Касацыйная скарга



Дата канвертавання15.05.2016
Памер151.15 Kb.
У Менскі абласны суд
Праз Жодзінскі гарадзкі суд

Берасьцейская, 5


Аляксея Лапіцкага,

Сьвятланы Лапіцкай,

----------------------------

222160, г.Жодзіна,

------------


КАСАЦЫЙНАЯ СКАРГА
на рашэньне Жодзінскага гарадзкога суду ад 22 лістапада з матывавальнай часткаю ад 29 лістапада, якія прадстаўленыя для азнаямленьня заяўнікам 24 сьнежня 2013г., па грамадзянскай справе, у межах якой:


  • абскарджваўся факт неразгляду па сутнасьці заяўкі на правядзеньне пікетаваньня ў падтрымку палітвязьня Алеся Бяляцкага ў Жодзіне, пададзенай адпаведна патрабаваньняў спэцыялізаванага Закону, а таксама

  • факт недазволу заяўленага мірнага сходу грамадзянаў без дастатковых законных падставаў для гэтага - без наяўнасьці зразумелай, законнай і неабходнай для дэмакратычнага грамадзтва мэты, патрабуемай арт. 23 Канстытуцыі і арт. 21 МПГіПП дапушчальнай пры абмежаваньні права на свабоду мірных сходаў,

  • іншыя факты верагодных парушэньняў дзейснага заканадаўства суб'ектамі права, да якіх зьвярталіся заяўнікі для атрыманьня копіяў патрабуемых новым Рашэньнем №1020 выканкаму аплатных дамоваў зь міліцыяй, ЖКГ, мэдыкамі.

І. Суд безпадстаўна адмовіўся весьці працэс па-беларуску, ігнаруючы той факт, што скарга ў суд паступіла па-беларуску, заяўнікі зьяўляюцца беларускамоўнымі грамадзянамі Беларусі ды адмыслова заявілі хадайніцтва весьці працэс на дзяржаўнай беларускай мове, а сам судзьдзя заявіў што валодае мовай, як і прадстаўніца зацікаўленага боку В.Вэргель. Ня гледзячы на дадзеныя абставіны судзьдзя Грынкевіч не задаволіў дадзенае хадайніцтва, што ўскладніла разгляд справы для заяўнікоў і характэрызуе паводзіны суда першай інстанцыі як перадузятыя ды дыскрымінацыйныя ў адносінах да беларускамоўных заяўнікоў.


ІІ. Суд парушыў нормы ГПК Рэспублікі Беларусь і вызначаныя ім тэрміны для папдрыхтоўкі пратаколаў, у якіх былі зафіксаваныя важныя абставіны справы, выяўлены ўчасе разьбіральніцтва. Рашэньне па справе выносілася 22.12.2013г. без атрыманьня адказу на пастаўленыя заяўніком у спрэчках пытаньняў да прадстаўніцы зацікаўленага боку, якая на паседжаньне не зьявілася. Пры гэтым у справе не было аніводнага належным чынам аформленага пратаколу, зь якімі не магчыма было азнаёміцца нават пры атрыманьні копіяў рашэньня ў з матывавальнай часткаю 24.12.20013г. У сувязі з гэтым напісаньне і падача дадзенай касацыйнай скаргі вымушана было адбывацца без азнаямленьня з пратаколамі, без магчымасьці ўнесьці па іх прадугледжаныя ГПК Рэспублікі Беларусь (верагодна неабходныя) заўвагі, выявіць недакладнасьці альбо наўпростыя памылкі.
ІІІ. Сваім рашэньнем суд г.Жодзіна фактычна прызнаў правамернай адмову выканкаму разглядаць па сутнасьці адзначаную заяўку грамадзянаў на пікетаваньне і зробленую такім чынам практычную забарону мірнага сходу грамадзянаў, заяўленага ў поўнай адпаведнасьці зь дзейсным Законам на 04 жніўня 2013 году на спэцыяльна вылучанай для масавых мерапрыемстваў у горадзе пляцоўцы.
ІV.

Вынесенае рашэньне супярэчыць устаноўленым у судзе абставінам, а таксама засьведчаным дакумэнтальна ў мінулым аналягічным судовым працэсе, агучаным у дадзеным судовым разьбіральніцтве фактам, паказаньням заяўінкоў, прадстаўніцы зацікаўленага боку, сьведкаў.
У ім памылкова і цалкам неправамерна для пацьверджаньня сваіх высноваў бяруцца за аснову дакумэнтальна абвержаныя ў судзе ілжэсьведчаньні прадстаўнікоў Цэнтральнай гарадзкой лякарні і АЖКГ, а таксама цалкам ігнаруюцца даказаныя ў судзе дакумэнтальна факты:

  • факт парушэньня выканкамам ч.3. арт. 6 Закона «Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь» пры вынясеньні абскарджавемага рашэньня (гл. адказ з выканкаму);

  • факт неразгляду выканкамам пададзенай заяўкі на пікетаваньне па сутнасьці разам з далучанымі да яе дакумэнтамі (ч.3 арт.6 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь»);

  • факт адсутнасьці належнага адказу заяўнікам з выканкаму на дадатковую заяву з прыкладзенымі да яе лістамі зь лякарні й міліцыі (цалкам парушаны Закон «Аб зваротах грамадзянаў»);

  • факт прызнаньня ў судзе за 2011г. выканкамам нелягічнымі сваіх пачатковых патрабаваньняў прыкладаць да заяўкі на правядзеньне масавага мерапрыемства любых копіяў дамоваў зь міліцыяй, ЖКГ, мэдыкамі (гл. далучаныя вытрымкі з адпаведных пратаколаў у матэрыялах разглядаемай справы і далучаную справу за №2-1893-2011г. ад 23.11.2011 );

  • факт сьвядомага ўвядзеньня адразу пасьля гэтага працэсу такога «нелягічнага» абавязку Жодзінскім выканкамам для заяўнікоў мірных сходаў (п.5 Рашэньня №1020 ад 27.06.2012г.), што відавочна ўскладніла працэдуру падачы заяўкі і зрабіла яе практычна немагчымай – з гэтага вынікае факт наўмыснага супрацьдзеяньня ў рэалізацыі права на мірныя сходы, які наўпрост супярэчыць тэлеалягічнай мэце Закону «Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь», пазытыўным абавязкам дзяржавы па гарантыях рэалізацыі гэтага права адпаведна арт. 35 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і арт. 21 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, які зьяўляецца неад'емнай і важнай часткаю беларускага заканадаўсвта;

  • факт прызнаньня выканкамам (на першым паседжаньні ў судзе 2013г.) таго, што праблема з заключэньнем патрабуемых п.5 Рашэньня №1020 дамоваў сапраўды маецца і, як мінімум зь міліцыяй, выканкам будзе спрабаваць яе вырашыць у будучым шляхам нейкіх перамоваў ці дадатковых рашэньняў, але што атрымаецца ў выніку – выканкаму невядома, і як у такіх умовах заяўнікі маглі заключыць патрабуемыя ад іх дамовы – прадстаўніца зацікаўленага боку таксама ня ведае (гл. пратакол першага паседжаньня);

  • факт даказанасьці такім чынам таго,

- што патрабаваньне п.5 Рашэньня №1020 выканкаму заяўнікі выканаць не маглі, бо яно, як мінімум, супярэчыць Закону (абз. 9, 10, 11 ч.5 арт.5, дзе прыведзены поўны пералік усіх законных патрабаваньняў да заяўкі),

- што патрабаваньне п.5 гэтага рашэньня не магло быць выканана ўсімі суб'ектамі аднолькава (міліцыяй, ЖКГ і мэдыкамі),

- што выканкам ня меў пры гэтым ніякіх законных падставаў для простага неразгляду заяўкі па сутнасьці з-за невыкананьня заяўнікамі адзначаных вышэй (празьмерных і невыканальных практычна) патрабаваньняў, а таксама

  • факт таго, што пазбаўленыя права на належны разгляд іхнай заяўкі (адпаведна разглядаемаму спэцыялізаванаму Закону і Закону «Аб зваротах грамадзянаў») заяўнікі былі толькі на падставе гэтага пазбаўленыя дазволу на правядзеньне заяўленага імі пікетаваньня з парушэньнем адпаведнага канстытуцыйнага права на свабоду мірных сходаў, гарантаванага імпэратыўнай нормай Асноўнага Закону Беларусі і пазытыўным абавязкам дзяржавы па забесьпячэньні рэалізацыі дадзенага фундамэнтальнага права.

V.
АКРАМЯ ТАГО суд (у асобе судзьдзі Івана Грынкевіча) у сваім рашэньні і матывавальнай ягонай частцы, у зробленых канчатковых высновах і (у тым ліку) нязробленых неабходных дзеяньнях (па хадайніцтве заяўніка) адносна прыцягненьня ілжэсьведкаў да адпаведнай адказнасьці - цалкам праігнараваў прадстаўленыя суду рэчавыя доказы і даказаныя ў судзе дакумэнтальна факты:



  • факт скажэньня інфармацыі сьведкам Уладзімерам Цыёлтам, прадстаўніком Цэнтральнай гарадзкой лякарні пры дачы ім сьведкавых паказаньняў у судзе:

ілжэсьведчаньне для абгрунтаваньня свайго неправамернага пісьмовага адказу на дасланую заяўнікамі афэрту па заключэньні дамовы – з-за чаго замест акцэптаваньня атрыманых ад заяўнікоў прапановаў па заключэньні патрабуемай Рашэньнем №1020 дамовы, Лякарня даслала сустрэчны запыт з пытаньнямі адносна прадстаўленьня ёй той жа самай інфармацыі, якая ўжо была прадстаўленая ў пачатковай афэрце заяўнікамі (гл. пратакол, зварот-афэрту па заключэньні дамовы, дасланую заяўнікамі на эл. адрас лякарні, перапіску зь лякарняй, выніковыя дакумэнты, прыкладзеныя да дадатковай заявы ў выканкам, па якой не было атрымана адказу па сутнасьці (!) - усё ў дадатках да матэрыялаў справы);


  • факт поўнай нелагічнасьці і бязглуздасьці паказаньняў сьведкі Натальлі Барысенка (юрыдычны адзьдзел АЖКГ), падпарадкаванай па-вэртыкалі выканкаму (загадчыца юр. адзьдзелам выканкаму, В.Вэргель), надуманасьці дадзеных пад прысягай паказаньняў для відавочнай падтрымкі пазыцыі выканкаму - маўляў Барысенка тэлефанавала заяўнікам па пазначаным у звароце-афэрце тэлефоне, каб ўдакладніць дату заяўленага пікетаваньня (чытай - для выпраўленьня адрукоўкі), атрымала належны адказ ад заяўнікоў, але... ў выніку яго (Чамусьці, проста так? Чаму? На якой законнай падставе?) вырашыла праігнараваць і зрабіць так, як бы і не было той тэлефоннай размовы і атрыманага ўдакладненьня ад заяўнікоў – быццам бы яна зусім не ўлічыла атрыманую інфармацыю падчас падрыхтоўкі двухсэнсоўнага (як аказалася толькі ў судзе) адказу з адмоваю заключыць дамову з-за «неправамоцнасьці АЖКГ заключаць такія аплатныя дамовы на ўборку тэрыторыі пасьля правядзеньня мерапрыемства, за мінулы пэрыяд»!?? (маюцца рэчавыя доказы гэтаму – пратакольныя аўдыёзапісы сьведкавай прамовы, а таксама адмова судзьдзі запрасіць у суд і заслухаць падпісаўшага адказ начальніка АЖКГ – як ён трактуе дадзеную фармулёўку? Ці можа рэальна заключаць такія дамовы? А калі так – па якіх прэйскурантах ён мог бы гэта зрабіць, у тым ліку, калі пікетаваньнем зусім не прадугледжваецца аніякіх засьмечваньняў тэрыторыі??!);




  • факт скрайняй адвольнасьці разуменьня прадстаўніком міліцыі С.Сяўцом (начальнік па грамадзкай бясьпецы) працэдуры па заключэньні патрабуемай п.5 Рашэньня №1020 Жодзінскага выканкаму дамовы – прадстаўнік міліцыі заявіў пра неабходнасьць нейкага дадатковага ўзгадненьня з ГАЎС ужо папярэдне заключаных заяўнікамі дамоваў з АЖКГ і Лякарняй (!??) з прадстаўленьнем яму канкрэтных імёнаў тых асобаў, якія будуць ад ЖКГ і Лякарні прысутнічаць на пікеце (??!) – у судзе апошні засьведчыў, што падчас правядзеньня пікетаваньня ля пікетоўцаў павінен знаходзіцца як прадстаўнік лякарні, гэтак і прадстаўнік АЖКГ (??!),

а таксама

  • той факт, што Жодзінскі ГАЎС у адпаведнасьці з Законам «Аб міліцыі» і разглядаемым Законам, адпаведнай Пастановай Савміну... у выпадку дазволу мерапрыемства ў любым выпадку без аніякай аплатнай дамовы будзе выконваць свае непасрэдныя функцыі па падтрыманьні бясьпецы ды ахове грамадзкага правапарадку і ахоўваць пікетоўцаў (гл. пратакол паседжаньня – сьведчаньні С.Сяўца і адказ за подпісам нач. Жодзінскага ГАЎС, Чынкіна А.Б.).

VI.


Пры гэтым судом чамусьці зусім неабаснавана прымаецца да ўвагі і адзначаецца ў матывавальнай частцы, як вартае ўвагі ды нейкага нават праўнага абгрунтаваньня, тое галаслоўнае выказваньне В.Вэргель як прадстаўніцы зацікаўленага боку ў судзе, у якім адзначаецца, што выканкам пры невыкананьні заяўнікамі п.5 ягонага Рашэньня за №1020 адносна далучэньня да заяўкі копіі дамовы зь міліцыяй (!?), у будучым (пры чым тут толькі разглядаемая праблема з ужо зробленым недазволам пікетаваньня менавіта на гэтай падставе?!), верагодна (на колькі высокая ступень верагоднасьці нават дадзенага сьцьверджаньня пра будучыню?), мог бы гэтае пытаньне (у нейкім абсалютна незразумела якім парадку) зьняць, вырашыць існуючую праблему і дазволіць правядзеньне заяўленага пікетаваньня (!?)

Калі гэта так, дзе гэта адзначана і апублікавана, каб адразу ўлічвалася заяўнікамі? Ці адпавядае ў такім выпадку Рашэньне №1020, у якім дапускаецца пдобнае, «якасьці закону»? (нават, ня гледзячы на адзначаную ў матывавальнай частцы рашэньня судзьдзі Грынкевіча экспэртызу гэтага акту ўпраўленьнем юстыцыі Менаблвыканкаму, у якім маюцца, як бачна, такія відавочныя памылкі)?! Што даказвае такое вось тлумачэньне сваёй пазыцыі зацікаўленага боку ў судзе?!
На самой справе, суд фактычна праігнараваў дадзеныя пытаньні, якія ставіліся перад судом і прадстаўніком зацікаўленага боку заяўнікамі ўчасе судовых разьбіральніцтваў і спрэчак (дзеля таго, каб выявіць і зрабіць відавочнымі неправамерны характар і невыканальнасьць прад'яўляемых да заяўнікоў патрабаваньняў).

Аднак, карэктныя, неперадузятыя адказы на гэтыя пытаньні паказваюць:

  • поўную невыканальнасьць п.5 Рашэньня №1020, ягоную неадпаведнасьць дзейснаму Закону (абз. 9,10,11 ч.5 ... арт.5 Закону), галіноваму заканадаўству (напрыклад Закону «Аб міліцыі», адпаведнай пастанове Савміну, па якіх функцыянуюць дзяржаўныя службы - у дадзеным выпадку міліцыя), а таксама камунальнікі ды мэдыкі - ужо ня кажучы пра арт. 23, арт. 35 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і арт. 21 Міжнароднага Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах (МПГіПП), якія цалкам ігнаруюцца ў рашэньнях суду і выканкаму пры тым, што зьяўляюцца асноўнымі праўнымі імпэратывамі адносна права на свабоду мірных сходаў, якімі вызначаны вычарпальны пералік тых законных мэтаў, якія могуць перасьледвацца дзяржаваю пры верагодным правамерна дапускаемым абмежаваньні дадзенага фундамэнтальнага права;

  • адсутнасьць у суб'ектаў падпісаньня патрабуемых дамоваў неабходнай практыкі для выкананьня п. 5 Рашэньня №1020 Жодзінскага выканкаму;

  • існуючую з-за гэтага адвольнасьць трактовак дадзенага палажэньня;

  • ігнараваньне выканкамам і судом адпаведна вызначаных ГК РБ асноўных прынцыпаў законнасьці і правамернасьці адносна:

- любых дзеяньняў (вяршэнства, лагічнасьці, незваротнасьці ў часе...),

- праўных патрабаваньняў да падзаконных актаў (яны ня могуць супярэчыць Закону і Канстытуцыі, праўнай норме адпаведнай міжнароднай дамовы),

- да зьместу,

- умоваў,

- працэдураў падпісаньня і выкананьня дамоваў (дабраахвотнасьць, абмежаваньне наяўных правоў і атрыманьне дадатковых абавязкаў, абавязковасьць выкананьня, працэдуры і ўмовы акцэптаваньня афэртаў, сутнасьць «дамоваў далучэньня» ды большае пры гэтым абмежаваньне правоў далучаемых да такіх дамоваў суб'ектаў - выпадак наяўніасьці бланкаў такіх тыповых дамоваў у Лякарні..., і г.д.)

VII.
Судом абсалютна праігнараваны той факт, што выкарыстаньне дадзенай у арт. 10 Закону магчымасьці дадатковай рэглямэнтацыі парадку «правядзеньня мерапрыемства» ... «з улікам патрабаваньняў Закону» (у прэамбуле якога вызначана ягоная асноўная (тэлеалягічная) мэта садзейнічаць у зьдзяйсьненьні дзяржаўных гарантыяў для рэалізацыі права на свабоду мірных сходаў грамадзянаў) - у той жа час ніякім чынам ня можа зьмяняць, ускладняць ці адмяняць існуючыя «патрабаваньні Закону», датычныя да зьместу заяўкі, далучаемых да яе дакумэнтаў і працэдуры ейнай падачы цалкам (!!!).


Судома не ўлічана, што дадзеная Законам падобная магчымасьць аніякім чынам ня мае права быць прачытаная і выкарыстаная ў дыскрымінацына-абмежавальных мэтах у супрацьвагу патрабаваньняў дзейснага Закону, арт. 23 і арт.35 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, а таксама арт. 21 МПГіПП.
У гэтым кантэксьце СУД цалкам праігнараваў ня толькі практычную невыканальнасьць п. 5 Рашэньня №1020, але й парушаемыя ім «патрабаваньні Закону», адпаведна якіх (гл. абзацы 9,10,11 ч.5 арт. 5):

- «да заявы прыкладаецца абавязальніцтва ў пiсьмовай форме арганiзатара (арганiзатараў) цi асобы (асобаў), адказнай (адказных) за арганiзацыю i правядзеньне масавага мерапрыемства, па арганiзацыi i правядзеньні масавага мерапрыемства»;



- «заява, аформленая ў адпаведнасьцi з часткай шостай гэтага артыкулу, рэгiструецца мясцовым выканаўчым i распарадчым ворганам у дзень ейнай падачы»;

- «арганiзатарам масавага мерапрыемства ня можа быць адмоўлена ў прыёме заявы, калі яна пададзена ў адпаведнасьці з патрабаваньнямі дадзенага артыкулу».

З гэтага вынікае, што дадзеная заява ў адпаведнасьці з заканадаўствам павінна быць належным чынам поўна і ўсебакова разгледжана, а па ёй дадзены вызначаны ў адпаведным законе адказ аб дазволе, забароне альбо аб прапанове зьмены месца і часу правядзеньня заяўленага мерапрыемства.

Але гэтага не было зроблена выканкамам. І суд, маючы ўсе доказы і сьведчаньні гэтаму, неправамерна адмовіўся іх заўважаць і ўлічваць пры вынясеньні свайго рашэньня.

VIII. Разглядаючы справу па забароне мірнага сходу грамадзянаў у сваёй матывіравальнай частцы судзьдзя Грныкевіч неправамерна блытае і ўжывае не належную норму права. Так ён спасылаецца на арт. 19 МПГіПП у той час, калі ў заяве ставіцца пытаньне аб разглядзе парушэньня арт. 21 МПГіПП як і адпаведных артыкулаў 23 і 35 Каснтытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Тут жа маецца неабходнасьць адзначыць, што ў судовым рашэньні фігуруюць і некаторыя значныя недакладнасьці альбо памылкі. Так з мінулага судовага рашэньня (відавочна) аўтаматычна перанесена фраза пра тое, што сузаяўніца «С.Лапіцкая ў судовае паседжаньне не зьявілася», што не адпавядае сапраўнасьці.

Так, С.Лапіцкая прысутнічала на 4 асноўных паседжаньнях (з шасьці), у часе якіх дапытваліся сьведкі ды дасьледваліся асноўныя абставіны справы. Яна не змагла прысутнічаць тольк у часе спрэчак і на апошнім паседжаньні, на якім фактычна (з-за неяўкі прадстаўніцы зацікаўленага боку В.Вэргель «для рэплікі ў адказ») толькі зачытвалася рашэньне.

Пры гэтым судзьдзя Грынкевіч (як бы незнарок) прапусьціў і не пазначыў тое, што пасьля грунтоўнага выступу заяўніка ў спрэчках і ягонай аргумэнтаванай рэплікі, якой цалкам абвяргаліся мінулыя выказваньні В.Вэргель і заснаванай (у тым ліку) на вызначэньні сутнасьці дамоваў (згодна з нормамі ГР РБ), прадстаўніца зацікаўленага боку В.Вэргель не знайшла, што адказаць і навогул не зьявілася на апошняе судовае паседжаньне, дзе ёй з улікам дадзенага часу на падрыхтоўку прадстаўлялася такая магчымасьць (!?)

Такім чынам, цэлы шэраг узьнятых заяўніком праўных пытаньняў (у тым ліку пастаўленых непасрэдна перад судом) застаўся без адказу ды адпаведнага рэагаваньня прадстаўніцы зацікаўленага боку і суда. Але суд павінен быў зрабіць адпаведныя праўныя ў тым ліку высновы! Чаго не адбылося.

IX.

Адносна дыскрымінацыйнасьці дадатковых патрабаваньняў да заяўнікоў, як і да іншых грамадзянаў, прыкладаць аплатныя дамовы да заявак на правядзеньне любых масавых мерапрыемстваў (мірных сходаў: пікетаў, мітынгаў, шэсьцяў, дэманстрацыяў), а таксама патрабаваньня адмаўляцца ад сваіх Канстытуцыйных правоў накарысьць абавязальніцтваў па дамовах праз абавязковае заключэньне такіх дамоваў (!?) для атрыманьня магчымасьці разгляду такой заяўкі і атрыманьня яшчэ негарантаванага пры гэтым дазволу на рэалізацыю Канстытуцыйнага права, гарантуемага дзяржавай суд зусім нічога не вызначыў. Адзначаючы наяўнасьць нормы Закону, якая дазваляе ўдзельнікам БРСМ, «Белай русі» ды іншых праўладных НДА-ДА, праводзіць свае мерапрыемствы без аніякіх аплат па рашэньні дзяржворганаў, суд не патлумачыў чаму дадзены парадак не можа працаваць у дачыненьні да іншых грамадзянаў і прадстаўнікоў НДА, партыяў, простых грамадзянаў, якія рэалізуюць свае канстытуцыныя правы праз адпаведнае рашэньне выканкаму пры наяўнасьці дазваляльнага прынцыпу рэалізацыі дадзенага права? да



У гэтых умовах, Жодзінскі суд (першай інстанцыі), нажаль, прадэманстраваў сваю поўную залежнасьць ад выканаўчай улады і непрафэсыяналізм адносна ацэнкі прад'яўленых яму фактаў і доказаў, вынясеньня неабходных у такіх умовах абгрунтаваных вызначэньняў і выніковага рашэньня ў кантэксьце пастаўленых перад судом пытаньняў і дасьледуемага (напрацягу аж 6 судовых паседжаньняў) матэрыялу.

Бо пры такім аб'ёме правапарушэньняў з боку Жодзінскага выканкаму, відавочна супярэчных заяваў, пазыцыяў, нелягічных сьведчаньняў прадстаўнікоў залежных ад выканкаму структураў, неабгрунтаваных нічым (верагоднасна пустых) абяцаньняў прадстаўніка ўлады, адсутнасьці адказаў на звароты заяўнікоў і г.д., суд ня змог належным чынам вылучыць абсалютна зразумелы прадмет доказу і ацаніць неаспрэчна, дакумэнтальна і сьведкава даказаныя факты ў супрацьвагу надуманых і нелягічных, супярэчных паказаньняў (якія пры такіх абставінах ня могуць прымацца за аснову).



У выніку суд першай інстанцыі зрабіў надзвычай аднабаковыя і заангажаваныя заключэньні ды вынес у выніку неабгрунтаванае рашэньне, якое падлягае (на нашу думку) адмене й перагляду.

Бо яно яшчэ больш не стасуецца з канстытуцыйнымі і міжнароднымі стандартамі права на мірныя сходы і з ужо прынятымі меркаваньнямі КПЧ ААН адносна падобных безпадстаўныў забаронаў па рэалізацыі канстытуцынага права на мірныя сходы грамадзянаў са спасылкай на нутраныя нарматыўныя акты, якія парушаюць агульнапрызнаныя імпэратывы права (арт. 23, арт.35 Канстытуцыі ды арт 21 МПГіПП).



Дарэчы, судом былі адхілены і таму зусім не вывучаліся як прапанаваныя падобныя рашэньні КПЧ ААН, гэтак і высновы аўтарэтытнай экспэртнай эўрапейскай інстытуцыі «Венецыянскай Камісіі», якая абгрунтавана выказалася пра неабходнасьць унясеньня істотных зьменаў у дзейсны нацыянальны Закон па масавых мерапрыемствах.

Такім чынам, рашэньнем цалкам праігнараваныя парушэньні нормаў права, якімі вызначаныя абавязковыя для выкананьня крытэры дапушчальнасьці абмежаваньняў права на мірныя сходы грамадзянаў: - нормы Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (арт. 23, арт.35) і Міжнароднага Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах (арт. 21 МПГіПП), - высновы Камітэту па правах чалавека ААН адносна трактовак і нормаў дзейснага спэцыялізаванага закону, а таксама заканадаўчых актаў мясцовых ворганаў улады адносна мірных сходаў у Беларусі, якія супярэчаць патрабаваньням арт. 21 МПГіПП.

У сувязі з вышэй адзначаным, зьвяртаючы ўвагу на ігнараваньне судом цэлага шэрагу даказаных у судзе фактаў, маючых дакумэнтальныя і матэрыяльные рэчавые доказы ў абодвух матэрыялах справы (за 2012 і 2013 годы), пры гэтым не зробленыя судом належныя працэсуальныя дзеяньні ды неабходныя лягічныя правамерныя высновы адносна падстаўленых перад судом пытаньняў, ПРАШУ калегію судзьдзяў Менскага абласнога суду:

1) прызнаць рашэньне Жодзінскага суда неабаснаваным і неправамерным;



2) адмяніць дадзенае рашэньне, прыняць па ім іншае рашэньне, альбо скіраваць у суд першай інстанцыі для перагляду ягоных вынікаў і вянясеньня новага абгрунтаванага рашэньня іншым складзе судзьдзяў.

30.12.2013 _____________________Аляксей Лапіцкі
__________________Сьвятлана Лапіцкая
Пападзеная 03.01.2014г.


: wp-content -> uploads -> 2014
2014 -> Н о в ы й з а в е т перевод на западнополесский говор
2014 -> І. І. Паўлоўскі беларускае красамоўства
2014 -> Намеснік Міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь
2014 -> Каб стварыць новы артыкул, можна пайсці па чырвонай спасылцы
2014 -> Міхал Амельянчук
2014 -> Хадайніцтва №1 Просім суд далучыць да справы: апошняе Рашэньне кпч аан «Палякоў супраць Беларусі»
2014 -> Информация о контактных телефонах (в рабочие и выходные дни) некоторых загранучреждений Республики Беларусь для оперативного решения вопросов
2014 -> Гарадская прастора, асяроддзе, раён




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка