Ідэалагічнае выхаванне падчас вывучэння беларускай літаратуры у сярэдняй школе



Дата канвертавання21.06.2016
Памер46.04 Kb.
ІДЭАЛАГІЧНАЕ ВЫХАВАННЕ ПАДЧАС ВЫВУЧЭННЯ БЕЛАРУСКАЙ ЛІТАРАТУРЫ У СЯРЭДНЯЙ ШКОЛЕ
Л. М. Міхайлава (УА “Сш № 119 г. Мінска”)

В. М. Мышалова (кафедра англійскага мовазнаўства,

філалагічны ф-т БДУ)
У “Тлумачальным слоўніку беларускай літаратурнай мовы” [1, с. 252] слова “ідэалогія” вызначаецца як сістэма палітычных, філасофскіх, маральных, прававых, мастацкіх, рэлігійных поглядаў, светаразуменне. Ідэалагічнае выхаванне ў самым шырокім сэнсе пачынаецца з фарміравання нацыянальнай ідэі, якая павінна прысутнічаць у светапоглядзе грамадзян з ранняга дзяцінства. Так ці інакш нацыянальная ідэя адлюстроўваецца ў культуры, мове, літаратуры, фальклоры, народных традыцыях, звычаях і абрадах – ва ўсім багацці шматвекавой гісторыі беларускага народа. Гэтае багацце нельга не ўбачыць у мастацкіх творах самых розных жанраў і напрамкаў, і беларуская літаратура дае сапраўды неабмежаваныя магчымасці для ідэалагічнага выхавання.

У першую чаргу мы павінны звярнуць вялікую ўвагу на вывучэнне фальклору. У кожнага народа, як і ў кожнага чалавека, свой характар, свой адметны лёс, сваё непаўторнае месца сярод іншых народаў, якія складаюць чалавечую цывілізацыю. Чалавек, як кажуць, “выходзячы на людзі”, дзеліцца з імі лепшым, што ў яго ёсць. Народ жа, адчуўшы сваё высокае прызначэнне ў чалавечай супольнасці, узбагачае яе найлепшымі духоўнымі дарамі, сабранымі за стагоддзі свайго гістарычнага існавання ў самабытную скарбонку вусна-паэтычнай творчасці і фальклору. Нібы найкаштоўнешы здабытак перадаюцца гэтыя дары з пакалення ў пакаленне. І як хваля шліфуе непадатлівыя камяні, так мудрасць народная адшліфоўвае вякамі легенды і паданні, казкі і песні, прымаўкі і загадкі, мудрагелістыя скорагаворкі і зіхотныя пацешкі. Прайшоўшы выпрабаванне часам на трываласць і змястоўнасць, загартаваныя ў нялёгкім побыце народным, цесна звязаныя з гістарычнай мінуўшчынай, кладуцца яны, як дыяменты ў вянок неўміручасці народа, яго мудрасці і сілы. На самых трагічных крутазломах нацыянальнай гісторыі наш народ ніколі не траціў веры ў чалавечую дабрыню, чысціню, сумленнасць і спагадлівасць. Мала таго, беларусы заўсёды сцвярджалі гэтыя высокія маральна-этычныя каштоўнасці ў сваім не заўсёды лёгкім жыцці. Засявалі вясновую раллю ўраджайным зернем, але і не забывалі засяваць сэрдцы сваіх нашчадкаў адборным зернем справядлівасці, чалавечай годнасці і дабрыні, падсілкоўваючы іх россыпам дасціпных жартаў і усмешак. Мы не можам не ганарыцца такім фальклорам, бо стварыць яго мог толькі духоўна багаты, шчодра адораны талентам, мужны і мудры народ. [2, с. 3]



На сучасным этапе развіцця беларускай літаратуры ў кожным творы так ці інакш надаецца ўвага самабытнасці і адметнасці беларусаў. Яскравым прыкладам могуць служыць творы беларускай паэзіі, якія ў першую чаргу паказваюць заклапочанасць аўтараў лёсам роднага слова, бо родная мова заўсёды з’яўляецца захавальніцай нацыянальнай свядомасці і народнай мудрасці, крыніцай духоўнай чысціні і маральнай дасканаласці чалавека. Пры вывучэнні паэтычных твораў Н. Гілевіча, П. Панчанкі, П. Броўкі, Я. Янішчыц, якія прысвяцілі свае вершы гэтай сапраўды невычарпальнай тэме, нельга не звярнуць увагу і на адметную прыгажосць, сакавітасць, мілагучнасць і мяккасць роднага слова.

Часткай фарміравання нацыянальнай ідэі з’яўляецца, безумоўна, выхаванне патрыятычных пачуццяў, любві да роднай прыроды, да радзімы, захаплення яе краявідамі праз літаратурны твор, шанавання багатай духоўнай спадчыны сваіх продкаў. У выхаванні такіх якасцей дапамогуць творы У. Караткевіча, Р. Барадуліна, вершы Я. Коласа і М.Багдановіча.

У сапраўдным патрыятызме абавязкова прысутнічае пачуццё гонару за гераічную гісторыю свайго народа. Неабходна выклікаць цікавасці да такіх постацей, як Рагнеда, Ефрасіння Полацкая, Мікола Гусоўскі, Кірыла Тураўскі. Яскравым прыкладам патрыятызму, безумоўна, з’яўляецца таксама творчасць Ф. Скарыны, які так імкнуўся праз кнігадрукаванне пашырыць асвету сярод сваіх суайчыннікаў. На жаль, падчас вывучэння беларускай літаратуры амаль не надаецца ўвагі гісторыі беларускага праваслаў’я. Мы аддаем дань павагі такім святым зямлі беларускай, як Кірыла Тураўскі і Ефрасіння Полацкая, але пра дзеячаў беларускай культуры XVI-XVII стагоддзяў (Іўліаніі, княгіне Альшанскай, ці Сафіі, княгіне Слуцкай, ці Лявоніі, ігумене Брэстскім) ведаем значна меньш.

Асобна трэба адзначыць дзейнасць змагара за нацыянальнае вызваленне і нацыянальныя ідэі Кастуся Каліноўскага (раман У. Караткевіча “Каласы пад сярпом тваім”).

Вялікае выхаваўчае значэнне такіх рыс беларусаў, як шанаванне мудрасці і вопыту бацькоў, удзячнасці, павагі і міласэрднасці да іх мае твор У. Караткевіча “Нямоглы бацька”. Яго ж твор “Лебядзіны скіт” увасабляе лепшыя чалавечыя якасці ў вобразе мудрага старца і апавядае не толькі пра паходжанне Беларусі, але і пра самаахвярнасць беларускага народа. Неабходна засяродзіць увагу вучняў на тым, што памяць пра сваіх продкау – патрэба кожнага чалавека. Маладых грамадзян нашай краіны варта зацікавіць у стварэнні сямейнага радавога дрэва, у якім яны адлюструюць хаця б чатыры-пяць пакаленняў свайго роду. Нават Нацыянальны Архіў Рэспублікі Беларусь дапамагае ўсім жадаючым здабыць інфармацыю аб продках, дае звесткі пра паходжанне прозвішча і г. д. У сваёй “Песні пра зубра” М. Гусоўскі яскрава падкрэслівае той факт, што князь Вітаўт не ставіў на чале войска таго чалавека са знатнага роду, які ведаў сваёй радаслоўнай да чацвёртага-пятага калена.

У нас проста непараўнальная па сваёй глыбіні літаратурная спадчына, аднак яна дагэтуль не атрымала адпаведнай ацэнкі. Сёння не вывучаюцца ў сярэдняй школе творы пісьменнікаў беларускай замежнай дыяспары. Вартыя асобай увагі, напрыклад, Віктар Карамазаў, які ў лепшых сваіх творах набліжаецца да Дастаеўскага, і Алесь Разанаў – любімы паэт у Польшчы, а на Радзіме – усяго берасцейскі паэт, наш зямляк з вёскі Сялец Бярозаўскага раёна [3]. Пры разглядзе твораў патрэбна падкрэсліваць і адметнасці ў лёсе саміх пісьменнікаў, якія імкнуцца прыблізіць нашу літаратуру да сусветнага ўзроўню, і гэта не можа не выклікаць гордасці. Беларускай літаратурай цікавяцца, яе даследуюць у Расіі (Ірына Вішнявецкая), ў Польшчы (Вацлаў Жытліцкі); яе перакладаюць на многія мовы свету, асабліва гістарычную прозу, што пашырае прысутнасць беларускай культуры на сусветнай прасторы, спрыяе межкультурнай камунікацыі і дыялогу культур, які з’яўляецца галоўнай філасофскай парадзігмай XXI стагоддзя.



Нашы продкі пакінулі нам найкаштоўнейшы дар – беларускую мову ва ўсёй яе глыбіні і ўсім яе багацці, ад якога не варта адмаўляцца. Мова, як і зямля, належыць не нам, а нашым продкам і нашым нашчадкам. А мы належым зямлі і мове.

Літаратура:


  1. Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы: больш за 65000 слоў/ Пад рэд. М. Р. Судніка, М. Н. Крыўко; Афармленне А. М. Хількевіча. – 3-е выд. – Мн.: БелЭн, 2002. – 784 с.




  1. Свяці, свяці, сонейка: Творы беларускага фальклору/ Укладальнік І. К. Цішчанка; Уступны артыкул А. Грачанікава; Рэд. савет: А.Гурскі, М. Зарэмба, В. Зуёнак і інш. – Мн.: Юнацтва, 1997. – 350с.




  1. Кісліцына, Г. М. Алесь Разанаў: Праблема мастацкай свядомасці/ Навук. рэд. Л. М. Гарэлік; АН Беларусі. Ін-т літ. імя Я. Купалы. – Мінск: Бел. навука, 1997. – 141 с.


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка