Ігар Аліневіч Еду ў Магадан



старонка1/7
Дата канвертавання15.05.2016
Памер1.14 Mb.
  1   2   3   4   5   6   7

Ігар Аліневіч

Еду ў Магадан


Уступ. Ігар
Гэта кніга напісана маім сынам пра тое, што адбываецца зараз у сучаснай Беларусі, пра выбар чалавека ў сітуацыі паміж жыццём і смерцю, паміж свабодай і палонам, сумленнем і здрадай. Усё, што здарылася з ім, адбылося ў рэальным жыцці ў ХХІ стагоддзі, у еўрапейскай краіне, якая лічыцца цывілізаванай, напярэдадні і пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 г. Задума гэтай кнігі ўзнікла ўвесну 2011 г. падчас адзінай сустрэчы, якую нам далі ў следчым ізалятары КДБ. Размаўляць можна было з вялікай асцярогай, але мы з мужам былі такія шчаслівыя бачыць яго... Усё, што адбывалася і адбываецца зараз з Ігарам, вельмі падобна да сітуацыі, якую апісвае Анатоль Рыбакоў ў кнізе "Дзеці Арбата". І хоць Сашу Панкратава арыштавалі ў 1933 годзе, гісторыя, нажаль, паўтараецца. Я прапанавала Ігару напісаць пра ўсё, што адбывалася з ім, каб не забыць, каб пакінуць памяць для гісторыі.

Усе мы мяркуем, што беззаконне, бязьмежжа, рэпрэсіі ніколі не датыкнуцца нас саміх і нашых блізкіх. І вельмі важна, каб гэтая сітуацыя зрабілася здабыткам усяго грамадства.

Падрабязнасцей яго скрадання ў Маскве і зняволення ў следчым ізалятары КДБ увесну 2011 г. я яшчэ не ведала. Толькі адбыўся суд, які паказаў усю недарэчнасць і неаргументаванасць абвінавачванняў, прадстаўленых у адрас яго і ягоных таварышаў, Мікалая Дзядка і Аляксандра Францкевіча. Цэлы шэраг падобных судоў адбываўся ў той жа час. Ужо прысудзілі турэмныя тэрміны малодафронтаўцам, Дашкевічу і Лобаву, кандыдатам у прэзідэнты, Саннікаву, Уссу, Някляеву, удзельнікам іх штабоў, маладзёжным актывістам і шматлікім іншым сынам беларускага народу. Турмы і следчыя ізалятары былі перапоўненыя. Амаль адначасова з нашым судом адбываўся працэс над Мікалаем Статкевічам. Апошнія суды жорсткасцю сваіх прысудаў прывялі ў шок - 6 гадоў Статкевічу, 8 гадоў - Ігару. Ужо з'явіліся нейкія чуткі пра умовы ўтрымання ў СІЗА КДБ, пры збіцці, катаванні, жорсткі псіхалагічны ціск. Але я намагалася адрынуць ад сябе ўсё, што чула, не верыла, што такое беззаконне, здзекі маглі адбыцца з маім дзіцём, якога я нарадзіла і выхоўвала для таго, каб ён жыў шчаслівым, стваральным і свабодным жыццём, а не для таго, каб служыў гарматным мясам для рэжыму.

У мяне часта запытваюць, што я адчувала, калі чытала дзённік майго сына. Я пішу гэтыя радкі і, хоць прайшлі ўжо два гады, пры ўспаміне пра гэта ў мяне зноў цякуць слёзы. Канешне, боль. Гэты боль працінае табе душу і сэрца. І тэрміну даўніны ён не мае. Гэты боль не толькі за свайго сына, за сваю сям'ю - гэты боль за беларускі народ, за беларускую моладзь, якая вымушана цалкам несправядліва адбываць турэмныя тэрміны ў жудасных нечалавечых умовах, эміграваць з сваёй краіны, хавацца, трываць прыніжэнні і збіццё толькі за тое, што яна хацела лепшага, свабоднага жыцця для свайго народу. Гісторыя паўтараецца. Намагаючыся захаваць уладу, рэжым знішчае будучае краіны. У той жа час я адчуваю гонар за тое, што здолела выхаваць такога годнага чалавека, як мой сын. Перад абліччам смяротнай небяспекі, застаўшыся ў поўнай ізаляцыі без усялякай падтрымкі звонку, ён здолеў застацца верным сабе, той сістэме каштоўнасцяў, якую засвоіў. І не толькі ён. Снежаньскія падзеі 2010 г. паказалі, колькі вартых людзей жыве ў Беларусі. Яны могуць прылічаць сябе да розных колаў грамадства, да розных партый і рухаў, яны могуць глядзець у розныя бакі, але ў іх б'ецца адно сэрца. Гэта сэрца мужных, сумленных, шчырых патрыётаў, якія захавалі свой розум, годнасць і сумленне і якія не пайшлі на супрацоўніцтва з рэпрэсіўным рэжымам. Ігар, як і ўсе палітычныя зняволеныя Беларусі, аказаўся больш паважаным чалавекам за тых, хто апынуўся ў статку быкоў, што топчуць нашу краіну.


Калі Ігару было 16 гадоў, я яму падарыла верш Р. Кіплінга. Я хацела, каб на парозе ўступу ў дарослае жыццё ён засвоіў ісціны, важныя для сапраўднага чалавека. Даслала я яму гэты верш і перад судом, каб падтрымаць яго, каб ён зразумеў, што свет існуе, што чалавечыя каштоўнасці застаюцца назаўсёды і паўсюль. Нават тады, калі падаецца, што свет рухнуў і ты застаўся сам насам з жудасным цмокам.

Як маці, я адказная за тое, якое жыццё мы прыгатавалі сваім дзецям. Як маці, я ганаруся тым, што выхавала сына, які застаўся Чалавекам.


Валянціна Аліневіч

Кантэкст. Справа анархістаў
«Справа беларускіх анархістаў» была заведзена пасля нападу на расійскае пасольства ў Мінску 30 жніўня 2010 года, калі нікому не вядомая група «Друзья свободы» (ДС) кінула кактэйль Молатава ў машыну, прыпаркаваную на стаянцы ля дыпламатычнага прадстаўніцтва Расійскай Федэрацыі. Паводле заявы ДС, гэта была своеасаблівая акцыя салідарнасці з расійскімі палітычнымі зняволенымі, пратэст супраць рэпрэсій у Расіі. Развіццё і вынікі гэтай справы добра адлюстроўваюць стан грамадска-палітычнага актывізма ў Беларусі.

Насельніцтва Беларусі яшчэ вельмі непаваротлівае ў плане адстойвання сваіх правоў і свабод, якія павольна, але дакладна звужаюцца не толькі пры дапамозе законаў, але нават аднымі дырэктывамі прэзідэнта альбо публічнымі заявамі прадстаўнікоў улады. Пры гэтым свядомасць моладзі часта абмежаваная агульнапрынятай аксіёмай, што ад цябе тут нішто не залежыць і ўсё ўжо вырашана за цябе – амаль 18 гадоў патэрналізму Лукашэнкі выгадавалі цэлае пакаленне. Адначасова няма ніякай магчымасці для публічнага палітычнага самавыяўлення. Абсалютна любая мірная палітычная ініцыятыва ў Беларусі жорстка падаўляецца: робіцца немагчымым правесці легальны пікет ці дэманстрацыю, арганізаваць адкрытую дыскусію ці сустрэчу, затрымліваюць нават наведвальнікаў канцэртаў.

Нядзіўна, што адсутнасці якога б там ні было дыялогу ўлады і грамадства самым рашуча настроеным актывістам адстойванне сваіх поглядаў здаецца магчымым толькі шляхам канфрантацыі.

На гэтым фоне аргументы прыхільнікаў “партызанскай тактыкі” пачалі падавацца больш слушнымі, а менавіта наступныя высновы: па-першае, публічнасць толькі падстаўляе актывістаў пад удар, па-другое, у існуючых умовах легальная і паўлегальна дзейнасць ледзь выконвае сваю задачу прыцягнення новых людзей, па-трэцяе, уплыў мірных ініцыятыў на шырокія масы з дапамогай СМІ застаецца мінімальным. Рэпрэсіі ўладаў і інертнасць мас спрацоўвалі як выклік да канфрантацыі. Таму 2009 і 2010 гады былі асабліва багатыя на радыкальныя акцыі, адказнасць за якія на сябе бралі беларускія анархісцкія групы.

"Зыходнай кропкай" пераходу ад пікетаў і раздач улётак да больш заўважных дзеянняў стала антываеннае шэсце супраць сумесных Расійска-Беларускіх ваенных вучэнняў, якое было арганізавана каля будынку Генеральнага штабу Ўзброеных сілаў у верасні 2009 г. Звычайнае шэсце з банерамі і лозунгамі на гэты раз дапоўніла дымавая шашка, якая прыляцела на тэрыторыю Генштабу.

Пасля антываеннага шэсця сталі адбывацца і іншыя акцыі, дзе выкарыстоўваліся не толькі ўлёткі, банеры і мегафоны, але і піратэхніка і кактэйлі Молатава: напад на казіно “Шангры-Ла” ў Мінску з выкарыстаннем лямпачак з фарбай і фальш-фаера ў знак пратэсту супраць масавага адкрыцця расійскіх казіно ў Беларусі пасля ўказа, які забараняе казіно ў Расіі; атака апорнага пункта міліцыі ў Салігорску, прымеркаваная да адзіных дзён дзеянняў супраць паліцэйскага свавольства ў Беларусі (у разбітае акно кінуты фальш-фаер); атака на ФПБ, пра якую гаворка ідзе вышэй; падпал дзвярэй аддзялення Беларусбанка ў Мінску ў знак пратэсту супраць існуючай фінансавай сістэмы.

Нягледзячы на выкарыстанне новых метадаў, гэтыя акцыі працягвалі насіць сімвалічны характар – шкоду ад іх нельга назваць значнай. Іх галоўны плюс – гэта медыя-эфект. Аднак, прэс-рэліз перадрукоўвалі толькі асобныя апазіцыйна настроеныя СМІ. Афіцыйныя ж у лепшым выпадку абмяжоўваліся канстатацыяй факту, у горшым – прыводзілі здагадкі і меркаванні, якія выстаўляюць анархістаў нематываванымі агрэсарамі і бязмозглымі хуліганамі, што наогул з’яўляецца характэрнай іх рэакцыяй на любую апазіцыйную дзейнасць у Беларусі.

Атака расійскага пасольства кактэйлямі Молатава, якая адбылася 30 жніўня 2010 года і пазбавіла задняга шкла аўтамабіль, прыпаркаваны на яго тэрыторыі, паслужыла спускавым кручком рэпрэсій, што абрынуліся на беларускі лібертарны рух.

Увосень 2010 г. было дапытана больш 150 чалавек, 19 чалавек былі затрыманыя ў якасці падазраваных; пяцёра з іх у выніку былі асуджаны за ўдзел у вышэйузгаданых акцыях прамога дзеяння - гэта Ігар Аліневіч (8 гадоў пазбаўлення волі), Мікалай Дзядок (4,5 гады пазбаўлення волі), Аляксандр Францкевіч (3 гады пазбаўлення волі), Максім Веткін (4 гады абмежавання волі) і Яўген Сілівончык (1,5 гады абмежавання волі).

Падчас іх утрымання пад вартай адбываецца яшчэ адна радыкальная акцыя: «Друзья Свободы» атакуюць кактэйлямі Молатава вароты ІЧУ, дзе ўтрымліваюцца затрыманыя, а ў прэс-рэлізе заяўляюць, што ўлады захапілі не тых людзей, і бяруць на сябе адказнасць за ўсе радыкальныя эпізоды, па якіх затрыманыя актывісты анархічнага руху.

У гэты ж час развіваецца міжнародная кампанія: акцыі салідарнасці пракаціліся па Еўропе, Расіі, дзе праводзіліся ў асноўным мірныя пікеты, і нават Мексіцы, дзе адбыліся напады на банкі. Паказальна, што ў Беларусі радыкальныя метады барацьбы таксама знайшлі свой працяг. У кастрычніку ў знак салідарнасці был атакаваны кактэйлямі Молатава аддзел КДБ у Бабруйску. Пасля гэтай акцыі былі арыштаваны і асуджаны на 7 гадоў пазбаўлення волі Яўген Васьковіч, Арцём Пракапенка і Павал Сырамолатаў.

Ігар Аліневіч, Мікалай Дзядок, Яўген Васьковіч і Арцём Пракапенка дагэтуль знаходзяцца за кратамі. І ў той час як “дзекабрысты” маюць усе шанцы неўзабаве выйсці на волю (рэжым вымушаны будзе вызваліць усіх палітзняволеных, спадзеючыся такім чынам хоць неяк нармалізаваць адносіны з Еўропай), то для асуджаных па “справе анархістаў” гэтая перспектыва не з’яўляецца настолькі ж відавочнай.


А. Жыневіч, сацыёлаг, грамадскі актывіст



  1   2   3   4   5   6   7


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка