Ігар Аліневіч Еду ў Магадан



старонка6/7
Дата канвертавання15.05.2016
Памер1.14 Mb.
1   2   3   4   5   6   7

18

Зусім хутка першае пасяджэнне суда. Яго чакаеш як збавення. Калі справу перадалі ў суд, далі кароткае спатканне з бацькам. Шкло, тэлефонная трубка... Цяжка знаходзіцца ў метры ад блізкага чалавека і не мець магчымасці абняцца. Бацька дае зразумець, што ўсведамляе, што мяне пасадзяць. Я рады, што ён гэта разумее і маральна гатовы. Бо ўсе гэтыя надзеі ў лістах, маўляў, «цябе 100% апраўдаюць» і г. д. выклікаюць толькі горкую ўсмешку. Праўда заўсёды лепш. Даю зразумець бацьку, што дух мой моцны і прысуд прыму ціхамірна.

Апошняя ноч перад судом... Вельмі хочацца адчуць змену становішча, убачыць бацькоў, родных, сяброў, знаёмых, таварышаў, тых, хто спачувае. Нарэшце змагу хоць трохі пагутарыць са сваімі паплечнікамі. Колькі гадоў сумесных надзей, спадзяванняў, спроб, памылак, расчараванняў, дасягненняў, сходаў, спрэчак. Усе мы пачыналі з поўнага нуля, з невыразных памкненняў да свабоды, да праўды, да справядлівасці, да братэрства. Рамкі моладзевых рухаў былі для нас занадта вузкія, таму што наша інтуітыўная цяга да свабоды не прызнавала паўмераў. Чалавечая асоба не павінна ведаць межаў. Першыя артыкулы пра анархізм на дыскетах з недакачаных «крывых» сайтаў, першая кніга Крапоткіна. Не было скарбу даражэй, бо там раскрывалася мара. З гэтага моманту ні ўсёўладдзе ўлады, ні рабалепства народа, ні абыякавасць абывацеля ўжо не маглі спыніць нас. Ад размоў на лаўцы за піўком - да першага самвыдата. Першая групка на раёне, пасля ў інстытуце. Ўдзел у дэманстрацыі, знаёмства з такімі самымі энтузіястамі. DIY-субкультура, сходы, публічныя акцыі, налепкі, брашуры, перыёдыка... Вулічная вайна з фашыстамі, канцэрты, вандроўкі... З сыходам першых людзей сыходзіць і першая рамантыка. Хто застаўся - гуртуецца шчыльней... Крызісы ў асабістым жыцці, як стрэлы снайпера, выкошваюць шэрагі... Бясхмарнае дзяцінства скончылася: працаўладкаванне, кватэрнае пытанне, плацяжы прымушаюць па-новаму зірнуць на словы «сацыяльная справядлівасць», «эканамічная эксплуатацыя». Гэта - тое, чым мы дыхаем кожны дзень... Менш словаў - больш адказнасці, такое разуменне бярэцца ў аснову. Паўсюль адчуваецца рост, колькасны і якасны. Гэта пачалося ў 2008 годзе. Анархізм. Знішчаны канчаткова ў ГУЛАГу, адрадзіўся ў перабудову. Прайшло яшчэ 20 пакутлівых гадоў, пакуль змяняліся некалькі пакаленняў актывістаў, пакуль намацаваліся метады і арганізацыйныя формы. Цяпер мы - паўнавартасны грамадскі рух і гатовыя біцца за поўную рэалізацыю гуманістычных ідэалаў.

Улада прагне нашых пакаянняў, аблівання брудам адзін аднаго, спроб выставіць нас зламанымі людзьмі, плачу па сваім «загубленым» жыцці. Улада хоча бачыць паказальны працэс, каб іншым непавадна было, каб упівацца сваёй магутнасцю. Але гэтаму не бываць! Мы не прамяняем саму сутнасць нашага жыцця на шкадаванне і літасць. Мы не дадзім нагоды таварышам сумнявацца ў нашым жыццёвым выбары. Мы занадта любім свабоду, каб маліць пра яе. Нашыя блізкія убачаць рашучасць і нязломнасць на нашых тварах. Гонар родных і павага сяброў, а большага і не трэба. Мы паедзем у лагеры, застаўшыся самімі сабой, захаваўшы сваю годнасць.

19

...Раніца. Канвой, кайданкі, аўтазак, глухі «стакан» у апраметнай цемры. Машына імчыцца па зялёнай, з міргалкамі. Каб усядзець на месцы, даводзіцца ўпірацца галавой у сценку. Пад'ехалі проста да дзвярэй з чорнага ўваходу. Да дзвярэй падвойны калідор з мянтоў. Паасобку вядуць у склеп. Размяркоўваюць па камерах-«стаканах», на гэты раз бетонных. Паўметра на метр. Шмон, старанна правяраюць вопратку. У гэты момант сустракаемся позіркамі. Саня, Калян... Столькі хочацца сказаць, абняцца, паціснуць рукі. Але пакуль вітаемся, прыдзірліва ацэньваем адзін аднаго. Відаць, што кожны хоча пазбавіцца ад драбнюткіх ўнутраных сумневаў: «А ці не ўпалі духам?» Але па цвёрдасці галасу, па манеры паводзінаў з мянтамі відавочна, што ніхто не прагнуўся. Камунікуем смялей, нягледзячы на сталыя заўвагі канвою, і ад гэтых першых словаў становіцца цёпла. Веткін спрабуе загаварыць, але з ім ніхто не размаўляе. У яго вачах толькі школьная цікаўнасць. Мог быць усім, а стаў нікім. Гэта сумна. Чаканне ў стакане. Сцены спісаныя: паграмухі19, артыкулы, тэрміны, пажаданні. Больш за ўсё 205-х і 328-х, крадзяжы і наркотыкі. Дадаю сябе, малюю сімвалы і лозунгі. Хай ведаюць, што сядзяць не толькі за карыслівасць або бытавуху. Час ідзе вельмі марудна.

Нарэшце наша чарга. Выстройваюць калонай і выводзяць у залу пасяджэнняў. У холе куча народу, успышкі фотакамер. Усё гэта ўводзіць у ступар. Ля ўвахода металашукальнікі, вельмі шмат міліцыі і людзей у цывільным, жах нейкі. У клетцы здымаюць кайданкі. Спрабуем кантактаваць, але вертухаі сочаць пільна, перарываюць размову. Кажуць, што суд ачэплены АМАПам. Адным словам, цырк вакол цырку.

Прыходзяць адвакаты, адзін за адным з'яўляецца мноства знаёмых і незнаёмых людзей. За доўгія месяцы ў СІЗА так адвыкаеш ад соцыуму, што губляешся пры такой колькасці людзей. Бацькі, сваякі, сябры, таварышы. Гэтая падтрымка шматкроць умацоўвае. Бо на свае вочы пераконваешся, што можаш разлічваць не толькі на сябе, але і на ўсіх гэтых неабыякавых людзей. Ізаляцыя ізалятара трашчыць па швах.

Суддзя і дзве ківалы20 робяць выгляд, што не заўважаюць абсурднасці шэрагу доказаў і паказанняў, ціску операў і да т. п. Зомбі. У паказаннях сведкаў адмова за адмовай. Пракурор цісне, але безвынікова. Доўгія нудныя гадзіны абсалютна непатрэбных словаў, левых людзей, а я гляджу ў акно. Ніколі не думаў, што так буду рады пабачыць зеляніну дрэў і чыстае сіняе неба. Не ў клетачку.

Пракурор заяўляе, што мы прызнаём толькі законы фізікі і хіміі. Дакладна, як і ўсе натуральныя законы быцця: законы біялогіі, гісторыі, а таксама самы галоўны маральны закон, зацверджаны ўсёй сутнасцю чалавечай прыроды і сацыяльнага развіцця.

Апошняе слова. Не рыхтаваўся, думаў, што заўтра. Вырашыў сказаць пра Дзіму Дубоўскага, нашага таварыша, якога абылгалі і цяпер пераследуюць. Веткін і Канафальскі, падонкі, назвалі яго адказным за некаторыя рэчы, але так забрахаліся, што на судзе гэта выплыла. З нас чатырох яму выпалі самыя цяжкія выпрабаванні. Хай нават яму і ўдалося захаваць тое, што ў гэтым убогім грамадстве называюць «свабода». Да яго ўжылі самыя подлыя і гідкія метады аператыўнай распрацоўкі. Але Дзіма ўсё вытрываў і пераадолее любыя цяжкасці. Такія людзі — назаўсёды. І гады ў засценках — не перашкода для нашага брацкага таварыства. Саня і Коля сказалі вельмі годна. За намі няма віны перад сумленнем, а значыць, любыя пазбаўленні — толькі ўзнагарода. Прысуд. Што ж, восем гадоў на адным уздыху! Апошні позірк на блізкіх мне людзей. За выключэннем бацькоў, я іх убачу зусім не хутка. Развітваюся з адвакатам. Яго з'яўленне ў СІЗА КДБ было як глыток свежага паветра. І ў гэтай безнадзейнай сітуацыі ён змог мне дапамагчы. Паціскаем рукі і абдымаемся з Колем. Для мяне гонар падзяліць лёс з такімі людзьмі.

Веткін выхапіў ласку: 4 гады хіміі. Ён, Захарчык, Арсенчык, Бурачка будуць жыць няшчасным пагарджаным жыццём. Няма даравання здрадзе. Калі ў іх будуць дзеці, чаму іх навучаць такія бацькі?

…Зноўку аўтазак; прыпынак «КДБ». Выходзячы, крычу: «Таварышы, да сустрэчы!»

20

Спатканне з бацькамі. На гэты раз пусцілі і маці. Нашы дарагія матулі... Хто ўжо па-сапраўднаму нешчаслівы, дык гэта яны. Таты таксама пакутуюць, але па прыродзе сваёй разумеюць, што суровыя выпрабаванні пойдуць іх дзіцяці на карысць. А маці не прымае ніякіх довадаў, калі яе сын за кратамі. Зняволеных заўсёды двое. Маці не можа і дня пражыць без перажыванняў за сваё дзіця. Стаяць у чэргах на перадачу, чакаць лісты, лавіць любую навіну пра турму або калонію, дзе мы адбываем тэрмін, — вось іх прысуд з дня ў дзень, з году ў год. І таму сапраўднымі гераінямі і пакутніцамі з'яўляюцца маці зняволеных. Ведаю і бачу, што вельмі за мяне перажываюць. Але мне радасна бачыць іх бадзёрымі і ганарлівымі. Абмяркоўваем суд. Даведваюся думкі розных людзей, іх прывітанні і пажаданні. Гэтая параза — на самай справе наша перамога. Такімі працэсамі рэжым капае сабе магілу. Не ўлічылі ўрокі сталінскіх рэпрэсій, не ўлічылі.

Апошнія дні ў Амерыканцы. Адчуваю, як гэта месца губляе сваю ўладу. Промні сонца на шурпатай сцяне глядзяцца вельмі прыгожа. Але ўсё ж у іх застаецца нешта трывожнае. Гэтыя паўгады не даліся дарма. На душы назаўжды застанецца адбітак гэтага дома, чырвонага дома. Ніколі не забыць мне тое вымярэнне, калі навакольны свет распадаецца, калі памірае нават надзея, калі не існуе ні часу, ні прасторы. І ў гэтай канстанты жыццё згортваецца ў клубок чыстага страху і чыстай волі. Апошні раз аглядаю гэтыя масіўныя і суровыя сцены, калідоры, лесвіцы, поручні, вышку, скруткі дроту, жалезныя дзверы. Сотні дэталяў, і ўсе ўтвараюць адзіны маналіт, надзелены адной мэтай — растаптаць асобу. Але менавіта ў гэтым пекле, дзякуючы гэтаму кашмару, я змог зазірнуць у сябе і многае зразумець. Цудоўны матэрыял для антыўтапічных карцін, для музыкі ў стылі industrial ambient. Шкада, у мастацтве не разбіраюся, не тое раскрыў бы гэты змест праз форму. На жаль!

За тыдзень тройчы сутыкаўся з сімпатычнай дзяўчынай з белымі косамі. З абслугі. З чаго б гэта такая расхлябанасць кантралёраў? Хаця ўсё роўна. Я ўжо маральна не тут.

З дня на дзень чакаю этапу на Валадарку. У камеры кожны сышоў у сябе. Усе на судах. Уладзіміру прыйшла адмова па памілаванні. Захар сказаў што «дзядзька Вова» разлічвае вельмі моцна на ўжыванне арт. 70 (менш за меншае), але такую ласку трэба чымсьці заслужыць. Узгадваю, як у Малчанава пры азнаямленні са справай апынулася папера аб камернай распрацоўцы, якая не дала вынікаў. Па даце аднавілі той дзень і ўзгадалі, што праз пару дзён Уладзіміра перавялі. Сюды ж і яго роспыты пра тое, хто ў анархістаў галоўны, хто мне распараджэнні аддае. І спробы даведацца рэцэптуру кактэйлю Молатава, і падбухторванне да дзеянняў як БГ (у кнізе Акуніна «Стацкі саветнік»). У сваю чаргу, я «уключаў дурачка» і вешаў дзятлу ўсякую локшыну...

У адзін з гэтых апошніх дзён адчыніліся дзверы і ў камеру ўвайшоў... палкоўнік Арлоў уласнай персонай! Натуральна, па маю душу. Начальнік цікавіўся маім настроем, стаўленнем да тэрміну, што мне «прыпісалі». Нават выказаў некаторае спачуванне. Я не веру ў сентыментальнасць чэкістаў, і таму чакаў сутнасці дыялогу. Нягледзячы на гэта, усё-ткі быў заспеты знянацку, Арлоў раптам выпуліў: «А давайце да нас хакерам? Вунь як кітайцы разгарнуліся! Уласны ноўтбук вам дамо». Прызнацца, я аслупянеў і зусім разгубіўся. Тады Арлоў выдаў другую порцыю: «Ну, калі не хочаце хакерам, давайце сюды ў гаспадарчую абслугу. Тут добрыя ўмовы, шмат пераваг». Разрыў шаблонаў, вынас мозгу, татальны шок... Няўжо я дзесьці калісьці хоць у чымсьці даў падставу прапаноўваць мне такое? Колькі людзей загінула ў барацьбе з гэтай канторай? А колькі мільёнаў лепшых прадстаўнікоў народа яны змарнавалі?! А як здзекуюцца з народа зараз? І яшчэ думаюць, што я прамяняю сумленне на іх нікчэмныя падачкі. Камфорт, магчымасці... Усё гэта ў мяне было і пра іх страту я не шкадую. Адказаў так:

— Я лепш вазьму тэрмін у лагеры.

— 8 гадоў — гэта нямала.

— Мне абыякавы тэрмін, буду развівацца.

— Усё так кажуць. Першыя тры гады яшчэ цярпіма, а пасля...

— У мяне будзе магчымасць усё даведацца на практыцы. Наша гуманная дзяржава прадаставіла мне такую магчымасць.

Шчыра кажучы, так і не змог зразумець гэтых камітэцкіх палкоўнікаў. Яны ўмеюць гаварыць выключна пераканаўча, хоць і хлусяць. Але хлусіць — іх прафесійны абавязак, і таму мне так і засталося незразумелым, у якіх словах быў прагматычны разлік, а ў якіх — сапраўдныя меркаванні. Усё гучыць аднолькава. Арлоў неаднаразова заяўляў, што яго мэта — прымусіць нас сумнявацца. Што ж, гэтую мэту ён, безумоўна, дасягаў. Я прыйшоў да высновы, што палкоўнік КДБ — гэта майстар далікатных даручэнняў: ні дадаць, ні адняць.

Што тычыцца Арлова, то мне здаецца, што ён нас шкадаваў. Але не варта блытаць гэта пачуццё са звычайным людскім жалем. Тут — нешта іншае. Чымсьці ён быў падобны на Крамера, таго напалову маньяка з фільма «Піла». Але не зусім дакладна. «Піла» ўсё ж такі кіраваўся этычнымі меркаваннямі. Ён прагнуў гуманістычнага ператварэння асобы ў экстрэмальных умовах. Тут жа пра гуманізм гаворкі не ідзе зусім. Найбольш прыдатны персанаж будзе ўсё ж такі О'Брайн з «1984» Оруэла: перакананы, сістэмны, бязлітасны.

...Этап на Валадарку. Адбылося! Развітваюся з сукамернікамі, кешар у рукі, шмон, фармальныя працэдуры. Вядуць да бусіка. Абарочваюся, аглядаю гэта месца, наскрозь прасякнутае пакутамі, горам, адчаем. Амерыканка... Калі-небудзь тут будзе музей.

21

«Валадарка» - гэта буйныя змрочныя скляпенні і доўгія калідоры. Але развязныя манеры мянтоў і зэкаў адразу кажуць, што суровая цішыня - толькі фасад. Тут мурашнік, працяты тысячамі нітак, ён кіпіць жыццём. Атрымліваю матрац, пасля халодны душ, чаканне ў адстойніку, нарэшце падымаюся ў «хату». Уражанні абсалютна супрацьлеглыя тым, што былі, калі ўпершыню перада мной адчыніліся дзверы ў камеру «амерыканкі»... Здаецца, што трапляеш у бяндзёгу21 да гастарбайтэраў. На цябе скіроўваюцца позіркі з верхніх і ніжніх ярусаў нараў, з-за стала і нават з падлогі. 15 мужыкоў, узмакрэлыя ад спёкі і духаты, сядзяць у адных трусах ў апраметным кумары тытунёвага дыму. Вось цяпер я ў сапраўднай турме!

4 чэрвеня - дзень шчасця. У камеры 10 шканароў, 16 чалавек: палова - эканамічныя, трое наркаманаў, угоншчык, махляр, нардэп22, аліментнік, забойца, бандыт, палітычны (Казакоў) - карацей, Ноеў каўчэг. Тут рух 24 гадзіны ў суткі, тут паветра прасякнута нейкай вольнасцю, а не толькі цыгарэтамі і потам. Пачаставалі гарбатай, далі пачытаць газету з рэпартажам пра суд, параўноўвалі з фоткай: «падобны - не падобны». Новы рытм і атмасфера свабоды аказалі незвычайны эфект: дні тры я прахадзіў у ступары. Так моцна адвыкаеш ад буйнога соцыюма і так глыбока сыходзіш ў сябе за паўгады! Мужыкі гэта прыкмячалі, выказвалі спачуванне, цікавіліся асаблівасцямі ўмоваў "амерыканкі" і тым, як там прэсавалі. Стараўся расказаць усё як было, але адчуваў, што не ўсе рэчы магу перадаць словамі.

Як перадаць адчуванне чакання катаванняў, якое ўзмацняецца са дня ў дзень? Альбо адчуванне сталага назірання за табой? Тут у камеры былі мёртвыя кропкі для вочка, тут была адгароджаная (!) прыбіральня, можна было пабыць аднаму хоць троху. Трэба пазбавіцца нават гэтага, каб зразумець, што значыць пазбаўленне аўтаномнай прасторы для асобы.

Мяне вызначылі ў начную змену: з 8 раніцы да 8 вечара шканар мой, наступныя 12 гадзін - іншага чалавека. Так і працякалі дні: ўдзень спаў, уночы камунікаваў, гуляў у нарды і шахматы, вырашаў свае справы. Зэкаўская кемлівасць дазволіла мне звязацца з Сашам - сапраўдны падарунак! Мы максімальна выкарыстоўвалі магчымасць, якая нам прадставілася. У ацэнках падзей мы былі аднадумцамі. Класна, калі ёсць адзінства і разуменне, нягледзячы на ізаляцыю і цяжар на душы. Бо на волі далёка не ўсё так, як хацелася б: хапіла і страт, і расчараванняў. Але што рабіць, як казалі легіянеры, marsh or die23.

Кароткае спатканне з маці. Нарэшце мы змаглі пагутарыць без аглядкі на камітэтчыкаў. Даведаўся ў адносных дэталях, што адбывалася на працягу гэтых шасці месяцаў. Як быццам новы свет адкрыўся. Вакуум стварыў ілюзію цішыні, а на самай справе звонку ішоў актыўны рух. Плаціна грымнула. Лінуў струмень лістоў са словамі падтрымкі і салідарнасці ад самых розных, знаёмых і незнаёмых, а часам і зусім нечаканых людзей. У такой сітуацыі неяк адразу напаўняешся жыццёвай энергіяй, становішся значна мацней.

... За 10 дзён даведаўся сякія-такія асновы арыштанцкага жыцця. Розныя людзі, розныя шляхі, розныя ўклады, але лёс-зладзюжка звёў усіх тут у адной бядзе. Размаўляючы з людзьмі пра іх справы, сітуацыі ў турмах і на зонах, тактыку паводзінаў абвінавачаных і следчых, якая выпрацоўвалася тысячамі і тысячамі выпадкаў, і, як старажытныя веды, перадаецца ад зэка да зэка, я пабачыў відавочную сутнасць «праваахоўнай» сістэмы. У сваю чаргу, сама гэтая карная сістэма арганічна ўпісваецца ў агульны лад беларускага грамадства. Гэтыя сцверджанні складзеныя мной нават без усякага анархізму на аснове гутарак у салідарна-даверлівай атмасферы, якая ўзнікае ў цяжкіх і экстрэмальных умовах турэмнага зняволення. Гэта меркаванні палітыкаў, бізнесменаў, навукоўцаў, чыноўнікаў, прадстаўнікоў сілавых ведамстваў і крымінальнага свету.
22

... Этап. Нават не ведаю куды. Забралі раніцою і трымалі да вечара ў адстойніку24 з дзясяткамі іншых небаракаў. Спрэс моладзь з усёй краіны, разгубленыя і трывожныя твары. Спачатку шмон турэмны, пасля шмон канвойны, з гумовымі пальчаткамі і металадэтэктарамі. У адстойніку сутыкаюся з палітычным Кіркевічам: таксама сядзеў у "амерыканцы", не перастаў размаўляць выключна на беларускай мове, а ў "Валадарцы" сядзеў з Колем. Дасталі кіпяцільнік, кубак, п'ем гарбату. Зноў кілішчоўка25 ў іншы адстойнік. Вады няма. Нарэшце выводзяць. Выстройваемся ўздоўж сцяны пад аркай двара. Называюць прозвішча - і з рэчамі ў аўтазак. Разам з кешарамі лезем у “стаканы”, як шпроты ў бляшанку. Вязуць на станцыю. Месца перасадкі ачэпленае: па адным, праз калідор з канваіраў грузімся ў вагоны. Вось ён, знакаміты «сталыпін»26. Трох'ярусны плацкарт, без акна, адгароджаны ад калідора кратамі. Ярусы з глухой столлю: каб патрапіць на наступны, трэба пралазіць ў люк. Кітайскі экспрэс.

Вось і ўсё, наперадзе - новая паласа. Што я зразумеў за гэты час? Сапраўднае багацце - гэта людзі, якія застаюцца з табой, нягледзячы на ўсе нягоды. Упэўненым можна быць толькі ў тых, хто дзеліць з табой выпрабаванні, побач і на адлегласці. Астатняе – крохкае.

Мінулае існуе ў тваіх успамінах, будучыня - ва ўяўленні, але сапраўды важнае толькі існае, канкрэтны момант часу. Мінулае паблякне, яго перайначаць і абылгуць, чаканая будучыня можа так і не наступіць, але погляд назад і памкненне наперад напаўняюць сэнсам гэта самае Тут і Цяпер.

Сёння свабоды няма. Пакуль існуе дзяржава, мы не можам быць вольныя. Але можна дакрануцца да свабоды, адчуць яе дыханне ў змаганні за яе. Барацьба прыносіць у жыццё ўсе тыя пачуцці і думкі, якія прыціскае дзяржаўная дысцыпліна. У барацьбе за свабоду мы не толькі набліжаем чаканы дзень перамогі справядлівасці, але і ратуем сваю ўласную асобу ад шэрасці быцця і дэградацыі. Любы акт вызвалення мае сэнс Тут і Цяпер.

Наперадзе гады змроку і выпрабаванняў, але мяне гэта не засмучае. Чым горш - тым лепш, бо што не забівае, тое робіць нас мацнейшымі. Скарыстаць выпрабаванні з карысцю для сябе - гэта адзінае правільнае рашэнне. Мяне чакае магчымасць спазнаць знутры ўвесь гэты свет, народжаны векавым кругазваротам мільёнаў людскіх лёсаў у засценках турмаў і лагераў.

...Цягнік імчыць кудысьці на поўнач. Усе спяць, толькі два бывалыя зэкі абмяркоўваюць лагернае жыццё ды канваір ў бронекамізэльцы павольна ходзіць па «сталыпіну». А ў галаве засеў матыўчык песні з турмы «Еду ў Магадан», і на душы лёгка.

Лета 2011


Пераклад Таццяны Шапуцькі, газета “Новы час”

http://novychas.info
Карэктура: Іван Пуканаў, Уладзімір Валодзін
Самавызначэнне

Што значыць самавызначэнне? Самавызначэнне ўяўляе з сябе такую сістэму, у якой звычайныя людзі могуць без марнавання часу і скажэнняў прыймаць рашэнні аб тым, як ім жыць. Пад гэтым маецца на ўвазе сістэма грамадзянскага самакіравання на аснове прамой дэмакратыі. Самакіраванне дае магчымасць жыхарам кожнай мясцовасці — вёскі, раёна, горада — вызначаць найлепшы для сябе лад, сыходзячы з мясцовых асаблівасцей і абставін. Прамая дэмакратыя — гэта ўдзел саміх грамадзянаў у абмеркаванні пытанняў і праблем. Анархізм прадугледжвае такую мадэль кіравання, у якой робіцца стаўка на разгалінаваныя гарызантальныя сувязі, а вертыкальныя, наадварот, мінімізуюцца. Праўдзівае народаўладдзе ўсталёўваецца тады, калі ініцыятыва і воля сыходзяць ад саміх грамадзянаў на месцах. Мяркуецца ажыццявіць прыблізна такую схему: жыхары кожнага дома на рэгулярных сходах абмяркоўваюць пытанні жыллёва-камунальнай гаспадаркі, добраўпарадкавання прылеглых тэрыторый, экалагічнае становішча, пытанні правааховы і г. д. Дамавы Камітэт абіраецца жыхарамі і сочыць за выкананнем рашэнняў жыллёвых сходаў, а таксама займаецца актуальнымі справамі. Камітэт падпарадкоўваецца толькі сходу: у любы момант жыхары могуць змяніць склад Камітэта. Такім чынам, уся ўлада ў межах дома засяроджаная ў руках саміх грамадзянаў, якія яго насяляюць. Ніхто не зможа навязаць жыхарам несправядлівых і шкодных рашэнняў.

Дамавыя Камітэты дэлегуюць сваіх чальцоў на Камітэт Вуліцы, Камітэт Вуліцы — на Квартальную (раённую) Асамблею. Кварталы фарміруюць Гарадскую Раду. Далей, гарадскія рады і рады сельскіх раёнаў складаюць вобласць/рэгіён, якія, у выніку, утвараюць Раду Федэрацыі. Што нам дае такая структура і такія прынцыпы? А тое, што любая службовая асоба неадкладна можа быць адхіленая паводле рашэння інстанцыі ніжэйшага ўзроўню. Болей не зможа ўзнікнуць такая сітуацыя, калі чыноўнік адказвае перад начальнікамі вышэйшага ўзроўню, карыстаецца заступніцтвам асоб высокага чыну і творыць беззаконне. Канечне, бо ён падпарадкоўваецца не грамадзянам, а толькі сваёй вертыкалі! Цалкам зразумела, што ў калідорах сучаснай улады сплятаюцца бюракратычныя клубкі, з якіх няма як спытаць і на якіх не знайсці ўправы. Кругавая парука, заступніцтва, беспакаранасць робяць іх непрыступнымі. Сістэма дэлегавання і падпарадкавання ніжэйшым выключае бюракратыю як такую. Відавочна, што пры такім ладзе да пасады будуць прапанаваныя найбольш дасведчаныя і адказныя людзі, а не падхалімы.

Іншай формай самаарганізацыі грамадзянаў з’яўляюцца аб’яднанні і ініцыятывы у любых сацыяльных сферах грамадства: экалагічныя, праваабарончыя, пенсіянерскія, моладзевыя, культурніцкія, краязнаўчыя, спартыўныя і г. д. Для вырашэння сваіх пытанняў і задач грамадзянскія аб’яднанні вольныя з’вязвацца з інстанцыямі самакіравання любога ўзроўню, калі ім неабходнае судзеянне мясцовай супольнасці.

На сучасным этапе тэхналагічнага развіцця — інфармацыйнае грамадства — вялікі патэнцыял для самаарганізацыі і самакіравання ўяўляюць IT-камунікцыі. Яны дазваляюць кампенсаваць затрымкі ў абмеркаванні і прыняцці рашэнняў, выкліканыя велізарнымі памерамі гарадоў, вялікімі адлегласцямі і высокай колькасцю насельніцтва. Больш за тое, новыя тэхналогіі дазваляюць значна паскорыць камунікацыйныя працэсы. Сацыяльныя сеткі, IP-тэлефанія, мабільны інтэрнэт дазваляюць дасягнуць раней нязнанай аператыўнасці. Вялікая частка грамадства ўжо актыўна карыстаецца інтэрнэт-тэхналогіямі, атрымліваючы неабодныя веды, уменні і культуру віртуальных стасункаў. У бліжэйшыя пару-тройку год інтэрнэт ахопіць усіх, па меры пранікнення сетак трэцяга і чацвёртага пакалення. Палітыка мае быць і стане здабыткам кожнага грамадзяніна.

Разам з самакіраваннем, анархізм вылучае патрабаванне сацыялізацыі эканомікі. Гэта азначае, што кожны, хто працуе, мае права на долю ў прыбытках свайго прадпрыемства. Нам непрымальны такі стан грамадства, у якім меншасць жыве ў раскошы, а большасць кожны месяц зводзіць канцы з канцамі. 80% уласнасці ў краіне належыць дзяржаве, гэтая гаспадарка была створаная ў часы савецкай дыктатуры за кошт цяжкай, а часам і паднявольнай працы народа. Гэтая маёмасць павінна знаходзіцца пад кіраваннем працоўнага калектыву, дзе кожны з'яўляецца акцыянерам без права продажу сваёй долі. Калі кожны працоўны стане саўладальнікам свайго прадпрыемства, то яго праца атрымае дадатковыя матывы, і будзе накіраваная на поспех прадпрыемства, а не атрыманне выгады любой цаной, як гэта масава адбываецца сёння. Прадпрыемствы павінны належаць працоўным сіндыкатам: гэта забяспечыць дабрабыт і сацыяльную справядлівасць.

Дадатковай формай самаарганізацыі працоўных з'яўляюцца прафесійныя асацыяцыі. У іх задачу ўваходзіць маніторынг забеспячэння роўных правоў на прадпрыемствах, падвышэнне кваліфікацыі сваіх чальцоў за кошт сувязі з навучальнымі цэнтрамі, прадастаўленне паслуг работнікаў тых спецыяльнасцей, якія не прадугледжваюць пастаяннага аб'екта дзейнасці (будаўнікі, прыбіральшчыкі, кур'еры і да т. п.).

Замест судоў, убудаваных у сістэму вертыкалі ўлады, анархізм прапануе выкарыстоўваць трацейскія суды27. Прафесійны суддзя — гэта перш за ўсё чыноўнік дзяржавы, у той ці іншай ступені ён залежны. Мы лічым, што ў суддзі павінны трапляць найбольш паважаныя грамадзяне з ліку добраахвотнікаў. Толькі так можна забяспечыць сапраўды незалежную ацэнку. Больш за тое, ніводнае злачынства не можа быць вытлумачана на падставе крымінальных кодэксаў. Кожны выпадак — унікальны, і таму мы выступаем за індывідуальны падыход да кожнай справы, у тым ліку пры вызначэнні пакаранняў. А яшчэ анархісты — прынцыповыя праціўнікі пазбаўлення волі як меры пакарання. Бетонныя засценкі вядуць толькі да дэфармацыі асобы — альбо ў бок страты волі, альбо ў бок азлаблення. Мерамі пакарання могуць быць грамадскае ганьбаванне, штраф, грамадскія працы, часовая ізаляцыя альбо выгнанне ў суворыя цяжкадаступныя мясціны. У асабліва цяжкіх выпадках мы прызнаем права пацярпелага або яго блізкіх на помсту. Стаўка робіцца на тое, што ў грамадстве эканамічнай справядлівасці ўзровень злачыннасці ўпадзе ў шмат разоў, бо карыслівыя матывы злачынстваў стануць малаактуальнымі.

Напрыканцы, хацелася б пару словаў сказаць аб парламенцкай рэспубліцы. Праблема такога дзяржаўнага ладу ў тым, што ён не адпавядае заяўленым прынцыпам. Гэтак жа, як бальшавікі былі далёкімі ад камунізму, так і рэспубліканцы далёкія ад дэмакратыі. У бальшавікоў «дыктатура пралетарыяту» стала тыраніяй наменклатуры партыі. А ў рэспубліцы «улада дэмаса» у рэальнасці значыць калегіяльнае кіраванне буржуазіі. І так было ад пачатку. Сёння часта можна пачуць, што прататыпамі рэспублікі былі старажытнагрэчаскія полісы, «Афіны — калыска дэмакратыі». Аднак, грамадскі лад тых жа Афінаў быў значна больш сугучны анархістычным прынцыпам, чым парламентарысцкім. Гісторыя рэспублікі (класічная Французская рэвалюцыя) паказвае, што яе асноўнай мэтай была ліквідацыя ўлады арыстакратыі (на чале з каралём) і духавенства на карысць трэцяга саслоўя, г. зн. буржуазіі. Выбарчыя правы былі дадзеныя тым, хто праходзіў маёмасны цэнз. Буржуазія, дэкларуючы лозунг «свабода і роўнасць», жадала роўна столькі свабоды, колькі трэба, каб забяспечваць у прадстаўнічых органах свае інтарэсы, і роўна столькі роўнасці, каб выраўняцца ў правах са шляхтай. Вядома ж, ад гэтых павеваў і народу перапала сёе-тое, напрыклад, свабода слова, сходаў, асацыяцый, але толькі ў абмежаванай меры, якая не ставіла пад пагрозу саму ўладу буржуазіі.

У выпадку небяспекі рэспубліка можа быць настолькі ж бязлітаснай і жорсткай да сваіх апанентаў, як каралі і дыктатары. З часоў першых ліберальных рэжымаў 200-гадовай даўніны адбылася такая-сякая трансфармацыя: выбарчае права стала усеагульным. Але чаму? Таму што па ўсім свеце назіраўся рост і рашучасць сацыялістычнага руху. Каб пазбавіць сацыялістаў падмурку і ліквідаваць пагрозу, буржуазія пайшла на ўгоду з сацыял-дэмакратыяй. Апартуністы атрымалі доступ да ўлады ў абмен на адмову ад рэвалюцыі і класавай барацьбы. Сацыял-дэмакратычная інтэлігенцыя запрашэнне прыняла і з дапамогай падкантрольных ёй прафсаюзаў падавіла радыкальныя настроі сярод працоўных і дагэтуль займаецца тым жа самым. Натуральна, фасад рэспублікі стаў «народным», дэмакратыя стала самым ужывальным тэрмінам. Толькі вось усеагульнае выбарчае права нічога не змяніла: буржуазія хутка зразумела, што сілу любой з разнастайных партый вызначаюць укладзеныя ў яе грошы, а не праграма і лозунгі. Сумленны чалавек заведама прайграе ў выбарчай гонцы несумленнаму, але заможнаму канкурэнту. Вынік вырашаюць рэсурсы выбарчага штаба, узровень паліттэхнолагаў, палітыка папулізму, але не ідэі. Менавіта таму так шмат людзей у цытадэлі дэмакратыі — ЕС — не ходзяць на выбары, не цікавяцца сістэмнай палітыкай. Гэта называецца адчуджэннем, пачуццём абыякавасці і бессэнсоўнасці фармальнага спектакля.

Канечне, культура і менталітэт вельмі многіх людзей сёння не спрыяе ўдзелу ў самакіраванні. Але гэты стан — вынік дадзенага грамадскага ладу. Каб змяніцца, людзі павінны займацца і вырашэннем пытанняў, якія датычацца іх жыцця. Рана ці позна даводзіцца ўступіць у ваду, калі хочаш навучыцца плаваць. Дыктатура абыходзіцца з народам, як з дзіцём, рэспубліка — як з падлеткам, анархія — як з дарослым чалавекам. Самакіраванне, сацыялізацыя, самаарганізацыя — вось прынцыпы прагрэсіўнага грамадскага ладу. Перамога гуманізму, калі свабода, мір і шчасце стануць даступныя кожнаму, — вось да чаго імкнецца анархізм.

Вясна 2012 г.
Адкрыты ліст да анархістскіх колаў
Вітаю, таварышы!
У першую чаргу, хачу сказаць вялікі дзякуй усім тым, хто падтрымаў нас у цяжкі час. І асобна хачу падзякаваць людзям, якія аказвалі дапамогу да арышту. Вашая салідарнасць вельмі дапамагла вытрымаць усе цяжкасці, што выпалі. Мэта гэтага ліста - выказацца пра ўсё, што было і ёсць.
Рэпрэсіі.
Самае галоўнае, што хачу сказаць: палеміка паміж легалістамі ды ілегалістамі страціла актуальнасць. Уся сітуацыя пераканаўча сведчыць пра тое, што разлічваць на закон, на ліберальную падачку ні ў якім выпадку нельга. Карныя органы кіруюцца нейкімі ўласнымі ўнутранымі меркаваннямі, хто вінаваты і як трэба рабіць. Дагаджаючы гэтым меркаванням улада гатовая зневажаць людзей, закон. Гэта яе асноўны прынцып функцыянавання.

Захоўваецца толькі бачнасць выканання прававых працэдур. Калі ўлада адчувае пагрозу ці карыслівы інтарэс, то нават гэтая бачнасць робіцца ілюзорнай. Арыштаваць, пашыць справу і пасадзіць чалавека нічога практычна не варта. Я гэта сцвярджаю не толькі і не столькі сыходзячы з нашай справы, колькі з агульнай практыкі следчых органаў, што бачна знутры неўзброеным вокам. А крымінальныя справы па 19-м снежні яскрава сведчаць, што ўлада гатовая на відавочнае самадурства нават ва ўмовах максімальна пільнай увагі грамадскасці тут і на захадзе. Такімі самымі сродкамі ўлада распраўляецца з усімі непажаданымі: карупцыя, эканоміка, крымінал - няважна. Зляпляюць справы на адных паказаннях, і наперад - на нары! Менавіта гэта спрабаваў у сваім апошнім слове сказаць Саша, але газетчыкі ўсё перайначылі.

Увогуле, час скончыць з легалістскімі ілюзіямі: кідаеш выклік уладзе - будзь гатовы адказаць па свавольству, а не па законе. Ніякіх прававых гарантый, калі закранаеш інтарэсы дзяржавы, у цябе няма.
Хачу звярнуць увагу, што справа не ў радыкальных акцыях, а ў любых анархістскіх мерапрыемствах, якія ўлада расцэніць як падрыўныя. Канкрэтны прыклад - маніфестацыя ля Генштабу. Яе прызналі хуліганскімі дзеяннямі і па ёй выдалі рэальныя тэрміны, прычым дымавуха не з'явілася нечым вызначным. Колькі падобных шэсцяў праводзілася раней! А зараз няма ніякай упэўненасці, што за якое-небудзь графіці не будзе узбуджана крымінальнай справы па хуліганцы ці нават пашкоджанні маёмасці. Што ўжо казаць наконт сур'ёзных рэчаў кшталту забастоўкі. Уся нашая барацьба праходзіць пад сярпом крымінальнага пераследу.
Здраднікі і здрада.
На жаль, ідэі не з'яўляюцца гарантам прыстойнасці чалавека. І пакуль сам чалавек не патрапіў у сітуацыю выбару, пра яго нельга нічога адназначна сцвярджаць. Кожны павінны задаць сабе пытанне: "Ці гатовы я сесці ў турму?", "Ці гатовы я сядзець за перакананні і не за свае справы?", "Ці гатовы я не выдаць сваіх таварышаў коштам уласнай няволі?", "Што мне больш важна: свабода ці гонар?". Хто не можа адназначна адказаць, няхай адыйдзе ўбок і ціхенька жыве сваім жыццём: не варта падстаўляць ні сябе, ні іншых людзей.

З усёй масы людзей, якія прайшлі праз допыты, вядома чатыры сапраўдных здраднікі: Захар, Арсэн, Веткін, Бура (калі яшчэ апраўдваецца, няхай закрые сваю суччу зяпу).

Грамадскае непрыняцце - само сабой разумеецца, хаця гэтага, канешне, мала. Праблема ў тым, што акрамя відавочных гадаў былі і тыя, хто "проста" адказаў на пытанні Мянтоў і пэўна падпісаў паперу аб супрацоўніцтве. На дазнанні оперы дэманстравалі дастаткова шырокую дасведчанасць. Падпісаць паперу дапусціма толькі ў адным выпадку: каб выйграць час, з'ехаць за бугор і выкрыцца. Так зрабіў Дзяніс і да яго няма прэтэнзій. Тыя, хто падпісаў і захаваў гэта ў тайне, не маюць апраўдання. Таемнае робіцца бачным, рана ці позна, і за ўсё давядзецца адказаць.
"Інды"медыя.
Ані рэпрэсіі, ані ўласныя перавагі не могуць служыць апраўданнем адмовы ад базавых прынцыпаў анархізму: плюралізму і дэмакратычнасці. Дзеянні Індымедыі з'явіліся подлым актам адступніцтва ў цяжкі момант часу. На маёй памяці ўпершыню так моцна быў падарваны давер унутры руху. Парадаксальная сітуацыя: з аднаго боку, калектыў Індымедыі кляйміў "правакатараў і радыкалаў", з іншага боку - спрабаваў узначаліць кампанію салідарнасці. Гэта - палова бяды. Яшчэ больш сумна аказалася тое, што значная частка анархістаў павялася на такую палітыку і нават горача падтрымала такія дзеянні. Былі і тыя, хто на словах Індымедыю асудзіў, але працягваў выкарыстоўваць яе як асноўную платформу ў кампаніі салідарнасці. Шмат хто і ўвогуле адмаўчаліся. Знайшліся і такія, хто панапісваў артыкулаў, паплясаўшы на костках радыкалаў.

Яшчэ ў 2010 на avtonom.org выйшаў пісьменны артыкул наконт Індымедыі ў цэлым. Там верна ўказаны яе галоўны недахоп: зачынены калектыў, падкантрольны толькі самому сабе, які пры гэтым выступае ў якасці навінавай платформы для ўсяго руху як анархістскіх, так і неаўтарытарных сацыяльных ініцыятываў. У выніку гэта ўсё прывяло да таго, што Індымедыя лічыць, нібыта мае права весці сваю рэдакцыйную палітыку на карысць асобных сегментаў анархаруху, якія адпавядаюць асабістым перавагам удзельнікаў Індымедыі. Падавалася б, можна замяніць усю рэдакцыйную калегію, але тут справа ўпіраецца ў неабходнасць тэхнічнай падтрымкі рэсурса, а такія здольнасці ёсць не шмат у каго. Таму большасць вырашыла проста заплюшчыць вочы на праблему. Але так рабіць нельга! Калі нешта ў карані неправільна, гэта трэба зменяць тут і зараз.

Платформа свабодных навін, якая прадастаўляецца арганізацыяй (тое самае АД), няхай і не ідэал, але ўжо значна лепшае рашэнне, бо рэдакцыйная група адказвае перад удзельнікамі арганізацыі. А Індымедыя ні перад кім не адказвае і фактычна з'яўляецца самастойнай сілай.
Маё катэгарычнае меркаванне, як і Сашы з Міколам, - Індымедыя пераўтварылася ў аўтарытарную структуру, варожую анархістскаму руху. Яе далейшая эвалюцыя прывядзе яе ў сацыял-ліберальны лагер, модны апошнім часам шырпатрэб кшталту Піратскай партыі і г. д. Яны нам не таварышы, як і тыя, хто публічна адхрысціўся ад радыкалаў і інсураў. Байкот.
Сістэма.
Знаёмства з судова-следчай сістэмай паказвае, што найбольш карысная мадэль паводзінаў: для абвінавачваемага - адмова ад дачы паказанняў, для сведкаў - "не памятаю, цяжка адказаць". Справа ў тым, што паказанні заўжды можна даць у судзе ўжо пасля усіх іншых паказанняў. Такім чынам, застаецца прастора для манёўраў. Але нават адмоўныя паказанні на папярэднім следстве - гэта якая-ніякая апора следаку, каб пашыць справу. Ён можа падабраць ці сфальсіфікаваць улікі так, каб паказанні абвінавачваемага аказаліся непраўдападобнымі. Любая інфармацыя следаку ці аперам - гэта будаўнічы матэрыял для вырака. Менавіта таму мянты так ціснуць асабліва ў першыя дні затрымання. Ані слова! Няхай яны ўсё ведаюць. Пляваць! Без пратакола гэтыя веды анічога не значаць. У скрайнім выпадку, калі ёсць падставы меркаваць, што з падазронага цябе перавядуць у абвінавачваемага, лепш пайсці ў адмаўленне, але не хлусіць. Няхай штрафуюць, даюць адміністрацыйнае пакаранне, няхай нават арышт на пару месяцаў - гэта ўсё лепей за тое, чым сесці ці паспрыяць пасадцы каго-небудзь яшчэ. Калі ціснуць на тое, каб "узгадалі", прэсуюць, можна контратакаваць: "не прымушайце да дачы наўмысна хлуслівых паказанняў". Гэта ўтаймуе запал Мянтоў, яны будуць больш баяцца праверкі і падумаюць двойчы. У справе было пару момантаў, калі некаторыя апазнанні можна было не рабіць. Гэта я не ў папрок, - хто ж ведаў! - а на будучыню. Любыя словы, любыя пратаколы даюць шанцы Мянтам і адбіраюць шанцы ў таварышаў. У скрайнім выпадку заўжды можна пацярпець самому, затое сумленне будзе чыстым. Сэнс у тым, каб карнікі прызвычаіліся, што без сур'ёзных улікаў да нас сувацца не варта. Выправіць памылкі ўжо нельга. У судзе ўсе бачылі, што нават масавае адмаўленне ад раней дадзеных паказанняў нічога не дала. Суд кваліфікуе гэта як пажадае, а жадае ён вядома як: як жадаюць Мянты.
Бяспека.
Як выявілася, узровень інфармацыйнай бяспекі не такі ўжо кепскі. Прынамсі, у параўнанні з апазіцыяй. Яе, па маім уражанні, чыталі як разгорнутую кнігу. У нашым выпадку крытычнай аказалася тая інфармацыя, якую здабылі традыцыйна, дзякуючы чалавечаму фактару (здрадзе). Тым не менш, сітуацыя далёкая ад пажаданай.

Асноўнае - гэта мабільная сувязь. Праз гісторыю тэлефанаванняў оперы раскручваюць увесь клубок сацыяльных сувязяў. Так яны ведалі, каго затрымаць у першую чаргу. Па тэлефоне вызначаецца не толькі сетка, але і месцазнаходжанне, ажно да дома. Адзінае тэлефанаванне ці актывізацыя ў сетцы могуць дорага абыйсціся. У якасці прыклада можна прывесці Веткіна, які, як выявілася, уключаў тэлефон у непасрэднай блізкасці да амбасады і банка.
Мабільнікаў павінна быць некалькі для розных колаў стасункаў. Сімкі - левыя, г. зн. зарэгістраваныя нават не на знаёмых, а зусім пабочных людзей. Мае сэнс адначасовая змена сімак і апаратаў (ці перапрашыўка?) адразу цэлай групай. Калі збіраецеся ў кансператыўных месцах, адключайце тэлефон. Загадзя, каб не засвяціць месца вялікай канцэнтрацыі "сумнеўных" нумароў. І заўжды памятайце: любое ўключэнне тэлефона - гэта след!
Карыстаючыся Інтэрнэтам, не забывайцеся пра ІР - выкарыстоўвайце Tor не толькі пры доступе да спецыфічных сайтаў, але і пры палеўных запытах у пошукавіку. Лепш за ўсё ўвогуле падзяліць доступ у сетку на побытавы і палітычны. Для палітычнага можна вылучыць асобны нэтбук/планшэт з падключэннем Wi-Fi ці 3G-флэшак для бесправаднога доступу. Гэта дазволіць і перастрахавацца, і забяспечыць мабільнасць сродкаў камунікацыі ў палітычнай актыўнасці.
Пасля першых арыштаў была неабходнасць зацерці любыя сляды на камп'ютарах, флэшках, вінчэстарах. На жаль, хаця па вялікім рахунку, усё было ліквідавана, шэраг дробязей аказаўся не ўлічаным. Напрыклад, рахунак на ютубе, з якога было размешчана відэа па Генштабу, самое гэтае відэа ў добрай якасці (з якога, дарэчы, і апазналі шэраг людзей), вінчэстар з адноўленай інфармацыяй з дробнымі слядамі доступа да сайту няшчаснай новаполацкай адміністрацыі (трэба было прайсціся нізкаўзроўневым фарматаваннем, праграма Elasek).
Архівы TrueCrypt не ўзламалі. У матэрыялах справы спецыаліст скардзіўся, што нават васьмізначны пароль стварае больш за 32 трлн камбінацый, што занадта шмат нават для высокапрадукцыйных сістэм. Аднак слядак зрабіў намёк, што гэтыя архівы толькі афіцыйна не ўзламаныя. Можа, хацеў праверыць рэакцыю, а можа і не. Наконт скайпа нічога пэўна даведацца не атрымалася: ані ў справе, ані ў словах апяроў нічога не прагучала. Па маіх назіраннях, гісторыі скайп-чатаў у крымінальных справах фігуруюць часта, прычым некаторыя сцвярджалі, што захоўванне гісторыі адключалі. Мне падаецца, што лепш перайсці на альтэрнатыўныя ip-тэлефаніі без цэнтральных сервераў.
Усё ж такі шэраг пароляў ад скрыняў яны дасталі. Ці то паролі аказаліся слабымі, ці то стаяў аўтаўвод. Лёгкіх пароляў і тым больш аўтаўвода не павінна быць упрынцыпе. Тое ж самае датычыцца і паштавікоў. Не выкарыстоўвайце іх для актывістскіх е-мэйлаў. Ліставанне не павінна захоўвацца на жосткім дыску. Звышважнае ліставанне ўвогуле трэба весці са спецыяльна створанага для гэтай мэты акаўнта(ў), каб, у выпадку чаго, аб яго існаванні ніхто і не ведаў.

Заўжды і паўсюль выключайце гісторыю наведванняў, Cookies і да т. п. Па магчымасці выкарыстоўвайце віртуальную клавіатуру. Гэта нейтралізуе шпіонскі Траян Keylogger, які запамінае націсканне клавішаў. Для перастрахоўкі можна выкарыстоўваць спецыяльныя браўзэры і пашукавікі, якія не пакідаюць слядоў. У прыватнасці, адна з разнастайнасцей FireFox завострана менавіта так.

Я пералічыў мноства вядомых рэчаў. Шмат хто грэбавалі шэрагам з іх, хаця мелі ў запасе час. У выніку гэта адыграла важкую ролю ў абвінавачванні. Няхай пра гэта памятае кожны.

Цяпер хачу сказаць аб некаторых іншых крымінальных аспектах. Адбіткі пальцаў - гэта мінулае стагоддзе. Зараз апазнанне ажыцяўляюць па ДНК, якое знаходзіцца ў сліне, выдзяленнях потавых залоз, эпітэліі (скурныя клеткі), не кажучы ўжо пра кроў і валасы. Веткін спаліўся на пальчатках з рэшткамі поту і эпітэлія, якія ён пакінуў недзе ў дварах непадалёк ад амбасады. Да гэтага дадаліся сігналы яго мабільніка. Вот такая карціна. У справе даследваліся прадметы з месцаў акцый: недапалкі, бутэлькі, шкло, запальнічкі. На фаеры каля ІЧУ знайшлі сляды поту Дзімы, хаця ані адбіткаў, ані эпітэлія там не апынулася. Карацей, нават выпадковы волас ці плявок можа зрабіцца фатальным. Мала за тое, выяўляецца, і паветра з памяшкання таксама бяруць на аналіз, бо пот выпараецца.

У самай бліжэйшай будучыні, якая плаўна перацякае у цяперашняе, нам давядзецца сутыкнуцца з куды больш сур'ёзнымі выклікамі. С ростам значэння сацыальных сетак і інтэрактыўнага Інтэрнету ў цэлым, усё больш актыўна развіваюцца праграмы аўтаматызаванага збору дадзеных. Паралельна, вялізарнага поспеху дасягнулі праграмы па распазнані твара чалавека. Так, гэтыя праграмы могуць па выпадковых кадрах з камер відэаназірання знайсці чалавека па фатаздымках ў адкрытым доступе, напрыклад, тых жа сацыальных сетках. З улікам рэзкага павелічэння колькасці і якасці гарадскіх відэакамер назірання (плюс аператыўная здымка) перспектывы выглядаюць наступнымі: у хуткім часе паліцэйскія сістэмы назірання і аналіза будуць здольны з высокай доляй верагоднасці выдаваць пайменны спіс удзельнікаў масавых акцый з поўным профілем на кожнага. Пашпартныя дадзеныя, сацыальныя сувязі, месцы сустрэч, маршруты перамяшчэння, акаўнты ў сетцы, цікаўнасці і г. д. і да т. п. Ужо існуюць кампаніі, якія спецыялізуюцца на стварэнні профіляў спашукальнікаў вакансій пры працаўладкаванні ў карпарацыях. І гэта ўжо не футурыстычны сюжэт.
Структура і чалавечы фактар.
Аналізуючы следчую сістэму, я прыйшоў да высновы, што ўлікі, следчыя і суд - рэчы другасныя. Галоўны вораг - гэта опер і любыя сляды, якімі ён можа скарыстацца для сваіх высноў. Калі оперы нешта пранюхалі, то запакаваць чалавека - справа тэхнікі. Яны ўсё роўна знойдуць зачэпкі ці сфальсіфікуюць іх. Адзіны сродак пазбегнуць іх увагі - ананімнасць. Мая прапанова сыходзіць да трох пунктаў:

Актывіст анархістскага руху павінны прыняць правілы бяспекі за асабістую культуру паводзін. Палітычнае alter ego не павінна быць звязана з пэўнай фізічнай асобай. Паколькі поспех нашай барацьбы наўпрост залежыць ад функцыянавання нашых інфармацыйных сістэм і бяспечнага знаходжання ў варожых і нейтральных сістэмах, мы хочаш не хочаш павінны рухацца да ўзроўню хакерскіх груп. Устойлівасць актывістскіх калектываў кшталту anonymous - пераканаўчы доказ;

Для распаўсюду нашых ідэй жыццёва важна, з аднаго боку, ствараць якасны медыя-змест (аўдыё, відэа, выявы, паліфанія, веб-шыхтоўля), з іншага боку, вывучаць і ўкараняць законы разумнай падачы і эфектыўнага ўспрымання інфармацыі. Мне давялося камунікаваць з прафесійнымі паліттэхнолагамі, і, шчыра кажучы, у нас няма пісьменнага падыходу да такіх рэчаў. Мы нават не ведаем, як робіцца звычайны плакат, не кажучы ўжо пра ўсё астатняе. Неабходна вывучаць гэтыя тэхналогіі і выбіраць тое, што не супярэчыць анархічным прынцыпам.

Структура руху павінна базавацца на аўтаномных групах. Большасць удзельнікаў руху не павінны ведаць адзін аднога на ўзроўні "дзе жыве, працуе/вучыцца". Гэта дазваляе панізіць крытычнасць чалавечага чынніка (здрады) да памераў адной групы. Адчынены стан большай часткі руху ці напаўадчынены статус арганізацыі - гэта траянскі конь. Немагчыма захаваць нармальнае функцыянаванне ў выпадку рэпрэсій. Адчыненасць непазбежна прыводзіць да траплення "пад каўпак", такі стан нельга назваць жыццяздольным. Досвед нашай справы выразна дэманструе, як мянтам двойчы атрымалася ўлезці ва ўнутраныя рассылкі, што прывяло да поўнага паралюша руху.
Асабісты выбар.
Усе мы жадаем кімсьці стаць, нечага дасягнуць на асабістай ніве, і да гэтага трэба імкнуцца. Але, адначасова, усё нашае жыццё можа перакуліцца ў адзін момант. Калі такі момант надыдзе - не бядуйце. Страціўшы адно, набываеце іншыя рэчы і каштоўны досвед. У турме жыццё не сканчваецца, яно цячэ па-іншаму. Рана ці позна тэрмін скончыцца і наперадзе будуць новыя магчымасці і планы, пра якія, быць можа, без турмы ніхто бы не даведаўся.

Ні аб чым не шкадаваць і імкнуцца наперад, без усялякіх кампрамісаў.

Няхай жыве Сацыяльная Рэвалюцыя!

Дык будзе ж Анархія!





1   2   3   4   5   6   7


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка