Іваноўскі Леанард



Дата канвертавання17.06.2016
Памер18.61 Kb.
Іваноўскі Леанард
Гаспадарчы і грамадскі дзеяч. Вучыўся ў віленскай гімназіі, пасля скончыў Пецярбургскі тэхналагічны інстытут (1868), дзе атрымаў ступень інжынера-тэхнолага. Затым да 1891 працаваў на прамысловых будоўлях Сібіры, Урала і іншых рэгіёнаў Расіі, каля 15 гадоў правёў у мясцовасці Краснае Навахапёрскага павета Варонежскай губерні. Пасля перабраўся ў Варшаву, а не пазней 1899 ўладкаваўся ў Пецярбургу. Тут дасягнуў вяршыні сваёй прафесійнай кар'еры: стаў правадзейным дзяржаўным саветнікам, членам Тэхналагічнага камітэта Галоўнага акцызнага ўпраўлення і кіраўніком яго капітальнага аддзела, а таксама членам Дзяржаўнай Рады па справах харчовых прадуктаў. Л. Іваноўскі часта выязджаў за мяжу, добра ведаў некалькі моваў. Супрацоўнічаў з Дз. Мендзялеевым, разам з ім ездзіў у Лондан, дзе ў Каралеўскім хімічным таварыстве перакладаў на англійскую мову яго даклад аб перыядычнай сістэме элементаў. Падчас Першай сусветнай вайны адмовіўся ад дзяржаўнай службы і вярнуўся ў Лябёдку.

Л. Іваноўскі аддаваў шмат увагі на развіццё і ўдасканаленне гаспадаркі ў Лябёдцы, якую атрымаў у спадчыну. Паступова павялічыў яе да 500 га, задрэнаваў рольныя грунты, засадзіў лесам аблогі, абсталяваў сельскагаспадарчымі машынамі, пабудаваў паравы млын. Асаблівую ўвагу надаваў садоўніцтву. У садовай гаспадарцы было выпрабавана каля 400 гатункаў яблынь, 100 — груш і 80 — сліваў, вішняў, чарэшняў. Садавіну з Лябёдкі вывозілі на пецярбургскія і маскоўскія рынкі, двойчы яе гаспадар атрымліваў залаты медаль на ўсерасійскіх выстаўках. Варшаўскае садаўнічае таварыства абрала Л. Іваноўскага старшынёю. У першыя гады XX ст. у Лябёдцы была завершаная будоўля новай сямейнай рэзідэнцыі.

Дзейнасць Леанарда Іваноўскага была нацэленая на тое, каб ператварыць Лябёдку ва ўзорны асяродак агратэхнічнага прагрэсу. Дзеля развіцця садоўніцтва ў 1888 ён распачаў продаж прышчэпкаў, прыстасаваных да мясцовых кліматычна-глебавых варункаў. Арганізоўваў выставы збожжавых, гародніны, садавіны і свойскай жывёлы. Здабываў сродкі ў міністэрстве сельскай гаспадаркі на ўзнагароды ўдзельнікам выставы, галоўным чынам — малазямельным сялянам. Арганізоўваў агранамічныя кансультацыі, дбаў пра забеспячэнне земляробаў лепшымі гатункамі насення, саджанцаў і племянной жывёлы. Маладых сялян прымалі ў маёнтку на практыку ў галіне садоўніцтва, пчалярства, жывёла- і раслінаводства. У 1913 меркавалася адкрыць курсы малочнай вытворчасці. Аднак у хуткім часе вайна і акупацыя зруйнавалі гаспадарку.

У шлюбе з Ядвігай Райхель меў пяцёра дзяцей: Ежы, Вацлава, Тадэвуша, Алену і Станіслава. Вядомасць атрымалі: Ежы Іваноўскі — польскі палітык, грамадскі дзеяч; Вацлаў Іваноўскі — беларускі палітычны і грамадскі дзеяч, доктар тэхнічных навук; Тадэвуш Іваноўскі (Тадас Іванаўскас) — літоўскі навуковец-біёлаг.








База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка