Карціна першая першая сцэна ў салоне



старонка2/3
Дата канвертавання17.06.2016
Памер379.45 Kb.
1   2   3

Другая сцэна ў кліента
Тады Ана стамілася худнець.
АНА. Мінуў тыдзень. Я вам патрэбна?

ПАВЕЛ. Праходзьце.



АНА. Што вы жадаеце сёння?

ПАВЕЛ. Можа, пяройдзем на "ты"?



АНА. Не. Мяне задавальняюць толькі дзелавыя адносіны.

ПАВЕЛ. А я як раз хацеў, каб вы сёння адпачылі, нічога б не рабілі са мной. Мы б сядзелі, глядзелі доўга адзін на аднаго, не адрываючы захопленых вачэй, а калі б вочы стаміліся, то мы міла і вясёла гаварылі б за вячэрай.



АНА. Вы ўжо не хочаце, каб я схуднела?

ПАВЕЛ. Хачу.



АНА. Тады пра якую вячэру можна гаварыць?

ПАВЕЛ. Пра маю. Есці буду я, а вы гаварыць.



АНА. Я сытая па горла гаворкамі. Давайце я вас хутка абслужу і пайду. Я вельмі стамілася.

ПАВЕЛ. Ана з адным "н".



АНА. Што?

ПАВЕЛ. Вы сапраўды верыце ў тое, што прыйшлі сёння сюды працаваць?



АНА. Не.

ПАВЕЛ. Тады навошта ўсе гэтыя словы?



АНА. Затым, што я хачу пачуць ад вас, як я добра выглядаю, як я пасвяжэла, якая я стала стройная…

ПАВЕЛ. Вы добра выглядаеце, вы пасвяжэлі, вы сталі стройная. Што яшчэ вы хочаце пачуць?



АНА. Што я стала лёгкая, і вам стала лёгка на сэрцы…

ПАВЕЛ. Вы сталі лёгкая, і мне стала лёгка на сэрцы. Што яшчэ?



АНА. Што вы чакалі мяне і нудзіліся…

ПАВЕЛ. Я чакаў вас і нудзіўся. Што яшчэ, Ана?



АНА. Як жа мне сёння цяжка. Раней мне трапляліся толькі Пашы. Мне з імі было проста і зразумела. Раней мне ніколі не трапляліся Паўлы. І вось сустрэўся адзін. Як жа мне з вамі цяжка, Павел! Невыносна цяжка. Навошта вы пад мяне робіце падкопы, Павел?

ПАВЕЛ. Навошта вы селі на дыету, Ана?



АНА. Вы так сказалі.

ПАВЕЛ. Навошта вы селі на дыету?



АНА. Каб схуднець.

ПАВЕЛ. Навошта вы селі на дыету?



АНА. Я не магу сказаць.

ПАВЕЛ. Чаму? Тамму, што вам няма чаго сказаць альбо таму, што вам сорамна сказаць?



АНА. Тамму, што мне сорамна.

ПАВЕЛ. Ідзіце дадому, Ана.



АНА. Вы мяне праганяеце?

ПАВЕЛ. Так. Ідзіце.



АНА. Дык што ж вы кроў маю п'яце цэлымі шклянкамі?

ПАВЕЛ. Я не займаюся палітыкай, Ана. Я чакаю вас да сябе, калі вам стане не сорамна. Калі вы без усякай дурной сарамлівасці скажаце мне шчыра і непасрэдна, навошта вы схуднелі. А такой, як цяпер, я не хачу вас бачыць.



АНА. Гэта ўсё?

ПАВЕЛ. Усё.



АНА. Я ўсё зразумела.

ПАВЕЛ. Вось і добра.



АНА. Бывайце, Павел.

ПАВЕЛ. Да пабачэння, сціплае стварэнне.




Другая сцэна ў гасцях
Тады Ана стамілася хацець.
АНА. Паша, яны такія дрэнныя!

ПАША. Хто?



АНА. Яны! Цынічныя, халодныя, дзёрзкія! Як яны любяць здзекавацца. Чаму ты мяне не папярэдзіў! Ты ж ведаў, як мне будзе балюча! Ты ведаў і нічога не зрабіў.

ПАША. Пакарай мяне.



АНА. Паша, я больш не магу…

ПАША. А больш і не трэба. Пайдзем, я зраблю табе ўкладу.



АНА. Не кажы так! Я не жадаю, каб мяне ўкладвалі. Я жадаю, каб мяне кахалі, і я кахала.

ПАША. Усе гэтага жадаюць.



АНА. Абнімі мяне мацней, Паша. Яшчэ! Мацней! Задушы мяне!

ПАША. Я не буду цябе душыць. Я буду цябе кахаць.



АНА. Не трэба. Лепш скалеч мяне, знявеч!

ПАША. Што з табой?



АНА. Мне брыдка быць прыгожай! Я жадаю стаць пачварнай! Дзе ж усе пачвары? Чаму яны не ідуць сюды! Я іх хачу! Няхай яны прымуць мяне да сябе!

ПАША. Я тут.



АНА. пАчвара мая харошая. Чаму ты такі добры? Чаму ты не дрэнны?

ПАША. Так трэба для цябе.



АНА. Трэба жыць і для сябе, Паша. Нельга ж быць такім разумным і добрым. Гэта жорстка!

ПАША. Добра, добра. Я сапсуюся.



АНА. Хутчэй псуйся, калі ласка.

ПАША. Хочаш цяпер?



АНА. Божа, чаму тут так волка? Я ўся мокрая. Што здарылася?

ПАША. Нічога… Гэта на вуліцы ідзе дождж. Ён намачыў твае вочы.



АНА. Якія вільготныя мае вочы!

ПАША. Як першае мора ў дзяцінстве.



АНА. Чаму ж мае валасы сухія?

ПАША. Сёння асаблівы дождж. Ён не ўсюды лье. Ён палівае толькі абраныя вейкі.



АНА. Які дзіўны няправільны дождж, але мне трэба ісці. Дзякуй за ўсё.

ПАША. Вазьмі парасон.



АНА. Больш дажджу ўжо не будзе.

ПАША. Ты ўпэўнена?



АНА. Упэўнена. Занадта ўпэўнена.

ПАША. Вяртайся. Калі што.



АНА. Я вярнуся. Калі-небудзь.

ПАША. Дамовіліся.



Другая сцэна дома
Тады Ана вярнулася дадому.
Яна была напоўненая пакутай і злосцю, але патроху стала лагаднець. Дабрыня густа сцякала па яе ўнутраных органах, ад сэрца да верхніх і ніжніх канечнасцяў.

Калі ж дабрынёй акрылася ўся скура, востры прыступ болю сутаргава звёў яе схуднелае цела. Ана закрычала, прысела і паглядзела кудысьці ў неба. Неба перакуліла Ану да зямлі, і яна распласталася на голай падлозе. Матлялася галава, мітусіліся рукі, дрыжалі ногі. На голую падлогу з Аны выцякала цёплая салодкая вадкасць з крыві, кахання і брамелайна.
Тады Ана нарадзіла ананас.


КАРЦІНА ТРЭЦЯЯ

Трэцяя сцэна ў салоне
Тады Ана захацела падзяліцца сваім шчасцем.
АНА. Хочаш, я цябе пацалую?

УЛАД. Спакайней, спакайней, маленькая. Ты сёння надта вытанчаная. Мяне гэта палохае.



АНА. Так, я вытанчаная, я дзівосная, я жадаю ўсіх цалаваць. І няма чаго мяне так баяцца.

УЛАД. Я, здаецца, здагадаўся: ты заваявала цела Паўла.



АНА. А вось і не.

УЛАД. Ты сустрэла новую ахвяру?



АНА. Навошта так складана разважаць? Сёння цудоўны дзень. Мне добра, і ў мяне з'явіўся ананас.

УЛАД. Я заўважыў. З цябе нават можна маляваць палатно "Мадонна з ананасам".



АНА. Праўда, мой ананас прыгожы?

УЛАД. Я нічога не разумею ў маленькіх ананасах.



АНА. Хочаш патрымаць яго на руках?

УЛАД. Навошта?



АНА. Вазьмі. Гэта так прыемна. Толькі трымай яго акуратней. Вось так. Ты што-небудзь адчуваеш?

УЛАД. Нічога. Ананас як ананас.



АНА. Які ты чэрствы! Ты павінен адчуць пяшчоту.

УЛАД. Выбачай. Я ж несапраўдны батанік.



АНА. Не. Проста ты несапраўдная жанчына.

УЛАД. Раз мужчыны - несапраўдныя жанчыны, я тым больш не змагу зразумець усю пяшчоту ананасаў. Вазьмі яго назад.



АНА. Салодзенькі мой. Толькі мы можам цябе сілкаваць, песціць, пакуль ты маленькі. А мужчыны - такія эгаісты. Яны могуць толькі гуляць з табой, калі ты падрасцеш.

УЛАД. Цябе нясе сёння далёка.



АНА. Я з табой хацела падзяліць сваю радасць, а ты не гатовы да падзелу. Ты мяне расчараваў.

УЛАД. Значыць, у мяне сёння няма падставы для радасці.



АНА. А я лічыла, што ты крыху больш, чым мужчына. Што ты эмацыйны і вельмі мяккі. Але, нягледзячы на гэта, ты - мужчына. Як шкада.

УЛАД. Што з табой адбылося?



АНА. Многае.

УЛАД. За адну ноч?



АНА. Усяго за адну гадзіну. Мой свет стаў заселеным. Яго адкрыў неспадзявана адзін адчайны вандронік. А можа, яго выкінула моцнай хваляй або моцным лёсам на мой пясчаны бераг. Раніцай я зразумела, што адзіная на планеце Ана без “г” і з адным "н" не можа ўжо больш быць адзінай. Ніколі.

УЛАД. Так. Сёння мы безумоўна існуем з табой паралельна. Можа, ты зробіш маленькае намаганне, каб са мной перасекчыся?



АНА. А трэба?

УЛАД. Мне было б тады прасцей з табой мець зносіны. Хоць я і "штучная" жанчына. Ці якая там?



АНА. "Штучная" жанчына ніколі не зразумее сапраўдную. У нас аднолькавыя жаданні, але ў нас розныя органы.

УЛАД. Раней мы разумелі адзін аднаго сваімі рознымі органамі.



АНА. Не крыўдуй. Мы і цяпер выдатна ладзім. Я потым табе ўсё раскажу. Не, не ўсё. Таму што ўсё не трэба.

УЛАД. Сапраўдным жанчынам не трэба ўсё расказваць. Іх словы трэба складаць і дапісваць.



АНА. Вось і добра. Мы зноў разумеем адзін аднаго.

УЛАД. Мы правялі наш перпендыкуляр.



АНА. Так! Не пабаімся гэтага слова! Я ўсё-такі цябе пацалую.

УЛАД. Цалуй, маленькая.



АНА. У мяне да цябе ёсць яшчэ адна дзіўная просьба.

УЛАД. Гэта за твой пацалунак?



АНА. Не. Але калі хочаш, я магу яшчэ.

УЛАД. Хай сёння мае вусны адпачнуць. Дык што за дзіўная просьба?



АНА. У мяне яшчэ два кліенты. Ты пасядзіш з маім ананасам?

УЛАД. У якім сэнсе?



АНА. Прасачы, каб з ім нічога не здарылася.

УЛАД. А што з ім можа здарыцца?



АНА. Усякае. Яны ж такія далікатныя і безабаронныя - нованароджаныя ананасы. Ты не ведаў?

УЛАД. Я … здагадваўся.



АНА. За імі ўвесь час патрэбна вока ды вока.

УЛАД. Добра, я дагледжу.



АНА. Ты б мог яго пагушкаць на руках?

УЛАД. Гэта, каб ён лепш спеў?



АНА. Вось менавіта, каб лепш спеў. А яшчэ яго трэба будзе пакарміць.

УЛАД. У сэнсе паліць?



АНА. Так, калі ён захоча піць, ты дай яму трохі цёплай вадзіцы.

УЛАД. Калі ён захоча, то я яму, так і быць, не адмоўлю.



АНА. Дзякуй.

УЛАД. Мне не цяжка. Працуй спакойна і творча.



АНА. Значыць, я заўсёды магу разлічваць на цябе?

УЛАД. На мяне, калега, можна заўсёды.



АНА. Усё-такі мужчыны не такія дрэнныя, як пра іх думаюць.

УЛАД. Некаторых можна нават кахаць.




Трэцяя сцэна ў кліента
Тады Ана захацела падзяліцца сваім каханнем.
АНА. Павел, я прыйшла да вас…

ПАВЕЛ. Праўда?



АНА. Мне трэба вам…

ПАВЕЛ. Пачакайце, Ана. Не так хутка. Што гэта ў вас у руках?



АНА. Мой ананас.

ПАВЕЛ. Давайце, я аднясу яго на кухню.



АНА. Не. Яму трэба паляжаць. Дзе ваш ложак?

ПАВЕЛ. Пройдзем. Гэты задаволіць.



АНА. Цалкам. Ён цёплы і чысты.

ПАВЕЛ. Які ён слаўны, ваш ананас.



АНА. Вам ён таксама падабаецца?

ПАВЕЛ. Вельмі. Такі маленькі, мілы і свежы. Так і з'еў б яго цалкам.



АНА. Я яго таксама кахаю.

ПАВЕЛ. Хай адпачывае. А я і не мог падумаць, што вы да мяне так хутка прыйдзеце. Вы страцілі ўсякі сорам?



АНА. Страціла.

ПАВЕЛ. Вы цяпер ведаеце, чаму вы селі на дыету?



АНА. Цяпер ведаю.

ПАВЕЛ. Выдатна, Ана. Вы робіце поспехі ў асабістым жыцці. Спадзяюся, вы не хочаце зрабіць мне ўкладку?



АНА. Не хачу. Але я хачу вам сказаць, што ў наш час, Павел, вельмі актуальна мець цырульніка - палюбоўніцу. Вы б заўсёды выглядалі ідэальна, вы былі б дагледжаны. Я заляцалася б да вас. Вы былі б у мяне самым прыгожым і праз пяць, і праз дзесяць гадоў.

ПАВЕЛ. Вы згодны стаць маёй палюбоўніцай?



АНА. Цырульнікам - палюбоўніцай.

ПАВЕЛ. Пацалуйце мяне. Вам спадабалася?



АНА. Так.

ПАВЕЛ. Як вам спадабалася?



АНА. Як першы глыток піва ў паўдзённую спёку.

ПАВЕЛ. Выдатна. Працягваем цалавацца. Што цяпер вы адчуваеце?



АНА. Халадок, які прабег па спіне.

ПАВЕЛ. Гэта значыць далікатныя і хвалюючыя дрыжыкі?



АНА. Вельмі падобна.

ПАВЕЛ. Мае рукі шукаюць кроплі на вашым целе. Дзе ж мне іх знайсці? Падкажыце.



АНА. Навошта вы так шмат гаварыце?

ПАВЕЛ. Я люблю займацца каханнем і люблю ў гэты момант абмяркоўваць кожную секунду кахання.



АНА. Гэта каханне?

ПАВЕЛ. Пакуль мы гэтым займаемся, гэта каханне.



АНА. А пасля?

ПАВЕЛ. А пасля мы зноў будзем хацець кахання. Вы гатовы кахаць і абмяркоўваць?



АНА. Вядома.

ПАВЕЛ. Навошта вы паглядзелі на гадзіннік?



АНА. Прафесійная звычка. Я заўсёды ў пачатку працы з кліентам правяраю валасы на педыкулёз і гляджу на гадзіннік.

ПАВЕЛ. Але я ўжо не ваш кліент.



АНА. Выбачайце. Я не тое хацела сказаць. Я перад любым працэсам міжвольна аглядаю патыліцу і засякаю час.

ПАВЕЛ. Вы вырашылі са мной пайсці на рэкорд?



АНА. Не, не. Мне ўсё роўна, колькі будзе працягвацца наша каханне.

ПАВЕЛ. А мне не ўсё роўна.



АНА. Выбачайце.

ПАВЕЛ. Вы часта кажаце “выбачайце”. Гэта дрэнна.



АНА. Дык што ж мне рабіць?

ПАВЕЛ. Лепш не рабіць дрэнна. Тады не будзеце перапрошваць. Лепш зрабіце мне прыемнае.



АНА. Я пастараюся.

ПАВЕЛ. Якія ў цябе цяпер кранальныя вочы. Як быццам табе так невыносна добра, што ты можаш расплакацца.



АНА. Я дзіўна сябе адчуваю. Вам не здаецца, што дзесьці плача дзіця?

ПАВЕЛ. Я не чую. Твае вочы напоўнены страсцю і міласэрнасцю, як у маладых маці.



АНА. Я чую плач дзіцяці. Яно дзесьці побач.

ПАВЕЛ. Не можа быць. Я зноў хачу пазнаць сілу тваёй ласкі.



АНА. Мяне, здаецца, клічуць.

ПАВЕЛ. Глупства. Няўжо ты не хочаш яшчэ раз?



АНА. Яшчэ раз будзе занадта. Нам трэба трохі астыць і ўсвядоміць нашы пачуцці.

ПАВЕЛ. Твой жывот такі трапяткі. Ён дагэтуль не можа супакоіцца.



АНА. Не трэба больш.

ПАВЕЛ. Трэба. Твае вены апантана пульсуюць.



АНА. Можа, я дарма адмовілася?

ПАВЕЛ. Тады згадзіся. Я зраблю так, што нас ніхто не адважыцца трывожыць.



АНА. Я больш не пачую гукі плачу?

ПАВЕЛ. Не, толькі гукі кахання.



АНА. Толькі словы кахання?

ПАВЕЛ. Толькі думкі кахання.




Трэцяя сцэна ў гасцях
Тады Ана захацела падзяліцца сваімі думкамі.
АНА. Каханне так спусташае. Як быццам з цябе ўсё выцякае. Адбываецца поўнае абязводжванне арганізма, і хочацца піць, і хочацца праклінаць сябе за слабасць. Няўжо гэта была я? Але тады хто ж, як не я? Дзіўна! Як усё падсвядома дзіўна ўладкавана ў нашым целе. Часам мне здаецца, што каханне - гэтае самае цёмнае пачуццё. Яно цешыць смерць. Табе так не здаецца?

ПАША. Ты заўсёды такая змрочная па вечарах. На цябе так уплывае захад сонца?



АНА. Усё магчыма. Але, хутчэй за ўсё, у мяне вельмі блізка размешчаны органы кахання і сумлення, радасці і дэпрэсіі. Яны часта датыкаюцца і выклікаюць у мяне неадназначныя рэакцыі. Я часам, Паша, блытаюся, калі я кахаю, а калі проста любуюся. Я магу ўспомніць цябе і вельмі моцна захацець да цябе прыціснуцца, каб адчуць хваляванне твайго ўзбуджанага цела.

ПАША. Што ж табе перашкаджае?



АНА. Я не магу так хутка да цябе перамяшчацца. А калі я сяджу поруч з табой, вось як цяпер, я не адчувваю нічога.

ПАША. Зусім нічога?



АНА. Я не адчуваю ніякай цягі, толькі спакой, супакаенне і ўсведамленне таго, што ты мой надзейны і добры хлопец, з якім я жыву паўгода, але ўжо тыдзень я не бачыла цябе аголеным, а ты мяне. Ты паціху пратэстуеш, а я нічога не магу з сабой зрабіць. Ты, мусіць, на мяне вельмі злуешся?

ПАША. Я мужаюся. На цябе бескарысна злавацца. Цябе можна толькі пачакаць, і ты вернешся.



АНА. Колькі ты будзеш чакаць?

ПАША. Крыху-крыху.



АНА. А больш можаш?

ПАША. Магу.



АНА. Дзе ўзяць мне мужнасці, каб усё расставіць па месцах. Я ж ведаю, як гэта зрабіць, толькі нешта мне не дазваляе. Нейкі адзін орган.

ПАША. Я нават ведаю які. Але раз ён ёсць, трэба з ім лічыцца.



АНА. А мы можам быць мацнейшымі за яго?

ПАША. Не. Я нават часам думаю, што я рыю сабе дол сваім жа членам.



АНА. Як страшна…

ПАША. Не тое, каб страшна, але прывыкнуць можна.



АНА. Як хораша і смешна ты сказаў. Аказваецца, па вечарах ты таксама сумуеш. Як мы будзем жыць, Паша?

ПАША. Добра, пакуль жывецца добра.



АНА. Нягледзячы ні на што?

ПАША. У нас няма выбару.



АНА. Але мы можам удваіх узмацніць нашы жаданні?

ПАША. Калі ўдваіх, то можна.



АНА. Бывае, я веру ў свае мары. Асабліва я люблю перад сном уяўляць незвычайныя сітуацыі са сваім удзелам. Я пражываю фантастычнае жыццё. Яно нашмат цікавей і насычаней, чым рэальнае. За ўсе свае гады, можа, я не паспею нічога зрабіць надзвычайнага, геніяльнага, але я паспею гэтулькі перажыць у марах. Я змагу пабываць ва ўсіх краінах і ва ўсіх эпохах, пагутарыць з Ісусам Хрыстом і маленькім Валодзем Ульянавым, я магу нарадзіць тры тысячы трыста трыццаць трох дзяцей і пераспаць з кожным жыхаром двухмільёнага горада. Я практычна магу ўсё, але нават гэтага мне мала.

ПАША. Гэтага мала?



АНА. Катастрафічна мала. Часам чалавеку для поўнага шчасця менавіта цяпер балюча неабходна багатая порцыя кахання і толькі з адным адзіным чалавекам. Але ён не можа цяпер атрымаць гэтага чалавека і яго кахання. Тады адбываецца вялікая сусветная трагедыя, і ніхто яму не дапаможа.

ПАША. Журботная гісторыя. Так шмат усяго дзіўнага вакол, а трэба адно.



АНА. Бедныя мы, бедныя.

ПАША. Я ўспомніў цяпер сваю бабулю.



АНА. Што з ёй?

ПАША. Усё нармалёва. Яе даўно ўжо няма. Ведаеш, што яна сказала на скаргі людзей, якія яны бедныя і няшчасныя?



АНА. Што?

ПАША. "Якія вы дурныя. Шчасця і багацця вельмі шмат, толькі глядзіце ўважлівей. Яно хаваецца ў кожнай шырынцы!".



АНА. У цябе была дасведчаная бабуля.

ПАША. Хутчэй, мудрая.



АНА. Але, разумееш, Паша, шырынку знайсці лёгка, а вось жыць з гэтай шырынкай часам вельмі складана.

ПАША. Ды што ж мы так пакутуем сёння?



АНА. Таму што ў нас няма чарадзейнай палачкі.

ПАША. Але мы можам купіць чарадзейнае яечка.



АНА. Якое яечка?

ПАША. Чарадзейнае або любоўнае. Бабуля мне расказала старадаўні рэцэпт узмацнення кахання.



АНА. Арыгінальна.

ПАША. Не, усё вельмі банальна. Патрэбны дзесятак курыных яек.



АНА. Цэлы дзесятак?

ПАША. Не перабівай. Яйкі не павінны мець фабрычны штамп. Лепш купіць вясковыя. На рынку ў бабулькі. Дома гэтыя дзесяць яек ты па чарзе патроху трымаеш у левай руцэ і выбіраеш адно, на твой погляд, самае цёплае і адно самае халоднае. Гарачае яйка і ёсць тое самае - любоўнае. Загарні яго ў фатаграфію каханага чалавека. Гэта будзе яго адзежа. Потым яйка ў адзежы закапай у вазоне з зямлёй. Гэта будзе яго хатка. Потым у вазон пасадзі любую расліну, каб ніхто не здагадаўся, што хаваеш ты ў сярэдзіне вазона. Затым ты будзеш даглядаць расліну, як яйка. Нікому пра гэта не расказвай, а расліну назаві імем каханага чалавека. Пакуль расліна твая будзе расці і пахнуць, будзе дужэць і каханне.



АНА. Зразумела. А навошта халоднае яйка?

ПАША. Ледзь не забыўся найважнейшае ў гэтым працэсе. Халодным яйкам ты павінна накарміць каханага чалавека. Прыгатуй любую страву: салату, яечню, гогаль-могаль. Але пакармі яго не пазней як праз дваццаць чатыры гадзіны пасля таго, як ты пасадзіш расліну.



АНА. У гэтае трызненне можна верыць?

ПАША. Некаторым дапамагала. Ва ўсякім разе, ты можаш праверыць. Галоўнае, горача і захоплена даглядаць парастак кахання, тады ён не звяне. Калі ж табе ён абыякавы, то ніякае яйка не выратуе ваша каханне.



АНА. А калі мне стане ў цяжар гэтае каханне?

ПАША. Тады памяняй усё: яйка, фатаграфію, вазон, расліну, палюбоўніка і сябе.



АНА. А ранейшыя рэчы выкінуць з балкона?

ПАША. Можаш выкінуць, але іх можа падабраць іншая. Табе не будзе шкада страціць ранейшае каханне?



АНА. Я яшчэ яго не страціла.

ПАША. А мне здаецца, што ў нашым жыцці нешта беззваротна сышло.



Трэцяя сцэна дома
Тады Ана азірнулася.

Нікога не было. Яна агледзелася па баках і зразумела, што знік яе самы каханы ў жыцці ананас. Спачатку яна неяк млява спрабавала яго адшукаць, але потым канчаткова ўсвядоміла ўсю дурасць пошукаў.

Ана вырашыла ва ўсім разабрацца на наступны дзень. Для гэтага яна рашуча ўзяла ў рукі доўгія нажніцы, добранька іх завастрыла да бляску і састрыгла лішнія валасы каля скроняў, каб стала зусім лёгка рухацца сярод мужчын.
Тады Ана падумала аб помсце.


КАРЦІНА ЧАЦВЁРТАЯ

Чацвёртая сцэна ў салоне
Тады Ана пачала помсціць Уладу.
АНА. Мне балюча!

УЛАД. Не можа быць.



АНА. Не, ты мне зрабіў балюча. У цябе такія цвёрдыя рукі. Непрыемныя. Чаму ў мужчын такія грубыя рукі?

УЛАД. Яны баяцца прычыніць пяшчоту.



АНА. Якое выпрабаванне, калі ты расчэсваеш валасы. Больш не трэба.

УЛАД. Табе не падабаецца?



АНА. Не. Але гэта зусім не тое, пра што ты думаеш.

УЛАД. А пра што думаю я?



АНА. Аб сваёй незгрунтоўнасці. У цябе погляд незаможнага мужчыны.

УЛАД. Адкуль ты ведаеш, маленькая?



АНА. Я ўжо вялікая. Занадта вялікая, каб ведаць, што ў кінутых мужчын бездапаможныя вочы. Але іх зусім не шкада. Яны толькі раздражняюць.

УЛАД. Я настолькі жудасны?



АНА. Настолькі, што на цябе немагчыма глядзець.

УЛАД. Што са мной адбылося? У сваёй прафесіі я па-майстэрску навучыўся спакушэнню…



АНА. Але ў жыцці ты не навучыўся ўтрыманню.

УЛАД. Няўжо мае пальцы страцілі магію? Няўжо я сцёр аб валасы кліентаў усе рэцэптары, і зараз мае рукі не выпраменьваюць узаемнае жаданне?



АНА. Можа, валасы прывыклі да тваіх рук і ім патрэбны новыя пачуцці?

УЛАД. Можа. Усё можа быць. Але мяне зноў кінулі.



АНА. Нельга ж заўсёды быць першым.

УЛАД. Але ўжо ў які раз я другі. Мне надакучылі срэбныя медалі. Чаму апошнім часам мы стартуем удваіх адначасова і добра, а бяжым мы, аказваецца, розныя дыстанцыі. Я - стаер, які недарэчна трапіў на адну дарожку са спрынтэрам. Нам яшчэ бегчы і бегчы з бар'ерамі і перашкодамі, але мой спрынтэр ужо даўно фінішаваў.



АНА. Можа табе таксама перайсці на кароткія дыстанцыі?

УЛАД. Не хачу. Мусіць, маё прызначэнне ў прафесіі і ў жыцці ў бясконцым спакушэнні. І ні грама кахання. Яно ўсё сапсуе. Мне нельга ўлюбляцца. Як шкада, што каханне не прадаецца. Як добра, што займацца каханнем можна за грошы.



АНА. На жаль, не заўсёды. За грошы можна купіць толькі ананасы.

УЛАД. Калі нават каханнем нельга займацца за грошы, то навошта тады такія грошы?



АНА. Так. У гэтай справе грошы цалкам не патрэбныя.

УЛАД. Дзіўная рэч атрымліваецца: усе людзі жадаюць даць адно і тое ж і жадаюць атрымаць адно і тое ж, але ніхто, ні адзін чалавек у выніку не дае і не атрымлівае тое, што жадае. Прычым цалкам бясплатна. Гэта так па-дурному.



АНА. Затое гэта так натуральна. Як у прыродзе.

УЛАД. Не, так нельга. Я не хачу так. Я павінен верыць у каханне, у сяброўства…



АНА. Не вер. Нікому не вер. Яны цябе абдураць.

УЛАД. Нават ты?



АНА. А што я? І я магу. Няўжо я нейкая асаблівая?

УЛАД. Ты сёння ўся такая немагчымая. Не засмучай мяне канчаткова.



АНА. Чаго? Чаго ты хочаш?

УЛАД. Доказаў кахання.



АНА. Ад мяне?

УЛАД. Вядома. Ты павінна мне яшчэ адзін пацалунак за тое, што я даглядаў твой ананас.



АНА. Ах, так. У мяне быў ананас, але я яго не зберагла.

УЛАД. Я не вінаваты.



АНА. Вядома, не вінаваты. Ну, давай я цябе пацалую.

УЛАД. Не, не так. Так цалуюцца, калі развітваюцца з нябожчыкам.



АНА. Вось так?

УЛАД. Не, не тое. Так маці цалуе сына.



АНА. Можа так?

УЛАД. Ты не разумееш. Так цалуюцца толькі сябры, калі яны ўжо не сябры.



АНА. Я не магу па-іншаму.

УЛАД. Пацалуй мяне як жанчына, якая цалуе мужчыну. Зноў не тое. Гэта дзяжурна. Як жанчына. Жанчына! Яшчэ раз. Усё няпраўда. Толькі холад, застылае паветра. У цябе няма пачуццяў.



АНА. Я не магу адчуваць да цябе пачуцці. Ты - не мой мужчына. Ты нават не цікавіш мяне як мужчына.

УЛАД. А чаму? Я ж мужчына. Сапраўдны. Ты не ведала? Паглядзі на мяне. У мяне ж усё ёсць. Ты нават казала, што я больш, чым проста мужчына. Ты казала, што я эмацыянальны, чуллівы, пяшчотны, мяккі. Амаль як анёл.



АНА. Нават у анёлаў ёсць недахопы. А яшчэ ў анёлаў ёсць крылы. І іх часам адпускаюць на волю.

УЛАД. Чаму са мной так абыходзяцца? Я ж стараюся! Ты ж магла звярнуць на мяне ўвагу.



АНА. Не магла. У нас не супадае напружанне. Мы з табой розныя разеткі.

УЛАД. Калі я не напружаны для цябе як мужчына, чаму я не цікаўлю цябе як сябар?



АНА. Мужчына - сябар? Дзіўнае паняцце. Яго немагчыма вызначыць словамі. Гэта нават не інтрыжка. Гэты стан не падыходзіць для нас. Жанчыны ж не могуць сябраваць з жанчынамі, а мужчыны з мужчынамі.

УЛАД. Але ж сябруюць.



АНА. Што ты! Гэта не вечна. Так. Да пары да часу. Дакладней, усяго толькі да першага інстынкту сэксу. Як толькі нам дзесьці сцелюць пасцель, мы тут жа забываем пра сяброў.

УЛАД. Гэта значыць, спачатку інтым, а сяброўства прапаноўваць потым.



АНА. Потым, потым. Калі інтым не прапаноўваюць. Нават самая слабая сэксуальная цяга заўсёды мацней за наймацнейшае сяброўства.

УЛАД. Хоць твае словы і праўдзівыя, я табе не веру.



АНА. Тваё права. Мы выдатна будзем жыць і далей кожны са сваім меркаваннем. Толькі ты там, а я там. І толькі тут, на працы нашы думкі будуць супадаць.

УЛАД. Думкі аб тым, што нічога няма, але магчыма ўсё яшчэ будзе?



АНА. Менавіта так. Праўда, было б выдатна, каб я ўсё-такі памылілася.

УЛАД. На жаль, ты гэтага не дачакаешся.



АНА. Не зразумела.

УЛАД. Ты мяне больш не ўбачыш, і мы не даведаемся, памылілася ты або не. Я не буду больш рабіць прыгожымі людзей. Яны гэтага не заслугоўваюць. У іх брыдкія думкі. І словы. І ўчынкі. Я не маю настрою гэтую фальш хаваць сваім былым талентам.



АНА. Што ж ты будзеш рабіць, маленькі?

УЛАД. Паспрабую напісаць свой раман. Кажуць, на гэтым можна добра зарабіць.



АНА. Можна яшчэ і праславіцца.

УЛАД. Паспрабуем.



АНА. А як жа твае рукі?

УЛАД. З гэтага часу яны будуць спакушаць кнігамі. Да новых сэксуальных сустрэч, калега.





1   2   3


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка