Каб тут застацца, ты павінен тут нарадзіцца



Дата канвертавання28.06.2016
Памер117.01 Kb.
Каб тут застацца, ты павінен тут нарадзіцца”
Амаль год назад на бязмежных прасторах інтэрнэта натыкнулася на цікавую старонку: малады педагог, мінчанін, выпускнік БДУ, адпрацаваўшы па размеркавані тры гады ў гарадской школе, у сваім блогу выказаў намер разам з сябрам-аднадумцам паехаць працаваць у вёску. Задумка ў маладых людзей была даволі амбіцыёзная: не проста паспрабаваць сябе ў ролі вясковых настаўнікаў, што насамрэч палохае большасць маладых спецыялістаў-гараджан, а паспрабаваць у рэальных умовах змяніць тое, што падаецца ім, маладым, крэатыўным і неабыякавым, няправільным у сённяшняй адукацыі. На той час падумала: гэтыя задумкі так і застануцца прыгожымі словамі на паперы. Але прыйшоў жнівень, і маладыя людзі сапраўды ўладкаваліся настаўнікамі ў сярэднюю школу вёскі Жыліхава ў Капыльскім раёне - амаль на самым ускрайку Мінскай вобласці. Прайшло яшчэ паўгода – і вось дзіва: яны ўсё яшчэ там працуюць. Больш за тое, здаецца, з поспехам увасабляюць многае з таго, што яшчэ год назад было толькі тэарэтычнымі развагамі.

Што прымусіла маладых людзей змяніць гарадское жыццё на вясковае? Чаго чакаюць яны ад гэтага, як яны самі кажуць, праекта? Пра ўсё гэта, а таксама расчараванне і зачараванне настаўніцтвам, пра пошукі правільных адказаў на складаныя пытанні , пра прэстыж педагога і многае іншае наша сённяшняя размова з адным з галоўных герояў гэтага праекта Сяргеем Бародзічам.
Пра расчарванне і зачараванне

Навошта вам гэта? Гэта пытанне нязменна гучыць да маладых людзей з самага пачатку іх работы ў вёсцы. Яно і нядзіўна. Ідэйнасць сёння не ў модзе. Цынічнасць – так, імкненне атрымаць усё і адразу – таксама “у трэндзе”. Праца ж “за ідэю” усё больш часта падаецца ледзьве не архаізмам і выклікае паблажлівую ўсмешку. Зрэшты, на гэтае ж пытанне спрабаваў на самым пачатку рэалізацыі ідэі адказаць сам сабе і яе аўтар. З гэтага пачалася і наша размова.

- Неяк у нас з сябрамі разгарэлася дыскусія аб стане сучаснай адукацыі, аб статусе настаўніка ў грамадстве і аб тым, што для адукацыі можна было б зрабіць карыснага. Тады і ўзнікла ідэя выехаць за межы Мінска і на базе нейкай сельскай школы паспрабаваць увасобіць тыя ідэі, што надумалі мы сабе за свядомае жыццё, - прыгадвае зараз Сяргей Бародзіч. – Безумоўна, мы не ведалі (ды і зараз не ведаем), чым скончыцца гэта задумка. Але ад гэтага яшчэ больш цікава. Навошта ж нам гэта?

Сяргей Сяргеевіч на хвіліну задумваецца і нібыта жартам адказвае: “Я ўсё ж такі філфакаўскі выпускнік і свайму ўніверсітэту я, як усе прыстойныя выпускнікі, вінен. Кожны год педагагічныя навучальныя ўстановы кідаюць “пад адкрыты агонь” сотні маладых спецыялістаў, якіх размяркоўваюць у розныя глухія і не вельмі мясціны нашай радзімы. Магчыма, мой вопыт будзе карысным для гэтых маладых людзей.”

Але праз хвіліну тон нашай гаворкі з жартаўлівага змяняецца на шчыры і сур’ёзны. І я разумею: за простымі словамі майго суразмоўцы – доўгія гадзіны разваг і глыбокая перакананасць у тым, што ён спрабуе ўвасобіць у жыццё.

- Мая спецыяльнасць - выкладчык методыкі рускай мовы і літаратуры. А каб чытаць методыку, трох гадоў у гарадской школе замала будзе. Сістэма ўстаноў адукацыі, для якіх распрацоўваюцца метадычныя рэкамендацыі, уключае аб'екты рознага ўзроўню, і, каб ведаць суаднесенасць навучальных праграм з рэальнай карцінай, трэба “ўсіх паглядзець”. Калі мне калі-небудзь давядзецца выкладаць методыку ва ўніверсітэце, я змагу смела сказаць: “Я сам усё гэта бачыў” . Да таго ж у нас упершыню ёсць магчымасць папрацаваць той камандай, якой мы маем зносіны ў жыцці. Мы выраслі разам, мы глядзелі адны і тыя ж мультфільмы, спявалі адны і тыя ж песні, былі важатымі ў адным і тым жа лагеры. Калі ўжо такім калектывам мы не спрацуемся, то няма сэнсу наогул працаваць у калектыве. Бо адна справа - дзесяць-пятнаццаць гадоў сябраваць, а іншая - год папрацаваць разам. Знайсці сабе каманду ў адукацыі - вялікае шчасце, не кожнаму выпадае. Гэта яшчэ і праверка на трываласць. Я, гарадскі ў дошку, упэўнены, што гарох расце ў агародзе, адразу закатаны ў бляшанкі, прыехаў вучыцца. Вялікае пытанне, якая адукацыя насамрэч “вышэйшая”: тая, якая значыцца ў маёй дыпломнай рабоце, або тая, з якой я магу адсюль з'ехаць праз некалькі гадоў.

І, нарэшце, яшчэ адно. Я заўсёды рэальна глядзеў на свет і ніколі не адносіў сябе да тых, хто любіць людзей і ў людзей верыць (людзі, справядлівасці дзеля, звычайна не расчароўвалі). Вельмі хочацца зноўку гэтымі самымі людзьмі зачаравацца і ў іх паверыць. Наўрад ці для гэтых мэтаў я знайду месца лепш.
Пра пошук правільных адказаў

Першапачатковыя надзеі сябе апраўдалі.

- Мне было б нецікава працаваць, напрыклад, у ліцэі БДУ. Хоць гэта, безумоўна, проста геніальная ўстанова, там выкладчыкі сусветнага ўзроўню – я сам там вучыўся, - працягвае Сяргей Сяргеевіч. - Але зараз працаваць там мне было б нецікава. Бо там усе вучні першапачаткова нацэлены на вучобу. Што я магу ім даць? Спіс літаратуры? Яны і без мяне справяцца. А працэс ад таго моманту, калі вучню да маёй літаратуры не было ніякай справы, да таго, як ён пачынае чытаць і штосьці адказваць, - гэта самае цікавае. Гэты шлях куды больш каштоўны…

Тут, у аддаленай вёсцы, малады чалавек, здаецца, знайшоў усё, што шукаў: і дзяцей, гатовых літаральна “паглынаць” усё, што ім прапануеш, і настаўнікаў, глыбока захопленых сваёй дзейнасцю, якія тым самым захопліваюць і іншых.

- Вось у нашай школе працуе цалкам віртуозны, выдатны сацыяльны педагог. Вядома, ён, гэтак жа, як і гарадскія, завалены справаздачамі ды актамі, але тут справаздачы і акты сыходзяць на другі план. Школа ў вёсцы - гэта яшчэ і цэнтр сацыяльнай абароны. Гэта значыць, калі раптам у нейкай сям'і здараецца што-небудзь непрыемнае, дырэктар і сацыяльны педагог неадкладна выязджаюць на месца і самі “разграбаюць” пажаранебяспечную сітуацыю: вядуць гутаркі, абараняюць дзіця, пры неабходнасці падключаюць адміністрацыйны рэсурс і прыцягваюць да працэсу ахоўнікаў правапарадку. Такім чынам, сацыяльны педагог тут як хуткая дапамога - заўсёды гатовы сарвацца на выклік. Больш за тое, у яго ёсць і гадзіны прыёму: да яго прыходзяць бацькі раіцца па якіх-небудзь бытавых, сямейных (ці нават сардэчных) пытаннях. Ці яшчэ адзін паказальны момант: ні разу за час нашага існавання тут я не чуў, каб гэты педагог пра кагосьці казала дрэнна: усе людзі добрыя, усе дзеці добрыя, проста камусьці не хапіла разумення, камусьці любові, іншаму шчасця - самы мудры падыход, які толькі можа быць у зносінах з людзьмі.

Гэты падыход, дарэчы, поўнасцю адпавядае прафесійнаму светабачанню і Сяргея Сяргеевіча.

- Вось вам скажуць: “Гэты юнак такі складаны!” Не верце! Не бывае складаных дзяцей, дрэнных людзей. Бываюць “неда-“: кагосьці недалюбілі, кагосьці – не пачулі, кагосьці не зразумелі. Як толькі ты знайшоў, у чым гэта “неда-“ – усё атрымаецца. У мяне ў адным з класаў была дзяўчынка , якая на ўроках наогул не магла выказаць сваю думку. Да гэтага у яе было 4 за год па літаратуры. Зараз мы пазакласна прачыталі з ёй 6 п’ес Шэкспіра! На ўроке гэтае дзіця зараз не спыніць. Проста калісьці яму не далі выказацца, не падтрымалі, спынілі такім звыклым “Няправільна!”. А калісьці нам, студэнтам 4 курса , наш выкладчык Алена Яўгенаўна Долбик казала: “Не бывае няправільных адказаў, бывае пошук правільнага”.

Увогуле, калі ты працуеш з людзьмі, ты павінен прыходзіць да іх толькі з дзвюма думкамі: чаму ты можаш у іх навучыцца і чым ты можаш у іх захапляцца. Усе астатнія думкі трэба адмятаць на самым пачатковым этапе. Зразумела, я бачу недахопы, ідыліі тут няма. Але, калі я працую з чалавекам, гэты цёмны бок мне не патрэбны. Мне неабходны яго светлы бок, тое, за што я магу зачапіцца, што развіваць. Зразумела, што дзіця не ва ўсім будзе паспяваць, але я не буду гаварыць, у чым ён дрэнны. На гэтым, дарэчы, пабудавана сённяшняя сістэма ацэнкі: падлік таго, з чым дзіця не справілася. А дзецям важна разумець, у чым яны добрыя. Уменне карыстаца сваімі лепшымі якасцямі – гэта выдатнае ўменне. Тое, што не атрымліваецца, трэба падцягваць, але не варта ўвесь час гэта культываваць. Бо, “каб прыйшоў поспех, яго спачатку трэба зымітаваць”.

- Чым крыўдная сённяшня сістэма ацэньвання? – працягвае Сяргей Бародзіч. - Напрыклад, вучань пісаў дыктант з 30 памылкамі. За гэта атрымліваў 1 бал. Потым мэтанакіравана працаваў, стараўся і ўрэшце выйшаў на вынік ў 10 памылак. І – той жа адзін бал. Але ж ён прайшоў такі каласальны шлях. Гэту стараннасць трэба заахвочваць. Разам з тым, я не дазваляю сабе выстаўляць адзнакі вучням за іх удзел у нейкіх мерапрыемствах, што сёння, чаго хаваць, распаўсюджаная практыка, асабліва ў горадзе. Вам будуць казаць, што немагчыма прыцягнуць, асабліва старшакласнікаў, да нейкіх знакавых спраў. Не верце. Магчыма. Я толькі прашу дапамагчы. Сярод тых, хто пагаджаецца, я збіраю сабе каманду аднадумцаў.
Пра прэстыж настаўніка і дагавор з вучнямі

Гэтыя думкі пра ацэньванне сучасных школьнікаў – не адзінае, над чым сёння разважае і шукае іншыя шляхі малады педагог. Яго думкі, падыходы часта не супадаюць з меркаваннем большасці, тым не менш Сяргей Бародзіч не адмаўляецца ад іх – спрачаецца, даказвае, паказвае на рэальных прыкладах.

- Сёння галоўная школьная тэма - гэта аўтарытэт настаўніка. Не праблема пакаленняў, не камп'ютэрызацыя насельніцтва, а менавіта ўнікальнае зніжэнне аўтарытэтнасці педагога. Многія кажуць: прчына ў зарабатнай плаце, прахадных балах ў педагагічных ВНУ. Цалкам не згодны: прычыны гэтыя дзясятага, а то і дваццатага парадку. Чалавек, які лічыць, што павінен працаваць добра толькі таму, што яму плацяць добра, элементарна кепска выхаваны. Я не разумею пазіцыю: плаціце мне больш, тады і рабіць буду лепш. Ты не можаш працаваць дрэнна, бо цябе так выхавалі. А колькі плацяць – гэта ўжо справа іншая: ты першапачаткова пагаджаешся на гэтыя ўмовы ці не. Ісціна, на мой погляд, цалкам не тут, - перакананы спецыяліст. - Любы настаўнік, на мой погляд, павінен адвыкнуць ад думкі, што паважаць яго павінны толькі за тое, што ён настаўнік. Маўляў, я ўвайшоў у клас - паважайце мяне, “трепещите предо мной”, бо я ў гордым статусе педагога. А што ў гэтым статусе гордага, давайце падумаем? З чаго мы ўзялі, што настаўнікі - гэта апрыёрная эліта грамадства? Так, пакаленне дзяцей змянілася, можа, яно стала менш сентыментальным і больш цынічным. Гэта не добра і не дрэнна - гэта дадзенасць, і нелагічна на гэты факт наракаць. З любым пакаленнем можна працаваць і трэба працаваць. Таму перакананы, што кожны, хто хоча мець права быць прылічаным да эліты, штодня і кожны ўрок павінен даказваць (і самому сабе, і сваім падапечным) сваю значнасць як прафесіянала, павінен пацвярджаць права быць паважаным. Тады і пра прэстыж прафесіі не трэба будзе задумвацца.

Гэтыя словы Сяргей Бародзіч поўнасцю адносіць і да сябе самога: штодня працуе на тое, каб заваяваць павагу і аўтарытэт у дзяцей. Найперш – цікавымі, нестандартнымі ўрокамі, разнастайнымі агульнымі справамі, а таксма шчырай увагай да вучня, да яго праблем, інтарэсаў, захапленняў. Проста, але дзейсна, упэўнены спецыяліст.

- Кожную вольную хвіліну ты павінен прысвячаць дзецям – на ўроку, на перапынку. “Майстар і Маргарыта” ў 11 класе зараз чыталі. Кароўеў Маргарыце на бале кажа: “Хоть улыбочку, если не будет времени бросить слово, хоть малюсенький поворот головы. Все, что угодно, но только не невнимание. От этого они захиреют”, - звяртаецца да класікі настаўнік. - Тое ж і з дзецьмі адбываецца. Мяне часам папракаюць калегі тым, што ў мяне на занятках не заўсёды захоўваецца дысцыпліна ў звыклым разуменні слова. Мы з дзецьмі можам дазволіць сабе нестанадртные крокі. Часам даводзіцца чуць, што гэта разбэшчвае дзяцей. Але што ў такім выпадку супрацьпастаўляецца дысцыпліне? Калі анархія, тады, безумоўна, дысцыпліна - са знакам плюс. Але ў школе процівага дысцыпліне не анархія, а любоў і павага. І тады дысцыпліна выходзіць са знакам мінус. Чалавека любіць трэба. І тады ён будзе імкнуцца не парушыць нейкія каноны не таму, што цябе баіцца, а таму, што не жадае цябе падвесці.

Нам з калегай кажуць часам: “Вы – педагогі-наватары. Мы ж працуем па класічнай схеме”. Пачакайце, але што лічыць класікай. Мы нічога не прыдумалі. Адкрыйце любую савецкую кнігу па педагогіцы: дзе там не напісана, што да вучня трэба адносіцца з увагай? Гэта класіка. Таму і імкнёмся прыслухоўвацца да кожнага і спрабуем дамаўляцца. Напрыклад, калі я атрымаў класнае кіраўніцтва ў пятым класе, то, паназіраўшы за дзецьмі першы час, прыйшоў да некалькіх не вельмі суцяшальных высноў: ва ўзаземаадносінах дзяцей былі моманты, якія трэба было тэрмінова ліквідаваць. Я прапанаваў ім дамову: прапісаў пяць пунктаў, чаго яны рабіць не павінны, а ў адказ абавязаўся выконваць тое, што яны папросяць. Шчыра кажучы, чакаў звычайнага “не задаваць хатняе заданне”, а атрымаў “праводзіць 5-6 гульняў на тыдзень, хаця б раз у тыдзень знаходзіць час гуляць у спартыўныя гульні толькі са сваім класам, святкаваць дні нараджэння кожнага, дапамагаць з хатнімі заданнямі”. Мы гэты дагавор замацавалі подпісамі і пячаткамі і вось ўжо некалькі месяцаў спраўна выконваем.


Пра мяжу магчымасцей і своечасовае развітанне

Безумоўна, такія падыходы патрабуюць ад настаўніка вельмі шмат часу. Сяргей Сяргеевіч не хавае: рабочы дзень штодня зацягваецца да позняга вечара. Падрыхтоўка да наступнага школьнага дня займае яшчэ 6-7 гадзін. Бо практычна кожны ўрок – прэзентацыя, кожнаму вучню - дыферэнцыраваны падыход. Прычым заданні з падручнікаў настаўнік імкнецца выкарыстоўваць менш.

- Справа ў тым, што практычна ў кожнага сённяшняга старшакласніка ёсць так званыя “рашэбнікі”, адкуль яны спраўна спісваюць ўсе тыя заданні, што выкладзены ў падручніку. Таму і імкнуся даць штосьці іншае, што прымусіла б школьнікаў думаць, а не механічна спісваць, - заўважае педагог. – А на ўроках літаратуры перад прачытаннем таго ці іншага твора заўсёды даю дзецям свой план-канспект урока - яны павінны ведаць, якіх пытанняў ад мяне чакаць, што будзем абмяркоўваць і, адпаведна, як працаваць з тэкстам ў працэсе прачытання.

Але ўрокі – гэта толькі частка работа педагога. А ёсць яшчэ работа і пасля ўрокаў – дадатковыя заняткі, гульні, мерапрыемствы. Іншымі словамі – суткі ў гэтага настаўніка распісаны па хвілінах. На сябе часу сапраўды не застаецца. Але гэта маладому педагогу падаецца цалкам натуральным.

- Людзі дзеляцца па ўзроўні запытаў: што ім неабходна, каб быць шчаслівымі, - заўважае Сяргей Бародзіч. - Камусьці – адпавядаць нейкім грамадскім “стандартам” – грошы, кар’ера. У такім выпадку настаўніцтва – гэта не яго прафесія. Бо яно “адключае” іншыя сферы. Немагчыма быць настаўнікам да 18-00, а потым – не. Ты 24 гадзіны ў суткі ў прафесіі. Калі ты жадаеш чагосьці дабіцца, ты павінен 100 працэнтаў укінуць у свой сённяшні праект.

І вось тут – тая самая лыжка дзёгцю, без якой, напэўна, не абыходзіцца ніводная гісторыя. Сяргей Бародзіч не хавае: для яго работа ў гэтай школе – праект, які з часам, безумоўна, скончыцца.

- Я не думаю, што застануся тут на 40 гадоў. Для мяне гэта праект. І я гэта адкрыта кажу. Але я ўзяў на сябе пэўныя абавязацельствы – і я іх выканаю: давяду свой клас да выпуску. Але, на мой погляд, не заўсёды патрэбна гэта вядомае ўсім маладым педагогам “замацаванне”. Ёсць нейкая мяжа нашых сумесных магчымасцей, якіх мы можам дабіцца ў дадзеным месцы і ў дадзеных умовах. А потым мы пачнем адзін ад аднаго стамляцца. Своечасова развітвацца таксама трэба ўмець. Бо стомленыя педагогі мала што могуць даць сваім вучням. Я схіляю галаву перад настаўнікамі, якія маюць 25-30 гадоў стажу і па-ранейшаму гараць сваёй справай. Я пакуль што для сябе гэтага не ўяўляю.

***


Хтосьці палічыць нашага сённяшняга героя максімалістам. І, напэўна, у чымсьці будзе мець рацыю. Але на тое ж яна і маладосць: каб не ведаць стэрэатыпаў і прыдуманых рамак, марыць, шукаць і знаходізць. Можна спрачацца з ідэямі і падыходамі ў працы маладога педагога. Але немагчыма не паважаць яго - ва ўсялякім выпадку за неабыякавасць і жаданне змяняць свет вакол сябе да лепшага.
Асобна.
Жыліхаўская сярэдняя школа – установа, якіх сёння шмат у краіне. Калісьці буйная і перспектыўная, сёння яна перажывае не самыя лепшыя часы. І справа тут не ў якасці навучання – калектыў школы вопытны і зладжаны, матэрыяльная база - добрая. Справа ў іншым: як і ў многіх вёсках, у Жыліхава змяншаецца агульная колькасць жыхароў, а разам з тым у апошні час істотна зменшылася і колькасць вучняў у школе – з максімальных 125 навучэнцаў да сённяшніх 47.

- У мінулым годзе на базе нашай школы быў створаны вучэбна-педагагагічны комплекс “дзіцячы сад-сярэдняя школа” – на базе школы адкрыта дашкольная група на 16 чалавек. Гэта дазволіла захаваць усе стаўкі і дае пэўныя надзеі на далейшае развіццё ўстановы, - адзначае дырэктар гэтай установы адукацыі Наталля Аляксееўна. – Маладыя сем’і, на жаль, не затрымліваюцца на вёсцы. Нават пры тым, што ў вёсцы пабудавана шмат новага жылля, якое кіраўніцтва гаспадаркі гатова выдзеліць сваім маладым спецыялістам. Але нават гэта іх не затрымлівае.

Маладыя педагогі таксама не затрымліваюцца ў школе.

- Апошнія маладыя спецыялісты, якія прыбылі ў школу і замацаваліся ў нас, пачыналі сваю дзейнасць яшчэ ў 1993 годзе. Пасля гэтага я не магу прыгадаць ніводнага маладога спецыяліста, які б затрымаўся ў школе надоўга пасля абавязковага тэрміну адпрацоўкі. Дзесьці гэта абумоўлена бытавымі прычынамі: аддаленасць вёскі ад горада, нязручнае транспартнае забеспячэнне, немагчымасць вырашэння жыллёвага пытання – уласнага жыллёвага фонду ў школы няма, а мясцовая гаспадарка не заўсёды выдзяляе асобнае жыллё маладым педагогам.

Ці магчыма змяніць гэтую сітуацыю? Па меркаванні Наталлі Аляксееўны, - наўрад ці: “Маладыя людзі падчас навучання ў горадзе бачаць вельмі шмат магчымасцей, іх жыццё на гэтыя чатыры-пяць гадоў становіцца надзвычай насычаным і яркім, вярнуцца ў вёску ім ў выніку даволі складана”.

Гэтай жа думкі прытрымліваецца і Сяргей Бародзіч, які па ўласным жаданні накіраваўся працаваць у вёску.

- Стварыць умовы, якія б прымусілі моладзь масава ехаць працаваць у невядомыя ім вёскі, немагчыма, - упэўнены малады чалавек. - Чалавек карнямі да чагосьці прывязаны. Каб тут застацца, ты павінен тут нарадзіцца. Нельга памяняць старую радзіму на новую. Выключэнні бываюць, але рэдка.

Разам з тым, па меркаванні педагога, самі маладыя спецыялісты могуць зрабіць сваё прафесійнае жыццё па месцы размеркавання больш цікавым і насычаным.

- Ведаю, што часам маладым спецыялістам бывае крыўдна: вучыўся-вучыўся, марыў пра штосьці, грандыёзныя планы будаваў, а тут кінулі аднаго ў вёску ў руціну штодзённых спраў і забыліся. У выніку ёсць шмат маладых спецыялістаў, таленавітых, цікавых, якія вельмі сумуюць на першых месцах працы. Змяніць сітуацыю магло б уцягненне гэтых маладых спецыялістаў у праектную дзейнасць. Неабходна платформа, дзе маладыя спецыялісты маглі нефармальна аб’ядноўвацца па пэўных ідэях, напрацоўках, задумках свайго прафесіі – штосьці апрабоўваць, дзяліцца здабыткамі і напрацоўкамі, спрачацца. Але гэты рух павінны быць знізу - прымусіць да гэтага немагчыма.
Алена МАРКЕВІЧ.
: files -> 2015
files -> Культурная праграма Першага нацыянальнага форуму “Музеі Беларусі”
files -> Штомесячны агляд эканомікі беларусі
files -> Пазакласны занятак па музыцы. Калейдаскоп дзіцячых фальклорных гульняў
files -> Паводле лірычных твораў А. С. Пушкіна мы іграем пушкіна
files -> 18 кастрычніка 2012 г. 1522 Аб узнагароджанні Ганаровай
files -> Клубы і аматарскія аб’яднанні Назва бібліятэкі
2015 -> Міф 1: Умовы працы на вёсцы – далёка не самыя лепшыя: адсутніче сучаснае абсталяванне, магчымасць працаваць з электроннымі сродкамі




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка