Каляда Васіль Брду імя А. С. Пушкіна, г. Брэст



Дата канвертавання21.06.2016
Памер41.58 Kb.
Каляда Васіль

БрДУ імя А. С. Пушкіна, г. Брэст


МІФАСЕМАНТЫКА ВЕНІКА Ў ТРАДЫЦЫЙНАЙ КУЛЬТУРЫ БЕЛАРУСАЎ
Венік – высокасеміятызаваны прадмет хатняга ўжытку, які ў народных уяўленнях надзелены магічнымі якасцямі. Мэта прапанаванай работы – вызначэнне міфасемантыкі і функцыянавання веніка ў традыцыйнай культуры беларусаў. Аб’ект даследавання – комплекс вербальных тэкстаў, уяўленняў, рытуалаў, аб’яднаных вобразам веніка ў традыцыйным фальклоры беларусаў. Для дасягнення пастаўленай мэты выкарыстоўваліся функцыянальны метад і метад структурна-семантычнага мадэлявання.

Утылітарная сувязь са смеццем паказвае на карэляцыю веніка з продкамі, бо смецце само па сабе, як адзначае Т. Валодзіна, з’яўлялася матэрыяльным увасабленнем душы чалавека [1, с. 245]. Венік – іпастась, локус, атрыбут міфалагічных персанажаў дэманічнай прыроды. Між тым ён функцыянуе як абярэг ад нячыстай сілы, сродак магічных лекавых практык. У беларусаў і іншых славянскіх народаў лічылася, што пакуль чалавек карыстаецца венікам, то гэты венік як бы ўцягвае пэўную частку чалавечай душы. Адсуль і вынікае, што венік атаясамліваецца з хатнім духам. Да нашага часу ў традыцыйнай духоўнай спадчыне беларусаў захавалася шмат прыкмет, звязаных з венікам. На Палессі і ў многіх іншых раёнах Беларусі не чапаюць венік без патрэбы, бо лічыцца, што гэта патрывожыць душу былога гаспадара веніка. Дарэчы венік іншы раз называлі “гаспадаром”. Таму ў некаторых вёсках забараняецца выкідваць стары венік. У беларусаў і зараз у некаторых мясцовасцях захавалася практыка пры пераездзе ў іншае месца жыхарства стары венік абавязкова браць з сабой. Лічылі, што пад венікам можа жыць дамавік і баяліся, што хто-небудзь можа наступіць на пакінуты венік, і тым самым учыніць дамавіку, а значыць і гаспадарам, ліха.

Венік у міфапэатычнай свядомасці звязаны з нячыстай сілай. У славянскай міфалогіі да веніка існуюць дваістае стаўленне: з аднаго боку, венік – гэта абарончы сродак, а з другога, – атрыбут ведзьмаў і злых чараўніц. Шырока бытуюць вераванні, што ведзьмы венікам расу аббіваюць, псоту наводзяць і разнастайныя хваробы насылаюць. Пры ўзаемадзеянні з венікам існуюць некаторыя забароны і перасцярогі. Так, баяліся пераступаць праз венік, асабліва цяжарныя і дзеці, наступаць на яго босымі нагамі. Верылі, што парушэнне забаронаў магло выклікаць у чалавека разнастайныя хваробы. У некаторых славянскіх народаў лічылася, што карова, якая пераступіць праз венік, не будзе прыходзіць дахаты і не будзе прыводзіць патомства [2, с. 308]. У прыведзеных кантэкстах, на нашу думку, актуалізуюцца такія прыкметы веніка, як сухасць, безжыццёвасць, сувязь з нечыстатой, што матывуе яго негатыўную аксіялагізацыю і карэляцыю з другім членам апазіцыі “жыццё/смерць”. У сувязі са сказаным характэрна, што ў народнай культуры размяжоўваюцца функцыі веніка зялёнага і сухога, змеценага, які ў дыялектах меў назовы “галень” і “дзяркач” і актуалізаваў рысы пераважна хтанічна-дэманалагічнага кшталту. Зялёны, лазневы венік, наадварот, увасабляў мужчынскую моц, здароўе, хоць і лічыўся датычным да праяваў іншасвету [2, с. 76]. Парадыйная сімволіка менавіта старога веніка прадстаўена ў беласцейскім абрадзе, звязаным з пабудовай хаты: калі будаўнікі былі не задаволены аплатай сваёй працы, яны затыкалі ў дах хаты стары венік [2, с. 313].

Каб уратавацца ад сурокаў, венік прадпісвалася ставіць ручкай уніз, што сведчыць пра наступнае:



  1. венік успрымаецца не толькі як прадмет для прыбірання хаты, але і як важны містычны аб’ект.

  2. венік пастаянна знаходзіцца ў судакрананні са смеццем, а смецце звязвалі з душамі памерлых, таму ставіць венік ручкай уніз – значыць выкарыстоўваць яго ахоўную функцыю: паклікаць на дапамогу дамавіка і паказваць ворагам дома, што вы гатовыя вымесці іх.

З дапамогай веніка намагаліся магічна ўратавацца ад разнастайных хвароб. За венікам прызнаваліся лекавыя якасці. Часта, каб выгнаць з чалавека хваробу, хворага абмяталі (а іншы раз і білі) венікам. У гэтых магічных практыках прадметны код узмацняецца акцыяналным. Тое ж датыцыцца і такіх формаў лекавання пры дапамозе веніка, як прывязванне яго да хворага месца чалавека, перакідванне веніка праз цела чалавека. Іншы раз клалі чалавека на венік, а зверху клалі на хворага яшчэ адзін венік; прымушалі хворага пераступаць праз венік і інш. Часта венік выкарыстоўвалі для пазбаўлення дзяцей ад начніц. Ва ўсіх славян венік выкарыстоўвалі для абароны навароджанага і яго маці ад злых духаў [2, с. 309], у чым выразна выўлена апатрапейная міфасемантыка веніка. Яна, на нашу думку, матываваная сувяззю веніка з тым светам і функцыяй ачышчэння, пазбаўлення чалавечага локуса ад смецця. Асаблівы моцныя магічныя якасці прыпісваліся веніку, які выкарыстоўвалі ў пахавальным, калядным і інш. абрадах [2, с. 308].

Цікава, што ў некаторых раёнах Беларусі венік мог служыць надзейным сховішчам. Так, на Брэстчыне кажуць: «Раньшэ ў веніку коло порога ховалі грошы, бо ніхто іх там нэ будэ шукаць» [*1]. На Брэстчыне таксама існуе павер’е, што нібыта магічныя якасці веніка могуць паўплываць на замужжа дзяўчыны: «Нельга абмятаць дзяўчыну венікам, а то яна не выйдзе замуж» [*2]. Верагодна, тут абмятанне трактуецца як адмятанне жаніхоў, да того ж актуалізуецца адмежавальная семантыка кола, якое ўтвараецца вакол дзяўчыны ў час абмятання.

Такім чынам, венік з’яўляецца адным з важных прадметаў хатняга ўжытку, да якога і ў наш час у беларусаў захаваліся своеасаблівыя адносіны, пабудаваныя на міфалагічнай трактоўцы яго як аб’екта, далучанага да іншасвету, душаў продкаў, дэманаў. У розных рытуальных кантэкстах актуалізуецца апатрапейная, ахоўная, адгонная, парадыйная сімволіка веніка. Амбівалентнасць міфасемантыкі веніка можа быць патлумачана яго ўтылітарнай функцыяй – вымятанне смецця, што надае веніку процілеглыя ўласцівасці – чыстаты і нечыстаты.
ЗАЎВАГІ

*1. Каляда Аляксандр Іосіфавіч, 1939 г. н., в. Сялец Бярозоўскага раёна.

*2. Батрачэнка Алена Міхайлаўна, 1952 г. н., в. Знаменка Брэсцкага раёна

Матэрыялы запісаны аўтарам артыкула і захоўваюцца ў Фальклорна-этнаграфічным архіве вучэбнай фальклорна-краязнаўчай лабараторыі пры кафедры беларускага літаратуразнаўства УА “БрДУ імя А. С. Пушкіна”.



ЛІТАРАТУРА

  1. Валодзіна Т. В. Венік // Беларускі фальклор: у 2 т. / гал. рэд. Г. П. Пашкоў. Т. 1. – Мінск: БЭ імя П. Броўкі, 2005. – С. 245–246.

  2. Виноградова Л. Н., Толстая С. М. Веник // Славянские древности. – М.: Международные отношения, 1995. – Т. 1. – С. 307 – 314.

: bitstream -> 123456789 -> 41321
123456789 -> Марына Шода «Несучы хвалу красе» (паэзія Уільяма Батлера Ейтса)
123456789 -> Гісторыя беларускай літаратуры (ХІХ ст. – 1970-я гады ХХ ст.)
123456789 -> П. С. Лопух гідралогія сушы частка 2 (агульная гідралогія)
123456789 -> П. С. Лопух, А. А. Макарэвіч
123456789 -> Праявы масавай культуры ў дыскурсе смі, альбо да праблемы гуманізацыі медыясферы
123456789 -> Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь
123456789 -> 1. Гістарычныя ўмовы ўзнікнення новай беларускай літаратуры. Асноўныя літаратурныя напрамкі канца ХVІII – пачатку ХІХ стст. І іх выражэнне ў беларускай літаратуры
123456789 -> Гісторыя старажытнай грэцыі І рыма (Фядосік В. А.)




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка