Каліцкая Іна Уладзіміраўна, настаўнік беларускай мовы І літаратуры дуа «Сярэдняя школа №10 г. Светлагорска»



Дата канвертавання05.07.2016
Памер61.81 Kb.
ВЫКАРЫСТАННЕ ТЭСТАВЫХ ТРЭНАЖОРАЎ, АЎДЫЯЗАПІСАЎ І МУЛЬТЫМЕДЫЙНЫХ ПРЭЗЕНТАЦЫЙ НА ЎРОКАХ БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ Ў 5 КЛАСЕ ПРЫ ВЫВУЧЭННІ ФАНЕТЫКІ, АРФАГРАФІІ І АРФАЭПІІ
Каліцкая Іна Уладзіміраўна,

настаўнік беларускай мовы і літаратуры ДУА «Сярэдняя школа № 10

г. Светлагорска»

ikalitskaia@mail.ru

8(029)3343453
Глабальная інфарматызацыя грамадства змяніла сацыяльны заказ школе. Зараз грамадству патрабуецца чалавек, які ўмее сам прымаць рашэнні, які мае крытычнае мысленне, умее працаваць з вялікай колькасцю інфармацыі, можа добра і хутка арыентавацца ў інфармацыйнай прасторы, перавучвацца. Школьная адукацыя якраз і развіваецца зараз у гэтым накірунку, выкарыстоўваючы самыя разнастайныя педагагічныя тэхналогіі. Адной з эфектыўных і з’яўляюцца інфармацыйныя тэхналогіі. Камп’ютарныя тэхналогіі “развіваюць ідэі праграміраванага навучання, адкрываюць абсалютна новыя, яшчэ не даследаваныя тэхналагічныя варыянты навучання, звязаныя з унікальнымі магчымасцямі сучасных камп’ютараў і тэлекамунікацый” [5, с. 179]. Школьнікі з лёгкасцю асвойваюць новыя інфармацыйныя тэхналогіі, звязваюцца адзін з адным праз электронную пошту, знаёмяцца праз Інтэрнэт, удзельнічаюць у міжнародных тэлекамунікацыйных праектах. Віртуальная цікавасць дзіцяці павінна быць выкарыстана настаўнікамі пры рашэнні агульнаадукацыйных і выхаваўчых задач. Пры разумным падыходзе гэта можа стаць моцным імпульсам для інтэлектуальнага, эмацыянальнага і асобаснага развіцця.

Вядома ўсім настаўнікам беларускай мовы, што для вучняў пятых класаў і асабліва выпускнікоў праблемнымі зонамі з’яўляюцца пытанні фанетыкі, арфаграфіі і арфаэпіі. Аснова граматнага вымаўлення і правапісу закладваецца ў асноўным, ці сістэматычным, перыядзе (5 клас), калі вучням даводзіцца, што за канкрэтнымі фактамі праяўляюцца заканамернасці, за прыватным – агульнае, а засваенне фанетычнай тэорыі ў значнай ступені забяспечвае засваенне арфаэпічных і арфаграфічных заканамернасцей. На працягу 5-11 класаў прымяняюцца тэарэтычныя веды па фанетыцы і рэалізуюцца практычныя навыкі і ўменні пры вывучэнні ўсіх раздзелаў сістэматычнага школьнага курса беларускай мовы, калі ажыццяўляюцца міжсістэмныя сувязі фанетыкі і ўсіх раздзелаў, узроўняў мовы. А гэта азначае, наколькі вучань вынікова зможа прымяніць свае навыкі пры здачы цэнтралізаванага экзамену ў форме тэсціравання. Адметнасць выкладання заключаецца яшчэ і ў тым, што навучанне фанетыкі адбываецца ў спалучэнні з арфаэпіяй, графікай і арфаграфіяй. Урок мовы з выкарыстаннем прэзентацый, аўдыязапісаў – гэта якасна новы тып урока, на якім настаўнік узгадняе методыку тлумачэння вучэбнага матэрыялу з методыкай прымянення інфармацыйна-камунікатыўных тэхналогій, дзе яны выступаюць як сродак для дасягнення пастаўленай мэты і вырашэння задач.

Навучанне фанетыцы арганізуецца шляхам выкарыстання самых разнастайных метадаў навучання, якія рэалізуюцца праз прыёмы.

Метад праблемнага выкладу ведаў з’яўляецца адным з самых пашыраных пры знаёмстве з пытаннямі фанетыкі на асноўным этапе навучання і можа быць скарыстаны, напрыклад, пры характарыстыцы галосных гукаў у націскным і ненаціскным становішчы, пры вызначэнні нормаў іх вымаўлення. Пры гэтым цкава будзе арганізаваць параўнанне і супастаўленне вымаўлення ненаціскных галосных у беларускай і рускай мовах, напрыклад, на матэрыяле аднаго і таго ж тэксту на рускай і беларускай мовах у выкананні дыктараў-прафесіяналаў. Праслухоўванне тэксту, вымаўленне і транскрыпцыя пэўных слоў, параўнанне іх з адпаведнымі словамі ў рускай мове дапаможа сфармуляваць норму іх вымаўлення, характэрную для кожнай мовы. Для гэтага вельмі карыснай будзе кніга Таццяны Расціславаўны Рамзы з электронным дадаткам (аўдыядыск), дзе запісаны фанетыка-арфаэпічныя практыкаванні для адпрацоўкі правільнага вымаўлення. Можна выкарыстоўваць у якасці арфаэпічных хвілінак, дыктовак.

Вельмі часта выкарыстоўваю метад праблемнага выкладу, які плаўна спалучаецца з метадам назірання і аналізу моўных з’яў, калі арганізуецца назіранне, ставяцца задачы, абагульняецца матэрыял, а вучні назіраюць, аналізуюць, робяць вывады. Так, найпершай задачай многіх маіх урокаў фанетыкі з’яўляецца супастаўленне, адрозненне і ўзаемасувязь гукаў і літар.

Цікавай будзе для вучняў 5 класа імітацыя маўлення, якую можна арганізаваць шляхам завучвання і частага ўзнаўлення вершаваных радкоў, прымавак, скорагаворак. Напрыклад, каб трэніраваць маўленне гукаў [ч], [р] прапануецца скарыстаць прымаўкі тыпу У няўмечкі не баляць ні ручкі, ні плечкі; скорагаворкі тыпу Воўча, воўча, сядзі моўча і інш. Падобныя прымаўкі, скорагаворкі можна выкарыстоўваць пачатковымі ў прэзентацыях да ўрока або пры правядзенні хвілінак – адпачынак. Выкарыстоўваю розныя віды прэзентацый-хвілінак: адукацыйныя, рэлаксацыйныя, зрокавыя, колерныя, музычныя і інш. На працягу вывучэння фанетыкі і асабліва на першым этапе значнае месца займаюць практыкаванні на развіццё слыху. Гэта могуць быць практыкаванні наступных тыпаў: 1) праслухоўванне ўзорнага маўлення дыктараў радыё і тэлебачання, артыстаў; 2) узнаўленне пачутага паводле ўзораў; 3) запіс уласнага маўлення і параўнанне з узорным, выпраўленне яго; 4) выразнае чытанне тэкстаў для аналізу. За ўсе гады працы ў школе была сабрана аўдыятэка з запісам казак, вершаў, твораў у аўтарскім выкананні.

Звычайна на ўроках выкарыстоўваю і метад навучання ўзнаўленню і аналізу гатовага моўнага матэрыялу, які рэалізуецца пры выкарыстанні фанетычнага разбору слова. Тут дапамогуць прэзентацыі, слайды якіх складаюцца з 2 слупкоў, дзе ў адным запісаны словы, а ў другім танскрыпцыі слоў, так званыя заданні адкрытага тыпу. Трэба суаднесці транскрыпцыю са словам або знайці транскрыпцыю без памылак. Вельмі цікавымі для вучняў пятых класаў з’яўляюцца гульні-прэзентацыі, дзе настаўнік і навучэнцы адначасова і гуляюць, і замацоўваюць веды. Выкарыстанне прэзентацый, тэстаў лічыцца найбольш карысным і апраўданым на этапе кантролю ведаў, уменняў і навыкаў.

Вывучэнне арфаграфіі непарыўна звязана з пытанняміі фанетыкі і арфаэпіі. На мой пункт гледжання, паспяховае навучанне арфаграфіі адбываецца шляхам адпрацоўкі арфаграфічных уменняў праз выкарыстанне розных трэнажораў, тэставых заданняў, розных слоўнікавых дыктовак, арфаграфічных хвілінак, тэстаў-перакладаў, розных відаў практыкаванняў.

На сучасным інфармацыйным рынку існуе мноства навучальных праграм, якія дапамагаюць і вучню, і настаўніку. Нават цэлыя бібліятэкі знаходзяцца на адным кампакт-дыску. Толькі вось адно але... Усе праграмы ў асноўным – расійскія. Для нас, настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры, у напрамку інфармацыйных тэхналогій пакуль што вакуум. Вельмі падабаецца праграма “Беларуская мова”, якая выдадзена “Юніс Софт”, якая змяшчае комплексы па розных тэмах, трэнажор-практыкум з агучваннем, практыкаванні па арфаграфіі. Тэсты можна праводзіць у рэжыме кантролю як для ўсяго класа, так і індывідуальна. Але з 2010 года пры ўвядзенні новай рэдакцыі “Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” гэтыя тэставыя комплексы страцілі часткова сваю актуальнасць пры вывучэнні некаторых тэм арфаграфіі і пунктуацыі. З’явілася патрэба стварыць уласны электронны сродак навучання. У сааўтарстве з настаўнікам інфарматыкі сярэдняй школы №3 Клімянком Арцёмам Аляксандравічам быў распрацаваны электронны сродак навучання “Беларуская мова: новыя правілы арфаграфіі і пунктуацыі”, дзе змешчаны комплексныя тэсты, тэсты-пераклады па фанетыцы, арфаграфіі, марфалогіі, пунктуацыі. Тэставы трэнажор можна выкарыстоўваць для франтальнай і індывідуальнай работы. Гэтая праграма была адзначана каштоўным падарункам на рэспубліканскім конкурсе “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт” у 2010 годзе ў г.Магілёве.

Ёсць і нямала цяжкасцей. Адзначу, што ў школах недастатковая колькасць камп’ютараў. Вучняў у класе шмат (25-28 чалавек), добра, калі у кабінете ёсць 10 камп’ютараў, і не ўсе навучэнцы маюць магчымасць працаваць адразу, а павінны чакаць , пакуль закончыць працу яго аднакласнік. Скажам і пра стан здароўя вучняў: вочы стамляюцца хутчэй, зацякае шыя і вялікая нагрузка на пазваночнік і г. д. Трэба настаўніку абавязкова кантраляваць працягласць работы вучняў на камп’ютары (у 5 класе – да 20 хвілін).



Аналізуючы свой вопыт выкарыстання прэзентацый і аўдыязапісаў на ўроках беларускай мовы, магу з упэўненасцю сказаць , што такія формы работы садзейнічаюць фарміраванню інтэлектуальных, арганізацыйныях, інфармацыйных, камунікатыўных уменняў, забяспечваюць магчымасць самастойнага прымянення фанетычных, арфаэпічных і арфаграфічных уменняў і навыкаў у практычнай дзейнасці, дапамагаюць удасканаліць кантроль ведаў, рацыянальна арганізаваць навучальны працэс.
Спіс выкарыстаных крыніц


  1. Буракова, М. У. Беларуская мова. Арфаграфія і пунктуацыя. Этналінгвістычныя тэксты / М. У. Буракова, В. А. Ляшчынская, З. У. Шведава; пад рэд. В. А. Ляшчынскай. – Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны, 2007. – 237 с.

  2. Варановіч, З. Б. Методыка беларускай мовы / З. Б. Варановіч. – Мінск: Універсітэцкае, 1985. – 248 с.

  3. Васюковіч, Л. С. Методыка выкладання беларускай мовы ў сярэдняй школе: практыкум / Л. С. Васюковіч, М. Г. Яленскі. – Мінск: Універсітэцкае, 1999. – 176 с.

  4. Выкладанне беларускай мовы ў школе / М. Г. Яленскі [і інш.]; пад рэд. М. Г. Яленскага. – Мінск.: Народная асвета, 1994. – 239 с.

  5. Запрудский, Н. И. Современные школьные технологии / Н. И. Запрудский. – Мн.: Сэр-Вит, 2003. – 288 с.

  6. Лапічэнкава, Р. Ул. Актыўныя формы выкладання беларускай мовы літаратуры / Р. Ул. Лапічэнкава; пад рэд. М. К. Жук. — Мазыр: Выдавецкі Дом "Белы Вецер", 2001.   52 с.

  7. Ляшчынская, В. А. Методыка выкладання беларускай мовы: задачы і практыкаванні / В. А. Ляшчынская. – Мінск: Вышэйшая школа, 1998. – 191 с.

: files -> IKT
IKT -> Беларускай мовы І літаратуры шыбайла Святлана Юльянаўна
IKT -> Інфармацыйна–камунікацыйныя тэхналогіі на ўроках фізікі драніца Надзея Васільеўна
IKT -> Информационно-коммуникативные технологии в деятельности учителей-предметников
IKT -> Ўроках беларускай мовы І літаратуры як адзін з фактараў павышэння якасці адукацыі дабравольская Таццяна Паўлаўна
IKT -> Электронны тэст як сродак матывацыі І стымулявання да чытання сіняўскі Сяргей Іванавіч
IKT -> Сеткавае ўзаемадзеянне ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу калтан Таццяна Уладзіславаўна
IKT -> Сеткавая суполка эфектыўная форма павышэння ўзроўню прафесійнага развіцця педагогаў Цуканава Вольга Генрыка
IKT -> Роля метадычнай работы ў павышэнні эфектыўнасці выкарыстання ікт у адукацыйным працэсе балюк Святлана Сяргееўна
IKT -> Выкарыстанне сэрвісаў Web 0 (Blogger, LearningApps) у практычнай дзейнасці настаўніка Усціна Ірына Васільеўна
IKT -> Информационно-коммуникативные технологии в деятельности учителей-предметников




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка