Ігар Аліневіч Еду ў Магадан



старонка3/7
Дата канвертавання15.05.2016
Памер1.14 Mb.
1   2   3   4   5   6   7

5

Вынікі прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня мы даведаліся ўночы, калі ў камеру паднялі пятага чалавека, Алега Корбана. Высветлілася, што дзясяткі тысяч людзей выйшлі на вуліцу, і адбыліся сутыкненні каля Дома ўраду. Неяк не верылася...

На наступны дзень мы ўбачылі дзясяткі выгабляваных па крузе драўляных шчытоў-«шконак». Большая частка з іх мела самы свежы выгляд, што падштурхоўвае да яшчэ адной думкі...

Адно стала ясна дакладна: масавыя затрыманні. У той жа дзень Алега забралі. Замест яго паднялі Анатоля Лябедзьку, старшыню АГП. Праўда, партыю мы перайменавалі ў АЗГ (арганізаваную злачынную групоўку). Гучыць прывычней у турэмных катавальнях. Вопытны палітычны дзеяч, ён шмат дзе паспеў пабываць і паўдзельнічаць у шматлікіх справах. Іронія лёсу. Праўда, гэта ніяк не перашкодзіла яму зрабіць нас у даміно і іншыя гульні, з якімі ён быў добра знаёмы, мабыць, па ізалятарах. На знак пратэсту Лябедзька пачаў галадоўку і мужна трымаўся да Новага году.

Тады панаваў настрой, што ўлада вырашыла трохі прыстрашыць апазіцыю і патрымаць пад замком дзён дзесяць. Самая вялікая поскудзь, якая малявалася ва ўяўленні на той момант, была ў тым, што людзей маглі не адпусціць да свята, пакінуць у турмах на пару дзён даўжэй. Але нават такая думка здавалася амаль неверагоднай. Усе так прызвычаіліся, што беларуская дыктатура рыхлей рыхлага, на сур'ёзныя ўчынкі не здольная ў прынцыпе і трымаецца толькі на рабскім менталітэце народа.

Мы зусім не надавалі значэння з'яўленню аховы ў штурмавых масках. Неяк выглядала лагічна, што калі следчы ізалятар моцна перапоўнены, то даслалі ўзмацненне штатнаму персаналу. Мы не ведалі, што азначае ўвод спецназа ў турму. Вопытных зэкаў сярод нас не было...

Але тады яшчэ на выраз «мордой в пол» мы ў гневе агрызаліся, а хамства і грубасць спісвалі на тое, што гэтых грамілаў узялі з якога-небудзь АМАПу. Нават калі нас паставілі на расцяжку падчас ператрусу, спецыяльна вывеўшы для гэтага ў спартзалу, мы ўспрымалі гэта як гнілыя панты, грубыя спробы прыстрашыць, танны фарс, які вось-вось скончыцца. Бо ўся грамадскасць глядзіць цяпер, як разгортваюцца падзеі, увесь Захад пільна назірае за Беларуссю.

Ілюзіі развеяліся, калі ў нас забралі тэлевізар, калі сукамерніка Уладзіміра ахова ледзь не давяла да сардэчнага прыступу (на скаргі адказалі: «Памрэце — вынесем»), калі ў дворыку сталі прымушаць 2 гадзіны хадзіць па коле, калі а 10 гадзіне вечара 31-га снежня Лябедзька сышоў з усімі рэчамі, а праз паўгадзіны яго вярнулі назад... Змянілася СІЗА, змянілася краіна. Улада зрабіла выразны крок у бок адкрытай дыктатуры. Дэманструе сваю ўпэўненасць ва ўласнай сіле, непахіснасці, беспакаранасці.

Гэты Новы Год быў самым неверагодным навагоднім святам у маім жыцці. Нават у фантастычным сне я не мог і ўявіць, што сустрэну 2011 год у засценках КДБ у гэтакай мудрагелістай кампаніі, з кока-колай і шакаладным торцікам на стале, дакладней тумбачцы, пад акампанемент старых песень і з цьмяным чаканнем грандыёзнага шухеру.

На правах старэйшага Уладзімір сказаў тост з серыі «Як цудоўненька, што ўсе мы тут сёння сабраліся!» Лябедзька быў нешматслоўны: «Жыве Беларусь!»

6

2011-ы пачаўся змрочна. Першага студзеня на шпацыры мы з Максам намалявалі снежкамі смайлік і слоган «Vivat anarchia». Толькі вярнуліся ў камеру, як у кармушцы з'явілася галава кантралёра з пытаннем: «І хто ў нас тут мастак?». Я ўзяў на сябе і пайшоў заціраць назад адзін. Памылка. Неяк не звярнуў увагі на эскорт з двух масак, якія зайшлі за мной на двор. Раптам яны загадалі зняць швэдар (бабуля вязала) і ім жа сцерці снежныя майстэрствы. Зразумела, я адмовіўся. Тут жа атрымаў дубінкай у галаву. Першыя секунды я быў у шоку, не мог паверыць, што яны сур'ёзна разлічваюць, што нармальны чалавек будзе распранацца ў мароз і драіць сваёй шмоткай гэтую брудную шурпатую сцяну. Але менавіта гэтага яны і хацелі! Загад — адмова — удар, загад — адмова — удар... Білі ў галаву, па вушах, па шыі, у пах, пад калена, у зубы, вочы. Кроў закiпела, кулакі сціснуліся самі сабой. Убачыўшы такі паварот, маскі адышлі на пару крокаў і ўсталі з дубінкамі наперавес, крычалі, каб расціснуў кулакі, але я іх ужо не чуў. Сітуацыю разруліў дзяжурны, які нечакана з’явіўся за іх спінамі. Пры ім яны не пасмелі працягваць. Унутры ўсё гарэла... На зваротным шляху пры лесвіцы зноў тармазнулі. Тыя ці іншыя, не разабраў. Патрабавалі па камандзе схіліць галаву. Адмова. Магутны удар у галаву, па шыі ззаду. Адмова. Зноў комплексны падыход. Адмова. Дарэшты выведзены з сябе карнік закрычаў:

– Ты што, ідэйны?!

- Так, ідэйны.

- Не разумею, ты — злодзей, ці што?!

— Не.

— Дык, блядзь, за якую ты ідэю?!

— За свабоду я!

А вертухай усё крычаў: «Блядзь! Ідзі на хуй адсюль!!!»

Гістэрычка.

Раніцай наступнага дня экзекуцыя працягнулася. Вычапілі на зваротным шляху з сарціра. На гэты раз маскі сабраліся ўсе разам, чацвёра ці пяцёра. Перагарадзілі дарогу, каманда — апусціць галаву. Адмова. Пару ўдараў, нуль рэакцыі. Ставяць на расцяжку каля сцяны. Пацікавіліся, ці буду далей адмаўляцца. Адказ станоўчы. Рэзкі ўдар па нагах, падаю як падкошаны на калені і локці. Хапаюцца падняць, але дах ужо сарвала, у вачах — чырвоная заслона. Гэта ўжо не я. Адбіваюся ад захопаў, кручуся на падлозе як ваўчок. Скручваюць, пстрыкаюць бранзалеты. Цягнуць у спартзалу. Ставяць на вельмі жорсткую расцяжку, упёршы галавой у сцяну. Расцягваюць ногі берцамі, на галёнцы падэшвай ірвуць скуру. Б'юць пад дых, туды-сюды, але болю ўжо не адчуваю. У крыві ільвіная доля адрэналіну. Падносяць да твару ўключаны электрашокер. Страшна, але толькі мацней сціскаю зубы. Перамовы. Сыходзімся, што буду толькі апускаць позірк пры камандзе «галаву ўніз». Хоць нешта. Цішком мажуць ранкі — перакісам вадароду, мабыць.

Яшчэ праз суткі запісваюся ў медпункт, каб зняць пабоі. На лбе — гематома, калені і локці разбітыя. На галёнцы — шнар. Вусны, вуха... больш чым дастаткова. Аднак замест лекара ўся камера ідзе на прыём да начальніка СІЧУ. У прасторным, добра ўладкаваным кабінеце сядзеў чалавек невысокага росту, але з уладным і самаўпэўненым тварам.

«Вы — тэрарыст?» — жорстка спытаў палкоўнік Арлоў.

«Не».

«Навошта вы збілі дваіх кантралёраў? У мяне вось рапарты ляжаць. Аднаму прыйшлося бальнічны даваць. У іншага — рука пашкоджаная».

Во як! Распавядаю ўсё, як было, але начальнік толькі ўхваліў дзеянні сваіх падначаленых.

«Тут як у войску, — працягваў Арлоў. — Дысцыпліна патрабуе пакарання нават невінаватых. Мне патрэбны парадак і не патрэбныя праблемы. Самі бачыце, з якімі выпрабаваннямі краіна сутыкнулася».

Па дарозе назад да мяне стала даходзіць, што тут усё схоплена, і гэтыя падзеі не былі выпадковасцю. Як і само з'яўленне Арлова, які замяніў ранейшага начальніка СІЗА акурат пасля выбараў. Стала зусім змрочна.

7

Дні, і без таго бязрадасныя, сталі ператварацца ў катаванне. Усё пачыналася раніцай а 6-й гадзіне, з рыкання масак, калі людзей выганялі ў сарцір. Рэзкія ўдары дубінкамі па сценах, парэнчах, падлозе, пастаянныя крыкі: «Галаву ўніз!», «Жывей!», «Бягом!» тонам эсэсаўца, які гарлапаніць «Schneller!» габрэям у Аўшвіцы ля газавых камер. Ляск дзвярэй і тое самае з наступнай камерай. Усё разам гэта стварала гучную і жорсткую какафонію, якая падаўляе волю і сілкуе страх.

Пасля ранішняга абходу дзяжурнага ўсё паўтаралася. Спачатку а палове на дзявятую, калі на шпацыр выходзіла першая змена, затым кожныя 1–2 гадзіны аж да паловы на першую, калі вярталася апошняя змена. З часам мы сталі заўважаць, што на адных гарлапаняць моцна, на іншых — сярэдне, на трэціх — зусім не крычаць. Дыферэнцыраваны падыход.

З 13 да 15 — абед. Пару гадзін адпачынку.

Пасля трэцяй гадзіны пачынаецца другі заход: шмон. Калі раней ператрусы праводзіліся раз у паўтара месяца, то зараз гэта ператварылася ў штотыднёвую працэдуру (канкрэтна ў нашай камеры). Звычайна нас выганялі ў спартзал, дзе мы павінны былі распрануцца і прысесці некалькі разоў. Пасля прамацвання адзення ставілі на расцяжку да сцяны, часцяком з выгнутымі на тыльны бок далонямі, як пэзэ (пажыццёва зняволеныя). Аднойчы мы з Максам прастаялі так паўгадзіны пакуль ішоў ператрус. Памятаю, першы раз стаялі «весела» пяць хвілін, але і гэта — катаванне, пасля якога з цяжкасцю ўдаецца паварушыць нагамі. Пасля 30 хвілін ужо наогул нічога не хочацца. Трымаешся, абы ў прытомнасць не ўпасці, а пад нагамі лужына ўласнага поту і дрыжыкі дзікія ў руках.

А 16:30 другі вывад у сарцір. Усё тое ж самае па ранішняй схеме. І зноў шмон да 18:00. Вячэра. А 20:00 заступае новая змена, якая таксама спрабуе паспець правесці «мерапрыемствы». Тут звычайна тузалі на т. зв. «асабісты дагляд». Гэта азначала збор усіх рэчаў, скручванне матраца з бялізнай, пакоўка прадуктаў і т.п. Затым, з усімі бауламі спускалі ў спартзалу, прычым асобна занесці рэчы дазвалялі толькі ў першыя дні, пасля прымушалі несці на сабе адразу ўсё. Кантралёры вытрэсвалі сумкі, абшуквалі шмоткі, лісты, пакеты; ізноў усё трэба збіраць. Прычым увесь час падганяюць «Жывей!», «Хутчэй!». Не спадабалася хуткасць выканання, яшчэ раз па колу. Назад рэчы не складалі, а запіхвалі. Бо часу было мала. На чарзе стаялі многія іншыя.

Потым пачыналася самае складанае — дарога назад. Спачатку мы хадзілі крокам, затым — бегам. У выніку прыйшлі да шматразовых забегаў. Па камандзе, загрузіўшыся кешарамі і матрацам з прасцінаю, якая вечна выпадае, трэба было бегчы ўверх па вузкай крутой лесвіцы. Амаль на фінішы карнікі спынялі і прымушалі спускацца ўніз. І зноў наверх... Гэтага не вытрымае нават вельмі фізічна моцны чалавек! Дапаўзаеш да нараў упараны, як конь, і нават не раскладаешся — так усё становіцца абыякава.

Закатаваўшы «цялесна і душэўна», карнікі прымаліся за мозг. З 18.00 да 22.00 па мясцовым «СІЗА ТБ» (звычайнае ТБ адключылі яшчэ ў снежні) пачыналі круціць усякія праграмы, з якіх 90% складаў самы сапраўдны шлак. Містыка, псеўдагісторыя, чачэнскія баевікі, тэрарысты, палітыканы, наркаманы, габрэйская змова, даляр-крывасмок... Усё б нічога, але гэта паўтаралася кожны дзень. Дзясяткі разоў адно і тое ж. Яны дзяўблі мозг трывожнасцю, пачуццём небяспекі. Разлік будаваўся, мабыць, на выпрацоўку неўрозаў, у першую чаргу, неўрастэніі. Гэта ТБ-замбаванне было горш за ўсё. Часам даводзілі да панікі і самаразбурэння. Акрамя гэтага, трансляваліся праграмы адкрыта ультраправага зместу. Паказвалі фільмы «Расія з нажом у спіне» і да т. п. Гэта выглядала зусім па-ідыёцку, калі зэкаў пераконваюць, што Пуцін — габрэй, а Расія — сіянісцкая дзяржава. Перыядычна заходзілі кантралёры ў суправаджэнні масак з дубінкамі ў руках. Правяралі, ці глядзім. З часам сталі хітрыць, рабілі гук фонавым, а пасля адключалі зусім.

Шпацыр у дворыку — 1–2 гадзіны — быў аддушынай, нягледзячы на панурыя матава-шэрыя сцены і памер 3 на 6 крокаў (былі дворыкі і меншыя). Кантора на вышцы ўключала радыё (пазней адключылі зусім) або дыскі, часам з цалкам прыстойнай электронікай. Але і тут карнікі здолелі папсаваць нам жыццё: прымушалі хадзіць па колу, першы час з рукамі за спіну. Адмаўляешся — адводзяць назад у камеру. У выніку частка арыштантаў зусім адмовілася выходзіць. Сталі прымушаць. Вельмі не проста хадзіць 2 гадзіны па крузе, калі ўжо праз 15 хвілін зямля пераўтвараецца ў ледзяны каток. Натуральна, лёд ніхто і не думаў пасыпаць пяском. Толькі праз некалькі тыдняў, калі снег пачаў раставаць і людзі падалі ў гэтай слізкай жыжцы кожны дзень, пясок з'явіўся.

Лісты зніклі рэзка. Яшчэ ў снежні я паспеў атрымаць цэлы стос, але са студзеня ўсё стала амаль ніяк. Даходзілі толькі асобныя лісты ад асобных людзей: бацькоў, родных, пары сяброў і разавыя лісты ад таварышаў, дзе па тэксце складана было зразумець, што гэта — палітычныя. У залежнасці ад паводзінаў, зместу гутарак у камеры, лісты ішлі ад некалькіх дзён да месяца. У сярэднім, два тыдні для тых, што з Менска ў Менск.

Лісты — падступная штука! Яны выдатна падымаюць настрой, асабліва, калі апісваюць розную драбязу з нармальнага паўсядзённага жыцця. Але вераломства ў тым, што карнікі, рэгулюючы плынь і фільтруючы пошту, могуць ствараць непраўдзівае ўражанне пра сапраўднае стаўленне людзей да цябе, пра рэальнае становішча справаў на волі. Напрыклад, пішуць некалькі прыкладна роўных па адносінах людзей, але прапусцяць толькі аднаго, а потым і яго абразаюць. Вось і пачынае здавацца, што на цябе забыліся і нікому ты не патрэбны. Ці могуць сабраць запар некалькі лістоў з негатыўнай інфармацыяй. Гэта цяжка. Вядома, розум тысячу разоў паўтарае, што гэта — падстава і не трэба браць да галавы, але чарвячок сумнення точыць падсвядомасць. Ад гэтага нельга ўцячы. На гэта і ідзе разлік.

Ва ўмовах інфармацыйнага вакууму выбарачная падача інфармацыі ўплывае незалежна ад таго, хочаш ты ці не. У гэтай сітуацыі неабходна паўтараць як малітву «Прыйдзе час, і я даведаюся ўсё, як было», што я і рабіў штодня. Нягледзячы на тэхналогіі фільтрацыі, сёе-тое яны выпусцілі. Вестачкі ад сяброў, якія я паспеў атрымаць у самым пачатку, далі мне дадатковую кропку апоры. Сябры... Колькі гадоў сумеснага шляху, вясёлых тусовак, адвязных прыгод, душэўнага разумення. Здавалася, што гэта будзе вечна. Хто мог думаць, што замест штурму драўляных сцен ралявога замка ў кальчугах і шлемах вы будзеце штурмаваць засценкі гэтага «чырвонага дома» лістамі з волі. Кожнае пасланне са словамі падтрымкі, што я атрымаў, апынулася бясцэнным. Гэтыя словы бударажылі памяць, не давалі забыцца, кім я быў і хто я ёсць, не дазвалялі карнікам ляпіць з мяне сляпое паслухмянае пудзіла.

8

У пачатку студзеня ў камеры адбыліся перастаноўкі, якія вызначылі будучы склад выпрабавальнага вальеру №4. Валодзю і Лябедзьку прыбралі, а на замену даслалі Малчанава Саню і Фядуту Аляксандра. Абодва — палітычныя.

Малчанава ўзялі ў першыя дні студзеня ў Барысаве. «Апазнаны» па відэакамерах. Вонкава ён выглядаў хваравіта хударлявым студэнтам-ідэалістам. І можа быць, таму яго прэсавалі асабліва жорстка. Ён рэгулярна падвяргаўся марш-кідкам. Яго часцяком чаплялі за шыю і галаву, крычалі і зневажалі. Чэкісты з першага дня ўзялі яго ў актыўны абарот і выціснулі пакаянне на камеру і прызнанне віны. Памятаю, дзверы адчыніліся і ў камеру ўвайшоў адзін з масак — без маскі (!) — з дубінкай наперавес. Мы думалі, зараз будуць маскі-шоў (масавае збіццё ўсёй камеры), але ён вычапіў аднаго толькі Саню і вывеў яго з камеры. Прычым з такім выглядам, як быццам бы на расстрэл. Пытанне Кірыла: «Мужыкі, што будзем рабіць?» павісла ў паветры.

З часам мы спазналі Саню з іншых бакоў. Удзельнік дэмакратычнага руху з юных гадоў, да сваіх дваццаці гадоў ён паспеў шмат дзе засвяціцца. У вольны ад палітыкі час захапляўся сталкерствам і чытаннем. Такі станоўчы лад жыцця прывёў да таго, што Малчанаў стаў свайго роду тэлезоркай плошчы 19 снежня. Былі зафільмаваныя і зрыў дзяржаўнага сцягу з будынку КДБ, і размахванне бел-чырвона-белым сцягам на даху снегаўборачнага трактара... Пасля кожнага прэсу Саша не адчайваўся, а мацюкаў чэкістаў на чым свет стаіць, хоць ведаў, што камера праслухоўваецца і вядзецца відэаназіранне.

Аляксандр Фядута выявіўся 46-гадовым мужчынам у акулярах. Наколькі буйны ў целе, настолькі буйная палітычная фігура. На выбарах і агулам. А быў ён паліттэхнолагам і адным з кіраўнікоў штаба кандыдата ад апазіцыі Някляева. Ён ствараў уражанне вялікага гуманіста XVIII стагоддзя і таямнічага шэрага кардынала. Аляксандр ледзь не ночыў на допытах. 8–12 гадзін у інквізітараў былі стабільна яго. Нягледзячы на быццё яго ў ролі палітычнай акулы, мы хутка паладзілі. Калісьці Аляксандр быў школьным настаўнікам, правадыром камсамола, журналістам, які сустракаўся з Горбі. Затым адным з верхаводаў брыгады Лукашэнкі, а цяпер стаў яго вязнем. Жыццё — гэта жыццё. Аляксандр выявіўся не толькі палітыкам, але і прафесійным літаратарам і выдатным апавядальнікам. Гэтую рысу мы актыўна эксплуатавалі. Успамінаецца, як уся камера пасля адбою, прытаіўшы дыханне, слухала «Графа Монтэ-Крыста» ў пераказе. Было цікава назіраць за асобамі сукамернікаў, калі граф ажыццяўляў чарговы акт помсты: напэўна, кожны пракручваў ва ўяўленні сваю сітуацыю, прымяраючы на сябе ролю графа. І ў маіх крыважэрных фантазіях таксама усплывала некалькі персанажаў - якраз чацвёра.

Чым больш нас прэсавалі, тым мацней у камеры гучаў смех, тым актыўней мы гулялі ў настольныя гульні. Найбольшай папулярнасцю карысталася зэкаўская распрацоўка гульні, якую Фядута, як генетычны інтэлігент, неадкладна перахрысціў ў «таракашку». [На крайні выпадак, каб у адпаведнасці са слоўнікам - «тараканчыка». Але лепш гэтага не рабіць, бо губляецца асацыяцыя з «мандавошкай».] Зразумела, мы не маглі не скарыстацца сітуацыяй для падколаў на гэтую тэму.

Супрацьстаяць таму жаху дапамагала выключная камерная салідарнасць. Конскі смех і чорныя жарты служылі спосабам псіхалагічнай абароны, бо розуму мірыцца з тым, што адбываецца, было немагчыма.

У харчовым плане быў пабудаваны камунізм у асобна ўзятай камеры. Як правіла, да абеду і вячэры прысаджваліся за стол (дакладней, тумбачку, засланую газетай) усе разам. Звычайна Кірыл, а пазней і я, рыхтаваў салату. Наразаліся гародніна, цыбуля, зеляніна, часнык, хлеб, сала і каўбаса. Пасля я ўсё ж такі вярнуўся на вегетарыянскія цвярдыні і нават сагітаваў Макса. Чай, кава, печыва, прысмакі, садавіна таксама збольшага абагульняліся. Кожны проста выконваў меру з дэфіцытным прадуктам, і праблем не ўзнікала.

І ўсё ж такі з узмацненнем здзекаў з боку карнікаў здараліся дні, калі праз страх і роспач ніхто амаль не размаўляў. Мы супраціўляліся: усё часцей размаўлялі шэптам у мёртвай зоне, схаванай ад відэакамеры. Калі нас прымушалі перасоўвацца бегам (абавязкова з рукамі за спінай і апушчанай галавой), мы ставілі наперад Фядуту. Такім чынам, ніхто не адставаў і апошняга не падганялі дубінкамі.

Карнікі спрабавалі разбурыць салідарнасць. Як быццам адмыслова праводзілі шмон або «асабісты дагляд» падчас настольнай гульні, калі ў запале азарту мы забывалі пра ўсё. Ці адных шманаюць, а іншых — не, каб выклікаць зайздрасць і падазрэнне. На арыштанцкім жаргоне гэта называецца «повестись на мусорские мармыли». Мы не вяліся, але на ўзроўні падсвядомасці ўсё роўна заставаўся асадак. На гэта і быў разлік, як аказалася пасля. У ход пускаўся і падман.

Так, пасля чарговага допыту, Фядута з ганку заявіў: «Мужыкі, што я такога зрабіў? Чаму вы напісалі заяву на адсяленне мяне ў іншую камеру?» Мы нават асалапелі ад гэткай нахабнай хлусні. Зрэшты, няма чаму дзівіцца: нашай камерай і раней палохалі як прэс-хатай наркаманаў і тэрарыстаў. Не варта думаць, што такі падман праходзіў на чалавечай дурасці і даверлівасці, бо майстар-клас маніпуляцый паказваў сам новаспечаны начальнік СІЗА, палкоўнік Арлоў.

9

Выклікі да гаспадара «амерыканкі» — асобная тэма. Ва ўсім гэтым дурдоме толькі яго кабінет уяўляў сабой лагуну супакою і міру. Звычайна ён сустракаў вельмі добразычліва, умеў цікава гаварыць і выслухоўваць. Ён не піў і не паліў. Распавядаў, што ўдзельнічаў у аперацыях у гарах, сядзеў дзесьці ў азіяцкай турме. Нават неяк не верылася, што менавіта ён катуе нас, гуляецца, як кот з мышамі, дырыжуе ўсёй гэтай трагікамедыяй. Ён не рабіў тапорных памылак, як простыя оперы. Ён мог цішком пацікавіцца меркаваннем пра сукамернікаў. Памятаю, як ён прапаноўваў паглядзець фоткі, дзе, маўляў, адлюстравана, што Лябедзька не выконваў галадоўку. Тут ён даў маху, бо гэты фокус ён праварочваў з кімсьці іншым, яшчэ раней. У тым выпадку кампутар «раптоўна» падвіс пры спробе адкрыць фотаздымкі. Тое ж самае адбылося і са мной, так што я не здзівіўся. Да таго ж я асабіста бачыў, як Лябедзька за некалькі дзён значна саслабеў, пачаў хістацца, нават твар ягоны збялеў.

Арлоў казаў пра сітуацыю ў турме як пра «адказ на той выклік, з якім сутыкнулася краіна». Ён параўноўваў апазіцыю з французскімі рэвалюцыянерамі, якія падводзяць акалічнасці да тэрору, і «невядома, чый тэрор будзе горшы».

Увесь час мне даводзілася быць у максімальным напружанні: сачыць за кожным словам, сачыць за ходам думкі (яго і сваёй), сачыць за дыялогам у цэлым. Гэта вельмі не проста. Заўсёды ёсць небяспека выказаць меркаванне або нейкую дэталь, якую ён для праўдападобнасці зможа ўплесці ў размову з іншымі вязнямі, пасеяўшы тым самым сумнеў і разлад. Не гаварыць з Арловым было немагчыма. Неаднаразова я ішоў з думкай звесці размову да аднаскладовых адказаў, але раз за разам Арлову ўдавалася разгаварыць мяне. У кабінеце знаходзіўся прыгожы сервіз, пернікі, каньяк — усё як у фільмах.

Ніякай гарбаты з карнікамі! Я так адразу і заявіў, і паўтараў кожны раз, калі начальнік прапаноўваў. Людзі чамусьці думаюць, што гэта — драбяза. Маўляў, калі мент паводзіць сябе культурна і прыстойна, то можна і гарбатку паганяць. Тым самым прызнаюцца дапушчальнымі ўсе тыя здзекі і падман, якім падвяргаюць зняволеных. Турэмшчыкі дзеляцца на два тыпа: кепскія і вельмі кепскія. Гэта — аксіёма. Любая далікатнасць з іх боку ёсць элементам павуціння, закліканага выклікаць падсвядомы давер. Арловым практыкавалася падладжванне праз далучэнне да сістэмы каштоўнасцей (згода з шэрагам вашых думак), а таксама адлюстроўванне (перайманне позы). На жаль, мае веды ў гэтай галіне вельмі сціплыя, і большая частка гэтай псіхалагічнай асады засталася для мяне нябачнай.

Я прымаў контрмеры. У якасці абароны, гледзячы на начальніка напалоў пасмешліва, я паўтараў у думках раз за разам: «Гэта ён мяне душыць, зневажае, прыносіць боль блізкім мне людзям. Ён — вораг. Усё, што ён кажа, хлусня».

Нянавісць да ворага... Неяк адзін прыяцель распавядаў мне, што, спакушаючы дзяўчыну, трэба распранаць яе позіркам. Для надзённай сітуацыі я адаптаваў гэты падыход наступным чынам: ўяўляў, што праз увесь стол хапаю начальніка за горла адной рукой і душу, а ён хрыпіць, зыходзіць пенай, выпучвае вочы, панікуе ў беспаспяховай спробе расціснуць сталёвую хватку. Дапамагала выдатна!

Арлоў адкрыта абмяркоўваў метады катаванняў, маральны бок справы. Ён сцвярджаў, што яго мэтай з'яўляецца прымусіць нас сумнявацца. На маё пярэчанне, што мы яшчэ не асуджаныя, ён нічога не адказаў. Зрэшты, ужо тады было ясна, што чалавек вінаваты для іх не тады, калі суд выносіць свой вердыкт, а калі чалавек трапляе пад падазрэнне. Яны ж не могуць памыляцца! КДБ. Куды ўжо простым смяротным да іх!

З размоваў мне стала вядома, што яны практыкуюць індывідуальны падыход да кожнай камеры і да кожнага чалавека. Толькі 18 камер, каля 60 арыштантаў. Вялікіх тэхнічных сродкаў і буйнога штату супрацоўнікаў не патрабуецца. Усё дакладна планавалася: калі, дзе і колькі разоў. Як праводзіць шмон, каго падвяргаць персанальнай экзекуцыі, дзе пакінуць святло на ноч, дзе забараніць паліць. Нават каго зачапіць у страі падчас прагонаў у туалет ці на шпацыр. Арлоў пры мне тэлефанаваў кудысьці і даваў інструкцыі, каб Малчанава два дні не чапалі. Ну і, вядома ж, камеры ператусоўвалі, каб ускладніць ці палегчыць жыццё.

- Свет — гэта зграя ваўкоў. І больш моцная зграя заўсёды спрабуе ўрваць у меншага суседа. Я атаясамліваю сябе са сваёй зграяй, і яе дабрабыт — ёсць дабрабыт маёй сям'і, блізкіх, супляменнікаў, — разважаў Арлоў пра свой светапогляд.

На гэтыя патрыятычныя довады мне было, што сказаць.

- Класіка фашызму. Пачытайце Мусаліні, вам спадабаецца, - каментаваў я. - Так, карціна цывілізацыі такая, як ёсць сёння, не паспрачаешся. І з ваўкамі ўсё ясна. Толькі, што ў вашым свеце рабіць простым антылопам, якія цягнуць гэтых ваўкоў на сваім карку?

Падобна на тое, што антылопам заставалася толькі крычаць і сядзець, выконваць харчразвёрстку, здаваць скуру на ваенныя рамяні і ранцы. Ну а пакуль антылопаў у залежнасці ад паводзінаў вадзілі да начальніка альбо культурна, без кайданкоў, альбо «ластаўкай». «Ластаўкай» — гэта калі кайданкі захлопваюць за спінай і выкручваюць рукі ўверх настолькі, што пры жаданні можна пацалаваць уласныя чаравікі. І так па калідорах, па прыступках, зноў-такі нібы я пэзэшнік. Аднойчы забыліся інструкцыю наконт мяне. Тэлефанавалі начальніку, удакладнялі, як менавіта весці. «Я вам учыню Гуантанама тут», — пагражаў Арлоў. Так Амерыканка стала Гуантанамкай.



1   2   3   4   5   6   7


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка