І. Г. Гушчынскі, бдпу (Мінск)



Дата канвертавання15.05.2016
Памер55.35 Kb.

powerpluswatermarkobject793342


РЭАРГАНІЗАЦЫЯ СІСТЭМЫ НАТАРЫЯЛЬНЫХ УСТАНОЎ НА ТЭРЫТОРЫІ БЕЛАРУСІ Ў 1883 Г.

І.Г. Гушчынскі, БДПУ (Мінск)


Скасаванне прыгоннага права дало моцны штуршок развіццю капіталізму ў эканоміцы як Расійскай імперыі ў цэлым, так і беларускіх зямель у прыватнасці. Станаўленне адпаведных новым сацыяльна-эканамічным умовам грамадзянска-прававых адносін непазбежна вяло да росту колькасці здзелак, якія патрабавалі юрыдычнага замацавання. Фактычна адсутнасць самастойнага інстытута натарыяту з’яўлялася значнай хібай дарэформеннага судовага заканадаўства, якое дзейнічала на тэрыторыі Беларусі з моманту скасавання тут Статута ВКЛ 1588 г. (у 1831 г. – у Віцебскай і Магілёўскай, а ў 1840 г. – у Віленскай, Гродзенскай і Мінскай губернях). Савецкі гісторык М.М. Пакроўскі адзначаў, што “чорная няпраўда” старога суда была зусім несумяшчальнай з буржуазнай гаспадаркай, бо немагчыма сабе ўявіць развітое буржуазнае грамадства, дзе няма натарыусаў, дзе для таго, каб засведчыць самы пусцяковы дакумент, трэба ці абіваць парогі судовай палаты па цэлых тыднях, ці плаціць хабар ледзь не больш дарагі, чым сам дакумент [8, с. 102]. Усё гэта выклікала неабходнасць у больш дасканалай натарыяльнай сістэме. Яе рэарганізацыя праводзілася ў рамках рэалізацыі судовай рэформы 1864 г. На тэрыторыі Беларусі гэта адбылося ў 1883 г. – разам з адкрыццём тут акруговых судоў.

Дарэформенны натарыят быў вельмі архаічным і не адпавядаў запатрабаванням часу. Органамі, якія здзяйснялі натарыяльныя акты, былі павятовыя суды (да пэўнай сумы) і аб’яднаныя палаты крымінальнага і грамадзянскага суда. Адмыслова для гэтага пры іх існавалі пасады пісцоў і наглядчыкаў, якія выконвалі свае абавязкі пад кантролем членаў прысутнасці аб’яднанай палаты, хаця ў рэчаіснасці кантроль гэты быў фіктыўны. Для здзяйснення актаў па маёнтках ці зямельных надзелах прыходзілася абавязкова адпраўляцца ў губернскі горад, дзе знаходзіліся палаты. Бакі ніколі не маглі з дакладнасцю ведаць, колькі ім гэта будзе каштаваць. Таксама нельга было загадзя вызначыць, нават пры добрасумленным выкананні наглядчыкамі і пісцамі сваіх абавязкаў, колькі спатрэбіцца часу на здзяйсненне акта ў палаце, у якую паступалі здзелкі са ўсёй губерні [2, c. 30]. Трэба адзначыць беспаспяховасць і крайнюю маруднасць, з якой вяліся гэтыя справы ў судовых установах, а таксама тыя цяжкасці, з якімі сутыкаліся бакі пры заключэнні здзелак і актаў. Акрамя таго, гэта павялічвала нагрузку на суды, што негатыўна сказвалася на выкананні імі ўласна функцый правасуддзя. Гэта і стала галоўным матывам для ўрада выняць з кампетэнцыі судовых устаноў непасрэдна натарыяльныя абавязкі ў новым натарыяльным палажэнні [2, c. 36]. Вышэйадзначанае тычылася перш за ўсё актаў па нерухомай маёмасці. Для здзяйснення іншых здзелак, вэксаляў і г. д. існавала цэлая армія маклераў і публічных натарыусаў (хаця былі яны далёка не ўсюды), адукацыйны і маральны цэнз для якіх быў больш, чым сціплы: яны павінны былі быць “наогул людзі добрыя, вопытныя і ва ўсіх таргах і вексельных пераводах іскуснымі і не павінны быць непісьменнымі” [2, с. 31–32]. У тых месцах, дзе іх не было, адпаведныя абавязкі выконвалі паліцэйскія ўпраўленні, павятовыя суды і некаторыя іншыя органы. Па ўвядзенні “Положения о нотариальной части” 1866 г. у дадзеных мясцовасцях яны спынялі сваю дзейнасць, акрамя біржавых натарыусаў і некаторых маклераў у сталіцах і Адэсе [2, с. 33].

У выніку судовай рэформы 1864 г., а дакладней, выдадзенага 14 красавіка 1866 г. у дадатак да судовых статутаў ад 20 лістапада 1864 г. “Положения о нотариальной части”, у імперыі быў створаны самастойны інстытут натарыяту. У адпаведнасці з арт. 1 “Правил о порядке введения в действие Положения о нотариальной части”, зацверджаных 27 чэрвеня 1867 г., гэты заканадаўчы акт пачынаў дзейнічаць у тых мясцовасцях, дзе былі адчынены судовыя ўстановы на падставе судовых статутаў 20 лістапада 1864 г. [9, с. 74]. Такім чынам, на тэрыторыі Беларусі новае натарыяльнае палажэнне адразу ўведзена не было, а пераўтварэнні ў гэтай сферы ў краі адбываліся паралельна з рэалізацыяй тут судовай рэформы 1864 г.

15 чэрвеня 1883 г. Сенатам быў зацверджаны расклад колькасці натарыусаў у Віленскай, Ковенскай, Гродзенскай, Віцебскай, Мінскай і Магілёўскай губернях. Згодна з ім на дадзенай тэрыторыі яны павінны былі дзейнічаць ва ўсіх гарадах, а таксама ў шэрагу мястэчак. Была ўстаноўлена і сума залогаў для інатарыусаў. У губернскіх гарадах яна складала 6 тыс. руб. (толькі ў Магілёве – 4 тыс. руб.), у павятовых гарадах – 2 тыс. руб. (акрамя Магілёўскай губерні, дзе такая сума ўсталёўвалася толькі для Гомеля, а для астатніх – 1,5 тыс. руб), у іншых мясцовасцях залог натарыуса складаў ад 400 да 1,5 тыс. руб. [2, арк. 222–222 адв.]. У адпаведнасці з указам Сената ад 15 лістапада 1883 г. разам з адкрыццём у Паўночна-Заходнім краі акруговых судоў распачыналі сваю дзейнасць як старшыя натарыусы пры іх, так і натарыусы на месцах [2, арк. 232–232 адв.].

Натарыяльныя ўстановы павінны былі працаваць круглы год. У сувязі з тым, што натарыусы ў сваіх участках працавалі аднаасобна, то на тэрмін іх адпачынку, права на які яны натуральна мелі, старшынёй акруговага суда прызначаўся часовы намеснік [7, арк. 9 адв.–10, 12 адв.–13]. Згодна з арт. 4 “Правил о порядке введения в действие Положения о нотариальной части” ад 27 чэрвеня 1867 г., у мясцовасцях, дзе не было натарыусаў, іх функцыі ўскладаліся на міравых суддзяў [9, с. 74], што на практыцы выклікала значныя складанасці, бо іх выкананне, несумненна, патрабавала спецыфічных ведаў. Так, старшыня Віленскай судовай палаты ў лісце ад 9 кастрычніка 1885 г. на імя старшыні Мінскага акруговага суда адзначаў неаднаразовыя скаргі на няправільныя дзеянні міравых судовых устаноў па выкананні імі некаторых дзеянняў замест натарыусаў [4, арк. 95].

Рэарганізацыя натарыяту спрыяла развіццю крэдыту, перш за ўсё прыватнага. У 1886 г. жыхар г. Пінска Самуіл Шабшаевіч адзначаў: “Спачатку ўвядзення ў г. Пінску натарыяльнай часткі, жыхары гэтага горада і павета адчулі значнае палягчэнне ва ўсіх такіх справах, якія характарызуюцца абавязацельствамі ці вэксалямі, альбо явачнымі ці натарыяльнымі актамі, і зусім не сустракалі ніякіх цяжкасцяў, да таго публіка была ўзрушана свабодным доступам да здзяйснення розных здзелак і дакументаў, што пачынала ўжо забываць старое мінулае” [6, арк. 168]. Разам з тым натарыяльныя ўстановы былі важнай крыніцай статыстычнай інфармацыі эканамічнага характару (аб колькасці арэндаваных зямель, зацверджаных купчых актаў і іншых здзелак), якая выкарыстоўвалася ўладамі пры правядзенні тых ці іншых фінансава-эканамічных мерапрыемстваў (напрыклад, пры адкрыцці ў Заходнім краі зямельных банкаў і іншых крэдытных устаноў) [5, арк. 167, 170]. Акрамя таго, на этапе, калі кадыфікацыя права, фактычна, яшчэ не была завершана, і насельніцтва ў значнай ступені працягвала ў сваім паўсядзённым жыцці кіравацца мясцовымі прававымі традыцыямі, практычны вопыт дзейнасці натарыяльных устаноў быў карысны для заканадаўчай працы. Натарыус, як ніхто іншы, пры выкананні сваіх абавязкаў назіраў мясцовыя юрыдычныя звычаі, узнікненне новых дагавораў, якія нярэдка служылі прычынай карэкціроўкі заканадаўства [8, c. 224–225].



Такім чынам, рэарганізацыя сістэмы натарыяльных устаноў ў рамках правядзення судовай рэформы 1864 г. мела пазітыўнае значэнне для эканамічнага развіцця беларускіх зямель. “Положение о нотариальной части” ад 14 красавіка 1866 г. прадугледжвала стварэнне стройнай сістэмы натарыяльных устаноў з вызначанай кампетэнцыяй. Даючы пэўныя гарантыі бакам пры заключэнні рознага роду здзелак яны адыгрывалі важную ролю ў эканамічным жыцці грамадства. У той жа час і парэформеннаму натарыяту былі ўласцівы пэўныя недахопы: бюракратызм, залішняя скрупулёзнасць пры праверцы права валодання нерухомасцю і г. д. Да таго ж, натарыяльныя ўстановы часта не спраўляліся з усё ўзрастаючай на іх нагрузкай. Урад бачыў гэтыя праблемы. Міністэрства юстыцыі яшчэ ў 1871 г. прапанавала старшыням акруговых судоў сабраць у мясцовых натарыусаў заўвагі па стану натарыяльнай справы. Аднак апрацоўка сабраных матэрыялаў пачалася толькі праз 20 гадоў, і да 1917 г. карэнных пераўтварэнняў урадам у дадзенай сферы так і не было праведзена.
Літаратура

  1. Бзовский, С. По поводу ревизии Положения о нотариальной части / С. Бзовский. – Журн. М-ва юстиции. – 1898. –№ 4. – С. 220–231.

  2. Мандельштам, Л.Б. Учреждение нотариата и его организация / Л.Б. Мандельштам. – Журн. М-ва юстиции. – 1899. – № 4. – С. 1–52.

  3. НГАБ. – Фонд 147. – Воп. 1. – Спр. 554. Указы Сената за 1880–1883 гг.

  4. НГАБ. – Фонд 183. – Воп. 1. – Спр. 33. Указы Сената о порядке совмещения государственной службы с участием в торговых и промышленных товариществах и компаниях 1885 г.

  5. НГАБ. – Фонд 183. – Воп. 1. – Спр. 34. Переписка с Министерством юстиции, Минским губернским правлением, Виленским окружным судом и др. 1885–1886 гг.

  6. НГАБ. – Фонд 183. – Воп. 1. – Спр. 57. Циркуляры Министерства Юстиции 1886–1887 гг.

  7. НГАБ. – Фонд 183. – Воп. 1. – Спр. 8. Книга приказов председателя Минского окружного суда. 1883–1896 гг.

  8. Покровский, М.Н. Русская история с древнейших времён: в 4 т. / М.Н. Покровский ; Институт истории коммунистической академии. – [М.?] : Гос. социально-экономич. изд-во, 1932–1934. – Т. 4. – 448 с.

  9. Узаконения, изданные в пояснение и дополнение к судебным уставам императора Александра II. – Спб. : Тип. “Петерб. газ.” Литейный просп., № 52, 1886. – 385, IX с.



: bitstream -> doc -> 1863
doc -> Шляхі зносін І транспарт у эканамічным развіцці полацка канца XVIII — пачатку XX ст. А. У. Канойка
doc -> Надрукавана: Спрэчныя пытанні. З гісторыі польска-беларускіх узаемаадносін у 1918-1945 гг. Генезі, кантэкст. Вынікі : Зборнік навуковых прац II і IV міжнар навук. – тэарэтыч канф., Мінск, 2010-1012 гг
doc -> У. В. Тугай, бдпу (Мінск)
doc -> Шостыя Міжнародныя Доўнараўскія чытанні
doc -> Аналіз крыніц па гісторыі гандлю ў беларусі другой паловы XVIII – першай паловы XIX ст
doc -> Шляхі зносін І транспарт у эканоміцы беларускага Палесся ў канцы XVIII — пачатку XX ст
doc -> Европа: актуальные проблемы этнокультуры, Материалы IV международной научно-теоретической конференции, Минск, 23 июня 2012, Бел гос пед ун-т им. М. Танка; ред кол. В. В. Тугай (отв ред.) [и др.] Минск, бгпу, 2012
doc -> Роля І месца купецтва беларусі ў працэсе генезісу капіталізму
doc -> Надрукавана: Гісторыя І памяць. XV-XX стст. Матэрыялы міжнароднай навуковай канферэнцыі (Гародня, 9-10 лістапада 2013 г.), / Пад. Рэд. А. К. Краўцэвіча І А. Ф. Смалянчука, Гародня 2014. – С. 304-312. Ключавыя словы




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка