Карціна першая першая сцэна ў салоне


Чацвёртая сцэна ў кліента



старонка3/3
Дата канвертавання17.06.2016
Памер379.45 Kb.
1   2   3

Чацвёртая сцэна ў кліента
Тады Ана пачала помсціць Паўлу.
АНА. Толькі не гэта, Павел. Толькі не гэта.

ПАВЕЛ. Але чаму?



АНА. Мусіць, я стамілася. Я не ў настроі. У мяне няма жадання. Я страціла натхненне, а без яго ніяк.

ПАВЕЛ. А ты пастарайся. Натхненне прыходзіць падчас працы.



АНА. Не, Павел, не. Я не буду табе сёння рабіць прычоску.

ПАВЕЛ. Так нецікава. Хтосьці абяцаў, што будзе даглядаць мяне, штодня сачыць за маёй прыгажосцю.



АНА. Я ведаю…

ПАВЕЛ. Хтосьці хацеў, каб я быў самым прыгожым на свеце…



АНА. Я памятаю…

ПАВЕЛ. А я сёння не самы прыгожы на свеце.



АНА. Для мяне нармалёвы.

ПАВЕЛ. Я не хачу быць нармалёвым. Я сёння хачу быць самым прыгожым, а я сёння не самы.



АНА. Але навошта табе ім быць, калі я і так тут?

ПАВЕЛ. Ах, вось як. Ана, вы не маеце рацыю. Як бы я выдатна ні выглядаў, вы павінны хоць нешта ўва мне паправіць. Хоць бы адзін раз правесці грабянцом, хоць бы вырваць адзін волас, але вы павінны што-небудзь зрабіць. Гэта для мяне важна.



АНА. Як-небудзь іншым разам.

ПАВЕЛ. Не будзе іншага разу. Усё ўжо здарылася, і вам больш нічога не трэба. Зараз вам усё роўна, як я выглядаю. Вы да мяне сталі раўнадушныя. Я прадчуваў, што нешта падобнае хутка адбудзецца. Нельга мець і першакласную палюбоўніцу, і першакласнага цырульніка адначасова. У выніку можна страціць усё. Скажыце праўду, Ана без “г” і з адным "н", вас цікавіць, што з намі будзе далей?



АНА. Цікавіць.

ПАВЕЛ. Вы маніце?



АНА. Можа, годзе мне “выкаць"?

ПАВЕЛ. Сапраўды. Пасля ўсяго, што адбылося, яшчэ і звяртацца да цябе на "вы".



АНА. Прабач мне.

ПАВЕЛ. Ты неймаверна прыгожая, калі злая.



АНА. Я не тое павінна казаць.

ПАВЕЛ. У цябе непрыемнасці?



АНА. Так. Я згубіла свой ананас.

ПАВЕЛ. Будуць яшчэ ананасы.



АНА. Як ты не разумееш. Ён жа мой ананас. Ён быў маім, а я яго згубіла.

ПАВЕЛ. Я памятаю, які ён быў мілы, свежы, зялёны. Але ж у свеце ёсць шмат іншых маленькіх і прыгожанькіх ананасаў.



АНА. Такога больш не будзе. Я павінна яго знайсці.

ПАВЕЛ. А калі яго больш няма? І ніколі не будзе? Ты будзеш моцна пакутаваць?



АНА. Я вытрываю страту. Але, можа, ён цяпер дзесьці ляжыць і пакутуе без мяне, а я нічога не магу зрабіць.

ПАВЕЛ. Скажы, што для цябе страшней: страціць мяне або ананас? Толькі падумай добра.



АНА. Цябе.

ПАВЕЛ. Сапраўды мяне?



АНА. Так.

ПАВЕЛ. Тады я скажу праўду. Ананас ты забылася ў мяне.



АНА. Ён у цябе? Пакажы мне.

ПАВЕЛ. Заўтра. Давай усё зробім заўтра.



АНА. Не, я павінна ўбачыць яго цяпер.

ПАВЕЛ. Я не магу яго паказаць.



АНА. Не можаш? Як жа так? Што ты з ім зрабіў?

ПАВЕЛ. З'еў. А што тут такога?



АНА. Не…

ПАВЕЛ. Купім яшчэ.



АНА. Не…

ПАВЕЛ. Купім яшчэ лепшы.



АНА. Такога ў нас больш не будзе.

ПАВЕЛ. Будзе-будзе.



АНА. Такой больш я не буду. Я назаўжды страціла ананас, а ты страціў мяне. Мяне ранейшую.

ПАВЕЛ. Як шмат мы страцілі. Мы сталі з табой такімі страчанымі.



АНА. І аднолькавымі. Я гэтага чакала і баялася.

ПАВЕЛ. Няўжо гэта дрэнна?



АНА. Вельмі. Чым бліжэй людзі, тым яны далей. Добра яшчэ тое, што ты пакуль мужчына з цёмнымі вачамі.

ПАВЕЛ. Гэта не так.



АНА. Ты не мужчына?

ПАВЕЛ. У мяне блакітныя вочы. Такія ж светлыя і пранізлівыя, як і ў цябе.



АНА. Дык гэта зман?

ПАВЕЛ. Не, гэта лінзы.



АНА. Лінзы. Вядома, лінзы. Звычайныя цёмныя лінзы.

ПАВЕЛ. Нешта змянілася?



АНА. Мы да праклёну сталі аднолькавыя. Як адна істота.

ПАВЕЛ. Ты нас баішся?



АНА. Баюся і вельмі выразна.

ПАВЕЛ. Няўжо мы такія страшныя?



АНА. Мы агідныя.

ПАВЕЛ. І што мы будзем зараз рабіць?



АНА. Зараз мы будзем рабіць цябе самым прыгожым на свеце. Ты гатовы?

ПАВЕЛ. Маральна гатовы.



АНА. Вось і прыступім.

ПАВЕЛ. Ты з кожным разам становішся лепшай і лепшай. Рухі тваіх рук вельмі прывабныя.



АНА. Будзь асцярожны. Я магу параніць.

ПАВЕЛ. Я думаў, табе прыемна слухаць пра сваё майстэрства.



АНА. Толькі на працоўным месцы. Паслухай, Павел. У мяне да цябе ёсць адно філасофскае пытанне.

ПАВЕЛ. Якое?



АНА. Як ты думаеш, што больш першаснае: плоць або душа, юр або каханне?

ПАВЕЛ. Мусіць, у пачатку былі похаць і юр.



АНА. Чаму не каханне? Чаму не душа?

ПАВЕЛ. Таму што, калі б у пачатку была душа, то Адаму не патрэбна была б Ева. Яму было б так добра аднаму на гэтай бязгрэшнай планеце.



АНА. Зразумела, Павел.

ПАВЕЛ. Цябе расчараваў мой адказ.



АНА. Не, зусім не. Мяне расчароўваюць твае валасы.

ПАВЕЛ. Што з імі не так?



АНА. У цябе з вушэй растуць густыя і брыдкія валасы. Іх трэба абстрыгчы.

ПАВЕЛ. Хай растуць.



АНА. Тады праз пяць гадоў, калі ты будзеш лысы, валасатымі ў цябе будуць толькі вушы.

ПАВЕЛ. Ну і няхай.



АНА. Тады ты не будзеш самым прыгожым мужчынам на свеце.

ПАВЕЛ. Тады абстрыгай.



АНА. Перадай, калі ласка, вось тыя доўгія нажніцы.

ПАВЕЛ. Яны дастаткова вострыя?



АНА. Дастаткова вострыя для чаго?

ПАВЕЛ. Каб мне не было балюча.



АНА. Балюча не будзе. Балюча толькі жанчынам пры родах, а ты ніколі не пазнаеш, што такое боль.

ПАВЕЛ. Я нічога не адчую?



АНА. Нічога. Раз - і ўсё! Вось так робяць Аны без “г” і з адным "н".

ПАВЕЛ. Я стаў дрэнна чуць. Што ты сказала?



АНА. Я сказала, што так робяць усё Аны з адным "н" з усімі дурнямі з двума "р".

ПАВЕЛ. Я нічога не чую. Ана! Я паміраю?



АНА. Так, ты паміраеш, Павел. Бывай.

ПАВЕЛ. Да пабачэння, жаночае стварэнне.



Чацвёртая сцэна ў гасцях
Тады Ана пачала помсціць Пашы.
АНА. Я прыйшла.

ПАША. Я рады.



АНА. Вось.

ПАША. Ты што-небудзь будзеш?



АНА. Не, не. Нічога не трэба.

ПАША. У цябе хтосьці закахаўся.



АНА. Хто?

ПАША. Не ведаю. У цябе на носе выскачыў прышчык.



АНА. Лепш бы ён адзін раз проста аддаўся, даў бы яшчэ грошай за каханне і знік назаўжды. А то ўлюбляюцца, мой вонкавы выгляд кампраметуюць.

ПАША. Якая ты пошлая.



АНА. Ды я наогул вульгарная. Не палохайся. Гэта не надоўга. Толькі на сёння. Паглядзі! Які прыгожы захад сонца. Дзіўна прыгожы. Я даўно не любавалася апошнім сонцам.

ПАША. Яно надта крывавага колеру. Заўтра будзе горача.



АНА. Выдатнае сонца! Яно заадно са мной.

ПАША. Вы нешта з ім задумалі?



АНА. Мы сёе-тое выканалі.

ПАША. Удала?



АНА. Амаль.

ПАША. Віншую.



АНА. А я віншую цябе.

ПАША. З чым?



АНА. З тым, што я застануся ў цябе на ноч.

ПАША. Ды быць не можа?!



АНА. Сапраўды.

ПАША. Мусіць, хтосьці памёр.



АНА. Што?

ПАША. Ёсць такая прымета: калі адбываецца нешта неверагоднае, то па прычыне смерці кагосьці ў лесе.



АНА. Глупства. Проста я засумавала па табе. Сапраўды засумавала. Зараз мы будзем жыць як раней. Я буду пасля шасці вечара добра сілкавацца і займацца каханнем.

ПАША. Ты пакончыла з дыетай?



АНА. Так. Зараз я буду есці ўсё. Толькі не ананасы.

ПАША. Вось і выдатна, а то я хваляваўся, што ты пакрыўдзішся.



АНА. За што?

ПАША. За тое, што я з'еў твой ананас.



АНА. Які ананас?

ПАША. Твой. Ты пакінула ў мяне ананас. Я да іх абсалютна раўнадушны, але часам так захочацца. Вось і раніцай раптам так захацелася. Да курчу ў роце. Я яго адзін цалкам з'еў.



АНА. Паўтары, што ты сказаў.

ПАША. Я яго цалкам з'еў адзін і нічога табе не пакінуў.



АНА. Нічога?

ПАША. Ні кавалачка.



АНА. І табе было смачна?

ПАША. Як ніколі.



АНА. І ты не папярхнуўся?

ПАША. Ні разу.



АНА. І ты не ўдавіўся?

ПАША. Не.



АНА. І ты не задушыўся?

ПАША. Табе ананаса для мяне шкада?



АНА. Паша, Паша, што ж ты… Для цябе мне нічога не шкада. Ты ніколі не будзеш цяпер галадаць. Я накармлю цябе сваім запалам уволю. Павер ужо мне. Я давяду табе сваё каханне. Толькі я не магу зразумець, чаму ты не ўправіўся са сваёй слабасцю да маленькага ананаса?

ПАША. Я не змог. А ты змагла б?



АНА. Я? Мусіць… А няўжо са слабасцямі можна дужацца? Іх можна толькі задавальняць.

ПАША. Вось такі і я. Вельмі слабы.



АНА. Па Еўропе блукае здань. Здань ананаса.

ПАША. Што?



АНА. Ужо нічога. Ты ведаеш, я раздумала. Я не застануся ў цябе.

ПАША. Я так і ведаў. Ты на мяне пакрыўдзілася.



АНА. Гэта не крыўда, Паша. Я ў цябе яшчэ застануся. Вельмі хутка. Але толькі як твая жонка. Ты згодны?

ПАША. Ты мяне зноў разыгрываеш?



АНА. Я, як ніколі, сур'ёзная. Пакуль я не раздумала, згаджайся. Больш я прапаноўваць не буду.

ПАША. Я згодны.



АНА. Тады заўтра раніцай сустракаемся ў загсе. Не забудзь узяць пашпарт.

ПАША. Я гэтага ніколі не забуду.



АНА. Пацалуй мяне далікатна. Цяпер яшчэ раз. І яшчэ. Вось так. Я стала крышачку больш упэўненая. Цяпер мне вельмі добра.

ПАША. Не сыходзь. Мы павінны адзначыць гэты дзень.



АНА. Гэты дзень адзначаць не трэба. У нас будзе яшчэ свята. Вялікае свята.

ПАША. Можа, павячэраем разам?



АНА. Не. Мне трэба сесці на новую дыету. Нявеста павінна выдатна выглядаць. А твая жонка павінна быць проста бездакорнай. Яна павінна вылучацца і сваім знешнім выглядам, і сваімі ўчынкамі.

ПАША. Калі ты так вырашыла…



АНА. Так, так будзе лепш.

ПАША. Можна я цябе яшчэ раз пацалую?



АНА. Цяпер толькі на вяселлі.

ПАША. На вяселлі дык на вяселлі. Я кахаю цябе.



АНА. Я цябе таксама кахаю. Ты нават не ведаеш, як я цябе кахаю. Я так цябе кахаю, Павел!

ПАША. Ты ніколі мяне гэтак не называла.



АНА. Час ужо станавіцца Паўлам, Паша.

ПАША. Я ўсё зраблю для гэтага, дарагая.



АНА. Да заўтра, дарагі.

Чацвёртая сцэна дома
Тады Ана вярнулася дадому з новай мэтай і з вялікім пакетам.

З пакета яна пачала даставаць набытыя ў кветкавай краме кактусы ў вазонах.

Кактусы былі маленькія, вельмі маленькія, сярэдніх памераў і высокія. Адны ўжо квітнелі, іншыя толькі збіраліся распускацца, трэція ганарыліся бясплоднай магчымасцю. Кактусы адрозніваліся і памерам сваіх іголак.
Ана доўгімі вострымі нажніцамі з зачараваннем стрыгла іголкі кактусаў, як быццам гэта былі кучаравыя галовы яе кліентаў. Калі прычоскі былі скончаны, Ана падмяла ўпалыя іголкі, памыла ўсе пастрыжаныя кактусы, выцерла іх махрыстым ручніком і доўга ўпівалася іх стыльнымі, ганарлівымі і кароткімі стрыжкамі.
Потым Ана, узяўшы нож з відэльцам, нарэзала сакавітую зялёную мякаць і пампезна адпраўляла яе ў свае нутро.

Спачатку было ўсё новым і непрыемным. Потым жаданне і апетыт узялі сваё. Ана адчула сваю сілу. Новая дыета атрымлівалася на славу.

Ана супакоілася толькі тады, калі адчула першыя сімптомы новага жыцця.
Тады Ана засмяялася так радасна, як ніколі ў мінулым жыцці.

ЗАСЛОНА









1   2   3


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка