І. А. Чарота тэорыя І практыка мастацкага перакладу



старонка1/6
Дата канвертавання15.05.2016
Памер1.04 Mb.
  1   2   3   4   5   6
І. А. Чарота
ТЭОРЫЯ І ПРАКТЫКА МАСТАЦКАГА ПЕРАКЛАДУ
Вучэбны дапаможнік па курсу “Тэорыя і практыка перакладу”,

а таксама па спецыялізацыі “Мастацкі пераклад”

для студэнтаў філалагічнага факультэта спецыяльнасцяў:
Г. 02. 01.00 — “Беларуская мова і літаратура”

Г. 02. 03.00 — “Славянскія мовы і літаратуры”

Г. 02. 05.00 — “Сучасныя замежныя мовы і літаратуры”


Мінск

Белдзяржуніверсітэт

2010

Рэцэнзенты:

Рагойша В.П., доктар філалагічных навук, прафесар,

загадчык кафедры тэорыі літаратуры БДУ;



Верабей А.Л., кандыдат філалагічных навук,

дацэнт кафедры беларускай літаратуры і культуры БДУ


Рэкамендавана Вучоным саветам філалагічнага факультэта БДУ 23.06.2010 г., пратакол № 7.

Чарота І.А. Тэорыя і практыка мастацкага перакладу: Вучэбны дапапожнік




Выданне разлічваецца на студэнтаў філалагічнага факультэта розных спецыяльнасцяў, якія вывучаюць тэорыю і практыку перакладу як адпаведны курс альбо праходзяць такую спецыялізацыю.

Гэта, уласна, першая спроба выпрацаваць канцэпцыю вучэбнага курса, прызначанага менавіта беларускім студэнтам, а таксама акрэсліць асаблівасці нацыянальнага перакладу і перакладазнаўства.

Названыя мэты абумовілі змест, кампазіцыю, выбар матэрыялу і бібліяграфічных звестак дапаможніка, які можа быць карысным не толькі для студэнтаў, аспірантаў і выкладчыкаў ВНУ, але і для ўсіх, хто цікавіцца праблемамі тэорыі і практыкі перакладу, міжмоўнай камунікацыі, літаратурных сувязяў.

ISBN  І.А.ЧАРОТА

УВОДЗІНЫ

Пры распрацоўцы курса “Тэорыя і практыка перакладу”, які прыпадае на заключны этап навучання, улічваўся досвед, набыты студэнтамі ў выніку заняткаў па практыцы мовы спецыяльнасці і вывучэння іншых дысцыплін, таму асноўная ўвага засяроджвалася на тым, каб сістэматызаваць атрыманыя раней веды і развіваць практычныя ўменні.

Тэорыя перакладу трактуецца намі як агульнафілалагічная дысцыпліна. І з тэарэтычнага пункту гледжання акцэнтуецца найперш запатрабаванае канкрэтнымі ўмовамі асяроддзя выкладання і падрыхтоўкі спецыялістаў пэўнага профілю.

У адпаведнасці з гэтым вызначаліся задачы курса, яго структура, важнейшыя аспекты дысцыпліны, канцэптуальныя палажэнні, характар даведачнага матэрыялу, а таксама змест практычных заняткаў і прыкладная тэматыка самастойных навуковых прац для студэнтаў.

Пры гэтым канкрэтна ставіліся наступныя мэты:

Рыхтаваць студэнтаў да свядомага і творчага засваення асноў тэорыі і

практыкі перакладу.

У аглядзе гісторыі перакладу засяродзіцца на славянскім кантэксце і

непасрэдна краіне мовы спецыяльнасці ў дачыненнях з Беларуссю.

Даць як мага больш поўнае і аб’ектыўнае ўяўленне пра стан айчыннага

перакладу і перакладазнаўства.

Азнаёміць з развіццём, стандартызаваннем і функцыянаваннем

перакладазнаўчай тэрміналогіі, абапіраючыся на мовы рускую, беларускую і тую, якая вывучаецца.

Дамагацца, каб у саміх навучэнцаў выпрацоўваліся практычныя навыкі

перакладання розных тэкстаў, уключаючы мастацкія. Асаблівую ўвагу звяртаць на развіццё творчых магчымасцяў.

Асвойваць навыкі прафесійнага аналізу перакладаў, іх рэдагавання і рэцэнзавання.


АПОРНЫЯ ПАНЯЦЦІ. ТЭРМІНАЛОГІЯ
Слова “пераклад” мае шэраг значэнняў:

– від моўнага пасрэдніцтва (міжмоўнай камунікацыі), пры якім інфармацыя на адной мове перадаецца іншай мовай,

– род інтэлектуальна-творчай дзейнасці,

– непасрэдна працэс, акт узнаўлення інфармацыі на адной мове

сродкамі іншай мовы,

вынік гэтага працэса, новы твор на іншай мове.

Разам з тым, каб азначаць “працэс, акт узнаўлення”, па-беларуску правамерна і натуральна скарыстоўваць таксама паняцце “перакладанне” – па аналогии з превоћење (серб.), przetłumaczenie (польск.) і інш.

Мова арыгінала (МА) мова зыходная, з якой здзяйсняецца пераклад.

Мова перакладу (МП) – мова, на якую здзяйсняецца пераклад.

Сэнсавая дамінанта – самы важны элемент зместу арыгінала, які ў перакладзе патрэбна захоўваць, і дзеля захавання яго дапушчальна ахвяраваць іншыя элементы.

Адзінка перакладу – мінімальная адзінка тэксту арыгінала як адзінага цэлага. Паводле агульнай (лінгвістычнай) тэорыі перакладу, адзінка перакладуадзінка мовы. Але гэта не толькі лексічная адзінка, асобнае слова: “Адзінка любога моўнага ўзроўню можа быць адзінкай перакладу”1; “Фактычна ў працэсе пісьмовага перакладу адзінкай перакладу можа быць і слова, і словазлучэнне, і сінтагма, і цэлы сказ, і абзац, і ўвесь тэкст, які перакладаецца”2.

Калі ж справа датычыцца перакладу літаратурнага/мастацкага, то неабходна заўжды мець на ўвазе і такую катэгорыю, як творчасць. А яна перш за ўсё прадугледжвае наяўнасць “унутранай формы мастацкага слова” (Г.О.Вінакур), адзінак мастацкага зместу, адзінак вобразнасці – як у тэксце, так і ў падтэксце, прычым гэтыя адзінкі бываюць не абавязкова толькі моўныя, а нават і “невымоўныя”, “невыкáзныя”.

Адпаведна, літаратурны/мастацкі пераклад – від мастацкай творчасці, у працэсе якой літаратурны тэкст адной мовы пераствараецца на другой мове3.

*

Прымаючы пад увагу, штó і як перакладаецца, можна вылучыць адпаведныя віды перакладу:



вусны (сінхронны і паслядоўны), пісьмовы і машынны /аўтаматызаваны / камп’ютарны – залежна ад таго, у якой форме здзяйсняецца сам працэс, фіксуюцца і перадаюцца яго вынікі;

адэкватны, аўтэнтычны, адаптаваны, апісальны, тлумачальны, анатацыйны, аспектны, вольны, дакладны, кансультатыўны, літаральны, прыблізны, скарочаны, суцэльны, фрагментарны – паводле паўнаты і дакладнасці перадачы інфармацыі, якую змяшчае арыгінал;

памарфемны, паслоўны, пафразавы, фразава-абзацны – па метаду і паслядоўнасці трансфармавання;

навуковы, (навукова-)тэхнічны, юрыдычны, афіцыйна-дзелавы, справаводчы, грамадска-палітычны, літаратурна-мастацкі – у залежнасці ад матэрыялу, які перакладаецца і вымагае перадачы адпаведных асаблівасцяў, што ў выніку абумоўлівае жанрава-стылёвыя, а таксама функцыянальныя, адрозненні тэкстаў.

Існуюць розныя класіфікацыі перакладу, абумоўленыя пазіцыямі, канкрэтнымі задачамі і падыходамі іх аўтараў. У перакладазнаўстве Беларусі (як і многіх былых рэспублік Савецкага Саюза) часцей за ўсё выкарыстоўваецца класіфікацыя А.В.Фёдарава, а прымаюцца таксама пад увагу меркаванні Рамана Якабсона, Жоржа Мунэна і інш. Так, улічваецца, што Р.Якабсон у свой час пераканаўча давёў правамернасць вылучаць інтэрсеміятычны пераклад (альбо трансмутацыі), г.зн. інтэпрэтацыю сродкаў натуральнай мовы знакамі штучных семіятычных сістэм, сімваламі. Канцэпцыя французскага тэарэтыка Ж.Мунэна ўяўляе цікавасць перш за ўсё з-за таго, што ў ёй з сямі відаў перакладу (адпаведна, сямі груп адрозных па стылёвай прыродзе тэкстаў) шэсць звязваюцца з матэрыялам, які немагчыма падпарадкоўваць крытэрыям агульнай (лінгвістычнай) тэорыі перакладу. Між тым, у перакладазнаўстве савецкім і постсавецкім, па інерцыі, яна ўспрымаецца насцярожана.


Дадаткова трэба мець на ўвазе, што пераклад можа быць як міжмоўны, так і ўнутрымоўны. На апошні з названых перакладазнаўцы звяртаюць менш увагі. А на практыцы ён сустракаецца даволі часта, перш за ўсё ў наступных варыянтах: а) дыяхранічны/гістарычны – калі тэкст, напісаны мовай старажытнай ці проста даўнейшай, перадаецца на мове сучаснай; б) сінхранічны – калі здзяйсняецца пераклад з дыялекта на літаратурную мову альбо наадварот; в) сінхранічны/адаптыўны – калі практыкуецца перакадзіроўка стылю, пераказ пры дапамозе агульнаўжывальнай лексікі і больш простага сінтаксісу.

Улічваючы беларускую спецыфіку, асобна варта вылучыць пераклад унутрыкультурны. Ён, часцей за ўсё, звязаны з неаднамоўнасцю ў дыяхранічным плане і, адпаведна, патрэбаю захавання твораў, якія належаць да культурнай спадчыны пэўнага народа, але ствараліся не на яго мове ( для беларусаў гэта, напрыклад, “Песня пра зубра” Міколы Гусоўскага і шэраг іншых твораў, напісаных па-лацінску). Да ўнутрыкультурнага перакладу маюць дачыненне таксама такія выпадкі, калі пераствараюцца тэксты аўтараў двупрыналежных (скажам, іншамоўныя творы пісьменнікаў, якія паходжаннем беларусы ці з Беларусі, а сцвердзіліся ў польскай літаратуры, пішучы толькі па-польску альбо па-польску і па-беларуску).

Праўда, з’явы ўнутрымоўнага і ўнутрыкультурнага перакладу ацэньваць далёка не заўсёды проста.

Дастаткова згадаць шматлікія пераклады-адаптацыі твораў, якія пісаны былі на старажытнарускай/ царкоўнаславянскай мове. Тут вельмі дарэчы перасцярога ўкраінскага пісьменніка Паўла Маўчана: “Спакусліва перакладаць такія творы. Перакладаючы іх, становішся дачынным да бязмежна значнага, важкага слова. Але, як бы добрасумленна ні быў здзейснены пераклад, з якой бы мераю адказнасці і таленту да яго ні падыходзіць, гэта перш за ўсё будзе пераклад на іншую мову, на мову сённяшняга часу. Гэтаксама, відаць, можна было б “перавесці”, дапусцім, кіеўскі Сафійскі сабор ці сабор Васілія Блажэннага ў новы матэрыял: цэмент, бетон, шкло, алюміній...”4. Калі ж справа датычыцца тэкстаў богаслужбовых і Свяшчэннага Пісання, то патрэбна з усёй адказнасцю ўлічваць, што паўстае задача мову сакральную перадаць сродкамі мовы агульнаўжытковай, прафанай.

А ў сувязі з унутрыкультурным перакладам супярэчнасцяў яшчэ больш. Скажам, цяпер у нас актыўна перакладаецца польскамоўная спадчына пісьменнікаў ХІХ стагоддзя, якія нарадзіліся ці жылі на землях цяперашняй Беларусі. Між тым, непасрэднае дачыненне іх да беларускай літаратуры, ды і культуры ўвогуле, у многіх выпадках вызначаюць ужо з дыстанцыі часу, прычым на падставе адцягненых разваг, а не строгіх доказаў.

Мэта перакладу наогул як мага дакладней перадаць змест іншамоўнай інфармацыі тым, хто не здольны ўспрымаць яе ў арыгінале. Аднак паняцце “інфармацыя” заўжды мае шырокае значэнне. І, пэўна ж, мы заўсёды памятаем, што “... адмірае многа і многа канцэпцый, з’яўляюцца ўсё новыя, таксама асуджаныя не на такое доўгае жыццё, як мастацкія творы, якія аказваюцца невычэрпнымі і вечнымі, нібы само жыццё”5. Таму, калі перакладаецца літаратурны/мастацкі твор, асабліва паэтычны, то “дакладнасць” нельга атаясамліваць з “літаральнасцю”. У такіх выпадках звычайна атрымліваюць перавагу, паколькі лепш успрымаюцца, пераклады вольныя, а то і перайманні, перастварэнні.

На жаль, беларуская перакладазнаўчая тэрміналогія дагэтуль не замацавалася як трывалая. Апірышчам для належнай выпрацоўкі яе можа паслужыць выдадзены ў Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце рускамоўны тлумачальны слоўнік-даведнік6.

*

Перакладазнаўства/трансляталогія – сукупнасць навуковых дысцыплін, якія вывучаюць розныя аспекты перакладу; галіна ведаў пра пераклад. Трэба адзначыць, што плён перакладазнаўства досыць багаты – на цяперашні монант уключае каля 10 000 спецыяльных прац, у тым ліку манаграфій і дысертацый. Толькі падручнікаў па перакладу за перыяд пасля Другой сусветнай вайны апублікавана каля 100 7.

Грунтоўную сістематызацыю галін перакладазнаўства правёў славацкі навуковец Антон Попавіч. Паводле яго, гэта:



І. Агульная тэорыя перакладу

а) Тэорыя вусных форм перакладу,

б) Тэорыя пісьмовых форм перакладу,

в) Тэорыя машыннага перакладу.

ІІ. Спецыяльныя тэорыі перакладу

А. Тэорыя навукова-тэхнічнага перакладу.

Тэорыя асобных спецыяльных выпадкаў тэхнічнага перакладу

а) навуковых і б) тэхнічных тэкстаў.

Б. Тэорыя перакладу публіцыстычных тэкстаў.

В. Тэорыя перакладу літаратурных тэкстаў:

а) тэорыя паэтычнага перакладу,

б) тэорыя перакладу прозы,

в) тэорыя перакладу драматургіі.

ІІІ. Практыкалогія перакладу

а) сацыялогія перакладу,

б) рэдакцыйная практыка перакладу,

в) метадалогія крытыкі перакладу.

ІV. Дыдактыка перакладу

а) навучанне перакладчыка,

б) дапаможнікі перакладчыку8.

Звычайна пад тэорыяй перакладу разумеюць спецыяльную філалагічную дысцыпліну, прадметам якой з’яўляецца пераклад як працэс і як вынік.

Адрозніваюць тэорыю агульную і прыватную (для канкрэтнай пáры моў). “Катэгорыі агульнай тэорыі перакладу засноўваюцца, з аднаго боку, на абагуленых дадзеных прыватнай тэорыі, а з другога боку – на логіка-семантычнай аснове, агульнай для шэрагу моў, якія знаходзяцца прыкладна на адным узроўні развіцця”9. У тэорыі перакладу традыцыйна пераважае лінгвістычны аспект з наступным абгрунтаваннем: “Паколькі пераклад заўжды мае справу з моваю, заўжды азначае працу над моваю, пастолькі пераклад неадменна патрабуе л і н г в і с т ы ч н а г а вывучэння – у сувязі з пытаннем наконт характара суадносін дзвух моў і іх стылістычных сродкаў”10.

Лінгвістычнае перакладазнаўства (лінгвістыка перакладу) склалася ў раздзел мовазнаўства, які вывучае пераклад як лінгвістычную з’яву. У межах лінгвістыкі перакладу традыцыйна суіснуюць два асноўныя падыходы – структурна-лінгвістычны і семантычны.

Аднак пры вывучэнні мастацкага перакладу не менш істотнымі з’яўляюцца аспекты іншыя – псіхалагічны, семіятычны, культуралагічны і ўласна літаратуразнаўчы.

Так што нават самыя паслядоўныя прыхільнікі мовазнаўчай асновы агульнай тэорыі перакладу прызнаюць: “Пэўна, лінгвістычным шляхам не могуць быць вытлумачаны ўсе факты сферы перакладу, у прыватнасці, вельмі істотныя факты з гісторыі мастацкага перакладу, якія звязаны са стаўленнем перакладчыка да зместу арыгінала, яго тлумачэннем, а часам і скажэннем, якое выяўляецца ў пропусках, устаўках, асобных сэнсавых зменах і г.д. Падобныя выпадкі абумоўлены (...) фактарамі, якія не маюць дачынення да лінгвістыкі11 (Падкрэслена намі. – І.Ч.). Зрэшты, і раней гэта было зразумела: “Калі слова адной мовы не пакрывае слова іншай (мовы), то тым меней могуць пакрываць адно другое камбінацыі слоў, карціны, пачуцці, якія абуджаюцца маўленнем; соль іх знікае пры перакладзе…”12

А пералік фактаў і фактараў, недачынных да лінгвістыкі, патрэбна ўдакладняць за кошт значнага пашырэння. Скажам, варта засяродзіцца на шырокім коле пытанняў міжкультурных зносін, сярод якіх – прынцыпы адбору і сістэмнасць у рэцэпцыі, асаблівасці кантактаў як двухбаковых і парытэтных, запатрабаванасць пэўных з’яў тым бокам, які ўспрымае, функцыянаванне перакладных твораў і інш. Зыходзячы з гэтага, перш за ўсё, у тэорыі перакладу варта адрозніваць палажэнні агульныя і прыватныя (для пэўнай пáры моў).

У ХХ стагоддзі замацаваўся функцыянальны падыход да перакладу, метадалогія якога зыходзіць з прынцыпа функцыянальнай адпаведнасці. Абгрунтаванне яго: “...Тэорыя перакладу можа выяўляць толькі функцыянальныя адпаведнасці, якія ўлічваюць залежнасць перадачы пэўных сэнсавых катэгорый ад дзеяння розных фактараў. Гэты прынцып дзейсны і пры вызначэнні кантэкстуальных значэнняў, і пры здзяйсненні розных лексічных трансфармацый”13.

Адпаведна: «Такім чынам, асаблівасць тэорыі перакладу ў тым, што прадмет яе вывучэння – не сама мова, а працэс перакладання і вынікі перакладання»14.

Тэорыі перакладу, якая б зыходзіла з асаблівасцяў беларускай мовы, дагэтуль няма.


Гісторыя перакладу павінна вывучаць і непасрэдна развіццё перакладчыцкай справы ў храналагічнай паслядоўнасці, і эвалюцыю перакладазнаўства, і міжнацыянальныя (моўна-культурныя) кантакты ў сістэме, а пры звароце да мастацкага перакладу – значэнне яго як формы літаратурных узаемадзеянняў і як чынніка развіцця той альбо іншай нацыянальнай літаратуры.

Так ці інакш, гісторыя перакладу сягае ў глыбокую старажытнасць. Лічыцца, што нават пісьмовы пераклад існаваў у 3 тысячагоддзі да н.э.15 Калі трэба засведчыць значэнне перакладчыцкай справы, звычайна спасылаюцца на Герадота, які пісаў, што пераклад прызнаваўся ў якасці важнай прафесіі яшчэ пры егіпецкім фараоне Псамеціху, у VІІ стагоддзі да нараджэння Хрыста. Пераканаўчым сведчаннем таго ж самага з’яўляецца дзейнасць “сямідзесяці талкоўнікаў”, якія пераклалі Свяшчэннае Пісанне з мовы старажытнаяўрэйскай на грэчаскую (т.зв. пераклад LХХ альбо Septuaginta, якім карысталіся апосталы Хрыстовы), а таксама перакладчыкаў Бібліі на старалацінскую мову (т.зв. пераклады Itala i Vulgata).

Уласна, перакладчыкі сталі патрэбнымі пасля Вавілонскага стаўпатварэння – па сутнасці, грэшнага выкліка Богу, – каб неяк пераадольваць “пракляцце вавілонскага змяшання моў”. І пры стаўпатварэнні цяперашнім (якое спачатку ўспрымалі як “інфармацыйны выбух”, а потым сталі азначаць як “інфармацыйнае грамадства” і трактаваць як неадменны складнік глабалізацыі) перакладчыкі патрабуюцца таксама. Дарэчы, не менш, чым у стагоддзі ХІХ-ым, калі ўзнікла і пачала рэалізавацца ідэя “сусветнай літаратуры”, а таксама ў стагоддзі ХХ-ым, якое называлася “векам перакладу”16. Пры гэтым паказальна, што ад ранняга сярэднявечча да апошняга часу мастацкі/літаратурны/творчы пераклад меў запатрабаванасць большую за ўсе астатнія віды.
Прызначэнне крытыкі перакладу – перш за ўсё аператыўная ацэнка канкрэтных вынікаў перакладчыцкай дзейнасці, адпаведнае рэгуляванне і стымуляванне самога працэсу. Калі прадметам увагі з’яўляюцца мастацкія перакладныя творы, крытыка перакладу выступае як складовая частка літаратурна-мастацкай крытыкі. Аднак у ёй, на жаль, часта заўважаецца “блуканне між дзвух соснаў” – літаратуразнаўствам і мовазнаўствам.

Па вялікаму рахунку, ад крытыка перакладу патрабуецца значна больш, чым ад звычайнага літаратурнага крытыка: ён павінен ведаць не толькі адну (сваю) мову, не толькі адну (сваю) літаратуру, не толькі адно (уласна пісьменніцкае) рамяство. Зноў-такі, яму трэба ў прынцыпе быць філалагічна адукаваным вышэй за звычайнага чытача, бо той, як правіла, не падрыхтаваны для таго, каб ацэньваць з’явы міжлітаратурных кантактаў, а тым больш – разбіраць перакладны твор паводле крытэрыяў “дакладнасці”, “адэкватнасці”, “эквівалентнасці” і да т.п.

Уласна, крытыка перакладу – гэта адпаведны ланцуг, пачатковае звяно якога ўтварае сам перакладчык, а затым ідуць тыя звёны, што абумоўліваюцца дачыненнем да перакладнога твора такіх суб’ектаў, як рэдактар, эксперт, рэцэнзент17.

ДЫСКУСІЙНЫЯ МОМАНТЫ Ў ТЭОРЫІ ПЕРАКЛАДУ


Адназначасці не мае пытанне пра перакладальнасць, г.зн. увогуле магчымасць паўнавартасна перадаваць усе сэнсы пэўных тэкстаў, найперш паэтычных. Многія вядомыя пісьменнікі і філолагі розных часоў адзначалі неперакладальнасць іх. Напрыклад: “Няхай кожны ведае: нішто, заключанае дзеля гармоніі ў музычныя асновы верша, не можа быць перакладзена з адной мовы на другую без парушэння ўсёй яго гармоніі і красы”(Дантэ Аліг’еры)18; “Пераклад – гэта смерць разумення” (Морыц Гаўпт).

А пры гэтым, нібыта, усе мы разумеем, што без перакладнога пісьменства проста немагчыма ўявіць развіццё ўвогуле пісьменства любой нацыі, асабліва ж стварэння кантэкстаў, якія даюць падставы гаворку весці пра існаванне супольнасцяў – такіх, як “літаратура народаў СССР” і, тым больш, “еўрапейская літаратура”, “сусветная літаратура”.

Слушнай трэба прызнаць заўвагу П.Копанева: “Ідэя неперакладальнасці ўзнікае як рэакцыя на апрыорна прыняты мовазнаўствам глосацэнтрызм, які панаваў з часоў антычнасці і ажно да ХІХ стагоддзя. У адказ на глосацэнтрызм на пачатку ХІХ ст. развіваецца крайні рэлятывізм з яго ўстаноўкай на спецыфічную адрознасць кожнай мовы і з абсалютызацыяй моўнай структуры...” 19.
Нязменна пад увагаю апынаецца праблема дакладнасці, звязаная з рознымі тэндэнцыямі практыкі:

1. Як мага дакладней перадаваць асаблівасці арыгінала. У такім выпадку перавагу атрымлівае мова арыгінала (МА) – тая, з якой выконваецца пераклад. І тады як бы сама па сабе запраграмоўваецца схільнасць да так званага “літаралізму”.

2. Данесці асноўны змест арыгінала, улічваючы перш за ўсё магчымасці эстэтычна-эмацыйнага ўздзеяння на чытачоў як носьбітаў іншай мовы. З пункту гледжання лінгвістычнай тэорыі, галоўнае – каб у выніку захоўвалася адпаведнасць законам мовы перакладу (МП) – той, на якую здзейснены пераклад. І ў такіх выпадках ён, заканамерна, больш “вольны”.

Бадай, гэта падкрэсленыя супрацьлегласці, якія на практыцы ў крайніх формах з’яўляюцца рэдка. Тым больш, што часам іх зыходна азначаюць як адрозныя паводле схемы: 1) – найбольш аб’ектыўны працэс, 2) – найбольш суб’ектыўны працэс20. Між тым, праблема ўсё роўна існуе, абарочваючыся нават вось так: Ці ж не лепш іншанацыянальную паэзію прадстаўляць у літаральных перакладах, суправаджаючы іх тлумачэннямі?

Аднак, у ідэале, тады трэба тлумачыць усе асаблівасці першаснага тэксту – метрыку, строфіку, адметнасць сінтаксічных канструкцый, тропаў, фігур і асацыятыўных палёў, семантыку слоў, а таксама “апазнавальныя знакі” і самога аўтара, і творчай плыні/платформы/школы, да якой ён належыць, і эпохі, якую гэты аўтар прадстаўляе... Так што меркаванне, быццам бы згаданы спосаб знаёмства з творамі іншанацыянальнай паэзіі можна прызнаць самым лепшым, пры бліжэйшым разглядзе само па сабе страчвае прывабнасць. Асабліва для масавага чытача, які далёка не заўсёды жадае спасцігаць усе прамудрасці, звязаныя з “творчай лабараторыяй” ці “кухняй”, роўна як і з моўна-культурнай спецыфікай арыгінала. Для яго важней – пазнаёміцца (няхай сабе і ў асноўных рысах) з такім іншанацыянальным творам мастацтва слова, які задаволіць эстэтычныя патрэбы, кране душу. Ды і самі перакладчыкі, нават вельмі аўтарытэтныя, прызнаюцца: “... Чым дакладней падчас перадаеш кожнае слова арыгінала, тым далей ад арыгінала будзе твой пераклад”21; “Літаралізм у перакладзе, выхалошчваючы ідэю, змярцвячвае і форму, такім чынам забіваючы і тое і другое, г.зн. знішчаючы сам твор мастацтва, які перакладаецца” 22.

А гэта значыць, што калі не дзеля грунтоўнага знаёмства з творчасцю канкрэтных замежных аўтараў і з літаратурамі ў цэлым, дык дзеля іх папулярызацыі і ў мэтах узбагачэння свайго прыгожага пісьменства, усё ж такі патрабуюцца творчыя захады і адпаведныя вынікі. Нездарма ж атрымала “крылы” парадаксальная фраза Самуіла Маршака: “Перакладаючы, глядзіце не толькі на паперу, але і ў акно”. Таму поўнае права на існаванне маюць і так званыя вольныя пераклады (у якіх свядома дапускаюцца адхіленні ад арыгінала – пропускі, замены, дадаткі...), і парафразісы – парафрастычныя тэксты, перайманні ці перастварэнні “паводле”,“па матывах”, “на тэму”, а то і палемічныя пераклады (А.Попавіч) – своеасаблівыя мастацкія творы, якія ад арыгінала аддаляюцца настолькі, што страчваюць непасрэдную сувязь з перакладам як пэўным відам моўна-літаратурнай творчасці.

“Пытанне творчых правоў перакладчыка вельмі складанае. Мала прызнаць за перакладчыкам права на індывідуальнасць, трэба вызначыць межы яе. У чым асноўная сфера праяўлення творчай асобы перакладчыка? Па-першае, гэта выбар аўтара і твора (...) Затым гэта трактоўка арыгінала перакладчыкам. Галоўная мэтавая ўстаноўка, якая вызначае ўвесь тон пераклада. Нарэшце, пошук роўнадзейнай сілы ў адносінах свабоды і неабходнасці...”23

У якой жа меры перакладчык можа адступаць ад арыгінала? Гэтае пытанне трэба разглядаць не толькі ў плане індывідуальным, але і абагуленым таксама, паколькі сістэма засваення іншанацыянальных скарбаў так ці інакш уплывае на стан і статус айчыннай літаратуры.

Шырокае распаўсюджанне даўно атрымаў выраз: ”Перакладчык у прозе – раб, перакладчык у вершах – супернік”24. Падобны погляд выказвае таксама наш суайчыннік і сучаснік А.Разанаў: “У перакладзе вершаў належыць ісці за тым, за чым ідуць яны самі: перакладаць не словы і не строфы, а тое, што “перакладаюць” яны, вершы, – сэнс, гукасэнс, духасэнс. Таму пераклад у асобных выпадках можа быць больш дасканалым, чым арыгінал”25. Але такія меркаванні не могуць успрымацца як бясспрэчныя ўжо таму, што ў іх нібыта за норму бярэцца тое, што А.Пушкін называў “папраўным перакладам”.

Першае з іх у свой час пераканаўча абвяргащ В.Бялінскі: “Гавораць: перакладчык у прозе – раб, перакладчык у вершах – супернік. Апошняе справядліва толькі напалову: супернік па мове, складу і вершу, словам – па выразу, не па думцы, не па зместу. Тут ён раб”26. З выверанай лагічнасцю тое самае адзначае сучасны тэарэтык: “Для пераклада існуе ўмова – ён павінен быць функцыяй арыгінала, павінен яго прадстаўляць. Іншым спосабам яго інавацыйная функцыя не можа рэалізавацца. Іншыя функцыі пераклада – “быць самастойным творам”, “выступаць як твор, паходжанне якога не вядома”, – гэта неправамерныя функцыі”27.

У другім жа прыведзеным выказванні акцэнты расстаўлены так, што перакладному тэксту надаюцца апрыорна ўласцівасці твора самастойнага, самадастатковага і самавартаснага, без уліку таго, што ён усё ж такі – другасны, бо вытворны, пераствораны. “Арыгінал уключаецца ў літаратурны працэс дзякуючы яго дэвіяцыйнай вартасці. Тут гаворка ідзе пра адносіны канкрэтнага твора да сістэмы літаратурных норм і умоўнасцяў, да айчыннай літаратурнай традыцыі. Пры ўключэнні пераклада ў кантэкст развіцця літаратуры, на мове якой ён выкананы, сітуацыя некалькі ўскладняецца. Пытання пра яго дэвіяцыйную вартасць недастаткова. Тут мы павінны лічыцца і з сістэмай, якая прадстаўляе літаратурны кантэкст першакрыніцы, г.зн. з нормай і традыцыяй літаратуры, якая яго перадае”28. А гэта значыць, што, незалежна ад ступені дасканаласці, пераклад, адпаведна, можа хіба набліжацца да арыгінала, не больш.

Апроч усяго, змест такіх высноў, відаць, павінен суадносіцца яшчэ з шырэйшым пытаннем – наконт мяжы, якая вызначае дапушчальнасць змены “духу” арыгінала. Бо калі такая мяжа не ўсведамляецца альбо свядома ігнаруецца, то ў выніку іншанацыянальны “дух” і “духасэнс” вымушана знікаюць: скажам, залішне “вольнае” абыходжанне з кітайскай ці японскай паэзіяй можа “абеларусіць” іх да такой ступені, што ад кітайскай ці японскай сістэмы светаадлюстравання там і следу не застанецца. Прычым на практыцы такое здараецца даволі часта.

Як бы ні было, істотны сэнс мае наступнае выказванне: “... Пераклад з мовы на мову – гэта з космаса на космас”29. І бясспрэчна правамерным з’яўляецца паняцце “моўны космас”, якое азначае сукупнасць тых элементаў светабачання, светаразумення і светаадлюстравання, якія ўласцівы аўтару тэкста і носьбітам мовы арыгінала ў цэлым, уключаючы і тое, што называецца “калектыўным несвядомым”. У перакладчыка павінна выяўляцца беражлівае стаўленне да “моўнай стыхіі”, уласцівай таму народу, адметную “карціну свету” якога перадаць трэба належным чынам. Гэта заўжды чаканы вынік. Асаблівае значэнне тут маюць так званыя “фонавыя веды”, якімі валодае гэты народ як пэўная гістарычная і моўная супольнасць.
Пры ўсім згаданым, улічваючы, што пераклад так ці інакш павінен “замяніць па магчымасці арыгінал” (В.Бялінскі), нельга не адзначыць яшчэ патрэбу ў разумнай паслядоўнасці адлюстравання творчай метадалогіі адпаведнай тэрміналогіяй. Гэта, дарэчы, уласціва сербскай школе перакладу, літаратуразнаўства і перакладазнаўства: пры пераўвасабленні паэтычных тэкстаў сербы, як правіла, зыходна адрозніваюць “превод”(пераклад) і “препев” (пераспеў).

ЛІНГВІСТЫЧНЫ АСПЕКТ ПЕРАКЛАДАЗНАЎСТВА


Агульная тэорыя перакладу найперш суадносіцца з агульным мовазнаўствам, а ў канкрэтызацыі таксама з асобнымі дысцыплінамі – лексікалогіяй, сінтаксісам, фанетыкай, стылістыкай.

Асаблівую важнасць маюць кампаратыўныя (параўнальныя) падыходы.

У прынцыпе, агульная тэорыя перакладу вывучае універсальныя заканамернасці перакладання і яго вынікаў, незалежна ад асаблівасцяў той ці іншай мовы. Між тым, замацаваныя ў навуковым ужытку агульныя палажэнні выпрацаваліся як пэўны сінтэз тэарэтычных ведаў на падставах аналізу канкрэтных пар моў – мовы арыгінала (МА) і мовы перакладу (МП). Непасрэдна іх асаблівасці абумоўліваюць канкрэтныя праблемы перакладчыцкай практыкі, што ніяк не можа абмінацца тэорыяй. А паколькі найбольш актыўная і прадуктыўная практыка перакладу звязана з мовамі самага шырокага распаўсюджання і прызнання (англійскай, фрацузскай, нямецкай, іспанскай – рускай), то, адпаведна, і тэорыя адлюстроўвае заканамернасці, ім уласцівыя; тады як спецыфіка перакладу ў дачыненні да кожнай іншай мовы ўлічваецца недастаткова, а значыць, і тое, што можна было б называць нацыянальнай тэорыяй перакладу, не заўсёды атрымлівае патрэбнае развіццё. Так, асаблівасці перакладу на беларускую мову належным чынам і дагэтуль не асэнсаваны30.

Разгледзім найбольш замацаваныя і частотныя паняцці агульнай тэорыі перакладу.



Адэкватнасць – паняцце ў перакладазнаўстве значнае і частотнае, хоць выяўляецца нямала разыходжанняў у яго інтэрпрэтацыі. Але нам дастаткова паразумецца ў тым, што пераклад адэкватны – такі, якому ўласціва максімальная адпаведнасць арыгіналу на ўсіх узроўнях. Спрабуючы разабрацца, чаму ёй надаюць усё большую ўвагу, Карней Чукоўскі не без падстаў заўважае: “Імкненне да адэкватнасці перакладу тлумачыцца таксама і тым, што ў апошнія гады методыка дакладных навук не магла не адбіцца на мысліцельных навыках мас” 31.

Эквівалентнасць – тыя “адносіны тоеснасці, што ўсталёўваюцца паміж дзвума адзінкамі розных моў... якія выконваюць ідэнтычную ці амаль ідэнтычную дыскурсіўную функцыю”32. Зыходзячы іменна з функцыянальнасці і спецыфікі яе ў мастацкім перакладзе, А.Попавіч адзначае: “... Мы разумеем перакладчыцкую эквівалентнасць як суадносіны між выяўленчымі сродкамі арыгінала і пераклада; прычым няма розніцы, з дапамогаю якіх кампанентаў гэтая адпаведнасць дасягаецца”33. Пры гэтым ён адрознівае віды эквівалентнасці: парадыгматычная, трансляцыйная, сінтагматычная, стылістычная і зместавая...

Інакш кажучы, эквівалентнасць – гэта ступень захаванасці (у розных планах – і зместу, і формы) арыгінала пры перакладзе. Нездарма ж даўно і актыўна перакладазнаўцамі ўжываюцца таксама паняцці эквілінеарнасць, эквіметрыя, эквірытмія... Таму цяжка згадзіцца з устаноўкаю, што “эквіваленты могуць быць поўнымі і частковымі, абсалютнымі і адноснымі”34. На практыцы адпаведнасці “частковыя” і “адносныя”, бадай, дапускаюцца; больш таго – сустракаюцца непараўнальна часцей, чым “поўныя” і “абсалютныя”, што абумоўліваецца як ладам моў, так і майстэрствам перакладчыкаў. Але ў такіх выпадках гэта ўжо не трэба падганяць пад азначэнне “эквіваленты”.

Да эквівалентнасці можна імкнуцца на сістэмным узроўні. І калі гэта ў той ці іншай сферы (лексікі, фразелогіі, сінтаксісу) дасягаецца, то можна весці гаворку пра пэўнае перакадзіраванне.

У прынцыпе можна згадзіцца з наступным: “… У працэсе перакладу вызначаюцца тры катэгорыі адпаведнасцей: 1) эквіваленты, якія ўсталяваліся ў сілу тоеснасці таго, што азначаецца, а таксама якія адклаліся ў традыцыі моўных кантактаў; 2) варыятыўныя і кантэкстуальныя адпаведнасці і 3) усе віды перакладчыцкіх трансфармацый”35. Прыроду і функцыянальнасць розных ступеняў адпаведнасці можна яшчэ ўдакладніць такім чынам: эквіваленты, адпаведнікі – варыятыўныя і кантэкстуальныя, заменнікі / трансфарманты – аказіянальныя.



Безэквівалентная лексіка – словы зыходнай мовы (МА), якія не маюць сталых адпаведнікаў у мове перакладу. Безэквівалентнымі могуць быць таксама іншыя сродкі мовы – напрыклад, граматычныя формы і структуры.

Найперш гэта мае адносіны да нацыянальна адметных рэалій, паняццяў, назваў, якія перадаюць рознымі спосабамі. Напрыклад:

І. Транскрыпцыя.

ІІ. Пераклад



  1. Нэалагізм:

а) калька,

б) паўкалька,

в) засваенне,

г) семантычны нэалагізм.

2. Прыблізны пераклад:

а) рода-відавая адпаведнасць,

б) функцыянальны аналаг,

в) апісанне, заўвага, тлумачэнне.

ІІІ. Кантэкстуальны переклад36.

Прыведзеныя тэрміны тут маюць у асноўным такі змест:



апісанне – спосаб перакладу, які заключаецца ў тым, што пры адсутнасці ў мове перакладу лексічных эквівалентаў і немэтазгоднасці, неэфектыўнасці іншых спосабаў перакладу значэнне слова арыгінала перадаецца разгорнутым словазлучэннем апісальнага характару;

калькаванне – перакладчыцкі прыём, пры якім у тэксце перакладу літаральна, паэлементна ўзнаўляецца ўнутраная структура слова ці словазлучэння арыгінала і ў выніку атрымліваецца калька;

кантэкстуальны пераклад – пераклад, які ўлічвае перш за ўсё моўнае акружэнне, “моўнае поле” тых ці іншых адзіна, з дапамогаю якога перадаюцца патрэбныя значэнні;

тлумачэнне – калі ў тэкст пераклада ўводзяцца ўдакладненні зместу, якія ў арыгінале экспліцытна не прысутнічаюць, а вынікаюць з кантэкста;

транскрыпцыя – спосаб узнаўлення лексічнай адзінкі арыгінала праз перадачу яе гукавой формы літарамі мовы перакладу;

транслітэрацыя – спосаб узнаўлення лексічнай адзінкі арыгінала праз перадачу яе графічнай формы літарамі мовы перакладу.

А мы яшчэ згадаем пра пераклад падрадковы, падрадкоўнік – пераўвасабленне іншамоўнага тэксту “радок у радок” і “слова ў слова” – звычайна, дзеля таго, каб потым яго пераствараць.

Традыцыям рускага літаратурнага перакладу падрадкоўнікі не былі па-сапраўднаму ўласцівы да ХХ стагоддзя. А спатрэбіліся яны, атрымаўшы распаўсюджанне як дапаможная форма пераўвасаблення мастацкіх тэкстаў, у перакладчыцкай практыцы савецкай эпохі, калі ўзнікла патрэба шырока папулярызаваць і сцвярджаць як новую супольнасць больш за семдзесят літаратур народаў СССР. Натуральна, што глыбокімі знаўцамі моў і літаратур усіх гэтых народаў (а да таго яшчэ і здольнымі перакладаць высокамастацкія творы) не магла практычна ніводная саюзная рэспубліка, акрамя, хіба што, РСФСР. Таму падрадкоўнікі сталі замацоўвацца паўсюдна – у Беларусі асабліва – спачатку як з’ява непазбежная, а потым як звыклая і неадменная.

Між тым, нават у якасці дапаможнага варыянта для перакладу мастацкага, творчага падрадкоўнік ацэньваецца далёка не заўсёды адназначна. І ёсць пэўная логіка у такім вось – на першы погляд, вельмі катэгарычным, меркаванні: “Пакуль пераклады будуць выконвацца пры дапамозе падрадкоўніка, іх бессэнсоўна вывучаць, абмяркоўваць і нават асуджаць. Гэта не пераклады, і перакладамі яны быць не могуць”37.


: documents -> %D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D1%81%D0%BB%D0%B0%D0%B2%D1%8F%D0%BD%D1%81%D0%BA%D1%96%D1%85%20%D0%BB%D1%96%D1%82%D0%B0%D1%80%D0%B0%D1%82%D1%83%D1%80 -> %D0%94%D1%8B%D1%81%D1%86%D1%8B%D0%BF%D0%BB%D1%96%D0%BD%D1%8B -> %D1%82%D0%B5%D0%BE%D1%80%D0%B8%D1%8F%20%D0%B8%20%D0%BF%D1%80%D0%B0%D0%BA%D1%82%D0%B8%D0%BA%D0%B0%20%D0%BF%D0%B5%D1%80%D0%B5%D0%B2%D0%BE%D0%B4%D0%B0
%D1%82%D0%B5%D0%BE%D1%80%D0%B8%D1%8F%20%D0%B8%20%D0%BF%D1%80%D0%B0%D0%BA%D1%82%D0%B8%D0%BA%D0%B0%20%D0%BF%D0%B5%D1%80%D0%B5%D0%B2%D0%BE%D0%B4%D0%B0 -> Прыкметныя постаці Гаўрук Юрый Паўлавіч
%D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D1%81%D0%BB%D0%B0%D0%B2%D1%8F%D0%BD%D1%81%D0%BA%D1%96%D1%85%20%D0%BB%D1%96%D1%82%D0%B0%D1%80%D0%B0%D1%82%D1%83%D1%80 -> Тыпавая праграма па гісторыі чэшскай літаратуры І. Тлумачальная запіска
%D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D1%81%D0%BB%D0%B0%D0%B2%D1%8F%D0%BD%D1%81%D0%BA%D1%96%D1%85%20%D0%BB%D1%96%D1%82%D0%B0%D1%80%D0%B0%D1%82%D1%83%D1%80 -> Беларускі дзяржаўны універсітэт філалагічны факультэт кафедра славянскіх літаратур
%D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D1%81%D0%BB%D0%B0%D0%B2%D1%8F%D0%BD%D1%81%D0%BA%D1%96%D1%85%20%D0%BB%D1%96%D1%82%D0%B0%D1%80%D0%B0%D1%82%D1%83%D1%80 -> Беларускі дзяржаўны універсітэт філалагічны факультэт кафедра славянскіх літаратур
%D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D1%81%D0%BB%D0%B0%D0%B2%D1%8F%D0%BD%D1%81%D0%BA%D1%96%D1%85%20%D0%BB%D1%96%D1%82%D0%B0%D1%80%D0%B0%D1%82%D1%83%D1%80 -> А. У. Вострыкава выразнік чэшскай ментальнасці
%D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D1%81%D0%BB%D0%B0%D0%B2%D1%8F%D0%BD%D1%81%D0%BA%D1%96%D1%85%20%D0%BB%D1%96%D1%82%D0%B0%D1%80%D0%B0%D1%82%D1%83%D1%80 -> Праблема магчымасцей чалавечага пазнання ў творах міхала айваза
%D1%82%D0%B5%D0%BE%D1%80%D0%B8%D1%8F%20%D0%B8%20%D0%BF%D1%80%D0%B0%D0%BA%D1%82%D0%B8%D0%BA%D0%B0%20%D0%BF%D0%B5%D1%80%D0%B5%D0%B2%D0%BE%D0%B4%D0%B0 -> Тэорыя і практыка мастацкага перакладу
%D0%94%D1%8B%D1%81%D1%86%D1%8B%D0%BF%D0%BB%D1%96%D0%BD%D1%8B -> Практычныя заняткі Паэма “Май” як вяршыня паэзіі Махі


  1   2   3   4   5   6


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка