Ix класы тлумачальная запіска



Дата канвертавання05.07.2016
Памер165.25 Kb.
ВУЧЭБНАЯ ПРАГРАМА

абавязковага факультатыўнага курса

для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі
з беларускай мовай навучання

АСНОВЫ БЯСПЕКІ ЖЫЦЦЯДЗЕЙНАСЦІ

IIIX класы
ТЛУМАЧАЛЬНАЯ ЗАПІСКА

Праблема бяспекі жыццядзейнасці чалавека ў сучасных умовах — адна з самых актуальных. Падзеі, якія адбываюцца ва ўсім свеце, сведчаць пра павелічэнне тэхнагеннай, прыродагеннай і сацыягеннай небяспекі для жыцця чалавека, паказваюць прамую залежнасць стабільнасці цэлых дзяржаў і выжывальнасці народаў ад узроўню падрыхтаванасці падрастаючых пакаленняў да распазнавання і папярэджання небяспекі, ад сістэмы грамадскіх і індывідуальных механізмаў абароны дзяржавы і кожнага чалавека паасобку.

Падрыхтаваць чалавека да надзвычайных сітуацый, умення знаходзіць выйсце з сітуацый, небяспечных для жыцця і здароўя, магчыма шляхам фарміравання ў яго сістэмы ведаў пра асновы бяспекі жыццядзейнасці чалавека і грамадства, набыцця практычных навыкаў аховы жыцця і здароўя, фарміравання
вопыту бяспечнай жыццядзейнасці.

У дырэктыве Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 11 сакавіка 2004 г. № 1 «Аб мерах па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны» ўказана на неабходнасць арганізоўваць ва ўсіх калектывах і па месцы жыхарства навучанне грамадзян дзеянням у надзвычайных сітуацыях, на прадугледжанне мер па стварэнні дзяржаўнай сістэмы папярэджання надзвычайных сітуацый у рэспубліцы. Важнай састаўной часткай сістэмы грамадскай бяспекі з'яўляецца навучанне падрастаючага пакалення асновам бяспечнай жыццядзейнасці.

Заняткі па асновах бяспекі жыццядзейнасці і дапрызыўная падрыхтоўка навучэнцаў арганічна ўваходзяць у адзіную сістэму ідэалагічнага і патрыятычнага выхавання моладзі ў Рэспубліцы Беларусь.

Дадзеная вучэбная праграма ўяўляе сабой кароткі тэматычны выклад зместу дадзенага курса, які ўключае веды пра асновы бяспечнай жыццядзейнасці чалавека, небяспечныя і шкодныя фактары рознага паходжання, спосабы, метады і прыёмы засцярогі чалавека ад іх уздзеяння, меры бяспекі ў надзвычайных умовах.



Мэта абавязковага факультатыўнага курса — выхаванне ў вучняў адказных адносін да асабістай і грамадскай бяспекі і фарміраванне ў іх вопыту бяспечнай жыццядзейнасці.

Задачы факультатыўных заняткаў:

■ навучыць вучняў уменню распазнаваць і ацэньваць небяспеку навакольнага асяроддзя;

■ раскрыць сістэму ведаў пра небяспеку рознага паходжання, меры па яе прадухіленні, ліквідацыі яе вынікаў;

■ прывіць вучням навыкі засцярогі і самазасцярогі, дапамогі і ўзаемадапамогі ў сітуацыях, небяспечных для іх фізічнага, псіхалагічнага здароўя і жыцця.

Вучэбная праграма складаецца з чатырох раздзелаў («Правілы дарожнага руху», «Правілы пажарнай бяспекі», «Ахова ад надзвычайных сітуацый», «Ахова жыцця і здароўя») і пабудавана на аснове наступных прынцыпаў: улік узроставых асаблівасцей вучняў, поліцэнтрызм, спалучэнне псіхалагічнага і культуралагічнага суправаджэння, сістэматычнасць.

Адметнымі асаблівасцямі праграмы з'яўляюцца ўключэнне ў яе болын шырокага спектра сацыягеннай небяспекі, які звязаны з рэальным вопытам узаемаадносін вучняў з людзьмі, а таксама апора на эмацыянальны вопыт аховы асобы ад цэлага шэрагу небяспечных сітуацый.

Раздзелы вучэбнай праграмы маюць уласныя ўнутраныя прынцыпы пабудовы матэрыялу і фармуліроўкі тэм. Агульным прынцыпам пабудовы ўсёй вучэбнай праграмы, які аб'ядноўвае яе раздзелы, з'яўляецца прынцып пашырэння сацыяльнага вопыту бяспечнай жыццядзейнасці вучняў.

Вучэбная праграма прадастаўляе педагогам магчымасць творча падысці да планавання заняткаў у залежнасці ад канкрэтных умоў установы агульнай сярэдняй адукацыі, мясцовасці, дзе яна знаходзіцца, псіхалагічных магчымасцей вучняў і арганізацыйных рэсурсаў. Выключэнне складаюць заняткі, непасрэдна звязаныя сваім зместам з парой года, напрыклад, «Восеньскія пажары», «Правілы бяспечных паводзін у вадзе» і г. д.

Структура праграмы ўлічвае асаблівасці навучання вучняў рознага ўзросту. Усе раздзелы пабудаваны па прынцыпе разгортвання сістэмы ведаў ад простага да складанага, каб у вучняў ад класа да класа выпрацоўвалася псіхалагічная гатоўнасць да цяжкіх і небяспечных сітуацый у рэальным жыцці, у іх кантактах з прыродай, тэхнікай, людзьмі.

Вывучэнне матэрыялу, які патрабуе вялікіх затрат часу, можа быць завершана на занятках з атрадамі юных выратавальнікаў, юных інспектараў дарожнага руху.

Навучальны год можна завяршыць правядзеннем Дня аховы дзяцей у выглядзе аб'ектавай трэніроўкі (падрыхтоўка вучняў і персаналу да дзеянняў у надзвычайных сітуацыях).

Пры арганізацыі заняткаў неабходна практыкаваць правядзенне сустрэч са спецыялістамі (у адпаведнасці з вывучаемымі тэмамі).

Колькасць гадзін, прадугледжаных праграмай: II—IV класы — 16 гадзін на год, V—VII класы — 35 гадзін на год, VIII—IX класы — 35 гадзін на год.
ПАТРАБАВАННІ ДА ПАДРЫХТОЎКІ ВУЧНЯЎ

Вучні павінны в е д а ц ь:

■ правілы дарожнага руху і бяспечных паводзін пешаходаў і пасажыраў, якія ўдзельнічаюць у дарожным руху, прычыны дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам дзяцей і правілы паводзін падчас іх; правілы бяспечных паводзін на чыгунцы; знакі дарожнага руху і разметку, сігналы святлафора, правілы дарожнага руху ў населеных пунктах і па-за імі; правілы аказання першай даўрачэбнай дапамогі; правілы руху група-
мі і ў калоне; правілы дарожнага руху для вадзіцеляў мапедаў, матацыклаў, веласіпедаў; аб адказнасці ўдзельніка дарожнага руху за парушэнне патрабаванняў заканадаўства па забеспячэнні бяспекі дарожнага руху;

■ правы, абавязкі і адказнасць грамадзян у галіне дарожнага руху;

■ знакі дарожнага руху;

■ небяспеку пажараў і ўзгаранняў, меры па папярэджанні ўзнікнення пажараў, траўматызму і гібелі людзей; дзеянні ў выпадку ўзнікнення пажару, узгарання, задымлення; правілы пажарнай бяспекі ў побыце, школе, пры правядзенні масавых мерапрыемстваў, падчас навальніцы; правілы развядзення вогнішчаў;

■ знакі пажарнай бяспекі;

■ правілы карыстання і захоўвання лёгкаўзгаральных рэчываў і вадкасцей;

■ першасныя сродкі пажаратушэння і іх выкарыстанне; прызначэнне пажарнай тэхнікі і абсталявання;

■ правы, абавязкі і адказнасць грамадзян у галіне пажарнай бяспекі;

■ законы, нарматыўныя і прававыя акты Рэспублікі Беларусь у галіне бяспекі жыццядзейнасці і аховы ад надзвычайных сітуацый;

■ віды надзвычайных сітуацый прыроднага і тэхнагеннага характару, меры па зніжэнні іх вынікаў; асаблівасці псіхалогіі паводзін чалавека ў надзвычайных сітуацыях;

■ асноўныя мэты і задачы Дзяржаўнай сістэмы папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый і грамадзянскай абароны (ГА); арганізацыю апавяшчэння і дзеянні па сігналах ГА, сучасныя сродкі масавага паражэння, абарончыя збудаванні ГА, сродкі індывідуальнай аховы; сутнасць радыяцыйнай бяспекі, спосабы і сродкі аховы ад радыёактыўных рэчываў;

■ паняцце харчовай бяспекі;

■ віды прыроднай небяспекі, правілы паводзін у гарачае і халоднае надвор'е, лекавыя і ядавітыя расліны, грыбы; правілы бяспечных паводзін у вадзе; меры бяспекі пры адносінах з жывёламі;

■ віды надзвычайных сітуацый сацыягеннага характару; правілы паводзін без дарослых дома, пры зносінах з незнаёмымі людзьмі, правілы бяспечных паводзін у школе, сітуацыях крымінагеннага характару, формы паведамлення пра небяспеку, правілы асабістых бяспечных паводзін у сям'і і грамадстве, меры процідзеяння ўцягванню ў небяспечныя дзеянні, спосабы распазнавання інфармацыі;

■ правілы бяспечных паводзін ва ўмовах вымушанага аўтаномнага існавання, меры па захаванні жыцця і здароўя.

Вучні павінны ў м е ц ь:

■ прымаць меры па папярэджанні пажараў; ліквідаваць невялікае ўзгаранне на пачатковай стадыі; паведамляць пра пажар; выйці з палаючага ці задымленага памяшкання;

■ прымяняць атрыманыя веды пры абыходжанні з агнём, карыстанні першаснымі сродкамі пажаратушэння;

■ прытрымлівацца правілаў дарожнага руху і бяспечных паводзін пешаходаў і пасажыраў; правільна паводзіць сябе падчас дарожна-транспартных здарэнняў; бяспечна паводзіць сябе на чыгунцы; аказваць простыя віды першай дапамогі; выконваць правілы дарожнага руху для вадзіцеляў мапедаў, мата-
цыклаў, веласіпедаў;

■ прымяняць веданне Правілаў дарожнага руху для забеспячэння сваёй бяспекі і бяспекі астатніх удзельнікаў дарожнага руху;

■ планаваць свае паводзіны пры надзвычайных сітуацыях з улікам канкрэтных абставін і сваіх індывідуальных магчымасцей; захоўваць і абгрунтоўваць меры бяспечных паводзін у розных надзвычайных сітуацыях; прадбачыць і па магчымасці пазбягаць надзвычайных сітуацый;

■ правільна дзейнічаць у экстрэмальных умовах для зніжэння адмоўных вынікаў для сябе і акружэння; аказваць першую даўрачэбную дапамогу пацярпелым у выніку надзвычайнай сітуацыі; выконваць мерапрыемствы, якія прадугледжваюць ахову насельніцтва ад надзвычайных сітуацый;

■ будаваць узаемаадносіны з равеснікамі і дарослымі, пазбягаючы рызыковых паводзін, канфліктных сітуацый крымінагеннага характару і іншых небяспечных фактараў;

■ папярэджваць небяспечныя сітуацыі падчас адпачынку на прыродзе, пры адносінах з жывёламі, наведванні месцаў з масавым знаходжаннем людзей;

■ захоўваць асабістую бяспеку ў сям'і і грамадстве.

Вывучэнне зместу дадзенага факультатыўнага курса падрыхтоўвае вучняў да вядзення бяспечнага ладу жыцця, дапамагае фарміраваць навыкі бяспечнай жыццядзейнасці, а таксама стварае ўмовы для падрыхтоўкі да паступлення ва ўстановы адукацыі МНС.



II КЛАС

Раздзел «ПРАВІЛЫ ДАРОЖНАГА РУХУ»

(у аднаведнасці з п.п. 3.4 п. 3 Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 28 лістапада 2005 г. № 551 «Аб мерах па павышэнні бяспекі дарожнага руху»)


1. Падарожжа ў краіну дарожных ведаў (1 гадзіна)

Знаёмства з асноўнымі паняццямі: праезная частка, астравок бяспекі, тратуар, пешаходны пераход, падземны пешаходны пераход, пешаходная дарожка, прыпыначны пункт маршрутных транспартных сродкаў. Паказ на схеме элементаў праезнай часткі. Транспартныя сродкі (аўтобус, аўтамабіль, веласіпед, колавы трактар, мапед, матацыкл, прычэп, трамвай, тралейбус), ступень небяспекі кожнага з іх.


2. Дарога ў школу (1 гадзіна)

Бяспечны маршрут у школу і са школы дадому. Малюнкі індывідуальных маршрутаў, іх абмеркаванне. Патэнцыяльная небяспека для дзяцей пры іх руху па маршруце «школа—дом».


3. Святлафор — наш сябар і памочнік (1 гадзіна)

Віды святлафораў. Сігналы святлафора, іх прызначэнне. Правілы падпарадкавання сігналам святлафора (п. 39, 42 і дадатак 1 да Правілаў).


4. Надвор'е, час і дарога (1 гадзіна)

Уплыў пары года, умоў надвор'я і часу сутак на бяспеку дарожнага руху. Правілы бяспечных паводзін пры катанні на дзіцячых веласіпедах, роліках, лыжах, санках і каньках.


5. Знаёмства з дарожнымі знакамі (1 гадзіна)

Дарожныя знакі: «Пешаходная дарожка», «Пешаходны пераход», «Падземны пешаходны пераход», «Надземны пешаходны пераход», «Веласіпедная дарожка», «Жылая зона», «Прыпыначны пункт»

(дадатак 2 да Правілаў).
6. Паводзіны на прыпыначным пункце маршрутнага транспарту (1 гадзіна)

Маршрутны транспарт. Зона прыпынку. Правілы паводзін на пасадачных пляцоўках пры чаканні маршрутнага транспарту, па прыбыцці транспарту і пры яго адпраўленні. Пабочныя прадметы і бяспека руху (п. 2.25, 18.4, 23, 24 Правілаў).


7. Практычныя заняткі па агульных правілах пераходу праезнай часткі дарогі (1 гадзіна)

Пераход дарогі на перакрыжаванні па сігналах святлафора. Пераход дарогі ў спецыяльна абазначаных для пераходу месцах. Пераход вуліцы, дарогі па-за населеным пунктам (без святлафора і дарожнага знака «Пешаходны пераход») (п. 17,42 Правілаў і лініі дарожнай разметкі 1.14.1—1.14.3 дадатку 3 да Правілаў).


Раздзел «ПРАВІЛЫ ПАЖАРНАЙ БЯСПЕКІ»

1. Агонь карысны і небяспечны (1 гадзіна)

Карысць, якую прыносіць агонь чалавеку сёння. Уменне чалавека кіраваць агнём, выкарыстоўваць яго на карысць. Шкода, якую наносіць агонь, калі выходзіць з-пад кантролю чалавека. Загадкі, прыказкі і прымаўкі на пажарную тэматыку.


2. Запалкі — не цацка (1 гадзіна)

Пажары, якія ўзніклі з-за гульні дзяцей з агнём. Вынікі такіх пажараў. Што трэба ведаць дзецям, каб не дапусціць пажару. Сітуацыйныя тэматычныя гульні.


3. Электрапрыборы (1 гадзіна)

Прыборы, якія адносяцца да электрычных. Узнікненне пажараў ад электрапрыбораў. Навыкі правільнага карыстання электрапрыборамі (уключэнне, выключэнне). Сітуацыйныя тэматычныя гульні.


4. Як пазбегнуць пажараў і траўмаў на кухні (1 гадзіна)

У якіх выпадках можа ўзнікнуць пажар ад газавай ці электрычнай пліты. Што можа прывесці да апекаў. Як трэба сябе паводзіць, каб пазбегнуць апёкаў і траўмаў, асабліва на малой па плошчы кухні. Сітуацыйныя тэматычныя гульні.


5. Небяспечныя гульні (1 гадзіна)

Прыклады пажараў і іх вынікаў, прычынай якіх стала гульня дзяцей: кіданне запаленых папяровых самалёцікаў з балкона, самастойнае ўключэнне газавых пліт, сушка адзення і мяккіх цацак на электранагравальніках. Сітуацыйныя тэматычныя гульні.


6. Пажары ў дварах (1 гадзіна)

Свавольства з агнём, якое прыводзіць да ўзнікнення пажараў у дварах, яго вынікі: загаранне сухой травы, таполевага пуху; небяспека агню каля драўляных пабудоў і вогнішчаў.


7. Урок займальнай бяспекі (1 гадзіна)

Літаратурны або гульнявы ўрок на тэму бяспекі: чытанне літаратуры, інсцэніроўка, віктарына, тэст, прагляд відэаматэрыялаў, спаборніцтва.


Раздзел «АХОВА ЖЫЦЦЯ I ЗДАРОЎЯ»
1. Вымушаная адзінота (1 гадзіна)

Паводзіны без дарослых дома. Правілы паводзін у шматлюдных месцах, якія выключаюць магчымасць згубіцца. Адставанне ад бацькоў або іншых суправаджаючых дарослых, ад групы падчас экскурсій, паходаў. Памяшканне, якое выпадкова зачынілася (кватэра, ліфт, дача і г. д.), формы падачы сігналаў.


2. Чужыя людзі (1 гадзіна)

Правілы аховы дома ад чужых людзей. Адрас і тэлефон — асабісты сакрэт. Ключы ад дома, спосабы іх захоўвання. Паводзіны пры сустрэчы з незнаёмымі людзьмі на вуліцы, у транспарце, пад'ездзе, ліфце, парку.



III КЛАС

Раздзел «ПРАВІЛЫ ДАРОЖНАГА РУХУ»
1. Дарожная разметка ў частцы пешаходнага перахода (1 гадзіна)

Прызначэнне дарожнай разметкі. Сувязь паміж значэннем дарожнай разметкі, дарожных знакаў і сігналамі святлафораў на пешаходным пераходзе. Паўтарэнне асноўных правілаў пераходу праезнай часткі дарогі (п. 17, 39, 42, 114 Правілаў і лініі дарожнай разметкі 1.14.1—1.14.3, 1.15, 1.17.1, 1.17.2 дадатку 3 да Правілаў).


2. Рухаемся па вуліцах горада (1 гадзіна)

Практычныя заняткі на спецыяльна абсталяваных пляцоўках.


3. Дарожныя знакі (1 гадзіна)

Знакі, якія папярэджваюць, забараняюць, прадпісваюць, і іх прызначэнне (дарожныя знакі 3.10, 4.5.1, 4.5.2, 4.6.1, 4.6.2, 5.12—5.17, 5.22.1—5.26.2, 5.38—5.41, 6.1, 6.2, 6.6—6.15 дадатку 2 да Правілаў).


4. Перакрыжаванні дарог (1 гадзіна)

Правілы руху пешаходаў праз дарогу на рэгуляваных і нерэгуляваных перакрыжаваннях. Сітуацыйныя гульні па тэме (п. 17.2, 18, 42, 50.2, 50.3, 114 Правілаў).


5. Зіма - небяспечная пара года (1 гадзіна)

Асаблівасці зімніх дарог. Правілы катання на санках, каньках, лыжах і бяспека дарожнага руху.


6. Небяспечныя сітуацыі на дарозе (1 гадзіна)

Узнікненне небяспекі для пешаходаў, якія рухаюцца па дарозе. Прычыны дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам дзяцей. Правы і абавязкі пешаходаў (гл. 2, гл. 4, п. 135 Правілаў).


7. Дарогі па-за населенымі пунктамі (1 гадзіна)

Асаблівасці пешаходнага руху па дарогах па-за населенымі пунктамі. Правілы бяспечных паводзін на дарогах у вёсцы, дачным пасёлку (п. 17—22, 131.1 Правілаў).


Раздзел«ПРАВІЛЫ ПАЖАРНАЙ БЯСПЕКІ»
1. Як пазбегнуць пажару ў доме (кватэры) (1 гадзіна)

Правілы пажарнай бяспекі пры карыстанні бытавой электратэхнікай, газавымі і электрычнымі плітамі.


2. Небяспека печаў, камінаў (1 гадзіна)

Чаму дзецям нельга самім распальваць печ, адчыняць дзверцы печы, якая паліцца, кідаць туды якія-небудзь прадметы, выграбаць вуголле. Чытанне тэматычнай літаратуры і гутарка пра прачытанае.


3. Небяспека свечак (1 гадзіна)

Выкарыстанне свечак для асвятлення ў выпадку неабходнасці. Запальванне свечак падчас навагодніх свят і святкавання дня нараджэння. Выкананне пры гэтым правілаў бяспекі.


4. Тэлефон службы выратавання 101 (1 гадзіна)

Як паведамлялі пра пажар у тыя часы, калі не было тэлефона. Чаму менавіта гэты нумар вызначылі для выкліку дапамогі ў выпадку пажару. Чаму нельга тэлефанаваць па гэтым нумары без уважлівай прычыны. Сітуацыйная тэматычная гульня.


5. Прафесія выратавальнік (1 гадзіна)

Аб'яднанне людзей у барацьбе з агнём. Першыя прафесійныя падраздзяленні пажарных. Сучасныя выратавальнікі-пажарныя. Асаблівасці іх работы. Сустрэча з супрацоўнікам падраздзялення па надзвычайных сітуацыях.


6. Небяспека дыму (1 гадзіна)

Небяспека задымленага памяшкання, пад'езда, ліфта. Распаўсюджванне дыму. Атрутныя рэчывы, якія выдзяляюцца пры гарэнні. Правілы засцярогі ад дыму і выхаду з задымленага памяшкання.


7. Урок займальнай бяспекі (1 гадзіна)

Літаратурны або гульнявы ўрок на тэму бяспекі: чытанне літаратуры, інсцэніроўка, віктарына, тэст, прагляд відэаматэрыялаў, спаборніцтва.


Раздзел«АХОВА ЖЫЦЦЯ I ЗДАРОЎЯ»
1. Паведамленне пра небяспеку (1 гадзіна)

Роля тэлефона ў небяспечнай сітуацыі. Варыянты выкліку хуткай дапамогі і міліцыі пры адсутнасці тэлефона. Зварот да знаёмых дарослых у розных сітуацыях. Спосабы паведамлення пра небяспеку. Навучанне навыкам паведамлення прозвішча, імя, нумара школы, апісання месца падзеі. Правільныя


ўзаемаадносіны з суседзямі, прадстаўнікамі органаў аховы.
2. Бяспека адносін з жывёламі (1 гадзіна)

Правілы паводзін з хатнімі жывёламі. Пазбяганне траўмаў ад жывёл, птушак, насякомых (сабакі, кошкі, хамякі, каровы, коні, ваўкі, мядзведзі, змеі, пеўні, гусі, індыкі, папугаі, восы, пчолы, чмялі, кляшчы). Агрэсіўнасць і шаленства жывёл. Магчымыя вынікі падобных траўмаў. Меры засцярогі. Дзеянні ў


выпадку нападзення жывёл на чалавека. Паводзіны ў выпадку атрымання траўмаў ад жывёл (інфармаванне, зварот, першая дапамога).
IV КЛАС
Раздзел «ПРАВІЛЫ ДАРОЖНАГА РУХУ»
1. Дарога ў школу і новыя маршруты (1 гадзіна)

Раён, у якім знаходзіцца школа. Абмеркаванне канкрэтных маршрутаў вучняў, якімі яны часта карыстаюцца.


2. Правілы бяспечных паводзін пешаходаў і пасажыраў,
якія ўдзельнічаюць у дарожным руху (1 гадзіна)

Прытрымліванне нравілаў дарожнага руху пешаходамі, пасажырамі — неабходная ўмова забеспячэння бяспекі дарожнага руху. Дзяржаўная аўтамабільная інспекцыя МУС Рэспублікі Беларусь (п. 2.59, 4, гл. 4, гл. 5 Правілаў).


3. Ты — пешаход (1 гадзіна)

Асноўныя правілы бяспечных паводзін пешаходаў, якія ўдзельнічаюць у дарожным руху. Пераход дарогі па рэгуляваным і нерэгуляваным пешаходных пераходах і па-за пешаходным пераходам. Асаблівасці руху транспартных сродкаў і пешаходаў у сваім раёне (п. 17.2, 18, 36, 42, 114, 135, 50.2, 50.3 гл. 4 Правілаў).


4. Ты — пасажыр (1 гадзіна)

Асноўныя правілы бяспечных паводзін дзяцей-пасажыраў у маршрутным транспартным сродку пры следаванні з бацькамі, у групах і самастойна. Правілы бяспечных паводзін дзяцей-пасажыраў у легкавым аўтамабілі, на матацыкле (п. 2.44,178, 179, 181.5—181.7, гл. 5 Правілаў).


5. Вадзіцель і пасажыры (1 гадзіна)

Правілы ўзаемаадносін пасажыраў і вадзіцеля. Недапушчальнасць адцягнення ўвагі вадзіцеля падчас руху. Паводзіны пасажыраў у салоне транспартнага сродку і бяспека дарожнага руху (гл. 5, гл. 23 Правілаў).


6. Бяспечныя паводзіны на чыгуначным транспарце (1 гадзіна)

Небяспека, якая ўзнікае падчас руху пешаходаў уздоўж чыгуначнага палатна. Чыгуначныя пераезды. Сігналы. Забарона хаджэння па чыгуначным палатне, насыпе. Забарона гульняў паблізу чыгункі. Правілы перасячэння чыгуначных шляхоў. Правілы карыстання і паводзін у чыгуначным транспарце.


7. Абагульняльныя гульнявыя заняткі (1 гадзіна)

Прагляд відэа- і кінафільмаў, відэаролікаў на тэму бяспекі руху. Абмеркаванне прагледжанага. Правядзенне выніковага тэста па бяспецы руху.


Раздзел «ПРАВІЛЫ ПАЖАРНАЙ БЯСПЕКІ»
1. Пажарная небяспека ў доме (кватэры) (1 гадзіна)

Небяспека ўзнікнення пажару ў доме (кватэры) ад агню паблізу дома, у пад'ездзе, суседняй кватэры. Правілы паводзін і меры бяспекі.


2. Пажарная бяспека і піратэхніка (1 гадзіна)

Забарона продажу і выкарыстання дзецьмі піратэхнічных вырабаў. Правілы супрацьпажарнай бяспекі ў сітуацыі выкарыстання піратэхнічных вырабаў. Наяўнасць інструкцыі на рускай мове, папярэджанне аб ступені небяспекі.


3. Прыметы загарання электраабсталявання (1 гадзіна)

Першыя прыметы няспраўнасці электраабсталявання, якія могуць стаць прычынай пажару. Дзеянні дзяцей школьнага ўзросту па папярэджанні пажару ў падобных выпадках. Сітуацыйныя тэматычныя гульні.


4. Небяспека гаручых і ўзгаральных вадкасцей (1 гадзіна)

Небяспечныя вадкасці, якія не толькі лёгка ўзгараюцца, але і выдзяляюць пры гарэнні атрутныя рэчывы. Асаблівая небяспека памяшканняў, дзе знаходзяцца лёгкаўзгаральныя вадкасці (гаражы, павеці, балконы).


5. Пажаранебяспека сенасховішчаў, гарышчаў і падвальных памяшканняў (1 гадзіна)

Небяспека ўзнікнення і хуткае развіццё пажару ў месцах, дзе складзіруецца сена. Загрувашчанасць і павышаная пажарная небяспека гарышчаў і падвальных памяшканняў.


6. Творчы тэматычны ўрох (1 гадзіна)

Прыдумаць, намаляваць казку або фантастычнае апавяданне на пажарную тэматыку, у якой героем можа быць персанаж з папулярнага мультфільма, дзіцячага серыяла, жыхары іншых галактык або жывёлы.


7. Урок займальнай бяспекі (1 гадзіна)

Літаратурны або гульнявы ўрок на тэму бяспекі: чытанне літаратуры, інсцэніроўка, віктарына, тэст, прагляд відэаматэрыялаў, спаборніцтва.


Раздзел «АХОВА ЖЫЦЦЯ I ЗДАРОЎЯ»
1. Сварка з сябрамі - крыніца небяспекі (1 гадзіна)

Моўныя канфлікты і іх вырашэнне. Словы і пачуцці, спосабы іх перадачы таварышам. Недобразычлівыя паводзіны (абзыванне, замахванне, перадражніванне, кепскія і крыўдныя жарты, штурханне і г. д.) як крыніцы небяспекі і сур'ёзных канфліктаў.

Правілы аховы ад пагроз, гвалтоўных дзеянняў з боку старшакласнікаў, дарослых у школе і на вуліцы. Прыёмы распазнавання агрэсіі і недобразычлівых адносін з боку людзей рознага ўзросту (міміка, мова, рухі цела, выраз вачэй і г. д.). Ролевыя і імітацыйныя гульні па тэме.
2. Правілы бяспечных паводзін у вадзе (1 гадзіна)

Небяспека вадаёмаў, асаблівасці стану вадаёмаў у розныя поры года. Правілы паводзін у вадзе: купанне і гульні ў вадзе ў летні час, выкарыстанне замёрзлых вадаёмаў для катання на каньках і зімовай рыбалкі.



Спосабы пераправы праз раку (пераход уброд, пераадольванне ўплаў, масты і мосцікі, пераход па замёрзлым лёдзе), пераадольванне дрыгвы, балот. Тонкі лёд. Прыметы небяспекі. Меры засцярогі пры руху па лёдзе вадаёмаў.


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка