І. С. Шахрай права лесакарыстання як праваадносіны



Дата канвертавання15.05.2016
Памер210.08 Kb.

І.С. Шахрай



ПРАВА ЛЕСАКАРЫСТАННЯ ЯК ПРАВААДНОСІНЫ
Як і права прыродакарыстання ў целым, права лесакарыстання можа разглядацца ў якасці прававога інстытута (права лесакарыстання ў аб’ектыўным сэнсе), як сукупнасць правоў і абавязкаў лесакарыстальнікаў (права лесакарыстання в суб’ектыўным сэнсе) і як праваадносіны. Праваадносіны лесакарыстання маюць сваю асобую структуру, якую ствараюць традыцыйна вылучаемыя ў тэорыі права элементы: суб’екты праваадносін, суб’ектыўныя правы і абавязкі бакоў праваадносін, аб’екты праваадносін і фактычныя (рэальныя) паводзіны суб’ектаў [1, с. 389].

Суб’ект права лесакарыстання правамерна разглядаць у двух аспектах: як магчымы па заканадаўству ўладальнік права лесакарыстання і як ўладальнік суб’ектыўнага права карыстання лесам, носьбіт устаноўленых заканадаўствам правоў і абавязкаў, які з’яўляецца суб’ектам правадносін лесакарыстання (лесакарыстальнік) [2, с. 212-213].

У юрыдычнай літаратуры вылучаецца некалькі прымет, неабходных для прызнання асобы суб’ектам права лесакарыстання: праваздольнасць, дзеяздольнасць, знешняя адасобленасць, персаніфікацыя, рэальны ўдзел у праваадносінах і набыццё ўласцівасці суб’екта права з прычыны юрыдычных норм [3, с. 50; 4, с. 51-52].



Знешняя адасобленасць адлюстроўваецца ў тым, што суб’екту права лесакарыстання неабходна валодаць такой ступенню адзінства, якая дазваляла б яму ажыццяўляць гападарчую дзейнасць у адносінах да лесу як прыроднага аб’екта [3, с. 51-52]. Дадзеную прымету трэба ўдакладніць, зыходзячы з норм грамадзянскага заканадаўства, якія вызначаюць паняцці «фізічныя асобы» і «юрыдычныя асобы».

Грамадзянскі кодэкс Рэспублікі Беларусь ад 7 снежня 1998 г. [5] (далей – ГК) раскрывае змест паняцця «грамадзяне (фізічныя асобы)» на падставе наступных характарыстык: праваздольнасць; імя і месца жыхарства; дзеяздольнасць; недапушчальнасць пазбаўлення праваздольнасці і дзеяздольнасці грамадзян інакш як у выпадках і ў парадку, устаноўленых законам; прадпрымальніцкая дзейнасць, маёмасная адказнасць грамадзяніна, эканамічная неплацежаздольнасць (банкруцтва) індывідуальнага прадпрымальніка; рэгістрацыя актаў грамадзянскага стану (арт. 16 43 ГК). Адзначым, што тэрмінам «фізічныя асобы» ахопліваюцца як грамадзяне Рэспублікі Беларусь, так і замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства. Фізічная асоба – гэта абстрактны чалавек, які не «прывязаны» да грамадзянства якой-небудзь краіны [1, с. 391; 4, с. 54; 6, с. 151].

Зыходзячы з норм арт. 44 ГК, юрыдычнай асобай з’яўляецца арганізацыя, якая валодае такімі прыметамі, як арганізацыйнае адзінства, наяўнасць адасобленай маёмасці, самастойна адказвае па ўсіх сваіх абавязках сваёй маёмасцю, выступае ў грамадзянскім абароце і ў любым судзе ад свайго імя [6, с. 96].

Кожны суб’ект права лесакарыстання павінен валодаць праваздольнасцю, г.зн. прызнаваемай нормамі ляснога заканадаўства здольнасцю мець суб’ектыўныя юрыдычныя правы і несці пэўныя абавязкі, а таксама дзеяздольнасцю – здольнасцю сваімі дзеяннямі набываць і ажыццяўляць гэтыя правы і абавязкі [1, с. 390].

У адпаведнасці з арт. 9 Ляснога кодэкса Рэспублікі Беларусь ад 14 ліпеня 2000 г. [7] (далей   ЛК), суб’ектамі лясных адносін могуць быць Рэспубліка Беларусь, адміністрацыйна-тэрытарыяльныя адзінкі Рэспублікі Беларусь, юрыдычныя і фізічныя асобы Рэспублікі Беларусь і замежных дзяржаў, а таксама асобы без грамадзянства. Відавочна, што ў дадзеным выпадку пералічаны суб’екты адносін у аб’ектыўным сэнсе, а не ўдзельнікі пэўных, ужо ўзнікшых і існуючых праваадносін.

Лесакарыстальнікі з’яўляюцца суб’ектамі пэўных праваадносін; у адпаведнасці з арт. 1 ЛК, гэта юрыдычныя або фізічныя асобы, якім ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку дадзена права карыстання лесам (ляснымі рэсурсамі). Названую норму трэба дапоўніць указаннем на тое, што лесакарыстальнікамі прызнаюцца таксама грамадзяне, якія ажыццяўляюць права агульнага лесакарыстання без перадачы ім пэўнага ўчастка ляснога фонду.

Праваздольнасць суб’ектаў адносін лесакарыстання, такім чынам, выяўляецца ў абстрактнай магчымасці ажыццяўляць сваё права. Значыць, суб’ектам права лесакарыстання можа прызнавацца асоба, якая валодае лясной праваздольнасцю, нават калі ў дадзены момант яна не ажыццяўляе права карыстання лесам.

Персаніфікацыя суб’екта права спецыяльнага лесакарыстаня выяўляецца ў замацаванні за ім пэўнага вызначанага ўчастка лесу, што атрымлівае сваё юрыдычнае афармленне ў дазвольных дакументах [3, c. 51].

На падставе ляснога заканадаўства могуць быць прапанаваны розныя класіфікацыі суб’ектаў права лесакарыстання. Так, напрыклад, яны могуць быць падзелены па прадмету карыстання на карыстальнікаў драўнінай на пні, жывіцай, другараднымі ляснымі рэсурсамі, пабочнымі рэсурсамі лесу, іншымі карыснымі ўласцівасцямі лесу.

Заканадаўства савецкага пэрыяду давала падставы для падзелу суб’ектаў права лесакарыстання на асноўных нарыхтоўшчыкаў, саманарыхтоўшчыкаў (асобныя прадпрыемствы, калгасы, сялянскія школы і іншыя мясцовыя спажыўцы) і асобных грамадзян [8, с. 44; 9, с. 309-311].

Трэба адзначыць, што ў цяперашні час у заканадаўстве і на практыцы таксама ўжываецца тэрмін «саманарыхтоўка» драўніны [10]. Вывучэнне дакументацыі архіва Мінскага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання (далей – ВЛГА) сведчыць аб тым, што «саманарыхтоўшчыкамі» могуць быць юрыдычныя асобы, індывідуальныя прадпрымальнікі і грамадзяне, якія ажыццяўляюць нарыхтоўку драўніны для задавальнення сваіх патрэб. Такім чынам, і ў цяперашні час правамерна выдзяленне такой групы суб’ектаў права лесакарыстання, якія ажыццяўляюць нарыхтоўку лясных рэсурсаў як саманарыхтоўшчыкі; пры гэтым нарыхтоўка ажыццяўляецца імі не ў якасці аднаго з відаў камерцыйнай дзейнасці, а для задавальнення сваіх патрэб.

У залежнасці ад падстаў узнікнення права лесакарыстання магчыма выдзяленне дзвюх груп суб’ектаў: якія ажыццяўляюць карыстанне на падставе дазвольных дакументаў (суб’екты права спецыяльнага лесакарыстання) і грамадзяне, якія ажыццяўляюць агульнадаступнае карыстанне ляснымі рэсурсамі.

Найбольш істотнае значэнне для даследавання прававога статуса суб’ектаў права лесакарыстання мае іх падзел на дзве групы: суб’екты, якія надзелены правам вядзення лясной гаспадаркі (юрыдычныя асобы, якія вядуць лясную гаспадарку), і іншыя лесакарыстальнікі.

У літаратуры адзначаецца, што вядзенне лясной гаспадаркі – прымета, якая дае адпаведным суб’ектам магчымасць здзяйсняць праваўстанаўліваючыя дзеянні, у выніку якіх узнікаюць, змяняюцца і спыняюцца лясныя праваадносіны [3, с. 54]. Так, заканадаўствам Рэспублікі Беларусь прадугледжана, што юрыдычныя асобы, якія вядуць лясную гаспадарку, ажыццяўляюць шэраг кіраўніцкіх функцый, у прыватнасці, даюць участкі ляснога фонду ў карыстанне для ажыццяўлення пабочнага лесакарыстання (акрамя карыстання сельскагаспадарчымі ўгоддзямі) і нарыхтоўцы другарадных лясных рэсурсаў, штогод адводзяць лесасекі, выдаюць лесарубныя білеты, ордэры і лясныя білеты (арт.арт. 22, 41 ЛК), ведуць улік ляснога фонду (п. 6 Парадку вядзення дзяржаўнага ўліку дзяржаўнага ляснога фонду, зацв. Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 12 ліпеня 2001 г. № 1032 [11]).

У той жа час юрыдычныя асобы, якія вядуць лясную гаспадарку, маюць права ажыццяўляць права лесакарыстання. Пры гэтым яны павінны афармляць лесарубны білет, ордэр, лясны білет на агульных падставах. Сам лесагаспадарчы працэс уяўляе сабой карыстанне лесам, паколькі звязаны з ажыццяўленнем мерапрыемстваў, накіраваных на забеспячэнне эфектыўнага ўзнаўлення лясоў, стварэнне новых лясных насаджэнняў, захаванне асяроддзеўтвараючых, водаахоўных, ахоўных, санітарна-гігіенічных, аздараўленчых і іншых функцый лясоў, а таксама біялагічнай і і ландшафтнай разнастайнасці, генафонду лясоў [9, с. 306]. Пры гэтым праводзяцца высечкi прамежкавага карыстання і іншыя высечкi, ажыццяўляецца ўход за лясамі і іншыя віды дзейнасці па карыстанню лесам (арт. 23 ЛК).

Сярод пералічаных у арт. 10 ЛК органаў дзяржаўнага кіравання ў сферы выкарыстання, аховы і ўзнаўлення лясоў юрыдычныя асобы, якія вядуць лясную гаспадарку прама не называюцца, аднак указваецца, што спецыяльна ўпаўнаважаны Рэспубліканскі орган дзяржаўнага кіравання ў галіне выкарыстання, аховы, абароны ляснога фонду і ўзнаўлення лясоў (Міністэрства лясной гаспадаркі; далей – Мінлясгас [12]) ажыццяўляе ўскладзеныя на яго паўнамоцтвы непасрэдна і праз свае тэрытарыяльныя органы.

У якасці абласных тэрытарыяльных органаў кіравання Мінлясгаса выступаюць Вытворчыя лесагаспадарчыя аб’яднанні. Так, у адпаведнасці са Статутам, Мінскае ВЛГА ў сваёй дзейнасці падпарадкавана Мінлясгасу, ад яго імя і ў межах сваёй кампетэнцыі ажыццяўляе дзяржаўнае кіраванне і дзяржаўны кантроль за вядзеннем лясной гаспадаркі на тэрыторыі галіне, а таксама за дзейнасцю лясгасаў. Дзяржаўныя лесагаспадарчыя ўстановы галіне (лясгасы) уваходзяць у склад Мінскага ВЛГА [13]. У статутах юрыдычных асоб, якія вядуць лясную гаспадарку, і уваходзяць у сістэму Мінлясгаса, устаноўлена, што на іх ускладаюцца функцыі кіравання лясамі ў сістэме названага Міністэрства [14]. Такім чынам, на падставе разгледжаных палажэнняў статутаў можна зрабіць выснову аб тым, што юрыдычныя асобы, якія вядуць лясную гаспадарку, з’яўляюцца тэрытарыяльнымі органамі Мінлясгаса.

У той жа час у лясным заканадаўстве (напрыклад, у Парадку вядзення дзяржаўнага ўліку дзяржаўнага ляснога фонду) паняцці «тэрытарыяльныя органы Мінлясгаса» і «юрыдычныя асобы, якія вядуць лясную гаспадарку», ужываюцца як розныя, што ўскладняе вырашэнне праблемы вызначэння прававога статусу юрыдычных асоб, якія вядуць лясную гаспадарку.

У пераліку юрыдычных асоб, надзеленых правам вядзення лясной гаспадаркі, які змяшчаўся ў арт. 21 ЛК, выкарыстоўваліся розныя назвы, напрыклад, лясгасы, лясніцтвы, дзяржаўныя прыродаахоўныя ўстановы (якія ажыццяўляюць кіраванне запаведнікамі і нацыянальнымі паркамі), лесагаспадарчыя прадпрыемствы, лесапаркавая гаспадарка. Такім чынам, у адных выпадках дадзеныя юрыдычныя асобы называліся прадпрыемствамі, з чаго вынікала, што яны не з’яўляюцца органамі дзяржаўнага кіравання, а ў другіх – прама ўказвалася на ажыццяўленне імі кіраўніцкай дзейнасці. Дадзеная тэрміналагічная супярэчнасць была ліквідавана Законам ад 27 лютага 2004 г. № 271 З «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Лясны кодэкс Рэспублікі Беларусь» [15]. Аднак праблема падзелу кіраўніцкіх і карыстальніцкіх функцый юрыдычных асоб, якія вядуць лясную гаспадарку, не была вырашана.

У літаратуры неаднаразова ўказвалася на недапушчальнасць валодання правамоцтвам перадачы лясоў у карыстанне і правамоцтвам карыстання лясамі адной асобай [3, с. 54; 16, с. 18-27]. Недапушчальнасць сумяшчэння функцый дзяржаўнага рэгулявання, кіравання і кантролю ў галіне аховы навакольнага асяроддзя і функцый прыродакарыстання абвешчана Канцэпцыяй дзяржаўнай палітыкі Рэспублікі Беларусь у галіне аховы навакольнага асяроддзя, зацвержанай Пастановай Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь ад 6 верасня 1995 г. № 3851 XII [17] і Законам Рэспублікі Беларусь «Об ахове навакольнага асяроддзя» (у рэдакцыі Закона ад 17 ліпеня 2002 г. № 126 З) [18] у якасці аднаго з асноўных прынцыпаў аховы навакольнага асяроддзя. Ня гледзячы на гэта, у лясным заканадаўстве па ранейшаму замацоўваецца няпэўны статус юрыдычных асоб, якія вядуць лясную гаспадарку, і прадугледжваецца ажыццяўленне імі як кіраўніцкіх, так і карыстальніцкіх функцый.

У літаратуры прапаноўваюцца розныя варыянты вырашэння ўказанай праблемы. Так, напрыклад, на базе юрыдычных асоб, якія вядуць лясную гаспадарку, магчыма стварэнне дзяржаўнай установы, якая выконвае выключна кіраўніцкія функцыі ў якасці тэрытарыяльнага органа дзяржаўнага кіравання лясной гаспадаркай, і дзяржаўнага унітарнага прадпрыемства, не падпарадкаванага непасрэдна Мінлясгасу, якое выконвае гаспадарчыя функцыі ў сферы рацыянальнага выкарыстання, узнаўлення, аховы і абароны лясоў [19]. Іншы варыянт дапускае надзеленне юрыдычных асоб, якія вядуць лясную гаспадарку, толькі кіраўніцкімі паўнамоцтвамі і перадачу функцый па ажыццяўленню лесааднаўленчых работ іншым суб’ектам на падставе дагавора, напрыклад, доўгатэрміновай арэнды [16, с. 19; 20].

Аб’яднанне функцый дзяржаўнага кіравання ляснымі рэсурсамі і лесакарыстання негатыўна адлюстроўваецца на стане лясоў. Таму, з улікам вышэйсказанага, лясное заканадаўства патрабуе істотнага змянення ў мэтах падзелу функцый дзяржаўнага кіравання і лесакарыстання, дакладнага вызначэння прававога стану юрыдычных асоб, якія вядуць лясную гаспадарку; пры гэтым за аснову можа быць узяты адзін з разгледжаных варыянтаў.

Уяўляе цікавасць пытанне аб аб’екце праваадносін лесакарыстання. Трэба адзначыць, што ў літаратуры па агульнай тэорыі права выказваюцца розныя меркаванні адносна вызначэння аб’екта праваадносін. У дадзеным даследаванні мы грунтуемся на пазіцыі, згодна з якой у якасці аб’ектаў праваадносін выступаюць матэрыяльныя, духоўныя і іншыя даброты, на дасягненне, выкарыстанне або ахову якіх накіраваны інтарэсы бакоў праваадносін і дзеля чаго рэалізуюцца іх суб’ектыўныя правы і абавязкі [1, с. 399].

У адпаведнасці з арт. 8 ЛК, аб’ектамі лясных адносін з’яўляюцца лясны фонд, асобныя часткі ляснога фонду, права карыстання імі; аб’екты лясных адносін выкарыстоўваюцца і ахоўваюцца з улікам многафункцыянальнага значэння лясоў, а таксама прызнання іх асноўным сродкам вытворчасці ў лясной гаспадарцы.

У залежнасці ад падстаў узнікнення адпаведных праваадносін могуць быць выдзелены дзве групы аб’ектаў права лесакарыстання: агульныя і канкрэтныя. У якасці агульнага аб’екта выступае адзіны лясны фонд, які падзяляецца на групы і катэгорыі ахоўнасці лясоў. Лясны фонд з’яўляецца аб’ектам права лесакарыстання пры ажыццяўленні грамадзянамі агульнага карыстання ляснымі рэсурсамі. Канкрэтны аб’ект – участак ляснога фонду, іншымі словамі, частка адзінага ляснога фонду – перадаецца суб’ектам права спецыяльнага лесакарыстання на падставе адпаведных дазвольных дакументаў. Індывідуалізацыя аб’екта права лесакарыстання ажыццяўляецца шляхам вызначэння ў адпаведных дакументах межаў, месцазнаходжання, памеру ўчастка ляснога фонду [3, с. 32; 4, с. 20].

Арт. 8 Ляснога кодэкса Рэспублікі Беларусь, таксама як і арт. 6 Ляснога кодэкса Расійскай Федэрацыі ад 22 студзеня 1997 г. [23], адносіць да аб’ектаў лясных адносін і права карыстання ўчасткамі ляснога фонду. Пры гэтым, як падкрэсліваецца ў літаратуры, «аб’ядноўваюцца паняцці прадмета (аб’екта) прававога рэгулявання і суб’ектыўнага права лесакарыстання» [4, с. 19-20]. Сапраўды, згодна з ўзятым за аснову разумення аб’екта праваадносін, адрозніваюцца паняцці аб’екта праваадносін, які складаецца з матэрыяльных, духоўных і іншых даброт, і суб’ектыўных правоў і абавязкаў, якія накіраваны на выкарыстанне і ахову гэтых аб’ектаў.

Вялікае значэнне для вызначэння прававога рэжыму аб’ектаў права лесакарыстання мае вылучэнне ў лясным фондзе першай і другой груп лясоў, а таксама катэгорый ахоўнасці. Крытэрыямі размежавання лясоў на групы з’яўляецца, у адпаведнасці з Правіламі аднясення лясоў да груп і катэгорый ахоўнасці, выдзялення асабліва ахоўных участкаў лесу, зацверджанымі Пастановай Камітэту лясной гаспадаркі пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 21 лютага 2003 г. № 2 [24], іх эканамічнае, экалагічнае і сацыяльнае значэнне, месцазнаходжанне і выконваемыя функцыі.

У адпаведнасці з арт. 16 ЛК, да першай групы лясоў адносяцца лясы, размешчаныя на асабліва ахоўваемых прыродных тэрыторыях; лясы асабліва каштоўных участкаў ляснога фонду, якія маюць генетычнае, навуковае і гісторыка-культурнае прызначэнне; водаахоўныя лясы (забаронныя палосы лясоў і лясы ў межах водаахоўных зон па берегах рэк, азёраў, вадасховішчаў і іншых водных аб’ектаў); ахоўныя лясы (супрацьэразійныя лясы, абаронныя палосы лясоў уздоўж чыгунак і аўтамабільных дарог агульнага карыстання); санітарна-гігіенічныя і аздараўленчыя лясы (гарадскія лясы, лясы зялёных зон навокал гарадоў, іншых населеных пунктаў і прамысловых прадпрыемтваў, у тым ліку лясы лесапаркавых частак зялёных зон, лясы першага і другога паясоў зон санітарнай аховы крыніц водазабеспячэння і лясы акруг санітарнай аховы курортаў (курортныя лясы). Водаахоўныя, ахоўныя, санітарна-гігіенічныя і аздараўленчыя лясы, у адпаведнасці з арт. 63 Закона «Об ахове навакольнага асяроддзя», падлягаюць спецыяльной ахове.

Другую групу складаюць эксплуатацыйнныя лясы, да якіх аднесены лясы, якія не ўвашлі ў першую групу.

У залежнасці ад выконваемых функцый экалагічнага характару ў лясах першай групы вылучаюцца катэгорыі ахоўнасці. Катэгорыяй ахоўнасці лясоў з’яўляецца прававы рэжым, устаноўлены ў адносінах да часткі ляснога фонду, вылучанай ва ўстаноўленым парадку ў сувязі з асаблівым ахоўным, водаахоўным, санітарна-гігіенічным, рэкрэацыйным, навуковым, гістарычным або іншым спецыяльным значэннем для выкарыстання пераважна для адной з указаных мэт [3, с. 48]. Так, напрыклад, ахоўныя лясы падзяляюцца на супрацьэразійныя лясы, абаронныя палосы лясоў уздоўж чыгунак і аўтамабільных дарог агульнага карыстання.

Важна, каб названыя групы лясоў і катэгорыі ахоўнасці адназначна трактаваліся не толькі ў лясным, але і ў іншых галінах заканадаўства. Напрыклад, у водным заканадаўстве выкарыстоўваецца тэрмін «лясы першай групы ахоўнасці» [25], а ў арт. 41 КоЗ выдзяляюцца «лясы з асаблівым рэжымам лесакарыстання (лесапаркі, гарадскія лясы, лесапаркавыя часткі зялёных зон, супрацьэразійныя лясы)». Дадзеныя нормы неабходна прывесці ў адпаведнасць з лясным заканадаўствам.

У лясах абедзвюх груп могуць быць вылучаны асабліва ахоўныя ўчасткі з абмежаваным рэжымам лесакарыстання – глебаахоўныя ўчасткі лесу ўздоўж схілаў яраў, прыбярэжныя палосы па берагах водных аб’ектаў, месцы пражывання і распаўсюджвання рэдкіх і знаходзячыхся пад пагрозай знікнення дзікіх жывёл, раслін, асабліва ахоўваемыя часткі заказнікаў, узлессі на межах населеных пунктаў і інш.

Прадугледжаны лясным заканадаўствам падзел лясоў на групы неадназначна ацэньваецца ў літаратуры. Так, прадстаўнікі лесагаспадарчай навукі прапаноўваюць увесці замест безыменных груп лясоў такія катэгорыі як запаведныя (лясы асабліва ахоўваемых прыродных тэрыторый); ахоўныя (супрацьэразійныя лясы, забаронныя палосы ўздоўж рэк, гарадскія лясы, лесапаркавыя зялёныя зоны і г.д.); эксплуатацыйнныя лясы [26]. Выказваецца таксама меркаванне аб неабходнасці выдзялення поруч з імі радыеактыўных лясоў у якасці часовай групы аж да іх ачышчэння [27]. Пры гэтым адзначаецца, што такое дзяленне дазволіла б зменшыць колькасць катэгорый лясоў і наблізіць лясную статыстыку да міжнародных стандартаў.

Аднак трэба згадзіцца з тым, што любая класіфікацыя ў пэўнай ступені ўмоўная. Змяненне існуючага дзялення лясоў не вырашыць праблему забеспячэння іх рацыянальнага выкарыстання і аховы, але можа парушыць пераемнасць іх эколага-эканамічнай і сацыяльнай ацэнкі і пацягне за сабой значныя затраты на змяненне заканадаўства [28]. На дадзеным этапе, на нашу думку, неабходна не кардынальнае змяненне класіфікацыі лясоў, а ўдасканаленне прававога рэжыму кожнай з існуючых груп і катэгорый ахоўнасці.

Нормы ляснога заканадаўства, якія вызначаюць асаблівасці лесакарыстання ў асобных лясах з улікам іх мэтавага прызначэння і прыродных асаблівасцей, дазваляюць вылучыць у складзе ляснога фонду лясы, размешчаныя на ўчастках ляснога фонду, дадзеных для патрэб абароны (арт. 65 ЛК), у пагранічнай зоне і пагранічнай паласе [29], а таксама на забруджаных радыенуклідамі землях [30].

Юрыдычны змест праваадносін лесакарыстання складаюць суб’ектыўныя правы і абавязкі лесакарыстальнікаў, якія характарызуюцца пэўным адзінствам, якое абумоўлена адзінствам шэрагу рысаў прававога рэжыму лясоў як прыроднага аб’екта, у тым ліку і тым, што лясы ў Рэспубліцы Беларусь з’яўляюцца аб’ектам выключнай дзяржаўнай уласнасці.

У агульным выглядзе правы і абавязкі лесакарыстальнікаў пералічаны ў арт. 46 47 ЛК. Лесакарыстальнікі маюць права атрымліваць інфармацыю аб участках ляснога фонду, перадаваемых ім у карыстанне; ажыццяўляць лесакарыстанне ў межах тых аб’ёмаў, відаў і тэрмінаў, якія ўказаны ў дакументах на лесакарыстанне; ва ўстаноўленым парадку пракладваць на тэрмін лесакарыстання дарогі і ўзводзіць збудаванні.

У арт. 47 ЛК змяшчаецца дастаткова шырокі пералік абавязкаў лесакарыстальнікаў, у прыватнасці, абавязкі па мэтаваму выкарыстанню ўчасткаў ляснога фонду; звязаныя з неабходнасцю аховы лясоў і іншых прыродных аб’ектаў, у тым ліку зямель ляснога фонду ў працэсе лесакарыстання; па рацыянальнаму выкарыстанню ўсіх лясных рэсурсаў; па правядзенню лесаўзнаўленчых мерапрыемстваў; накіраваныя на своечасовае ўнясенне плацяжоў за лесакарыстанне; звязаныя з дзейнасцю органаў, якія ажыццяўляюць дзяржаўнае кіраванне і дзяржаўны кантроль у галіне выкарыстання, аховы ляснога фонду і ўзнаўлення лясоў.

Асаблівае значэнне маюць устаноўленыя заканадаўствам абавязкі лесакарыстальнікаў, накіраваныя на забеспячэнне рацыянальнага лесакарыстання, ахову прыродных рэсурсаў, іншымі словамі, правілы экалагічна абгрунтаваных паводзін лесакарыстальнікаў [31, с. 488].

У прыватнасці, лясное заканадаўства прадугледжвае, што лесакарыстальнікі абавязаны весці работы, нарыхтоўку і збор лясных рэсурсаў спосабамі, якія папярэджваюць узнікненне эрозіі глебы, пашкоджанне і знішчэнне дрэў, хмызнякоў і іншай расліннасці, выключаюць або абмяжоўваюць негатыўнае ўздзеянне лесакарыстання на стан і ўзнаўленне лясоў, а таксама на стан вод і іншых прыродных аб’ектаў [32]. Пры нарыхтоўцы і тралёўцы драўніны, нарыхтоўцы і зборы іншай лясной прадукцыі павінны прымяняцца тэхніка і тэхналогіі, якія выключаюць спусташэнне лясных рэсурсаў, забяспечваюць максімальнае захаванне біялагічнай разнастайнасці і своечасовае ўзнаўленне лясоў. На лесакарыстальнікаў можа быць ускладзены абавязак праводзіць мерапрыемствы па іх аднаўленню і павышэнню прадукцыйнасці ўчасткаў ляснога фонду.

Лесакарыстальнікі не павінны дапускаць засмечвання лясоў, зняшчэння жывёл, разбурэння мурашнікаў, гнездаванняў птушак і іншых дзеянняў, якія пагражаюць захаванню асяроддзя пражывання жывёл, а таксама асяроддзя вырастання раслін. На захаванне прыродных рэсурсаў накіравана норма, якая прадугледжвае абавязак лесакарыстальнікаў праводзіць на ўчастках ляснога фонду, дадзеных ім у карыстанне, супрацьпажарныя мерапрыемствы, а ў выпадку ўзнікнення ляснога пажару – забяспечваць апавяшчэнне дзяржаўнай лясной аховы і аказваць садзейнічанне ў яго тушэнні (арт. 80 ЛК, п. 128 Правілаў нарыхтоўкі другарадных лясных рэсурсаў і ажыццяўлення пабочнага лесакарыстання, зацверджаных Пастановай Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь ад 20 сакавіка 2001 г. № 4 [33]).

У мэтах рацыянальнага выкарыстання рэсурсаў лесу лесакарыстальнікі павінны праводзіць ачыстку лесасек ад посечаных астаткаў, ажыццяўляць збор драўняных адходаў, якія ствараюцца пры ажыццяўленні розных відаў высечкi, нарыхтоўцы галін, вяршынь, сучча, кары, драўніннай зелені, у адпаведнасці з патрабаваннямі, якія выкладзены ў лесарубным білеце (ордэры). Такія адходы могуць выкарыстоўвацца юрыдычнымі асобамі для ўласных патрэб або рэалізоўвацца спажыўцам [34].

Лесакарыстальнікі абавязаны праводзіць лесаўзнаўленчыя мерапрыемствы за свой кошт або кампенсаваць кошт лесаўзнаўленчых работ на ўчастках, дзе па іх віне знішчаны падрост або загінулі лясныя насаджэнні (арт. 47 ЛК).

Трэба згадзіцца з выказанай у літаратуры думкай аб тым, што ў лясным заканадаўстве трэба больш падрабязна ўрэгуляваць абавязкі лесакарыстальнікаў зямельна-прававога характару, паколькі пры ажыццяўленні лесакарыстання зямля выкарыстоўваецца ў якасці прасторава-тэрытарыяльнага базісу; пры гэтым часта робіцца істотны ўплыў на яе стан [35, с. 64].

На змест правоў і абавязкаў лесакарыстальнікаў аказвае ўплыў шэраг абставін, у прыватнасці, від лесакарыстання, асаблівасці саміх суб’ектаў, падставы ўзнікнення права карыстання, характарыстыкі прававога рэжыму ўчастка ляснога фонду, дзе ажыццяўляецца дадзены від дзейнасці.

Правы і абавязкі лесакарыстальнікаў канкрэтызуюцца ў рашэннях органаў дзяржаўнага кіравання аб перадачы ўчасткаў ляснога фонду ў карыстанне, дагаворах, пратаколах аб выніках аўкцыёнаў на ажыццяўленне лесакарыстання, ліцэнзіях, а таксама ў лесарубным білеце, ордэры, лясным білеце. Суб’екты права спецыяльнага лесакарыстання маюць права ажыццяўляць толькі ўказаны ў дазвольных дакументах від лесакарыстання ва ўстаноўленым аб’ёме і вызначаныя тэрміны на пэўным ўчастку ляснога фонду (арт. 43, 46 ЛК).



Такім чынам, праваадносіны лесакарыстання маюць шэраг асаблівасцей, якія вынікаюць з асаблівасцей лесу як прыроднага рэсурсу. Змест праваадносін лесакарыстання характарызуецца існаваннем экалагічных абмежаванняў правоў і абавязкаў лесакарыстальнікаў, накіраваных на захаванне лясоў, іншых прыродных рэсурсаў і навакольнага асяроддзя ў цэлым. .
Литература:

  1. В и ш н е в с к и й А.Ф., Г о р б а т о к Н.А., К у ч и н с к и й В.А. Общая теория государства и права. Издание 2 е, испр. и доп. / Под общ. ред. А.Ф. Вишневского. Мн.: «Тесей», 1999.

  2. Б р и н ч у к М.М. Экологическое право (право окружающей среды). М.: Юристъ, 1998.

  3. К р а с с о в О.И. Право лесопользования в СССР. М.: Наука, 1990.

  4. Комментарий к Лесному кодексу Российской Федерации / Бережной В.Г., Боголюбов С.А., Жариков Ю.Г. и др.; Под ред. С.А. Боголюбова. М.: ИНФРА М НОРМА, 1997.

  5. Ведамасці Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. 1999. № 7 9. Арт. 101.

  6. Гражданское право: Учебник: В 3 ч. Ч. 1 / Под общ. ред. проф. В.Ф. Чигира. Мн.: Амалфея, 2000.

  7. Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь. 2000. № 70. 2/195.

  8. И с у п о в Д.И. Правовой режим лесов в СССР. Свердловск, 1960.

  9. П о л я н с к а я Г.Н. Право государственной собственности на леса в СССР. М.: Госюриздат, 1959.

  10. Парадак і ўмовы выдзялення драўніны на пні для будаўніцтва індывідуальных жылых дамоў: зацв. Міністэрствам эканомікі Рэспублікі Беларусь, 27 сакавіка 1996 г., № 29/3 683, Міністэрствам фінансаў, 27 сакавіка 1996 г., № 23, Міністэрствам лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь, 27 сакавіка 1996 г., № 03 1/569, Міністэрствам сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь, 26 сакавіка 1996 г., № 07 2 2/34 // Бюллетень нормативно-правовой информации. 1996. № 6.

  11. Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь. 2001. № 67. 5/6385.

  12. Аб некаторых мерах па аптымізацыі сістэмы рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання і іншых дзяржаўных арганізацый, падпарадкаваных Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь, структуры і колькасці работнікаў дзяржаўных органаў, іншых дзяржаўных арганізацый: Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, 12 лютага 2004 г., № 66 // Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь. 2004. №26. 1/5309.

  13. Статут Мінскага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання: зацв. Загадам Камітэта лясной гаспадаркі пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь, 12 снежня 2001 г. № 219. Зарэг. у Мінскім гарадскім выканаўчым камітэце 15 студзеня 2002 г. № 62.

  14. Статут Дзяржаўнай лесагаспадарчай установы «Мінскі лясгас»: зацв. Міністэрствам лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь, 30 чэрвеня 2000 г. Зарэг. у Мінскім гарадскім выканаўчым камітэце 24 жніўня 2000 г. № 955.

  15. Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь. 2004. №39. 2/1020.

  16. Л а е в с к а я Е.В. Организационно-правовое обеспечение охраны лесов в Республике Беларусь: Автореф. дис. … канд. юрид. наук: 12.00.06. М., 1994.

  17. Ведамасці Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь. 1995. № 29. Арт. 382.

  18. Ведамасці Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь. 1993. № 1. Арт. 1; Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь. 2002. № 85. 2/875.

  19. Х а з и н о в И. Реформирование лесхозов. Каким образом и при каких условиях? // Лесная газета. 2001. 20 января. С. 2.

  20. С е л и ц к а я Е., М е щ е р я к о в а Е. Какая модель организации лесного хозяйства лучше для Беларуси? // Белорусская лесная газета. 1999. 22 июля. С. 2.

  21. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь 1994 года (са змяненнямі і дапаўненнямі). Прынята на рэспубліканскім рэферэндуме 24 лістапада 1996 года. Конституция Республики Беларусь 1994 года (с изменениями и дополнениями). Принята на республиканском референдуме 24 ноября 1994 года.  Мн.: Беларусь, 1997. 

  22. Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь. 1999. № 2 3. 2/1.

  23. Собрание законодательства Российской Федерации. 1997. № 5. Ст. 610.

  24. Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь. 2003. № 32. 8/9223.

  25. Палажэнне аб водаахоўных зонах и прыбрэжных палосах вялікіх і сярэдніх рэк: Пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, 5 сакавіка 2002 г. № 297 // Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь. 2002. № 31. 5/10079.

  26. Я н у ш к о А. Плюсы и минусы нового Лесного кодекса // Белорусская лесная газета. 2001. 28 июня. С. 4.

  27. Б а г и н с к и й В. С учетом требований дня // Белорусская лесная газета. 2000. 24 февраля. С. 5.

  28. К у з ь м е н к о в М. Так кто же в лесу хозяин, или Несколько соображений по поводу газетных публикаций // Белорусская лесная газета. 2000. 8 июня. С. 2, 4.

  29. Палажэнне аб асаблівасцях лесакарыстання і вядзення лясной гаспадакі ў пагранічнай зоне і пагранічнай паласе: Пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, 2 ліпеня 2001 г., № 14/1 // Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь. 2002. № 11. 8/7625.

  30. Правілы вядзення лясной гаспадаркі ў зонах радыеактыўнага забруждвання: Пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, 15 студзеня 2001 г., № 1 // Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь. 2001. № 35. 8/5440.

  31. К р а с с о в О.И. Земельное право: Учебник. М.: Юристъ, 2000.

  32.  Санітарныя правілы ў лясах Рэспублікі Беларусь: зацв. Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь, 29 жніўня 1996 г., Міністэрствам лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь, 30 жніўня 1996 г. / Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь. Мн., 1996.

  33. Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь. 2001. № 39. 8/5499.

  34. Палажэнне па рацыянальнаму выкарыстанню драўнінных адходаў: зацв. Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя 6 ліпеня 1999 г. // Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь. 1999. № 70. 8/638.

  35. Г у с е в Р.К. Правовое обеспечение рационального использования и охраны лесов по новому лесному законодательству: состояние и перспективы развития // Правовые проблемы охраны окружающей среды. Сб. статей. / Под ред. Э.Н.Жевлакова  М., 1998.



Статья опубликована:

Шахрай, И.С. Право лесопользования как правоотношение / И.С.Шахрай // Весцi Нац. акад. навук Беларусi. Сер. гуманіт. навук..   2007.   № 1.





 Як сказана вышэй, тэрмін «фізічныя асобы» ахоплівае грамадзян дзяржавы, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства. Значыць, прыведзеная норма ЛК некарэктна ўжывае ўказаныя тэрміны і патрабуе адпаведнага змянення.

Законам ад 27 лютага 2004 г. № 271 З «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Лясны кодэкс Рэспублікі Беларусь» прадугледжана замена тэрміна «дзяржаўны лясны фонд» тэрмінам «лясны фонд». Трэба адзначыць, што да ўнясення ўказаных змяненняў у лясным заканадаўстве Рэспублікі Беларусь ужываўся тэрмін «дзяржаўны лясны фонд» і, як правіла, «землі дзяржаўнага ляснога фонду» (напрыклад, арт. 4, 6, 13, 14, глава 7 ЛК), тады як у зямельным заканадаўстве ў назве адпаведнай катэгорыі зямель адсутнічае слова «дзяржаўны». Гэта стварала лжывае ўяўленне аб тым, што дзяржаўны лясны фонд з’яўляецца састаўной часткай больш шырокага паняцця «лясны фонд». Аднак з улікам таго, што ўсе лясы ў Рэспубліцы Беларусь знаходзяцца ў выключнай дзяржаўнай уласнасці (арт. 13 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь [21]; арт. 7 ЛК) і землі ляснога фонду не падлягаюць перадачы ў прыватную ўласнасць (арт. 38 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб зямлі ад 4 студзеня 1999 г.; далей – КоЗ [22]) можна зрабіць выснову аб адзінстве ляснога фонду Рэспублікі Беларусь, які па дзеючаму заканадаўству можа быць толькі дзяржаўным. Таму аб’ектыўна неабходнай з’яўлялася уніфікацыя тэрміналогіі і выкарыстанне адзінага тэрміна – «лясны фонд» і, адпаведна, «землі ляснога фонду» ва ўсіх галінах прыродарэсурснага заканадаўства.

: pub
pub -> Індывідуальныя ўдзельнікі вочнага тура Беларускай юрыдычнай студэнцкай алімпіяды-2012
pub -> Беларускай студэнцкай юрыдычнай алімпіяды – 2008 Намінацыя: Сутнасць прававой інфарматызацыі
pub -> Да ўдзелу ў завочным камандным туры Беларускай студэнцкай юрыдычнай алімпіяды 2009 дапушчаны наступныя каманды
pub -> Навучальная установа (факультэт) Колькасць каманд, назвы каманд
pub -> Зводны пратакол камандны залік
pub -> Зводны пратакол індывідуальны залік
pub -> Статыстычная табліца ўдзельнікаў завочнага індывідуальнага тура Беларускай студэнцкай юрыдычнай алімпіяды 2008
pub -> Беларускай студэнцкай юрыдычнай алімпіяды – 2008 Намінацыя: Колькасць балаў за завочны тур
pub -> Агееў А. Р. Спіс Навукова-метадычныя работы І публікацыі
pub -> Асноўныя публікацыі: Манаграфіі




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка