Іван Штэйнер Свет шчодры. Свет мяне паўторыць…



старонка4/8
Дата канвертавання15.05.2016
Памер1.61 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8
І.Ш.), Каб на плошчах пажэр вас прагны агонь?!»); «І лету на зме­ну прыходзіць сцюжа, І сон на змену пяшчоце рукі»; «І што аб­­дымаць цябе ззаду за грудзі, Лавіць нагою выгіб сцягна, Калі за­мест песні вясенняй будзе Зіма, забыццё і здрада сна?; «Мозг шле навокал клічы і сігналы, А цела – ў мёртвы лёд закула Смерць»; «Аддзячым ліхам за любоў, Нянавісцю – за дабрыню».

Чалавек і сам амбівалентны; як адна частка паэтычнага радка ад­маўляе папярэднюю, так і пэўная ягоная сутнасць супярэчыць ін­шай, а ўчынак, думка, мара, што ўзнікаюць у дадзеную хвілі­ну – антаганістычныя ранейшым. Таму homo sapiens можа быць амаль адначасова і здраднікам, і хціўцам, і няўдаліцай, і скотам – і «ры­царам сумлення і свабоды».

Выкарыстанне антытэзы, супрацьпастаўлення, паэтыкі кант­рас­таў – адзін з улюбёных прыёмаў паэтыкі рамантызму, пра што яшчэ пісаў В. Гюго ў прадмове-маніфесце да «Кромвеля». Зга­даем і выслоўе Максіма Горкага, якое будзе дарэчы пасля зга­дак пра падабенства творчай манеры мастакоў і паэтаў: Конт­раст светотени в словесной живописи так же необходим, как и в мас­ляной.

Уся паэзія У. Караткевіча пабудавана на прынцыпе кант­рас­ту. Найбольш простае выкарыстанне апошняга – зварот да вы­ка­рыс­тання антоніма. Ён не мае прамых адносін да верша, бо мае агуль­налексічны універсалій. Але супрацьлегласць, супраць­ста­ян­не, што ляжыць у аснове антоніма, дазваляе па-новаму рас­крыць сутнасць з’явы і паняцця, надаць новую экспрэсію ці знач­на ўзмацніць папярэднюю. Гэта жыццёва неабходна Ка­рат­ке­вічу-мастаку з яго кардынальным супрацьпастаўленнем жыц­ця і смерці, радасці і магілы, зорак і бруду, цнатлівасці і рас­пус­ты, здрады і альтруізму, зямлі і неба, забароненага і дазволенага, ве­ры і бязвер’я. Даволі часта ён звяртаецца да выкарыстання кан­тэкстуальных антонімаў, што дазваляе не толькі пашырыць сэн­савую і выяўленчую ёмістасць вобраза, але і трымаць не­аб­ход­на-належную свабоду для выяўлення складанейшай суб­стан­цыі твора.

Антонімы выражаюць не толькі супрацьлегласць, але і ўнут­ра­ную супярэчнасць з’яў, што пашырае шырыню ахопу ўзнаў­ля­е­май падзеі. Кантраст, антытэза выкарыстоўваецца ў межах ад­на­го апісання, радка, фразы, а можа дамінаваць ва ўсім творы, пад­парадкоўваючы сабе развіццё сюжэту, дынаміку характараў.

«На нашай любай і чыстай, на нашай сіняй зямлі Зяберам і асо­там зараслі пустыя палі»; «Кахаю абутую й босую, З кнігамі і з сяр­пом»; «З ёй – радасць, аднаму – гора»; «Ты ўсё спіш, а дзень на нагах»; «Дзень вялікі, а луста малая»; «Мы чакалі сва­бо­ды, І касілі нас кулямі роты»; «Не на тое, каб енчыць, А каб крык­нуць да ўсіх на зямлі»; «Паміраю і веру»; «Цяплілі ўчора свеч­кі ёй вітыя, А сёння аддалі яе снягам…» (пра ялінку).

Паэт многія вершы пачынае з выключнага кантрасту, дзе кар­дынальна палярныя ўяўленні сутыкае паміж сабой, ад чаго ўзні­кае іскра, што запальвае вобраз, які і будуецца на аснове ан­ты­намічнасці і кантрасту. Гэта пясчынка і горды ўцёс (радзіма і па­эт), чалавек і горы (Таўрыдзе»), смяротнасць асобы і не­смя­рот­насць жыцця. Так, у вершы «У тую ноч» усе займаліся звы­чай­ны­мі, будзённымі справамі – пілі, гарланілі, плакалі, малілі, пра­сі­ліся, клялі – і ніхто не ведаў, што ў гэтую хвіліну адбыўся цуд, ува­собілася Слова, зацвіла папараць-кветка, нарадзіўся Янка Ку­па­ла (паўторымся, як ніхто не заўважыў гібелі Ікара на карціне Брэй­геля).

Адлюстроўваючы рэальныя жыццёвыя канфлікты і су­пя­рэч­на­сці, паэт з дапамогай кантрасту, антытэзы не толькі іх ма­ляў­ні­ча ўвасабляе, але, самае галоўнае, выказвае ўласныя адносіны да самога жыцця ва ўсіх ягоных праявах і сцвярджае ўласныя ідэ­а­лы.

Як ніхто ў беларускім прыгожым пісьменстве, Уладзімір Ка­рат­кевіч усведамляе сябе грамадзянінам сусвету, дзіцём планеты Зям­ля, прадстаўніком homo sapiens і часцінкай чалавецтва. Чым бо­лей нацыянальны паэт, тым больш ён разумее сваё агуль­на­ча­ла­вечае паходжанне, якое і праявілася ў індывідуальна-на­цыя­наль­ным. Таму ён адначасова ўспрымае сябе вынікам векавой эва­люцыі супольнасці ад даадамавай эпохі і пачаткам сусвету, Не­вядомым, Першым, што дзейнасцю і нават смерцю паказвае век­тар развіцця племені, народу, чалавецтву і, як і сам вучыўся ўся­му, нібы прарок Амос, ад зорак:

Агонь з вышынь – і дом твой, як свяча,

І мёртвай хмарай – попел над Гаморай,

І ўсё з нуля даводзіцца пачаць,

Бо ў тым былым нічога не гаворыць.

Калі ўжо давядзецца зноў пачаць –

Ідзі ад дымам пушчаных святыняў

І не шкадуй ні плуга, ні мяча

На новы свет, дзе ўсё пакуль – пустыня.

Там будзе грай сівога крумкача,

Сто бездарожжаў, соль і пыл на веях…

Калі ўжо вырашыў з нуля пачаць –

Ідзі! Не аглядайся!

Скамянееш!

Як ніхто бадай у сучаснай славянскай паэзіі, У. Караткевіч-ідэ­олаг (не пабаімся цяпер ужо зашмальцаванага тэрміну) гу­ма­ніз­му (у класічна-рамантычным разуменні, а не цяперашнім, не мод­ным ужо ва ўсіх кругах, асабліва эстэцкіх і псеўдаэстэцкіх з-за празмернай службы ў справе прапаганды). Згадаем яшчэ раз, што Караткевіч не баіцца заяўляць і выстаўляць свае ідэалы, якія на­столькі магутныя і абгрунтаваныя, што не толькі вы­трым­лі­ваюць, але і нават не звяртаюць увагі на дробныя ўхмылкі, на­мё­кі, тым болей спробы іх абвергнуць. Гэтыя ідэалы – састаўная, пры­роджаная частка ягонага Я, ён – рэальны і зямны – цалкам ім ад­павядае. У свой час Я. Парандоўскі ў славутай «Алхіміі слова» пі­саў, што далёка не кожны пісьменнік падобны на сваіх герояў:



Настоящий Ламартин вдребезги разбивал сердца нежным по­клонницам его поэзии, как только они получали возможность ви­деть его воочию. В стихах Ламартин был мечтателем, за­дум­чив, стыдлив, все трогало его до слез, и невольно он пред­став­лялся существом хрупким, изящным, может быть близким к ча­хотке. В действительности же он был le grand diable de Bour­gogne – огромный бургунский дьявол, который ел и пил как по­лагается, ругался, как гусар, занимался охотой, имел псарни и ко­нюшни – как настоящий задира шляхтич, без устали вою­ющий с соседями. А як успрымаліся абвінавачванні Байрана ў ін­цэс­це і садаміі, з-за якіх ён быў вымушаны развесціся з жонкай і па­кінуць Англію, маладзенькімі фанаткамі, што бачылі ў лордзе толь­кі загадкавага, амаль нябеснага Чайльд Гарольда.

Свой жыццёвы ідэал У. Караткевіч выказаў у самым апош­нім вершы 19 чэрвеня 1984 г., прысвечаным Васілю Быкаву:

Час стагоддзі, як касой, сцінае,

Веры, царства, догмы йдуць да ценяў…

Усё мінае – Гонар не мінае,

Бо народжаны адным сумленнем.



Згадаем вопыт – духоўны і матэрыяльны – чалавецтва. У. Ка­рат­кевіч пафасна сцвярджае, што яно выжыла, захавалася і па­спя­хова развівалася толькі дзякуючы сумленню і гонару калі не ўсіх двухногіх, то самых лепшых яе прадстаўнікоў. Гэта адзіная па­нацэя, здольная ўтрымаць жывёльны пачатак чалавека – «А іна­чай – няшчасце Зямлі. А іначай – канец». Адштурхоўваючыся ад тэзіса Конрада З. Лоранца аб тым, што «…у вышэйшых жы­вёл патрэба і здольнасць прычыняць разбурэнні і шкоду ўзрас­таюць прамапрапарцыянальна ступені іх разумнасці», у вершы «Вы­шэйшыя жывёлы, або вянец тварэння» ён наглядна-доказна па­казвае, што з бліжэйшых родзічаў чалавекамалпаў – цікавасць уяў­ляе зусім не лемур, не капуцын, не мартышкі, а гарыла з пач­кай сернікаў. Таму аб сутнасці роду чалавечага могуць нагадаць у пер­шую чаргу Хатынь, Хірасіма, Герніка. Боюсь, что земной шар – желтый дом Вселенной (Вальтэр).

Мізантрапічныя ідэі ў свядомасці і творчасці У. Караткевіча не маглі дамінаваць, хаця ён і хадзіў з Дантам у пекла і яшчэ да­лей; бачыў нараджэнне зямлі і свету; добра зведаў злосць, зайз­д­расць, хцівасць людскую; «подзвігі» вандалаў; здраду блізкіх і цка­ванне паэтаў і мастакоў; здзекі са святынь. Ён, нягледзячы ні на што, любіць людзей і жыццё. Вітальнасць натуры Караткеві­ча – выключная, нешта падобнае было толькі ў Купалы (праўда, пад­час з адмоўным кодам), ранняга Максіма Багдановіча (пасля па­мяняўся вектар). Гэта дзіўна ў нашым краі, дзе аўтахонны жы­хар запраграмаваны хутчэй на сыход, чым росквіт. Беларус ба­іц­ца жыць з-за нейкай вінаватасці, ён як бы падсвядома адчувае, што заняў нейчае месца і гатовы як мага хутчэй яго вызваліць. У. Караткевіч захоплены жыццём, любіць яго ва ўсіх праявах, бо, як ніхто, адчувае гэтую нацыянальную асаблівасць, ён лі­та­раль­на бачыць хісткую мяжу жыцця і смерці… Жывым для паэ­та паўстае ўвесь сусвет, а не толькі сфера быцця чалавечага, у яго жывыя дрэвы, кветкі (ён баіцца сесці на лузе, бо памне іх: «Я доў­га шукаў месца, дзе сесці. Бо ўся зямля была спачатку ў не­за­буд­ках, потым у ландышах і толькі далей бачан быў суцэльны, адзін ландыш ля аднаго, белы дыван»), нават камяні і скалы (ка­мень – слова). Ён глядзіць на жывую прыроду, прырода глядзіць на паэта. Сартр лічыў, што ўсім звычайным людзям дастаткова ба­чыць дрэва або хату. Цалкам захопленыя сузіраннем рэчаў, яны забываюць пра сябе. Паэт (тут гаворка ішла пра Бадлера) ни­когда о себе не забывает. Он смотрит на себя видящего, он смот­рит ради того, чтобы увидеть себя смотрящим, – он со­зер­цает свое восприятие дерева, дома, и лишь сквозь стекло это­го восприятия предстают перед ним вещи, предстают бо­лее бледными, более мелкими, менее трогательными, словно он раз­глядывает их в бинокль. Они не указывают одна на другую, как указывает стрелка на дорогу или закладка на страницу, их не­­посредственная миссия обратить воспринимающего к самому се­бе. Якраз такая определенность настоящего будущим, су­щес­т­вующего – тем, чего еще нет и назвали философы транс­цен­ден­тностью. Гледзячы на ўсё існуючае, У. Караткевіч сузірае ся­бе, бо яны разам удзельнічалі ў эвалюцыі зараджэння з вя­лі­ка­га землятрусу, з часоў, калі яшчэ на гарачай планеце сярод па­па­ра­цяў-хвашчоў хадзілі дыназаўры, а затым маманты. Такая з’яд­на­насць дапамагае яму ўбачыць стронцый у дажджы, што падае на будучыню чалавецтва («Дзяўчына пад дажджом»); глабальнае па­цяпленне, ад якога ў Оршы пачынаюць расці бананы, якімі кі­даюць у бяздарных паэтаў, мангустаны, а на Беларусь прыйшло мо­ра («Вадарод»). У некаторых выпадках ён набліжаецца да пра­роц­тваў («Прарок», «Маналог Кастуся з ІІІ акта трагедыі «Кас­тусь Каліноўскі»), дзе ўздымаецца да цяперашняга разумення свя­домасці чалавечай, што мозг і розум – гэта далёка не адно і тое ж. Ён уяўляе край целам, якое даўно закула ў мёртвы лёд Смерць, а Мозг яшчэ шле навокал клічы і сігналы. Распад клетак моз­гу значна ўзмацняецца імшой крумкачоў, і няма надзеі, што нех­та можа пачуць мозг, што марна растае ў агні. Менавіта таму нель­га пачуць у згасанні мозгу ярасны крык нашчадкаў, бо душа не можа вярнуцца ў Нішто.

Людзі заняты зусім іншымі справамі:

Аб існаванні подласці і наветаў,

Падступных махінацый і інтрыг

Я ведаю, паверце мне ў гэтым,

Зусім не са старонак даўніх кніг.

Вось чаму на свеце існуюць «Здратаваныя магілы», канц­ла­ге­ры («Балада пра смяротнікаў»), паляванне на паэтаў («І, можа, тыя, што ў мане Жывуць свой век, п’юць добрых кроў, цкаванне ўзла­дзяць на мяне. Калісьці – горш, чым на звяроў»).

У той жа час існуюць людзі, якія не толькі не садзейнічаюць здра­дзе («Я проста ў гэтым не прымаю ўдзелу»), але і цаною ўлас­нага жыцця («Балада аб арганаўтах») ратуюць свет, ратуюць най­менне тваё, Чалавек. Все мы барахтаемся в грязи, но иные из нас глядят на звезды (О. Уайльд). Асабліва гэта заяўлена і ўва­соб­лена ў «Слове пра чалавечнасць», якую многія папракалі за схе­матызм і зададзенасць. Невыпадкова сугучнасць загалоўка з «Гім­нам чалавецтву» Ф.Гельдэрліна. Слова любові, прызнання ча­лавечнасці асабліва гаючыя ў наш час выключнай дэ­гу­ма­ні­за­цыі грамадства і мастацтва. Дзеля таго, каб каханая пражыла яшчэ адно імгненне, цаной жыцця герой уздымае яе над хвалямі («Па­топ», старажытны беларускі апокрыф).

Аднак перш за ўсё У. Караткевіч прызнаецца ў любові і ад­да­на­сці свайму народу. Адзін з самых апошніх ягоных вершаў (пас­ля з’явяцца толькі два ці нават адзін) можна ўспрымаць як за­павет (асацыяцыі з Шаўчэнкам тут заканамерны, бо яшчэ ў 1957 (siс!) годзе ён з маладняцкай бравадай пісаў, што калі і па­трэб­на закапаць дзесь ягоныя тленныя косці, то ён хацеў бы ля­жаць «над родным Дняпром, на зялёным, сасновым, грывастым па­госце, Дзе бусліны клёкат у ліпеньскі гром»). Тут ужо юнац­кая вера ва ўласную неўміручасць заменена верай у бес­смя­рот­насць нацыі:

Бог пайшоў. Жыццё ідзе пад кручу.

Але йдзі і губляй спакой.

Ёсць замест прыватнай неўміручасці –

Бессмяротнасць нацыі тваёй.

Ты памрэш. Але ў бязмежным свеце

Будуць працвітаць твой Люд і Край…

Вер, што ў гэтым, вер, што толькі ў гэтым

Шчасце пасмяротнае і рай.

Рамантызм як тып мыслення ў выключнай ступені звязаны з мі­фам і міфатворчасцю: Мы можем утверждать, что всякий ве­ликий поэт призван превратить в нечто целое открывшуюся ему часть мира и из его материала создать собственную мифо­ло­гию (Шэлінг). У. Караткевіч як паэт-рамантык – самы дас­ка­на­лы, поруч з Янам Баршчэўскім, творчасцю якога захапляўся і на­ват снаваў задуму перастварыць ягоную спадчыну, вярнуць на­зад народу, міфатворца ў нацыянальнай традыцыі. Менавіта ён ства­рыў Міф аб Беларусі, дакладней, завяршыў будаўніцтва вір­ту­альнага замка, фундамент і сцены якога узводзіў згаданы поль­ска-беларускі рамантык, а дэкор пачаў накладваць Максім Баг­дановіч сваёй канцэпцыяй краіны браначкі. Баршчэўскі ста­міў­ся ад непад’ёмнасці, неажыццёўленасці велічнай задачы, та­му аплаквае знойдзеную Беларусь, рыдае над разрабаванай свя­ты­няй, М.Багдановіча спыніла смерць.



Дзіўны парадокс, Радзіму бачыць толькі той, хто яе пакідае – ін­шым яна не даецца, хаваецца. Разгледзець сваю Літву А. Міц­ке­віч змог толькі з гары Аю-даг, Ян Баршчэўскі – з набярэжнай ха­лоднай Нявы, М. Багдановіч – з волжскага ўцёса, У. Каратке­віч – з каштанаў Крашчаціка: «Здалёку я асабліва палюбіў Бе­ла­русь і яе людзей. Яна ўяўлялася мне тады па незямному прыў­крас­най. Уся зялёная, вільготная, з азёрамі, з народам, з ягонай пя­вучай і звонкай мовай, з легендамі і палямі, курганамі і рэ­ка­мі». Кожны з іх змагаўся наводдаль ад сваёй арміі. Іншым было ляг­чэй. Яны былі сузор’ем. Ён (Максім Багдановіч – І.Ш.) са­мот­най зоркай, якая, вядома, бачыла святло ад вялікай галактыкі свай­го народа і ад сузор’я лепшых сыноў яго, паплечнікаў сва­іх – але ўсё ж палала наводдаль… Ён большую частку свайго жыц­ця не бачыў радзімы, а калі ўбачыў, то спустошаную вай­ною, няшчасную, знявечаную і збрыджаную. Убачыў, каб адразу ж са­мотна памерці наводдаль ад яе», – так пісаў У. Караткевіч у ар­тыкуле «Летапісец» (Да 75-годдзя з дня нараджэння М. Баг­да­но­віча). Як ніхто, лічыць наш сучаснік, М. Багдановіч быў гіс­та­рыч­ным паэтам, бо абуджаў у народзе гістарычнае мысленне, а зна­чыць, і гонар. Захапляючыся подзвігам Максіма Кніжніка, ён сам сябе не раз пытаў, адкуль і як гэты хлапчук спасцігнуў са­праў­дны вецер гісторыі, які не падуладны і тысячам кабінетных ву­чоных. У. Караткевіч сцвярджае, што, перачытаўшы сотні да­сле­даванняў, перакапаўшы стопы папер, пабачыўшы ў сто разоў бо­лей, чым гэты вечны юнак, раптам разумееш, што ты ягоны ву­чань, што ён прадчуваў болей, чым ты ведаеш. З ягонага прад­чу­вання, інтуіцыі і з’яўляецца новы зрок (нібыта ён аддаў свае во­чы нашчадкам), які дазваляе ўбачыць арыядніну ніць, што не да­з­валяе заблукаць у цёмных лабірынтах беларускай мі­нуў­шчы­ны… Трэба дадаць і самую магутную рысу рамантычнай асо­бы – уяўленне (воображение), якое для паэта мае шматкроць боль­шае значэнне, чым штодзённая рэальнасць. Толькі з да­па­мо­гай оных можна паказаць унутраны свет нацыі – жывую карціну ла­ду жыцця, звычак, патрэбнасцей, адметнасці зямлі і нябёсаў. Ге­рой рамантыкаў – асоба выключная, гераічная. Менш за ўсё Ка­раткевіч падобны на героя ў класічным разуменні слова, аднак ён не мог дазволіць сабе раскошу быць слабым, адысці ад ба­раць­бы, застацца кабінетным чарвяком, што кашляе ад пылоты ар­хіваў. Ён адчуваў і добра разумеў, што менавіта яму доляй на­ка­навана стварыць рамантычны міф пра неіснуючую краіну Бе­ла­русь. Таму не будзе адыходзіць убок, рыдаць над святынямі, бо нельга аддаваць святыню псам. Nolite dare sanctum canibus: ne­que mittatis margaritas vestras ante porcos, ne forte conculcent eas pe­dibus suis, et conversi dirumpant vos. – Не давайте святыню псам; и не мечите жемчугом перед свиньями, да не попрут их но­гами и, обратившись, не разорвут вас. Ён не сыдзе з роднай зям­лі раней, чым здзейсніць велічную задачу (і пасля фізічнай смер­ці здзяйсняе наканаванае – так ідзе святло ад узарванай і ўжо не існуючай рэальнай зоркі), невыпадкова пасмяротны збор­нік так і называецца – «Быў. Ёсць. Буду».

Пра гэта ў прадмове да згаданага зборніка надзвычай ме­та­фа­рычна і дасканала сказаў Рыгор Барадулін: «Мы замаўчалі, каб перадумаць усё, што сказаў Ты, дасведчаны і адукаваны, не­пры­мірымы і даверлівы да безабароннасці рыцар з замка даб­ры­ні і спагады, мудрэц і наіўны пасляваенны аршанскі падлетак. Ты ведаў, як мала хто шмат, Ты штохвіліны імкнуўся даведацца яшчэ болей, данесці да сутнасці, да першавытокаў сэнсу ўсяго на­шага вокамгненнага зямнога бытавання – жыцця.

Мы замаўчалі, бо замаўчаў Ты, столькі недавыказаўшы, столь­кі недарабіўшы на сваім неспасціжным самай смелай ча­ла­ве­чай уяве займішчы. Абсяг усяго зробленага табою можа толькі аша­ломна ўразіць звычайнага смяротнага».

У. Караткевіч свядома і мэтанакіравана стварае ўласную мі­фа-утопію, якую не паспелі і не змаглі стварыць пісьменнікі ХІХ–ХХ ст., і перш за ўсё таму, што не было рамантызму як ме­та­ду мастацтва і ладу жыцця (згадаем Яна Баршчэўскага – «Ду­ша не ў сваім целе», Якуба Коласа «Новая зямля». Кожная з уто­пій (сусветных ці нацыянальных) абмежавана ў прасторы – гэта вос­траў, страчаны свет недзе над зямлёй, сярод ільдоў ці тро­пі­каў, на Месяцы ці зорках, ці хаця б агароджана ў звыклых геа­гра­фічных умовах.

У Караткевіча Беларусь абазначана (згадаем яшчэ раз, што гля­дзіць ён зверху, з нябёсаў) дубамі, азёрамі, цэрквамі, кас­цё­ла­мі, балотамі, корчмамі, нават могілкамі. Як і кожны сапраўдны дэ­міург, ён мае ўласную касмагонію роднага краю (О мой цу­доў­ны край, Мой заснежаны рай… – згадаем «Из милого мне края: Из рая» (Дантэ) у вершах «Мы», «Землятрус». Аднак гэты ка­валачак свету надзвычай крохкі:

Каб плыў судоў уратавальных дым, –

А родны край знікаў навек ў хвалях, –

Я б лепей згінуў з ім, з яго апошнім жалем,

Як жыў і мучыўся бязмерна – з ім.

Беларусь Караткевіча з вышыні птушынага лёту зусім не фан­тастычная, у адрозненне ад класічных рамантыкаў-утапістаў ХІХ ст. Тут, па сутнасці, няма фантастычна-міфалагічных воб­ра­заў, за выключэннем зайца, што варыць піва, чорна-чырвонага дэ­мана, Левіафана, класічных пачвараў класічнага пекла. Аднак і не выключна рэальная, хаця і заснавана ў значнай ступені на да­к­­ладна-дэталёвым апісанні існуючых у сапраўднасці сла­ву­та­с­цей: Орша са сваім змарнелым паркам, Кабыляцкай гарой, ля­ні­вай сястрой Аршыцай, дзе хаткі, нібы гнёзды ластавачак, раз­мы­ты дажджом брук; гарадзішча старое на зліве рэк, дзе больш як дзе­сяць стагоддзяў назад першы зруб наставіў чалавек; за­сы­па­ныя лісцем бярозавым паўстанкі; кіева-пячэрскі слон; тэрыконы; Дзі­ва на Нерлі; велічная Каложа над чорнаю вадою; Трасцянец; Ме­сяц; корчмы; рэчкі Папараць, Сож, Дняпро, Ака і Волга.

Калі б нават сляпым і глухім я прыйшоў да цябе.

Што сляпым? Нават мёртвым успомню высокія зоры,

Над ракою чырвонай і цьмянай палёт кажаноў,

Белы ветразь на сініх, на гордых, як мора, азёрах,

І бары-акіяны, і неба – разлівы ільноў.

Дзе мой край?

Там, дзе людзі ніколі не будуць рабамі,

Што за поліўку носяць ярмо ў безнадзейнай турме,

Дзе асілкі-хлапцы маладымі ўзрастаюць дубамі,

А мужчыны, як скалы, – ударыш, і зломіцца меч.

Дзе мой край?

Там, дзе мудрыя продкі у хвоях паснулі,

Дзе жанчыны, як радасны сон у стагах на зары,

А дзяўчаты, як дождж залаты. А сівыя матулі,

Як жніўё з павуціннем і добрае сонца ўгары.

Там звіняць неўміручыя песні на поўныя грудзі,

Там спрадвеку гучыць мая мова, булатны клінок.

Тая гордая мова, якую й тады не забудзем,

Калі сонца з зямлёю ў апошні заглыбяцца змрок.

Ты – наш край.

Ты – чырвоная груша над дзедаўскім домам,

Лістападаўскі знічак густых фасфарычная раць,

Ты – наш сцяг, што нікому, нікому на свеце, нікому

Не дамо абсмяяць, апаганіць,

Забыць ці мячом зваяваць.

Мы клянёмся табе баразной сваёй першай на полі

І апошняй раллёй, на якую ўпадзём у журбе.

Мы клянёмся табе, што ніколі,

Ніколі,

Ніколі,


Так,

Ніколі не кінем,

Не кінем,

Не кінем цябе.

Там, сярод манументаў-дрэваў, што вярхамі дастаюць да зор, хо­дзяць зубры- маманты; валадар лясоў – дзік; белавежскі алень, з мудрымі сумнымі вачыма, рахманымі і поўнымі жалю; і валы дзі­кунскія. Біблейны погляд на нацыянальную гісторыю асабліва ма­гутна ўвасоблены ў вершы «Ворыва на валах», дзе быкі прад­стаюць не рахманымі цяглавымі жывёламі, а як нешта пач­вар­нае, страшнейшае за сваіх продкаў з міфа пра арганаўтаў:

З нябачнае лагчыны йдуць яны

Да сонца, ветру, хмараў і разлогаў,

На ўзгорак, велічны, як шар зямны,

Бы два паўмесяцы ўспрываюць рогі.

Бялкі ў крыві, брудныя капыты, што папіраюць свет, на­даюць бестыі апакаліптычныя рысы, якія нясуць краю смерць і зні­ш­тажэнне. Матывацыя і вобразнасць атрымае далейшае раз­віц­цё ў паасобных творах. А пакуль над краем лятаюць жахлівыя крум­качы; агністы снягір на сасне; галлі сівыя ў плаўны палёт па­плылі; мужныя мятлушкі цягнуць на ўзлёт; салоўка, што ў ро­сах б’е; певень, што, у адрозненне ад людзей, вартуе родны край; гусі-лебедзі ў лугах зялёных. А над усім, пад алмазам Вя­лі­кай Мядзведзіцы, кружаць белыя буслы.

У свой час для свайго манументальнага будынку «Чалавечай ка­медыі» А. Бальзак пісаў лёгкаважныя іскрыстыя «Арабескі». Як­раз такімі ўспрымаюцца вершы «Безгаловая Венера», «На­ра­д­жэн­не Венеры», «Нараканні Насрэдзіна Ахмет-Аха эфендзі», «Хан і табіб», «Цар-гармата», «Бог важдаецца з беларускімі проз­вішчамі».

Тут заўсёды жылі незвычайныя людзі. Хаця Караткевіч не ад­нойчы будзе прызнавацца ў любові да простага чалавека, ге­ро­ем ягонай паэзіі ніколі не будзе селянін-мужык у класічным ра­зуменні слова. Ва ўсе часы гэта шляхціц духу, які шукае не ска­рынку, а сэнс быцця, як у вершы «Старажытны беларус»:

Спічасты строй гатычных вежаў.

Ў дубах старэнькая царква…

«Як чалавеку жыць належыць,

Скажы мне, мудрасці сава?»

На хаты ў прывідах вішнёвых

Глядзіць, і іх не бачыць ён…

«Хоць ты адкрый мне тое Слова,

Святы Настаўніка закон!

Адкрый не верай ці бязвер’ем,

Не так, як Мойзасу калісь,

Як зведаць Словам, Весам, Мерай,

Што Ісціна на сей зямлі?

Ў чым чалавечнасці адзнакі,

За кім ісці, каго маліць,

Ці багахульстваваць, ці плакаць,

Ці кнігі на стагнах паліць?»

Перад намі не звычайны, звыкла забіты «пан сахі і касы», а ча­лавек, роўнавялікі ў сваіх нястомных пошуках старажытнаму грэ­ку і рымляніну, прадстаўніку Богам абранага народа, што шу­кае адказ на адвечныя праклятыя праблемы, пытанні. Ён успры­мае сябе часцінкай чалавецтва, хоча ўбачыць чужыя дзівосы бы­та­вання, бо жыццё Божае неаднамернае, каб яшчэ раз у па­раў­нан­ні ўпэўніцца ў красе роднай зямлі і магутнасці яе народа. Зноў згадваецца Ц. Норвід: «У ва ўсе часы дзве песні на свеце гу­чалі і працягваюцца. Адна – голас прыроды, другая – гісторыі ча­лавецтва…

Маўчанне. Кнігу ў скуры рудай

Закрыў, бо перад ім – сцяна.

І сэнс жыцця, і хто мы, людзі,

Па кнігах не спазнаць да дна.

І усплываюць за парогам

Краін далёкіх міражы.

Як сэрца цягнецца ў дарогу

Як прагнуць ногі зем чужых

Туды! Туды! З няпэўнай картай.

Туды, каб рассудзіць спаўна,

Чым дрэнны чалавек і варты,

І з родным краем параўнаць.

Нясцерпна думаць, што блукаюць

За вобрыем, далёка, там

І какадрыл, і цудзь марская,

І страшны звер сланапатам.

Ўсё выпытаць, не для прыправаў –

А ўрэшце, можа, і для іх –

1   2   3   4   5   6   7   8


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка