Хорам-харамок, звярыны дамок



Дата канвертавання17.06.2016
Памер119.74 Kb.
Хорам-харамок, звярыны дамок

Як у чыстым полі

Хорам-харамок,

Хоць не роўны з долам,

Ды і не высок.
Скача жабяня з балота.

Як жа адамкнуць вароты?

Гэй, замок, адвалісь-адваліся,

Харамок, адчынісь-адчыніся!


Жабяня:

— Хто ў хораму-харомцы жыве?

Хто ў маленькім-невысокім жыве?

Ква-ква, цішыня.

Толькі я тут, жабяня.

Аж сама сабе не веру!

Вельмі добрая кватэра!

Тут і дровы каля печы,

І патэльня так дарэчы:

Да вячэры маю час -

Паабедаю як раз.
Толькі думала вячэраць,

Мышка грукае у дзверы.


Мышка:

Гэта што за харамок,

Харамок?

Не маленькі ды й зусім не высок?

Хто у хораме-харомцы жыве?

Ці не пусціце й мяне да сабе?


Жабяня:

— Мяне клічуць жабяня — паскакушка.

А ты хто?
Мышка:

— Я — мышанятка-нарушка.

Калі пусціш на парог,

Зажывем з табой удзьвох.

Раздабудзем мы зярнятак,

Смачных напячэм аладак!


Жабяня:

— Дык тады заходзь смялей,

Ўдзьвох нам будзе весялей!
Мыш з сяброўкаю пукатай

Хуценька абжылі хату:

Вокны, посуд перамылі,

Жарка ў печы запалілі,

Зерне ў ступачцы таўкуць

Ды аладачкі пякуць.


А на золку — на зары

Бачаць — певень у двары!


Певень:

— Гэта што за харамок,

Харамок?

Не маленькі ды й зусім не высок?

Хто у хораме-харомцы жыве?

Ці не пусціце й мяне да сабе?


Жабяня:

— Мяне клічуць жабяня-паскакушка.


Мышка:

— Мяне клічуць мышанятка-нарушка.


Певень:

— А я — певень, мяне клічуць Пятрусем.

Анікога, анічога не баюся.

Калі вы мне тут дазволіце застацца,

Буду я раней за ўсіх падымацца,

Службу спраўна рабіць,

Ўсіх на досвітку будзіць.

Ку-ка-рэ-ку!


Жабяня:

— Добра, так таму і быць.

Утраіх нам лепей жыць!
Зажылі, пасябравалі,

Разам шчыра працавалі.

Ды аднойчы па вячэры

Вожык грукаецца ў дзверы.


Вожык:

— Гэта што за харамок,

Харамок?

Не маленькі ды й зусім не высок?

Хто у хораме-харомцы жыве?

Ці не пусціце й мяне да сабе?


Жабяня:

— Мяне клічуць жабяня-паскакушка.


Мышка:

— Мяне клічуць мышанятка-нарушка.


Певень:

— А я — певень Пятрусь, анікога не баюся!


Вожык:

— Я — вожык Міколка — доўгая іголка.

Можна разам з вамі жыць?

Буду спраўна вам служыць:

Не знайсці вартаўніка

Лепшага за вожыка!


Жабяня:

— Калі ласка, запрашаем!

Для сяброў мы месца маем!
Так і жылі: жабяня,

Вожык, певень, мышаня.


Мышанятка хутка зерне збірае,

Жабянятка пірагі выпякае.

Шэры вожык згарнуўся ў клубок,

Ды не спаць — вартаваць харамок.

Ну, а певень на шырокім падваконцы

Песні грае на гармоніку бясконца.


Толькі раптам з гушчара

Воўк прыцёгся да двара.

Ў браму грукае раз-пораз,

Вые ў весь ваўчыны голас:


Воўк:

— Гэта што за харамок?

У-у-у!

Ўецца з коміну дымок!



У-у-у!

Смачны пах пірагоў…

У-у-у!

Хто тут ёсць са звяроў?



У-у-у!

Хто ў хораму-харомцы жыве?

Хто ў маленькім-невысокім жыве?
Жабяня:

— Мяне клічуць жабяня-паскакушка.


Мышка:

— Мяне клічуць мышанятка-нарушка


.
Певень:

— А я — певень Пятрусь-анікога не баюся!


Вожык:

— Я — вожык Міколка, доўгая іголка.


Воўк:

— Я — Пашчэнкін, шэры воўк,

Доўгімі зубамі шчоўк!
Мышка:

— А што можаш ты рабіць?


Воўк:

— Мышанят лавіць,

Давіць жабянят,

Душыць важанят,

Пеўнікаў патрошыць…
Певень:

— Гэткі ты харошы!

Прэч ідзі, зубасты зверу,

І не драпай нашы дзверы!

На надзейны замок

Зачынілі харамок!


Ў лес падаўся шэры злодзей.

А з кустоў кума выходзіць,

Футра доўгае, рудое,

Хвост валочыцца за ёю.

Прыгажуня, проста пава!
Ліса:

— Ну, ваўчок, кажы, як справы?




Воўк:

— Шкура цэлая пакуль.

У-у-у!

У астатнім — круглы нуль.



У-у-у!

Я збіраўся, Лісавета,

У цябе спытаць савету.

Вунь, у полі харамок.


Ліса:

— Харамок?


Воўк:

— Ані нізак, ні высок.


Ліса:

— Не высок…


Воўк:

— Мыш-нарушка там зярняткі таўчэ,

Жабянятка там аладкі пячэ.

А які прыгожы певень…

Абскубаць бы толькі пер'е!
Ліса:

— Добра, што цябе пабачыла!

А у пеўня ж мяса смачнае…

Я пад'ела бы з ахвотай!


Воўк:

— Я б і сам… Але ж вароты

На засоўцы. Хіба мо'

Разам рады мы дамо?


Ліса:

— З галадухі саслабела

Я зусім, тры дні не ела.

Каб сустрэлі мы мядзведзя,

Ён бы дапамог суседзям.

Да яго нам на паклон…


Воўк:

— Пачакай! Дык гэта ж ён

Валіць праз гушчар нахрапам!
Выйшаў з лесу касалапы.

Ён ківае галавою,

Разважае сам з сабою:
Мядзведзь:

— Ў лес пайшоў я па калоду,

Каб пачаставацца мёдам.

Каб яшчэ знайсці аўса…

Ты не бачыла, ліса?
Ліса:

— Там, у полі, харамок…


Мядзведзь:

— Харамок?


Ліса:

— Ані нізак, ні высок…


Мядзведзь:

— Не высок!


Воўк:

— Мыш-нарушка там авёс таўчэ,

Жабяня там пірагі пячэ.
Ліса:

— З бульбай, з рэпай ды з капустай,

Проста на любыя густы!
Воўк:

— Певень там з калючым вожыкам

Крояць сала вострым ножыкам!
Ліса:

— Мо' да пеўня ты жадаеш завітаць

Ды вантробаў пеўневых пакаштаваць?

Памажы ты нам вароты адчыніць,

Што заўгодна можаш з ім тады рабіць!
Мядзведзь:

— Да вантробаў добра ставіўся заўжды.

Дзе вароты? Падавайце іх сюды!
Ліса:

— Не, Міхасю, самі йдзем

І на месцы адапрэм.
І рушылі да суседзяў

Воўк з прыяцелем мядзведзем.

Спераду ліса ідзе,

Ў харамок гасцей вядзе.


Мядзведзь:

— Гэй, спадарства, адчыняйма,

А не то зламаем браму!
Жабяня:

— Хто на ноч грукоча ў дзверы?


Мядзведзь:

— Я, Міхал!


Вожык:

— Вы што за зверы?


Мядзведзь:

— Я — мядзведзь! Няма вачэй?

Адпірай давай хутчэй!
Мышка:

— Дзядзя Міша, ты у браму так не бі!



Жабяня:

— Страсянуцца, не падыдуць пірагі!


Певень:

— Ты не лезь у харамок, ку-ка-ра-ку!

Бо астрогамі цябе я засяку!
Вожык:

— Ты дарма задумаў стаць рабаўніком!

Справу маеш з вожыкам-вартаўніком!
Мядзведзь:

— Не жадаюць яны ў дом мяне пускаць!

Не жадаюць і вячэрай частаваць!
Ліса:

— Ты, Міхасю, толькі спінай павярніся

І на воўка ўсёй вагою наваліся!
І з Пашчэнкіным на пару

Наваліліся цяжарам,

Ажно захрумсцелі косці.

Як зароў мядзведзь са злосці,

Б'е ваўка нібыта сваю,

А ліса дапамагае,

Збольшага парадай мудрай -

Беражэ рудое футра.


Ліса:

— Давай!


Воўк:

— Назад!


Ліса:

— Ідзе на лад!


Мядзведзь:

— Чуеш ты, кума, як дошачкі трашчаць?


Воўк:

— То не дошкі, гэта костачкі хрусцяць!

Раздушыў мяне, мядзведзю-вашамосцю.

Без абеда паміраць мне давялося!

Ці аддыхацца я ўвогуле змагу!

Ледзьве-ледзьве да пасцелі дабягу!


Мядзведзь:

— Воўк, падобна, ашалеў.

Збегчы некуды паспеў,

Толькі замільгалі ногі…


Ліса:

— Ты яго прыціснуў трохі,

Ён і збег хутчэй дадому.

Плёну-то з яго, вядома,

Мала. Хопіць сіл сваіх -

І здабыча на дваіх!


Мядзведзь:

— Надта ж хочацца пад'есці.

Можа, пад вароты ўлезці?
І злаўчыўся касалапы,

Пад вароты сунуў лапу.

Толькі выйшла неўпатрап:

Нельга выцягнуць назад!

У грудзях дыханне спёрла…

Як зароў ён на ўсё горла…


Мядзведзь:

— Вой, ліса, ратуй мяне!

Сам не выберуся, не!

Кінь бязглуздыя парады,

Падцягні мяне ты ззаду!
Ды няма ўжо той лісы:

Падалася у лясы!

Петрусёк на плоце скача.

Певень:

— Ну, патрапіўся, няйначай!

Кінь мне, жабка, качаргу:

Яму пятку прыпяку!


Мядзведзь:

— Вой, за што мне лес такі!

Вой, баюся качаргі!
Певень:

— Кукарэку! Усе выходзім!

Пад вароты лезе злодзей!

Паскакушка-жабяня!

Дзе там конаўка твая?

Прыцягні вады хутчэй,

Касалапага аблей!
Мышка:

— Палівай яго, рабяты!


Жабяня:

— З рондля, з гарлача, з вушата!


Вожык:

— Зараз вам вядро знайду я!

Злодзея не пашкадую!
Мядзведзь:

— Гвалт! Ратуйце! Каравул!

Захлынуўся, патануў!
З усяе рвануўся сілы -

Ледзьве браму не зваліў.

Вырваў лапу. З усіх ног

Патрусіў у свой бярлог,

Толькі вые на хаду:
Мядзведзь:

— Больш да вас я не прыду!


Певень:

— Кукарэку! Ко-ка, ко-ка!

Злодзей збег ад нас далёка!

Зараз будзе ён здалёк

Абыходзіць харамок!
Петрусёк на плоце скача,

А лісу ў кустох не бачыць!


Ліса:

— Добра, певень, пачакай,

Трошкі-трошкі пагуляй!

Хай Пашчэнкіна памялі,

Хай Міхала напужалі -

Я адпомсціць вам магу:

Зараз пеўня звалаку!
Падпаўзла ліса нясмела

І лісліва так запела.


Ліса:

— Хто-хто ў харамочку жыве?

Хто ў маленькім-невысокім жыве?

А жыве тут Петрусёк-маладзец,

Самы мужны і адважны баец!

А як зранку ён на плоце пяе…


Певень:

— Хто-хто-хто спявае там пра мяне?


Ліса:

— Прыгажэйшага, бадай, не знайсці!

Як грабеньчык залаты зіхаціць!

Лепшай ў свеце не было барады…

Падыдзі ты, мой прыгожы, сюды!
Певень:

— Я ўжо лепей буду там, дзе сяджу!

З вышыні я на цябе пагляджу!
Ліса:

— Ты з малых гадоў высока лятаў!

Ды ніхто з табой і побач не стаў!

А калі яшчэ ўзмахнеш ты крылом -

Я знаходжу падабенства з арлом!
Певень:

— Не дачуў я, ты гучней гавары!

На каго падобны я, паўтары?
Ліса:

— Дык высока ты сядзіш, пагляджу!

Падыдзі, табе на вушка скажу!
Петрусёк наш не стрываў:

Гучна, ўголас, заспяваў,

Скочыў да лісы бліжэй…

А ліса яго хутчэй

Цоп за горла ды у мех!

І ўзняла яшчэ на смех.


Ліса:

— Ты гучней папрасіў паўтарыць,

З кім ты змог падабенства набыць?

Скажу шчыра, бо хлусіць нядобра:

Ты на смачнага пеўня падобны!

Запрашаю цябе на абед!


Стаў нялюб Петрусю белы свет:

Б'ецца певень у меху, крычыць,

А ліса ужо далёка бяжыць!

Ў хаце вожык згарнуўся ў клубок,

Чуе: певень галосіць здалёк!
Певень:

— Братка-вожык, ратуй, памажы!

З качаргой ці з рыдлёўкай бяжы!

Братка-вожык, ты чуеш ці не?

Хоча з'есці зладзейка мяне!
Падхапіўся шэры вожык,

Прыхапіў свой востры ножык,

Пабег пеўня ратаваць!

Аж ля леса змог дагнаць!

Пакаціўся шэры вожык

Па траве лясных дарожак,

Поўнай ранішняй расы -

І пад ногі да лісы!

Не дае рудой праходу:
Вожык:

— Ты, зладзейская парода!

Ношку аддавай сваю,

Альбо футра папсую!

Выпускай мне сябра з меху,

А то будзе не да смеху!


Спрэчкі з вожыкам нядоўгі:

Надта вострыя іголкі!


Ліса:

— Ах ты, вожык, шэры вожык,

Пашкадуй маіх ты ножак!

Мне не трэба певень твой!

Адпусці мяне дамой!
Пеўня кінула на дол -

Бегла так, аж пыл пайшоў.

Цісканулася між пнямі,

Чуе: вожык даганяе.

Следам мыш бяжыць нарушка,

Жабянятка-паскакушка,

І крычаць:

Мышка:

— Лаві, лаві!



Жабяня:

— Хвост у рыжай адарві!


Цераз лес пагоня мчыцца:

Першая бяжыць лісіца,

Затрымалась ля куста -

Засталася без хваста,

І тады ва ўсе лапаткі

Прыпусціла без аглядкі!

Хвост жа пад кустом застаўся.

Шэры вожык засмяяўся:


Вожык:

— Хвост разрэжу папалам,

Гаспадынечкам аддам:

Жабяняці — паўхваста,

Мышаняці — паўхваста.
Жабяня:

— Дзякуй, дзякуй, вожык шэры,

Дай-ка на сабе прымерыць…
Мышка:

— Ай да футра! Добра грэе!

Будзе ўзімку мне цяплей!

У траскучы у мароз

Можна ў ім схаваць і нос!

Будзе нам яно дарэчы!


Жабка з мышкай хвост на плечы,

Йдуць ад лесу, паспяшаюць,

Паміжсобку размаўляюць.
Жабяня:

— Як ліса пабегла шпарка!

Не вароціцца, махлярка!

Толькі певень ці жывы?


Мышка:

— Ён ляжыць сярод травы,

Сіл не мае варушыцца.

Як пагналі мы лісіцу,

То пакінулі яго

На дарозе аднаго.

На баку Пятрусь ляжаў,

Толькі жалесна стагнаў.


Вожык:

— Вы, сябровачкі, не плачце:

Вунь ягоны грэбень бачны!
Жабяня:

— Што ж, Пятрусю, не ўстаеш?


Мышка:

— Што ж ты песень не пяеш?


Певень:

— Не да песень мне, сястрыцы:

Быў у пашчы я ў лісіцы,

Нават не магу устаць…


Вожык:

— Дык дазволь цябе падняць!

Падтрымаю дай пад пахі,

Бедны наш кульгавы птаху!


Певень:

— Моцна ты калючы, братка.

Лепей сам дайду абратна!

Кукарэку-кукарэку,

З-за дурноты стаў калекам…

Што ж такі я праставаты!

Сам-адзін я вінаваты!
Жабяня:

— Не сумуй, Пятрусь! Яшчэ ж

Ты на свеце пажывеш!
Мышка:

— Будзеш зноў для нас спяваць,

Спевам сонца сустракаць!
Як у чыстым полі

Хорам-харамок,

Хоць не роўны з долам,

Ды і не высок.

Хто-хто ў харамочку жыве?

Хто-хто ў невысокім жыве?


Жабяня:

— Тут я — жабяна-паскакушка!


Мышка:

— І я — мышанятка-нарушка!


Певень:

— Я — певень Пятрусь -

Анікога не баюся!
Вожык:

— Я — вожык Міколка -

Доўгія іголкі!
Мышка:

— Сёння ў харамочку свята:


Певень:

— Ўсе вярнуліся дахаты!


Жабяня:

— Ворагаў перамаглі,


Вожык:

— Хвост лісіцы набылі!


Певень:

— Будзем танчыць і спяваць,

Сябар сябра віншаваць!
Вожык:

— Зажывем цяпер на славу!

Кожны знае сваю справу!
Мышка:

— Я вам зерня натаўку!


Жабяня:

— Я аладак напяку!


А пакуль харамок — на замок,

І да раніцы спіць харамок.

Толькі вожык Міколка не спіць,

Калатушкай сваёю грыміць,

Каб пачулі мядзведзь і ліса,

Каб схаваліся ў цёмных лясах!

Каб навала абыходзіла здалёк

І ніколі не чапала харамок!



паводле С.Маршака — Алена Церашкова
: files
files -> Конкурс журналісцкіх матэрыялаў "твой стыль"
files -> Кроніка грамадскага жыцця Гарадзеншчыны ад грамадскага аб’яднання “Цэнтр “Трэці сектар”
files -> Праграма Artes liberales 2013 (12–28. 02)
files -> Культурная праграма Першага нацыянальнага форуму “Музеі Беларусі”
files -> Штомесячны агляд эканомікі беларусі
files -> Пазакласны занятак па музыцы. Калейдаскоп дзіцячых фальклорных гульняў
files -> Паводле лірычных твораў А. С. Пушкіна мы іграем пушкіна
files -> 18 кастрычніка 2012 г. 1522 Аб узнагароджанні Ганаровай
files -> Клубы і аматарскія аб’яднанні Назва бібліятэкі




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка