Картка Геральдыка Гісторыя Дарэвалюцыйны перыяд



старонка1/4
Дата канвертавання17.06.2016
Памер0.71 Mb.
  1   2   3   4
Змест:

Візітная картка

Геральдыка

Гісторыя

Дарэвалюцыйны перыяд

Рэвалюцыйныя падзеі і ўстанаўленне Савецкай улады

Вялікая Айчынная вайна

Пасляваенны перыяд

Прырода

Геалагічная будова, карысныя выкапні, рэльеф

Водныя рэсурсы

Рэкі



Азёры

Раслінны і жывёльны свет



Заказнікі

Эканоміка

Сельскагаспадарчыя арганізацыі

Буйнейшыя прадпрыествы:

Дабрамыслянская ГЭС

Лёзненская ПМС



Лёзненскі льнозавод

Лёзненскі філіал ААТ “Малако”

ААТ “Лёзненскі райаграсэрвіс”

Лясная гаспадарка

Транспарт

Сувязь

Бытавое абслугоўванне

Медыцына

Фізічная культура і спорт

Асвета і культура

Асвета

Дамы і Палацы культуры

Музеі

Рамёствы

Друк

Рэлігія

Помнікі гісторыі культуры

Помнікі археалогіі



Гарадзішчы

Помнікі гісторыі

Палацы, сядзібы, паркі

Легенда пра Лёзна

Візітная картка
Лёзненскі раён размешчаны на ўсходзе Віцебскай вобласці. Утвораны 17 ліпеня 1924 года і ўключаны ў Віцебскую акругу. З 1938 г. у складзе Віцебскай вобласці. Лёзненскі раён мяжуе: з поўначы і захаду з Віцебскім раёнам; на паўднёвым усходзе з Сенненскім раёнам; на поўдні з Аршанскім і Дубровенскім; на ўсходзе з Руднянскім раёнам Смаленскай вобласці.

Плошча складае – 1,4 тыс. кв. км.

Насельніцтва па раёне складае 17,6 тыс. жыхароў, у тым ліку ў г. п. Лёзна – 6,7 тыс., на сяле 10,9 тысяч. Асноўнае насельніцтва – беларусы (86,7%), жывуць таксама рускія (10,7%), украінцы (1,2%), іншыя нацыянальнасці (1,4%).

Цэнтр раёна – гарадскі пасёлак Лёзна – размешчаны на левым беразе р. Мошна і знаходзіцца за 40 км ад Віцебска, за 270 км ад Мінска і за 12 км ад мяжы з Руднянскім раёнам. Раённым цэнтрам гарадскі пасёлак Лёзна стаў 17 ліпеня 1924 года.

У раён уваходзіць 166 населены пункт. Адміністрацыйна раён падзелены на 6 сельскіх саветаў: Бабінавіцкі, Веляшковіцкі, Дабрамыслянскі, Крынкаўскі, Лёзненскі, Яськаўшчынскі.

Па тэрыторыі раёна праходзіць чыгунка па лініі Віцебск-Смаленск.. Аўтадарогамі звязаны з Віцебскам, Смаленскам, Оршай, Янавічамі, Арэхаўскам.


Літаратура:

1. Лёзненскі раён // Рэспубліка Беларусь : вобласці і раёны : энцыклапедычны даведнік / аўт. – склад. Л.В. Календа. – Мн., 2004. – С. 137–138.

2. Лёзненскі раён // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. / рэдкал. М.В. Біч [і інш.]. – Мн., 1993. – Т. 1. – С. 359.

3. Лиозненский район // Витебская область. Природа, туризм, спорт, отдых = Vitebsk region.The nature, tourism, sport, rest / под ред. Л.Л. Прокофьевой. – Витебск, 2005. – С. 192–199.

4. Лиозненский район // Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г.П. Пашков [и др.] ; под общ. ред. И.И. Пирожника. – Мн., 2007. – С. 290–291.

5. Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Лёзненскага раёна / рэдкал. І.П. Шамякін [і інш.]. – Мн., 1992. – 591 с.

6. http://vlib.by/pridvinie/index.php/leznenski-raion

7. http://liozno.vitebsk-region.gov.by

Геральдыка

Герб і флаг зацверджаны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 20 студзеня 2006 г. № 36.

Герб: у блакітным полі іспанскага шчыта – залатая кроква, пад ёю – герб “Агінец”. Вароты крэпасці, або трон чырвонага колеру, на якім крыж, або скіпетр срэбнага колеру.
Флаг: блакітнае палотнішча прастакутнай формы з суадносінамі бакоў 1:2. У ніжняй частцы палотнішча размешчаны ламаны пояс жоўтага колеру.

У 1555 г. Мікулінская воласць каралём Сігізмундам была падорана Рыгору Валовічу, старасце Мярэцкаму, а ў 1573 г. – ваяводзе Смаленскаму. Ягоная дачка Раіна (Рэгіна) Валовіч выйшла замуж за Багдана Мацвеевіча Агінскага і нерадала Мікуліна ў якасці пасагу роду князёў Агінскіх. Яе сын Самуэль Багданавіч Агінскі пры падзеле бацькоўскіх маёнткаў у 1625 г. атрымаў Мікуліна і Лёзна, якое, як сведчаць некаторыя крыніцы, было заснавана ў пачатку ХVII ст. князем Багданам.У 1654 г. Лёзна згадваецца ў дакументах як мястэчка. Пасля смсрці Самуэля Багданавіча ў 1657 г. адбыўся падзел уладанняў паміж яго сынамі. Старэйшы Сімон (Шымон) Караль Агінскі, ваявода Мсціслаўскі, валодаў Лёзнам да 1699 г. Пасля ягонай смерці мястэчка было падзелена паміж сынамі Багуславам, Марцыянам-Міхаілам і Аляксандрам. У 1786 г. Агінскія заснавалі тут каменную праваслаўную царкву. Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай мястэчка Лёзна ў 1870 г. ад Агінскіх перайшло да Храпавіцкіх, а пазней – да палкоўніка Шыбекі.

Такім чынам, асновай сучаснага афіцыйнага геральдычнага сімвалу Лёзна з’яўляецца герб “Агінец” – родавы знак князёў Агінскіх, якія на працягу даволі доўгага гістарычнага перыяду былі ўладальнікамі гэтага паселішча. Апроч фамілынай сімволікі ў гербе скарыстана такая геральдычная фігура, як залатая кроква. Яе можма разглядаць і як літару “л” – першую ў назве гарадскога пасёлка. Сналучэнне родавага знака былых уладальнікаў з разнастайнымі геральдычнымі фігурамі з’яўлясцца папулярным прыёмам у сучаснай геральдыцы.

Флаг распрацаваны з выкарыстаннем асноўных колераў і фігур гарадскога герба.

Аўтар герба М. М. Елінская, мастак А. У. Леўчык.
Літаратура:

1. Г. п. Лёзна // Адамушка, У.І. Геральдычны вянок Віцебшчыны / У.І. Адамушка, М.М. Елінская, С.В. Рублеўскі. – Віцебск : Віцеб. абл. друк., 2010. – С. 55, 56.

2. Лиозно // Адамушко, В.И. Гербы и флаги Беларуси / В.И. Адамушко, М.М. Елинская. – Мн., 2006. – С. 72, 73.

3. О гербе горпосёлка Лиозно // Сцяг Перамогі (Лёзна). – 2008. – 5 крас.

4. http://belaruscity.net
ГІСТОРЫЯ

Дарэвалюцыйны перыяд

Тэрыторыя сучаснага Лёзненскага раёна, як і ўсё Падзвінне, была заселена ў эпоху мезаліту.

У пісьмовых крыніцах 12 стагоддзя ёсць звесткі, паводле якіх землі, што ўваходзяць у сучасны Лёзненскі раён, знаходзіліся на мяжы Полацкага княства са Смаленскім. Ва ўмовах панавання натуральнай гаспадаркі гэтыя княствы паступова падзяляліся на больш дробныя. У прыватнасці, з Полацкага княства выдзелілася Віцебскае, у яго ўваходзіла Лёзненшчына. З сярэдзіны 13 стагоддзя ў сувязі з кансалідацыйнымі працэсамі на беларускіх землях і неабходнасцю абароны ад знешняй пагрозы (нямецкіх рыцараў-крыжакоў з Прыбалтыкі і Залатой Арды з усходу і поўдня), узнікла і пашырылася новае дзяржаўнае ўтварэнне – Вялікае княства Літоўскае.

У сярэднія вякі тэрыторыя сучаснага Лёзненскага раёна ўваходзіла ў Віцебскае княства і займала яго паўночна-ўсходнюю частку. У 1345 г. Альгерд стаў вялікім князем літоўскім, а Віцебскае княства захавалася ў дзяржаве як уласная спадчына вялікага князя. Насельніцтва было прыпісана да валасцей, з якіх збіралася даніна і адвозілася да вялікакняжацкага намесніка ў Віцебскі замак. Валасцямі па чарзе кіравалі віцебскія баяры, толькі ў пагранічныя дасылаліся намеснікі з двара вялікага князя. Феадалы паступова забралі ў свае рукі частку сёл і валасцей, але яны пераважна жылі ў Віцебску, а са сваіх сялян збіралі даніну. Да 15 стагоддзя апрацоўка паншчыны была выключэннем. Больш падрабязных звестак пра гісторыю гэтага краю не збераглося. Толькі ў пачатку 16 стагоддзя, пасля далучэння Смаленскага княства да Рускай дзяржавы, калі віцебскія землі сталі пагранічнымі, у дакументах з’яўляюцца назвы валасцей Лёзненшчыны. Упамінаецца сяло Выдрэя, якое належала да гаспадарскай (дзяржаўнай) воласці з цэнтрам у Любашкаве (цяпер у Віцебскім раёне).

Лёзна ўзнікла на землях Мікулінскай воласці ў канцы 15 ст. У 1654 г. Лёзна ўпамінаецца як мястэчка. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 г. Лёзна ўвайшло ў склад Расійскай імперыі як цэнтр воласці Аршанскага павета Магілёўскай губерні.

У 1831 г. у Лёзне праводзіліся кірмашы, на якіх гандлявалі цукрам, кавай, гарбатай, футрам, фарфоравым і іншым посудам, тытунём, скурамі, іншымі гаспадарчымі таварамі. Лёзненскія кірмашы не былі буйнымі, грашовы абарот быў не больш за 1500 рублёў. Гандаль у Лёзне пашырыўся пасля таго, як недалёка прайшла лінія Рыга-Арлоўскай чыгункі, рух па якой быў адкрыты ў 1866–1867 гг. З увядзеннем чыгункі на ўскраіне Лёзна з’явілася станцыя, да якой з Аршанскага і Горацкага паветаў, а таксама вёсак і мястэчак Смаленскай губерні везлі жыта, ячмень, авёс, лён, каноплі для адпраўкі ў Рыгу і Літву.

Прамысловасць Лёзненшчыны ў асноўным была прадстаўлена прадпрыемствамі па перапрацоўцы мясцовай сыравіны: папяровымі, запалкавымі, вінакурнымі, піваварнымі, гарбарнымі, ільнопрадзільнымі, мукамольнымі, дрэваапрацоўчымі.

У 1863–85 гг. у маёнтку Уна дзейнічала першая на Беларусі запалкавая фабрыка. Належала яна Рыжскаму акцыянернаму таварыству. Вырабляла шведскія запалкі з асіны.

У 1858 г. у мястэчку Дабрамыслі піваварнае прадпрыемства вырабіла прадукцыі на 189 рублёў, у Лёзне 2 піваварныя – на 307 рублёў, у фальварку Крынкі прадпрыемства па перапрацоўцы цукровых буракоў – на 1400 рублёў.

У 1867 г. у Лёзне і Бабінавічах працавалі гарбарныя прадпрыемствы (мелі па 2 рабочыя), у 1860 г. заснавана сукнавальня ў в. Чарніцы, у 1877 г. дзягцярны завод у в. Горбава (працавала 7 рабочых, даход 4 тысячы рублёў).

Побач з Дабрамыслямі ў мястэчку Перамонт у 1885 г. працавалі вінакурны, лесапільны заводы, вадзяны млын.

Сярод населеных пунктаў Лёзненшчыны найбольш вядомыя Бабінавічы, Дабрамыслі, Высачаны, Крынкі.

У канцы 19 стагоддзя вёскі Крынкі і Высокае ўваходзілі ў Высачанскую воласць Аршанскага павета. Усяго ў 1886 годзе ў Высачанскай воласці было 107 населеных пунктаў, 858 сялянскіх двароў з насельніцтвам 8061 чалавек.

На рубяжы 19-20 ст. Лёзненшчына была аграрным краем са шматлікімі гандлёвымі мястэчкамі. Статус горада меў толькі населены пункт Бабінавічы, які знаходзіўся тады ў Магілёўскай губерні.

У сацыяльнай структуры насельніцтва пераважалі сяляне і мяшчане – дробныя рамеснікі і гандляры, духавенства. Рабочых было вельмі мала з-за слабага развіцця вытворчых сіл.

У адным з самых буйных мястэчак, Лёзне, у пачатку стагоддзя прамысловых аб’ектаў не было, не лічачы двух млыноў – вадзянога і паравога, і ваўначоскі, уладальнікам якой быў Руман. Яна знаходзілася на Мікулінскай (цяпер Камсамольская) вуліцы. Патрэбы лёзненскіх мяшчан задавальнялі прыватныя крамы па продажы тканіны, абутку, харчавання.

Да рэвалюцыі цэнтрам культурнага жыцця быў будынак царквы.

Перамены, якія азначылі ўступленне Расіі ў перыяд імперыялізму, не маглі не адбіцца на сацыяльна-эканамічным развіцці і лёзненскай зямлі.

Адбываецца ўзбуйненне вытворчасці, узнікаюць новыя прамысловыя прадпрыемствы, у эканоміку Лёзненшчыны пранікае замежны капітал. Пераважнае развіццё атрымалі вытворчасці, якія спецыялізаваліся на перапрацоўцы мясцовай сыравіны – ільнопрадзільная, гарбарная, дрэваапрацоўчая, цагельная, папяровая, запалкавая.

З 1900 да 1905 г. дзейнічала лесапільнае прадпрыемства ў маёнтку Лёзна. У вёскі Касцяёва пры маёнтку памешчыка Е.П. Пакальнета былі лесапілка, млын, цагельны завод, ваўначоска, на якіх працавалі мясцовыя сяляне.

У гэты перыяд дзейнічаў цагельны завод “Чарніца”, уладальнікам яго быў Дунін.

У 1902 годдзе ў маёнтку Высокае пачала працаваць ільнопрадзільная фабрыка. Яе ўладальнікам быў аўстрыец Этрых. У 1913 г. фабрыка атрымала назву “Высачанская мануфактура”. У 1910 г. у в. Высачаны пачала дзейнічаць вучэбна-паказальная майстэрня са слясарна-кавальскім і сталярным аддзяленнямі.

Умовы жыцця і працы пралетарыяту Лёзненшчыны, як усёй Расіі, былі вельмі цяжкія. Так, на Высачанскай ільнопрадзільнай фабрыцы рабочы дзень працягваўся 12-13 гадзін.

Стан медыцынскай дапамогі насельніцтву быў нездавальняючы. Шпіталі ў м. Лёзна, с. Высачаны і г. Бабінавічы абслугоўваліся адным-двума медыцынскімі работнікамі.

Існавалі фельчарскія пункты ў вёсках Веляшковічы, Каралёва і інш. У в. Калышкі медыцынскай практыкай займаліся фельчар і ўрач. Толькі ў Лёзне і Бабінавічах прымалі дантысты.

У сельскай гаспадарцы асноўны зямельны фонд належаў памешчыкам. Працягваўся працэс размежавання сялянства. Выдзяляліся заможныя сяляне, якія выраблялі прадукцыю для рынку. Моцныя гаспадары ўкаранялі перадавую тэхніку на сваіх землях, павышалі культуру земляробства. Збяднелыя сяляне наймаліся ў батракі або падаваліся на промыслы – працавалі на сплаве лесу па рэках Лучоса, Дзвіна, абслугоўвалі Рыга-Арлоўскую чыгунку.

Аб узроўні духоўнай культуры асноўнай масы насельніцтва сведчыць стан народнай асветы. Напярэдадні Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі на Лёзненшчыне працавала 8 пачатковых школ, у тым ліку адно 4- класнае вучылішча ў м. Лёзна, народныя вучылішчы ў вёсках Веляшковічы, Буракі, Вялікае Сяло, Каралёва, Аргуны.

У 1850-х гг. у сяле Высачаны ўпершыню было арганізавана народнае вучылішча, у якім вучыліся чатыры гады. У в. Дабрамыслі дзейнічала народнае вучылішча. У Калышках працавала царкоўна-прыходская школа. З 1897 года ў Бабінавічах дзейнічала духоўная семінарыя. У Веляшковічах існавала царкоўна-прыходская школа для дзяцей заможных латышоў.

Распаўсюджванню ведаў сярод насельніцтва садзейнічалі бібліятэка-чытальня ў Высачанах, 2 бібліятэкі і кніжная крама ў Лёзне. Але гэтых навучальных і культурных устаноў было недастаткова. На тэрыторыі Лёзненшчыны пісьменнага насельніцтва было толькі 16 %.

Вялікі ўплыў на светапогляд лёзненцаў аказвала духавенства. На тэрыторыі раёна дзейнічалі праваслаўныя, іудзейскія, каталіцкія, лютэранскія рэлігійныя суполкі. У Калышках дзейнічалі 3 сінагогі. Праваслаўныя царкоўныя прыходы былі ў г. Бабінавічы, вёсках Веляшковічы, Замшына, Калышкі, Каралёва, Стасева і інш. У 1913 г. на тэрыторыі раёна існавала 10 праваслаўных храмаў і 1 каталіцкі касцёл.

У 1903–1904 гг. у некаторых гарадах і мястэчках Віцебшчыны былі створаны арганізацыі РСДРП. На Лёзненшчыне сацыял-дэмакратычныя групы ўзніклі ў мястэчках Крынкі і Калышкі.

У Лёзне за перыяд з 1901 па 1904 год адбыліся буйныя стачка і маніфестацыя, у якіх удзельнічала каля 40 чалавек.

Асноўная маса рабочых Лёзненшчыны была сканцэнтравана на Высачанскай ільнопрадзільнай фабрыцы.

22 ліпеня 1905 года на фабрыцы адбылася буйная забастоўка. Рабочыя патрабавалі павышэння заработнай платы, скарачэння рабочага часу, ветлівых адносін да людзей. Рабочыя працягвалі забастоўку да таго часу, пакуль усе іх патрабаванні не былі задаволены.

Сведчаннем узросшай палітычнай актыўнасці рабочых Высачанскай ільнопрадзільнай фабрыкі, іх салідарнасці з пралетарыятам усёй краіны сталі забастоўкі на прадпрыемстве ў час Кастрычніцкай усерасійскай палітычнай стачкі і Снежаньскага паўстання 1905 года.

Пад уплывам рабочага руху і бальшавіцкай агітацыі пачалі ўключацца ў рэвалюцыйную барацьбу і сяляне. У Дабрамыслянскай воласці быў створан гурток, якім кіраваў фельчар Зубрыцкі.

Прадстаўнікі сацыял-дэмакратычнай партыі распаўсюджвалі сярод сялян пракламацыі, якія заклікалі іх да барацьбы з прыгнятальнікамі.

Палітычныя чытанні, гутаркі, як правіла, праводзіліся ў трох месцах: у в. Дабрамыслі каля рэчкі, дзе стаяла царкоўная вартоўня; у Залмана Пятра, які жыў каля павароткі на в. Малькава па дарозе Дабрамыслі – Горбава; у в. Капусціна ў еўні і пуні Багамолава Селівестра і Кірэева Цераха.

У гады рэакцыі, якая настала пасля паражэння рэвалюцыі 1905-1907 гг., забастовачны рух на Лёзненшчыне пайшоў на спад. Многія члены сацыял-дэмакратычных груп былі арыштаваны або сасланы ў Сібір.

У студзені 1908 года адбылася стачка на станцыі Крынкі Рыга-Арлоўскай чыгункі.

Новы рэвалюцыйны ўздым садзейнічаў аднаўленню традыцый рабочага руху на льнопрадзільнай фабрыцы ў Высачанах. У чэрвені – ліпені 1914 года на фабрыцы баставала каля 500 чалавек. Рабочыя патрабавалі павелічэння заработнай платы, якая была мізэрнай.

Першая сусветная вайна значна пагоршыла становішча працоўных. Спынілі сваю дзейнасць многія прадпрыемствы: у Лёзне 2 булачныя, у Бабінавічах – вадзяны млын і гарбарны завод. Скараціліся пасевы пшаніцы, бульбы, паменшылася колькасць працаздольнага насельніцтва.

У час вайны ў Лёзне адбылася першая маёўка. У яе падрыхтоўцы прымалі ўдзел А. Котаў, Г. Ратамскі, В. Кляцкіна, Хайнсон, Файкман і іншыя.

Пачалі адраджацца разгромленыя ў гады рэакцыі арганізацыі РСДРП. Так, у верасні 1917 года ў Калышках пры актыўным удзеле З.П. Філіпоўскага была адноўлена група РСДРП (б).
Літаратура:

1. Агнищенко, Г. Великое княжество Литовское и Русское : страницы истории / Г. Агнищенко // Сцяг перамогі. – 2006. – 5 верас.

2. Бандарэнка, У. Паўстанцы на Лёзненшчыне / У. Бандарэнка // Сцяг перамогі. – 1998. – 2 чэрв.

3. Малахаў, В. Каля вытокаў гісторыі / В. Малахаў // Сцяг перамогі . – 1992. – 10 сак.

4. Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Лёзненскага раёна / рэдкал. І.П. Шамякін [і інш.]. – Мн., 1992. – 591 с.

5. Тихомирова, Н. На Соборной площади / Н. Тихомирова // Сцяг перамогі. – 2002. – 20 ліп.


Рэвалюцыйныя падзеі і ўстанаўленне Савецкай улады

Да 1919 г. на тэрыторыі, якая ўваходзіць у склад сучаснага Лёзненскага раёна, былі 4 воласці: Веляшковіцкая (уваходзіла ў склад Віцебскага павета Віцебскай губерні), Лёзненская, Высачанская, Дабрамыслянская (уваходзілі ў склад Аршанскага павета Магілёўскай губерні).

Праз два тыдні пасля перамогі Кастрычніцкага ўзброенага паўстання ў Петраградзе і абвяшчэння Савецкай улады надзвычайны сход сялянскіх таварыстваў Аршанскага павета прыняў рэзалюцыю аб прызнанні і падтрымцы Савета народных камісараў і ажыццяўленні Дэкрэта аб зямлі, выбраў часовае бюро па сялянскіх справах, у якое ўвайшоў і прадстаўнік ад Лёзненскай і Дабрамыслянскай валасцей - Камісараў. Бюро стала аддзелам Аршанскага павятовага ваенна-рэвалюцыйнага камітэта. Адным з першых у пачатку 1918 г. быў арганізаваны Бабінавіцкі местачковы Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Валасныя органы Савецкай улады ствараліся ў студзені, лютым і сакавіку 1918 г.

Звергнуць Савецкую ўладу першымі спрабавалі польскія легіянеры з корпуса генерала Доўбар-Мусніцкага, якія ўзнялі мяцеж у пачатку 1918 г. Яны размяшчаліся і ў раёне населеных пунктаў Высачаны, Крынкі, Бабінавічы і Дабрамыслі.

Для абароны заваёў Кастрычніцкай рэвалюцыі стварыліся ваенна-рэвалюцыйныя камітэты. 2 мая 1918 г. быў створаны Дабрамыслянскі РВК на чале з М.Л. Левянковым. У той жа дзень быў аб'яўлены прызыў у атрад Чырвонай гвардыі, у які запісалася 25 чалавек. Атрад у ліпені 1918 г. удзельнічаў у падаўленні контррэвалюцыйнага мяцяжу ў Дабрамыслянскай воласці. Пазней рэўкамы былі створаны ў Высачанах, Лёзне, Бабінавічах, Калышках, Веляшковічах.

У сакавіку-верасні 1918 г. у 12 паветах Заходняй вобласці было нацыяналізавана 31 прамысловае прадпрыемства, у тым ліку і Высачанская льнопрадзільная фабрыка. Аднаўлялася работа прамысловых прадпрыемстваў. Працоўныя змагаліся з эканамічнай разрухай, дапамагалі Чырвонай Арміі. Але становішча заставалася надзвычай цяжкім, рабочыя і служачыя цярпелі вялікія матэрыяльныя нястачы. У акце прыняцця ў Віцебскі павет і губерню Дабрамыслянскай воласці ў пачатку жніўня 1919 г. гэта становішча характарызуецца так: «Зямля ў воласці апрацавана не ўся з-за адсутнасці насення. Харчовае пытанне нездавальняючае. Насельніцтва моцна пакутуе з-за адсутнасці прадметаў першай неабходнасці: солі, цукру, газы, мануфактуры, кос, плугоў і г. д. На гэтай глебе моцна развіта спекуляцыя... У воласці ёсць адзіны культурны маёнтак «Зачэрня», у якім налічваецца 22 каровы, 5 коней і 10 галоў дробнай жывёлы. Зямлі апрацавана частка, астатняя пустуе. Акрамя таго, маюцца маёнтак «Перамонт», дзе зямля апрацоўваецца часткова, пяццю-шасцю сямействамі, і маёнтак «Заазер'е», дзе амаль уся зямля пустуе».

Ва ўмовах эканамічнай разрухі адбываліся пераўтварэнні ў галіне культуры. 29 верасня 1918 г. заснавана Лёзненскае культурна-асветнае таварыства, якое адкрывала школы для дарослых, бібліятэкі, хаты-чытальні, арганізоўвала народныя чытанні, лекцыі, народныя вечары, спектаклі, канцэрты, займалася пытаннямі пазашкольнага выхавання дзяцей. У 1918-19 гг. былі створаны Лёзненская грамадская бібліятэка з аддзеламі ў весках Завольша, Малькава, Лёзненскі гурток пралетарскай культуры, культурна-асветны гурток вёсак Матушова, Куляціна, Макаранкі. Адбываліся змены ў сістэме народнай адукацыі.

У жніўні 1919 г. адбыліся змены ў адміністрацыйна-тэрытарыяльным падзеле - Лёзненская, Высачанская і Дабрамыслянская воласці ўвайшлі ў склад Віцебскага павета Віцебскай губерні. Была прынята пастанова скасаваць гарадскі Савет заштатнага г. Бабінавічы, а замест яго стварыць пасялковы Савет. Паводле звестак, на 20 жніўня 1919 г. у Веляшковіцкай воласці было 13 631, у Лёзненскай - 9394, у Дабрамыслянскай - 10 122, у Высачанскай - 11 886 жыхароў.

У Лёзне насельніцтва было 2055, Калышках - 1433, Бабінавічах - 1386, Дабрамыслях - 603 чалавекі.

У сувязі з абвастрэннем абстаноўкі на фронце ў маі 1919 г. Лёзненскі валвыканкам прыняў тэрміновыя меры для ўзмацнення ваеннай работы. Сельскім Саветам было загадана ахоўваць чыгунку і масты, за выкананнем быў наладжаны строгі кантроль, быў праведзены збор грашовых сродкаў на карысць чырвонаармейцаў, якія па магчымасці забяспечваліся хлебным пайком, кватэрамі, агародамі.

Ва ўмовах грамадзянскай вайны цяжкае эканамічнае становішча насельніцтва, голад, захворванні, нястача хлеба і солі яшчэ больш пагаршаліся харчразвёрсткай. 31 кастрычніка 1920 г. газета «Звязда» паведамляла: «Сяляне Лёзненскай і Веляшковіцкай валасцей Віцебскай губерні здалі звыш гадавога хлебнага нараду 500 пудоў хлеба кожная». Такім чынам, пасля здачы харчразвёрсткі сялянскія двары засталіся пустымі.

Новыя абставіны пасля грамадзянскай вайны патрабавалі ўмацавання саюзу рабочага класа і сялянства на эканамічнай аснове. Для аднаўлення эканомікі неабходна было паскорыць развіццё сельскай гаспадаркі.

У гады нэпа праводзіўся курс на каапераванне дробнай вытворчасці. Так, 1 снежня 1921 г. пачаў фактычную работу Віцебскі тэкстыльны трэст, у які ўвайшлі Высачанская льнопрадзільная фабрыка «Высачаны» і завод «Касцяёва» Высачанскай воласці.

У вёсцы пашыраліся спажывецкія, крэдытныя і збытавыя кааператывы, ствараліся калектыўныя гаспадаркі, аднаўляліся саўгасы.

Асобую ролю ў аднаўленчы перыяд адыгрывалі сельскагаспадарчыя камуны, створаныя яшчэ ў 1918-19 гг., працоўныя арцелі, таварыствы па сумеснай апрацоўцы зямлі. У Дзяржаўным архіве Віцебскай вобласці захоўваецца акт ад 16 мая 1922 г., у якім адзначана, што ўжо ў 1918 г. у Дабрамыслянскай воласці была створана камуна «Вішняк». Складалася яна з 7 сем'яў: Канстанціна Кавалёва, Міхаіла Сарокіна, Мяфодзія Гапеева, Ільі Ільюшчанкі, Міхаіла Сцепаненкі, Акуліны Голубевай і Сцепаніды Яшчанкавай. У ліпені 1919 г. у камуну ўваходзіла 15 сем'яў. У ёй было 18 кароў, 6 коней і 12 галоў іншай жывёлы. У кастрычніку 1924 г. камуна «Вішняк» перададзена ў склад працоўнай земляробчай арцелі імя Вінчэўскага.

Паводле звестак, на май 1919 г. у Веляшковіцкай воласці былі камуны «Прагрэс», «Кавалі», «Зібяргува», «Хучэўская», у Каралёўскай воласці - «Стасева», «Хацямлянская» і «Кавалі».

Першыя саўгасы на Лёзненшчыне былі створаны ў 1918-19 гг. У лістападзе 1918 г. арганізаваны саўгас «Крынкі». У 1920 г. у гаспадарцы было 325 дзесяцін зямлі, у тым ліку пад ворывам - 196, лугамі - 69, садамі - 5, агародамі - 3, паркам - 3. Іншыя землі склалі 52 дзесяціны. Абслугоўвалі гаспадарку 17 рабочых-паляводаў, 5 жывёлаводаў, 4 тэхнічныя работнікі.

У 1919 г. арганізаваны саўгас «Адаменкі». У 1920 г. у гаспадарцы было 452 дзесяціны зямлі, 35 коней, 63 каровы, 15 авечак, 19 свіней і інш., працавала 17 рабочых і служачых.

Паводле звестак, на 31 студзеня 1922 г. на Лёзненшчыне існавалі саўгасы «Міхайлова», «Зачэрня», «Емельянова», «Завольша», «Альхімкава», «Перамонт», «Станіславова-Чарнаручча».

Лёзненшчына стаяла напярэдадні калектывізацыі, якая павінна была ўмацаваць новы лад.

У 1925 годзе створана першая арцель у в. Малькава пад назвай “1 Мая”. Гэта быў першы калгас са сваім статутам, старшынёй якога быў Сяргей Церахаў.

Прамысловасць раёна на той час пераважна вырабляла запалкі, цэглу, віно, муку, апрацоўвала лён, скуры і лес.

Расла спажывецкая кааперацыя, якая дапамагала сялянам у продажы прадуктаў жывёлагадоўлі, лёну, бульбы, малака, забяспечвала насельніцтва прамысловымі таварамі, давала грашовыя і рэчавыя пазыкі.

Работа па аднаўленні народнай гаспадаркі прынесла пэўныя вынікі. Будаваліся новыя і рэканструяваліся ўжо існуючыя прадпрыемствы, пачалося будаўніцтва электрастанцый у Лёзне.


Літаратура:

1. Архівы расказваюць // Сцяг перамогі . – 1990. – 17 ліп., 21 ліп., 24 ліп., 26 ліп.

2. Бондарева, Е. Из истории Лёзненщины (1924-1931гг.) / Е. Бондарева // Сцяг перамогі . – 2004. – 10 ліп., 17 ліп.

3. Дарожкін, П. Рэвалюцыяй мабілізаваныя / П. Дарожкін // Віцебскі рабочы. – 1977. – 15 лістап.

4. Коласаў, Л. Калышанскія грошы / Л. Коласаў // Віцебскі рабочы. – 1971. – 21 снеж.

5. Котава, В. Першыя маёўкі на Лёзненшчыне / В. Котава // Ленінскі сцяг – 1961. – 1 мая.

6. Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Лёзненскага раёна / рэдкал. І.П. Шамякін [і інш.]. – Мн., 1992. – 591 с.

7. Чумакоў, П. З рэвалюцыйнага мінулага / П. Чумакоў // Сцяг перамогі . – 2006. – 5 верас.


Вялікая Айчынная вайна

У пачатку вайны, з З да 10 ліпеня 1941 г. каля Лёзна і ў в. Чарнаручча працавалі ЦК КП(б)Б і СНК БССР, тут сфарміравана 29 груп, якія былі адпраўлены за лінію фронту для разгортвання партызанскага руху на акупіраванай тэрыторыі.

У абарончых баях з фашыстамі на поўдзень ад Лёзна вызначылася 153-я стралковая дывізія і разрозненыя групы байцоў 229-й стралковай дывізіі, якія выйшлі з акружэння ў навакольныя лясы. 3 17 ліпеня 153-я дывізія ва ўмовах поўнага акружэння некалькі дзён вяла ўпартыя баі з праціўнікам. У раёне в. Дабрамыслі дзёрзкімі ўдарамі прарвала акружэнне, фарсіравала р. Чарніца і, прайшоўшы з баямі па тылах праціўніка, злучылася з часцямі Чырвонай Арміі. У ліку першых 4 злучэнняў была перайменавана ў 3-ю гвардзейскую стралковую дывізію.

Лёзненскі раён акупіраваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў ліпені, Лёзна— 17 ліпеня 1941 г. За час акупацыі яны правялі на тэрыторыі раёна карныя аперацыі № 95 (жнівень 1942), «Серабрыстая ліса» № 37 (верасень 1942), «Хоцемля—Аргуны» (кастрычнік 1942), «Белы мядзведзь» (снежань 1942), «Майская навальніца» (май 1943), «Веснавы карагод» (май—чэрвень 1943), «Дождж на сёмуху» (чэрвень 1943); спалілі 29 вёсак (па іншых звестках 196).

Вёска Зоры Кавалёўскага сельсавета размяшчалася сярод лясоў. Усе 64 двары згарэлі ў вайну. Палілі вёску ў 1942 г., двойчы дапальвалі. За сувязь з партызанамі былі расстраляны 22 яе жыхары. Ніхто не вярнуўся з фронту. Так і не змагла пасля вайны поўнасцю падняцца, акрыяць спаленая вёска Зоры.

Мужчынскае насельніцтва вёскі Хоцемля Крынкаўскага сельсавета было ў партызанах, астатнія, хто застаўся ў вёсцы, дапамагалі ім, чым маглі. Вёску-партызанку палілі некалькі разоў. Аднак у пачатку кастрычніка 1942 г. у час правядзення карнай аперацыі «Хоцемля—Аргуны» расправа над ёй была асабліва жорсткай. Карнікі падпалілі вёску, сагналі сюды жыхароў з в. Чарнышы і расстралялі больш за 150 чалавек. Перад вызваленнем Лёзна, у кастрычніку 1943 г., былі спалены апошнія хаты.

У вёсцы Асташэва Яськаўшчынскага сельсавета да вайны было 40 двароў, 120 жыхароў. 30 верасня 1943 г., за некалькі дзён да вызвалення Лёзна, карны атрад акружыў вёску. Усіх, хто не паспеў уцячы, карнікі загналі ў хлеў і 2 лазні. У полымі жывымі гарэлі 120 дзяцей, жанчын, старых. Вёска Асташэва ў ліку 433 спаленых і адноўленых вёсак Беларусі занесена ў мемарыяльны комплекс Хатынь.

У вёсцы Бычкова Стасеўскага сельсавета да вайны было 68 двароў, пражывала 205 чалавек. 3 жыхарамі вёскі карнікі расправіліся ў некалькі прыёмаў — спачатку знішчылі мужчын, пазней, восенню 1943 г., старых, жанчын і дзяцей, усяго 42 чалавекі.

Каля 1400 лёзненцаў былі вывезены на прымусовыя работы ў Германію, большасць з іх прайшла праз усе жахі і выпрабаванні, якія выпалі на долю вязняў Бухенвальда, Майданака, Асвенцыма, Дахау, іншых фашцысцкіх канцлагераў. Нямногім суджана было застацца жывымі. 13 красавіка 1944 г. у фашысцкім канцлагеры Флігегарт нарадзіўся беларускі паэт і журналіст Уладзімір Лісіцын, дзіцячыя гады якога прайшлі ў в. Пагосцішча Крынкаўскага сельсавета на радзіме яго бацькоў.

На тэрыторыі Лёзненскага раёна дзейнічалі Лёзненскія падпольныя райкамы КП(б)Б і ЛКСМБ, партызанскія брыгады «Аляксея» (з красавіка 1944 імя Данукалава), Лёзненская, 14-я, 19-я і 16-я Смаленская, 1-я брыгада імя Заслонава, 1-я Беларуская брыгада, асобныя атрады «Меч» і А.С. Пятрова, партызанскі полк «Трынаццаць», С.У. Грышына.

Першая антыфашысцкая маладзёжная група з 14 чалавек была створана ў жніўні 1941 г. у в. Веляшковічы. Узначалілі яе Т.А. Дубоўка (сакратар падпольнага райкама ЛКСМБ) і настаўнік мясцовай школы К. Грынкін. У хуткім часе такія групы былі арганізаваны ў в. Замшына, Альховік, Заверына. Да верасня 1942 г. у раёне было 17 падпольных антыфашысцкіх арганізацый.

Летам і восенню 1942 г. партызаны брыгады «Аляксея» разграмілі 7 гарнізонаў, 14 валасных упраў з паліцэйскімі ўчасткамі, у тым ліку ў Высачанах, Стасеве, Выдрэі, Каралёве, Бураках, Крынках, падарвалі і знішчылі ў засадах 32 аўтамашыны з грузамі і жывой сілай, у баях і засадах знішчылі 307 нямецкіх салдат і 24 паліцэйскіх. На льнозаводах у вёсках спалілі сыравіну і гатовую прадукцыю, вывелі са строю рухавікі. Падарвалі і разбурылі на дарогах 15 мастоў, з іх 3 чыгуначныя, спалілі харчовыя склады ў племгасе «Крынкі». 30 ліпеня 1942 г. партызаны разграмілі гарнізоны ў в. Шапурава і Будзянка, знішчылі 42 акупантаў, каля станцыі Выдрэя разбурылі чыгунку. Атрад партызан на чале з М.Р. Міхайлоўскім разбіў падраздзяленне карнікаў каля в. Міхайлова. У час аперацыі «рэйкавая вайна» партызаны 1-га батальёна Смаленскага палка І.Ф. Садчыкава 5 жніўня 1943 г. на ўчастку паміж станцыямі Лёзна і Завольша падарвалі каля 450 рэек.

Вызвалены раён войскамі 3-га Беларускага фронту ў выніку наступлення на віцебскім напрамку ў ходзе асенне-зімовай кампаніі 1943—44 гг. і праведзенай Віцебска-Аршанскай (23—28 чэрвеня 1944) наступальнай аперацыі. Лёзна і частка раёна вызвалены 10.10.1943 г. воінамі 91-й, 134-й і 158-й стралковых дывізій, 4-й знішчальнай процітанкавай артылерыйскай брыгады 39-й арміі, 47-й механізаванай брыгады, 28-й гвардзейскай танкавай брыгады 472-га гаўбічна-артылерыйскага палка і 1820-га самаходнага артылерыйскага палка рухомай механізаванай групы Калінінскага фронту. 5 часцям і злучэнням, якія вызначыліся пры вызваленні Лёзна, прысвоена ганаровае найменне «Лёзненскіх». Баявыя дзеянні па вызваленні паўднёвай часткі раёна вялі войскі 5-й арміі і 152-і ўмацаваны раён 11-й гвардзейскай арміі, часці якога 24 чэрвеня 1944 г. вызвалілі в. Бабінавічы, Лапіцкія, Сцяпаненкі і іншыя.

Пры вызваленні раёна вызначыліся Героі Савецкага Саюза: сяржант М.В. Акцябрская, маёр Ц.М. Арлоў, маёр А.І. Кальцоў, камандзір кулямётнага разліку П.Д. Рэшатаў, старшы сяржант У.Я. Смірноў, старшы лейтэнант М.П. Судакоў, сяржант А.Р. Томскі. Іх імёнамі названы вуліцы ў Лёзне. А таксама вызначыліся Героі Савецкага Саюза: малодшы лейтэнант С.А. Багамолаў, палкоўнік Д.К. Марозаў, старшы лейтэнант В.В. Осіпаў, капітан Г.Ф. Пацёмкін, старшы лейтэнант Л.П. Ціхмянаў, Д.М. Яблычкін, поўны кавалер ордэна Славы яфрэйтар М.П. Піценін.

У кнізе «Памяць. Лёзненскі раён» названы прозвішчы 14 982 савецкіх воінаў, якія загінулі пры абароне і вызваленні Лёзненскага раёна і пахаваны на яго тэрыторыі; прозвішчы 4238 воінаў-землякоў, што загінулі або прапалі без вестак на франтах вайны; прозвішчы 1404 партызан, падпольшчыкаў, асоб, якія садзейнічалі партызанскаму руху, членаў іх сем'яў, жыхароў партызанскіх зон і раёнаў, што падвергліся фашысцкаму тэрору. У кнізе таксама названы прозвішчы больш як 40 воінаў-землякоў, якія прайшлі дарогамі вайны і былі адзначаны ўрадавымі ўзнагародамі. Кніга «Памяць. Лёзненскі раён» выдадзена ў 1992 г. выдавецтвам «Беларуская Энцыклапедыя».


Літаратура:

1. Бараноўская, Л. Вызваленчыя баі на Лёзненшчыне / Л. Бараноўская // Сцяг перамогі. – 1999. – 2 ліп.

2. Богомолов, С. На безымянной высоте… / С. Богомолов // Советская Белоруссия. – 1985. – 18 апр.

3. Буткевич, С. На Тихмяновской высоте / С. Буткевич // Витебский курьер. – 2004. – 19 нояб.

4. Ермолаева, М. В мрачные годы фашистской оккупации / М. Ермолаева // Сцяг перамогі. – 1998. – 3 лістап., 10 лістап.

5. Залесская, С. Решение подполковника Томина / С. Залеская // Белорусская нива. – 2005. – 23 июля.

6. Лиозненский район : альбом / отв. за выпуск Н.Б. Борщ. – Витебск, 2006. – С. 10.

7. Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Лёзненскага раёна / рэдкал. І.П. Шамякін [і інш.]. – Мн., 1992. – 591 с.

8. Плещенкова, Т. Молодежь шла впереди / Т. Плещенкова // Сцяг перамогі. – 2005. – 16 крас., 19 крас., 23 крас.

9. Чумакоў, П. Лёзненшчына ў гады вайны / П. Чумакоў // Сцяг перамогі . – 1991. – 2 крас., 6 крас., 13 крас., 16 крас.


Пасляваенны перыяд

Яшчэ грымелі гарматныя залпы, курыліся папялішчы і паштальёны прыносілі пахавальныя паведамленні, а на шматпакутнай лёзненскай зямлі, вызваленай ад фашысцкай няволі, пачалося новае стваральнае жыццё.

Жудасную “спадчыну” пакінулі пасля сябе гітлераўцы. Яны зруйнавалі і разрабавалі ўсе калгасы і саўгасы, 4 ільнозаводы, маслазавод, тэкстыльную фабрыку імя К. Маркса, 3 цагельныя заводы, 2 электрастанцыі, 3 МТС, чыгуначную станцыю, знішчылі тэлефонную і тэлеграфную сувязь. Фашысты вывезлі ў Германію ўсё абсталяванне заводаў, шмат трактароў і іншай сельгастэхнікі, а таксама ўсе каштоўнасці і маёмасць, якая належала арганізацыям і ўстановам.

Яны разрабавалі і знішчылі 5 сярэдніх, 23 няпоўныя сярэднія, 60 пачатковых школ, 46 бібліятэк, 19 хат-чытальняў, радыёвузел, 4 бальніцы, санаторый усесаюзнага значэння “Чарніца”, Дом адпачынку “Завольша”. Было спалена 4700 жылых дамоў калгаснікаў, 4649 гаспадарчых пабудоў калгасаў. Ад 45 населеных пунктаў засталіся адны назвы. Так, на тэрыторыі Глоданскага сельсавета з 911 дамоў уцалела толькі 8. Агульныя матэрыяльныя страты, нанесеныя раёну, склалі ў грашовым вылічэнні больш за 60 мільёнаў рублёў.

Усім пасляваенным цяжкасцям, голаду і разбурэнням лёзненцы проціпаставілі мужнасць і згуртаванасць, гарачае жаданне хутчэй падняць з руін свой родны край. 04.11.1943 г. быў зацверджаны склад Лёзненскага райкама КПБ, у які ўвайшлі А.Ц. Шкарбакоў, М.К. Багданаў, У.А. Руноў. Асноўнымі задачамі былі асваенне вызваленай тэрыторыі раёна, аднаўленне мясцовай прамысловасці, адраджэнне МТС, улік і захаванне пагалоўя коней, будаўніцтва жылля, падрыхтоўка да веснавой сяўбы. Да ўсіх пасляваенных нягод дадаліся інфекцыйныя захворванні, дзесяткі выпадкаў якіх былі зарэгістраваны ў першыя месяцы пасля вызвалення. Вялікія задачы па выяўленні захворванняў і барацьбе з імі ўскладаліся на райздраўаддзел на чале з Тарновічам і спецыяльна створаную групу санупаўнаважаных.

З іншых рэспублік краіны ў раён было завезена 2500 кароў, каля 2000 коней, дзесяткі трактараў і камбайнаў, будаўнічыя матэрыялы, прадукты. Да лютага 1944 года было адноўлена 133 калгасы, 3 МТС, 73 паўразбураныя дамы і пабудаваны 74 новыя, адкрыта 11 магазінаў, 2 сталовыя, 12 нарыхтовачных пунктаў, хлебапякарня, пабудаваны новы паравы млын у Лёзне, адноўлены райпрамкамбінат, кузня, швейная і абутковая арцелі і інш. Нягледзячы на ўсе цяжкасці, была праведзена веснавая сяўба 1944 года. Калгаснікі, пераважна гэта былі жанчыны і падлеткі, дапамагалі збіраць насенне, з-за адсутнасці коней у плугі і бароны запрагаліся самі, запрагалі ўласных кароў. Патрэбны былі трактары, трактарысты. Пры Лёзненскай МТС былі адкрыты курсы па падрыхтоўцы трактарыстаў. З 83 чалавек, якія там займаліся, 40 былі дзяўчаты. Пачала аднаўляцца школьная сетка. 01.03.1944 года ў прыстасаваных сялянскіх хатах працавала 35 школ, у якіх вучылася каля 3 тысяч дзяцей. Большасць школ працавала ў 3 змены, з-за адсутнасці парт вучні часта займаліся стоячы. Аднавіўся выпуск раённай газеты “Ленінскі сцяг”. З-за недахопу паперы газета выходзіла адзін раз на тыдзень.

У аднаўленні народнай гаспадаркі раёна актыўны ўдзел прымалі воіны Чырвонай Арміі, камсамольцы і моладзь раёна. Яны будавалі дамы, працавалі на расчыстцы дарог ад снежных заносаў, збіралі кнігі для школ, школьную маёмасць, даглядалі магілы чырвонаармейцаў. Насельніцтва Лёзненшчыны чым магло дапамагала дзяржаве, каб хутчэй наблізіць жаданую Перамогу.

Высокай працоўнай актыўнасцю вызначыліся камсамольцы калгаса “Новае жыццё” на чале з сакратаром камсамольскай арганізацыі Г.І. Чарнаруцкай. Яны вырашылі атрымаць у калгасе 100-пудовы ўраджай збожжавых з гектара і мабілізавалі для гэтага ўсе сілы. Трактарыст Дабрамыслянскай МТС камсамолец Альшанікаў, працуючы на трактары “ХТЗ”, план веснавых палявых работ выканаў на 160% і сэканоміў 450 кг паліва. Не толькі ў раёне, але і за яго межамі славілася звяно па вырошчванні лёну з калгаса “1 Мая”, якое ўзначальвала М.А. Эзерын. За поспехі ў працы М.А. Эзерын было прысвоена высокае званне Героя Сацыялістычнай Працы .

У 1949 годзе за самаадданую працу і высокія паказчыкі ў вырошчванні лену, збожжа і бульбы гэта ганаровае званне было прысвоена брыгадзіру калгаса “Інтэрнацыянал” І.А. Глядчанку.

Добрых вынікаў дасягнулі калгасы “Інтэрнацыянал”, ”Новае жыцце”, ”Камінтэрн”. За 4 пасляваенныя гады былі адноўлены разбураныя вайной прадпрыемствы, МТС, школы, бальніцы, установы культуры, пабудавана каля 9 тысяч жылых дамоў. Да 1950 г. адноўлены і працавалі 6 арцелей прамысловай і інваліднай кааперацыі, ільнозавод, торфазавод “Высачанскі бор”. У 4 калгасы была праведзена электрычнасць. У 1954 г. узровень вытворчасці прамысловасці і сельскай гаспадаркі перавысіў даваенны. У 1955 г. уступіў у строй кансервава-агароднінасушыльны камбінат. У чэрвені 1958 года была створана міжкалгасная будаўнічая арганізацыя, 01.10.1960 г. - камбінат бытавога абслугоўвання.

Раён на працягу многіх гадоў быў удзельнікам ВДНГ СССР.

Поспехі ў развіцці эканомікі раёна - вынік самаадданай руплівай працы людзей. Менавіта дзякуючы іх намаганням, працоўнай доблесці Лёзненшчына ператварылася ў квітнеючы край.


Літаратура:

1. Зарэцкая, С. Святочны хлеб 1945 года / С. Зарэцкая // Сцяг перамогі . – 1984. – 7 лістап.

2. Лиозненский район : альбом / отв. за выпуск Н.Б. Борщ. – Витебск, 2006. – С. 12-13.

3. Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Лёзненскага раёна / рэдкал. І.П. Шамякін [і інш.]. – Мн., 1992. – 591 с.

4. Райцаў, Д. Попел і ружы / Д. Райцаў // Віцебскі рабочы. – 1967. – 9 лют.

5. Чумакоў, П. Лёзненшчына : пасляваеннае аднаўленне / П. Чумакоў // Сцяг перамогі. – 1991. – 23 ліп., 27 ліп., 30 ліп., 6 жн., 13 жн., 20 жн., 27 жн., 3 верас., 10 верас., 17 верас., 24 верас.
ПРЫРОДА

Геалагічная будова, карысныя выкапні, рэльеф

Паверхня раёна ўзгорыста-раўнінная. Паўночная частка раёна знаходзіцца ў межах Віцебскага ўзвышша, паўднёвая – у межах Лучоскай нізіны. Найвышэйшы пункт – Гаршэва гара на Віцебскім узвышшы – 296 м; найбольш нізкая адзнака – урэз Лучосы на паўднёвым захадзе – 142 м.

У тэктанічных адносінах раён прымеркаваны да Аршанскай упадзіны. Сучасная паверхня складзена з канцова-марэнных і флювіягляцыянальных утварэнняў паазерскага ледавіка, на поўдні па даліне Лучосы вылучаюцца азёрна-ледавіковыя адклады старажытнага прыледавіковага вадаёма; ніжэй - утварэнні сожскага, дняпроўскага, у асобных выпадках, бярэзінскага зледзяненняў. Агульная магутнасць антрапагенных адкладаў 30–60 м, на поўначы да 140 м; пад імі залягаюць дэвонскія, да 480 м, пароды.

З карысных выкапняў у Лёзненскім раёне ёсць пясок, пясчана-жвіровая сумесь, жвір, гліна, даламіт, торф, сапрапель.

Вядомы 95 радовішчаў торфу з агульнымі запасамі 8,7 млн. т., Касцяёўскае радовішча даламіту, 8 радовішчаў пясчана-жвіровага матэрыялу і пяскоў з запасамі 34,4 млн. м2 (найбольшыя Веляшковіцкае, Рубяжніцкае, Борскае, Замашанскае, Заподжанскае), 5 радовішчаў глін і суглінкаў (найбольшыя Запожанскае, Унскае, Бабінавіцкае, Веляшковіцкае).


Літаратура:

1. Долженкова, Г. Край голубых озёр / Г. Долженкова // Сцяг перамогі . – 2004. – 29 мая.

2. Природа // Лиозненский район : альбом / отв. за выпуск Н.Б. Борщ. – Витебск, 2006. – С. 4–5.

3. Лиозненский район // Витебская область. Природа, туризм, спорт, отдых = Vitebsk region. The nature, tourism, sport, rest / под ред. Л.Л. Прокофьевой. – Витебск, 2005. – С. 208–209.

ВОДНЫЯ РЭСУРСЫІ.

Рэкі

Рэкі раёна адносяцца да Верхнедняпроўскага гідралагічнага раёна. Налічваецца 28 малых рэк, 16 ручаёў. Агульная працягласць рэк – 467,7 км. Густата натуральнай рачной сеткі 0,47 км2. Агульная даўжыня асушальнай сеткі 6,3 тыс. км, у тым ліку адрэгуляваных водапрыёмнікаў 26 км, магістральных і падводных каналаў каля 320 км, рэгуляцыйных каналаў 384 км.

Самая вялікая рака – Лучоса, яе прытокі – Чарніца, Сухадроўка, Мошна, Узменка, Вярхіта, Ардзяжанка і іх прытокі.

Усе рэкі раёна маюць працягласць да 30 км, поймы забалочаныя, руслы звілістыя, нешырокія, берагі месцамі абрывістыя.

У межах раёна існуе 28 гаспадарчых піццявых студняў.



Для забора вады на піццявыя і гаспадарчыя патрэбы дзейнічае 201 скважына. Вадаспажыванне ў раёне складае 1766 тыс. м3 за год. Штогод у падземных водах утрыманне шкодных рэчываў павялічваецца на 1,5 мг на 1 літр.

Ардзяжанка – рака ў Лёзненскім і Віцебскім раёнах, левы прыток Сухадроўкі (басейн Заходняй Дзвіны). Даўжыня 16 км. Плошча вадазбору 81 км2. Пачынаецца каля в. Соснавая наспа, цячэ па Лучоскай нізіне. Упадае ў Сухадроўку каля в. Ільічоўка Віцебскага раёна.

Брыжоўка – рака ў Лёзненскім раёне, левы прыток р. Мошна (басейн Заходняй Дзвіны). Даўжыня 15,8 км. Пачынаецца за 1 км на паўднёвы захад ад в. Зосіна, вусце за 1 км на захад ад в. Баскова. На працягу 1,2 км каналізаваная.

Вярхіта – рака ў Дубровенскім і Лёзненскім раёнах у басейне Заходняй Дзвіны. Даўжыня 28 км. Плошча вадазбору 266 км2. Пачынаецца за 1 км на поўнач ад в. Пятрыкі Дубровенскага раёна, цячэ па Лучоскай нізіне праз азёры Афанасьеўскае і Казённае, пераважна ў лясістай мясцовасці. Упадае ў возера Зелянское з усходу на тэрыторыі Лёзненскага раёна. Прытокі: Бабровіца і Лютыня (справа).

Заальшанка, Альшанка – рака ў Смаленскай вобласці Расіі і Лёзненскім раёне, левы прыток ракі Чарніца (басейн Заходняй Дзвіны). Даўжыня 17 км. Плошча вадазбору 99 км2. Пачынаецца за 1 км на поўдзень ад в. Пяскі Руднянскага раёна Смаленскай вобласці, вусце за 1 км на паўночны захад ад в. Дразды Лёзненскага раёна.

Ласасіна – рака ў Віцебскім і Лёзненскім раёнах, правы прыток р. Сухадроўка (басейн Заходняй Дзвіны). Даўжыня 30 км. Плошча вадазбору 158 км2. Пачынаецца на заходніх схілах Віцебскага ўзвышша з возера Запецкае за 1,8 км на захад ад в. Цішкава Віцебскага раёна, вусце за 0,3 км на поўнач ад в. Буракі Лёзненскага раёна. Даліна пераважна трапецападобная, пойма шырынёй 200–600 м.

Лучоса – рака ў Віцебскім і Лёзненскім раёнах, левы прыток Заходняй Дзвіны. Даўжыня 90 км. Плошча вадазбору 3510 км2. Выцякае з возера Зелянское каля в. Бабінавічы Лёзненскага раёна, цячэ па Лучоскай нізіне і ў межах Віцебскага ўзвышша, вусце ў межах паўднёвай ускраіны г. Віцебска. Асноўныя прытокі: Чарніца, Сухадроўка (справа), Ардышэўка, Серакаратнянка, Абалянка, Чарнічанка (злева).

Мошна – рака ў Лёзненскім раёне, правы прыток р. Чарніца (басейн Заходняй Дзвіны). Даўжыня 33 км. Плошча вадазбору 335 км2. Пачынаецца за 1,5 км на паўднёвы захад ад в. Шэркіна, вусце каля в. Сутокі. Цячэ ў межах Віцебскага ўзвышша. Асноўныя прытокі: Брыжоўка, Рубяжніца (злева), Скулянка (справа).

Скулянка, Ацкаўлянка – рака ў Лёзненскім раёне, правы прыток р. Мошна (басейн Заходняй Дзвіны). Даўжыня 15 км. Плошча вадазбору 61 км2. пачынаецца на паўднёвы захад ад в. Лозкі, цячэ праз лясныя ўрочышчы Добрая Ночка і Гончая Струга, упадае ў Пад’яварку каля в. Копці.

Сухадроўка – рака ў Віцебскім і Лёзненскім раёнах, правы прыток р. Лучоса (басейн Заходняй Дзвіны). Даўжыня 66 км. Плошча вадазбору 519 км2. Пачынаецца каля паўночна-ўсходняй ускраіны в. Свірбы Лёзненскага раёна, вусце за 1 км на паўночны захад ад в. Кузьмянцы Віцебскага раёна. Цячэ ў межах Віцебскага ўзвышша. Асноўныя прытокі: Выдрэя, Ласасіна (справа), Ардзяжанка (злева).

Узменка – рака ў Лёзненскім раёне ў басейне Заходняй Дзвіны. Даўжыня 7 км. Пачынаецца за 0,5 км на паўднёвы ўсход ад в. Бандоры, упадае ў возера Зелянское з поўначы на 1 км усход ад в. Бабінавічы. Цячэ па Лучоскай нізіне па лясістай мясцовасці.

Чарніца – рака ў Смаленскай вобласці і Лёзненскім раёне, правы прыток р. Лучоса (басейн Заходняй Дзвіны). Даўжыня 74 км. Плошча вадазбору 775 км2. Пачынаецца за 1 км на поўдзень ад в. Ваўкі Руднянскага раёна Смаленскай вобласці, вусце каля в. Бабінавічы Лёзненскага раёна. Цячэ ў межах Віцебскага ўзвышша (на Беларусі даўжыня 70 км, плошча вадазбору каля 700 км2). Асноўныя прытокі: Ціхута, Заальшанка (злева) і Мошна (справа).
Літаратура:

1. Блакітны скарб Беларусі : энцыклапедыя / рэдкал. Г.П. Пашкоў [і інш.]. – Мн., 2007. – С. 470.

2. Природа // Лиозненский район : альбом / отв. за выпуск Н.Б. Борщ. – Витебск, 2006. – С. 4–5.

Азёры

У межах раёна існуе Дабрамысленскае вадасховішча, 14 невялікіх азёр, 13 прудоў і 5 буйных азёр, якія маюць сваю прыцягальнасць: Буёўскае, Грабеніцкае, Зелянское, Сітненскае, Шэлахава.

Буёўскае – у басейне ракі Лучоса. Плошча 0,72 км2. Найбольшая глыбіня 13 м. Даўжыня 2,65 км. Найбольшая шырыня 0,38 км. Даўжыня берагавой лініі 5,84 км. Плошча вадазбору 9,4 км2. Знаходзіцца за 2 км на паўднёвы захад ад г. п. Лёзна, каля в. Зубкі. Схілы катлавіны вышынёй да 3 м, паўночныя да 10 м.



Грабеніцкае (Міхалінава) – у басейне ракі Мошна. Плошча 0,31 км2. Найбольшая глыбіня 8,9 м. Даўжыня 1,06 км. Найбольшая шырыня 0,4 км. Даўжыня берагавой лініі 2,74 км. Плошча вадазбору 3,75 км2. Знаходзіцца за 7 км на поўнач г. п. Лёзна, каля в. Грабенікі. Схілы катлавіны вышынёй да 15 м, параслі хмызняком. Берагі высокія, месцамі зліваюцца са схіламі.

Зелянскае (Бабінавіцкае) – у басейне ракі Лучоса. Плошча 1,23 км2. Найбольшая глыбіня 3 м. Даўжыня 1,86 км. Найбольшая шырыня 0,91 км. Даўжыня берагавой лініі 4,61 км. Плошча вадазбору 346 км2. Знаходзіцца за 25 км на паўднёвы захад ад г. п. Лёзна, каля в. Бабінавічы. Схілы катлавіны вышынёй 10–15 м, разараныя, участкамі пад лесам і хмызняком. Берагі высокія, часткова супадаюць са схіламі. У возера ўпадаюць р. Вярхіта і 2 ракі з аднолькавай назвай – Узменка.

Сітненскае (Сітняцкае возера, Сітна) – у басейне ракі Вярхіта. Плошча 0,47 км2. Найбольшая глыбіня 2,7 м. Даўжыня 1,88 км. Найбольшая шырыня 0,35 км. Даўжыня берагавой лініі 3,43 км. Плошча вадазбору 9,77 км2. Знаходзіцца за 24 км на паўднёвы захад ад г. п. Лёзна, каля в. Сітна. Схілы катлавіны вышынёй каля 10–14 м, параслі хмызняком, на поўначы – лесам. Берагі пераважна зліваюцца са схіламі.
Літаратура:

1. Блакітны скарб Беларусі : энцыклапедыя / рэдкал. Г.П. Пашкоў [і інш.]. – Мн., 2007. – 478 с.

2. Долженкова, Г. Край голубых озер / Г. Долженкова // Сцяг перамогі. – 2004. – 29 мая.
РАСЛІННЫ І ЖЫВЁЛЬНЫ СВЕТ

Раслінны свет раёна – гэта лясы, лугі, балоты.

Лясы належаць да падзоны змешаных лясоў Еўрапейска-Сібірскай падвобласці, займаюць 37,2 % тэрыторыі раёна. Знаходзяцца ў валоданні дзяржаўнай лясной гаспадаркі. Лясы і хмызнякі распаўсюджаны па ўсёй тэрыторыі, але асноўныя масівы сканцэнтраваны ў паўднёвай частцы. У паўночнай частцы – яловыя лясы разам з лісцёвымі пародамі. На ўзвышшах лясы пераходзяць да ялова-сасновых, або сасновых, у нізінах прымешваюцца шырокалісцевыя пароды, або альшанікі, у падлеску – у большасці вольха, асіна, рабіна, крушына, ляшчына. У ніжнім ярусе – папараць, маліна, брусніцы, чарніцы, ятрышнік. Добра развіты мохавы покрыў.

Асноўныя лесаўтваральныя пароды ( у % да тэрыторыі лясной гаспадаркі ):



  • бяроза – 37%

  • елка – 13%;

  • сасна – 11%;

  • вольха шэрая – 24%;

  • асіна – 5%;

  • вольха чорная – 5%.

На тэрыторыі раёна знаходзіцца лясгас, у склад якога ўваходзяць таксама ўгоддзі Аршанскага і Віцебскага раёнаў. Агульная плошча лясгаса 59,7 тыс. га.

Непасрэдных крыніц шкоднага ўздзеяння на лес у раёне няма, ускосныя – сцёк з фермаў, угнаенні, хімікаты, нафтапрадукты.

Расліннасць балот разнастайная: травы, дрэвы, хмызняк з чорнай вольхі з крушынай. Травы – асокі, шабельнік, лотаць, вахта, чальчак.

Дрэвы на балотах у асноўным бярозы і нізкарослыя сосны. У ніжнім радзе распаўсюджаны баган, буякі, па мохаваму дывану – журавіны, расіца, пушыца.

Расліны, якія занесены ў Чырвоную кнігу :


  • асака карэнішчавая

  • баранец звычайны

  • боцікі шарсцістагубыя

  • гарычка крыжападобная

  • званочак шыракалісты

  • лінея паўночная

  • луннік ажываючы

  • пальчатакарэннік балтыйскі

  • тайнік яйцападобны

  • чарамша

  • шпажнік чарапіцавы

  • ятрышнік мужчынскі

У раёне вядзецца ўлік колькасці дзікіх жывёл і дзічы.

Для спартыўнага палявання водзяцца лісіцы, зайцы, куніцы, янот, норкі, вавёркі, дзікі, курапаткі, рабчыкі, глушцы, цецярукі.

Для падтрымкі дзікіх жывёл сеюць зерне, закупаюць бульбу, соль, збіраюць жалуды.

Жывёлы, занесеныя ў Чырвоную кнігу Беларусі:



  • чорны бусел

  • вялікі ўліт

  • буры мядзведзь

  • вялікі бугай

  • барсук

  • рысь

Літаратура:

1. Лиозненский район // Витебская область. Природа, туризм, спорт, отдых = Vitebsk region. The nature, tourism, sport, rest / под ред. Л.Л. Прокофьевой. – Витебск, 2005. – С. 208–209.

2. Природа // Лиозненский район : альбом / отв. за выпуск Н.Б. Борщ. – Витебск, 2006. – С. 4-5.


  1   2   3   4


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка