Ігар Аліневіч Еду ў Магадан



старонка4/7
Дата канвертавання15.05.2016
Памер1.14 Mb.
1   2   3   4   5   6   7

10
У канцы студзеня забралі Фядуту. У камеры стала зусім паныла. Я бавіў час за энцыклапедыяй па псіхалогіі, якую мне такі купілі праз некалькі тыдняў пастаянных заяваў. Па вечарах вучыўся маляваць паводле дасланага бацькамі дапаможніка. Ці адціскаўся ад падлогі або на нарах, як на брусах.

Часам раздавалася жахлівае рыканне масак, якія як звычайна здзекаваліся з кагосьці. Гэта даводзіла да адкрытай панікі. І толькі фіза дазваляла хоць неяк даць рады сабе.

Цішком абмяркоўвалі сцэнары вострых эпізодаў для фільма «Піла 8: ніхто не забыты». Зразумела, з вертухаямі ў галоўнай ролі. Нянавісць пералівалася праз край і ўяўленне бурліла яркімі крывавымі фарбамі. Смех усё часцей насіў гістэрычны характар. Спецыфічны турэмны гумар, створаны пераломнай жыццёвай сітуацыяй і замкнёнай прасторай, узведзены ў ступень бесчалавечнага абыходжання, падмяніў нармальныя чалавечыя жарты.

«Вядома ж, было немагчыма даведацца, ці ў гэты момант за табою сочаць. Як часта і паводле якога графіку Паліцыя Думак уключалася ў чыйсці індывідуальны канал — можна было толькі здагадвацца. Магчыма нават, яна сачыла за ўсімі бесперапынна. Але, у кожным разе, яна магла ўключацца ў ваш канал, калі толькі хацела. Аднак трэба было неяк жыць, і неяк жылі, і звычка рабілася інстынктам, калі ты ведаў, што кожнае тваё слова будзе пачутае, кожны твой рух, калі толькі не ў цемры, будзе заўважаны»4.

Гэтыя словы з раману Джорджа Оруэла «1984» лепш за ўсё адлюстроўваюць той псіхалагічны стан, у якім знаходзіўся кожны з нас. Толькі святло ў нас ніколі не згасала. Было дзённае святло — 100 Вт лямпачка, было начное, настолькі яркае, што можна было чытаць. Здаралася, што па некалькі дзён запар спалі пад святлом адразу двух лямпаў. Кантралёр толькі бездапаможна адказваў: «У мяне загад». Кожны тыдзень станавілася ўсё горш. Метадычна, крок за крокам. Мы чакалі нейкай развязкі, таму што так далей было нельга. Адчувалася мяжа.

Тады ўзнікалі моманты «другой хвалі». Адна справа — адчуваць страту, бяссілле перашкодзіць чаму-небудзь. Але пакуль ёсць гэта «нешта», самаасэнсоўваеш сябе, сваё становішча, хто ты. А тут пачынае здавацца, што нічога і няма, і нічога не будзе. Аднастайнасць забівае настолькі, што ўжо і не ўяўляеш іншага раскладу. Каменны мех у пустэчы з немудрагелістым наборам знешніх раздражняльнікаў, заўсёды адных і тых жа. Адчуванне ліхалецця, без пачатку і канца. Ляжыш на нарах і не можаш устаць, таму што незразумела, што важней і актуальней: метэарыт у космасе ці гарбаты папіць, пакуль кіпяцільнік ёсць. Шызафрэнічны распад свядомасці. І тады стараешся, як ненармальны, рыхтаваць салату, наразаць усё, што ёсць, уперамешку, адціскацца, праз сілу сядаць за шахматы. Займаешся бытавымі рэчамі кожны дзень, як рытуал, — гэта становіцца тваім панцырам супраць вар'яцтва. Але часцяком наведваў і іншы госць — страх. Тады заставалася толькі своеасаблівая саматэрапія.

Бывала, згортваешся абаранкам на нарах, зачыняешся, каб нічога не бачыць і не чуць, і ўпотай глядзіш на фотаздымак, дасланы невядомым чалавекам з Піцера. На ім — суцэльнае чорнае воблака, у якім ледзь-ледзь адгадваюцца абрысы фігуры з каменя, сціснутай у кулак. Здаецца, зусім ужо завалакло гэты камень, але ўсё роўна стаіць непарушна, як маяк у тумане. Колькі людзей прайшло праз турмы і лагеры, ганенні і катаванні. Шмат разоў я чытаў пра іх і ведаю, што гэтым людзям прыходзілася па-сапраўднаму цяжка. Колькі іх згінула ў абсалютнай галечы і невядомасці. І ўсё роўна ішлі, усё роўна не змірыліся. Гэтая барацьба — супрацьстаянне свабоды і рабства — чырвонай лініяй праходзіць праз усю гісторыю чалавецтва.

Мяняліся эпохі, цывілізацыі, назвы, але сутнасць заставалася той самай: антаганізму памкненняў простага чалавека і памкненняў гаспадароў (роду, веры, грошай, становішча). Чалавек vs улада, ва ўсе часы. Я — толькі маленькая часціца ў гэтай стыхіі пачуццяў, думак, дзеянняў. Як кропля ў акіяне: без мяне ён менш не стане, але сам цалкам складаецца з такіх вось кропелек, і кожны ўносіць сваю лепту ў агульны рытм акіянічнага біцця. Няхай карнікі робяць са мной, што захочуць, я ўсё роўна перамог...

11

У пачатку лютага маскі азвярэлі дарэшты. Была пятніца, трое ў камеры захварэлі на грып. Усю ноч трэсла: тэмпература, дрыжыкі. Назаўтра схадзілі да лекара, ён выпісаў таблеткі. Увечары тузанулі мяне і Малчанава з усімі шмоткамі. Навучаныя горкім вопытам, мы выклалі кнігі і іншыя цяжкія рэчы. Як звычайна, спусцілі ў спартзал, але чамусьці крокам і без рыкання. Падазрона ціха. Нічога добрага гэта не прадказвала. Кешар і пакеты выварочваюць, звальваюць змесціва ў адну кучу. Чаканне басанож на бетоннай падлозе голым. Пачалося.

«Сабраць рэчы!», «Жыва!», «Што незразумелага?!!», «Жывей!», «Я сказаў!!!», «БЕГАААААМ!!!!»

Па лесвіцах, калідорах. Заганяюць у «дурхату»5 ў склепе. Зноў шмон. Ставяць на расцяжку і сыходзяць, але перыядычна падыходзяць да вочка праверыць. Збор шмотак, ледзь паспяваеш апрануцца, матрац пад паху і бягом па калідоры на лесвіцу, якая вядзе ў цэнтр гэтага неакалізея. На фінішы стаіць карнік і гарлапаніць: «Занадта павольна, назад!». Іншы падганяе. Чую, як на іншай лесвіцы ганяюць Саню Малчанава. Свалата. Вяртаюся назад у «дурхату». Дзіка горача, пот льецца літаральна ручаём, у галаве туман. Гэта — мяжа. Калі пераступіць, то што будзе далей??? Усё, пляваць.

Карнік гарлапаніць:

– Дубль два! БЕГАААМ МАРШ!!!

— Не.

— Я сказаў. Узяў рэчы і бегам, жывей!!!

— Я адмаўляюся.

— РЭЧЫ Ў РУКІ І БЕГАМ!

— Рабі што хочаш. Больш не пабягу.

Некаторы час ён глядзеў на мяне, затым ідзе за другім, нешта шэптам абмяркоўваюць. Затым другі карнік падыходзіць і, як ні ў чым не бывала, самым ветлівым і міралюбным тонам кажа: «Збірайце вашы рэчы і праходзьце ў камеру». Я аж асалапеў, не верачы сваім вушам. Настолькі гэты тон супярэчыў сітуацыі. Аказваецца, яны ўмеюць гаварыць па-чалавечы. Усё...

...Не сцелючы матраца, падаеш проста на жалезныя пруты. Сілаў няма ні на што. У галаве ўсё хадуном. Саня завальваецца следам. Ледзь жывы, бледны як смерць. Яму дрэнна, ванітуе. У камеры магільнае маўчанне. Кірыл з Максам яшчэ так не траплялі. Усім страшна. Ды якое страшна?! Жах пракраўся ў кожны атам цела і розуму настолькі, што ўсе сядзелі моўчкі, баючыся сказаць хоць слова...

Я ліхаманкава цямлю, што рабіць. Сітуацыя падышла да рысы, пераступіўшы якую паважаць сябе ўжо немагчыма. Яшчэ адзін крок, і тады што заўгодна стане магчымым. Прыходзіць дакладнае разуменне, што такога і блізка дапускаць нельга. Катэгарычна. Трэба ісці ў адмову ў самым пачатку, не збіраць рэчы. Калі гэта будзе не чарговы прагон, а перасяленне ў іншую камеру, прыйдзе дзяжурны. А так яго ніколі няма. Спецыяльна адсутнічае, каб не быць сведкам. Хітра прыдумалі, сволачы.

Назаўтра дзяжурны спытаў: «Ну, хто яшчэ хворы?»

Праз некалькі дзён здарыўся самы жорсткі прэс за ўсю гэтую чорную зіму. Роў стаяў такі, што гук выразна даносіўся са спартзалы, г. зн. праз двое дзвярэй і цэнтральны хол. Мы не маглі ні чытаць, ні пісаць, ні гуляць, ні проста ляжаць. Хтосьці хадзіў наперад-назад, хтосьці адціскаўся. Некалькі гадзін у чаканні, увесь час адчыняюцца суседнія камеры, але чамусьці праходзяць міма нас. Звонку даносіцца крык: «Легчы! Устаць! Легчы! Устаць!...» Гэта — жах. Ніхто не глядзіць адзін аднаму ў вочы і толькі губы выдаюць «сукі, пачвары, свалоты...». Вячэра. Значыць, нашу камеру пранесла. Але ці надоўга? Цуда не здараецца двойчы, у наступны раз абавязкова зачэпяць.

У суботу з самай раніцы мяне адвялі да начальніка. Арлоў, апрануты па грамадзянцы, сустрэў мяне ветліва. Адразу ж спытаў мяне:

«Што вас трывожыць?»

Затым ён прама сказаў нешта наконт майго стану і што яму даручана развеяць «непаразуменне».

«Бо гэта ўсё не больш, чым тэатральная пастаноўка», — казаў ён даверліва-добразычлівым тонам. — «Мы пільна сочым за станам кожнага і запэўніваю вас, нічога нікому на самай справе не пагражае».

І дадаў:

«Галоўны вораг — уласны страх. Не трэба рабіць паспешлівых дзеянняў, і любую праблему можна вырашыць вось тут».

Я быў у шоку. Якім чынам гэта стала вядома? Няўжо ўсе гэтыя размовы пра псіхалагічны кантроль — не пусты разгон?

Пытаюся ў лоб:

«Як вы даведаліся?»

«Па вачах», — сур'ёзным тонам адказаў грамадзянін начальнік СІЗА КДБ.

12

Дзясятыя дні лютага адзначыліся пачаткам «пацяплення клімату». Штосьці, відаць, адбылося на волі, узровень прэсу значна панізіўся. Забегі з г. зв. «асабістым даглядам» спыніліся. Шмон стаў мякчэйшым, радзейшым.

23 лютага Кірыл упаў з лесвіцы. Па замацаванай маскамі звычцы, ён спускаўся ўніз бегам з рукамі за спінай, не трымаючыся за парэнчы. Я ўпершыню бачыў гематому на палову спіны. У Кірыла быў болевы шок. Яго трэсла так, што ён не мог ні нармальна размаўляць, ні нават паліць. У выніку павезлі ў шпіталь. Мяркуючы па абрыўках размоваў паміж кантралёрамі, былі і іншыя падобныя выпадкі. Так ці інакш, на наступны дзень карнікі крычалі на нас за тое, што... мы перасоўваліся бегам і не трымаліся за парэнчы!!!

З кожным днём мы ўсё радзей і радзей бачылі масак, і, нарэшце, да пачатку сакавіка іх не стала зусім. З плячэй быццам камень зваліўся. Стала лягчэй дыхаць. Больш мы не хадзілі па дворыку колам, хоць неаднаразова чулі, як гэта прымушалі рабіць суседзяў. Дыферэнцыраваны падыход захаваўся, але стаў вытанчаным.

Цікава назіраць, як ва ўмовах росту ўладных паўнамоцтваў змяняюцца шараговыя выканаўцы. З ветлівых і лагодных некаторыя станавіліся адкрытымі быдлам. Як, напрыклад, парачка, якая запомнілася ўсім: Вася і Жаба. Апошні аднойчы вычапіў да масак толькі таму, што я не падняўся пры адкрыцці дзвярэй. Паставілі на расцяжку, абступілі гуртом. Жаба ўрэзаў па назе так, што ледзь выстаяў. Было бачна, што гэтыя двое хочуць давесці маскам, што яны таксама «крутыя пацаны». Лаш’ё маркотнае, ужо праз месяц хадзілі па струнцы.

Былі і тыя, хто не ступіў на сцежку аскаціньвання, заставаўся чалавекам. Але ўсё роўна трэба разумець, што шасцёрка ёсць шасцёрка. Гэтыя самыя прыстойныя ўсё роўна павінны выконваць загады. Няхай яны самі і не праводзілі экзекуцый, але пры гэтым вялі нас да тых, хто праводзіў. Праблема не ў людзях, праблема ў сістэме, што дазваляе ўчыняць бязмежжа.

Саню і Кірыла асудзілі. Малчанаў адхапіў траяк, а Кірыл альбо «хімію», альбо ўмоўна: у камеру ён ужо не вярнуўся. Нас гэта нават трохі працверазіла: аказваецца, у гэтай падводнай лодцы ёсць выхад. Што характэрна, ні той, ні іншы так і не атрымалі магчымасці сустрэцца з адвакатам.

Прыкладна тады ж мы даведаліся, што Міхалевіч — адзін з «дзекабрыстаў» — заявіў пра катаванні ў Амерыканцы і даў драпака ў Чэхію. Са здзіўленнем прачыталі (нам сталі прыносіць «Белгазету»!), што гэты ход выклікаў некаторую крытыку ў яго адрас. Напэўна, хтосьці не разумее, што жыццё палітуцекача — не цукар. Чужая краіна, чужыя людзі і надзея вярнуцца толькі адна: змена рэжыму. Кожны дзень мы загіналіся ў гэтым пекле і невядома, да чаго б дайшло, калі б не гэты самаадданы ўчынак. За гэта дзякуй ад многіх вязняў чырвонага дому тых часоў!

Была прызначаная пракурорская праверка, праўда, ліпавая.

Аднак на той момант мяне больш хвалявалі іншыя навіны, якія прасачыліся, нягледзячы на амаль поўную ізаляцыю. Усе гэтыя месяцы мяне мучылі думкі пра маіх сяброў. Ці змог схавацца Дзіма, як трымаюцца Саша і Коля (з Малчанавым я паслаў ім на «Валадарку»6 вуснае паведамленне), і што будзе рабіць Дзяніс. Калі ўсе іншыя, хто даў паказанні, былі для мяне людзьмі пасрэднымі, то з гэтым чалавекам сітуацыя была прынцыпова іншай. Даўным-даўно мы пазнаёміліся на панк-сэйшне і адразу ж трапілі ў буйную калатнечу з фашыстамі: за зрыў канцэрту Toro Bravo мы адказалі проста на Кастрычніцкай плошчы Менска сілай у 150 чалавек. У тыя гады (канец 90-х - пачатак 2000-х) нараджалася некамерцыйная музычная сцэна – D.I.Y7 - і яна мела патрэбу ў абароне, бо ультраправыя не цярпелі людзей, якія адкрыта прамаўлялі «Расізм - дзярмо» і «Смерць фашызму!». Кожны дзень на вуліцах ішла нябачная вайна, пастаянна адбываліся нейкія падзеі: канцэрты, тусоўкі, сходы, сутычкі, буйныя сутыкненні, палітычныя акцыі. Гэта быў свет, якім мы жылі, за які мы змагаліся, які ўзбагаціў і сфармаваў нашыя асобы, і які загартаваў наш характар, бескампраміснасць і волю да перамогі. Так што за тыя гады нам выпала шмат што перажыць і прайсці разам. І хоць два-тры гады таму я адышоў ад субкультуры, а Дзяніс, наадварот, сканцэнтраваўся на каляфутболе, але адзін аднаго з-пад увагі мы не гублялі і ў патрэбны момант дапамагалі адзін аднаму. Асабліва ў апошні год, калі ў мяне здарыліся жорсткія страты ў асабістым жыцці, і свет стаў зусім шэры, а характар - чэрствы. Тады менавіта зносіны з Дзянісам дапамаглі пераадолець гэтую чорную паласу.

Па жыцці нямногіх сяброў можна назваць сябрамі. Але, калі трапляеш у турму, то разумееш, што іх яшчэ менш, чым меркаваў. Справа не ў паказаннях супраць цябе, не ў прысудзе. А ў прынцыпе, што мацней: страх ці сяброўства? Які б ні быў тэрмін, ён пройдзе, а верны сябар застанецца назаўсёды. Мяне грызлі сумневы, але я верыў. І таму, калі даляцела вестка, што мой блізкі сябар (Дзяніс) у інтэрнэце выклаў ролік з адмовай ад паказанняў, я хадзіў у эйфарыі. Не ўсё ж гэтым гадам піць нашу кроў! Хай ціснуць і кашмараць колькі хочуць, але ёсць рэчы, якія ім не па зубам. Надыдзе той дзень, калі гэтыя чалавечыя каштоўнасці зламаюць хрыбет гэтай пагарджанай уладзе.

У лістах маці былі нейкія намёкі на дапамогу: хлопцы тэлефанавалі, прыходзілі дадому. Гэта дадало мне новых сілаў.

Следчы, які не з’яўляўся з мінулага года, раптам наляцеў з адвакатам і экспертызамі па справе. Адвакат сказаў, што яго не пускалі «за адсутнасцю тэхнічнай магчымасці», як і многіх іншых. Цікава, а каго тады наогул пускалі?

На гэтай сустрэчы я даведаўся, што Дзіму так і не ўзялі, чаму я шалёна ўзрадаваўся, не саромеючыся следчых.

У экспертызах супраць мяне не было наогул нічога! Ні тэлефонных перамоваў, ні перапіскі, ні якіх-небудзь слядоў на кампутары, ні доказаў з ператрусаў на кватэрах і ў машыне, ні супадзенняў ад мабільнага аператара. Жыццёвы тонус павысіўся. Засталося толькі чакаць азнаямлення са справай, а там ужо суд ды лагер не за гарамі. Але гэтае «толькі» цягнулася вечнасць.

13

У першых днях сакавіка да нас, на змену тым, каго забралі, закінулі яшчэ дваіх. Марцалеў Сяргей апынуўся паліттэхнолагам кандыдата Статкевіча. Выраз яго твару, калі ён увайшоў у камеру, быў такі, што мы з Максам трохі асалапелі. Але апынулася, што Сяргей «у дошку наш пацан». У адной з камер Марцалеў набыў мянушку «студэнт» за тое, што меў тры вышэйшыя адукацыі.

Аляксандр Кісялёў быў буйным расійскім бізнэсмэнам і па сумяшчальніцтве мясцовай славутасцю «амерыканкі» па мянушцы Алігарх. Ён займаўся інвестыцыямі дзеля павелічэння капітала кампаній з паступным перапродажам. Паводле ацэнак рынкавага капіталізма, Аляксандр — малайчына, паводле ацэнак бюракратычнага капіталізма — таксама малайчына. Але паводле ацэнак КДБ — злачынец. Аляксандр быў высокаарганізаваным чалавекам, да ўсяго меў канструктыўны падыход. Пры гэтым быў цвёрды, дабрадушны і пазітыўны. Вярхоўны турэмшчык Арлоў яго ненавідзеў. Шэраг кантралёраў таксама (напрыклад, Вася, калі стаяў на раздачы баланды, не даваў Алігарху хлеба!). Яго пастаянна перакідвалі з камеры ў камеру (ён пабываў у 14-ці з 18-ці), яго ўвесь час вазілі прэсаваць на Валадарку. Але Саша сышоў у жорсткую адмову, і з гэтай нагоды казаў: «Хай мяне тут лепш згнаяць, але я не саступлю, таму што павінна быць мяжа ва ўсім, а ў гэбістаў яе няма». Кожны дзень фіза. Кожны дзень вывучэнне нямецкай, кожны дзень непахіснасць — адным словам, сталёвы чалавек.

Увесь тыдзень мы бесперастанку абмяркоўвалі тэмы сусветнага капіталізму і фінансавага крызісу, перспектыў беларускай эканомікі, працоўнага кантролю і працоўнага самакіравання, бандыцкага паходжання расійскай палітыкі, і, вядома ж, бязмежжа беларускага рэжыму. Cталі вядомыя падрабязнасці «вечнай зімы» ў іншых камерах. Гаворка ішла пра камеру №13, «залётную».

Арлоў неяк мімаходзь згадаў трынаццатую, маўляў, «там людзі, незадаволеныя жыццём». Аказалася, што ў тыя дні да гэтай камеры было два падыходы: шмон праз дзень і шмон кожны дзень. Там шмоткі высыпалі з кешараў проста на падлогу. Маскі маглі зайсці і разбіць дубінкамі кантэйнеры з гарбатай. Там бывалі выпадкі збіцця толькі за тое, што чалавек перадаў скаргу ў пракуратуру проста ў зале пасяджэння суда (студзень 2011), а другога, схапіўшы за каўнер, закідвалі на падворак, але прамазалі, патрапілі ў сценку... «Асабісты дагляд» — ставілі на расцяжку абсалютна голымі, а кантралёр задаваў вязням ужо зусім пахабныя пытанні.

Дарэчы, пра пракурорскую праверку ў сувязі з катаваннямі. Сам намеснік пракурора Швед з тусоўкай белых каўнерыкаў зрабіў ласку нас наведаць. Начальнік Арлоў на некалькі секунд увайшоў у камеру і абвёў усіх вельмі строгім позіркам, затым рэзка выйшаў. Зайшлі пракурорскія. Швед пару раз спытаў, ці ўсё нармальна. Насупраць дзвярэй, выбудаваўшыся ў лінію, стаялі вертухаі з такімі тварамі, быццам бы прыйшлі на бандыцкую разборку. Натуральна, усе маўчалі. Ніхто не верыў гэтым пракурорам. Мы яшчэ ў канцы снежня бачылі, чаго вартая тая пракуратура. Тады Анатоля Лябедзьку выклікалі да лекара (другі раз за дзень) якраз у тыя паўгадзіны, калі пракурор хадзіў па камерах з чарговай штомесячнай праверкай. Зразумела, што Лябедзька шмат бы чаго сказаў. Хоць, што толку? Гэты пракурор нават не пацікавіўся, дзе яшчэ адзін арыштант. І тут было тое ж кіно. На гэтую тэму ёсць добрая ілюстрацыя: малпа, што закрывае сабе рот, вушы і вочы.

Праз дзён дзесяць Кісялёва перавялі. Да нас дадалі маладога хлопца Дзяніса. Здольны аўтаслесар, дома засталіся маці-інвалід і нявеста. Упершыню мне давялося пабачыць паводзіны свежага арыштанта збоку. Балюча было бачыць, як дзень за днём да чалавека даходзіла — крок за крокам, што, па ўсёй верагоднасці, у ранейшым жыцці засталося ўсё — справа, нявеста, маці-інвалід. Цяжкае відовішча...

Лістоў не было ўвесь сакавік. Ніякіх вестачак ад родных. Абарвалі адзіную нітачку, якая злучае мяне з навакольным светам. Падобна на тое, мае гутаркі не спадабаліся камусьці зусім. Хоць зразумець іх логіку цяжка, так што я і не спрабаваў. Час бавілі таксама за чытаннем, маляваннем і размовамі. З Максам часцяком успаміналі старыя добрыя дзянькі з антыфа-дзеянняў, каляфутбольных манеўраў і панк-канцэртаў. Ці крэатывілі на тэму кафэ-клуба ў стылі кіберпанк. А вось з Сержыкам можна было паспрачацца на тэмы гісторыі, напрыклад, патрыятызму часоў сусветных войнаў. Або што рабіць прыстойнаму чалавеку ў выпадку акупацыі NАТO. Марцалеў разумна і цікава расказваў пра асобныя аспекты палітычных тэхналогій і рэкламы.

Яшчэ раней Фядута распавядаў у агульных рысах пра працу выбарчага штаба. Сур'ёзная справа. Машына! Даведаўся, што падчас кампаніі кандыдат з'яўляецца цалкам несамастойнай фігурай: ён павінен з усёй дакладнасцю выконваць дырэктывы свайго штабу. Што апранаць, як сказаць, з кім сустрэцца - стратэгія штабу. Так што сапраўднымі геніямі выбараў з'яўляюцца не самі кандыдаты, а начальнікі штабоў. Слухаючы гэтыя апавяданні, я разумеў дзве рэчы: як моцна мы саступаем на публічнай ніве, і наколькі ў рэальным жыцці ілюзорная «дэмакратыя» ў «дэмакратаў». Народ - усяго толькі электаральная маса і запасны козыр. Яго настроямі маніпулююць, выкарыстоўваюць у меркантыльных мэтах (так бальшавікі ў свой час апявалі пралетарыят). У імя народа вымаўляюцца пафасныя прамовы, але ў рэчаіснасці існуе толькі дэмакратыя буржуазіі і яе палітычнага апарата. Каб не дапусціць народ да рычагоў кіравання, першыя буржуазныя рэспублікі ўводзілі маёмасны цэнз, так што фільтр праходзілі толькі заможныя грамадзяне. Толькі калі буржуазія пераканалася, што ўсеагульнае выбарчае права не пагражае дамінаванню буржуазных партый, маёмасны цэнз быў адменены. Народ для палітыка - тое самае, што мора для марака: сродак перамяшчэння, крыніца даходаў і цэлы калодзеж фальклору. Але таксама і вечны сімвал стыхіі, якая змятае ўсё на сваім шляху.

І ўсё ж, нягледзячы на адсутнасць знешняга фінансавання і няведанне сацыялагічных заканамернасцяў і тэхналогій, у анархізму ёсць дзве ключавыя перавагі: невычэрпны энтузіязм і чыстая праўда. А тэхнічныя магчымасці і здольнасці - справа нажыўная.

14

У канцы сакавіка нарэшце пачалося азнаямленне са справай. Нам дадалі арт. 218 «Пашкоджанне маёмасці». У Сані і Колі старт быў з 3-х гадоў, ажно да 10, у мяне - з 7 да 12. Аказваецца, бываюць вось такія нерэальныя тэрміны на роўным месцы. Раней я думаў, што столькі даюць за дыверсіі, тэрарызм, забойства і г. д. У першую чаргу, я шукаў паказанні хлопцаў, каб больш не мучыцца пытаннем, ці вытрымалі яны. Усё апынулася ў парадку. Не прагнуліся. Таксама было цікава, што сказалі ўсякія сведкі, і на чым увогуле будавалася справа. Адбіткі, збіты шаблон дэтэктываў - ужо мінулае стагоддзе. Пах (потавыя выдзяленні), клеткі скуры, сліна і нават паветра ў закрытых памяшканнях - вось па-сапраўднаму істотныя ідэнтыфікатары асобы. Каля амбасады знайшлі пальчаткі з потам Веткіна і слядамі вадкасці, магчыма той жа, што была знойдзеная і на аскепках бутэлек. Яшчэ быў яго званок з бліжэйшага прыпынку транспарту. У прынцыпе, гэта само па сабе яшчэ нічога не даказвае, але ён вырашыў іначай. Трымаўся дзён пяць, пасля здаўся. Спачатку паказаў саўдзельнікамі мяне і незнаёмую асобу, затым прыплёў Дзіму Дубоўскага, пасля змяніў Дзіму на Дзяніса. Вось так мяняюць таварышаў на ласку карнікаў і надзею на ілюзію свабоды. Сука ёсць сука, гарэць яму ў пекле.

Слядак гнаў на Сашу, маўляў, той духам упаў, казаў мне яшчэ нешта наконт тэрмінаў: накшталт, дадуць няшмат, але што не ён іх вызначае і г. д. Толькі такія адмазкі грамадзяніна лягавага не пракацяць: ён такі ж саўдзельнік гэтага судова-следчага бязмежжа. Слядак нешта яшчэ спрабаваў ўціраць пра адказнасць, але яму было не зразумець адно: я ўжо даўно забіў і на "суд", і на тэрмін. Я толькі хацеў пабачыць сваіх таварышаў і хутчэй з'ехаць з гэтага дурдома ў лагеры.

Прыйшла газета, у якой быў артыкул пра вызваленне Фядуты: выпусцілі на падпіску пра нявыезд. Але нармальна парадавацца мы не змаглі. Бянтэжыла адна дэталь. Аказалася, што з нашай камеры яго перакінулі ў другую, транзітку, у якой ён прабыў адзін... 55 дзён! Наўрад ці хто-небудзь звярнуў увагу на гэтую акалічнасць, але мы зразумелі ўсё без слоў. Горш за ўсе пакуты — гэта быць адным і кожны дзень чуць, як катуюць іншых. На трэці дзень адзіноты хочацца лезці на сценку, на пяты — з’язджае дах. Я прабыў у адзіночцы два тыдні (максімальны тэрмін пакарання ў карцары), і я быў шчаслівы, калі перавялі да людзей. Але амаль два месяцы... — гэта жах. Тым больш кожны дзень чуць, як катуюць іншых людзей. Доўга мы абмяркоўвалі, як нашаму літаратару даліся гэтыя дні, і ніхто не жартаваў, не пасміхаўся, не выказваўся легкадумна. Прыйшлі да высновы: кожнаму вязню «амерыканкі» ў большай ці меншай ступені прыйшлося сербануць пакуты і пацярпець, але самая жорсткая доля сярод усіх выпала Фядуту. Мала таго, што трэба было не зламацца. Не звар’яцець — вось, што было на парадку дня.

***

Красавік. Справа пайшла ў пракуратуру. Марцалеў чакаў суда, Макс - ці пройдзе, ці будзе завернутая другая справа, Дзяніс нічога не чакаў, у яго ўсё толькі пачыналася. Увечары 11-га чысла з праспекту даносіўся нязвыклы шум, як быццам усе збягаліся на пажар. Дзяжурны даў распараджэнне наладжваць ТБ на дзяржканал (хоць афіцыйна антэна была ў непрацоўным стане). Так мы даведаліся пра тэракт у метро. У першы час усё думалі толькі пра сваіх блізкіх. На наступны дзень прынеслі спісы загінулых і пацярпелых. Страшна шукаць знаёмыя прозвішчы ў такім пераліку. Пазней даведаўся, што палкоўнік Арлоў з пенай у рота забягаў у камеру да палітычных (у прыватнасці, да Саннікава8), крычаў на іх і абвінавачваў у тым, што адбылося. Потым, праўда, ён прыходзіў прасіць прабачэння, але прабачэнні прынятыя не былі.

Але больш за ўсё я ашалеў, калі прачытаў у газетах заяву Зайцава (старшыні КДБ), што адной з версій таго, што адбылося, мяркуецца, была... помста анархістаў! Гэта што трэба ўжываць, каб дадумацца да такога трызнення? Што ў гэты момант было адчуваў Дзіма...

Зразумела, што будуць тузаць. Увечары тузанулі... У кабінеце начальніка было двое, сам Арлоў і яшчэ адзін, якога я ўжо бачыў раней у кабінетах. Прапанавалі паглядзець відэа з камер назірання метро. Той другі сеў справа ад мяне нібыта таксама глядзець відэа, але на самой справе назіраў за маімі вачыма. Тое ж самае было на допыце ў чацвёртым аддзяленні і тады, калі прыязджалі оперы з Магілёва з нагоды падпалу будынку Бабруйскага КДБ. Пракруцілі відэа, пацікавіліся маімі меркаваннямі, але мне не было чаго сказаць, ды і не для таго мяне прывялі. Напрыканцы далі з сабой фота найлепшага кадра, хоць якасць ўсё роўна была жахлівая, і нічога падобнага з фатаздымкамі ў газетах не было.

У дзень жалобы грала класіка. СІЗА захоўвала магільнае маўчанне. Толькі ідыёт, кантралёр Вася, умудрыўся закрычаць «БЯГОМ!». Калі ішлі на шпацыр, Сярога і Макс напісалі заяву на здачу крыві для пацярпелых, але ім афіцыйна адмовілі...



1   2   3   4   5   6   7


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка