Іван Мележ Людзі на балоце Раман з «Палескай хронікі»



старонка14/24
Дата канвертавання15.06.2016
Памер4.75 Mb.
1   ...   10   11   12   13   14   15   16   17   ...   24

3

Кладучы снапы на воз, Яўхім заўважыў, што Ганна адышла ад сваіх, узмежкам падалася да лесу.

«Адна!.. Куды яна? - мільганула ў ім цікаўнасць. - Па маліны, ці што?..»

Яўхім хвіліну сачыў за ёй, як бы чакаў адгадкі. Ён пачаў хвалявацца.

- Ты што? Аслеп? Не бачыш? - крыкнуў Яўхіму стары Корч, трымаючы на вілах сноп.

Яўхім схамянуўся, але думка пра тое, куды пайшла Ганна, ужо не адыходзіла. Стараючыся класці снапы ў час, ловячы тыя моманты, калі стары адварочваўся, каб узяць сноп, Яўхім падсачыў, куды пайшла Ганна, - думаў, як бы хутчэй далажыць воз, як адчапіцца ад бацькі, вырвацца туды, услед за ёю.

- Ну, хопіць! - нарэшце сказаў Глушак-стары, і Яўхім, зачапіўшы рубель, які яму падаў Сцяпан, з радасцю саскочыў на пожню, стаў борзда ўціскаць воз.

- Яшчэ разок! Яшчэ!.. Г-гах!.. - камандаваў Яўхім Сцяпану, цягнучы вяроўку так, што аж гарэлі рукі. Тузануўшы вяроўку апошні раз, Яўхім, каб не развязалася, некалькі разоў спрытна зашмаргнуў канец яе на выцертым да бляску рублі, пляснуў брата па плячы.

- Да самаго Мозыра можно везці!..

Ён тут жа нагнаў на сябе выгляд паслухмянасці і пакоры, насцярожана зірнуў на старога.

- Арэшынкі нагледзеў надысь... На абручы акурат... - Яўхім чуў, як маці ўранку прасіла старога набіць новыя абручы на бочку.

- Арэшынкі! Знайшоў час... - нязгодна прабурчаў стары.

- Час не час - да ненарокам ссякуць!.. Удалыя вельмі!..

Стары памаўчаў, і Яўхім зразумеў: хітрасць удалася! Можна пайсці!

- Бяры лейцы! - сказаў ён Сцяпану ўсё з той жа паслухмянасцю, нібы перадаваў бацькаў загад. - Не адвыкай ад навукі мужыцкай! - на ўсякі выпадак нагадаў ён брату звыклую бацькаву параду.

Стары не адгукнуўся на гэты сынаў хітрык.

- Кеб не бадзяўся там вельмі! Вернешся, абгледзь тут - мо калоссе дзе-небудзь засталося, падбяры!

- Добра...

Яўхім пачакаў, калі бацька загадае ехаць, - упёршыся ззаду ў снапы, памог каню крануць воз, пасля таго як воз крактануў, хітнуўся, рушыў, яшчэ некалькі крокаў прайшоў услед, усё памагаючы плячом.

Калі ж адстаў, Яўхім кінуў на бацьку зладзейкаваты позірк і, ледзь стрымліваючы вялікі прыліў нецярплівасці, хутка пайшоў к лесу. Ішоў ён не проста туды, дзе схавалася Ганна, а бліжэй к сваёй паласе - асцерагаючыся лішне цікаўных людскіх вачэй, думаў падабрацца к Ганне нявідна, лесам.

Чым бліжэй падыходзіў да лесу, тым мацнелі ў яго гарачае хваляванне, неспакой і нецярплівасць, якія гналі яго - хутчэй, хутчэй! У яго ледзь хапіла развагі, каб не пабегчы. Хутчэй, пакуль не адышла далёка, не прапала ў зарасніку: зойдзе, залезе ў гушчар - век не знойдзеш!..

Ледзь дапаў да лесу, парывіста нырнуў у жаданую засень: нарэшце можна пабегчы, не асцерагацца людскіх вачэй. Хацеў быў адразу ж кінуцца ў зараснікі і раптам хіснуўся назад, як бы наткнуўся на дрэва: насустрач - трэба ж, каб так не ў час! - выскачыла Хадося.

- Яўхімко! - кінулася Хадоська к яму.

Гэта было так неспадзявана і недарэчна, што Яўхім момант як бы нічога не цяміў.

- А-а!.. Ты... чаго тут?..

- Так, зайшла от! Захацелася от, сама не знаю чаму! Я і зайшла! Нібы чуло сэрца!.. - Яна гаварыла з радасцю, але Яўхіму чуўся ў яе голасе нейкі затоены сум. І праўда, яна паскардзілася ўслед: - Я ўжэ так нудзіцца пачала!

Губы Хадоські вінавата скрывіліся. З гэтай журботнай, дзіўна застылай усмешкай яна ступіла да Яўхіма, хацела, відаць, прытуліцца да яго, але Яўхім адкаснуўся, павёў вачыма ўбок:

- Т-ты чаго?!. Людзей не сорам?

- А што мне - людзі!.. - адказала яна раптам з адчаем і нейкай рашучасцю, якая насцярожыла яго.

- Калі табе ўсё адно, то мне - не ўсё адно!..

Яўхім заўважыў, што твар яе блеклы, нездаровы, вочы запалі, шчокі адвіслі - нібы не дзяўчына, яблыка наліўное, а чэзлая падалка. І ўся яна - як ён дасюль не бачыў? - была нейкая зморшчаная, як бы хворая без надзеі, як бы без крыві - непрывабная, непрыемная. Нават агідная.

Нашто ён звязаўся з ёю, даў ёй хадзіць з ім, ліпнуць? Ну, што было тады ў саломе, тое было, бедаваць няма чаго. Але чаму ён пасля яшчэ важдаўся з ёю, плаціў за рэдкія ўцехі з ёю такой вялікай цярплівасцю, слухаў яе бясконцыя страхі, папрокі, напамінкі, суцішаў слёзы. Замест таго каб адразу адрэзаць, адшыць. Бачыў жа, як ліпне!.. Дык не ж, вясной трэба было яшчэ і ў свіран ноччу прывесці! Добра, што не падгледзеў ніхто!.. Дурань, дурань!..

- Не хадзі за мной! - сказаў Яўхім строга. - Хопіць!

- А ці ж я хаджу!..

- І так жанкі языкі чэшуць!..

- І ніхто не чэша!.. Выдумляеш ты!.. Здаецца табе! Ніхто нічога не кажа!

- Не хадзі!

Даўно б, здаецца, час зразумець, што не пара яму, што кончана ўсё, дык не ж - бегае, як сабака! І глядзіць, як сабака!

- Забудзь!

Ён хацеў пайсці далей. Але яна ўхапілася за руку, спалохана крыкнула:

- Яўхімко-о!

- Адыдзі, сказаў!

Яўхім хацеў узяць ад яе руку, яна не пусціла. Ухапілася другой за пінжак.

- Яўхімко, я... я... - Хадоська захліпвалася ад слёз.

- Пусці!

- Яўхімко! Я... Я - грубая*!

* Цяжарная.

Як ні быў рашуча настроен Яўхім, ён на момант абмяк.

- Што?

Яўхім паглядзеў на яе, зразумеў: кажа праўду. Вочы пачырванелыя ад слёз, скрыўлены болем рот, мокрыя, дрыготкія, як студзіна, шчокі - ва ўсім было відаць вялікае гора. Яна ўся курчылася, дрыжала ад бяды, ад пакуты. Вось, значыцца, чаму яна такая хваравітая!



Дабегаўся, дагуляўся! Дакруціўся так, што далей ужо няма куды! Як і выкруціцца, невядома! «Добра, што ніхто не бачыў, як у свіран хадзілі!» Убачаць, усе ўбачаць!.. Не адышоў у свой час, дурань!

Як жа цяпер быць? Што рабіць?..

- Нагуляла, значыцца?.. Цяпер шукаеш, хто вінаваты?..

- Яўхімко! - застагнала Хадоська. - Бойся Бога! Ці ж я шчэ з кім, акрамя цябе?

- А хто знае! Толькі - ад мяне не магло!

- Яўхімко!

Але Яўхім не хацеў ужо слухаць. Кінуўшы яе ззаду, ён, аднак, неўзабаве прыпыніўся, вярнуўся да яе, што ляжала, уткнуўшы галаву ў траву, захліпаючыся ад адчаю, прамовіў мякчэй:

- От што! Вазьміся за розум, калі не хочаш, кеб людзі смяяліся! - Ён пачакаў, калі Хадоська сціхне, але зразумеў, што не дачакаецца, азірнуўся, сказаў нецярпліва: - У Глінішчах е знахарыха...

Хадоська як бы і слухаць не хацела яго шчырай парады. От і жадай ты дабра ёй, спрабуй памагчы гэтай слязліўцы! Усё ж са злосцю дагаварыў:

- Яна ето ўмэнт!.. Выкіне!.. Чуеш?

Хадоська ў адказ толькі прастагнала. Яўхім пастаяў трохі, потым, як бы пабачыўшы, што важдацца больш няма ніякай карысці, пайшоў сваёй дарогай. «От чорт! - думаў ён, прадзіраючыся праз хмызняк. - Трэба ж, кеб так выйшло! Було ж кеб што асаблівае, кеб любоў там якая, ці што. Кеб хоць сох так, як па етай, па Ганне! Дак не ж, балаўство адно... А цяпер от думай! Чакай, чым кончыцца!..»

Настрой быў цяпер зусім не такі, як да сустрэчы з Хадоськай, сапсаваны быў настрой. Яўхім ад гэтага неўзабаве нават стаў у зарасніку, задумаўся: ісці ці не ісці цяпер шукаць Ганну? Ужо як і не было нядаўняй нецярплівасці і лёгкасці - да ўсяго прыйшла неспакойная думка: «Кеб хоць не расплакалася етая слязліўка перад Ганнай... Яны ж як-ніяк прыяцелькі...»

Але думаў, трывожыўся Яўхім нядоўга. Хадоська - то адно, а Ганна - зусім іншае. Што ж яму цяпер - і глядзець ні на кога няможна? Манахам стаць у маладыя свае гады? Ад таго, што нейкая дурніца прыліпла?

І наогул, хіба гэта мужчынская справа - за дзеўку думаць? Сама прыдбала, сама няхай і думае, як збыць!..

Яўхім палез далей праз зараснік - азірнуўся, прыслухаўся, дзе яна, неадчэпная Чарнушка?

4

Ганна, убачыўшы яго, не здзівілася, не занепакоілася - зірнула абыякава і зноў стала выглядваць, выбіраць маліны. Кусты былі цёмныя, густыя - яна разводзіла лісце, даставала ягаду за ягадай, клала ў жменю. Яўхім пастаяў, чуючы ў сабе недарэчную нясмеласць, падышоў да Ганны, сказаў лагодна:

- Памагці, можа?

- А мне і самой не трудно! - адказала яна, разумеючы яго няхітры подступ. Яна нават не зірнула на яго - як і раней, выглядвала, выбірала маліны.

Яўхім побач з ёй таксама пацягнуўся за ягадай.

- Усё-такі з памочнікам спарней!

- Гледзячы які памочнік!..

- А хіба - паганы? - паспрабаваў ён пажартаваць.

- Добры, значыцца?.. Любіць аржаная каша сама сябе хваліць!

- А чаго і не пахваліць сябе, калі другія не хваляць. Можа ж, і е за што!

- Уга! - толькі і сказала яна з насмешкай.

Яўхіму кінулася ў вочы, пад парванай ніжэй пляча зрэбнай кофтай, паска смуглай скуры, і горла перахапіла гарачая рэўнасць.

- Дзятлік твой, можа, лепей?

Ганна адказала спакойна:

- Як для каго...

На загарэлай, аж чорнай шыі яе пад зборам павязаных паркалёвай хустачкай чорных, з бляскам валасоў віўся лёгкі, дзіўна светлы пушок.

- Ні да чаго ўсё ето! - прамовіў ён як мог весела, бесклапотна.

- Што - ні да чаго?

- Выдумляеш, сама не знаеш што! Усё адно не выкруцішся!

- Ад цябе?

- Ад мяне.

- Уга! Спужаў! - Ганна засмяялася, і смех гэты распаліў упартасць у ім.

- А што ты такое асобае? Не дзеўка хіба?

- Дзеўка-то дзеўка. Ды і куры, кажуць, не ўсе рабыя. Не адзінакія... Не адзінакія, можа, і дзеўкі?.. Не ўсе ж, мабуць, як... Хадоська?!

Яўхім ад нечаканасці аж анямеў. «Знае? Знае ўжэ! Чаму яна ўспомніла? Выказала ета слязліўка?»

Трэба было ўсё ж нешта рабіць, выбірацца з пасткі. Можа, яна гэта проста так, незнарок сказала? Можа, яна і не ведае ўсяго?

- Хадоська - што? - прамовіў ён насцярожана. - Хадоська, канешне... дзеўка... непаганая... Не супроць... Толькі - не да душы...

- Ужэ не да душы?

- А калі яна була да душы?.. Так толькі, што хілілася ка мне, а крыўдзіць шкода було... Не гнаў... Няхай хіліцца, мне што?..

Ганна зірнула на яго, як бы хацела пабачыць - праўду ці няпраўду кажа, - але не прамовіла ні слова, і Яўхім паспакайнеў: не знае.

Колькі часу рвалі маліны моўчкі. Як і Ганна, ён набіраў поўную жменю, ссыпаў у гладышку, што стаяла каля яе ў траве. Яна не хваліла яго, не пярэчыла, як бы і не заўважала. Калі-нікалі было так, што рукі іх сутыкаліся, і, хоць яна адразу ж адхіляла свае, як бы дакрануўшыся да чагосьці непрыемнага, Яўхім чуў, як у ім горача, нецярпліва дрыжыць усярэдзіне, сохне ў горле. Яна была так блізка, такая завабная, такая жаданая нават у сваім абшматаным зрэб'і.

Чым больш Яўхім крадком глядзеў на яе, тым больш сохла ў горле, цяжэй было зноў завязаць гаворку.

- Ты от - не такая... Другая!.. - выціснуў ён, стараючыся гаварыць як бы жартам. - І што ў цябе такое, кеб знаць? Чым ты мяне прысушыла?

- Відаць, што высах! Адны шчэлепы!

- А хіба - не?.. Ты, мабуць, у глінішчанскай знахаркі зелле такое ўзяла!

- Пляцеш немаведамо што!

- Я пляту? Сказала!..

Яўхім раптам абхапіў яе, адной рукой за плечы, другой - за шыю, неспадзеўкі горача зашаптаў:

- Ганна!.. Гануля!..

Ён хацеў прытуліць да сябе, але Ганна ўперлася яму локцем у грудзі.

- Ты - чаго ето?!. Пастой!

- Не, цяпер ужэ не абдурыш! - Ён паспрабаваў усміхнуцца, але ўсмешка выйшла невясёлая, крывая.

- А нашто мне абдурваць? - Яна паморшчылася, як ад болю. - Не цісні!.. Дыхнуць няма як!.. Чуеш?!.

- Усё адно - не пушчу...

- Дурны ты, гляджу я... - прамовіла яна, цяжка дыхаючы. - Ей-богу... Так з выгляду - галава, не качан... а розуму - як у дзіцяці...

- Пазычаць не стану... Хопіць на мяне...

Яна адразу ўхапілася за яго словы:

- Малавато... Не шкодзіла б і пазычыць... Вырас да неба, а як да каторай дзеўкі падысці - не знаеш... Думаеш, сілаю ўсё можно...

- А чаго ж - калі сіла е...

Яўхім пацягнуўся пацалаваць яе, але яна адкінула галаву - не дастаць.

- «Чаго, чаго»! - з насмешкай, як старэйшая, прамовіла яна. - То-та і відно, што розуму аж лішне...

Як ні цяжка было думаць Яўхіму, ён заўважыў, што гаворыць яна не таму, што ёй хочацца гаварыць гэта, што за насмешліва-павучальнай гаворкай яе тоіцца незразумелая хітрасць. З панталыку збіць хоча, ці што?

- Ну, ну, хопіць! Позно вучыць!..

- А не шкодзіло б! - зноў падхапіла яна. Укалола: - Бо, мабуць, другія не навучылі?.. Хочаш, навучу?..

- Дарэмно стараешся! - сказаў ён тонам пераможцы, які добра бачыць чужыя хітрыкі.

- Хочаш, скажу, як... да мяне падступіцца?..

- Да цябе?

Хоць Яўхіму здалося, што і тут тоіцца нейкі разлік, словы гэтыя ўсё ж зацікавілі яго.

- Сказаць? - Ганна паварухнулася, папрасіла: - Ты пусці, а то так няёмка...

- І не думай!.. Ну, дак што трэба, кеб ты палюбіла?

- Што? Скажу!.. - Яна цвёрда зірнула яму ў вочы. - Адно - дабрата! Па-добраму кеб!

- А-а... А я думаў, чорт знае што! - засмяяўся Яўхім.

Ён моцнай сваёй далоняй прыціснуў да сябе яе галаву, хацеў пацалаваць.

- Людзі!.. - жахнулася яна, як бы кагосьці заўважыўшы.

Але Яўхім і не азірнуўся:

- Вучаны! Не абдурыш!

Ён сілком пацалаваў яе ў шчаку. У той жа момант Ганна так ірванулася, што Яўхім ледзь утрымаў яе, але ўсё ж утрымаў. Бачачы, як пацямнеў ад натугі і злосці смуглы твар яе, ён з гордасцю ўхмыльнуўся: што, паспрабавала падужацца?

- Пусці!.. - глянула яна на Яўхіма гарачымі, поўнымі нянавісці вачыма.

Калі ён убачыў гэты яе позірк, у яго раптам як бы паслабелі рукі: можа, і праўда пусціць? Можа, лепей па-добраму з ёй? Але хто гэта ў Куранях з добрых, сапраўдных хлопцаў саступаў дзяўчатам, рабіў, як яны хочуць? Мужчына ёсць мужчына... Яўхім бачыў, як б'ецца часта-часта жылка ў яе на шыі, адчуваў плечы, грудзі, усё яе пругкае, дужае, жаданае цела, што столькі часу неадольна трывожыла, не давала ні ўдзень, ні ўночы спакою. Ён столькі трызніў аб гэтай хвіліне, і вось нарэшце Ганна - не ў сне, а ў яве - у яго руках!..

Не, хай хоць што, ён не пусціць яе! Хай знае, што такое Яўхім, яго абдымкі, другі раз, можа, будзе мякчэйшая, шанаваць больш стане. Ап'янелы ад яе блізкасці, Яўхім жыў цяпер нейкім дзікім шалам, дзікай радасцю сваёй сілы, улады над здабычай сваёй...

- Пусці!.. Плюну!..

Што яна магла яшчэ зрабіць, чым заступіцца за сябе, бяссільную перад ім? Бачачы, што ён, як і раней, не паслабляе рук, поўная крыўды, злосці на сваю бездапаможнасць, на яго перавагу, Ганна з роспаччу і нянавісцю плюнула яму ў твар, проста ў тхарыныя вочы!

Яўхім, як бы яго ўдарылі, тузануўся, гнеўна прахрыпеў:

- А, дак ты!.. - са ўсёй сілы, з ярасцю сагнуў яе ў стане, кінуў на траву.

Яны ўпалі разам - Ганна, горача дыхаючы, задыхаючыся, спрабавала вырваць з яго абдымкаў рукі, упіралася, як магла, у грудзі яму, збіраючы ўсю сваю сілу, білася адкінуць. Хто б мог падумаць, што яна такая дужая, гэтая ганарлівая Чарнушка, - распалены злосцю, яе гарачай блізкасцю, Яўхім ледзь-ледзь мог утрымаць яе.

Ён усё больш шалеў ад яе блізкасці, ад барацьбы з ёю. Ужо ні аб чым не думаў, у галаве быў нейкі гарачы, важкі туман. Было толькі адно тупое жаданне - не даць ёй вырвацца, не выпусціць, адужаць...

У шале барацьбы - сам не ведаў, як гэта здарылася, - на момант узняў руку, каб выцерці вочы: чаму тады захацелася зрабіць гэта, ён і потым зразумець не мог. Можа быць, што вочы туманіў пот. А можа, нават пасма чуба ўпала на іх, не мог прыпомніць. Усё было як у трызненні. Ды і як тут успомніць, калі ў наступны момант здарылася такое, што ўраз забылася ўсё на свеце.

Ён управіўся яшчэ заўважыць, як яна спрытна выхапіла руку з-пад яго, але апярэдзіць яе не змог. Не змог уцяміць нічога, як нос хруснуў. Ад болю аж зацяло дыханне. Яўхім мімаволі адхіснуўся - боль сляпіў, ламаў пераносіцу, лоб. Хапіўся рукамі, спалохана памацаў нос - думаў, пераламала. Не, нос быў цэлы, але ж боль, боль які ішоў!.. Трывожна мацаючы твар, як бы шукаючы, Яўхім знайшоў над губамі штосьці ліпкае - ішла кроў.

«Кеб трохі, твар пакалечыла б, гадаўка!» - падумаў Яўхім, кідаючы на Ганну люты позірк. Яна была ўжо наводдаль, сядзела наўколенцах, трымала напагатове сук. Глядзела насцярожана, непадступна, гатовая ўскочыць, адбівацца, гатовая на ўсё.

Кофта ад пляча да грудзей была разадрана, і яна, перахапіўшы Яўхімаў позірк, прыклала да смуглай голай паскі руку.

Ледзь толькі Яўхім варухнуўся, Ганна прыпаднялася, ускінула сук.

- Падыдзі толькі!

Яўхім абыякава сеў.

- Трэба ты мне!..

Ён не маніў: яму і праўда не хацелася ўжо зноў пачынаць валтузню з ёю. Раптам прапала ўсякая цікавасць да Ганны.

- Як сабаку пятая нага, так ты мне трэба!..

- Рукі ледзь не папераломваў, кныр паганы!.. Засляпіў вочы і лезе, жарабец дурны!.. Думае, усё яму можно!.. Захацелася, дак пашукай кабылу, а ка мне не лезь!.. - Яўхім, і не гледзячы на яе, адчуў на сабе пагрозлівы позірк. Прамаўчаў. - Кохту парваў усю!.. У сяло хоць не паказувайся!..

- Кеб трохі, вока магла б выбіць!

- Магла б! Не лезь!..

«Чым яна ўдарыла? - прайшло ў Яўхімавай галаве. - Сука ў яе не было, сук яна потым узяла. Локцем, мабуць... Ніколі не думаў, што так можна ўдарыць локцем. Як шворнем усё адно!..» Яўхім падняўся, стаў абтрэсваць зямлю, травінкі са штаноў, з рукавоў. Ганна таксама ўжо стаяла, як і раней, наводдаль, усё з тым жа сукам.

- «Не лезь»! - пагардліва скрывіўся Яўхім. - За вярсту не падыходзь!.. Падумаеш - каралева!

- Каралева не каралева, а не лезь!

- Не етакіх бачыў...

- Дак і ідзі да етых, да лепшых! Чаго ж лезеш?

- І пайду! Па табе, думаеш, сохнуць буду! Аге, чакай! Дачакаешся, можа, - на том свеце!

- От і добра! Хоць раз штось разумнае сказаў!

Яўхіма, здаецца, мала ўзрадавала гэтая пахвала. Ён кінуў абтрэсвацца, выцершы кроў з-пад носа, сказаў, злуючыся:

- Ну, от што вы такое, Чарнушкі, што нос дзярэце? Ну, от што вы перад намі? Нішто, ноль, можна сказаць! Галота дзіравая...

- От і ідзі да багатых! Можа, і знойдзеш каралеву!

- І пайду! Дазволу не папытаюся! У Глінішчы, у Юравічы пайду, куды захочу! Такога цвету па ўсяму свету, і не такіх, як ты! Любая на багацце - як муха на агонь! Ідзі, выбірай, абы толькі ахвота була!

Ганна не ўтрывала, падчапіла кпліва:

- Ахвота ж, здаецца, е!

Яўхім прамаўчаў, як бы паказваючы, што на ўсякае глупства не хоча звяртаць увагі. І ўсё ж кончыць гаворку тым, што ён толькі што сказаў, здалося яму мала - няхай не пасміхваецца, не думае, што ўзяла верх, што ён паддаўся ёй, адступаецца зусім.

- Захочу - будзеш маёй! Усё адно не выкруцішся!

- Уга! Спужалася! - засмяялася Ганна, але адразу ж змоўкла, заўважыўшы, як грозна зірнуў Яўхім.

- Глядзі! - папярэдзіў ён і пайшоў ад яе, важка топчучы траву.



5

Пад вечар мачыха ўбегла ў гумно, задыханая, раскудлачаная, яшчэ з варот кінула ўзрушана:

- Чуў?

Чарнушка, што падмятаў ток, азірнуўся, спакойна запытаўся:



- Што?

- Што?! Пытаешся!.. Усё сяло гудзе! Адзін ты не знаеш нічога! Сядзіш тут, як сляпая сава!..

- Дык што такое? Скажы толкам!

- Што? А табе б самому знаць трэба! Ды мне расказаць - не мая дачка, твая!.. Бацько!.. Глядзеў бы лепей, дак не пытаўся б!

- Ды можаш ты сказаць па-людску?

- Па-людску? Ой, Божа ж! Язык просто не паварочваецца!.. - Мачыха ледзь не залямантавала: - Яўхім Карчоў - Ганну...

- Чаго пляцеш?

- Пляцеш? Кінь мятлу ды выйдзі на вуліцу, паслухай!.. Хто дзе стаіць - каля плота, каля калодзезя - ва ўсіх толькі і гаворкі!.. Адзін ты - як цецярук!

Чарнушка адразу спахмурнеў, згорбіўся.

- Калі ў лес па маліны хадзіла... - паясніла мачыха. - Бачыў, якая прыйшла?.. Кохта якая була?..

Чарнушка слухаў, як нямы. Як у тумане, згадалася яму, які дзіўны выгляд быў у Ганны, калі вярнулася з лесу. Твар узрушаны, вочы неспакойныя, чамусьці адводзіла іх убок, старалася трымацца асобна. Калі вязала сноп, рукі як бы не слухаліся, і звязала пагана: ён сказаў ёй, каб перавязала... І кофта, кофта была падраная, ён сам бачыў. Праўда, яна сказала, што за сук знянацку зачапілася, але - хіба яна не магла зманіць?..

- Горачко ж, гора, - залямантавала ціха, каб не чулі злыя людзі, Чарнушчыха. Яна, аднак, тут жа перайшла на іншы, рашучы лад: - Але хай ён не радуецца, Корч руды! Хай не думае, што як ён багацей, то яму і ўсё можно! Мора яму па калено! Закаецца! Закаецца ён - жыць я не буду! У суд, у суд на яго! У цюрму яго, кныра рудога! У цюрму! У Сібер!

Цімох нарэшце нібы ачнуўся, запытаў:

- Дзе Ганна?..

- Ганна?.. Пайшла па картоплю... накапаць...

Чарнушка кінуў у куток мятлу, выйшаў з гумна; хутка, з не ўласцівай яму паспешлівасцю рушыў на загуменне - так што мачыха ледзь упраўлялася за ім. Выйшаўшы за гумно, за пустую загуменную дарогу, ён на другім баку агарода каля самага жардзянога плота ў першым цёплым поцемку ўбачыў дзве постаці, што корпаліся на бульбянішчы.

Ганна была не адна, побач стаяла Хадоська, але Чарнушка быццам і не заўважыў яе. «Усё адно, нашто хаваць, калі ўсе Курані гавораць...» Ды калі б было і так, што ў сяле ніхто не ведаў бы, Чарнушка, відаць, усё роўна не спыніўся б ад таго, што побач хтосьці чужы, - ён не мог чакаць ні хвіліны.

- Праўда ето? - грозна стаў ён перад дачкой, якая здзіўлена трымала корч бульбы.

- Пра што вы, тато?..

- Пра што? - Чарнушка неспадзявана абмяк, жаласна скрывіўся. Губы яго пакрыўджана і бездапаможна задрыжалі - пра што? Хацеў сказаць і не мог, замест слоў адно пачулася ў горле пакутнае бульканне.

На падмогу прыйшла мачыха:

- Сяло ўсё кажа, што Яўхім Карчоў цябе... ссільнічаў...

Бульбяны корч выпаў з Ганніных рук. Яна збянтэжана зірнула на Хадоську, якая раптам стала белая, як нежывая. «Усе знаюць! Усё сяло кажа... - праплыло ў галаве ў Ганны. - Ссільнічаў!.. Але як яна пабялела, Хадоська!.. Ссільнічаў, кажуць!..»

- Няпраўда. Плёткі ўсё, - нарэшце ціха прамовіла Ганна.

Бацька нібы не паверыў.

- Плёткі?

- Плёткі. Брэшуць.

Бацькавы губы перасталі дрыжаць. Ён паспакайнеў.

- Ну, калі так...

- А кохту хто парваў? - не паверыла мачыха.

- Хто ні парваў - толькі не було таго. Брэшуць.

- Не було, значыць?

- Брахня, кажу.

- А можа, ты баішся? - не здалася, як бы пашкадавала, што ўсё аказалася толькі плёткай, мачыха. - Мо ён пастрашыў?.. То ты не бойся! Цяпер не тое, што колісь, цяпер - парушыў дзеўку, дак жаніся, не адкручвайся! А не - дак перададзім у суд. Так прыпаяюць, што на том свеце каяцца будзе!

- Не було, кажу!

- Не було?..

- От бо! Што ж мне, бажыцца трэба!

- Калі не було, то не було! - адказаў прымірэнча, з палёгкай бацька. Гэтыя словы больш адносіліся ўжо не да Ганны, а да мачыхі: бацька канчаў прыкрую гаворку. - От табе і «ўсё сяло гаворыць»! Мало што выдумаюць, калі язык засвярбіць!.. Хадзем!

Ён пайшоў па сцежцы к гумну ўжо ціха, спакойна. Мачыха ж брыла без ахвоты, як бы не высветліўшы ўсяго...

Пасля таго як яны адышлі, Ганна і Хадоська трохі стаялі моўчкі. Ганна ўспамінала размову з бацькам, з мачыхай, не магла супакоіцца - трэба ж, каб нагаварылі на яе такога! Ссільнічаў! - ахвота ж людзям языкамі плясці!.. Хацеў, спрабаваў, ды, мусіць, і цяпер нос свой мацае... І ўсё ж хоць і не вінавата была, думаць, што ідзе, паўзе па сяле такая слава пра яе, было крыўдна: нібы гразёю ні за што ні пра што абпэцкалі!

Яна раптам заўважыла, што твар у Хадоські вельмі ўзрушаны, няшчасны, і ёй стала шкада «канаплянкі».

- Не було нічога. Праўду сказала.

- А я думала - мо... бацькі баішся?.. - вінавата сказала Хадоська. Яна выціснула: - А хто ж... кохту парваў?..

- Ён - Корч еты...

- Такі... чапляўся?..

- Чапляўся. Толькі - не дабіўся нічога.

- Чапляўся!..

Хадоська неспадзеўкі адвярнулася, закрыла твар далонямі, затрэслася.

- Ну, чаго, чаго ты! Не було ж нічога... Ей-богу, не було... Раўнуеш? От, дзівачка!.. Не трэба ён мне! Падумаеш, дабро якое!.. Бяры яго сабе!..

Яна ўжо не ведала, што сказаць: Хадоська не слухала, аж заходзілася ад плачу. Са слязьмі яна раптам і пайшла ад Ганны, не выбіраючы сцежкі, спатыкаючыся на бульбоўніку, пералезла цераз плот і ценем пасунулася па полі. «І трэба було мне вякнуць, што чапляўся ён!» - пашкадавала Ганна, з трывогай сочачы за яе постаццю...

Абтрэсваючы зямлю, абабіраючы бульбіны з нітак-карэнняў, яна думала то аб тым, якое недарэчнае гэта Хадосьчына каханне, то - найбольш - пра непрыемную плётку. Было ці не было, а гразь гэтай плёткі, чула яна, надоўга прыліпне, не хутка і не ўсе павераць, што нічога не было, што Яўхім ды не дабіўся. Паспрабуй дакажы, што няпраўда, - будуць гадка пасміхвацца, абзываць будуць, глядзець, як на абпэцканую. Не сама запэцкалася, дык другія запэцкалі, а гразь усё ж на табе. І будзеш з ёю. І не змыеш. Хто паверыць, той паверыць, а хто не, той - не!..

І няхай не верыць, хто не хоча! Што яна - жыць не будзе, калі хто будзе думаць пагана! Што ёй - жыць не жыць ад дурной плёткі? Як людзі да яе, так і яна да іх! Добра - дык добра, а не - дык не! У яе свой гонар ёсць!..

Ганна ўзяла лазовую каробку, закінула за плечы і цвёрда пайшла сцежкай к загуменнай дарозе, к гумну, к хаце. Так, бедаваць попусту яна не будзе! Не будзе гараваць без віны, не дурная! А людзі - як хто да яе, так і яна да іх! Сумная яна не будзе. Не з такіх!

Усё ж, як яна ні хацела, трывога не пакідала яе, прымушала глядзець наперад з непакоем і аберажлівай насцярожанасцю. Ужо не так проста, як дагэтуль, не лёгка і не бесклапотна думалася пра тое, што вось раптам хто-небудзь сустрэнецца, - як паглядзіць на яе, як яна - на яго? Раней пра гэта яна наогул не думала, а цяпер, падыходзячы к дарозе за гумнамі, нават прыцішыла хаду - пачула, хтосьці едзе на кані.

Зводдалек пазнала - трэба ж так здарыцца - ехаў на Гузе Васіль. Хвалюючыся, выйшла на дарогу, пачакала, пакуль не пад'едзе. Сустрэчы з Васілём і чакала і баялася: ведала, які раўнівы, асабліва да Яўхіма. І вось, звесіўшы босыя ногі, бялеючы адзежай, Васіль акурат ехаў.

Чуў ці не чуў ён? А калі чуў - ці паверыў? Няўжо мог паверыць?.. «Мог - раўнівы, недаверлівы!..» - прайшла ў галаве ў Ганны неспакойная думка. Але другая адразу ж запярэчыла: «Не, не мог, не павінен верыць другім». Ёй - адной - верыць павінен! Калі не паверыць, не супакоіць яе ён, хто ж тады?

Бачыла, што і ён ужо заўважыў яе, занепакоіўся, першы момант знянацку нават каня прыпыніў. Потым строга штурхнуў каню ў бок нагою, панура, не гледзячы на яе, стаў набліжацца. Ганна насцярожылася.

Калі Васіль пад'ехаў, Ганна раптам убачыла, што ён не збіраецца спыняць каня - гаварыць нават не хоча! Яна ступіла наперад каню, спыніла.

Васіль, як і раней, не глядзеў на яе. Маўчаў. Маўчала трохі і яна, пакрыўджаная, абражаная.

- Чуў? - сказала нарэшце з выклікам.

- Чуў...

- Знаеш усё, значыцца?.. Паверыў?

- Гавораць - дак штось е... Дыму без агню не бувае...

- Аге, значыць, було ўсё?

- А можа, не? - ён не пытаўся, ён быў упэўнен.

- Дак ты лепей знаеш!

- Лепей не лепей. Другія бачылі, сказалі...

- Хто - другія? Хто - бачыў?!

- А не ўсё адно? Хто бачыў, той бачыў.

Ганна не знайшла што і сказаць. Ад крыўды, ад злосці на яго ў грудзях паліла, думкі блыталіся.

- Дак, можа, ужэ і не прыйдзеш? - сказала як бы з насмешкай.

Ён трохі памаўчаў.

- А чаго хадзіць?.. Няхай другія цяпер ходзяць!.. - Ён скрывіўся з крыўдай і, заўважыла яна, з гідлівасцю. - Багацейка! Карчыха!..

- Дурань!!!

- Канешне. Дурны. Усе бедныя дурныя. Корч - разумны!..

- Разумнейшы! У сто, у тысячу разоў!

- То-та і круцілася ля яго! І дакруцілася!

- Не твой клопат! Не твая бяда! А мне, можа, - анігадкі! Я, можа, і рада?!

Яна ўзрадавалася, калі ўбачыла: такі ўкалола. Аж засоп важка ад крыўды. Так яму і трэба!

- А то гавораць, - прамовіў ён, нібы спрачаючыся з некім. - Можа, не па сваёй ахвоце? Можа, ён сілаю?.. - Васіль хмыкнуў. - Сілаю!..

- Па-добраму, па згодзе ўсё було! - пацвердзіла яна. І раптам не вытрывала, сказала шчыра, з болем, з пагрозай: - Я етаго табе не забуду! Прыпомню калі-небудзь!

Яна адразу адвярнулася і пайшла з дарогі на гумнішча. Васіль і не зірнуў, ткнуўшы босай нагой у бок Гуза, падумаў са злосцю: «Бач, шчэ грозіцца: «Не забуду!» Пакрыўдзілася шчэ!.. Сама такое вытварыла, а шчэ крыўдзіцца!..»

Ён не заўважыў, як конь прайшоў загуменную дарогу, як завярнуў на ўзболатак. Успамінаў слова за словам яе гаворку, тое, што казаў Зайчык Іван, зазірнуўшы к яму ў гумно: «Не першы раз ето! Даўно ўжэ склешчыліся, толькі што не бачыў ніхто... Шчэ як у Юравічах сядзеў, пачалося!..»

«От, хітрая! - успаміналіся Зайчыкавы развагі. - І з ім круцілася, і табе галаву дурыла. Думала, пэўне, як не той, дак еты!..» Калі згадваў гэта, сэрца пякло крыўднае, брыдкае: а ён верыў ёй, верыў усяму, што гаварыла! Казала - паганы Корч, насміхалася нават, а сама тым часам меціла на Карча, круціла з ім. Замуж не інакш сабіралася...

«Па-добраму, па згодзе ўсё було!» - прыйшлі яму на згадку Ганніны словы, і ён аж плюнуў: і з ім, з Васілём, абдымалася ды цалавалася, і з другім таксама - «па-добраму, па згодзе»! - І шчэ крыўдзіцца! Шчэ грозіцца!.. Сучка ты, сапраўдная сучка - не што іншае!..»

Спутаўшы Гуза на куп'істым узболатку, Васіль махнуў аброццю на каня, адагнаў яго трохі і ўжо звыклай хуткай хадою накіраваўся ў сяло, калі прыкры, цвярозы одум запыніў яго: спяшацца сёння не было куды. Спяшаўся ён другія вечары да яе.

Ён пастаяў, падумаў, што лепш было б, каб у Курані можна было і не ісці зусім. Застацца тут, на ўзболатку, накрыцца світай і заснуць, забыць пра ўсё на свеце. Ён панура павёў вачыма па знаёмых цёмных стрэхах, неспадзеўкі спыніў позірк на вострых абрысах дрэваў ускрай сяла - то былі Чарнушкавы грушы, - і ўжо не гнеў, не злосць, а шкадаванне, цёплы боль ляглі знянацку на душу. Боль страты. Яна ўжо не яго, яна - чужая. Ён страціў яе. Ён адзін, зусім адзін.

«Ну і няхай! - як бы запярэчыў ён сабе, свайму шкадаванню. - Е аб чым бедаваць! Хто яна мне такая? Пагуляў, пастаяў каля плота - і ўсё. Мало з кім пастаяць можно - дзевак у сяле вунь колькі!»

«Усё адно ніякаго толку не було б ад етаго стаяння... Не пара яна мне, усё адно. Толькі і дабра таго, што краса, - а хіба з той красы жыць будзеш, пабагацееш!.. Е аб чым гараваць - захачу, заўтра хоць з Верай Пракопавай загуляю. Не ёй, не Ганне, раўня: нешто прывязе ў хату. Зямля каля цагельні, мо перападзе трохі...»

Так, шкадаваць не было чаго, гэта Васіль ведаў. І ўсё ж гора страты - як ні дзіўна - не прападала. І хоць дзяўчат многа было, і нават лепшыя, не знікала адзінота. І было прыкра глядзець на цёмныя знаёмыя стрэхі, і не хацелася ісці ў сяло. І не пайшоў бы. Але помніў: там выглядае, чакае маці, дзед Дзяніс прыслухоўваецца, ці не чутны яго крокі. І Васіль нявесела пацягнуўся к сялу.

Стары Глушак, затоены, надзьмуты, маўчаў праз усю вячэру; толькі скончыўшы есці, памаліўшыся на абразы, кінуў на Яўхіма грозны позірк:

- Доўго шчэ будзе ето?

- Што?

- Па дзеўках доўго гайсаць будзеш?



- Хіба ўжэ і падысці няможно?

- Падысці! Блізко вельмі падыходзіш, жарабец гуляшчы!

Яўхім прамаўчаў на гэту абразу, каб не гнявіць старога, які больш за ўсё не цярпеў пярэчанняў, але Глушака маўчанне сына ўзлавала, здаецца, не менш. Стары аж прасіпеў ад злосці:

- Гайсаеш, пакуль не прынясе ў пялёнках байструка! На пацеху бацьку і матцы!

У Яўхіма ўсярэдзіне пахаладзела. «Дазнаўся пра Хадоську! Не інакш!.. Выказаў хто-небудзь ці сама, можа, расплакалася!..»

Тоячы пільны позірк, чакаючы, што будзе далей, Яўхім прамовіў стрымана:

- А вы не слухайце ўсяго - мало хто чаго напляце...

- Праўду кажуць! - абрэзаў яго стары Глушак. - Сам знаю!

Яго грубы тон: «Як з парабкам гаворыць!» - запаліў Яўхіма.

- Дак, можа, вы болей за мяне самога знаеце?

Глушак дзіўна, з сутаргай каўтнуў, як бы хацеў і не мог пракаўтнуць штосьці, - аж маршчыністы сухі кадык напружыўся. Грозна крыкнуў:

- Жаню!!!

Яўхім пачуў, як у ім расце злая ўпартасць.

- Можаце жаніць. Толькі не крычыце, як на парабка!

- Зараз жа!

- Можно і зараз. Мне ўсё адно... Я і сам думаў ужэ...

Маці, якая, прыбіраючы пасля вячэры посуд, сачыла за іх гаворкай з трывогай, адразу ўзрадавана адгукнулася:

- Пара! Дзякуй Богу, узяўся за розум! - Было відаць, што ёй вельмі хочацца патушыць спрэчку - пахваліўшы сына, яна тут жа лагодна падтрымала старога: - А то і праўда, дакуль слухаць бацьку гаворкі етыя, што Яўхім тое ды Яўхім другое? Думаць ды перажываць за цябе на старасці!.. - Яна тут жа параіла: - Матруну Хвелькаву з Алешнікаў! Прыдання скрыня поўная! Карову даюць! Хвельчыха сама казала!..

- Пастой! Раскудахталася! - спыніў яе Глушак. Ён наставіў пранізлівыя тхарыныя вочы на Яўхіма. - Значыць, надумаў?

- Надумаў...

Глушак быў ужо гатоў памірыцца з сынам, але Яўхім, як бы стараючыся ўхіліцца дачаснага прымірэння, папярэдзіў:

- Жанюся. Толькі - адно...

- Што?

- Толькі - кеб з тым, з кім хочу!



Глушак насцярожыўся:

- Дак, можа, і выбраў ужэ?

- Выбраў...

- Аге. - У хаце стала вельмі ціха, Глушачыха каля прыпечка, Сцяпан за сталом глядзелі то на аднаго, то на другога. - Цяпер такія парадкі, што слухаць бацькоў не трэба! Лішняе - слухаць бацькоў!.. Каго ж выбраў?

Бацькаў позірк чакаў, патрабаваў і разам з тым - загадзя - асуджаў, і Яўхім, хоць у думках гатоў быў да гэтай размовы, нечакана адчуў, што баіцца. Ён, аднак, адагнаў боязь - як рабіў звычайна, цяжкі вузел рассек адразу:

- Ганну!..

- Якую?

- Чарнушкаву...

Глушак не паверыў:

- Чарнушкаву?!

- Яе.

Глушак глянуў на сына, як на звар'яцелага. Рука сама сабой перахрысцілася на абразы.



- Ету?.. - Глушак каўтнуў кадыком, хацеў знайсці слова, каб назваць яе, як трэба, і не знайшоў, быццам не было такіх слоў. - У цябе... усе капылы? - запытаўся ў сына.

- Не згубіў.

Па тым, як сказаў Яўхім, было відаць, што ён будзе цвёрда трымацца свайго.

- Ты доўго думаў?

- Доўго. Адну яе хачу.

- Адну яе! - Глушак загарэўся, закіпеў: - Разарыць захацеў! Пусціць па свету! З торбай!..

- Тато! - хацеў супакоіць яго Яўхім, але старога Глушака гэта толькі ўзлавала.

- Па свету! З торбай дранай! «Дайце, людзі!.. Скарыначку!» На старасці!..

- Не кажыце, чаго не трэба!

- Маўчы! Указ знайшоўся! Рано ўказваць стаў! Шчаня!.. - Глушак так зірнуў, што Яўхім мімаволі прамаўчаў. - Дажыў! Выгадаваў! Гадаваў, ждаў падмогі! І выгадаваў! Даждаўся!

Злосць яго на Яўхіма змянілася здзіўленнем і крыўдай.

- Абкруціла! Узяла! Галадранка, а абкруціла як!.. І рукі, і ногі звязала! Бейбусу такому!

- Я сам выбраў. Яна шчэ і не знае.

- Не знае. Абкруціла, прыбрала! Дый не знае!

- Не знае. Шчэ, можа, і не пойдзе.

- Не пойдзе! Даўно, пэўне, не спіць, глядзіць! Калі на чужое дабро ўссесці!.. Толькі ж - не дажджэцца!

- Аддзяліце, калі хочаце. Але - адну яе.

- Ету круцёлку!.. - зноў прарвала Глушака. - Ету пакідуху! К сабе ў хату! На сваё дабро!.. Блудніцу ету!

- Яна - не блудніца! - заступіўся за Ганну Яўхім.

Сцяпан сказаў горача, непахісна:

- Яна - бедная, праўда. Але лепей за яе ў сяле - няма!

- Няма! Маўчы ты, смаркач! - уз'еўся Глушак ужо на Сцяпана. - Не ўтыкай нос, куды не просяць!

- Бо вы, тато, нізашто нагаворваеце!

- Нізашто! Я - нізашто? Чулі? - Глушак паправіўся, кінуў позірк на старую. - Чула?!

- Ціхо ты, Халімонко! - паспрабавала адно супакоіць жонка. - Людзі пачуюць!..

- І няхай чуюць! Няхай усе знаюць, якія дзеці ў Глушака Халімона!.. Каго выгадаваў на сваім хлебе! На радасць сабе!

Ніхто нічога не адказаў. І ад таго, што ўсе ўжо маўчалі і спрачацца не было з кім, стары таксама прыціх. Але спакой, з якім сказаў ён апошнія словы, толькі лепш выдаваў цвёрдасць яго адказу Яўхіму:

- Аб етай кеб і не думаў! На ету дазволу майго, бацькаваго, не будзе!



: sh3grodno -> library
library -> У. Караткевіч каласы пад сярпом тваім
library -> В. быкаў альпійская балада
library -> Уладзімір Караткевіч Дзікае паляванне караля Стаха
library -> Макаёнак Андрэй зацюканы апостал
library -> Кузьма Чорны Пошукі будучыні першая частка. Украдзенае маленства
library -> «Ляжаць ніжэй травы, цішэй вады»,- такі быў загад Жоржыка Цыгана
library -> Тэмы вусных выказванняў 9-11 класы білет №1
library -> Янка Брыль Memento mori Апавяданне
library -> Уладзімір Караткевіч Кніганошы
library -> Караткевіч Уладзімір Чортаў скарб


1   ...   10   11   12   13   14   15   16   17   ...   24


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка