Іван Мележ Людзі на балоце Раман з «Палескай хронікі»



старонка6/24
Дата канвертавання15.06.2016
Памер4.75 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   24

5

Да вечара змалацілі ўсё: што значыць малатарня - столькі жыта за адзін дзень увабраць! На другі дзень да самага вечара круцілі веялку, ссыпалі чыстае збожжа ў мяхі, адграбалі мякіну. Стары Корч рабіў усё разам з іншымі, і сам хвіліны не пастаяў, і другім стаяць не даў.

Яўхім рабіў тут жа, каля веялкі. Быў ён, здавалася, такі ж, як заўсёды, і рабіў, як усе. Але калі б хто мог зазірнуць у яго душу, то пабачыў бы, што не жыта, не веялка, іншае зусім цікавіць і трывожыць яго. Дзе б ён ні быў, што б ні рабіў, ён адчуваў, бачыў адну Ганну.

Ён добра ведаў, што не закаханы. Яўхім нават з пагардай думаў пра яе. «Було б аб чым думаць, па чым сохнуць! Дзеўка б була якая асаблівая. А то ж грудзі як грудзі, ногі як ногі... Грудзі - нават дробныя, як яблукі. І ногі танкаватыя, кволыя...» І прыкра было думаць, што з-за гэтых дурных ног заснуць не мог паўночы, бачыў усё іх, смуглую пругкую лытку, голае калена. Лепш бы не глядзеў, калі яна лезла на снапы.

«І так сабой не асабліва відная - драбната. Паглядзець няма на што. І твар - худы, косткі на шчаках выпінаюць... Толькі і красы, што язык як брытва!..» Але колькі ні абгаворваў яе сам сабе, колькі ні хаяў, не памагала ўсё ж - нібы апоены зеллем, думаў і думаў пра яе, сачыў за ёй неспакойным позіркам.

«А чаго - дзело маладое! Наша дзело - не раджаць!» - засмяяўся ён, задаволены такім простым, ясным тлумачэннем. Яўхім быў грубы па натуры, схільны да цынізму, які ён лічыў абавязковай адзнакаю сапраўднага мужчынскага характару. Пры ўсім гэтым вывад яго быў блізкі да праўды: Яўхім тады і сам не верыў у сур'ёзнасць сваёй прыхільнасці да Ганны...

Стары Глушак хутка заўважыў яго позіркі, асцярожныя, нібы незнарок, заляцанні да Ганны, адвёў Яўхіма за рог гумна і стукнуў па галаве лапаткай.

- За што?

- Кеб не рабіў, чаго не трэба. Жарабец дурны!

- Ужэ і пасмяяцца з дзеўкамі няможно!..

- Не для таго пазваны! - адрэзаў бацька і дадаў з папрокам: - Знайшоў каго!

Глушак адаслаў сына з гумна, далей ад дзяўчат, і Яўхім тут за ўвесь дзень больш не паяўляўся. Але калі вечарам стары павёз у свіран апошні мех, калі на гумнішчы засталіся толькі Хадоська і Ганна, якім Халімон загадаў падгрэбці, прыбраць усё, Яўхім паявіўся зноў.

- Ой! - убачыўшы ўпоцемку яго, узрадавалася Хадоська.

Ганна сустрэла едкаватай усмешкай:

- Дзе ето прападаў так доўго?

- Работку даў стары, - адказаў няпэўна Яўхім. І каб змяніць небяспечны кірунак размовы, непрыемныя роспыты, запытаў: - Ну, а вы як тут?

- Дзякуй Богу, - адказала Ганна, - не сумавалі адны!

Хадоська ціха, з дакорам шмарганула яе за рукаў. Яўхім жа як бы не пачуў, не зразумеў кпіны, пастаяў, павёў вачыма па гумнішчы, прамовіў спакойна:

- Цёмно ўжэ!.. Можно і канчаць!.. - Ён раптам папрасіў: - Знаеш што, Хадоська, ідзі ў свіран, мо там бацьку трэба што памагці. А ты, - кіўнуў Яўхім Ганне, - даграбі да стога, ды і дадому...

Але як толькі Хадоська знікла, ён падышоў да Ганны, стаў перад ёю.

- Злая ж ты! - Яўхім памаўчаў, чакаў, што яна скажа. Ганна не сказала нічога. - Ты - век такая?

Ён гаварыў весела, хацеў добрай гаворкі.

- А табе не ўсё адно? - Ганна варухнула граблямі, як бы прасіла адысці, не замінаць грэбці.

- Кеб усё адно, то не пытаўся б.

- Дак не скажу!

- Гарачая ты, мабуць? - Ён узяў Ганніну руку, як у той вечар, але яна спакойна, цвёрда забрала яе.

- Мабуць... Ды адышоў бы ты, грэбці не даеш...

- Управішся!.. Гарачая, значыцца!..

- Для каго як!

- Для каго - як печка, а для каго - лёд?

- Угадаў. Здагадлівы!..

- А для мяне - як?

- Для цябе? Папраўдзе, не думала ніколі... Пэўне, для цябе - ніяк!

- Як ето? Ні тое ні сёе? Сярэдне?

- А так. Ты для мяне - як кукаль на разоры. Што ты е, што цябе няма - адно.

- Бо не знаеш!.. Ты ўсё пра Дзятліка свайго думаеш. Таксамо - кавалера знайшла!

- Які е, абы да душы.

- Попусту сохнеш! Цяпер ён не хутка выберацца! За такія штучкі мало не даюць! Бандзіцізм! За ето так запратораць, што і свету белаго не ўбачыць!.. От птушка: такі з выгляду рахманы, цішэй вады, ніжэй травы, а глядзі - з бандзюкамі знюхаўся!

Ганна абарвала - дадзеў усё ж ёй:

- Не радуйся чужой бядзе!..

Яўхім зразумеў, што перахапіў, схібіў, паспрабаваў паправіцца:

- Я і не радуюся. Шкода проста цябе!..

- А ты не шкадуй! Няма чаго!

- Я чалавек не злы. Спагадлівы... Асабліва да дзевак!.. - Ён жартам стараўся як можна загладзіць памылку, растапіць яе непрыхільнасць, якая стала такой калючай. - Тут час такі - збыту матка не дае! Жаніся ды жаніся!.. От я і прыглядаюся!

- Калі так, то не туды глядзіш. Не выгледзіш тут нічога... У другі бок глядзеў бы. Хадоська вунь ночы не спіць!

- Хадоська...

- Любіць, дурная! За што толькі, даўмець не магу?

- Хадоська... Што - Хадоська? Вада - смаку ніякаго!.. От ты, ты па-мойму, - са смакам!

- Дак яна ж у сто разоў лепей за цябе!

- Ты, па-мойму, - не слухаў яе Яўхім, - як самагонка! Пяршак! - Яўхім раптам схапіў яе за руку, Ганна паспрабавала вырвацца. - Не вырывайся!.. У, а, мабуць, такі гарачая!

- Пусці!

Ганна рэзка крутанула руку і вырвалася. Але ў той жа момант, адкінуўшы яе руку з граблямі, якія яна трымала між сабой і ім, Яўхім абхапіў Ганну аберуч, сціснуў так, што ёй зацяло дыханне. Ад валасоў яе, ад твару пахла Яўхіму ветрам, саломай, нечым такім завабным, жаночым, што ў галаве яго муцілася. Ён адчуваў тугія грудзі яе, жывот, цвёрдыя калені, усё цела яго поўнілася нецярплівай, гарачай прагай, якая ап'яняла, паліла, туманіла развагу.

- Пусці! Чуеш?! Ой, балюча!.. Не цісні, ой... - ірвалася яна, непрыхільная, гнеўная, усё яшчэ трымаючы граблі.

Яе вочы былі блізка, былі добра відны ў поцемках - непакорныя, дзікаватыя, як у птушкі, што б'ецца з сілка. І плечы, і рукі, і ногі яе - уся яна была наліта непакорай, але ён не зважаў на гэта.

- Пусці, чуеш?.. Адыдзі!..

- От, нецярплівая!.. - паспрабаваў ён пажартаваць. - Патрывай бо... трохі...

- Пусці! Закрычу!.. Ей-богу, закрычу!..

Ён не адказаў. Не мог гаварыць, лавіў, лавіў яе рот, а яна не давалася, адварочвалася: перад ім была то скроня, то раскудлачаная галава з хусткай, ссунутай назад. Яўхім, аднак, не адступаўся, усё дужэй сціскаў дзяўчыну, і не было, здавалася, такой сілы, якая б разарвала гэты абдымак.

І раптам у Ганны вырвалася спалоханае, як маланка ўдарыла:

- Бацько!!!

Яўхім адразу выпусціў яе, адскочыў. Трывожна азірнуўся: спачатку на дарогу к свірну, туды, адкуль ён мог паявіцца, але там не было нікога, тады кінуў позірк убок, к суседскаму гумну, на загуменне. Не відаць нікога... Яўхім мімаволі глянуў на яе, як бы просячы яе памагчы, убачыў - яна ўжо стаіць наводдаль, папраўляе валасы і хустку.

- Не шукай! Няма яго!.. - кпліва прамовіла яна.

Ён са злосці аж вылаяўся:

- Т-ты, чорт! - Але тут жа адчуў, што паказваць злосць сваю - значыць, страціць зусім мужчынскую годнасць, стаць проста нікчэмным. Паспрабаваў засмяяцца: - А я - паверыў! Лоўко ты... выдумляеш!..

«Так абдурыла! Так у лужыну пляснула, подлая!.. Дурань!»

- Палахлівы ж ты, аказваецца!

Ад гэтага здзеку ён гатовы быў рынуцца да яе, як разгневаны звер, але яна наставіла граблі, пагрозна папярэдзіла:

- Падыдзі толькі!

Яўхім прыпыніўся, як бы разважаючы. А думаць было цяжка: сэрца шалёна калацілася, у скроні біла кроў, у галаве стаяў важкі туман. Яна ж, хітрая, не траціла часу марна, скарыстала замінку: заўважыла постаць, што праходзіла непадалёк па загуменні, крыкнула:

- Цётка Алена, то вы?

Постаць стала, прыгледзелася да іх.

- Ето я, Аўдоцця, - пазналі абое голас удавы Сарокі. - А то ты, Ганна?

- Аге...

- Пераказаць мо што Алене?

- Не-е. Сама ўжэ скажу...

Яўхім, слухаючы гаворку, аж кіпеў: і гэта ўсё было здзекам з яго. Знарок спыніла жанчыну, смяецца кожным словам. Пачакай, няхай адыдзе толькі...

І трэба ж, знарок, каб чула жанчына, Ганна лагодна прамовіла:

- Дак я ўжэ зрабіла ўсё... Пайду ўжэ?

Ён прасіпеў:

- Ідзі...

Яўхім не глядзеў ёй услед, але чуў яе крокі, чуў, здаецца, смех, які яна несла ў сабе. «І трэба ж даць так абдурыць!» - не мог ніяк супакоіцца ён. Яму было так прыкра, што хацелася лаяцца. Але ён разам з тым адчуваў, што прыкрасць гэта не толькі на тое, што даў ашукаць сябе, але і ад таго, што яна так працівіцца яму, такая непадступная. «Як прынцэса! Каралева зрэбная! Галадранка!..»

Плынь яго думак пра куранёўскую прынцэсу, аднак, тут жа абарвалася, бо на сцежцы ад дому паявілася постаць. Ён пазнаў Хадоську, падумаў мімаволі: «А мо яна тут паблізу была, не захацела падыходзіць, калі я з Ганнай... Бачыла, як Ганна адшыла мяне... Ну і хай, калі на тое, - пляваць мне на ўсё!..»

Хадоська, падышоўшы да Яўхіма, азірнулася:

- А дзе Ганна?

- Пайшла ўжэ...

«Не бачыла, значыцца. Кеб трохі, наляцела б, але - не бачыла...» Яўхім і Хадоська нейкі час стаялі моўчкі, яму проста не хацелася гаварыць, яго яшчэ хвалявала перажытая прыкрасць, а яна як бы чакала чагосьці, што ён павінен быў абавязкова сказаць. Можа, ёй тады было дастаткова аднаго добрага: «Ну, і ты ідзі ўжо, Канапляначка!» - і яна б пайшла, тоячы радасную надзею. Але ён не гаварыў нічога, і яна стаяла, адчуваючы, як цесна робіцца ў грудзях сэрцу, узрушана круцячы пальцам ражок хусткі.

Яўхім заўважыў, як яна круціць, мне ражок, і як бы прачнуўся. Акінуў вачыма ўсю яе - Хадоська стаяла, апусціўшы галаву, добрая, пакорлівая, - і раптам падумаў: чаго ён тлуміць попусту галаву сабе, чаго шукае, дабіваецца? Нашто яму здалася ганарыстая Чарнушкава каралева?

Яўхім абняў Хадоську, адчуў, як яна радасна, аддана прытулілася, аж затрапятала ад шчасця.

- Канапляначка...

Ён пацалаваў, і яна не адвярнулася, адказала доўгім-доўгім пацалункам, такім, што ён ледзь не задыхнуўся.

- Утаміўся я... - сказаў ён, нібы адкрыўся другу ў бядзе. - Пасядзім давай.

Пяшчотна трымаючы яе за стан, Яўхім павёў Хадоську к стогу. Яна ішла спачатку лёгка, з той жа добрай пакорлівасцю, але раптам заўпарцілася.

- Не трэба!.. Я не хочу!..

- Ну, пасядзім трохі! Ногі баляць... Пасядзім, і толькі!..

Ён гаварыў ціха, ласкава, нібы прасіў пашкадаваць. Голас яго пераконваў: нічога баяцца не трэба, нічога кепскага не будзе.

- Глядзі ж, кеб... без глупства!..

Хадоська паслухалася, села каля яго. Ён абняў яе, прыцягнуў, стаў, задыхаючыся, цалаваць, шаптаць штосьці гарачае, бязладнае, разарванае. Яна спачатку, хоць і стрымана, адказвала на яго пацалункі, потым стала трывожна кідацца, стараючыся вырвацца з яго абдымкаў.

- Ой, не трэба! Не хочу!..

- Дурная!.. Ну, чаго ты? Ну, чаго?.. Няўжэ я так не падабаюся табе?.. Такі паганы?

- Не...


- Ну, дак чаго ж ты?

- Баюся я! Устанем лепей!..

- Не любіш, значыцца?

- Устанем давай!..

- Не любіш?

- Люблю...

- А калі любіш... Дурная!.. Канапляначка!.. Канапляначка мая!..

Ён не чуў сваіх слоў, ён адчуваў толькі яе, маладую, жаданую, непадатную. Хто б мог падумаць, што і яна, такая добрая, мяккая, здаецца, закаханая без памяці, будзе так працівіцца! Ён злаваў ад гэтага непаслушэнства, ад упартасці яе, нецярпліва гарэў.

- Яўхімко, мілы!.. Не трэба!..

- Чаму? От выдумала! Баязліўка ты!

- Яўхімко! Не жаніўшыся!.. Грэх!..

- Граху цяпер няма! Грэх выдумалі... Усе грашаць...

- Пабойся Бога, Яўхімко!

- Бог не асудзіць!

- Татачко!.. Як дазнаюцца ўсе!..

- Ніхто не дазнаецца! - Яму нясцерпна надакучылі яе трывогі, надакучыла ўгаворваць, і, каб скончыць гэта, ён сказаў: - Жанюся ж з табою...

- Жэнішся?

- Жанюся, сказаў!..

- Дак - пачакай!.. Пасля вяселля!..

Яўхім ашалеў. Яна гэта адчула і прысмірнела. Яна яшчэ з адчаем змагалася і з Яўхімам, і з сабою, са сваім каханнем, змагалася, чуючы пад сабой страшную бездань, але змагацца станавілася ўсё цяжэй. Яна ўсё слабела, яна адчувала, што не ўтрымаецца...

- Яўхімко... мілы!.. Пасля... Адразу...

- Ну, заныла! Калі ты зараз!..

- Божачко ж!..

Гэта быў апошні вокліч, апошняя надзея, мальба аб літасці...

Калі Яўхім праводзіў яе па загуменні, спадылба, зладзейкавата сочачы, ці не падглядвае хто-небудзь за імі, Хадоська была ўжо ціхая, ласкавая, пакорлівая.

Развіталіся каля яе гумна. Яўхім, шкадуючы, вінавата абняў яе за плечы, Хадоська сама паднялася на пальчыках, дацягнулася да яго губ, пацалавала.

- Яўхімко! Што ж... - голас яе, кволы, пакутлівы, задрыжаў. - Што ж мы... нарабілі!

- От, дурная, нібы што такое!

- Грэх які!

Ён хацеў сказаць што-небудзь бесклапотна-жартаўлівае, але Хадоська раптам прыпала да яго грудзей, горка, з глухім, поўным трывогі, адчаю стогнам зарыдала. Яўхім азірнуўся: «От, плакса! Як у дамавіну жывая кладзецца!.. Яшчэ пачуе хто, угледзіць... Бацькам напляце... Будзе гаворкі!..»

- Ну, ціхо ты! - прамовіў, як мог, лагодна і строга. - Людзі ходзяць!

Яна сціхла, адступілася, выцерла слёзы.

- Дак не... падманіш?.. Яўхімко?..

- Не... Сказаў...

- Не кінеш?..

- От бо! Зноў!

Ён ужо амаль злосна павярнуўся і пайшоў назад. «Трэба було етае, звязаўся з дурною, - ад душы пашкадаваў ён цяпер. - Мало було клопату!» Але, адышоўшы крыху, супакоіўшыся, разважліва падумаў: «А калі на тое, чым я вінаваты! На тое і лавец, кеб рыба не драмала. Хіба б лепей було, кеб упусціў такі кавалак!..» Ён са здзіўленнем і разам з тым ужо з прыемнасцю ўспомніў: «А трымалася ж як! Хто б падумаў!.. А ўсё-такі не абераглася, дабіўся!..»

Падымаючы на гумнішчы кінутыя граблі, ён успомніў другую, успомніў, як непрыхільна рвалася, як пасмяялася, і радасць астыла. «От каго б абламаць!.. Толькі - цяжэй будзе!.. Нічога, усяму свая пара...»



РАЗДЗЕЛ ПЯТЫ

1

У Алешніках Шабета ўзяў фурманку, і далей, да Юравіч, Васіля везлі. Конь быў не з порсткіх, возчык не спяшаўся, Шабета не падганяў таксама, і пакуль дапляліся да мястэчка, на зямлю лёг добры вячэрні поцемак. З гары спускаліся і ехалі па прыцішэлых местачковых вуліцах ужо ў цемры, якую там і тут адно прарэзвала жоўтае святло з вокан.

Усю гэтую дарогу Васіль перабыў у затоенай маўклівасці. Маўкліва сышоў ён і ў пакойчык унізе дома, які з гэтага вечара павінен быў стаць яму нямілым, вымушаным прыстанкам. У пакойчыку было яшчэ цямней, чым на вуліцы, толькі святло з адчыненых дзвярэй на час рассунула цемру, і Васіль убачыў нечыя ногі, абутыя ў лапці з прысохлай гразёю, убачыў край світы, умятую, збэрсаную салому.

- Адкуль сам? - запытаўся з цемры голас, калі дзверы зачыніліся.

- З Куранёў...

- А-а... А я са Слабады...

Хоць Васіль сваім маўчаннем ясна паказаў, што не хоча гаварыць, голас пацікавіўся:

- За што?

Васіль адмахнуўся:

- Ат...


Незнаёмы паварушыўся, пашамацеў саломаю і больш ужо не пытаўся.

Доўгая і думная была гэтая ноч Васілю. А думкі ўсе круціліся вакол таго, што было неадступнай, злыгоднай ноччу, згадвалі ўсё, перабіралі з'яву за з'яваю і ноч, і наступны дзень, і бачыў зноў Васіль перад сабой то Ганну, то маці, то Шабету, і камень цяжкі ціснуў на сэрца, крыўда і злосць апаноўвалі яго. Крыўда гэта расла, шырылася і была ўжо не на аднаго Шабету, а на ўвесь свет, у якім, як Васіль быў цяпер перакананы, няма ніякай справядлівасці, не было ніколі і не будзе.

Справядлівасць! Дзе і калі яна была беднаму, цёмнаму чалавеку! Дзе яе шукаць яму, адзінокаму, безабароннаму, які, можна сказаць, і свету не бачыў далей куранёўскіх балот, які і ў Алешніках нясмела азіраецца.

Поўны важкіх дум, ён задрамаў толькі пад досвітак, але і цяпер спаў нядоўга, бо разбудзіла гаворка: хтосьці прасіў выпусціць «да ветру». За акном пачынала зелянець неба, на яго зеляніве ўжо добра акрэслівалася нязвычнае, жорсткае перакрыжаванне крат, і іх выгляд ураз адагнаў дрымотную супакоенасць, вярнуў да горкай рэальнасці. Але Васілю не хацелася ні бачыць гэту рэальнасць, ні думаць пра яе. Падаткнуўшы пад бок світу, схаваўшы пад ёй галаву, што ляжала на торбе з харчамі, ён зноў задрамаў.

Цераз дрымоту адчуваў ён, што ўжо настала раніца, чуў, як хтосьці з тых, што былі тут учора ў поцемках, сказаў: «А любіць, мабуць, етае жарабя дрыхнуць!» - але не падымаўся. Устаў толькі, калі пачалі будзіць: прынеслі снедаць. Цяпер ён хмурным, заспаным позіркам дзікавата агледзеўся: іх тут з ім было трое: адзін, з закарэлымі ранкамі і сінякамі, такі худы, што невядома, у чым і трымалася душа, а другі плячысты, здаровы, з густой барадой, зарослы амаль да вачэй.

Заўважыўшы, як Васіль азірае катух, худы з сінякамі дробна хіхікнуў:

- Кубелца - жыць можна! Не глядзі, што нізенькае. Жыць можна, хі-хі!..

Ён падміргнуў барадатаму, борзда падсунуўся да Васіля:

- Ты, здаецца, ядры цябе, паў нутром? Аге ж, паў, бачу! Я, ядры, адразу бачу, зірну - і ўсё відно мне! Не тапіся раней часу! І тут жыць можна. Жывём, дзякуй Богу!

- Жысць! - са злосцю плюнуў барадаты.

- А што ж! Не гняві Бога, Мітрыхван. Жывём, хлеб жуём - кормяць, пояць і на работу не вельмі... Хі-хі, па-панску жывём, ядры яго. Як хто, а я дак рады, што трапіў. То ж, каб не гэта, у зямлі даўно тух бы. Як пазвярэлі людзі, наляцелі, - бы з ланцуга сарваліся, жывога месца не пакінуць...

- Будзеш другі раз знаць, як на чужое квапіцца!

- Саграшыў. Каюся, ядры яго, Мітрыхван, нячысты ўбіўся. - Ён паясніў Васілю: - Каня, хлопча, я чужога ўзяў, на кірмаш думаў, цыганам... Саграшыў!

- Саграшыў! Жарабятнік паганы! Перадушыць вас, гадаў, мало!

- Ты маўчы. Душагуб знайшоўся! Звер!.. От, як упякаюць на Салаўкі, будзеш ведаць - перадушыць бы! Уесца табе ў пячонкі міліцынерык гэты!

Мітрахван пачырванеў, раўнуў:

- Маўчы!

- Звер ты!.. Проста звер! - прымірэнча, лагодна прамовіў, саступаючы, злодзей.

- Мяне таксамо - міліцынер, Шабета, - уступіў у гаворку Васіль, як бы паказваючы гэтым, што прыстае да кампаніі. - Насеў смалою - і ўсё... Падпішы!.. І - у кутузку!

- У яго, ядры, не тое...

- Маўчы! Не лезь!

- Сам раскажы!

Барадаты важка зашамацеў саломаю, сеў.

- Ну, счапіўся ён са мною, міліцынер гэты, Радзівон. З нашых сам, тульгавіцкі. Без штаноў нядаўна па вуліцы гайсаў. А тут - улась, не крані яго. А сам - за змеявік ды - пад ногі, таптаць!

- Самагонку гнаў у восеці! Накрылі!

- Маўчы! Кеб змеявік буў мой, то я, можа б, і сцярпеў, а то ж Піліпчыкаў. Кінь, крычу, Радзівон, а ён - хоць бы што! Ну, я і ашалеў, за грудзі яго! А ён - у крык: улась, крычыць, не слухаешся, пакажу!.. І паказаў, праўда!..

Дзверы, да якіх ішлі ўгару прыступкі, адчыніліся, і загарэлы, абветраны хлопец у зашмальцаванай паддзёўцы загадаў абодвум збірацца.

- Куды? - не ўтрываў злодзей. - На лесапілку?

Хлопец строга адрэзаў:

- Даведаешся!

Васіль здагадаўся, што іх павядуць працаваць, і ў ім на момант паявілася спакуслівае жаданне папрасіцца з імі і самому, але ён прамаўчаў. Адчуў, што прасіцца дарэмна: не тое месца, каб выбіраць, што лепей, не воля.

Калі дзверы за імі зачыніліся, ён загарнуўся ў світу і паспрабаваў зноў заснуць, аднак сон ужо не ішоў. Нудзячыся без занятку, не ведаючы, як запоўніць час, стаў пераабувацца: перацёр закарэлыя анучы, перавязаў парваныя аборы на лапцях. Абуўшыся, падышоў да акна, прабег позіркам па асеннім згалелым і пажоўклым агародзе. Спахмурнеў, убачыўшы за рогам хлява наводдаль сіняваты ельнічак, бурштыновую рыску пяску, - угадаў там нявідную дасюль красу Прыпяці.

Увесь дзень то стаяў каля акенца, то сланяўся з кутка ў куток. Не мог звыкнуцца з думкаю, што цяпер не такі, які быў заўсёды, - арыштант, што няблізка цяпер за гэтымі сценамі і вартавым Курані, хата свая, маці, Ганна, усё тое, чым жыў дасюль.

За акенцам рос крывы, ужо амаль данізу ссохлы будыль сланечніку. Першы раз Васіль яго і не заўважыў, але з часам адзінокі, закінуты гэты будыль выклікаў ужо неадступны смутак, нібы жывая істота. «Адзін, як я», - падумаў раптам Васіль і адчуў, як у горле зашчымела.



2

Абвыкся, прыцярпеўся б Васіль у турме, калі б балела яму толькі тое, што арыштант, прызвычаіўся б і да таго, што з цяперашняга часу ён чалавек з плямай. Да думак аб чалавечай нячуласці і несправядлівасці ён звык з малых год, з чужых гаворак і з свайго вопыту, і хоць яны на час зрабіліся вастрэйшыя, хутка прыглухлі б і прыцьмелі б таксама.

Горш за ўсё, самай вялікай пакутай было тут проста сядзенне, сядзенне без звычайных клопатаў, без працы. І доўгімі днямі і яшчэ даўжэйшымі ў крыўднай бессані начамі думаў, балеў душою па дамоўцы, па недамалочаным жыце, па небараку Гузу, які, можа, стаіць не дагледжаны як след, па хаце, для якой ён не прывёз дроў і якая, можа, выстыла. Не дрэмлючы, трызніў гумном, цэпам з выслізганым далонямі цапільнам, бачыў пусты ток, убіраў ноздрамі пах даўняй трухі з застаронкаў, чуў, як шамаціць сена ў мяккіх маршчыністых губах каня. Рукі, душа яго прагнулі працы.

Але працы не давалі. Хоць звычайна не меў схільнасці прасіць, усё ж аднойчы не вытрываў, заікнуўся перад вартавым, што паклікаў барадатага і слабадскога канакрада, каб дазволілі і яму. Вартавы, русявы хлопец у доўгім кавалерыйскім шынялі, нядаўна дэмабілізаваны, адрэзаў па-вайсковаму, адным словам: не загадана. З таго разу Васіль ужо не прасіўся, паслухмяна і абыякава цягнуў нуду на прыгорбленых плячах.

Адзінае, што абнадзейліва свяцілася яму наперадзе, была думка пра сустрэчу з маці. Ён чакаў яе, як ніколі дагэтуль, з дня на дзень, і асабліва ў нядзелю, калі местачковая вуліца, нявідная, але добра чутная адсюль, стала поўніцца жвавым кірмашовым гулам, ляскатам колаў па бруку, гоманам.

Ён не памыліўся: маці прыйшла. Калі яго ўвялі ў пакой, дзе сустракаліся, маці, якая асцярожна сядзела ўскрай услончыка, не зводзячы добрых вачэй з яго, хапаючыся, узнялася, стала ў замяшанні. Так і стаяла маўклівая, і толькі вочы, насцярожаныя, чулыя, павільгатнелыя, поўныя вялікага шкадавання, казалі, што робіцца ў яе душы. У гэты час Васіль пашкадаваў, што не пагаліўся, што рэдкая, яшчэ маладая барада, якая выбілася тут, мусіць, робіць яго твар пастарэлым, горшым.

Ён заўважыў, як у маці жалліва смыкнуліся куточкі губ, і падумаў, што яна вось-вось заплача. Але яна стрымалася, звыкла правяла ражком паркалёвай хусткі па роце, стала заклапочаная. Падаючы торбу, загаварыла:

- Я тут хлеба дзве кулідкі паклала. Учора спякла... Мядку дзед расстараўся. У конаўцы берасцянай, кеб не выліўся, глядзі... Уюнкоў насушыла з дзесятачак... Цыбулькі, гуркоў прынесла...

- Мёд лепей було б на продаж, - строга зазначыў Васіль.

- Яечак дзесятак прадам... Солі трэ і запалак...

Васіль не сказаў нічога на гэта. Пацікавіўся іншым:

- Як там Гуз? Не кульгае?

- Не-а. Папраўляецца.

- Жыто - немалочанае?

- Дамалочуваем. Дзед і я...

- Стары - дужы, кеўляе, значыцца?..

- Кеўляе. Дужы.

За кожным пытаннем і адказам ішла важкая, поўная матчынага смутку, цішыня.

- Валодзька не дурэе?

- Не-а. От надысь на балото хадзіў. Уюноў прынёс. Кажа: Васілю, браціку...

- Глядзі за ім, не балувай... А Гузу - паранку. Зіма падыходзіць - у лес трэба будзе...

- Ды ўжэ ж, буду рабіць...

Распытваў Васіль, раіў, наказваў, а сам не раз, не два думкаю падыходзіў да Ганны: як яна, ці помніць пра яго, ці не злуе за крыўду? Усё чакаў, што маці загаворыць пра яе.

Маці нібы прачытала яго думкі.

- Ганну Чарнушкаву бачыла сягоння...

- Тутака?

- Не-а. Дома, каля калодзезя. Кланяцца табе сказала.

- А... - Васілю стала добра, хораша. - І ты ёй перадай - што кланяюся...

- Перадам...

Ён перахапіў спасцярожлівы матчын позірк і здагадаўся, што яна штосьці тоіць, не наважваецца адкрыць.

- Як яна, вясёлая?

- Маркотная... Бы з крыўдай якою...

Васіль адвёў вочы ўбок, прамаўчаў. Але таіла яна не гэтае, большае. Разважыўшы, прызналася з непакоем:

- Яўхім Карчоў, кажуць, нешто стаў каля яе... круціцца...

- Яўхім?

- Гаворка такая була... Толькі Ганна, кажуць, не хіліцца да яго... - паспрабавала супакоіць маці.

Яна перавяла тут жа гаворку на іншае, але вестка, што неспадзеўкі дайшла да Васіля, ужо не адступалася ад яго. З усяго, што Васіль пачуў тут ад маці, яна найбольш хвалявала яго, ныла ў ім. Нельга сказаць, каб вестка гэтая вельмі занепакоіла адразу - Васіль быў такі, што паддаваўся настроям няхутка, новыя і радасць, і бяда авалодвалі ім спакваля, усё мацней, глыбей з часам. Усё ж пачутая нядобрая навіна пра Ганну ўжо тут, у гаворцы з маці, захмарыла яго.

- У Дамеціка карова ацялілася... - гаварыла маці. - Цялушка - такая добрая...

- Гадаваць сабе будзе?

- Не-а. Абы, кажа, падрасла, прадам...

«Грошы трэ», - падумаў Васіль, але падумаў па звычцы, абыякава - думкі ўсё ішлі да Ганны, да Яўхіма. «Корч крывы, ужэ тут ваду муціць! Мало леснікоўны!..»

- Хваліўся Дамецік: сын яго са службы прыйсці павінен... Скора...

- А... адпускаюць...

- Міканор. Мабуць жа, помніш?..

- А чаго ж...

- Вучыцца хацелі там аставіць... А ён сказаў: дадому.

- У балото... пацягнуло.

- Ведамо - дамоўка!..

Маці зразумела, што дарэмна стараецца суцешыць, змоўкла зусім, адно не зводзіла вачэй з сына, добрых і сумных. Маўчаў і Васіль, так у маўчанні і сышоў канец іх спаткання. Толькі калі вартавы падняўся, маці, што раптам вельмі заспяшалася, не ўтрывала - выказала тое, што хацела чуць:

- Ці скора хоць, сыночак, выпусцяць?

Васіль адвёў вочы ўбок.

- Хіба скажуць...



: sh3grodno -> library
library -> У. Караткевіч каласы пад сярпом тваім
library -> В. быкаў альпійская балада
library -> Уладзімір Караткевіч Дзікае паляванне караля Стаха
library -> Макаёнак Андрэй зацюканы апостал
library -> Кузьма Чорны Пошукі будучыні першая частка. Украдзенае маленства
library -> «Ляжаць ніжэй травы, цішэй вады»,- такі быў загад Жоржыка Цыгана
library -> Тэмы вусных выказванняў 9-11 класы білет №1
library -> Янка Брыль Memento mori Апавяданне
library -> Уладзімір Караткевіч Кніганошы
library -> Караткевіч Уладзімір Чортаў скарб


1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   24


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка