Губская Вольга Мікалаеўна бгэу, Мінск раман м. Гарэцкага «віленскія камунары»



Дата канвертавання15.05.2016
Памер71.53 Kb.


Губская Вольга Мікалаеўна

БГЭУ, Мінск


 РАМАН М. ГАРЭЦКАГА «ВІЛЕНСКІЯ КАМУНАРЫ» (1931-1932) У СВЯТЛЕ ЕЎРАПЕЙСКАГА АВАНТУРНАГА РАМАНА
Раман М. Гарэцкага «Віленскія камунары» (1931-1932) – твор, які не толькі ўвабраў у сябе ўсе лепшыя здабыткі раманнай прозы нашай краіны, але і наблізіў беларускую літаратуру да еўрапейскай.

Пэўны час было прынята лічыць, што адлюстраванне рэвалюцыйных падзей і станаўленне бальшавіцкай улады ў Заходняй частцы Беларусі – вядучая тэма твора «Віленскія камунары». Па сутнасці, гэта была асноўная думка даследчыкаў літаратуры на працягу амаль двух дзесяткаў год (гаворка ідзе пра 1960–80-я гады), але логіка яе ўзнікнення дастаткова зразумелая. М. Гарэцкага рэабілітавалі ў 1959 годзе, і для таго, каб творы пісьменніка трапілі ў друк, трэба было даказаць, што ён быў сталым прыхільнікам савецкай улады, а яго творы адпавядалі савецкай ідэалогіі. Аднак час даўно змяніўся і раман «Віленскія камунары» патрабуе грунтоўнага пераасэнсавання.

Як правільна адзначыў М. Мушынскі: «Сёняшнія ацэнкі рамана павінны вынікаць не з меркаванняў палітычнага характару, а з аб’ектыўнага вывучэння вобразнай сістэмы твора» [1, 418]. Гэта выказванне трэба разглядаць не як прапанову, а як канцэпцыю пры доследзе і вывучэнні рамана «Віленскія камунары», чым, па сутнасці і пачалі займацца даследчыкі ў работах новага тысячагоддзя. Пры гэтым, трактоўкі рамана М. Гарэцкага «Віленскія камунары» носяць не адназначны характар, адрозніваюцца і падыходы да аналізу твора. Праблема неадназначнасці трактоўкі як змястоўнага, так і кампазіцыйнага боку твора дазваляе акцэнтаваць увагу менавіта на жанравай прыродзе тэкста, якая непасрэдна звязана з праблематыкай рамана.

Сам аўтар назваў твор «Віленскія камунары» раманам-хронікай. Сапраўды, храналагічнай перадачы падзей у Вільні рэвалюцыйнага перыяду, якія ў сваю чаргу прывялі да паўстання віленскіх камунараў, надаецца вялікая ўвага. Аднак аснова сюжэта – гісторыя Мышкі і яго роду; і вось гэта хроніка роду Мышкаў як чыннікаў гісторыі падаецца з выхадам на смехавую культуру. Гэта не «сур’ёзная», кананічная хроніка, як, напрыклад, «Камароўская хроніка». Немагчыма не заўважыць жартаўлівую, калі не сказаць больш, іранічную, манеру выкладання. У апавядальнай плыні парадаксальна звязваецца сур’ёзнае з жартоўным, драматычнае з іранічным, трагічнае з фарсава–камічным. Менавіта так, з сямейнай легенды, дзе героі ад безвыходнасці, якая «ўрачліваму погляду» можа падавацца немэтазгоднай упартасцю, вешаюцца, слепнуць «ці то ад слёз, ці то ад трахомы», жабруюць з малымі дзецьмі, – адсюль бярэ выток апавядальная плынь М. Гарэцкага. І ўсе гэта яшчэ аздоблена эпіграфам – двума радкамі верша Я. Купалы: «Ад прадзедаў спакон вякоў мне засталася спадчына…», якія тут маюць абсалютна неадназначнае гучанне. Вось і атрымліваецца нейкі зашыфраваны зачын, толькі чаго – рамана–хронікі ці гісторыі «плута» і вымушанага экстрэмала па жыцці Мацея Мышкі, які, каб мы маглі лепш зразумець яго вобраз, знаëміць нас з гісторыяй сваіх продкаў.

Ужо аблічча героя–апавядальніка дае падставы лічыць, што раман-хроніка «Віленскія камунары» М. Гарэцкага не традыцыйны па жанры раман беларускай літаратуры, нягледзячы на тое, што пісаўся ён у перыяд, калі літаратура мела пераважна сацыяльна–рэалістычны характар. М. Гарэцкі ўжо тады спрабаваў засвоіць эстэтыку сусветнай літаратуры, новую для беларускай прозы XX стагоддзя.

Безумоўна, само паняцце «авантурны раман» стала шырока ўжывальным у літаратуразнаўстве значна раней, чым з'явілася ў беларускай літаратуры і навуцы.

Радзімай авантурнага рамана прынята лічыць Іспанію, краіну, гістарычная актыўнасць якой была напоўнена супярэчнасцямі: вялікія адкрыцці і каланізатарскія паходы, якімі была насычана гісторыя гэтай краіны, прывялі да ломкі феадальных асноў, якія, у сваю чаргу, прывялі да сацыяльнай дэстабілізацыі. Менавіта ў такой сітуацыі нарадзіліся героі–прататыпы шэрагу іспанскіх авантурных (пікарэскных) раманаў. Звычайна ў цэнтры такога рамана пікаро (гультай і прайдзісвет). Раман, як правіла, мае лінейную структуру і будуецца па біяграфічным прынцыпе, дзе сам пікаро і апавядае пра свой лёс (падобнае, дарэчы, мы можам назіраць у рамане М. Гарэцкага «Віленскія камунары»).

Класічны прыклад авантурнага рамана звязаны з імем Кеведа, з–пад пяра якога выйшаў вядомы твор «Гісторыя жыцця прайдзісвета па імю дон Паблас» (напісаны ў 1603–1604, надрукаваны ў 1626). Саркастычны, змрочны гумар, розум, які падае сумненню ўсё, знайшлі месца ў гэтым рамане. Дон Паблас аб’яднаў у сабе рысы сваіх папярэднікаў – Ласаро і Гусмана, прайдзісвета «па волі лёсу» і прайдзісвета па «прызванні». У кантэксце гэтай думкі хочацца звярнуцца да рамана «Віленскія камунары»: ці не падобны да пералічаных героеў Мацей Мышка, па волі лёсу вымушаны змагацца за тое, каб выжыць у тых невыносных умовах, якія дыктуе гісторыя.

Жорсткасць эпохі феадалізму (а больш дакладна, перыяду яе распаду), адыграла значную ролю ў фарміраванні авантурнага рамана. У гісторыі нашай краіны сітуацыя была іншай. Раман «Віленскія камунары» адлюстроўваў перыяд жыцця ў эпоху войнаў і рэвалюцый 1905–1920-х гадоў. Гэта быў час уздыму палітычнай барацьбы, а таксама актыўнасці бальшавікоў, чыя дзейнасць была арыентавана на ніжэйшыя сацыяльныя пласты насельніцтва. Жаданне тым, «хто быў нікім», даць «усё», выносіла палітычна несвядомых людзей напаверх гістарычнай хвалі. Адным з такіх быў і герой рамана М. Гарэцкага Мацей Мышка. Народжаны ў той час, калі беззямельны галодны мужык мог адчуць сябе асобай і з пачуццём асабістай годнасці крыкнуць: «Зямлі і волі!», ён трапіў у бездань, дзе паветра, насычанае псеўдасвабодай, ап'яняла свядомасць колькасцю палітычных ідэй, пракламацый і арганізацый. І ў такой атмасферы трэба было сцвердзіць сваё уласнае «Я». Падобная сітуацыя, безумоўна, мела пэўную тоеснасць з перыядам распаду феадалізму, хоць у новую эпоху патрабаванні да чалавека былі намнога больш складанымі, а лёс яго больш драматычным і трагічным. Можна выказаць меркаванне, што аб'ектам назірання для М. Гарэцкага быў не проста сам герой Мацей Мышка, а яго ўменне мысліць, хітрыць, карацей кажучы, выжываць у часы рэвалюцыі.

Такім чынам, вядомыя ўсім Сімпліцысімус, Ласарыльё, Франсіон, а цяпер і Мацей Мышка – тыя вольныя барацьбіты за сваё існаванне, якіх усё ж такі не знішчыла, не скалечыла, не перамагла рэчаіснасць, а, наадварот, дала ім магчымасць развіць свае чалавечыя якасці. Як адзначае В. Кожынаў, «пераходны стан якраз і выклікае своеасаблівасць тэмы барацьбы за існаванне ў раннім рамане: гэта барацьба не высупае як цалкам празаічная справа паўсядзённасці, накіраваная на зняволенне і абязлічванне чалавека. Яна напоўнена паэтычнай авантурнасцю, змяшчае ў сабе элементы гульні і фантазіі. З другога боку, – і гэта больш істотна, герой рамана адчувае сябе не толькі выкінутым, але і вольным. Ён вымушаны весці цяжкую і небяспечную барацьбу, але разам з тым ён упершыню, канечне, у межах магчымага, – паводзіць сябе так, як ён жадае, а не так, як дазваляюць яму струхлелыя, згубіўшыя аўтарытэт традыцыйныя нормы» [2, 150]. Такім чынам, герой стварае свой уласны лёс, а значыць, сваю ўласную гісторыю. А тое, што чалавек, які мае сваю ўласную гісторыю, павінен быць прайдзісветам, У. Кожынаў называе паэтычна «трагікамічнай грымасай часу» [2, 154].

Гэта думка выклікае нашу цікавасць хаця б таму, што герой даследуемага рамана «Віленскія камунры» Мацей Мышка, таксама як і героі раманаў XVII стагоддзя, спрабуе стварыць свой уласны лёс. Пошукі яго нагадваюць прыгоды героеў авантурных раманаў XVII ст., бо менавіта на гэты тып сюжэта арыентуецца М. Гарэцкі. У такіх пошуках ён схіляецца да розных сацыяльных груп. Канечне, нельга адназначна заяўляць, што гэты герой будуе сваё жыццё па ўласнай схеме, бо час і прастора, соцыум непараўнальна больш жорсткія да Мышкі, чым да герояў прозы XVII ст. Яго гісторыя ўжо мае пачатак у біяграфіі дзеда–самагубцы і бацькі–бунтара, але іх побач няма, і герой усё ж такі самастойна імкнецца знайсці сваё месца ў жыцці.

Як адзначаў М. Тамашэўскі, «авантурны раман і на самой справе адлюстроўвае грубую, цяжкую рэчаіснасць, але рэчаіснасць не непасрэдную, а перайначаную на падставе ідэалагічных уяўленняў і навыкаў, характэрных літаратурнаму мысленню стваральнікаў рамана… У авантурным рамане фігура пікаро ўяўляе сабой не столькі рэальнага пікаро, колькі літаратурную яго транскрыпцыю» [3, 6].

Мацей Мышка, сапраўды, падобны да іспанскага Ласаро, «які сагрэты толькі праяўленнем жывёльных інстынктаў і, магчыма, хітрым спачуваннем да ўласнай зваротлівасці, ды, можа, некаторым спачуваннем да тых, хто бяднейшы і да таго ж пазбаўлены магчымасці пажывіцца за чужы кошт. Ласаро прымае гэты свет безагаворачна з самага дзяцінства. Ён сам яго частка. Другога свету ён не ведае. Ён не судзіць яго, а калі і судзіць – то толькі з пункту гледжання ўласнага жывата. Ніякіх маральных і сацыяльных ацэнак ён сабе не дазваляе» [3, 12]. Характарыстыку, змешчаную ў гэтай цытаце, можна суаднесці з Мацеем Мышкам. Ён – звычайны, шараговы чалавек, лёс якога нічым не вызначаецца, бо яго ўжо прадвызначыла сямейная гісторыя, ён проста ідзе па жыцці, каб выжыць. Аднак Мацей ужо дазваляе сабе маральныя і сацыяльныя ацэнкі падзей: ён усё ж герой ХХ стагоддзя, у якім грамадскае жыццë развіваецца нашмат інтэнсіўней, а значыць сам час патрабуе ад чалавека менавіта ацэнкі падзей, каб арыентавацца ў іх.

І калі ў Іспаніі імпульсам для ўзнікнення авантурных раманаў паслужыла ломка феадальных устоеў, то М. Гарэцкі звяртаецца да гэтай формы, каб за белетрыстычным, аблегчаным стылем нібы другім планам падаць рэальнае і трагічнае беларускае жыццё. Беларус таксама абавязкова вымушаны быў адарвацца ад роднай хаты, свайго мікрасоцыуму, каб адстаяць сваё права на жыццё. (Пра гэта пісаў і Я. Купала ў «Раскіданым гняздзе», а з такіх раскіданых гёздаў і раскіданых лёсаў складалася ўся Беларусь).



Аповед героя – Мацея Мышкі – пра тое, што бачыў, вызначае манеру падачы падзей: жывую, праўдзівую, дзе з гумарам, дзе са смехам праз слёзы. Авантурызм, выкліканы жаданнем выжыць – вось галоўная рыса характару героя, якая і задала асноўны тон твору. Герой змагаецца хутчэй не за жыццё, а за выжыванне, і апавядае пра гэта без засмучэння і сораму. Нам часам смешна, часам дзіўна, а месцамі і сумна ад такой непасрэднасці, але гэтая непасрэднасць, якая і прыводзіць да пэўнага авантурызму, не псуе героя, а, наадварот, узвышае ў сваім жаданні, як потым стане вядома, не толькі выжыць, але і быць карысным грамадству.

Такім чынам, мы маем падставы разважаць пра наяўнасць элементаў авантурнага рамана ў творы М. Гарэцкага: сюжэт рамана можа быць прачытаны як гісторыя своеасаблівых прыгод, выбітных здарэнняў. У творы «Віленскія камунары», які сам аўтар называў раманам–хронікай, адбіліся рысы не толькі хранікальнага, апісальнага, рэалістычнага пісьма, а разам з тым і авантурна-прыгодніцкага.
Літаратура

  1. Мушынскі, М. Падзвіжнік з Малой Багацькаўкі / М. Мушынскі. – Мн.: Бел. навука, 2008. – 510 с.

  2. Кожинов, В. Происхождение романа: теоретически-исторический . очерк / В. Кожинов. М.: Сов. писат., 1963. – 439 с.

  3. Томашевский, М. Плутовской роман / М. Тамошевский // Библиотека всемирной литературы. Серия первая. Т. 40 – Плутовской роман. – М.: Худ. лит-ра, 1975. – С. 5 – 20.




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка