Калектыўная бяспека І індывідуальныя інтарэсы дзяніс Мельянцоў



Дата канвертавання19.05.2016
Памер61.81 Kb.




BISS БЛІЦ

BB #29/2009BY, 02 November 2009





КАЛЕКТЫЎНАЯ БЯСПЕКА І ІНДЫВІДУАЛЬНЫЯ ІНТАРЭСЫ
Дзяніс Мельянцоў
РЭЗЮМЭ
З падпісаннем беларускім прэзідэнтам пагаднення пра Калектыўныя сілы аператыўнага рэагавання АДКБ вярнула сабе страчаную легітымнасць. Аднак, як і ў выпадку з прызнаннем Паўднёвай Абхазіі і Асетыі, Крамлю было дадзена зразумець, што Расія больш ня мае ранейшага ўплыву на постсавецкія краіны і не можа на іх абапірацца ў пытаннях бяспекі і абароны.
20 кастрычніка 2009 г. стала вядома пра падпісанне А. Лукашэнкам пакету дакументаў аб далучэнні Беларусі да Пагаднення пра Калектыўныя сілы аператыўнага рэагавання (КСАР) АДКБ. Дакументы былі падпісаныя яшчэ 15 кастрычніка, але паступілі ў Сакратарыят АДКБ толькі амаль праз тыдзень.
Нагадаю, што канфлікт адносна ўдзелу Беларусі ў пагадненні пра КСАР разгарэўся пасля так званай “малочнай вайны” з Расіяй, у выніку чаго Лукашэнка 14 чэрвеня не паехаў у Маскву на саміт АДКБ, дзе мелася адбыцца ўрачыстае падпісанне пагаднення пра стварэнне калектыўных сіл аператыўнага рэагавання.
Неабходна адзначыць выключную значнасць і асіметрычнасць такога кроку беларускага прэзідэнта. У адказ на штучна створаную расійскім бокам праблему з доступам беларускіх тавараў на расійскі рынак, А. Лукашэнка фактычна дэлігітымізаваў усю сістэму калектыўнай бяспекі на постсавецкай прасторы, якую так старанна выбудоўваў Крэмль. Асаблівую вастрыню сітуацыі прыдаў той факт, што дэмарш Лукашэнкі адбыўся напярэдадні сустрэчы расійскага прэзідэнта з Баракам Абамам і саміту ШОС, дзе Масква мела намер прадэманстраваць сваю вагу ў рэгіёне фактам стварэння пад яе эгідай аналагу NATO са сваімі войскамі хуткага рэагавання.
І хаця пагадненне пра стварэнне КСАР было падпісана без прадстаўніка ад Беларусі, толькі з нацяжкай можна было казаць пра сілы рэагавання як пра войскі АДКБ, бо ані Беларусь, ані Узбекістан ініцыятыву не падтрымалі. Брак легітымнасці АДКБ адразу адбіўся на сярэднеазіяцкіх саюзніках Расіі, які адразу пачалі шукаць гарантыяў бяспекі з боку ЗША і NATO.
Дэмарш Лукашэнкі паказаў сваю эфектыўнасць і даволі хутка пытанні з доступам беларускіх тавараў былі вырашаныя, аднак афіцыйны Мінск не спяшаўся прыняць на сябе старшынства ў АДКБ і далучыцца да пагаднення па КСАР, жадаючы атрымаць ад Масквы значна больш, чым проста вяртанне да status quo ante. Часткова гэтае жаданне, відаць, было дасягнутае пад час нефармальнага саміту кіраўнікоў дзяржаў-удзельніц АДКБ, які праходзіў у 31 ліпеня – 1 жніўня ў Кыргызстане, дзе беларускі прэзідэнт паабяцаў падпісаць усе дакументы аб стварэнні КСАР “пры першай жа магчымасці”. Аднак гандаль працягнуўся яшчэ на два з паловай месяцы. І прадметам яго, хутчэй, за ўсё стала пытанне выдзялення Расіяй крэдыту, так неабходнага для беларускай эканомікі.
Чаго ж дамагаўся А. Лукашэнка сваім дэмаршам супраць АДКБ?
Паколькі беларускі дэмарш стаў адказам на “малочную вайну”, то ён перадусім ставіў мэту аднавіць свабодны доступ беларускай прадукцыі да расійскага рынку. Вяртання тавараў атрымалася дамагчыся даволі хутка, але паколькі адказ быў асіметрычным, то яго мэты гэтым не абмежаваліся. Акрамя чыста эканамічных пытанняў афіцыйны Мінск вырашаў і палітычныя: з аднаго боку дэманстраваў Захаду сваю незалежнасць ад Масквы, а з іншага – яшчэ раз давесці ўласную значнасць расійскаму кіраўніцтву. Акрамя таго пытанне далучэння да КСАР стала для беларускага боку яшчэ адным таварам у гандлі з Крамлём, прычым апошні сам “падараваў” Лукашэнку такую магчымасць, справакаваўшы “малочную вайну” напярэдадні саміту АДКБ. Верагодней за ўсё, што падпісанне дакументаў па КСАР было ўвязана з пералічэннем Расіяй апошняга траншу крэдыту для Беларусі; быў таксама нейтралізаваны ціск з боку Крамля адносна прызнання Паўднёвай Асетыі і Абхазіі.
Выглядае на тое, што ўсіх сваіх мэтаў у гэтым канфлікце беларускі бок так і не дасягнуў. Пра гэта, ў прыватнасці, сведчыць той факт, што, ўжо падпісаўшы 15 кастрычніка дакументы па КСАР, Лукашэнка ўсё адно ўстрымаўся ад паездкі ў Кыргызстан для ўдзелу ў завяршаючым этапе вучэнняў КСАР, які адбыўся 16 кастрычніка на палігоне Матыбулак.
Наколькі важны праект КСАР для Беларусі?
Беларусь удзельнічае ў АДКБ пастолькі, паколькі ў ёй удзельнічае Расія і гэты праект важны менавіта для Расійскіх вайсковых і палітычных інтарэсаў. Не сакрэт, што АДКБ у свой час была ўтворана менавіта для падтрымання вайсковай інфраструктуры і кантактаў на прасторы былога СССР і захавання ўплыву Расіі на постсавецкія рэспублікі. Калектыўныя сілы аператыўнага рэагавання былі задуманыя для ўрэгулявання лакальных канфліктаў, нейтралізацыі тэрарыстычнай пагрозы, выратавальных аперацыяў. Гэтыя задачы вызначаюць і пераважны рэгіён іх прымянення – відавочна, што КСАР – гэта праект для Цэнтральнай Азіі, дзе Расія жадае ўмацаваць і нарасціць сваю прысутнасць. У Цэнтральная Азіі беларускіх інтарэсаў няма.
Аб’ектыўна Беларусь не зацікаўлена і ва ўдзеле ў АДКБ увогуле, паколькі сяброўства ў арганізацыі калектыўнай абароны накладае абавязацельствы па аказанні вайсковай дапамогі ў выпадку нападу на адну з краін-саюзніц. Паколькі, як ужо было адзначана, ў сябраў АДКБ няма адзінства інтарэсаў і бяспека краін-удзельніц АДКБ не звязана непасрэдна (а толькі праз патрон-кліентэльскія сувязі з Расійскай Федэрацыяй), то ў афіцыйнага Мінску няма сур’ёзных падстаў абцяжарваць сябе такімі абавязкамі насуперак сваім жаданням. Для падтрымання вайсковай бяспекі Беларусі дастаткова Рэгіянальнай групоўкі сіл і гарантыяў бяспекі з боку Расіі. Менавіта гэтым можна патлумачыць такую, здавалася б, супярэчлівую сітуацыю, калі Беларусь праводзіць самыя маштабныя ў гісторыі расійска-беларускія вайсковыя вучэнні і адначасова падрывае калектыўную бяспеку ў межах АДКБ, не падпісваючы пагадненне па КСАР.
КСАР таксама стварае пэўную пагрозу для А.Лукашэнкі, паколькі ёсць верагоднасць таго, што гэтыя структура можа ператварыцца ў інструмент змены палітычных рэжымаў краін АДКБ і рычаг дадатковага ціску ў руках Крамля. І хаця імавернасць такога сцэнару невысокая, яна ўсё адно не можа не прымацца да разгляду беларускім бокам.


Чаму Лукашэнка ўсё ж падпісаў пагадненне пра КСАР?
Падпісанне Лукашэнкам пагаднення пра КСАР звязана ў першую чаргу з нежаданнем ісці на абвастрэнне адносінаў з Расіяй, якія дагэтуль застаюцца стратэгічна важнымі для Беларусі. Гаворка ідзе не толькі пра гарантыі вайсковай бяспекі, але і пра энэргетычную залежнасць, эканамічнае супрацоўніцтва і, што самае важнае, пра супрацоўніцтва ў сферы ВПК. Беларусь застаецца залежнай ад расійскіх дзяржзамоваў у абарончай сферы (напрыклад, Расія – асноўная замоўца для Мінскага заводу колавых цягачоў) і льготных паставак расійскага ўзбраення, якія залежаць ад удзелу Беларусі ў АДКБ.
Па аналогіі з Сіламі рэагавання NATO, КСАР не мае мандату дзейнічаць самастойна. Пры ўзнікненні крызіснай сітуацыі, рашэнне пра задзейнічанне КСАР будзе прымаць Савет калектыўнай абароны АДКБ. Такое рашэнне патрабуе аднагалосся ўсіх сябраў СКБ. Таму, нават, калі Беларусь і далучылася да КСАР, у кожным канкрэтным выпадку рашэнне пра адпраўку беларускага кантынгенту будзе прымацца выключна беларускім прэзідэнтам, а не шматбаковымі органамі АДКБ.
Акрамя таго, беларускі бок de facto выгандлеваў сабе асобы статус у межах КСАР: паколькі паводле Канстытуцыі Беларусі яе ўзброеныя сілы не маюць права ўдзельнічаць у баявых дзеяннях па-за межамі краіны, то беларускі кантынгент у выпадку прымянення КСАР будзе задзейнічаны толькі ў тылавым забеспячэнні, пошукавых і іншых дапаможных аперацыях.
Што маем па выніках канфлікту:


  1. Лукашэнка скарыстаўся недальнабачнасцю расійскіх палітыкаў і здолеў прадэманстраваць як Захаду гэтак і Крамлю сваю незалежную пазіцыю і магчымасць рэальна ўплываць на расійскую палітыку на постсавецкай прасторы;

  2. Былі пацверджаныя вайсковыя гарантыі для Беларусі з боку Расіі і папярэдні ўзровень вайскова-палітычнага супрацоўніцтва без гарантыяў рэальнага ўдзелу Беларусі ў АДКБ;

  3. Далучэнне Беларусі да КСАР хоць і не адпавядае беларускім інтарэсам, але і не вымагае ад Беларусі абавязковага ўдзелу ў баявых дзеяннях у інтарэсах Расіі;

  4. Удзел Беларусі ў КСАР неабходны перадусім для падтрымання стратэгічных адносінаў з Расіяй і не мае дадатковай вартасці для афіцыйнага Мінска.



Кароткая даведка:

Калектыўныя сілы аператыўнага рэагавання (КСАР) – створаны ў межах АДКБ як аналаг Сілаў рэагавання NATO ў мэтах супрацьдзеяння лакальным крызісам. Мяркуемая колькасць кантынгенту КСАР, што будзе знаходзіцца пад аб’яднаным камандаваннем, - 15-20 тысячаў чалавек. Паводле некаторых звестак, Беларусь пагадзілася прадставіць у распараджэнне КСАР каля 5 тыс. чалавек: 1 брыгада спецпрызначэння Ўзброеных сіл (дыслакаваная ў Мар’інай Горцы), антытэрарыстычнае падраздзяленне КДБ “Альфа”, спецпадраздзяленне МУС “Алмаз” і падраздзяленне МНС. Расія вылучыла паветрана-дэсантную дывізію і дэсантна-штурмавую брыгаду (каля 8 тыс. вайскоўцаў). Казахстан прадстаўлены ў КСАР дэсантна-штурмавой брыгадай (да 4 тыс. чалавек) і трыма атрадамі з ліку супрацоўнікаў МУС, МНС і органаў дзяржбяспекі. Арменія, Кыргызстан і Таджыкістан абмежаваліся батальёнамі, а Ўзбекістан удзельнічаць у КСАР адмовіўся.




: images -> stories -> documents
documents -> Biss бліц bb #28/2009BY, 02 November 2009
documents -> Маніторынг mo #03/2009BY, 10 Май 2009
documents -> Працоўныя з буйных прадпрыемстваў г. Менску
documents -> Даследаванне biss sa #04/2009BY, 01 June 2009
documents -> Беларускі фонд публічнай палітыкі ў супрацоўніцтве з Беларускім інстытутам
documents -> План дзеянняў па нармалізацыі адносін паміж беларуссю І ес
documents -> Ес І Беларусь: год 2007-ы biss blitz #12/07be, 5 cнежня 2007 г
documents -> Усходняе партнёрства: незавершаны гештальт Дзяніс Мельянцоў
documents -> Новы патрыярх І “недасканалы” праваслаўны лідэр наталка Васілевіч
documents -> Аналітычная запіска pp #02/2009BY, 02 December 2009




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка