Імя Ф. Скарыны, г. Гомель паэтыка валачобных песень



Дата канвертавання15.05.2016
Памер84 Kb.
Алена Паўлава

ГДУ імя Ф. Скарыны, г. Гомель


ПАЭТЫКА ВАЛАЧОБНЫХ ПЕСЕНЬ
Класічныя валачобныя песні, як і калядна-шчадроўныя, маюць устойлівую структуру, якая ўключае тры часткі: даволі разгорнуты зачын, асноўную частку і канцоўку. Вялікую ролю ў валачобнай песні адыгрывае яе зачын, які выконвае функцыю далейшага развіцця песеннага сюжэта:


Добры вечар, чэсны й пане,

Чэсны й пане, [пане] Аркадзі!

Чы пазволіш песню спеці?

Ва нядзельку паранюсенька

Ўзышло сонца весялюсенька,

Ўзышло яно абутрала [1, с. 83].


Звычайна валачобныя песні пачынаюцца са звароту пачынальніка-спевака да гаспадара:




Гаспадарочак, слічны паночак,

Зелёны явар, кудравы.

Ці спіш, ці ляжыш, ці ў акно гледзіш ?

А калі ты спіш, дык Бог з табою…

[2, с. 388]


Пасля своеасаблівага звароту гучыць матыў просьбы валачобнікаў да гаспадара:


А калі не спіш, гавары са мною.

Адчыні акно, пагледзі ў гумно… [2, с. 388]


Зачын, як правіла, апярэджвае сам тэкст песні, у якой, паводле пажаданняў валачобнікаў, гаспадара чакае вялікі цуд у яго двары або гумне:


Гаспадарочак, слічны паночак,

А ў тваім таку ўсё прыкладзіста,

А ў тваім млыне ўсё прымеліста,

А ў тваей печы ўсё прыпечыста,

На тваім стале ўсё прыкроіста…

[2, с. 388].


У зачыне спявак-пачынальнік пытаецца: “А ці дома, дома слаўны пане?”, а потым сам, разам з іншымі выканаўцамі, адказвае на свае пытанне: “Хоць ён і дома, да не кажацца – у новай каморы прыбіраецца…” [1, с. 71] У такім зачыне-запеве выразна распавядаецца аб тым, што гаспадар “пашоў у чыстае поле жыта аглядаці…” [1, с. 83]. Разам з тым, гэты зачын з’яўляецца таксама арганічнай часткай песеннага тэксту, паводле сюжэта якога гаспадар старанна рыхтуецца сустрэць святы: “Первы празнік – ды Вялікадня, другі празнік – святы Юрай, трэці празнік – святы Мікола. Свята Вялікадня з красным яечкам, святы Юрай з ранняй расою…” [1, с. 211].

Са зместу валачобных песень вынікае, што святочнае шэсце валачобнікаў адрозніваецца своеасаблівым душэўным уздымам, радасным настроем. Хлопцы-спевакі з’яўляюцца вестунамі надыходзячай веснавой пары года, ідуць да сялян, каб прынесці амаль у кожную хату вялікую радасць абуджэння зямлі ад працяглай студзёнай зімы:


Да й ішлі хлопцы да полем, борам,

Вясна красна на двары!

Да полем, борам, баравінкаю

Вясна красна на двары!

Іграючы, успяваючы…

Вясна красна на двары!.. [1, с. 71].


Валачобныя песні па сваёй класіфікацыі блізкія да калядных і маюць наступныя жанравыя разнавіднасці: песні, прысвечаныя гаспадару, гаспадыні, незамужняй дарослай дачцэ гаспадара – дзяўчыне; нежанатаму даросламу сыну гаспадара – хлопцу; і бабцы.

У тэкстах валачобных песень знайшлі яскравае мастацкае ўвасабленне жыццёвыя клопаты, а таксама спадзяванні і надзеі селяніна на паляпшэнне сямейнага стану. Засяродзім увагу на тых мастацкіх сродках, якія часцей за ўсё ўжываюцца ў кожнай з жанравых разнавіднасцей валачобных песень; напрыклад эпітэты: “казловыя боты”, “залатая сукня”, пры дапамозе якіх узвялічваецца асоба гаспадара:
У казловыя боты абуваецца,

Залатую сукню да на пашкі бярэ,

Шапку-баброўку кладзе на галоўку… [1, с. 71]
Калі зойдзеш у хату да таго ці іншага гаспадара, як вынікае з вуснаў красамоўных спевакоў, то пабачыш сталы “усё цясовыя”, накрытыя “усё кітайкамі” [1, с. 195]; сам гаспадар падымае “кубачкі пазалочаныя. У першым кубку – зеляно віно, у другім кубку – салодкі мёд, у трэцім кубку – пшоннае піва” [1, с. 63].

Разам з тым, найбольш часта ў валачобных песнях, прысвечаных гаспадару, мае месца паэтычная ідэалізацыя яго маёмаснага стану. Увогуле, валачобнікі прадказвалі яму толькі добрую долю:




Часты-густы ў небе звёзды,

Часцей-гусцей у полі копы

Слаўнага пана, [пана] Аркадзі.

Вялік-шырок у небе месяц,

Шырэй-вышэй у гумне стагі

Слаўнага пана, [пана] Аркадзі.

Перанясі, божа, во гэту пашэнку,

Во гэту пашэнку чераз асетку.

Вот дай, божа, умалоціста,

А ў закроме во насыпіста,

А з закрому невыборыста,

У мельніцы намеліста,

У дзяжы падыходзіста,

У печы набуханіста,

У столічку укроіста,

У сямействе – міравая сыць [1, с. 85].


У прыведзеных тэкстах, адрасаваных гаспадару, сустракаюцца эпітэты, якія характарызуюць дзеянне або прадмет, вылучаюць у ім галоўную істотную рысу: яснае сонца, дробны дожджык, даліна шырокая, горад слаўны, рада добрая, валачобная [3, с. 51]. Відавочна, што кожны аб’ект у тэкстах валачобных песень пададзены не паасобку, але з абазначэннем яго пэўнай якасці, уласцівай менавіта яму характэрнай адзнакі, Так, калі гаворка ідзе пра месяц, ён абавязкова паўстае як ясны, а дожджыкдробны.

Даследчык А. Весялоўскі вылучае тры асноўныя групы эпітэтаў: таўталагічныя, паясняльныя і метафарычныя [4, с. 15]. У тэкстах валачобных песень можна адшукаць таўталагічныя эпітэты. Напрыклад, сталы эпітэт “салодзенькі” часцей за ўсё ўжываецца з назоўнікам мёд, што абазначае тоеснасць значэнняў, паколькі і назоўнік мёд, і прыметнік салодзенькі паведамляюць пра салодкае: “Ды вараць мяды ўсё салодзенькія” [1, с. 59]. Метафарычныя эпітэты абазначаюць прымету, перанесеную з аднаго прадмета на другі на аснове падабенства або блізкасці: шаўкова трава, залаты серп [ 2, с. 388].

Акрамя эпітэтаў, у тэкстах валачобных песень таксама ўжываюцца паўторы, цікавыя формы рыфмы. Напрыклад, праслаўленне заможнасці гаспадара значна павялічваецца з дапамогай анафары, адной з найбольш распаўсюджаных стылістычных фігур:


Заві жняек у хатачку,

Запалі свечы трайчастыя,

Саджай жняёк за столічак,

За столічак за цясовенькі,

За цясовенькі, за кляновенькі,

За скацеркі бярчастыя,

За тарэлачкі двайчастыя,

За ложачкі серабрыстыя,

За хлябцы за сітовыя,

За стравіцу за сахарную… [1, с. 84]
У тэкстах, адрасаваных гаспадыні, шырока выкарыстоўваюцца мастацкія параўнанні: “гаспадынечка-журавіначка”, “гаспадынька, як малінка”, “наша гаспадыня, дабрадзейка наша” і іншыя, напрыклад:
Дзень добры таму, хто ў гэтым даму!

А ў гэтым даму – гаспадынечка,



Гаспадынечка й, журавіначка й… [1, с. 215]
Неабходна дадаць, што амаль кожны тэкст віншавальна-велічальнай валачобнай песні, прысвечанай гаспадыні, сведчыць аб тым, што гэта разумная жонка, разважлівая памочніца гаспадара, якая з’яўляецца яго вялікай маральнай апорай: “жана верная”, “жана чэсная”, “жана душа” [1, с. 84].

У тэкстах беларускіх валачобных песень, у якіх услаўляецца вобраз дзяўчыны, яе называюць: “красавіца”, “паненачка”, гучаць матывы шчаслівага замужжа:



Адкуль узялася красавіца Ганька…

Звязаўшы вяночак, пашла у таночак,

З танка вышла, замуж пашла

За злотнічка-залатарнічка… [1, с. 249]


Што тычыцца мастацкіх сродкаў, што ўжываюцца ў тэкстах песень, звернутых да дзяўчыны, то варта засяродзіць увагу на асобнай групе эпітэтаў, якія ў спалучэнні з пэўнымі назоўнікамі маюць сімвалічнае значэнне. Так, пярлоў венчык заўжды сімвалізуе ва ўсіх цыклах каляндарна-абрадавай паэзіі, у прыватнасці, ў тэкстах валачобных песень, дзявочую цнатлівасць, таму страта яе абазначае згубленне дзяўчынай сваёй дзявоцкасці:




Падбірала маладая Танька…

Савіла вяночак, пайшла й ў таночак.

А схваціліся буйныя вятры,

Буйныя вятры, дробныя дажджы.

А схапілі ў яе з галоўкі вяночак…

[1, с. 294]


Нельга не адзначыць і такі мастацкі сродак, як параўнанне, пры якім непасрэдны аб’ект параўнання і яго сродак счэплены паміж сабой настолькі непарыўна, што адзін без другога непазбежна трацяць свой сэнс і нават усялякую жыццяздольнасць. На нашу думку, выкарыстоўваюцца параўнанні, каб падкрэсліць, наколькі шчасліва жылося дзяўчыне сярод родных у бацькоўскай хаце:




Вечар добры,

[Зялён явар, кудравы!]

Паненачка!

Ў таткі, ў мамкі

Ў таткі, ў мамкі

На выгодзе,



Як садочак

На пагодзе… [1, с. 254].

Зыходзячы са зместу віншавальна-велічальных песень, дзяўчына паходзіць з добрага роду, паўстае працавітай, разумнай, адукаванай. З гэтага вынікае, што сама паненачка роўная толькі каралевічу ці царэвічу. Недарэмна таму, амаль ва ўсіх тэкстах песень, прысвечаных дзяўчыне, гаворыцца аб тым, што валачобнікі з’яўляюцца носьбітамі цікавых для яе навін, асноўны сэнс якіх у тым, мяркуем, што да нявесты зусім хутка прыедзе жаніх, багаты і прыгожы, падобны на царэвіча або каралевіча:




А й на моры

Не дым дыміць,

Не агонь гарыць –

Аж там едзіць

Цар-царэвіч,

Каралевіч,

Пытаецца:

– Калі будзеш,

Панна, мая,

Моў са мною,

А не будзеш –

Бог с табою… [1, с. 255].


Даволі часта ў віншавальна-велічальных песнях, адрасаваных дзяўчыне, можна сустрэць вобразы-сімвалы: залатыя і срэбраныя пярсцёнкі, пярловыя, руцьвяныя вянкі. У вершаваных радках мы знаходзім іх тлумачэнне: ““Пярлов венчык” – для вянчання, “злата кальцо” – для мяняння, “златы кубкі” – любым госцям”” [1, с. 255]; або: “у адным персні заручаціся, у другім персні вянчаціся, а ў трэцім персні – жыці-быці” [1 с. 249 – 250].

У песнях, прысвечаных хлопцу, часцей за ўсё, прыгадваецца пра неабходнасць жаніцьбы ў бліжэйшы час, а таксама малады чалавек ўслаўляецца як рыцар. У разгледзеных тэкстах валачобных песень, якія адрозніваюцца шырокай разгорнутасцю сюжэтаў, уводзяцца казачныя, або міфалагічныя персанажы:


Па двару ходзя молад Якаўка,

Па двару ходзя, лучок падымае

Лучок падымае, хоча сокала ўбіць.

– Молад Якаўка, да не бі ж ты мяне,

Да не бі ж ты мяне, не губі ж ты мяне

Перанясу ж я цябе да на крыллейку,

Маладую жану з-за сіня мора браць,

Як будзеш ты да жаніціся,

Знадаблюсь я табе пры ліхой гадзіне,

А жану тваю да на хвосцічку

[1, с. 382].


Асноўны змест валачобных песень, адрасаваных хлопцу і дзяўчыне, звязаны з матывамі кахання і шлюбу.

У тэкстах песень, прысвечаных бабцы, значнае месца адводзіцца рытуальным падарункам, у якасці аднаго з якіх паўстае ласунак у выглядзе пафарбаванага чырвонага яйка:


Валачобнічкі – усе бабіны ўнучкі.

Падавала бабка да ўсім па яечку… [1, с. 418]

Выкарыстанне эпітэтаў у большасці валачобных песень дапамагае зрабіць іх тэксты больш дасканалымі, узмацняе сілу іх эмацыянальнага ўздзеяння, дазваляе глыбей раскрыць галоўны змест песеннага тэксту: “слаўцо ласкавае, явар зялёны, кудравы, лецечка новае, жыта велікае” [3, с. 51 – 52].

У тэкстах валачобных песень ужываюцца такія сродкі мастацкай выразнасці, як эпітэты, метафары, анафара, параўнанні і паўторы. Найбольш частае ўжыванне мастацкіх сродкаў можна сустрэць у песнях, прысвечаных гаспадару, дзяўчыне, бабцы. Што датычыць песень, адрасаваных жонцы гаспадара і хлопцу, то ў гэтых дзвюх групах мы вызначаем невялікую колькасць мастацкіх сродкаў, напрыклад, эпітэты і параўнанні.

Літаратура:

1. Валачобныя песні / [Склад. Г. А. Барташэвіч, Л. М. Салавей, склад. муз. часткі В. І. Ялатаў. Рэд. тома К. П. Кабашнікаў]. Мн.: Навука і тэхніка, 1980. – 560 с. – (Бел. нар. творчасць. /АН БССР. Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору).

2. Голас з невычэрпнай і жыватворнай крыніцы /Склад. У. В. Анічэнка. – Мн.: Навука і тэхніка, 1995. – 464 с.

3. Беларускі фальклор у сучасных запісах: Традыц. жанры: Гомел. вобл. / Уклад. В. А. Захарава і інш.; Уклад. муз. часткі У. І. Раговіч. – Мн.: Універсітэцкае, 1989. – 384 с.



4. Гілевіч, Н. С. Паэтыка беларускай народнай лірыкі /Н.С. Гілевіч. Слова і образ. Паэтычны сінтаксіс. Гукапіс і рыфма. – Мн.: Вышэйшая школа, 1975. – 288 с.






: bitstream -> 123456789 -> 40808
123456789 -> Марына Шода «Несучы хвалу красе» (паэзія Уільяма Батлера Ейтса)
123456789 -> Гісторыя беларускай літаратуры (ХІХ ст. – 1970-я гады ХХ ст.)
123456789 -> П. С. Лопух гідралогія сушы частка 2 (агульная гідралогія)
123456789 -> П. С. Лопух, А. А. Макарэвіч
123456789 -> Праявы масавай культуры ў дыскурсе смі, альбо да праблемы гуманізацыі медыясферы
123456789 -> Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь
123456789 -> 1. Гістарычныя ўмовы ўзнікнення новай беларускай літаратуры. Асноўныя літаратурныя напрамкі канца ХVІII – пачатку ХІХ стст. І іх выражэнне ў беларускай літаратуры
123456789 -> Гісторыя старажытнай грэцыі І рыма (Фядосік В. А.)




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка