Жыве Беларусь



Дата канвертавання10.06.2016
Памер54.47 Kb.

Жыве Беларусь


Душою збалелаю

ціха гарнуся

да птушак,

да кветак,

да дрэў,

да травы…

І не таюся –

пры ўсіх ганаруся,

што з доляй адзінай маёй Беларусі

лучу сваю долю,

пакуль я жывы.
Тут войны не раз засявалі раллю.

Чужых і сваіх

смерць няшчадна касіла.

Спяць воі пад вартай бярэзін пахілых.

А кветкі ўпрыгожваюць нашу зямлю

нанова.


Не толькі на брацкіх магілах.
Нас мовы сваёй пазбаўлялі.

Ды ўсё ж,

хоць многае ўжо незваротна забыта,

яна з пракавечнага ўжытку не зжыта.

І ў полі штогод

каласуе не “рож”,

а наша

сваё


жыццядайнае –

жыта.
Галеюць утручаных рэк берагі.

Даўно пазнікалі старыя стагі.

Ад сцюжы няўмольнай,

ад цяжкай тугі

згасаюць пра лета няпэўныя згадкі.

Але ж –

утравеюць нарэшце лугі



і паша ўратуе галодныя статкі.
Чарнобыль дыхнуў прыхаванай вайной.

Нашкодзіў не менш

за гарматы ды танкі.

Пралескі


не пахнуць ігліцай лясной.

Узлескі


не вабяць парою грыбной.

А ўсё-ткі

і спозненай гэтай вясной

буслы –


на жыццё! –

рамантуюць буслянкі.


У жыце,

ў буслянцы,

у кветцы,

ў траве –

жыве Беларусь.
Ж ы в е !

Няма прыгажэй


Высозныя сосны
адвечнага бору –
пад самае сонца,
пад самыя зоры.
Зубры
ў гушчары
пратапталі сцяжыны
туды,
дзе ніводнай
няма каляіны.
Маліны даспелыя
Просяцца ў жмені,
грыбы – у кашы,
бы ў загоне алені.
Вітаюць нас
птушкі і дрэвы гасцінна…
Ну дзе яшчэ знойдзеш
такія мясціны?

Усім на зямлі


я давесці бяруся:
няма прыгажэй
ад маёй Беларусі!

Мой скарб


Як і кожны ў маёй старане,
я багацце нязмернае маю.
Ды не ў грошах,
не ў золаце – не!
У любові да роднага краю.

Гэты скарб не схаваны ў зямлі,


не закуты ў іржавай скарбонцы.
Ён вясною з адталай раллі
узнімаецца рунню да сонца.

Не кладзецца ў далярах на стол


І працэнтаў мой скарб не прыносіць.
Ён пладамі даспелымі ў дол,
рэха будзячы, бумкае ўвосень.

Скарб той крыецца ў кожным кутку


неабсяжнай маёй Беларусі.
Рады я дружбаку, земляку,
З ім пароўну багаццем дзялюся.

Беларусь!


Узараную,
дымную,
у лістоце бяроз і дубоў –
абдымаю цябе,
неабдымную,
ты – багацце маё і любоў.

Калядкі


Ой, ладачкі-ладкі,
Надышлі Калядкі.
Мы дзеля Калядак
напяклі аладак.

Дралі дробнай таркаю


дранікі духмяныя.
Хочаш – еш са скваркаю,
хочаш – са смятанаю.
Вось вам, калі ласка,
з жэрдачкі каўбаска.
Вось кавалак пірага,
каб не брала вас туга.

Ой, ладачкі-ладкі!


І мядок салодкі
да лясной гарбаткі
наліем у сподкі.
І запахне рутай,
верасам, чаборам,
каб зімою лютай
нам не знацца з горам.

Бярыце з талеркі


лізунцы, цукеркі!

Ешце ўволю, ешце,


Ды не псуйце зубкі…
Песняй нас пацешце,
галубкі, галубкі!

Бохан – поўняй яснаю,


яйкі, бульба, скваркі.
Гэта ўсё – з уласнае
нашай гаспадаркі.

Калі вам прысмакі


прыйдуцца да смаку,
прынясіце Богу
шчыпую падзяку.

Ой, ладачкі-ладкі –


Пляскаем у ладкі!
Ой, ладачкі-ладкі –
Святкуем Калядкі!

Дзеці


Розныя дзеці
жывуць на планеце –
белыя, жоўтыя,
чорныя дзеці.

Розныя дзеці –


аднолькавы смех.
Смех у хвіліны
забаў і пацех.

Розныя дзеці -


і розныя вочы.
Вочы – як неба.
Вочы – як ночы.

Вочы, што мора


ўвабралі глыбіні.
Вочы – пад колер
бязводнай пустыні.

Розныя вочы –


адзіныя слёзы.
Слёзы ў хвіліны
бяды ці пагрозы.

Вось бы зрабіць,


каб у розных дзяцей
радасць гасціла
даўжэй ды часцей.

Вось бы зрабіць,


каб на нашай планеце
гора не ведалі
розныя дзеці!

Славы даўняй адгалосак


На гарбах счарнелых высп
стогнуць сосны векавыя.
Воўкам вые Ваўкавыск,
падвывае Ваўкавыя.

Ад варожых капытоў


абгароджана Гародня.
І Лагожаск з-за шчытоў
пазірае нелагодна.

Менск, абуджаны ўначы,


лоб хавае пад забрала.
І мяняюць крывічы
на мячы свае аралы.

Тураў дзьме ў турыны рог.


Клічаў кліча.
Свіслач свішча.
Месяц – кінуты нарог –
У разоры чорнай блішча…

О, мінулыя вякі!


Зброі бразгат несціханы.
Пагражалі крыжакі,
Каралі, цары і ханы…

Ды жыве ў пластах гадоў


славы даўняй адгалосак –
назвы нашых гарадоў,
нашых вуліц, нашых вёсак.

Зноў еду дадому


Зноў еду дадому,
Хоць знаю: сустрэчы
Ніколі не будзе на гэтым шляху.
Хацінка сівая ўздыхне па-старэчы
І ветла запросіць мяне пад страху.

А ў хаце без мамы –


Усё сіратліва.
І страшна, і цяжка ступіць на парог.
Здаецца, што плачуць масніцы чулліва
І комін, што колісь цяпельца бярог.

Усё акалела ў маўклівым здранцвенні:


І вокны, і печ. Нават сцены маўчаць.
Паўсюль толькі з болем былога ўтрапення
Стамлёныя маміны вочы глядзяць.

Ва ўсім яе бачу – гаротніцу любу.


Дзе толькі краналася ўсцешна рука.
Пакуль тут жыццёвае ліха-загуба
Не скасіла яе, нібы цень чужака.

Дакрануся да печы – да рук яе мілых –


І вось яна зноўку тут побач са мной.
Уважліва слухае споведзь даччыну
І вытра мне слёзы хусцінкай старой.

Пагасцявала. Начаставалася ўволю...


Бывай, мая мама, чакае Мазыр.
Вазьму я у свет тваю мару – як долю
І гэту хацінку – вышэй за Памір.

Ax, Беларусь, мая ты доля...


Ax, Беларусь, мая ты доля,
Мая сляза і пацалунак,
Маё ў бярозках белых поле,
Мой песнямі набіты клунак!

Нясу цябе праз далі ў далі,


Спыняюся на землях розных,
Каб скрозь пачулі і пазналі
Гамонку вёсен вербалозных.

Нясу цябе насустрач люду


У тых вачах, што мне дала ты,
У словах тых, якімі буду
Да скону марнага багатай.

Цябе гукаю, дзе ні стану,


З табой сябруючы, сябрую,
Гаю, калі наносяць раны,
Дзеля цябе грахі дарую.

Імя тваё дае мне сілы,


Хоць не хвалюся я табою —
Як пацалункам самым мілым,
Як самай горкаю слязою.

I з далёкіх, і з блізкіх дарог...

I з далёкіх,

і з блізкіх дарог

Лёгкі крок на матчын парог,

Хоць і вісне, як хмара,

знямога,


Цяжалее хатуль зім і лет...

А ў матулі адна дарога,

А ў матулі дарога — трывога

За цябе,


за людзей,

за ўвесь свет.



Адзін штуршок — і ўжо трывога

Адзін штуршок — і ўжо трывога


Сціскае сэрца ў камяк.
I ўжо бягу я на дарогу
З таемнай думкай: што там, як?

Пад той страхой, дзе засынала,


Закалыханая табой?
На тых сцяжынках, дзе блукала
Начамі з крыўдай не адной...

Іду, баюся, што не стрэну,


Ты можаш затрымацца там...
Дзе я тады свой сум падзену,
Якім пажалюся сябрам?

Ізноў штуршок, ізноў трывога,


I — хтосьці крочыць, паглядзі...
Дарога, любая дарога,
He падвядзі!

След завірухі


Слабее зрок.
Цішэюць рухі.
Пара спакою настае.
А след жыццёвай завірухі
не растае,
не растае.

Ляжаць застылыя сумёты,


хоць вецер з поўначы аціх.
Ужо не растрывожаць іх
званочкі свежае лістоты.

Гадамі натаптаны снег


не загурчыць у ручаінах.
Ды ва ўспамінах,
ва ўспамінах
жывуць,
жывуць
і плач, і смех.

Часіны радасці і скрухі –


усё з нябыту паўстае…
Не растае,
не растае
след перажытай завірухі.

Гадзіннік


Вось і ўсё.
Жыцця жалобны вынік.
І няма ратунку ўжо нідзе.
Чалавек памёр.
Але гадзіннік на яго руцэ яшчэ ідзе.

Ён цяпер адлічвае хвіліны,


што належаць іншаму павінны.

Вось і ўсё.


Турбот бясконцых вынік.
Па труне стукоча жвір – не ў лоб.
А ні дактароў ужо, ні клінік.
Ні пакут ніякіх.
Ні хвароб.

Ды, на жаль, хваробы і пакуты


у труну ад іншых не закуты.

Вось і ўсё.


Быцця зямнога вынік.
Пройдзена апошняя мяжа.
Цотны лік надломленых вяргінек
ды слупок чырвоны.
Без крыжа.

Ды здаўна вядзецца ў свеце гэтак –


хопіць для магілак новых кветак.

Вось і ўсё.


Блуканняў сумны вынік.
Прарасце травіца на грудзе.
Сын ці ўнук пачэпіць той гадзіннік
ды на ход далейшы завядзе.

І яму да самай дамавіны


злічыць ён сумленна ўсе хвіліны.

Час!
Мае надзеі не глушы.


Хоць і грэшны я, але не цынік.
Веру, што для вечнае душы
не патрэбны ў вечнасці гадзіннік.




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка