Кансерватыўна-манархічны друк як крыніца даследаванняў па сацыяльна-палітычнай гісторыі Беларусі пачатку XX ст



Дата канвертавання15.05.2016
Памер81.68 Kb.

powerpluswatermarkobject161684


Кансерватыўна-манархічны друк як крыніца даследаванняў па сацыяльна-палітычнай гісторыі Беларусі пачатку XX ст.

М. Забаўскі

БДПУ (Мінск)

Забаўскі М.М. Сучасныя падыходы да вывучэння крыніц па гісторыі Беларусі. Да 1000-годдзя Летапіснай Літвы: матэрыялы рэсп. навук.-тэарэт. канф., Мінск, 18 снеж. 2009.Мінск: БДПУ, 2009. – С. 123–128.

Ключавыя словы: манархія, ідэалогія, “іншародцы”, “іншаверцы”
Гуртаванне кансерватыўна-манархічнага лагера ў Беларусі адбывалася з пачатку XX ст. і часткова было абумоўлена няздольнасцю мясцовых улад самастойна ліквідаваць рэвалюцыйную хвалю. Ідэалагічнай асновай яднання крайне правых была сістэма заканадаўчай дыскрымінацыі яўрэйскага і польскага насельніцтва. Афармленне іх у арганізацыі пачалося з канца 1905 – пачатку 1906 гг. Менавіта ў 1906 і 1907 гг. актывізаваўся і праўрадавы перыядычны друк. У 5 заходніх губернях распаўсюджваліся з палітычных сталіц Расійскай імперыі і выходзілі на месцах дзесяткі часопісаў і газет, якія прапагандавалі тэрмін “Расія для рускіх”, выступалі за захаванне неабмежаванай манархіі, патрабавалі ўстанаўлення жорсткага рэжыму і дыскрымінацыі “іншародцаў”, і “іншаверцаў”. Яны даюць магчымасць прасачыць грамадска-палітычнае і нацыянальна-рэлігійнае становішча ў Віленскай, Віцебскай, Гродзенскай, Магілёўскай і Мінскай губернях у пераломны гістарычны перыяд. А самае галоўнае ў тым, што перыядычны друк дае магчымасць адчуць атмасферу эпохі і тым самым з’яўляецца каштоўнай гістарычнай крыніцай. Зразумела, што кожная з газет выражала і адстойвала пэўныя грамадска-палітычныя інтарэсы і гэта нельга не ўлічваць, аналізуючы змешчаную на яе старонках інфармацыю. Вызначым выданні, якія аказвалі найбольш значны ўплыў на насельніцтва і ўяўляюць пэўную навуковую цікавасць.

У першую чаргу гэта газета “Окраины России”. Яе заснавальнікамі былі прадстаўнікі рускай арыстакратыі, прафесуры, грамадскіх дзеячаў, купцоў, публіцыстаў. Рэдактарам газеты з’яўляўся П.Р.Бывалькевіч – беларус па паходжанню, а выдаўцом – П.А.Кулакоўскі. Першы нумар выйшаў 6 сакавіка 1906 г. у Санкт-Пецярбургу. “У гэты час, – адзначалі “Окраины России”, – палякі ўжо падрыхтавалі праект сваёй аўтаноміі і ўзнікла пагроза адзінству імперыі”. З гэтага дня і на працягу сямі гадоў (да 1912 г.) газета вяла раз’юшаную агітацыю, скіраваную супраць палякаў і каталіцкага касцёла [1].

У час спрэчак у I Думе газета “Окраины России” абрушылася з нападкамі на прыхільнікаў ідэі палітычнага адлучэння Паўночна-заходняга краю. “… вынікі выбараў паказалі, што руская зацікаўленасць у краі была праігнаравана… Больш таго, як выбаршчыкі, так і дэпутаты Дзяржаўнай думы сцвярджаюць, што яны будуць дабівацца рэформ у накірунку рэгіянальнай аўтаноміі і лакальным самакіраванні; у паветры – ідэя аб палітычнай аўтаноміі, часта можна чуць слова “сепаратызм””, – пісала “Окраины России”.

Прадстаўляючы сябе абаронцамі “рускага народа” у заходніх губернях, газета шырока выкарыстоўвала дэмагогію і разглядала яўрэйскі народ як заклятага ворага расійскай дзяржаўнасці і прывілеяванай нацыі. Антысемісцкая прапаганда дасягнула свайго апагея ў ходзе выбарчай кампаніі ў II і III Дзяржаўную думу.

Газета “Окраины России” з’яўлялась друкаваным органам “РУС” (“Рускага ўскраіннага саюза”), які аб’яднаў мясцовы “Саюз 17 кастрычніка” і СРН. Менавіта дзякуючы публікацыям на яе старонках мы даведаліся, хто каардынаваў дзейнасць правых сіл у Мінскай губерні. “Цэнтральнае месца ў час выбараў у Дзяржаўную думу на Заходняй ускраіне займаў архіепіскап Мінскі і Тураўскі Міхаіл, – пісала газета, – з ім раіліся, ён натхняў і падтрымліваў рускіх дзеячаў г. Мінска і яго губерні. Выбарам рускіх дэпутатаў у Думу ад Мінскай губерні мы абавязаны праасвяшчэннаму Міхаілу” [2].

Задачу аб’яднання “рускіх” людзей Заходняга краю ставіла перад сабою і шавіністычнае “Паўночна-Заходняе рускае веча”. У планы арганізацыі, створанай у снежні 1905 г. у Вільні ўваходзіла “абарона” інтарэсаў рускага насельніцтва ва ўсіх праявах палітычнага і грамадскага жыцця. Органам саюза была газета “Белая Русь”. Выдавалася з 19 лютага па 20 чэрвеня 1906 г. у Вільні. Заснавальнікам і выдаўцом быў А.А. Даронаў, рэдактарамі – М.М.Дзмітрыеў, Дз.І. Даўгяла, А.А.Ляхвіцкі. Газета выступала за пануючае становішча у Паўночна-заходнім краі “рускай” нацыі, да якой адносіла праваслаўных беларусаў, украінцаў, адмаўляючы іх нацыянальную і культурную самастойнасць.

Газета “Белая Русь” была не толькі грамадска-палітычным органам, але і літаратурнай крыніцай. Шматлікія матэрыялы з мастацкага жыцця Вільні і губерні друкаваліся ў рубрыцы “Тэатр і музыка” [3].

З матэрыялаў як праўрадавай, так і ліберальнай перыёдыкі мы высвятляем, што арганізацыі СРН, “РОС” існавалі ва ўсіх губернскіх і амаль ва ўсіх павятовых гарадах і мястэчках Беларусі. Яны актыўна дапамагалі адміністрацыі “рабіць выбары ” ў Думу. Тым больш, што ў дапамогу з Пецярбурга накіроўваліся інструктары, якія праводзілі агітацыю на месцах. У Пінску актыўную перадвыбарчую агітацыю з распаўсюджваннем пагромнай літаратуры праводзіў і сакратар У.М.Пурышкевіча І.М.Астроўскі. Ён так энэргічна выконваў ускладзеную на яго місію, што мясцовая паліцыя мусіла прыцягнуць “інструктара” да адказнасці за ўдзел у пагроме [4, с.124].

Найбольш спрыяльныя ўмовы для дзейнасці крайне правых былі ў Магілёўскай і Мінскай губернях. Шырокую агітацыю праводзіў Гомельскі аддзел СРН, узначальваемы царскім чыноўнікам Е.А.Брэнке. Разам з мясцовым чарнасоценцам А.Х.Давыдавым яны ўзначальвалі сходы крайне правых у Магілёве, Віцебску і інш. гарадах [4, с.124].

Атрымлівала субсідыі з урадавых фондаў і мела асабістую падтрымку П.А.Сталыпіна грамадска-палітычная газета велікадзяржаўна-шавіністычнага кірунку “Минское слово”. Рэдактары і выдаўцы Г.К.Шмід, Дз.Скрынчанка, І.Я.Паўловіч. Менавіта гэты орган друку дае магчымасць прасачыць, ў якіх умовах дзейнічала газета “Наша ніва” і фарміравалася беларуская нацыя ў пачатку XX ст.

З нумара ў нумар “Минское слово” друкавала матэрыялы, скіраваныя супраць раўнапраўя народаў Расіі, імкнулася дыскрэдытаваць беларусаў, беларускі друк, раіла выкрэсліць назвы Беларусь і беларусы. На старонках газеты падвяргаліся сакрушальнай крытыцы беларускія пісьменнікі Я.Купала, Я.Колас, Ф.Багушэвіч, Цётка і інш., беларуская мова. Аб’ектам шматлікіх нападкаў з’яўлялася газета “Наша ніва”. Газета распальвала нацыянальную варожасць супраць польскага і яўрэйскага народаў. У шматлікіх артыкулах заклікала губернскую адміністрацыю не абмяжоўвацца рэпрэсіямі беларускіх дзеячаў і “Нашай нівы”, а “вырваць зло ў самым корані”.

Праграму “Минского слова” працягвала газета “Минское русское слово”. Выдавалася ў Мінску з 17(30).6.1912 да 28.2(13.3) 1913г. Падтрымлівала ўрадавую нацыянальную і аграрную палітыку, адмаўляла нацыянальную і культурную самастойнасць беларускага народа [5]. У апошнім нумары перадала сваю праграму газеце “Северо-западная жизнь”.

Штодзённая грамадска-палітычная газета вялікадзяржаўнага шавіністычнага накірунку выдавалася з 10(23).8.1911 да 5.(18).9.1915 спачатку ў Вільні, а з сакавіка 1913 г. у Мінску на рускай мове. Рэдактар-выдавец – вядомы публіцыст, член віленскай чарнасоценнай суполкі “Крестьянін” Л.Саланевіч. “Северо-западная жизнь” адмаўляла этнічную, нацыянальную і культурную самастойнасць беларускага народа, прызнавала толькі рэгіянальныя асаблівасці краю [6]. Газета вяла барацьбу з беларускім нацыянальным рухам, абвінавачвала газету “Наша ніва”, беларускіх пісьменнікаў у сепаратызме і дзяржаўнай здрадзе.

Спрабуючы згладзіць класавыя антаганізмы ў Беларусі С.Кавалюк і Л.Саланевіч выступалі за аб’яднанне ўсяго “рускага”(беларускага) праваслаўнага насельніцтва краю з рускімі памешчыкамі на платформе велікарускага нацыяналізму для барацьбы супраць “польскага засілля”. “У беларускага селяніна, – адзначала папярэдніца “Северо-западной жизни” газета “Белорусская жизнь”, – няма класавай варожасці (да рускіх памешчыкаў – М.З.) і натуральна, што з яго боку не будзе перашкод для такога аб’яднання”. Праўрадавы друк імкнуўся ачарніць беларускіх сялян, паказаць іх няздольнымі да самастойнай палітычнай і культурнай дзейнасці. У “Северо-западной жизни” адзначалася, што просты народ краю маласвядомы, каб выступаць самастойна. “Стаць на чале народных мас, – пісала газета, – прамы абавязак мясцовага рускага дваранства” [7].

Велімі важнай крыніцай не толькі палітычнага становішча ў краі але і сацыяльна-эканамічнага жыцця насельніцтва, асабліва сялянства, з’яўляецца часопіс “Крестьянин”. Ён быў разлічаны, у першую чаргу, на заможнае праваслаўнае беларускае сялянства, выдаваўся штотыднёва ў Вільні з 1906 па 1915 гг. Заснавальнікам і выдаўцом быў С.Кавалюк. У выданні часопіса ўдзельнічалі П.Каранкевіч, Л.Саланевіч, А.Уруцэвіч. “Крестьянин” заклікаў умацоўваць асновы самадзяржаўя, працаваць “у рэчышчы рускіх пачаткаў у краі”, падтрымліваў сталыпінскую аграрную рэформу. Рэдакцыя часопіса тлумачыла, што галоўная мэта таварыства “Крестьянин” і аднайменнага часопіса “… дабіцца такіх умоў, пры якіх “беларускаму селяніну” аблягчалася б магчымасць пашырыць межы сваёй зямельнай дробнай уласнасці, а польскі элемент не меў бы магчымасці ўтрымаць буйную зямельную уласнасць у сваіх руках”. Адным з недахопаў урадавага ўказа ад 9 лістапада 1906 г. “Крестьянин” лічыў утрыманне асноўнай часткі зямлі памешчыкамі-палякамі, таму ён прапаноўваў устанавіць норму на памешчыцкую зямлю ў 300-400 дзесяцін, а астатнюю прадаць сялянам [8].

Часопіс “Крестьянин” з настойлівай паслядоўнасцю друкаваў матэрыялы супраць газеты “Наша ніва” і беларускай літаратуры ўвогуле, змяшчаў творы мясцовых аўтараў, урыўкі з твораў М.Някрасава, Л. Талстога. Таксама як і газета “Северо-западная жизнь” атрымліваў урадавую субсідыю.

Дзейнасць “Белорусского общества”, таварыства “Крестьянин” і аднайменнага часопіса была накіравана на актывізацыю работы крайне правых у нацыянальным руху. Так, на з’ездзе “народных прадстаўнікоў Паўночна-заходняга краю” ў жніўні 1908г. у Вільні было прынята рашэнне падтрымліваць урадавы нацыянальны курс і садзейнічаць аб’яднанню “рускіх” сельскіх дзеячаў для культурнай “працы ў духу рускіх пачаткаў у краі”. Па прыкладу сталічных “патрыётаў” у Вільні ў лютым 1912г. мясцовае рускае насельніцтва ў імкненні зберагчы нацыянальныя набыткі Расіі ў краі: веру, мову і народнасць, умацаваць духоўную і культурную сувязь з карэннай Расіяй. Старшынёй саюза быў абраны С.А.Кавалюк [4, с.158]

Самай буйной з манархічных партый быў “Саюз рускага народа”, створаны ў лістападзе 1905г. у Пецярбургу. Галоўны савет саюза выдаваў афіцыйны друкаваны орган – газету “Русское знамя”. Існаваў і правінцыяльны манархічны друк: газеты – “Русский народ” (Яраслаўль), “За царя и родину” (Адэса), “Сусанин”(Красноярск), часопіс “Мирный труд” (Харкаў), “Новое время” (Санкт-Пецярбург) і інш. На тэрыторыі Беларусі ў 1906-1908 гг. існавала 47 мясцовых аддзяленняў СРН. Гэта складала 3% ад усіх улічаных чарнасоценных арганізацый імперыі [9].

З 17(30).6.1912 да 12(05).1.1915 у Вільні аднавіла дзейнасць штоднёвая грамадска-палітычная газета праваакцябрысцкага кірунку “Белорусский вестник”. Орган “Беларускага таварыства” (рэдактар П.В.Каранкевіч) стаў рупарам беларускай буржуазіі і правінцыяльнага чыноўніцтва. Газета выступала супраць беларускага перыядычнага друку і кнігавыдання, сцвярджала, што беларуская мова спынілася ў сваім развіцці на фальклорна-этнаграфічным узроўні.

Падводзячы высновы, неабходна прыгадаць, што гістарычная каштоўнасць перыёдыкі, у прыватнасці кансерватыўна-манархічнага друку як гістарычнай крыніцы заключаецца ў важнасці падзей, працэсаў, лёсах асобных дзеячаў, які знайшлі ў ім адлюстраванне. На падставе матэрыялаў, пачарпнутых з часопісаў і газет, можна меркаваць пра палітычную сітуацыю ў Беларусі ў пачатку XX ст.; вызначыць умовы, у якіх фарміравалася беларуская нацыя.

Ролю арганізатараў урадавых, манархічных сіл у Віленскай, Віцебскай, Гродзенскай, Магілёўскай і Мінскай губерняў у нашаніўскі перыяд узялі на сябе газеты “Окраины России”, “Минское слово”, “Северо-западная жизнь”, “Виленский вестник”, “Крестьянин” і інш. Асабліва іх дзейнасць актывізавалася ў час выбарчых кампаній у Дзяржаўную думу. Акрамя таго, указаныя выданні пільна сачылі за дзейнасцю “сваіх” дэпутатаў ад Беларусі ў самой Думе і часта цытавалі іх выступленні. Для таго, каб прыцягнуць на свой бок беларускае праваслаўнае сялянства і зрабіць яго надзейнай апорай, рэдакцыі газет патрабавалі ад урада паляпшэння іх эканамічнага становішча часткова за кошт польскіх землеўладальнікаў, перадачы малазямельным на выгадных умовах часткі дзяржаўных зямель, а таксама аслаблення палітычнага ўплыву яўрэйскай буржуазіі.

Ігнараванне галоўных сацыяльна-эканамічных праблем, ігнараванне ў большасці насельніцтва агрэсіўнага антысемітызму абумовілі ўказам ўплыву крайне правых кансерватывных сіл і іх органаў друку, які суправаджаўся распадам большасці іх арганізацый к 1914 г. [9, с. 19].





: bitstream -> doc -> 3969
doc -> Шляхі зносін І транспарт у эканамічным развіцці полацка канца XVIII — пачатку XX ст. А. У. Канойка
doc -> Надрукавана: Спрэчныя пытанні. З гісторыі польска-беларускіх узаемаадносін у 1918-1945 гг. Генезі, кантэкст. Вынікі : Зборнік навуковых прац II і IV міжнар навук. – тэарэтыч канф., Мінск, 2010-1012 гг
doc -> У. В. Тугай, бдпу (Мінск)
doc -> Шостыя Міжнародныя Доўнараўскія чытанні
doc -> Аналіз крыніц па гісторыі гандлю ў беларусі другой паловы XVIII – першай паловы XIX ст
doc -> Шляхі зносін І транспарт у эканоміцы беларускага Палесся ў канцы XVIII — пачатку XX ст
doc -> Европа: актуальные проблемы этнокультуры, Материалы IV международной научно-теоретической конференции, Минск, 23 июня 2012, Бел гос пед ун-т им. М. Танка; ред кол. В. В. Тугай (отв ред.) [и др.] Минск, бгпу, 2012
doc -> Роля І месца купецтва беларусі ў працэсе генезісу капіталізму
doc -> Надрукавана: Гісторыя І памяць. XV-XX стст. Матэрыялы міжнароднай навуковай канферэнцыі (Гародня, 9-10 лістапада 2013 г.), / Пад. Рэд. А. К. Краўцэвіча І А. Ф. Смалянчука, Гародня 2014. – С. 304-312. Ключавыя словы




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка