Канцэпцыя моўнай адукацыі малодшых школьнікаў



Дата канвертавання17.06.2016
Памер232.77 Kb.

Канцэпцыя моўнай адукацыі малодшых школьнікаў


Развіцце і ўдасканаленне моўнай адукацыі малодшых школьнікаў у школах Беларусі звязана з пошукам і рэалізацыяй перспектыўных ідэй фарміравання асобы ва ўмоваў актыўных пераўтварэнняў у грамадстве. Праверка на трываласць, якую адчувае на сябе пачатковая школа, паказала, што далейшае яе функцыянаванне цесным чынам звязваецца з культуразгоднасцю і захаваннем асноватворных традыцый, якія склаліся ў сістэме адукацыі і развіваюцца ўжо не адно дзесяцігоддзе.
Павышэнне ролі культуры ў розных сферах жыццядзейнасці патрабуе ад сістэмы адукацыі фарміравання культурнага чалавека, яго высокіх маральных якасцей, багатага духоўнага свету, камунікуатыўнай культуры.. У гэтай сувязі трэба адзначыць, што культурны ўзровень асобы вызначаецца культурным станам грамадства, у якім яна рэалізуе свае магчымасці.
Зыходныя метадалагічныя палажэнні. Моўная адукацыя выконвае высокую і адказную місію ў выніку той значнай ролі ў культурным развіцці малодшых школьнікаў, якая адводзіцца пачатковай ступені агульнай сярэдняй адукацыі, дзе закладваюцца асновы фарміравання культурнага чалавека.
Засваенне беларускай (роднай) мовы малодшымі школьнікамі забяспечвае іх важнейшую патрэбнасць – камунікатыўную, якая праяўляецца на дадзеным этапе жыцця (пункт погдяду аб'ектыўна-дзейнасны), на якім вызначаюцца на навуковай аснове правілы выкарыстання мовы як асноўнага сродка зносін людзей, і сродка фарміравання і выказвання думкі (пункт погляду нарматыўна-рэгулюючы), на якім вучні авалодваюць вуснай і пісьмовай мовай.
Авалоданне формамі вуснай і пісьмовай мовы, раскрыцце норм літаратурнай мовы на ўсіх узроўнях моўнай сістэмы – вымаўленчым, лексічным, граматычным – вызначаюць не толькі тэндэнцыі развіцця моўна-камунікатыўнай культуры вучняў, але і дазваляюць уздзейнічаць на гэты працэс, садзейнічаць рэальнаму, мэтанакіраванаму падпарадкаванню моўнай дзейнасці вучняў нормам літаратурнай мовы, праводзіць сістэматычную моўную падрыхтоўку.
Моўная адукацыя ў адносінах да ведаў беларускай мовы ўключае звесткі аб ужыванні ў моўных зносінах аспектных адзінак мовы (гукаў, марфем, слоў, словазлучэнняў, сказаў, тэкстаў), аб адрозненні іх з мэтай правільнага ўжывання. Гэта тыя веды, якія даюцца ў форме правілаў, прыемаў адрознення і ўжывання адзінак мовы, розных канструкцый і рэкамендацый па функцыянаванні мовы ў моўных зносінах.
Камунікатыўная культура найперш праяўляецца ў нарматыўнай дакладнасці мовы малодшых школьнікаў, яе адпаведнасці патрабаванням на першапачатковым этапе навучання, якія ўключаюць захаванне нормаў вымаўлення, націску, слова- і формаўжывання, пабудовы словазлучэнняў, сказаў, тэкстаў. Крытэрыі дакладнасці мовы – яе незасмечанасць нелітаратурнымі элементамі (дыялектнымі словамі, прастамоўнай лексікай, канцылярытамі, квазі-словамі, моўнымі штампамі і інш.), граматычная ўпарадкаванасць, дарэчнасць выкарыстання ў ей пэўных моўных сродкаў у канкрэтнай сітуацыі моўных зносін, захаванне пачуцця мэтазгоднасці і пэўнасці. У шырокім жа сэнсе слова камунікатыўная культура асобы – гэта не толькі пералічаныя якасці, але і багацце слоўніка, разнастайнасць граматычных канструкцый, мастацкая выразнасць, лагічны лад. Натуральныя патрабаванні да мовы ў яе пісьмовым афармленні – захаванне нормаў арфаграфіі і пунктуацыі.
Механізм развіцця моўна-камунікатыўнай культуры малодшых школьнікаў трэба шукаць не ва ўнутранных зонах яе эвалюцыі, а ў развіцці мыслення, форм і функцый зносін паміж людзьмі, у паслядоўнасці моўнага прагрэсу. Відавочна, што няма ніводнай граматычнай і лексічнай катэгорыі, якая б не суадносілася з рэчаіснасцю, што мова ўяўляе сабой сістэму прыемаў мыслення, сістэму пазнання, сістэму стварэння эстэтычных і маральных ідэалаў. Росквіту агульначалавечых каштоўнасцей дапамагае якраз раскрыцце патэнцыялу мовы. Мова захоўвае адметнасць развіцця культуры, абумоўленай "нацыянальным мысленнем", асаблівасцямі сацыяльна-эканамічнага і культурнага развіцця і самабытнасцю. У значнай ступені мова вызначаецца здольнасцю да вырашэння камунікатыўнах задач. Яе значнасць будзе глыбейшая тады, калі моўная дзейнасць будзе звязана з творчым вопытам, асваеннем новых шляхоў і сродкаў раскрыцця свету, пазнання жыцця, чалавека. Мова сваімі сродкамі вызначае шляхі засваення і абагульнення істотнага для людзей. Мова імкнецца адшукаць, вынайсці новыя формы і сродкі, якімі можна перадаць усе з'явы рэчаіснасці. Галоўнае ў тым, каб мовай усе валодалі.
Функцыянаванне беларускай (роднай) мовы ў значнай ступені накіравана на выказванне нямоўнага зместу, агульнага сэнсу. Хутчэй за ўсе культуралагічны аспект мовы адносіцца да плану зместу: справа не столькі ў прыемах выказвання, моўных сродках, сколькі ў змесце выказвання, г.зн. у сукупнаці заключаных у элементах мовы лексічных і граматычных значэннях. Зместам мовы не з'яўляюцца тыя ідэі, якія з дапамогай яе атрымліваюць матэрыяльнае выражэнне, але яны і неабыякавыя для мовы: элементы мовы нясуць на сабе адбітак ідэй. Камунікатыўная сутнасць мовы датычыць зместу моўных адзінак, але толькі часткова ен падтрымліваецца фармальна-матэрыяльнымі сродкамі выражэння.
Пошук шляхоў фарміравання моўна-камунікатыўнай культуры малодшых школьнікаў адбываецца перш за ўсе за кошт развіцця свабодных патэнцый, магчымасцей выказвання агульнага культуралагічнага сэнсу, новых значэнняў праз пашырэнне, удасканаленне ўласнай сістэмы моўных сродкаў. Гутарку ў дадзеным выпадку патрэбна весці пра тэндэнцыю ўзбагачэння і пашырэння семантыкі, звязанай з развіццем мыслення вучняў. Беларуская мова як родная дае малодшым школьнікам, напрыклад, свае словы для выражэння культуралагічнага сэнсу, а яшчэ больш выразна праяўляецца яе роля як стымулюючага фактару у пошуках новых значэнняў у розных моўных сітуацыях.
Неабходна пераасэнсаваць культуралагічную сутнасць роднай мовы, традыцыйна звязаную ў пачатковых класах толькі з матэрыяльнымі яе паказчыкамі, паставіць яе ў больш шырокі кантэкст, які датычыць ролі семантычных структур у фарміраванні камунікатыўнай культуры вучняў пачатковых класаў. Моўна-камунікатыўную культуру малодшых школьнікаў варта суадносіць не толькі са знешнім праяўленнем мовы, але і з унутранным зместам паняційных планаў моўных сродкаў, якія выкарыстоўваюцца для вырашэння камунікатыўных задач. Такія сродкі роднай мовы абазначаюць паняційна-эквівалентныя ўтварэнні, якія ўзнікаюць у працэсе моўнай каіунікацыі на аснове адэкватнага адлюстравання грамадска-культурных значэнняў. Зместавы бок моўнай камунікацыі выходзіць за межы ўнутрымоўных значэнняў, што вызначае надзейнасць моўнай камунікацыі ў пэўных умовах.
Звычайна не абмяркоўваецца пытанне аб камунікатыўнай вартасці і эфектыўнасці роднай мовы, але моўная сітуацыя, жыццевыя абставіны змушаюць яшчэ і яшчэ раз нагадваць аб гэтым. З пункту погляду камунікатыўнай культуры адносіны да беларускацй мовы як роднай вызначаюцца значнасцю і дастатковасцю яе семантычнай сістэмы для захоўвання і перадачы інфармацыі, класіфікацыйнай характарыстыкі, узроўнем складанасці і развіцця катэгорый, ступенню нармаванасці і кадыфікацыі, трываласцю моўных традыцый і інш.
Пераканаўчых адказаў пакуль няма на пытанні, што такое дасканаласць камунікатыўнай культуры, яе развітасць, багацце, у якіх адносінах яна знаходзіцца з культурай асобы ўвогуле. Патрабуе дэталевай распрацоўкі праблема абсалютнага і адноснага прагрэсу ў развіцці моўна-камунікатыўнай культуры асобы, пачынаючы з першых дзен мэтанакіраванага навучання і на кожным этапе яе развіцця.
Звычайна моўная адукацыя малодшых школьнікаў прадугледжвае камунікатыўную накіраванасць зместу як амаль што не самае галоўнае, хаця і найменш пэўнага з пункту погляду магчымасцей моўных сродкаў у фарміраванні камунікатыўнай культуры асобы, г.зн. наяўнасці гатовых магчымасцей выражэння і фарміравання адценняў думкі. Складанасць праблемы ў тым, каб у змесце моўнай адукацыі адлюстраваць семантыка-лексічнае і граматычнае багацце беларускай (роднай) мовы, вытанчанасць стылістычна-функцыянальнай дыферэнцыяцыі. Адсюль – адноснасць паняцця легкасці (сутнасць педагагічнага засваення мовы); сутнасць мовы – быць дастаткова складаным сродкам, каб адлюстраваць глыбіню думак і пачуццяў, культуру людзей. Калі ж гаварыць аб прастаце форм беларускай мовы для фарміравання камунікатыўнай культуры малодшых школьнікаў, то трэба мець на ўвазе яе структурную дасканаласць, мнагастайнасць семантычнай выразнасці, агульную лагічнасць сістэмы, збалансаванасць катэгорый. Тады спрошчанасць моўных канструкцый адмоўна ўплывае калі не на вывучэнне, то на яе выкарыстанне. Настаўнікі добра ведаюць, што ўласна матэрыяльныя або катэгарыяльныя асаблівасці мовы ствараюць асноўныя перашкоды ў яе вывучэнні. Хутчэй за ўсе пачуцце недастатковасці або перанасычанасці форм пры іх засваенні звязана з пераходам на нармаваную мову.
Такім чынам, фарміраванне моўна-камунікатыўнай культуры малодшых школьнікаў звязваецца з фарміраваннем вуснай і пісьмовай мовы на аснове норм беларускай літаратурнай мовы. Гэта адбываецца ў спецыфічных умовах, калі моўны вопыт дзяцей карэкціруецца пры вывучэнні заканамернасцей роднай мовы і пераходам на ўжыванне нармаваных форм.
Авалоданне малодшымі школьнікамі літаратурнай мовай з'яўляецца кантралюемым працэсам, пры якім ідзе засваенне ўсяго багацця моўных форм.. Беларуская мова выконвае шырокія функцыі сродка зносін (знешняя універсалізацыя); яна адкладвае у сябе, у сваім плане зместу і часткова плане выражэння нацыянальную спецыфіку (універсалізацыя унутранная). І развіцце моўна-камунікатыўнай культуры малодшых школьнікаў будзе паспяховым, калі ісці па шляху засваення, успрымання ў яе формах камунікатыўна-культурных дасягненняў беларускага народа. Сувязь нацыянальна-культурнага з фанетыкай і граматыкай можа апынуцца другараднай, калі камунікатыўная культура атаясамліваецца з пазнаннем сістэмы мовы. Можна канстатаваць, што нацыянальныя дасягненні фіксуюцца ў першую чаргу нацыянальнай мовай, што вызначае яе камунікатыўную каштоўнасць.
Для мовы як сродка мыслення і зносін, захавання гістарычнага вопыту важным з'яўляецца менавіта паняційна-лагічны план, камунікатыўныя магчымасці, семантыка-граматычная сістэма, пра якую заўседы гавораць мовазнаўцы.
Грамадска-гістарычнае развіцце не прыраўноўваецца да грамадска-стыхійнага працэсу. Калі ж гаварыць, што няма фактаў для інтэграцыі ў сферы моўна-камунікатыўнай культуры, то было б варта засведчыць дыферэнцыяцыю моўных сродкаў яе выражэння, і тады не застаецца па-за ўвагай працэс сінтэзу сэнсавага, камунікатыўнага, мысліцельнага бакоў. За кошт пашырэння функцый мовы забяспечваецца зручны выбар моўных сродкаў у працэсе зносін. Таму важна раскрыць, паказаць малодшым школьнікам камунікатыўную каштоўнасць беларускай мовы, яе дасканаласць.
Трэба верыць, што беларускай мове належыць вялікая будучыня, і вера гэтая заснавана не на эмоцыях. Сведчаннем таму з'яўляецца яе багацце і сіла, якую трэба раскрываць перад малодшымі школьнікамі, што можа зрабіць родную мову найлепшай базай моўнай адукацыі, выхавання новага пакалення. Пэўна, што сама беларуская мова стане ўжо не такой, як бачыцца нам, але гэта ўжо іншая праблема.
Такім чынам, моўная адукацыя на стадыі станаўлення і развіцця камунікатыўнай культуры малодшых школьнікаў схіляецца да паняційнай эквівалентнасці сэнсу і моўнай формы яго выражэння, стымулюючы фарміраванне думак пры дапамозе моўных сродкаў.
Лінгваметадычныя мэтавыя ўстаноўкі і задачы моўнай адукацыі. Беларуская мова як родная для дзяцей-беларусаў у роўнай ступені як і іншыя мовы ў той жа якасці з'яўляецца пленам адназначнай намінацыі чалавечых рэалій, мысліцельных катэгорый, сродкам фарміравання і выпрацоўкі "культурнай семантыкі". Беларуская мова ў пачатковых класах прыводзіць у дзеянне свае патэнцыі, знаходзіць самабытнае, характэрныя толькі ей шляхі і спосабы, якія, калі ўдасца, стануць здабыткам для вучня.
Мэтавыя ўстаноўкі працэсу навучання малодшых школьнікаў беларускай (роднай) мове дастаткова абумоўлены агульнаадукацыйнымі і выхаваўчымі мэтамі, скіраванымі на фарміраванне высокакультурнай асобы. Беларуская мова – прадмет вывучэння ў пачатковых класах, якая становіцца для вучняў мовай беларускай і сусветнай культуры, мовай культурных людзей. Сучасная беларуская мова выконвае гэтыя назначэнні, з'яўляючыся мовай пісьмовай культуры, жывой мовай культурных людзей, сродкам паўсядзенных зносін. На беларускай мове ствараюцца мастацкія творы і навуковыя працы, гэта мова тэатра, школы, газет і часопісаў, радые і тэлебачання, гэта мова навучання і выхавання, мова фарміравання культурнага чалавека. Тое, што гэтыя функцыі выконвае не толькі беларуская, але і руская мова як другая дзяржаўная мова ў Беларусі, узбагачае культуру беларусаў: яна фарміруецца з дапамогай дынамічнага сродка зносін людзей, здольнага перадаваць самыя новыя думкі, якія ўзнікаюць з дапамогай мовы і развіваюцца. І беларуская мова ад узаемадзеяння з рускай мовай выйграе: само навучанне і ўжыванне беларускай мовы становіцца з'явай агульнанароднай і нацыянальнай культуры.
Навучанне беларускай літаратурнай мове малодшых школьнікаў мае на мэце зберагчы мову і культуру народа, засцерагчы ад усяго таго, што можа пашкодзіць нацыянальным традыцыям. Вучывць роднай мове нашых дзетак – клапаціцца аб іх будучыні, аб будучыні беларускага народа. У розныя часы самым надзейным і эфектыўным спосабам захавання і развіцця культурных традыцый і мовы была моўная адукацыя падрастаючага пакалення, якое ў сваю чаргу будзе вучыць і перадаваць назапашаны культурны вопыт сваім нашчадкам.
Неупарадкаванасць, хаатычнасць і невыразнасць мовы дзяцей, з якой яны прыходзяць у першы клас, пераадольвае моўная адукацыя малодшых школьнікаў. Прастамоўе, ненармаванасць фанетыкі, лексікі і граматыкі, арудаванне гукаперайманнямі, штампамі ў пачатковых класах замяняецца на ўпарадкаванасць лексікона і граматычных форм, фарміраванне жывога моўнага чуцця.. Настаўнік клапоціцца аб тым, каб не абмяжоўваліся выразныя ўласцівасці роднай мовы дзяцей, знаемячы іх з лепшымі ўзорамі беларускай літаратурнай мовы. Пурызм у навучанні роднай мове малодшых школьнікаў, які праяўляецца толькі ў клопатах аб захаванні строгай традыцыйнай упарадкаванасці мовы дзяцей, у роўнай ступені як і бесшабашнасць у прыняцці ўсялякага новаўвядзення не могуць быць эфектыўнымі шляхамі моўнага развіцця асобы. Справа не ў памяркоўнасці і акуратнасці ўжывання моўных сродкаў і іх ацэнцы, а ў фарміраванні ў дзяцей моўнага густу, яго шырыні – адначасова – строгасці. У выбары і ацэнцы моўных сродкаў дзеці могуць памыляцца, але мове як з'яве рэчаіснасці, як агульнанароднай справе, якой вучыць настаўнік, падручнікі ў рэшце рэшт заўседы ўласціва прыняцце толькі самага каштоўнага і справядлівага.
Мова як культурная з'ява далікатная і ўразлівая. Настаўнік пачатковых класаў клапоціцца аб ей, фарміруючы ў дзяцей беражлівыя адносіны да роднай мовы, прыводзячы ў сістэму, у адзінства іх моўны вопыт, адмаўляючы ўсе непатрэбнае і прымаючы тое, што ўзбагачае мову вучняў.
Канчатковая мэта фарміравання моўна-камунікатыўнай культуры малодшых школьнікаў у працэсе навучання беларускай мове – авалоданне моўнымі сродкамі фарміравання ўяўленняў пра рэчаіснасць, узбагачэння думак і пачуццяў, дасягнення высокай свабоды, багацця і разнастайнасці семантыкі. Стварэнне духоўных каштоўнасцей як інтэры-, так і экстэрызаванага характару немагчыма без мовы. Моўна-амунікатыўная культура вучня звязваецца найперш з яго ўнутранным станам, які рэалізуецца ў знешніх праяўленнях праз моўныя сродкі. Узровень моўнай адукацыі дазваляе праяўляць у пэўнай ступені ўнутранны стан асобы. Аўтарытэт роднай мовы, яе распаўсюджанасць, іншыя паказчыкі не ў апошнюю чаргу звязаны і са ступенню развіцця багацця лексікі, гнуткасцю сінтаксісу, разгалінаванасцю словаўтварэння, мілагучнасцю вымаўлення. Тут варта адзначыць, што камунікатыўная каштоўнаць беларускай мовы на кожны момант неаднолькавая, нягледзячы на яе бязмежныя патэнцыі. Жыццевыя абставіны і свядомасць асэнсоўваюць – ні без недарэчнасці! – лінгвістычную значнасць, камунікатыўную вартасць і культурную каштоўнасць беларускай мовы. Гэта, канешне, афіцыйна падтрымліваецца па традыцыі разам з прызнаннем іншых моў і іх ролі ў фарміраванні культурных грамадзян, а не толькі для абавязковага вывучэння, агульнай адукацыі.
Для вызначэння мэтавай накіраванасці навучання беларускай (роднай) мове малодшых школьнікаў варта суадносіць моўную адукацыю са спецыфікай вучэбнага прадмета ў пачатковых класах, якая вызначаецца галоўным чынам характарам атрымліваемых вучнямі ведаў па мове: звесткі аб мове, якія даюцца ў пачатковых класах, маюць пазнаваўчую і камунікатыўную накіраванасць згодна мэтавым устаноўкам. Вучні пазнаюць мову як з'яву рэчаіснасці, раскрываюць значэнні ў працэсе пачуццева-вобразнага ўспрымання мовы, засвойваюць веды аб ужыванні ў моўных зносінах аспектных адзінак мовы (тэкстаў, сказаў, словазлучэнняў, слоў, марфем, гукаў), аб адрозненні іх з мэтай правільнага ўжывання. Гэта тыя веды, якія даюцца ў форме правілаў, прыемаў адрознення і ўжывання адзінак мовы, розных інструкцый і рэкамендацый па функцыянаванню мовы.
Але рэальнае гучанне мовы як пачуццевы факт -- гэта пачатак працэсу навучання мове, задача якога – навучыць пачуццёва-вобразнаму ўспрыманню знакавых элементаў мовы і суадноснасці іх з сэнсавым значэннем. Гэты працэс заканамерны тады, калi работа над рэальным моўным матэрыялам напаўняецца пэўным сэнсам. Рэальнасць мовы праяўляецца ў спалучэннi матэрыяльных з'яў (гучанне моўных элементаў) i iдэальных (сэнсавае значэнне моўных элементаў). Мова ёсць аб'ектыўная рэчаiснасць, якая iснуе па-за навукай аб мове i незалежна ад яе, i, каб аддзялiць мову ад яе канкрэтнай рэалiзацыі, патрэбен навуковы аналiз. Вучню прапаноўваецца мадэль сiстэмы мовы, элементы якой адлюстроўваюць матэрыяльную рэальнасць. Такая мадэль уяўляе сабой прадмет вывучэння, элементы якога падаюцца як эквiваленты лiнгвiстычных адзiнак, што забяспечвае iх частковую iнварыянтнасць. Моўныя адзiнкi - гэта элементы розных моўных мадэлей, але факт выдзялення iх дыктуецца ўнутранымi асаблiвасцямi прадмета вывучэння. Яны да той пары застаюцца самi па сабе, пакуль мы не змадэлюем iх.
Пачуццёвае ўспрыманне матэрыяльных кампанентаў сістэмы моўных адзінак характэрна для малодшага школьніка. Так, напрыклад, ён здольны вычляніць сказы з тэксту, словы і словазлучэнні са сказа, гукі і значымыя часткі са слова. У лінгвістыцы адзінкі мовы падзяляюцца на ярусы – фанетыка, лексіка, граматыка і апісваюцца абагульненымі паняццямі і катэгорыямі. Дзеці вучацца па пачуццёва-вобразных прыметах распазнаваць моўныя адзінкі, асэнсоўваюць іх, засвойваюць тэрміны «тэкст», «сказ», «слова», «гукі мовы» і інш.
У мэтах фарміравання пазнаваўчых інтарэсаў вучняў вызначаюцца адносіны паміж абагульненай граматычнай семантыкай (у прыватнасці значэнні роду, ліку, склону назоўнікаў, ліку часу, асобы дзеясловаў і інш.) і функцыянаваннем у мове адпаведных граматычных форм. Абагульненыя граматычныя звесткі даюцца малодшым школьнікам для выпрацоўкі ўменняўужываць такія формы ў мове, трансфармуючыся пры гэтым у камунікатыўныя. Такі падыход у навучанні беларускай мове даволі прадуктыўны. Ён прадугледжвае наяўнасць сувязей паміж элементамі моўнай з'явы як у межах прадмета (сінтагматычных), так і сярод з'яў рэчаіснасці (парадыгматычных).
На падставе вышэй адзначаных лінгваметадычных мэтавых ўстановак моўнай адукацыі малодшых школьнікаў можна сфармуляваць наступныя задачы:
• асэнсаванне беларускай мовы як знакавай сістэмы, пры дапамозе якой абазначаецца рэчаіснасць, адлюстроўваюцца думкі;
• азнаямленне з сістэмай беларускай мовы, якую ўтвараюць фанетычны, лексічны і граматычны ўзроўні, і фарміраванне на кожным з іх вуснай і пісьмовай літаратурнай мовы малодшых школьнікаў;
• засваенне мовы як сродка навучання, атрымання ведаў, фарміравання асобы;
• устанаўленне заканамерных сувязей паміж характарам моўнай дзейнасці і вынікам засваення мовы;
• развіццё мовы вучняў у функцыянальнай залежнасці ад колькасных і якасных паказчыкаў засваення моўных сродкаў;
• авалоданне уменнямі ўжываць сродкі выразнасці беларускай мовы ў адпаведнасці з мэтай выказвання, камунікатыўнай мэтазгоднасцю, умовамі зносін;
• выяўленне суадносін (іерархічных, генетычных. функцыянальных) паміж структурнымі элементамі мовы – тэкстам, сказам, словам, гукам;
• фарміраванне любві да роднай мовы, моўна-камунікатыўнай культуры малодшых школьнікаў на аснове іх агульнай культуры як суб'ектаў і субяседнікаў у працэсе ўзаемнага абмену выказваннямі, пры перадачы некаторага лагічнага зместу, выказванні волевыяўлення, пачуццяў, эмоцый.
Вырашэнне пастаўленых задач можа мець дзве ступені: 1) правільнасць, г.зн. нарматыўнасць мовы; 2) майстэрства моўных зносін, г.зн. уменне выбіраць найбольш дакладны па значэнні, стылістычна дарэчны, выразны, яркі варыянт выказвання (словы, словазлучэнні, граматычныя формы, сінтаксічныя канструкцыі і інш.).
Прынцыпы арганізацыі навучання малодшых школьнікаў беларускай мове адлюстроўваюць унутранную сутнасць мовы як складанага сістэмнага ўтварэння, устанаўліваюць правілы ўзаемадзеяння элементаў сістэмы ў працэсе іх функцыянавання, выяўляюць заканамернасці засваення і ўжывання мовы. Метадычныя прынцыпы як тэарэтычныя палажэнні дазваляюць арганізаваць навучальны працэс і прадбачыць яго вынікі.
У метадычных прынцыпах знаходзіць свае адлюстраванне сувязь методыкі навучання мове з лінгвістыкай, дыдактыкай, псіхалогіяй, што, безумоўна, павінна быць кіраўніцтвам для настаўніка пры арганізацыі адукацыйнага працзсу.
Для вырашэння задач вывучэння беларускай мовы як з'явы рэчаіснасці неабходна разгледзець яе істотныя прыкметы, якія ўтвараюць пачуццёва-вобразную аснову вучэбнага прадмета. Пачуццева-вобразнае ўспрыманне моўнай рэчаіснасці – базавы метадычны прынцып навучання беларускай мове (роднай) ў пачатковых класах. Рэальнае гучанне мовы як пачуццёва-рэальны факт - гэта пачатак працэсу ўспрымання мовы. На наступным этапе пачуццёва-успрымальныя знакавыя элементы мовы суадносяцца з сэнсавым значэннем. Гэты працэс заканамерны тады, калi работа над рэальным моўным матэрыялам напаўняецца пэўным сэнсам. Рэальнасць мовы праяўляецца ў спалучэннi матэрыяльных з'яў (гучанне моўных элементаў) i iдэальных (сэнсавае значэнне моўных элементаў).
Пачуццёвае ўспрыманне матэрыяльных кампанентаў сістэмы моўных адзінак характэрна ўжо для малодшага школьніка. Мова мае свае эмпiрычныя i абагульненыя прыкметы, якія разглядаюцца з пазіцыі іх успрымання і функцый: у лінгвістыцы – сістэма мовы, матэрыяльныя адзінкі мовы, абагульненыя катэгорыі, адносіны, узаемазалежнасць, а таксама нормы функцыянавання мовы; у псіхалогіі – моўная дзейнасць на розных узроставых этапах асобы, адлюстраванне псіхічнага стану сродкамі мовы; у методыцы вызначаюцца заканамернасці засваення мовы і тэхналагізацыя навучальнага працэсу. Для таго, каб сістэма моўных паняццяў, іх азначэнні, апісанне функцый моўных элементаў (адзінак) у мове былі паўнацэнным вучэбным матэрыялам, патрэбна навучыцца суадносіць знакавую сістэму мовы з нямоўнай рэчаіснасцю. Інакш кажучы, прадмет беларускай мовы ў пачатковых класах падаецца з пазіцыі лінгвістычнай тэорыі семантычнага апісання мовы.
Рэальнымi характарыстыкамi ўспрымання прадмета трэба лічыць зместавыя, якiя выдзяляюцца суб'ектам. З улікам дадзенай акалічнасці ў якасці аб'ектаў успрымання вызначаюцца тэкст, сказ, слова, гук, кожны з якiх мае свае ўласцiвасцi, якія праяўляюцца на узроўні вычлянення. Дзеці вучацца распазнаваць і вычляняць сказы з тэксту, словы са сказа, гукі са слова ў адпаведнасці з прынцыпам вычлянімасці элементаў мовы. У свядомасці вучня будуецца ланцужок узаемасувязей ад асэнсавання асаблівасцей тэксту як сродка матэрыялізацыі думкі да ўвасаблення яго праз адносіны структурных элементаў – сказа, слова, гука і ад асэнсавання асаблівасцей канкрэтных элементаў (прымет, функцыі) да моўнай дзейнасці, выказвання. У карысць дадзенага меркавання дзейнічае ў лінгвістычных даследаваннях палажэнне, што пры вывучэнні мовы, фарміраванні моўных паняццяў, вызначаюцца два падыходы "ад часткі да цэлага" або "ад цэлага да часткі". Першы падыход прадугледжвае экстрапаляцыю значнай колькасці прыватных дадзеных у галіне засваення мовы на цэласнае і канкрэтнае ўспрыманне і стварэнне структуры. Другі падыход ад цэлага да часткі знаходзіць усё большае прымяненне ў методыцы навучання мове, калі актуалізуюцца прыватныя з'явы мовы ў кантэксце.
Для авалодання беларускай мовай неабходна перш за ўсё выпрацоўка артыкуляцыйна-акустычных навыкаў. У дзяцей яны інтуітыўна развіваюцца яшчэ ў дашкольным узросце. У школе асэнсоўваюцца гэтыя дзеянні, прыводзяцца ў норму, ліквідуюцца недахопы. Галоўным чынам практыкаванні на ўспрыманне і ўжыванне моўных адзінак праводзяцца на аснове тэксту, які служыць дыдактычным матэрыялам. У працэсе пераймання на слых падабраных тэкстаў развіваецца моўнае чуццё вучняў, узбагачаецца іх мова. Натуральны шлях набыцця высокай культуры мовы, неабходным элементам якой з'яўляецца стварэнне тэкстаў, - гэта шлях засваення нармаванай беларускай мовы. У пачатковых класах тэкст вывучаецца пераважна практычным шляхам праз перайманне ўзораў, вычляненне моўных элементаў. Падбор дыдактычнага матэрыялу, з якога дзеці павінны вычляняць граматычныя формы, у прыватнасці сказы, засноўваецца на прынцыпе разумення значэння моўных адзінак у тэксце. Дзеці павінны інтэнсіфікаваць засваенне норм і традыцый ужывання граматычных формаў у звязнай мове. Для гэтага трэба навучыцца ўспрыманню граматычных формаў па пачуццёвых прыметах на паўнацэнным дыдактычным матэрыяле.
Вучэбны матэрыял для фарміравання сінтаксічных уменняў і навыкаў малодшых школьнікаў мае пераважна практычную накіраванасць - успрыманне моўных элементаў і практычная моўная дзейнасць вучняў. У тэкстах для навучання дзеці могуць знайсці і навучыцца ўжываць патрэбныя граматычныя формы: яны вучацца вычляняць сказы, у якіх пра каго або пра што-небудзь гаворыцца, засвойваюць формы прэдыкатыўных адносін, формы выказвання адносін да рэчаіснасці, суб'ектыўнай мадальнасці. Гэта матэрыяльная, пачуццёвая апора для фарміравання адпаведных моўных навыкаў. Нельга выказаць думку ў форме меркавання не ведаючы граматычных формаў – каардынацыі дзейніка і выказніка, парадку і сувязі слоў у сказе. Дакладней сказаць, засваенне граматыкі дае магчымасць параджаць думкі і перадаваць іх у тэксце, а таксама ўспрымаць, адчуваць, суадносіць выказванне з аб'ектыўнай рэчаіснасцю.
У сферы адносін паміж моўнымі элементамі дзейнічае прынцып сістэмнасці і функцыянальнасці, праяўленнем якога трэба лічыць не толькі вызначэнне тыповых прыкмет моўнай сістэмы ва ўсіх яе аспектах, але і нарматыўнай рэалізацыі гэтых прыкмет. Моўныя элементы, знаходзячыся ў пэўных адносінах паміж сабой, утвараюць адзінства і цэласнасць, але пры гэтым кожны элемент мае свае прыкметы і функцыі і існуе не ізалявана, а толькі ў супрацьпастаўленні з іншымі кампанентамі сістэмы.
Рэалізацыя моўнай сістэмы знаходзіць свае адлюстраванне не толькі ў моўнай норме, але і моўным узусе, паколькі прынцып сістэмнасці і функцыянальнасці ў навучанні беларускай мове як роднай не павінен пакідаць без увагі масавае і рэгулярнае ўжыванне ў мове дзяцей моўных адзінак, замацаваных практыкай зносін. Трэба адзначыць, што супрацьпастаўленне нормы і узуса ў навучанні малодшых школьнікаў беларускай (роднай) мове ў розных яго аспектах выразна праяўляецца, аднак даволі рэдка яно выкарыстоўваецца ў міжмоўных адносінах.
Асноўным прынцыпам развіцця моватворчых органаў дзіцяці з'яўляецца пачуццёвае ўспрыманне матэрыяльных асаблівасцей мовы. Методыка навучання беларускай мове дае магчымасць паказаць узоры мовы для пераймання і выпрацоўкі артыкуляцыйных навыкаў. Успрымаючы вусную мову, дзеці артыкулююць гукі і інтанацыю, без чаго нельга адчуць матэрыю мовы. Успрыманне і запамінанне адбудзецца, калі методыка навучання ўключае не толькі моватворчыя дзеянні, яле і свядомасць вучня.
Прынцыпам практычнага ўжывання беларускай мовы можа быць развіццё моўнага чуцця малодшых школьнікаў. Засваенне мовы, якое адбываецца інтуітыўна, падпарадкоўваючыся традыцыі, патрабуе ад настаўніка развіваць тэарэтычнае мысленне вучняў, фарміравання ў іх абагульненых моўных паняццяў. Такая праца, заснаваная на прынцыпе фарміравання разумення значэння моўных элементаў, дазваляе падвесці і зрабіць абагульненне моўнага вопыту, асэнсаваць законы мовы, навучыцца абстрагавацца ад матэрыяльных прымет мовы пры фарміраванні паняццяў, засваенні правілаў.
У пачатковай школе працягваецца заканамерны працэс авалодання малодшымі школьнікамі беларускай мовай. Прынцыпы навучання беларускай мове забяспечваюць высокі адукацыйны патэнцыял заняткаў на ўроках. Выконваючы моўныя дзеянні, вучні вызначаюць канструктыўныя элементы мовы, засвойваюць іх, вучацца назіраць і творча ўжываць моўныя адзінкі ў розных сітуацыях. Матэрыял для навучання падбіраюцца так, каб вучні ўвабралі ў сабе багацце і выразнасць форм беларускай мовы, каб павышалася іх моўная культура.
Адбор і структураванне зместу моўнай адукацыі. Навучанне беларускай мове з'яўляецца адукацыйным працэсам па фарміраванню актыўных моўных дзеянняў вучняў: фізічных, якія накіраваны на пачуццёвае ўспрыманне мовы, інтэлектуальна-эмацыянальных, якія даюць магчымасць думаць і выказваць адносіны да рэчаіснасці. Для таго, каб дзеці асэнсавана выконвалі моўныя дзеянні, неабходна вучыць іх пачуццёваму ўспрыманню і разуменню моўных адзінак, г. зн. суадносіць гукавыя комплексы мовы (сказы, словы, марфемы) з нямоўнай рэчаіснасцю; выказванню эмацыянальна-ацэначных адносін, г. зн. выразнасці мовы; запамінанню моўных формаў, г. зн. развіццю моўнага чуцця. Выкананне гэтых дзеянняў залежыць ад арганізаванага моўнага асяроддзя, дзе дзеці засвойваюць абагульненыя паняцці і тэрміналогію, г. зн. засвойваюць мову навукі аб мове.
Тэкст з'яўляецца непасрэдным кантэкстам, у якім функцыянуюць канстытутыўныя і неканстытутыўныя адзінкі мовы. На аснове прынцыпу вычлянімасці з тэксту выдзяляецца сказ як элемент тэксту, са сказа выдзяляецца слова як элемент сказа і са слова выдзяляецца гук як яго элемент.
Мову звычайна вызначаюць як сістэму сістэм, падкрэсліваючы яе складанасць, наяўнасць у ей разнастайных элементаў, на якія яна як адзінае цэлае раскладаецца. Пры гэтым трэба звярнуць увагу на тое, што мова, з аднаго боку, - гэта строга арганізаваная сістэма, пры расклалданні якой вывучаюцца яе элементы ў кантэксце больш буйных адзінак; з другога – мова ўяуляе сабой рухомую сістэму, якая адлюстроўвае зменлівую рэчаіснасць, а такая рэчаіснасць патрабуе адпаведных моўных формаў. Пэўна ж, што такі характар мовы прадугледжвае наяўнасць у ей адзінак, якія адрозніваюцца ступенню адцягненасці значэнняў.
Тэарэтычнае мовазнаўства не мае агульнапрынятых азначэнняў моўных элементаў, трэба меркаваць, па прычыне іх рознафункцыянальнасці.. Акрамя таго, у навуцы аб мове існуюць розныя накірункі, у якіх у залежнасці ад метадалагічных прадпасылак вывучэння мовы па-рознаму кваліфікуюцца вычляняемыя элементы і праводзіцца іх "стратыфікацыя". Трэба сказаць, што пад моўнымі адзінкамі з улікам іх комплекснасці ў мэтах практычнага прапедэўтычнага навучання мове, маўленчай дзейнасці мы разумеем такія элементы, якія ўзнаўляюцца, вычляняюцца адносна комплексных элементаў у сістэме мовы альбо ўтвараюцца непасрэдна ў моўных актах (маецца на ўвазе тэкст) па выпрацаваных у вопыце практычнай маўленчай дзейнасці правілах і заканамернасцях засваення мовы; і тыя , і іншыя элементы выконваюць уласцівыя іх прыродзе функцыі.
У залежнасці ад функцыянальных уласцівасцей, заканамерных парадыгматычных і сінтагматычных адносін паміж элементамі мовы, іх маўленчай значнасці ў пачатковых класах на гэтай аснове мэтазгодна вывучаць такія структурныя ўзроўні мовы, якія садзейнічаюць асэнсаванаму засваенню моўных з'яў і практычнаму авалоданню мовай; у сукупнасці яны ўтвараюць стратыфікацыю. Узровень тэксту – адзін з галоўных кампанентаў у структуры пачатковага навучання мове, на аснове якога як кантэксту разглядаюцца прыметы і функцыі канстытутыўных і неканстытутыўных элементаў.
Прыроджаная здольнасць чалавека да моўнай дзейнасці пастаянна і непарыўна развіваецца, таму што прадвызначаецца яна мовай як прыроднай з'явай у першую чаргу, і як такая мова ўключаецца ў чалавечую дзейнасць увогуле, якую ў дзяцей трэба развіваць, актывізаваць праз тэкст, першапачатковая функцыя якога – камунікатыўная.
Фарміраванне камунікатыўных уменняў і навыкаў у пачатковых класах – першаступенная задача, якая ў адносінах да ведаў аб мове ўключае засваенне звестак аб ужыванні ў тэксце аспектных адзінак мовы, аб адрозненні іх функцыянальных магчымасцей у моўных зносінах, нарматыўнасці і узуса. Калі безадносна да маўлення вывучаюцца моўныя формы і адзінкі, - гэта ўжо моўная кампетэнцыя, пад якой разумеецца веданне сістэмы мовы (сістэматычны курс мовы).
Есць і больш тонкае адрозненне паміж прапедэўтычным і сістэматычным вывучэннем мовы. Калі, напрыклад, з пазнаваўчай мэтай вывучаюцца адносіны паміж абагульненай граматычнай семантыкай і функцыянаваннем у мове адпаведных граматычных форм, тады такія веды адносяцца да сістэматычных. Калі ж моўныя факты вычляняюцца на фоне кантэксту для выпрацоўкі ўменняў правільнага іх ужывання ў маўленні, то такія веды трансфармуюцца ў камунікатыўныя.
Асэнсаванне канцэпцыi пачуццева-вобразнага ўспрымання мовы, распрацаванай І.І.Паўлоўскім, дае падставы выдзелiць чатыры ўзроўнi ў вывучзнні беларускай мовы малодшымi школьнiкамi: узровень тэксту, узровень сказа, узровень слова i ўзровень гука. На ўзроўнi тэксту закладваецца праграма выказвання. Менавiта яна з'яўляецца вядучай пры стварэнні тэксту. На дадзеным узроўнi асэнсоўваюцца сродкi, з дапамогай якiх узнiкае выказванне. Адным з такiх сродкаў з'яўляецца структура тэксту, якая адпавядае паслядоўнасці i лагiчнасці думкі.
На ўзроўнi сказа больш глыбока асэнсоўваецца тэкст, калі вычляняюцца яго элементы, якiя рэгулююцца адвольнай увагай вучняў да матэрыяльных элементаў мовы, суадноснымі з нямоўнай рэчаіснасцю. Гэтымi элементамi з'яўляюцца сказы, да якіх прыводзiць аналiз элементарнага саставу тэксту. Магчымасць выдзялення сказа з тэксту абумоўлiваецца навучаннем i звязана з фармiраваннем пэўных ведаў, такіх як, напрыклад, прэдыкатыўнасць сказа.
Узровень слова характарызуецца суадноснасцю моўнага знака з прадметам, дзеяннем, прыкметай прадмета, што вычляняюцца з саставу сказа ў адпаведнасцi з iх семантыкай. Дзецi пры чляненнi сказа на словы абапіраюцца на пачуццевае ўспрыманне мовы, вучацца рабіць прадметам сваёй свядомасцi слова. Не патрабуе спецыяльнага доказу тое, што сфармiраваная ў свядомасцi дзiцяцi гукавая структура слова з'яўляецца перашкодай пры фармiраваннi ўяўлення пра слова, сказ, тэкст як моўныя элементы.
На ўзроўні гукаў мовы прадугледжваецца вычляненне састаўляючых элементаў слова як мiнiмальных далей нечлянімых частак, якія характарызуецца па прыкмеце членападзельнасці і распазнавальнасці. У гукавай сістэме выдзяляюцца такія прыкметы, па якіх дзеці вучацца іх супрацьпастаўляць (параўн. супрацьпастаўленне галосных і зычных гукаў, цвердых і мяккіх, звонкіх і глухіх зычных). Усе гэтыя прыкметы гукаў камунікатыўна важныя. Метадычным прыемам вычлянення гука са слова з'яўляецца супастаўленне такіх слоў, якія супадаюць па гукавому саставу, за выключэннем аднаго гукавога элемента, далей нечлянімага, які служыць для адрознення гэтых слоў як значымых адзінак мовы (параўн. кот – кіт, лёд – мёд, лён – клён). Важна таксама паказаць вучням і такія гуказмяненні, якія не парушаюць тоеснасці (параўн. бераг – беражок, дуб – дубы і пад.) Незнакавасць моўных гукаў патрабуе ад дзяцей высокай ступені абстрагавання пры іх асэнсаванні.
Дзякуючы iдэi ўзроўневага вывучэння мовы можна вызначыць некаторую сукупнасць пераменных у сістэме мовы, якiя выконваюць фундаментальную ролю, сапраўды аб'ектыўна апiсваюць мову на дадзеным ўзроўні. Пры гэтым не парушаецца цэласнасць моўнай сiстэмы, якая вызначаецца перш за ўсё тым, што асаблівасцi не зводзяцца да якасцей яе элементаў, больш таго, памiж iмi могуць узнiкаць супярэчнасцi. Гэтыя супярэчнасцi ўплываюць на значэнне сiстэмы i з'яўляюцца крынiцай яе самаразвiцця. Самаразвiццё, самарэгуляцыя сiстэмы, г.зн. прыстасаванне да зменлiвых умоў, заснаваны на iнфармацыйных прынцыпах, якiя з'яўляюцца спецыфiчнымi для моўнай сiстэмы.
У агульным жа плане звесткi, якiя паступаюць ад усiх элементаў моўнай сiстэмы, пры функцыянаваннi iх у дадзены момант (механiзм зваротных сувязей) уздзейнiчаюць на функцыянаванне моўнай сiстэмы. Звесткi аб моўнай сiстэме, якiя фармiруюцца ў асяроддзi, вызначаюць яе стан, уздзейнiчаюць на ўласцiвасцi i забяспечваюць тым самым магчымасць кiравання працэсам навучання. Адсюль вынiкае, што ад характару звестак залежыць кiраванне адукацыйным працэсам, таму што кiраванне разумеецца як арганiзацыя мэтанакiраванай працы па разгляду сутнасцi i ўласцiвасцей моўнай сiстэмы ў цэлым i яе элементаў.
Развiццё навукі аб мове ўплывае на формы яе пазнання, а з'яўленне новых форм у сваю чаргу дазваляе зрабiць пераход да вывучэння заканамернасцей арганiзацыi матэрыi мовы. Гэта патрабуе мэтанакіраванай разумовай дзейнасці вучняў. Аснову яе складаюць пачуццёва-вобразныя ўспрыманні. Дзіця думае формамі, фарбамі, адчуваннямі. Гэтая асаблівасць – аб'ектыўная ісціна. Але гэта і аснова развіцця абстрактнага мыслення. Вопыт пачуццёвага ўспрымання дае магчымасць для абагульнення, раскрыцця заканамернасцей развіцця, сувязей і адносін. Мысленне мовазнаўчымі паняццямі грунтуецца на ўяўленні дзяцей пра мову. Пры гэтым трэба ўлічваць, што большасць мовазнаўчых паняццяў складваецца не толькі на аснове папярэднягя ўспрымання, але і на аснове агульных уяўленняў. Абстрактны характар граматычных катэгорый і формаў патрабуе паступовага і паслядоўнага іх фарміравання ў вучняў з улікам узроставых асаблівасцей і даступнасці вучэбнага матэрыялу.
Адбор і структураванне вучэбнага матэрыялу залежыць ад практычнага валодання малодшымі школьнікамі беларускай мовай і ўзроўня тэарэтычных уяўленняў аб сістэме мовы. Чым ніжэйшыя гэтыя ўзроўні, тым большая ўдзельная вага інтэгравання моўнага матэрыялу. Павышэнне ўзроўня моўнай адукацыі патрабуе большай дыферэнцыяцыі зместавых кампанентаў. Гэтая заканамернасць можа змяняцца на розных этапах моўнай адукацыі, але ў пачатковых класах яна адносна стабільная.
Суадноснасць інтэгравання і дыферэнцыяцыі моўнага матэрыялу мэтазгодна разглядаць на аснове структурна-кампазіцыйнага прынцыпу канцэнтрызма, сутнасць якога заключаецца ў паўторным вывучэнні матэрыялу, але з рознай ступенню інтэгравання і паглыблення. Напрыклад, у 2 класе агульнаадукацыйнай школы разглядаюцца словы, якія абазначаюць прадметы, дзеянні, прыкметы прадметаў, а ў наступных класах – гэта часціны мовы з уласцівымі ім лексіка-граматычнымі катэгорыямі. Тым не менш, у пачатковых класах структурна-кампазіцыйная суаднесенасць інтэграцыі і адпаведнай дыферэнцыяцыі моўнага матэрыялу можа змяняцца толькі на карысць інтэграцыі: "Тэкст", "Сказ", "Слова", "Гукі мовы".
На аснове канцэпцыі пачуццева-вобразнага успрымання моўнай рэчаіснасці распрацаваны адукацыйныя стандарты, вучэбна-метадычныя комплексы па беларускай (роднай) мове для пачатковых класаў.

Паўлоўскі І.І., доктар педагагічных навук
: wp-content -> uploads -> 2014 -> umodos -> kup
umodos -> Нацыянальны інстытут адукацыі палітыка беларусізацыі ў 1920-ыя гг
umodos -> Вучэбная праграма факультатыўных заняткаў па гісторыі Беларусі для вучняў ХІ класа агульнаадукацыйных устаноў
umodos -> Краязнаўства вучэбная праграма факультатыўных заняткаў для vi–ix класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Аўтар: Катовіч Наталля Канстанцiнаўна Мінск 2010 Тлумачальная запіска
umodos -> Навукова—метадычная установа «нацыянальны iнстытут адукацыi» мiнiстэрства адукацыi рэспублiкi беларусь
kup -> Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь
kup -> Канцэпцыя вучэбнага прадмета “Літаратурнае чытанне“ I ступень агульнай сярэдняй адукацыі
kup -> Міністэрства адукацыі
kup -> Канцэпцыя вучэбнага прадмета ”Літаратурнае чытанне“ I ступень агульнай сярэдняй адукацыі
kup -> Канцэпцыя вучэбнага прадмета “Навучанне грамаце” I ступень агульнай сярэдняй адукацыі
kup -> Канцэпцыя вучэбнага прадмета ”Беларуская мова“ I ступень агульнай сярэдняй адукацыі




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка