацькоў Лаэрта і Антыклеі, але яго прадзедам быў алімпійскі бог Гермес (мабыць, ад яго Адысей узяў хітрасць, кемлівасць, знаходлівасць). Высакароднае паходжанне героя — гэта яго прызначанасць, пэўная гарантыя таго, што ён будзе дзейнічаць правільна, без памылак, што зможа сам абараніцца ад ворагаў і абараніць іншых.

Падобныя да прыгожых неўміручых багоў знешне, героі мелі істотную адметнасць: нягледзячы на звышчалавечую сілу і магчымасці, яны былі смяротнымі. Гэтая акалічнасць надавала асобе героя, яго імкненню ўвекавечыць сябе ў бессмяротных подзвігах асаблівы драматызм. Спробы багоў зрабіць неўміручымі сваіх смяротных дзяцей (з гэтай мэтай Фетыда апускала маленькага Ахіла ў вогненную раку Стыкс) не прыносілі поспеху, бо нікому не дазвалялася парушаць усталяваную ў свеце раўнавагу сіл жыцця і смерці. Аднак былі і выключэнні: права ўзнесціся на Алімп заваявалі Дыяніс і Геракл, прайшоўшы праз нясцерпныя мукі і пакутлівую смерць. Аднак, па іншай версіі, на Алімпе знаходзіўся сам Геракл, а цень яго блукаў у Аідзе, што сведчыла аб хісткасці самога факту абагаўлення герояў.

Галоўныя функцыі герояў — ахоўныя. Архаічная міфалогія поўнілася жахлівымі істотамі, якія пагражалі чалавечаму існаванню. Класічная міфалогія адлюстравала герояў, якія перамагалі пачвар, разбойнікаў, бралі верх над рознымі ірацыянальнымі сіламі, перашкаджаўшымі мірнаму жыццю. Героі атрымлівалі перамогі дзякуючы сваёй фізічнай сіле (Персей, Белерафонт, браты Дыяскуры), інтэлекту (Тэсей, Эдып, Адысей), творчаму генію (Дэдал, Арфей, Амфіён). Геракл, Персей, Тэсей з’яўляюцца таксама культурнымі героямі, бо яны змагаліся за ўпарадкаванне светапабудовы і тым самым удзельнічалі ў працэсе тварэння сучаснага свету.

Каб здзяйсняць подзвігі, героям патрабавалася звышнатуральная сіла, якую яны мелі толькі часткова дзякуючы свайму боскаму паходжанню. Багі дапамагалі ім, праводзілі праз сур’ёзныя пасвяціцельныя выпрабаванні — ініцыяцыі, выяўляючы, ці варты той ці іншы герой свайго высокага прызначэння. (У перыяд фарміравання міфаў падлеткі праходзілі праз абрад ініцыяцыі, калі пераходзілі ў групу дарослых мужчын ці ўступалі ў якое культавае аб’яднанне). Ініцыяцыя з’яўляецца важнейшым этапам міфалагічнага падарожжа героя. Са звычайнага свету герой пераходзіў у свет звышнатуральнага, таямнічага, часам трапляў у царства Аіда. Там ён сустракаўся з міфічнымі сіламі, перамагаў, пасля чаго вяртаўся ў родны горад вельмі дужым і рабіў дабро сваім суайчыннікам.

Так, Тэсей даў афінянам парадак і гарантыю законнай улады, паклаў канец прынясенню іх дзяцей у ахвяру Мінатаўру, пазбавіў небяспекі на дарогах, здзейсніўшы вялікія подзвігі падчас свайго падарожжа. Ясон, да якога далучыліся славутыя героі з усяго грэчаскага свету, сумеў прайсці на караблі “Арго” скрозь плаваючыя скалы Сімплягады ў Понт Эўксінскі (Чорнае мора) і здабыць залатое руно. Пра цяжкасці, якія паўставалі перад героямі, і важнасць іх пераадолення сведчаць подзвігі Геракла. На прыкладзе гэтага агульнагрэчаскага героя бачна, што ініцыяцыя магла прымаць форму пераследу. Да выпрабаванняў Алкіда непасрэднае дачыненне мела нябесная царыца Гера.

Прыклад Геракла, як і Персея, Эдыпа, Ясона, сведчыў аб цяжкіх выпрабаваннях, што выпадалі на долю нованароджанага героя. Паколькі нараджаўся менавіта герой, а не хтосьці іншы, яго нараджэнне было незвычайным, захапляючым, уражваючым уяўленне, як і яго наступныя подзвігі. Гэта можна лічыць першаснай ініцыяцыяй. Але не варта ўсе подзвігі герояў абумоўліваць ініцыяцыяй. Подзвігі сімвалізуюць пераадоленне ўсіх тых цяжкасцей, якія ўзнікаюць на жыццёвым шляху чалавека і якія трэба пераадолець. Учынкі герояў, іх паводзіны дэманстравалі, як патрэбна зрабіць гэта. Героі здзяйснялі подзвігі зноў і зноў, бо іх унутраны псіхалагічны стан адпавядаў пастаяннай гатоўнасці да гераічнага дзеяння.

Гераічныя міфы сімвалічна адлюстроўвалі шлях першабытнага чалавека да свядомасці, што знаходзіла выяўленне ў бітвах герояў з касмічнымі сіламі, увасобленымі ў драконах, дэманах, пачварах. З аднаго боку, гэта было змаганне героя з ліхам, упарадкаванне космасу, унясенне ў жыццё справядлівасці; перамога героя над дзікай, часам, міфічнай жывёлай — вынік старажытнай гісторыі, калі зверы былі галоўнымі ворагамі чалавека. Але дзеянне героя азначала і тое, што адбывалася ў ім самім, азначала перамогу героя над драконам у сваёй уласнай асобе, перамогу над сваімі нізкімі імкненнямі і жаданнямі; перамога героя над жывёлай — гэта пераадоленне жывёльнага пачатку ў сабе. Іншымі словамі, дзеянні герояў сімвалізавалі іх духоўнае і маральнае ўдасканальванне.

Міфалагічнае падарожжа героя і яго подзвігі — гэта не толькі рух ад хаосу да парадку, ад несвядомага да свядомага, ад нявелання да пазнання. Яно азначае таксама адрыў чалавека ад сацыяльнага і прыроднага асяроддзя і станаўленне асобы. Першабытны чалавек атаясамліваўся са сваім акружэннем, а герой падчас міфалагічнага падарожжа цалкам страчваў падтрымку асяроддзя, і, як вынік, вызваляліся яго творчыя магчымасці. Зразумела, што было небяспечна аказацца адзін на адзін са сваімі знеўшнімі ворагамі і з самім сабой.

У больш старажытных міфах героі падпарадкоўваліся волі алімпійцаў, аднак развіццё гераізму і самастойнасці герояў, адчуўшых свае амаль бязмежныя магчымасці, прывяло некаторых з іх да злоўжывання даверам багоў, процістаяння бессмяротным і нават дзёрзкіх учынкаў. Імкненне герояў (Сізіфа, Іксіёна, Тантала, Салманея, Таміра і інш.) параўнацца з багамі жорстка каралася. Супрацьстаянне герояў багам можна інтэрпрэтаваць як сур’ёзны папрок бессмяротным і нездавальненне імі з боку міфатворцаў. Але караліся героі і за дзёрзкасць, і за злачынствы. Носьбітамі родавага праклёну сталі Кадміды (дзеці і ўнукі Кадма), Лабдакіды (Эдып і яго сыны), Алкмеаніды (Амфіарай і яго сын Алкмеон). У канцы класічнага перыяду міфалогіі, які адпавядае заняпаду мікенскага ўладарання, ствараюцца міфы пра гібель усяго гераічнага роду людзей. Гэта міфы пра вайну Семярых (саюзнікаў) супраць Фіваў, пра паход Эпігонаў і пра Траянскую вайну. Такім чынам, канец ІІ тысячагоддзя разглядаецца як канец усяго гераізму.

Істотная асаблівасць грэчаскай міфалогіі — лакалізацыя герояў і размяшчэнне іх у пэўнай храналагічнай паслядоўнасці. Грэкі лічылі герояў эпанімамі (грэч. epi — пасля; onoma — імя) плямён і гарадоў. Родапачынальнікам новага чалавецтва з’явіўся Элін, сын Дэўкаліёна і Піры, якія адны засталіся жывыми пасля патопу. Ад яго ўзніклі ўсе грэчаскія плямёны і іх агульнае імя — эліны. Сыны Эліна Эол і Дор зрабіліся прабацькамі эалійцаў (насяляўшых востраў Лесбас і прылеглае да яго ўзбярэжжа Малой Азіі) і дарыйцаў (астравы Крыт, Родас і паўднёва-ўсходняя частка паўвострава Пелапанес). Унукі Эліна (ад трэцяга сына Ксуфа) Ахей і Іон з’явіліся прабацькамі ахейскага і іанійскага плямён, якія пасля доўгіх вандраванняў рассяліліся адпаведна на Пелапанесе і ў Атыцы.

Адзін з нашчадкаў Іона Кекроп з дапамогай багіні Афіны заснаваў (на месцы акропаля, дзе ўжо жылі пелазгі) горад, які быў названы ў яе гонар Афінамі. Нашчадак Кекропа Тэсей аб’яднаў дваццаць дэмаў (пасяленняў) Атыкі ў адно палітычнае цэлае, грамадзяне якога, дзе б яны не жылі, атрымалі імя афінянаў. Аб’яднанне, як мяркуюць гісторыкі, адбылося каля 1250 г. да н. Х.

Паўтара стагоддзя раней на поўначы, у Беотыі, фінікійскі (ёсць версіі, што крыцкі, альбо егіпецкі) царэвіч Кадм заснаваў Фівы. З гэтым горадам заўсёды асацыіруецца трагічная гісторыя Эдыпа, які быў унукам Лабдака, а той, у сваю чаргу, унукам Кадма. Спрэчка за ўладу паміж сынамі Эдыпа Палінікам і Этэоклам прывяла да вайны Семярых (Палініка і шасці аргоскіх герояў) супраць Фіваў. Праз дзесяць — шаснаццаць гадоў Фівы былі ўшчэнт спалены сынамі Семярых — Эпігонамі.

Аргівяне ведалі, што іх горад заснаваны сынам Зеўса, героем Аргасам, а першы яго росквіт прыпісвалі егіпцяніну Данаю, які навучыў мясцовых жыхароў арашаць палі пры дапамозе студняў. З цягам часу Аргас вырасце ў магутны горад, які падпарадкуе сваёй уладзе Тырынф, Мікены і ўсю Аргаліду. Паводле “Апісання Элады”, грэчаскага гісторыка ІІ ст. Паўсанія, Мікены пабудаваў у XIV ст. да н. Х. цар Аргаса Персей, сын Зеўса і Данаі. З нашчадкаў Персея асабліва вядомы Амфітрыён. Ён ажэніцца з тырынфскай царэўнай Алкменай, да якой у абліччы яе мужа наведаецца Зеўс, і народзіцца вялікі герой Геракл.

З буйным дарыйскім горадам Карынфам (размяшчаўся на перашыйку Істме, які злучаў Пелапанес з мацерыковай Грэцыяй) звязаны казанні пра Сізіфа, які быў пакараны на вечныя пакуты ў Тартары, і пра яго ўнука Белерафонта. На Пелапанесе, у Лаконіі, распавядалі пра герояў-блізнятаў Кастара і Палідэўка (Дыяскураў), якія разам са шматлікімі героямі з усёй Грэцыі бралі ўдзел у паходзе арганаўтаў. Па сведчанні грэчаскіх хранолагаў, гэты паход адбываўся ў 2-й палове ХІІІ ст. да н. Х. Самі ўдзельнікі Траянскай вайны лічылі сябе наступным пакаленнем пасля герояў-арганаўтаў.

Подзвігі самага папулярнага з грэчаскіх герояў Геракла, які таксама прымаў удзел у небяспечным падарожжы разам з арганаўтамі, не абмяжоўваюцца Пелапанесам або самой Грэцыяй, а распаўсюджваюцца на скіфскія стэпы ўсходу і берагі Акіяна на захадзе. Геракл — агульнагрэчаскі і агульначалавечы герой. Ён шанаваўся па ўсёй Грэцыі, але больш за ўсё ў Аргасе і Фівах.

Эліны сур’ёзна займаліся храналогіяй міфаў. У ІІІ ст. да н. Х. на востраве Парас была выразана на мармуры і выстаўлена на плошчы вялікая храналагічная табліца, каб усе маглі яе бачыць і запамінаць. На гэтай табліцы былі вызначаны даты станаўлення Кекропа царом у Афінах (1582 г. да н. Х.), сусветнага патопу, з якога выратаваліся Дэўкаліён і Піра (1529), прыбыцця з Фінікіі Кадма (1519), пачатку царавання Мінаса на Крыце (1432), заснавання Гераклам Алімпійскіх гульняў (1300), вызвалення Тэсеем афінянаў ад Мінатаўра (1260), паходу Семярых супраць Фіваў (1251), узяцця Троі пасля дзесяцігадовай Траянскай вайны (1208) і г. д. Іншыя храналагічныя табліцы адрозніваліся ад пароскай, і, напрыклад, тая, што была складзена ў ІІ ст. да н. Х. александрыйскім вучоным Эратасфенам, называла датай заснавання Фіваў 1313 г. да н. Х. , паходу Семярых — 1213, а падзення Троі — 1183.

Некаторыя сучасныя гісторыкі, якія даследуюць грэчаскую міфалогію, прытрымліваюцца думкі, што “галоўныя казанні праўдзівыя па сутнасці, выдуманыя ў дэталях” (В. Дзюрант). Асобныя гістарычныя звесткі, безумоўна, утрымліваюцца ў міфах, але на самай справе іх няшмат. Прызначэнне міфалогіі зусім не ў тым, каб захаваць гісторыю: калі рэальныя падзеі і персанажы знаходзяць у ёй адлюстраванне, то абавязкова ў міфалагічным праламленні, набываючы сакральны сэнс і значэнне. Міф — гэта гісторыя свяшчэнная, гісторыя пошукаў духу, пошукаў таго, што чакае чалавека ў бессмяротнай вечнасці. Для нас не так важна, ці існавалі ў рэальнасці Тэсей і Мінас (як трактаваў іх Плутарх). Важней тое, што кожны міф дае каштоўную інфармацыю, якая дазваляе зазірнуць у глыбіні духоўнага жыцця старажытнага чалавека. “Міф — гэта сімвалічная гісторыя, якая раскрывае унутраны сэнс сусвету і жыцця чалавека” (А. Уотс).

Своеасаблівым пераадоленнем смерці лічыўся культ мёртвых герояў. У ім адбывалася супадзенне герояў мёртвых і вялікіх герояў міфалагічнай мінуўшчыны. Магілы з’яўляліся аб’ектам рэлігійнага пакланення. Ім прыносілі ахвяры, бо лічылася, што і пасля смерці героі працягвалі абараняць людзей. Пры гэтым грэкаў не бянтэжыла тое, што некаторыя з герояў мелі па некалькі магіл: у Эдыпа іх было чатыры. У Элеўсіне мясцовыя жыхары паказвалі паломнікам, якія сцякаліся ў гэтае свяшчэннае месца для пакланення Дэметры і Коры, сем магіл аргоскіх правадыроў, удзельнікаў паходу на Фівы. Археолагі прыйшлі да высновы, што гэтыя пахаванні адносіліся да значна ранейшага часу — ІІІ тыс. да н. Х., калі ў Грэцыі не было ні Аргаса, ні Фіваў. Тым не менш, у розных мясцовасцях захоўваліся, як меркавалі грэкі, астанкі славутых герояў, іх рэчы, якія нібыта валодалі цудадзейнай сілай. Адной з самых каштоўных рэліквій была плечавая косць сына Тантала Пелопса (эпаніма Пелапанеса), якая, па сведчанні Паўсанія, знаходзілася ў Алімпіі. У Кізіку паказвалі камень, які служыў якарам караблю арганаўтаў, у Афінах — карабель Тэсея. Астанкі гэтага славутага героя, забойцы Мінатаўра, былі ў V ст. да н. Х. урачыста перанесены з вострава Скіраса ў Афіны. Магілы, раскіданыя па ўсёй тэрыторыі як мацерыковай, так і астраўной Грэцыі, былі для элінаў галоўным сведчаннем гістарычнай рэальнасці міфалагічных персанажаў.

Герояў лічылі заснавальнікамі спартыўных гульняў, маючых свяшчэнны характар. Паводле паданняў яны бралі ўдзел у гульнях, і амаль кожны від меў у тым ці іншым героі свайго лепшага прадстаўніка: Кастар вылучаўся ў конных спаборніцтвах, Палідэўк — у кулачным баі, Геракл — у панкратыі (мнагаборстве), Тэламон — у кіданні дыска, Тэсей — ва ўзброеным баі. Як і багам, героям прысвячаліся асобныя дні месяца: чацвёрты дзень — Гермесу і Гераклу, восьмы дзень — Пасейдону, а ў Афінах і Тэсею. У гэтыя дні дзяржаўныя і прыватныя асобы займаліся адпраўленнем культаў багоў і герояў.

Пачынаючы з VII ст. да н. Х. з эпохі фармавання гарадоў-полісаў культ герояў-памерлых перайшоў на рэальных людзей. У якасці герояў грэкі пачалі ўшаноўваць не толькі міфічных персанажаў, якія нібыта жылі калісьці, але і сваіх сучаснікаў, заслужыўшых гэты вялікі гонар. У лік герояў уводзілі загінуўшых на вайне (воінаў Марафона, Платэяў), а таксама выдатных гістарычных дзеячаў (Салона, Мельтыада), вядомых паэтаў (Сафокла). На іх магілах устанаўлівалі алтары і прыносілі ахвяры. Такім чынам, рысы культу міфалагічных герояў пераносіліся на глебу культу герояў — рэальных людзей, і яны таксама ўшаноўваліся як апекуны, абаронцы сям’і, роду і поліса. Нецяжка заўважыць культ герояў у Грэцыі нагадвае культ святых у хрысціянстве.

Культ герояў меў вялікае значэнне як аснова для гераічнага эпасу. Плачы (фрэны) па героях развіваліся ў песні, якія праслаўлялі жыццё герояў і іх подзвігі, і з’явіліся адной з крыніц эпічных песень. Грамадскі характар дзейнасці герояў вызначыў сутнасць эпіка-гераічнай ідэалізацыі. Грэчаскі эпас чэрпаў матэрыял у багатай гераічнай міфалогіі, а міфалогія набывала, дзякуючы дасканалй мастацкай форме эпасу, яшчэ большую сілу і значэнне.

Вера ў герояў была адметнай рысай менталітэту грэкаў, і існаванне міфічных персанажаў адчувалася імі як рэальнае. Знатныя сем’і Элады, а таксама Рыма вялі свой род ад славутых герояў грэчаскай міфалогіі. Спартанскі цар Леанід, герой Фермапілаў, лічыў сябе нашчадкам Геракла, дарэчы, як і вядомы рымскі палкаводзец Марк Антоній (ён імкнуўся нават знешне быць падобным на сына Зеўса і Алкмены). Заснавальнік навуковай медыцыны, грэчаскі ўрач Гіпакрат вёў сваё паходжанне ад сына Апалона Асклепія. Эпірскія цары лічылі сваім родапачынальнікам Ахіла, пергамскія цары — Геракла. Радаслоўнае дрэва Юлія Цэзара і імператараў яго дома брала свой пачатак ад Энея.

Ва ўсе часы чалавек праецыруе на герояў тое, чым сам не валодае, чаго не можа зрабіць, але вельмі жадаў бы. Герой увасабляе цяжкасці подзвігаў, а міфалагічны расповяд пра яго раскрывае закладзены ў чалавеку патэнцыял. У розных народаў і ў розныя часы героі маюць аднолькава тыповыя рысы, з’яўляючыся, такім, носьбітамі важнай архетыпічнай інфармацыі.






: documents -> %D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D0%B7%D0%B0%D0%BC%D0%B5%D0%B6%D0%BD%D0%B0%D0%B9%20%D0%BB%D1%96%D1%82%D0%B0%D1%80%D0%B0%D1%82%D1%83%D1%80%D1%8B -> %D0%9F%D0%B0%D0%BF%D0%BA%D1%96%20%D0%B2%D1%8B%D0%BA%D0%BB%D0%B0%D0%B4%D1%87%D1%8B%D0%BA%D0%B0%D1%9E -> %D0%9C%D0%B0%D0%BB%D1%8E%D0%BA%D0%BE%D0%B2%D1%96%D1%87%20%D0%A1.%D0%94 -> %D0%9C%20%D0%86%20%D0%A4%20%D0%90%20%D0%9B%20%D0%9E%20%D0%93%20%D0%86%20%D0%AF -> Part%20II
Part%20II -> Персей герой Аргаліды 10 Нараджэнне Персея
Part%20II -> Сафокл (“Антыгона”. Пераклад Ю. Дрэйзіна)
Part%20II -> Фіванскі цыкл міфаў. Эдып
Part%20II -> Геракл — агульначалавечы герой
Part%20II -> Героі афінскіх І крыцкіх міфаў. Тэсей
Part%20II -> Аргоская дынастыя І нах фараней н іоба – зеўС
Part%20II -> Дыяскуры — героі спарты
Part%20II -> Белерафонт забойца хімеры
Part%20II -> Кафедра замежнай літаратуры С. Д. Малюковіч




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка