Гушчынскі Ігар Генадзьевіч



старонка1/3
Дата канвертавання15.05.2016
Памер399.83 Kb.
  1   2   3


Установа адукацыі

“Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка”

УДК 947.6“1864/1914”
Гушчынскі

Ігар Генадзьевіч

РОЛЯ СУДОВЫХ УСТАНОЎ У ПАЛІТЫЧНЫМ ЖЫЦЦІ І САЦЫЯЛЬНА-ЭКАНАМІЧНЫМ РАЗВІЦЦІ БЕЛАРУСІ (1864–1914 ГГ.)
Аўтарэферат

дысертацыі на саісканне вучонай ступені

кандыдата гістарычных навук

па спецыяльнасці 07.00.02 – айчынная гісторыя


Мінск, 2011

Работа выканана ва ўстанове адукацыі “Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка”
Навуковы кіраўнік – Жытко Анатолій Паўлавіч

доктар гістарычных навук, прафесар, загадчык кафедры славянскай гісторыі і метадалогіі гістарычнай навукі ўстановы адукацыі “Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка”


Афіцыйныя апаненты: Сакалоў Мікалай Канстанцінавіч

доктар гістарычных навук, прафесар, прафесар кафедры гісторыі Беларусі ўстановы адукацыі “Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка”


Каханоўскі Аляксандр Генадзьевіч

кандыдат гістарычных навук, дацэнт, загадчык кафедры гісторыі Беларусі новага і навейшага часу Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта


Апаніруючая арганізацыя – установа адукацыі “Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт”

Абарона адбудзецца 21 кастрычніка 2011 г. у 14.00 на пасяджэнні савета па абароне дысертацый К 02.21.03 пры ўстанове адукацыі “Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка” па адрасе: 220050, г. Мінск, вул. Савецкая, 18, аўд. 482, Sv.Tolm1@gmail.com, тэл. (+375 17) 227-82-35.


З дысертацыяй можна азнаёміцца ў бібліятэцы ўстановы адукацыі “Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка”.
Аўтарэферат разасланы 20 верасня 2011 года.

Вучоны сакратар

савета па абароне дысертацый С.А. Талмачова

УВОДЗІНЫ
Набыццё Рэспублікай Беларусь незалежнасці ў пачатку 90-х гг. ХХ ст. паставіла краіну перад неабходнасцю правядзення карэнных рэформ у многіх сферах сацыяльна-эканамічнага і грамадска-палітычнага жыцця. Не выключэннем стала і судовая сістэма, якая, як і любы дзяржаўна-прававы інстытут, павінна адпавядаць умовам грамадскага развіцця, якія на працягу гістарычнага працэсу пастаянна змяняюцца. У сувязі з гэтым нават самыя дасканалыя судовыя сістэмы паступова патрабуюць рэфарміравання з мэтай удасканалення форм судаўладкавання і судаводства. Пры гэтым вельмі важна ўлічваць як вопыт папярэдніх гістарычных эпох, сусветнай практыкі, так і ўласныя прававыя традыцыі, што склаліся гістарычна. У першую чаргу гэта датычыць маладых дзяржаў. У свеце гэтага даследаванне стварэння і дзейнасці судовых устаноў на тэрыторыі Беларусі ў мінулым з’яўляецца актуальным.

У дадзеным кантэксце выклікаюць інтарэс грамадскія пераўтварэнні, у тым ліку і ў сферы суда, што адбыліся ў другой палове ХІХ ст. у Расійскай імперыі, у склад якой уваходзілі беларускія землі. Адной з мер па мадэрнізацыі краіны стала судовая рэформа ад 20 лістапада 1864 г., што справядліва лічыцца адной з самых значных і прагрэсіўных рэформ гэтага перыяду. У адпаведнасці з ёй уводзіліся буржуазныя прынцыпы судаводства і судаўладкавання: бессаслоўнасць, аддзяленне судовай улады ад адміністрацыйнай, нязменнасць суддзяў, галоснасць, спаборнасць, інстытут адвакатуры, а таксама суд прысяжных засядацеляў і міравы суд. Пытанне аб магчымасці прымянення апошніх двух інстытутаў у сучаснай судовай практыцы Беларусі з’яўляецца сёння асабліва актуальным. Прапановы іх увядзення час ад часу ўзнікаюць у нашым грамадстве і становяцца прадметам вострых дыскусій. Паспяховаму вырашэнню праблем такога кшталту будзе садзейнічаць правядзенне экскурсу ў гісторыю, аналіз аналагічных з’яў у мінулым.

Разам з тым, у гістарыяграфіі праблема стварэння і дзейнасці судовых устаноў Беларусі ў эпоху капіталізму застаецца недастаткова вывучанай. Нягледзячы на пэўную актывізацыю даследаванняў у гэтай галіне ў апошні час, некаторыя яе аспекты застаюцца неасветленымі, а значная колькасць пытанняў – спрэчнымі.

Такім чынам, запыты сучаснага беларускага грамадства па рэфарміраванні судовай сістэмы ў Рэспубліцы Беларусь, дзеля чаго карысна выкарыстанне гістарычнага вопыту, а таксама недастатковая навуковая распрацаванасць праблемы, вызначаюць актуальнасць дадзенай тэмы, яе важнае тэарэтычнае і практычнае значэнне.



АГУЛЬНАЯ ХАРАКТАРЫСТЫКА РАБОТЫ
Сувязь работы з буйнымі навуковымі праграмамі і тэмамі.

Работа падрыхтавана ў рамках Дзяржаўнай праграмы фундаментальных навуковых даследаванняў на 2006–2010 гг. “Гісторыя беларускай нацыі, дзяржаўнасці і культуры (Гісторыя і культура)” па тэме “Эвалюцыя саслоўнага і бессаслоўнага самакіравання ў Беларусі і яго роля ў сацыяльна-эканамічным развіцці краю. 1861–1917 гг.”. № Дзяржаўнай рэгістрацыі 20061929.



Мэта і задачы даследавання.

Мэта даследавання – устанавіць ролю і месца судовых устаноў у палітычным жыцці і сацыяльна-эканамічным развіцці Беларусі ў перыяд фарміравання буржуазнага грамадства.



Для дасягнення пастаўленай мэты неабходна вырашэнне наступных даследчых задач:

  1. Выявіць ступень навуковай распрацаванасці праблемы і інфармацыйныя магчымасці крыніц для вырашэння пастаўленых задач.

  2. Паказаць асаблівасці рэалізацыі судовай рэформы ад 20 лістапада 1864 г. на тэрыторыі беларуска-літоўскіх губерняў.

  3. Устанавіць сутнасць кадравай палітыкі самадзяржаўя, накіраванай на прыцягненне судовых чыноўнікаў з унутраных губерняў імперыі з мэтай правядзення палітыкі па інтэграцыі Паўночна-Заходняга краю ў склад Расіі.

  4. Раскрыць ролю і месца сакрэтных цыркуляраў урада адносна судаводства па справах, якія мелі палітычнае значэнне.

  5. Паказаць дзейнасць судовых устаноў па рэгуляванні маёмасных і фінансава-крэдытных адносін у краі.

  6. Выявіць ролю судовых органаў у працэсе станаўлення грамадзянскай супольнасці.

Аб’ектам даследавання з’яўляюцца рэфармісцкія змены на тэрыторыі Беларусі ў перыяд станаўлення і развіцця буржуазнага грамадства. Прадмет даследавання – роля судовых устаноў у палітычным і сацыяльна-эканамічным развіцці Беларусі. Храналагічныя рамкі дысертацыі ахопліваюць 1864–1914 гг. Прынцыпова новыя ўмовы для развіцця беларускага грамадства былі абумоўлены пераходам яго ў гэты час да буржуазных адносін у эканамічнай і сацыяльнай сферах, а таксама ў галіне суда. З пачаткам Першай сусветнай вайны, пераходам краю на ваеннае становішча, а затым і акупацыяй яго часткі нямецкімі войскамі ў дзейнасці судоў адбыліся значныя змены.

Палажэнні, якія выносяцца на абарону.

  1. Сістэма судаводства і судаўладкавання, створаная на тэрыторыі Беларусі ў 1872–1883 гг. у адпаведнасці з судовай рэформай ад 20 лістапада 1864 г., была значным крокам наперад і адпавядала ўмовам мадэрнізацыі краю. У той жа час у Паўночна-Заходнім краі яна мела пэўныя адрозненні ад судаўладкавання і судаводства ў іншых частках імперыі. Рэалізацыя рэформы 1864 г. мела тут шэраг істотных асаблівасцей: непасрэдная яе сувязь з палітыкай царызму па русіфікацыі дадзенага рэгіёну; увядзенне судовых статутаў 20 лістапада 1864 г. паэтапна (у 1872 г. – міравых судоў, у 1883 г. – агульных судовых устаноў); адначасовае правядзенне на тэрыторыі Беларусі судовай рэформы і абмежаванне яе ліберальных прынцыпаў у краіне ў цэлым; замена выбарнасці міравых суддзяў прызначэннем іх ад урада, што стала следствам адсутнасці тут земскіх устаноў; некаторыя выключэнні для асоб іудзейскага веравызнання пры фарміраванні складу прысяжных засядацеляў. Гэтыя асаблівасці былі абумоўлены антыўрадавымі ўзброенымі выступленнямі, што адбываліся на беларускіх землях у 1863–1864 гг., а таксама моцнымі пазіцыямі дваранства рымска-каталіцкага веравызнання і яўрэйскай буржуазіі. Непасрэднае рашэнне аб увядзенні міравых судоў у Заходнім краі было прынята ў чэрвені 1868 г., а адразу пасля іх увядзення ў 1872 г. пачалася праца па падрыхтоўцы да адкрыцця тут агульных судовых устаноў (акруговых судоў і судовых палат). Тое, што абодва гэтыя этапы ў суме расцягнуліся больш як на 15 гадоў, было звязана, па-першае, з фінансавымі прычынамі, па-другое, з тым, што па многіх аспектах (выбарнасці міравых суддзяў, абмежаванні колькасці неправаслаўных сярод прысяжных засядацеляў, падсуднасці некаторых катэгорый крымінальных спраў суду прысяжных, выбары месца адкрыцця судовай палаты, што значна павышала вагу адпаведнага губернскага цэнтра, і некаторых інш.) ва ўрадавых колах вяліся спрэчкі палітычнага характару.

  2. З мэтай забеспячэння палітычнай стабільнасці ў Заходнім краі, улада надавала вялікую ўвагу фарміраванню кадравага складу судовых устаноў. Прысутнасць у іх асоб рымска-каталіцкага і іудзейскага веравызнанняў разглядалася самадзяржаўем як непажаданая з’ява. Пасля ўвядзення тут судовых статутаў 20 лістапада 1864 г. Міністэрствам юстыцыі быў выдадзены шэраг сакрэтных цыркуляраў, накіраваных на выдаленне з судовых устаноў і непрыняцце ў іх у далейшым указаных катэгорый насельніцтва. Іудзеі і каталікі не маглі займаць пасады канцылярскіх служачых, судовых прыставаў, натарыусаў, кандыдатаў на судовыя пасады. Для яўрэяў, акрамя таго, існавалі абмежаванні пры прыняцці іх у лік прысяжных і прыватных павераных. У той жа час праводзілася адмысловая палітыка па прыцягненні ў край рускага чыноўніцтва з унутраных губерняў, што, на думку ўрада, павінна было паспрыяць русіфікацыі краю і палітычнай стабілізацыі ў рэгіёне. Самадзяржаўе бачыла ў судовых установах абаронцу сваіх палітычных інтарэсаў. У сваёй дзейнасці суды нярэдка кіраваліся не правіламі, прынятымі ў заканадаўчым парадку, а сакрэтнымі ці канфідэнцыйнымі інструкцыямі, цыркулярамі, прадпісаннямі Міністэрства юстыцыі або органаў адміністрацыйнай улады, у якіх утрымліваліся канкрэтныя ўказанні адносна судаводства па некаторых катэгорыях крымінальных спраў (аб супраціўленні ўладам, сялянскіх хваляваннях, забастоўках, злачынствах супраць праваслаўнай царквы і інш.), а таксама пажаданні як мага большага пакарання па іх. На тэрыторыі Беларусі, такім чынам, асаблівасці меў не толькі працэс рэалізацыі судовай рэформы ад 20 лістапада 1864 г., але і сама дзейнасць судовых устаноў, якія былі адным з інструментаў царызму ў справе абароны сваіх палітычных інтарэсаў у краі.

  3. Сур’ёзнай перашкодай на шляху развіцця капіталістычных адносін у Расійскай імперыі і, у прыватнасці, у Паўночна-Заходнім краі, з’яўлялася недасканаласць судовай сістэмы. Яна не адпавядала задачам абароны маёмасных правоў грамадзян, хуткага і аб’ектыўнага вырашэння эканамічных спрэчак, гарантавання бяспекі дзейнасці крэдытных уcтаноў. Перш за ўсё гэта тычыцца дзейнасці судовых устаноў па вырашэнні спраў, распачатых у выніку падачы грамадзянскіх іскаў (аб спагнаннях па невыплачаных крэдытах, аб праве ўласнасці на нерухомую маёмасць і г. д.). Тэрмін іх разгляду не рэгламентаваўся, што разам з некаторымі іншымі хібамі судаводства прыводзіла да таго, што вырашэнне такіх спраў зацягвалася на доўгія гады. Увядзенне на тэрыторыі Беларусі ў 1872–1883 гг. судовых статутаў ад 20 лістапада 1864 г. у значнай ступені вырашыла гэтыя праблемы, а значыць – спрыяла паляпшэнню ўмоў сацыяльна-эканамічнага развіцця дадзенага рэгіёну. Функцыю рэгулявання эканамічных адносін судовыя ўстановы выконвалі не толькі пры вырашэнні грамадзянскіх спраў, але і крымінальных (крадзяжы, разбоі, махлярства, зямельныя захопы, парушэнні ляснога статута і інш., звязаныя з маёмаснымі правамі). На эканамічнай глебе ўзнікалі і шматлікія справы аб злачынствах супраць парадку кіравання, а таксама здароўя і жыцця іншых асоб. Пазітыўнае значэнне для эканамічнага развіцця Паўночна-Заходняга краю мела рэарганізацыя ў рамках правядзення расійскай судовай рэформы 1864 г. сістэмы натарыяльных устаноў. Але ў той жа час у працэсе далейшага інтэнсіўнага развіцця эканомікі краю сталі відавочнымі некаторыя недахопы натарыяту новага ўзору, што праявілася ў бюракратызме і недасканаласці працэсу зацвярджэння актаў, у выніку чаго ў судах узнікала значная колькасць цяжбаў. Інстытут натарыяту быў закліканы садзейнічаць урэгуляванню зямельных адносін у працэсе правядзення сталыпінскай аграрнай рэформы. Аднак у сувязі з недастатковай колькасцю натарыусаў і інтэнсіўным працэсам пазямельных здзелак натарыят замаруджваў рэалізацыю рэформы.

  4. Адной з асноўных прыкмет буржуазнага грамадства ў сацыяльнай сферы, у адрозненне ад феадальнага, з’яўляецца прававая роўнасць усяго насельніцтва перад законам. Бессаслоўны характар уведзеных па рэформе 1864 г. судовых устаноў і абвяшчэнне роўнасці ўсіх грамадзян перад судом мела, такім чынам, выключна важнае значэнне для развіцця капіталістычных сацыяльных адносін у краі. Некаторыя ж феадальна-саслоўныя перажыткі судовых статутаў ад 20 лістапада 1864 г., якія былі непазбежным следствам па-ранейшаму саслоўнага па сутнасці грамадскага ўладкавання Расійскай імперыі ў апошняй трэці ХІХ – пачатку ХХ ст., не абвяргаюць у цэлым бессаслоўны характар судовай сістэмы, уведзенай у адпаведнасці з рэформай 1864 г. Усталяванне роўнасці прадстаўнікоў усіх саслоўяў перад законам стала важным фактарам, які спрыяў станаўленню ў краіне грамадзянскай супольнасці.

Асабісты ўклад саіскальніка.

У дысертацыйным даследаванні выяўлены інфармацыйныя магчымасці крыніц па вывучэнні дзейнасці судовых устаноў Беларусі перыяду капіталізму (заканадаўчыя акты, дакументальныя матэрыялы Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі ў г. Мінску (НГАБ) і Расійскага дзяржаўнага гістарычнага архіва ў г. Санкт-Пецярбургу (РДГА), друкаваныя статыстычныя звесткі рознага характару і г. д.). Аўтарам дысертацыі сабраны, апрацаваны і сістэматызаваны значны статыстычны матэрыял, які характарызуе дзейнасць судовых устаноў краю ў апошняй трэці ХІХ – пачатку ХХ ст. (звесткі аб колькасці паступіўшых у суды спраў палітычнага, рэлігійнага і сацыяльна-эканамічнага характару, асуджаных па іх, а таксама нацыянальна-рэлігійным складзе адвакатуры і інш.). У выніку супастаўлення даных статыстыкі, характарызуючых ідэнтычныя з’явы, але ўзятых з розных крыніц, былі выяўлены асобныя несупадзенні. Прычыны апошніх былі растлумачаны, што павышае эфектыўнасць выкарыстання ўказаных статыстычных матэрыялаў у навуковай працы, а таксама папярэджвае магчымую неаб’ектыўнасць зробленых высноў.

Упершыню ў навуковы ўжытак уведзены шэраг сакрэтных цыркуляраў Міністэрства юстыцыі, якія абмяжоўвалі прыняцце на пасады па судоваму ведамству каталікоў і іудзеяў, а таксама давалі ўказанні судовым установам адносна судаводства па справах, якія мелі для ўрада палітычнае значэнне.

На аснове дакументаў фонда Міністэрства юстыцыі РДГА раскрыты працэс падрыхтоўкі і рэалізацыі судовай рэформы 1864 г. на тэрыторыі беларуска-літоўскіх губерняў. Упершыню акрэслена дата пачатку непасрэднай падрыхтоўкі ўрада да ўвядзення ў Заходнім краі судовых статутаў ад 20 лістапада 1864 г. (сярэдзіна 1868 г.). Паказаны меркаванні прадстаўнікоў мясцовай адміністрацыі, чыноўнікаў міністэрстваў юстыцыі, унутраных спраў, фінансаў, дэпартаментаў Сената, а таксама імператарскай канцылярыі, адносна дадзенага пытання на розных этапах падрыхтоўкі да рэалізацыі судовай рэформы на беларускіх землях.

У дысертацыі праз аналіз функцыі судоў па рэгуляванні маёмасных і фінансавых адносін, а таксама праз паказ важнасці прынцыпу іх бессаслоўнасці для развіцця буржуазных грамадскіх адносін раскрываецца роля судовых устаноў у сацыяльна-эканамічным развіцці Беларусі ў перыяд капіталізму. Дадзены аспект функцыянавання судовай сістэмы да гэтага часу ў гістарыяграфіі практычна не асвятляўся. Акрамя таго, у дысертацыі ўпершыню закранута праблема рэарганізацыі сістэмы натарыяльных устаноў Беларусі ў рамках рэалізацыі ў краі расійскай судовай рэформы ад 20 лістапада 1864 г.

Апрабацыя вынікаў дысертацыі. Асноўныя палажэнні дысертацыі атрымалі адлюстраванне ў вучэбна-метадычным дапаможніку “Гісторыя Беларусі перыяду капіталізму” (частка 4 – “Буржуазныя рэформы ў другой палове ХІХ – пачатку ХХ ст.”), а таксама дакладах аўтара на навуковых канферэнцыях: “Актуальныя праблемы сацыяльнай гісторыі Беларусі (канец ХVІІІ – пачатак ХХ ст.): да 90-годдзя Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г.” (23 лютага 2007 г., Мінск, БДПУ імя М. Танка), “Гістарыяграфія гісторыі Беларусі, новай і навейшай гісторыі краін Еўропы і ЗША” (28 сакавіка 2008 г., Мінск, БДПУ імя М. Танка), “Актуальныя праблемы станаўлення і развіцця беларускай дзяржаўнасці: да 90-годдзя ўтварэння БССР” (27 лютага 2009 г., Мінск, БДПУ імя М. Танка), “Сучасныя падыходы да вывучэння крыніц па гісторыі Беларусі: да 1000-годдзя летапіснай Літвы” (18 снежня 2009 г., Мінск, БДПУ імя М. Танка). Дакументальныя матэрыялы, сабраныя аўтарам пры падрыхтоўцы дысертацыі, былі выкарыстаны пры складанні хрэстаматыі “История восточных славян” (частка 1 – “Внутренняя политика царизма (1861–1917 гг.)”).

Апублікаванасць вынікаў дысертацыі. Асноўныя вынікі дысертацыйнага даследавання адлюстраваны ў 10 навуковых працах (4,9 друкаваных аркушы). З іх 4 – у навуковых часопісах, вызначаных ВАК Рэспублікі Беларусь для публікацыі навуковых палажэнняў па доктарскіх і кандыдацкіх дысертацыях (2 друкаваныя аркушы), 4 – у тэзісах дакладаў навуковых канферэнцый, 1 артыкул у вучэбна-метадычным дапаможніку і 1 раздзел хрэстаматыі.

Структура і аб’ём дысертацыі. Дысертацыя складаецца з уводзін, агульнай характарыстыкі работы, чатырох глаў, заключэння, 13-ці таблічных дадаткаў і бібліяграфічнага спісу з 320 найменнямі. Аб’ём дысертацыі – 111 старонак, разам з бібліяграфічным спісам – 135 старонак.

АСНОЎНЫ ЗМЕСТ РАБОТЫ
У першай главе “Гістарыяграфія і аналіз крыніц. Метадалогія даследавання” аўтарам прадстаўлены аналіз літаратурных і дакументальных крыніц па тэме дысертацыі, вызначаны сучасны стан распрацаванасці праблемы, паказана метадалогія даследавання.

Наяўныя навукова-гістарычныя працы па тэме дысертацыі ўмоўна можна падзяліць на тры групы: 1) дарэвалюцыйныя выданні, 2) працы савецкіх гісторыкаў, 3) выданні постсавецкага перыяду.

Найбольш значнай падзеяй у развіцці судовай сістэмы Расійскай імперыі другой паловы XIX – пачатку XX ст. стала судовая рэформа 1864 г. Пераважная большасць напісаных у дарэвалюцыйны перыяд і прысвечаных ёй прац належыць прадстаўнікам ліберальнага напрамку ў гістарыяграфіі: М.А. Філіпаву, Г.А. Джаншыеву, І.В Гесену, А.Ф. Коні, П.Н. Обнінскаму і інш.1 Яны імкнуліся ідэалізаваць судовыя статуты ад 20 лістапада 1864 г. і наракалі на тое, што палажэнні гэтых дакументаў не былі да канца праведзены ў жыццё і падвергліся ў апошняй чвэрці ХІХ ст. сур’ёзнаму перагляду. З агульнага шэрагу прац ліберальнага накірунку ў гістарыяграфіі выдзяляецца кніга А.А. Галавачова “Десять лет реформ. 1861–1871”2. Гэта было адно з першых выданняў, якое крытыкавала судовую рэформу 1864 г., прычым не з кансерватыўных, а ліберальных пазіцый. Аўтар адзначаў непаслядоўнасць у прынцыпе аддзялення суда ад адміністрацыі і захаванне элементаў саслоўнасці, крытыкаваў непаўсюднае ўвядзенне судовых статутаў.

Сярод крытычных водгукаў на судовыя статуты ў 1880-я гг. асабліва выдзяляліся публікацыі М.Н. Каткова, В.Я. Фукса і К.А. Скалькоўскага3. Гэтыя аўтары выступілі супраць базавых прынцыпаў судовай рэформы 1864 г.: незалежнасці суда, спаборнасці, галоснасці і інш. Асабліва востра крытыкаваўся інстытут прысяжных засядацеляў, які быў названы М.Н. Катковым “судом вуліцы”.

Трэба зазначыць, што ўсе вышэйпералічаныя працы прысвечаны развіццю ў разглядаемы перыяд судовай сістэмы Расійскай імперыі ў цэлым і не ўдзяляюць належнай увагі асаблівасцям правядзення судовай рэформы 1864 г., а таксама дзейнасці ўведзеных у адпаведнасці з ёй судовых устаноў у нацыянальных акраінах, у тым ліку і Заходнім краі. Некаторыя аспекты судаўладкавання і судаводства менавіта на тэрыторыі Беларусі ў гэты час раскрыты ў працах А.А. фон Брынкмана, В.А. Шэнінга, Н.М. Калмакова, М.В. Цясленкі4.

У савецкі перыяд навукоўцы падыходзілі да вывучэння судовай сістэмы Расійскай імперыі перыяду капіталізму, і ў тым ліку рэформы 1864 г., з іншых, чым даследчыкі дакастрычніцкага перыяду, метадалагічных і ідэалагічных пазіцый. Савецкія гісторыкі (М.М. Пакроўскі, Б.В. Віленскі, В.А. Шувалава5 і інш.), узялі на ўзбраенне марксісцкі партыйна-класавы падыход. Да прац савецкага перыяду, прысвечаных судовай сістэме менавіта Беларусі другой паловы ХІХ – пачатку ХХ ст., можна аднесці некалькі артыкулаў Ф.Р. Бялевіча, В.А. Марыскіна і В.В. Сарокінай, у якіх асноўная ўвага засяроджана на асаблівасцях правядзення ў краі судовай рэформы ад 20 лістапада 1864 г., а таксама, часткова, манаграфію С.М. Самбук “Политика царизма в Белоруссии во 2-й половине XIX века”6. У цэлым, для прац гэтага перыяду характэрна значная ступень палітычнай і ідэалагічнай заангажаванасці. Адной з мэтаў савецкай гістарыяграфіі, асабліва ў першыя паслярэвалюцыйныя дзесяцігоддзі, было выкрыццё антынароднай сутнасці царскага рэжыму, яго рэакцыйнасці, што, як сцвярджалася, было характэрна і для судовай сістэмы. Разглядаючы судовую рэформу 1864 г. і ўвогуле суд другой паловы ХІХ – пачатку ХХ ст., савецкая гістарыяграфія засяроджвала сваю ўвагу на тых іх аспектах, на якіх няпоўнасцю адбіўся ў цэлым ліберальны дух судовых статутаў 20 лістапада 1864 г., галоўным чынам некаторых элементах саслоўнасці, а таксама не да канца ажыццёўленым аддзяленні судовай улады ад адміністрацыйнай, асабліва па справах аб палітычных злачынствах.

У другой палове 1980-х гг. і постсавецкі час над праблемай развіцця судовай сістэмы Расійскай імперыі працавалі Е.А. Скрыпялёў, М.І. Вострышаў, М.Г. Кароткіх, М.В. Нямыціна7 і інш. Адметнасцю гістарыяграфіі гэтага перыяду з’яўляецца тое, што пачалі закранацца тыя аспекты функцыянавання судовай сістэмы краіны ў другой палове ХІХ – пачатку ХХ ст., якім дагэтуль удзялялася недастатковая ўвага (дзейнасць міравых судоў і суда прысяжных засядацеляў, сувязь судовай рэформы з правасвядомасцю розных слаёў насельніцтва; судовая рэформа 1864 г. у кантэксце праблемы правоў чалавека і г. д.). Непасрэдна Беларусі прысвечаны шэраг артыкулаў А.А. Загорнава, які раскрывае падрыхтоўчы этап рэалізацыі судовай рэформы, падрабязна асвятляе працэс увядзення міравой юстыцыі, праводзіць гістарычныя паралелі паміж судовымі пераўтварэннямі ў краі ў апошняй трэці ХІХ ст. і судовай рэформай у Рэспубліцы Беларусь у канцы ХХ – пачатку ХХІ ст. К.В. Зданкевіч засяродзіла ўвагу на працэсе падрыхтоўкі судовай рэформы ў Беларусі і функцыянаванні тут інстытута прысяжных засядацеляў. Варта адзначыць працу В.А. Шалкапляс “Карательный аппарат России во второй половине XIX века”, дзе даволі вялікая ўвага ўдзяляецца сістэме судаводства на тэрыторыі Беларусі. Значнае месца праблеме ўвядзення на тэрыторыі Беларусі новых судовых устаноў адведзена і ў манаграфіі А.Ф. Свіб “Государственно-правовой статус Беларуси в составе России в пореформенный период (1861–1900)”8.

Гістарыяграфічны аналіз дазваляе зрабіць выснову, што дадзеная праблема не знайшла дастаткова поўнага асвятлення ў навуковай літаратуры. Справа ў тым, што ў большасці прац разглядаецца судовая сістэма Расійскай імперыі ў цэлым, пры гэтым, фактычна, не ўдзяляючы ўвагі судаўладкаванню і судаводству на тэрыторыі Беларусі, дзе яны мелі значныя асаблівасці. Дастаткова сказаць, што канкрэтна па праблеме даследавання не напісана ніводнай манаграфічнай працы. Яшчэ адной з праблем гістарыяграфіі гісторыі правядзення расійскай судовай рэформы 1864 г. у Беларусі з’яўляецца і тое, што асноўная ўвага ўдзялялася канкрэтна юрыдычным аспектам рэформы, бо большасць тых, хто даследаваў рэформу, былі прафесійнымі юрыстамі. Амаль не раскрытай застаецца тая роля, якую адыгралі ўведзеныя па рэформе судовыя ўстановы ў сацыяльна-эканамічным і палітычным развіцці Расійскай імперыі і Паўночна-Заходняга краю ў прыватнасці.

Крыніцазнаўчую базу дысертацыі складаюць заканадаўчыя акты, статыстычныя даныя, дакументы афіцыйнага справаводства цэнтральных органаў дзяржаўнай улады, адміністрацыйных і судовых устаноў, матэрыялы грамадзянскіх і крымінальных судовых спраў, матэрыялы перыядычнага друку.

Да заканадаўчых актаў адносяцца нарматыўныя дакументы – законы, указы, цыркуляры. Яны адлюстраваны ў другім і трэцім зборах “Полного собрания законов Российской империи”. Каштоўнай крыніцай з’яўляецца зборнік сакрэтных цыркуляраў Міністэрства юстыцыі за 1877–1914 гг.9 Выключную важнасць для напісання дысертацыі мелі статыстычныя даныя, якія тычацца дзейнасці судовых устаноў у Беларусі. Статыстычны матэрыял браўся з фондаў судовых устаноў краю ў НГАБ, адмысловых выданняў Міністэрства юстыцыі (галоўным чынам “Сводов статистических сведений по делам уголовным, производившимся в судебных учреждениях, действующих на основании уставов Императора Александра II”), штогадовых “Обзоров” Мінскай, Гродзенскай, Віцебскай, Магілёўскай і Віленскай губерняў, прац вядомага даследчыка судовай статыстыкі Расійскай імперыі канца ХІХ – пачатку ХХ ст. Е.Н. Тарноўскага. Важнай крыніцай з’яўляюцца матэрыялы афіцыйнага справаводства цэнтральных і мясцовых органаў улады. Такая інфармацыя бралася з фонду 1405 РДГА, калекцыі друкаваных запісак навукова-даведачнай бібліятэкі РДГА, а таксама фондаў 183, 147, 194, 197 НГАБ. Матэрыялы грамадзянскіх і крымінальных спраў былі выкарыстаны пры даследаванні практыкі судаводства судовых устаноў краю, многія асаблівасці і аспекты якога немагчыма раскрыць на падставе толькі заканадаўчых актаў. Яшчэ адной важнай крыніцай па вывучэнні дзейнасці судовых устаноў на тэрыторыі Беларусі ў адзначаны перыяд з’яўляецца “Журнал Министерства юстиции” (з 1868 па 1894 г. выходзіў пад назвай “Судебный журнал”). Сярод надрукаваных у ім матэрыялаў сустракаюцца і прысвечаныя праблемам судаводства і судаўладкавання ў Заходнім краі.

Пры вырашэнні пастаўленых задач аўтар зыходзіў з прынцыпаў гістарызму, аб’ектыўнасці і каштоўнаснага падыходу. Практычным інструментарыем з’явіліся як агульнанавуковыя (аналіз, сінтэз, індукцыя, дэдукцыя і г. д.), так і спецыяльна-гістарычныя метады. Гісторыка-генетычны метад дапамог раскрыць дынамізм працэсаў, зменлівасць палітыкі ўрада ў сферы суда, у прыватнасці, па пытанні распаўсюджання судовых статутаў 20 лістапада 1864 г. на тэрыторыю Заходняга краю. Выкарыстанне гісторыка-параўнальнага метаду праз супастаўленне гістарычных аб’ектаў у часе і прасторы садзейнічала раскрыццю сутнасці і асаблівасцей працэсаў, якія працякалі. Гісторыка-тыпалагічны метад як сродак выяўлення агульных рыс у прасторавых групах гістарычных падзей і вылучэння аднародных стадый у непарыўна-часавым іх развіцці дазволіў устанавіць розныя этапы ў палітыцы царскага ўрада ў адносінах да судовай сферы заходніх губерняў. Гісторыка-сістэмны метад даў магчымасць даследаваць дзейнасць судовых устаноў Беларусі і іх ролю ў палітычным і сацыяльна-эканамічным развіцці Беларусі ў 1864–1914 гг. у якасці падсістэмы сістэмы судовых органаў краіны ў цэлым.


: nfiles
nfiles -> У дзясяты раз бацькі і педагогі сабраліся разам на традыцыйны штогадовы бацькоўскі сход, каб абмеркаваць пытанні выхавання дзяцей. Галоўнай тэмай размовы стала праблема небяспечных паводзін дзяцей і прафілактыка крызіснага стану падлеткаў
nfiles -> Магалінскі ігар Уладзіміравіч
nfiles -> Праграма свята “Ганненскі кірмаш”
nfiles -> План мерапрыемстваў, прысвечаных Году культуры
nfiles -> Дзяржаўная навуковая ўстанова «інстытут гісторыі нацыянальнай акадэміі навук беларусі»
nfiles -> Дзяржаўная навуковая ўстанова «інстытут гісторыі нацыянальнай акадэміі навук беларусі»
nfiles -> На базе сш №38 сабраліся ўсе зацікаўленыя ў пытаннях прафілактыкі спецыялісты, каб падзяліцца вопытам І праблемамі І спланаваць сваю далейшую дзейнасць
nfiles -> За здаровы лад жыцця падлеткі І дарослыя выдатная каманда
nfiles -> Зябко Андрэй Аляксандравіч


  1   2   3


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка