Класіфікацыя ў гісторыка-прававых навуках: спроба растлумачыць ці абгрунтаваць? І. Л. Вяршок



Дата канвертавання30.06.2016
Памер198.73 Kb.
КЛАСІФІКАЦЫЯ Ў ГІСТОРЫКА-ПРАВАВЫХ НАВУКАХ: СПРОБА РАСТЛУМАЧЫЦЬ ЦІ АБГРУНТАВАЦЬ?
І.Л. Вяршок
Любая навука як сістэматызаваная галіна адносна аб’ектыўных ведаў выконвае шэраг функцый, аднак галоўнымі з’яўляюцца тэарэтычная і практычная. Тэарэтычная функцыя накіравана на збіранне і сістэматызацыю эмпірычных дадзеных, далейшае іх тлумачэнне і (альбо) абгрунтаванне ў працэсе асмыслення, у выніку чаго фарміруецца новая сукупнасць інфармацыі. Пры гэтым у кожнай галіне навуковых ведаў спалучэнне працэсаў тлумачэння і абгрунтавання можа адбывацца па-рознаму, але ж менавіта тлумачэнне павінна быць асноўнай мэтай сапраўднага навуковага даследвання. Тлумачэнне у гэтым сэнсе прадстаўляе сабой складаны працэс унутранага асмыслення з мэтай разумення атрыманай раней эмпірычнай інфармацыі ў актуальным для навукоўца кантэксце “тут-і-зараз” і перавод яе ў адносна вядомы, аб’ектыўны і сістэматызаваны кантэкст раней атрыманых ведаў (каб высвятліць, чаму на самой справе адбываецца менавіта так). У сваю чаргу, абгрунтаванне прадстаўляе фармуліроўку і інтэрпрэтацыю ідэальных вобразаў таго, як павінны разгортвацца падзеі з пункту гледжання навукоўцаў, фарміраванне розных тыпаў прынцыпаў і метафар, напрыклад, аб гістарычнай місіі асобнага народа, дзяржавы ці, нават, цывілізацыі.

Тлумачэнне мае адну з галоўных мэт – удасканаленне чалавечай практыкі, павышэнне якасці жыцця (практычная функцыя навукі). Што тычыцца сучасных гістарычных навук, то яны ў некаторай меры выконваюць функцыю абгрунтавання, задаюць ідэалагічныя кампаненты ў развіцці дзяржаўна-прававой рэчаіснасці, але ж для гісторыі, у тым ліку гісторыі дзяржавы і права Беларусі, сапраўды важным з’яўляецца тлумачэнне мінулага з мэтай найбольш эфектыўных крокаў у будучае на аснове дасканалых прагнозных даследванняў.

Адным з карысных сродкаў тлумачэння гістарычных падзей традыцыйна з’яўляецца тыпалогія ў сэнсе асаблівага віда класіфікацыі прадметаў і з’яў для выяўлення агульных заканамернасцей іх развіцця. Неабходна падкрэсліць, што для якасных даследванняў, накіраваных на атрыманне адносна аб’ектыўнай гістарычнай інфармацыі, вельмі важна выконваць усе правілы класіфікацыі, якія выпрацаваны ў агульнаметадалагічным навуковым кантэксце, каб тлумачэнне падзей не замяніла сабой іх абгрунтаванне. Згадзімся, што класіфікацыя, заснаваная на перыядызацыі ўзнікнення і развіцця дзяржаўна-прававых фенаменаў, з’яўляецца адным з важных і метадалагічна зручных спосабаў гісторыка-прававых даследванняў. Але ж класіфікацыя ў кантэксце гістарычнага вывучэння мае складаны, а падчас і супярэчлівы характар. «Темпоральная структура повседневной жизни необычайно сложна, так как разные уровни эмпирической реальности все время должны приводиться в соответствие друг с другом» [1, с. 50], што робіць неабходным усталеўваць сістэму каардынат, па якой арыентуецца ўся храналогія гістарычных падзей.

У агульным сэнсе тыпалогія прадстаўляе сабой спецыфічны спосаб класіфікацыі як размеркавання прадметаў па групам (класам) на аснове нейкай агульнай прыкметы (крытэрыя), якая характарызуе розныя формы праяўлення вывучаемага аб’екта. Пры гэтым галоўную прыкмету як аснову тыпалогіі ў мэтах найбольш дасканалай класіфікацыі магчыма дапаўняць нейкім дадатковым характарыстыкай крытэрыем, які абавязкова павінен прысутнічаць у тых ці іншых праяўленнях ва ўсіх выдзяляемых тыпах даследуемага аб’екта. Акрамя гэтага, асноўнымі правіламі тыпалогіі, як і любой класіфікацыі, з’яўляюцца: неабходнасць яе правядзення па аднаму і таму ж крытэрыю; асновай класіфікацыі павінны быць толькі такія ўласцівасці вывучаемага аб’екта, якія яму сапраўды належаць і прадстаўляюць галоўныя асаблівасці вывучаемай сукупнасці; неабходна надаваць аргументаванае тлумачэнне змяненняў прыкметы, якая была ўзята за аснову класіфікацыі; абавязкова павінна прысутнічаць максімальная дакладнасць тэрміналагічнага вызначэння асноў класіфікацыі і зробленых у ей высноў; кампаненты класіфікацыі павінны выключаць адзін аднаго [19, с. 285 – 291].

Агульная тэорыя права традыцыйна надае два асноўных накірункі ажыццяўлення тыпалогіі дзяржавы і права, якія ў пэўнай меры з’яўляюцца гістарычнымі: фармацыйны і цывілізацыйны падыходы. Так, на аснове пазітывісцкай метадалогіі і адпаведнага ей нарматывісцкага ці этатысцкага тыпа праваразумення права разглядалася як догма і тлумачылася ў якасці асноўнага (альбо ўніверсальнага) рэгулятара грамадскіх адносін, які ўзнікае на пэўнай стадыі развіцця такіх адносін адначасова з утварэннем дзяржавы. Да такой тыпалогіі можна аднесці фармацыйны падыход, які заснаваны ў асноўным на вывучэнні эканамічных дэтэрмінант дзяржавы і грамадства (К. Маркс, Ф. Энгельс, У. Ленін) і пры ўсей сваей значнасці і карыснасці ўсе ж не ў поўнай меры адпавядае сучасным умовам развіцця навукі і практыкі, асабліва ва ўсходнеславянскім кантэксце. У межах названага падыхода вывучэнне правагенэза і ажыццяўленне адпаведнай тыпалогіі дзяржавы і права традыцыйна пачынаюцца з этапаў утварэння права як адносна самастойнага інстытута, які існуе ў дзяржаўных межах і разглядаецца ў адрыве ад іншых сацыяльных рэгулятараў (такіх як рэлігія, мараль і інш.). Сутнасць права тлумачыцца выключна ў якасці аб’ектыўна існуючага фенамена, які не залежыць ад волі і жаданняў асобных суб’ектаў, канкрэтнага соцыа-культурнага кантэксту, даецца ў канчатковым змесце і патрабуе абавязковага дасканалага выканання прававых (юрыдычных) норм. Дзяржава і адпаведнае ей права ўспрымаюцца як універсальныя спосабы арганізацыі грамадства для ўсіх часоў і народаў, якія маюць агульныя заканамернасці развіцця па аналогіі з законамі прыроды. Але ж у гістарычных навуках, у антрапалогіі права даволі часта сустракаюцца звесткі аб дадзяржаўных формах існавання прававой рэчаіснасці (звычаях, звычаёвым праве), якія паспяхова рэгулявалі грамадскія адносіны да і нават пасля ўзнікнення пісанага права [13, с. 102 – 136], а таксама знаходзіцца інфармацыя аб храналагічных і іншых асаблівасцях з’яўлення публічна-прававой улады і, адпаведна, дзяржавы і права на розных тэрыторыях, напрыклад, заселеных этнічнымі беларусамі.

Што тычыцца цывілізацыйнага падыхода (М. Данілеўскі, А. Тойнбі, О. Шпэнглер), то пры ўсей яго карыснасці за спробу правесці водападзел паміж рознымі цывілізацыямі па прыкметах культуры і рэлігіі, вылучыць асаблівасці іх утварэння, росту, надлому і падзення, узнікае праблема вывучэння гісторыі толькі ў межах лінейнага і выключна культурна-рэлігійнага напрамку аналізу гісторыі існавання гэтых цывілізацый. На самой справе грамадства (і, нават, прырода) навейшага часу характарызуюцца няўстойлівасцю, стахастычнасцю. Гэта тлумачыцца ўскладненнем і дыферэнцыяцыяй, шматузроўненасцю сучаснай сацыяльнай практыкі, яе амбівалентнасцю, паводле чаго цяжка ці ўвогуле немагчыма дакладна прагназіраваць далейшыя вынікі сацыяльна-прававых навацый.


Губляецца сэнс пошуку не толькі заканамернасцей, але і тэндэнцый развіцця грамадства, дзяржавы, права і далейшых спроб прагнозу іх будучых форм існавання, карыстаючыся метадам экстрапаляцыі, які ажыццяўляецца толькі па лінейным накірунку. Фактычна сучасная сацыятальная практыка ў значнай меры дзейнiчае на аснове інтуіцыі і метада «проб і памылак». У большай колькасці выпадкаў у гістарычнае тлумачэнне канкрэтных сацыяльных з’яў становіцца цяжка ўключаць вызначаныя раней агульныя заканамернасці, індывідуальныя казусы ахопліваць агульным законам (парушаецца так званая дэдуктыўна-намалагічная мадэль тлумачэння з’явы шляхам яе падвядзення пад агульныя эмпірычныя законы). Гэта адбываецца таму, што, па-першае, гэтыя заканамернасці адносяцца да індывідуальнай ці сацыяльнай псіхалогіі і часцей за ўсе лічацца вядомымі кожнаму і таму само сабой зразумелымі. Па-другое, нярэдка бывае цяжка сфармуляваць высновы, якія знаходзяцца ў аснове законаў, с дастатковай дакладнасцю і яўным вобразам [20, с. 348 – 349]. Акрамя таго, падвядзенне непаўторных, унікальных гістарычных падзей пад агульныя заканамернасці праблематычна таму, што пры гэтым трэба было б адмовіцца ад вывучэння іх канкрэтнай своеасаблівасці і індывідуальнасці, што немагчыма для гуманітарных навук [15, с. 160] і асабліва гісторыі дзяржавы і права.

Нягледзячы на гэта, існуе неабходнасць тыпалогіі дзяржавы і права, але ж так, каб яна ажыццяўлялася на аснове новых навукова абгрунтаваных крытэрыяў, адпавядаючых сённяшнім рэаліям, у мэтах больш дасканалага тлумачэння мінулага ў кантэксце пэўнага аб’ектыўнага сучаснага праваразумення. У гэтым кантэксце трэба адзначыць, што ў агульнатэарэтычнай літаратуры В.С. Нерсесянц вылучыў тыпы дзяржавы і права па іншых прыкметах. Так, на аснове справядлівасці і свабоды як асноўных якасцях права ён падзяляў дзяржаву і права на «этнический, сословный, индивидуалистический, гуманитарный типы» [12, с. 243 – 244]. У кантэксце лібертарна-юрыдычнага праваразумення развіццё права прадстаўлена трыма асноўнымі стадыямі. На першай ва ўмовах гістарычна неразвітай прававой культуры насельніцтва падзяляецца на суб’ектаў права і не-суб’ектаў права, што значыць – свабодных і несвабодных. На другой стадыі развіцця асноўная большасць насельніцтва становіцца суб’ектамі права, але дзеліцца на групы (класы, саслоўі) з большай ці меншай свабодай. Далей наступае роўнасць свабоды ўсіх, ці агульная фармальная роўнасць [21, с. 6], пры гэтым не тлумачыцца, якія крытэрыі выкарыстоўваюцца для ідэнтыфікацыі гэтай роўнасці і не ўдакладняюцца магчымыя змястоўныя характарыстыкі фармальна юрыдычнай роўнасці для розных часоў і народаў. Не прадугледжваецца, якія перыяды і з якой магчымасцю будуць ісці потым.



Што тычыцца гісторыка-прававых даследванняў, то ў іх межах праблемы перыядызацыі і заснаванай на ей тыпалогіі вырашаюцца прадстаўнікамі гісторыка-прававой і тэарэтыка-прававой навукі па-рознаму. Так, М.Ф. Уладзімірскі-Буданаў абгрунтавана падзяляў гісторыю развіцця рускага права на тры перыяды, якія фактычна адрозніваюцца суадносінамі паміж дзяржаўным і прыватным правам (ад поўнага іх атаясамлівання ў першым перыядзе да поўнага пазбаўлення дзяржаўнага права ад прыватнага ў апошнім перыядзе) [5, с. 33]. Н.М. Крэстоўская прапаноўвае разгляд тыпалогіі дзяржавы і права, пачынаючы з «периодизации истории государства и права как универсальной суверенной политической организации общества ... в событиях Долгого XVI в.» [11, с. 104]. Цікава, што на глабальным узроўні вучоная вылучаюць два крытэрыі тыпалогіі, якія могуць быць асновай перыядызацыі: 1) манаполія нацыянальнай бюракратычнай дзяржавы на рэпрэзентацыю сацыора, на праватворчасць, правасуддзе і легітымнае насілле (з сярэдзіны XVII ст. да сярэдзіны XX ст.); 2) абмежаванне манапалізма дзяржавы, якое выконваецца наднацыянальнымі палітычнымі арганізацыямі, у тым ліку юрыдычнымі ўстановамі, грамадзянскай супольнасцю, транснацыянальнымі вытворчымі карпарацыямі і навукова-экспертнай супольнасцю [11, с. 104]. Такім чынам, разгледжаныя падыходы прапануюць нетрадыцыйныя крытэрыі тыпалогіі дзяржаўна-прававой рэчаінасці, якія ў значнай меры бяруць за аснову такую прыкмету, як межы ўзаемаадносінаў паміж дзяржавай і грамадствам, грані ўмяшальніцтва дзяржавы ў грамадскія справы.

Т.І. Доўнар прапануе дакладную перыядызацыю дзяржаўнага развіцця ў кантэксце гісторыі дзяржавы і права Беларусі, акая ажыццяўляецца з улікам асаблівасцей нацыянальнай дзяржаўна-прававой рэчаіснасці, пачынаючы з этапа існавання старажытных беларускіх дзяржаў-княстваў. Потым выдзяляюцца перыяды існавання Вялікага Княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай, знаходжання Беларусі ў складзе Расійскай імпэрыі, потым – РСФСР, перыяд аднаўлення беларускай дзяржаўнасці (утварэнне БНР, БССР, ЛітБел ССР, паўторнае абвяшчэнне БССР), перыяд знаходжання БССР у складзе СССР, навейшы перыяд (пачынаючы з абвяшчэння суверэнітэту і да нашых дзён) [8, с. 14]. Пры гэтым у кожным перыядзе вызначаюцца свае асаблівасці і, нават, тэндэнцыі развіцця. Аднак пры ўсей абгрунтаванасці такой класіфікацыі трэба прызнаць, што прапанаваныя ў ей тыпы дзяржавы (а больш дакладна – дзяржаўнасці – І.Л. Вяршок) адрозніваюцца адзін ад другога па розных крытэрыях, што робіць складаным вылучэнне розных тыпаў у межах адной тыпалогіі і далейшае даследванне агульных тэндэнцый і заканамернасцей змянення дзяржавы і права Беларусі. У межах прапанаванай перыядызацыі гісторыя Беларусі разглядаецца як лінейны паступовы працэс, які акрамя таго мае ўніверсальную логіку развіцця і паслядоўнасць. Але ж У.М. Сільчанка справядліва заўважае, што «практычна кожнае з вядомых нам дзяржаўна-арганізаваных грамадстваў узнікала сваім адметным і непаўторным шляхам» [16, с. 26]. Акрамя таго, гісторыя не з’яўляецца адналінейным і аднолькаванакіраваным рухам да раней вызначанай мэты. Н.У. Варламава справядліва разглядае гісторыю як “самосохранение (как высшую ценность любого живого организма) социума, которое всегда является поливариантным ... и принципиально непредсказуемым” [3, с. 17]. У сваю чаргу Л.Л. Голубева, аналізуючы развіццё крыніц беларускага права, робіць таксама нетрадыцыйныя для дагматычнай навукі гісторыі дзяржавы і права Беларусі высновы, што «исторически обычное право предшествует закону» і толькі «переход от обычного права к общему государственному кодифицированному закону (на протяжении XIV – первой половины XVI в.) сопровождался существенными изменениями в праве (в его сущности, принципах, содержании) и резким отступлением от средневекового стереотипа права, которое не отводило закону важной роли» [7, с. 88]. Такім чынам, можна зрабіць некалькі высноў, карысных, на наш погляд, для далейшых спроб тыпалогіі нацыянальнай дзяржаўна-прававой і сацыяльна-прававой рэчаіснасці каб правільна растлумачыць яе змяненні і прадугледзіць тэндэнцыі развіцця. Па-першае, трэба падкрэсліць своеасаблівае гістарычнае развіццё беларускіх зямель, якое не ў поўнай меры супадае з тыпалогіяй у межах традыцыйнага для гісторыі дзяржавы і права Беларусі фармацыйнага, альбо цывілізацыйнага падыхода. Па-другое, генэзіс беларускай дзяржаўнасці мае іншыя храналагічныя межы ў параўнанні з нацыянальным правагенэзам. Таму прапаноўваецца праводзіць перыядызацыю з улікам асаблівасцей і неадначасовага ўзнікнення дзяржавы і права. Па-трэцяе, неабходна ўлічваць стахастычныя фактары, якія вельмі значна змянялі накірунак гістарычнага развіцця, і часам рабілі гэта развіццё нелінейным. Па-чацвёртае, развіццё нацыянальнай прававой рэчаіснасці мае своеасаблівы попыт прававога рэгулявання, узаемаадносін дзяржавы і грамадства, аўтэнтычнага ўсталявання межаў прававога рэгулявання, у тым ліку заснаванага на асаблівай іерархіі нацыянальных каштоўнасцей, што робіць складаным рэалізацыю прававых навацый з замежнай практыкі праватворчасці і правапрымянення. У выніку гэтага важным метадалагічным прынцыпам правядзення тыпалогіі з’яўляецца пераемнасць, пры якой старое ў новых з’явах ніколі поўнасцю не знікае; новыя працэсы выконваюць функцыі раней існуючых, але ж у новых гістарычных умовах. Па-пятае, ў межах гісторыка-прававой навукі паспяхова праводзіцца тыпалогія развіцця беларускай палітыка-прававой думкі [6, с. 179 – 189], што прадстаўляецца вельмі карысным, асабліва пры аб’яднанні асноўных этапаў яе існавання з прыкметамі тыпалогіі гісторыі дзяржавы і права Беларусі (аб’яднанне матэрыяльнага і ідэальнага кампанентаў як крытэрыяў у межах адной тыпалогіі).

З развіццём прадмета і, адпаведна, неабходнасцю удасканалення метадалогіі гісторыі дзяржавы і права Беларусі трэба пераглядаць пытанні перыядызацыі і адпаведнай тыпалогіі беларускай сацыяльна-прававой (а не толькі дзяржаўна-прававой) рэчаіснасці з улікам дасягненняў новай, сучаснай постнекласічнай парадыгмы. Яна звязана са складанай дынамікай пазнаваемых фенаменаў, якія немагчыма выключыць з пэўнага культурна-гістарычнага кантэксту, пераглядае ролю суб’екта пазнання, які таксама знаходзіцца ў гэтым кантэксце, а яго сацыяльна-гістарычныя характарыстыкі істотна ўплываюць на вынікі даследвання. У такім тыпе навукі значную ролю выконвае канвенцыяналізм, які ставіць інтэрпрэтацыю фактаў у залежнасць ад пагаднення суб’ектаў пазнання [10, с. 84 – 85].



Ва ўмовах развіцця постнекласічнага гуманітарнага пазнання і адпаведнай метадалогіі прапаноўваецца адмаўленне ад юрыдычнай пазітывісцкай трактоўкі права, заснаванай на разуменні сацыяльнай матэрыі як універсальнага фенамена, які падпарадкоўваецца агульным законам развіцця (Грамадства), і ўспрыняцце права як выключнага (прыватнага) утварэння (Кульутры). Такім чынам, прапаноўваецца разгляд прававой рэчаіснасці як спецыфічнага культурнага фенамена. Замест дыхатаміі Прырода-Культура прапаноўваецца трыяда Прырода-Грамадства-Культура [2, с. 124, 127]. У гэтым кантэксце робіцца выснова, што «общество всегда явлено чувственному восприятию в виде конкретного социума, оно результат рефлексивного мышления, абстрагирования от формы (Культуры) к содержанию. Общество детерминировано социально-экономическими факторами, культура – климатическими, демографическими, традициями. Культура – это конкретный психосимволический аспект (продукт) данной деятельности. Общество и культура самостоятельны как содержание и форма» [2, с. 127]. Пры гэтым гісторыя развіцця грамадства звычайна змяняецца (але ж не заўседы развіваецца) значна хутчэй, чым гісторыя культуры. Што тычыцца права, то яно існуе і ў культурным, і ў грамадскім праяўленні і мае два магчымых варыянты развіцця – «сацыятальны» і «культуральны». Сацыятальны тып развіцця «осуществляется вследствие изменений общественного контекста (общества), вызванных переменами во взаимодействиях индивидов в освоении ресурсов для удовлетворения своих потребностей. Здесь происходит распад традиционных форм корпоративности..., сопровождающихся нарождением социального индивидуализма... Общество порождает и адекватную культуру, т.е. экономические, политические и правовые формы, обеспечивающие его бытование» [2, с. 130]. Ва ўмовах культуральнага змянення культура з’яўляецца галоўным агентам развіцця, «...заимствованные экономические, политические и правовые формы призваны воздействовать на Общество (традиционное общество), сделать его адекватным этой Культуре. Однако их воздействие не происходит напрямую, оно опосредовано традиционной культурой Общества, с которой заимстованные формы неизбежно вступают во взаимодействие. Субъектами культурального развития являются незападные Общества» [2, с. 130]. Тэарэтычна «...заимствованная культура должна изменить общество, сделать его «адекватным себе». На практике функционирование заимствованных культурных форм трансформируется местной культурой, порождённой соответствующим обществом. Поэтому заимствованное западное право, имея официальный статус, практически не оказывает существенного влияния на реальную жизнь граждан, протекающую на основе обычно-правовых представлений» [2, с. 129]. Напрыклад, пасля падзелу Рэчы Паспалітай і далучэння Беларусі да Расіі была заяўлена перавага дзеяння агульнарасійскага права (культуральны перыяд), аднак амаль да сярэдзіны XIX ст. на тэрыторыі Беларусі з пэўнымі абмежаваннямі працягваў дзейнічаць Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588 г. [9, с. 112 – 122]. Ці яшчэ: у выніку прыняцця хрысціянства на Русі Візантыйскага напрамку (калі пасля сацыятальнага перыяда пачаўся культуральны) пад уздзеяннем адпаведнай культуры пачынае актыўна фарміравацца спецыфічная структура прававой і палітычнай сістэмы грамадства. Звычаёвае рускае права супярэчыла хрысцінскай маралі і царкоўнаму праву. На Русі ўсталяваўся новы самастойны інстытут царквы, якая існавала па сваіх законах, з’явіліся адукаваныя духоўныя і свецкія асобы з Візантыі, якія не жадалі падпарадкоўвацца рускаму праву ні асабіста, ні маёмасна. «Такой всеобъемлющий переворот мог бы повести к полной замене местного права чужим, но благодаря устойчивости русского обычного права он привёл только к необходимому усвоению церковного права и частичной и свободной рецепции некоторых кодексов византийского светского права» [5, с. 114]. З іншага боку, кардынальныя змены ў Расіі рэформеннага перыяду другой паловы XIX ст., у тым ліку па вызваленню сялян ад прыгонніцтва пад уплывам заходнееўрапейскіх рэформ, «уводзіліся ў дзеянне ва ўскраінах Расіі (якой была і Беларусь)...», але «...як правіла, значна пазней і з пэўнымі агаворкамі і выключэннямі» [9, с. 112 – 122] (супярэчлівы і неаднародны сацыятальны перыяд).

Такім чынам, у агульным сэнсе развіццё дзяржавы і права праходзіць па двух накірунках: сацыятальнаму і культуральнаму. Кожная дзяржава з улікам асаблівасцей свайго ўзнікнення і развіцця, геапалітычнага становішча, правасвядомасці мае сацыятальныя ці культуральныя гістарычныя перыяды, розныя па паслядоўнасці, працягласці і выніках.



Грамадства, якое дэтэрмінавана культурай і адначасова ўтварае яе, прадстаўлена рознымі з’явамі, якія ахопліваюцца сацыяльнай рэчаіснасцю. У межах прадмета гісторыі дзяржавы і права Беларусі вывучаецца спецыфічная тэарэтычна выдзеленая частка гэтай рэчаіснасці – сацыяльна-прававая рэчаіснасць [4, с. 134 – 141]. Аднак прававая рэчаіснасць складаецца не толькі з сукупнасці нарматыўных прававых актаў як тэкстаў. Яна з’яўляецца складаным суб’ектыўна-аб’ектыўным, рэальна-віртуальным фенаменам. Вывучэнне ў межах прадмета гісторыі дзяржавы і права Беларусі з’яў сацыяльна-прававога і дзяржаўна-прававога будаўніцтва толькі на аснове захаваўшыхся прававых тэкстаў значна зніжае эўрыстычны патэнцыял і магчымасці гістарычнай навукі. Тлумачэнне гістарычнага працэса павінна ўключаць не толькі казуальную, ці прычынную, а таксама дэдуктыўна-намалагічную мадэль тлумачэння. «Поскольку люди в обществе ставят перед собой определённые цели, а их действия имеют интенцициальный и мотивированный характер, постольку адекватное объяснение исторических событий может быть достигнуто только с помощью использования как казуальных, так и телеологических моделей объяснения» [15, с. 164]. Прававая рэчаіснасць у гісторыка-прававым кантэксце павінна разглядацца больш шырока – у трох модусах існавання: масавыя паводзіны, знакавая форма, ментальныя вобразы [22, с. 492 – 493]. Акрамя таго, у працэсе тлумачэння прававой рэчаіснасці важную ролю павінен выконваць такі прынцып, як індывідуальны пачатак, суб’ектывізм, «чалавекацэнтрызм». У якасці невялікага прыклада можна назваць успрыняцце многімі гісторыкамі існавання Вялікага Княства Літоўскага XVI ст. як перыяда «расцвета, залатога века Беларусі», калі ажыццяўлялася агульная кадыфікацыя назапашанага раней заканадаўчага масіву [8, с. 14 – 37]. Але ж трэба прызнаць, што ў той жа перыяд так званага «залатога века» ў несумненна вельмі прагрэсіўным на той час Статуце Вялікага Княства Літоўскага 1588 г. змяшчалася шмат супярэчлівых і несправядлівых норм з пункту гледжання не суб’екта права, а проста чалавека, яго ўнутраных каштоўнасцяў і інтарэсаў. Так, артыкулам 39 раздзела 11 было прадугледжана: «естли бы люди простого стану...забили шляхтича або шляхтянку, тогды колко их будеть через сторону жалобную перед правом обвинено... мають вси горлом карати быти. А вед же и таких людей простых вышей трех человеков за одну голову шляхетскую карано быти не маеть» [17, с. 517]. Такім чынам, «у параўнанні са Статутам 1566 г., калі за забойства аднаго шляхціча няслі адказнасць сем простых людзей, Статут 1588 г. абмежаваў пакаранне за забойства шляхціча трыма чалавекамі простага звання» [18, с. 435], што несумненна сведчыць пра яго гуманісычны і, нават, прагрэсіўны накірунак. Але ж з агульначалавечых пазіцый, ці адносна таго чалавека, які трапіў у якасці абвінавачанага ў апісаную ў артыкуле сітуацыю, гэтая прававая норма можа быць абгрунтавана, але ж не растлумачана як прагрэсіўная і справядлівая. Жорсткасць пакараня ніколі не сведчыла аб яго эфектыўнасці. Асабліва калі ўлічваць, што адсутнічаюць гістарычныя звесткі аб прымяненні (а не проста юрыдычнай рэгламентацыі) крымінальнай адказнасці шляхціча за забойства простага чалавека, а не наадварот. Акрамя таго, прыведзеная норма супярэчыць зместу юснатуралістычнай ці тэалагічнай канцэпцыі праваразумення як па віду (смяротнае пакаранне), так і па меры прадугледжанай у ей адказнасці (пакаранне не больш трох чалавек). Але ж у агульнагістарычным кантэксце змест артыкулаў названага Статута мае вельмі прагрэсіўны характар і ўносіць значны ўклад у развіццё айчыннай беларускай юрыспрудэнцыі з пункту гледжання традыцыйнага дагматычнага падыхода да вывучэння галіны крымінальнага права.

Масавыя паводзіны як адзін з элементаў структуры прававой рэчаіснасці маюць шырокае тэрытарыяльнае ці ўсенароднае распаўсюджванне і могуць вывучацца на падставе аналізу архіўных матэрыялаў агульнагістарычнага зместу ў храналагічнай ці гісторыка-лагічнай паслядоўнасці (напрыклад, кнігі судовых спраў, дзе змешчаны шматлікія рашэнні па правапрымяняльнай дзейнасці судоў) пры дапамозе сацыялагічнага метада аналіза дакументаў (традыцыйнага ці кантэнт-аналіза).

У сваю чаргу, знакавыя формы можна аналізаваць пры дапамозе семіятычнага альбо лiнгвiстычнага метада каб «раскрыть механизм воздействия правовых предписаний на сознание и поведение людей» [14, с. 37].

Ментальны вобраз праяўляецца ў афіцыйных і неафіцыйных працах прадстаўнікоў палітычнай і прававой думкі пэўнага часу, тагачаснай літаратурнай спадчынай, фальклорам. Толькі комплексны аналіз прававой рэчаіснасці канкрэтнага перыяду па ўсіх трох модусах існавання надае больш аб’ектыўную інфармацыю пра вывучаемы тып дзяржавы ці права. Вяртаючыся да разгледжанай структуры, прапануем яе ў якасці крытэрыя тыпалогіі сацыяльна-прававой рэчаіснасці і далейшай яе перыядызацыі.

Так, прававая рэчаіснасць у складзе ментальных вобразаў, што заснаваны на правасвядомасці, знакавай форме ў выглядзе тэкстуальна аформленых прававых норм і звязаныя з імі масавыя паводзіны на працягу гісторыі Беларусі характарызуюцца тым, што пераходзяць у тым ці іншым парадку, нелінейна ад аднаго да другога перыяда: ад сацыятальнага да культуральнага і наадварот. Гэта гіпотэза знаходзіць сваё актуальнае практычнае пацвярджэнне, калі сучасная Рэспубліка Беларусь на працягу гісторыі навейшага часу ў розных знешнепалітычных ці ўнутранапалітычных умовах кожны раз тлумачыць і робіць выбар аўтэнтычнага напрамку развіцця на аснове нацыянальных асаблівасцей прававой, эканамічнай, дэмаграфічнай, геапалітычнай і іншых сфер («белорусская модель экономики», калі нацыянальныя традыцыі ставяцца вышэй за замежны вопыт – сацыятальны перыяд), ці абірае замежны («заходні» ці «ўсходні» вектар развіцця – культуральны перыяд). У сувязі з гэтым здаецца не зусім метадалагічна верным выдзяленне такога перыяду беларускай дзяржаўнасці, які пачынаецца з моманту абвяшчэння суверэнітэту Рэспублікі Беларусь і цягнецца да сённяшніх дзён. Пры гэтым не ўлічваюцца вельмі значныя шматлікія змяненні, якія адбыліся ў межах гэтага перыяда ў канстытуцыйнай, эканоміка-прававой, культурна-прававой, фінансава-прававой, экалагічна-правовой, аксіалагічнай, дэмаграфічнай і іншых сферах. Трэба праводзіць больш дробную класіфікацію падперыядаў развіцця дзяржавы і права, дакладна вызначаць самі асновы тыпалогіі і прытрымлівацца адных крытэрыяў з улікам іх трансфармацыі, амбівалентнасці.

У тым выпадку, калі разгледжаныя крытэрыі будуць узяты ў аснову тыпалогіі, прапануем падрабязна разглядаць іх змест і асаблівасці. Вывучаць культуральны перыяд сацыяльна-прававой рэчаіснасці – гэта значыць аналізаваць ірацыянальную (нават міфічную) частку правасвядомасці ў менталітэце насельніцтва; тлумачыць, што ў змесце правасвядомасці з’яўляецца справядлівым, звычайным, традыцыйным, «нармальным»; разглядаць праваўтварэнне і масавыя паводзіны па рэалізацыі прававых норм у грамадскіх адносінах («жывое права»). Культуральны перыяд характарызуецца дамінаваннем ірацыянальнага, рэлігійнага і (ці) міфічнага пры змяненнях ў дзяржаўна-прававой рэчаіснасці, сацыяльнай практыкі па праваўтварэнню і рэалізацыі прававых норм.

Даследваць сацыятальнае ў нацыянальным прававым развіцці – гэта значыць вывучаць рацыянальную частку правасвядомасці, юрыдычныя нормы таго часу (догму права) і канкрэтныя паводзіны па іх фарміраванню (прававыя навацыі, якія ўтвараюцца рэферэнтнай групай) і масавай рэалізацыі. Пры сацыятальным тыпе важную ролю выконвае ідэалогія, нормы права ў законах і іншых формах права (дагматычнае права), юрыдычная практыка па праватворчасці і правапрымяняльная дзейнасць.

СПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ КРЫНІЦ:

1. Бергер, П., Лукман, Т. Социальное конструирование реальности. Трактат по социологии знания / П. Бергер, Т. Лукман. – М.: «Медиум», 1995. – 323 с.

2. Бочаров, В.В. Неписаный закон: Антропология права. Научное исследование / В.В. Бочаров. – 2-е изд. – СПб.: Издательство АИК, 2013. – 328 с.

3. Варламова, Н.В. Предметно-методологическое единство и дифференциация теоретического знания о праве / Н.В. Варламова // Ежегодник либертарно-юридической теории. Выпуск 1; под ред. В.А. Четвернина. – М.: Изд. Дом ГУ-ВШЭ, 2007. – C. 12 – 45.

4. Вершок, И.Л. Проблемы предмета теоретико-правовых и историко-правовых дисциплин / И.Л. Вершок // Гісторыя і сучаснасць: беларуская дзяржаўнасць ва ўсходнееўрапейскім цывілізацыйным кантэксце: зборнік навуковых прац, прысвечаных 90-годдзю з дня нараджэння прафесара I.А. Юхо / рэдкал.: С.А. Балашэнка (гал. рэд.) і [інш.]. – Минск: Бизнесофсет, 2012. – С. 134 – 141.

5. Владимирский-Буданов, М.Ф. Обзор истории русского права / М.Ф. Владимирский-Буданов. – Ростов-на-Дону: Изд-во «Феникс», 1995. – 640 с.

6. Голубева, Л.Л. Асноўныя этапы станаўлення і развіцця палітычнай і прававой думкі Беларусі / Л.Л. Голубева // Гісторыя і сучаснасць: беларуская дзяржаўнасць ва ўсходнееўрапейскім цывілізацыйным кантэксце: зборнік навуковых прац, прысвечаных 90-годдзю з дня нараджэння прафесара I.А. Юхо / рэдкал.: С.А. Балашэнка (гал. рэд.) і [інш.]. – Минск: Бизнесофсет, 2012. – С. 179 – 189.

7. Голубева, Л.Л. Значение обычного права в формировании общегосдарственного (общеземского) права / Л.Л. Голубева // Праблемы гісторыі дзяржавы і права Беларусі: матэрыялы міжнар. навук.-практ. канф., прысв. 90-годдзю з дня нараджэння І.А. Юхо. Мінск, 18-19 сак. 2011 г. / рэдкал.: С.А. Балашэнка (адк. рэд.) [і інш.]. – Мінск: БДУ, 2011. – С. 85 – 89.

8. Довнар, Т.И. Особенности исторической эволюци белорусской государственности / Т.И. Довнар // Теоретико-методологические и конституционные основы развития системы права Республики Беларусь: сборник статей / Белорусский государственный университет. – Минск: Право и экономика, 2011. – С. 14 – 37.

9. Доўнар, Т.І. Характэрныя рысы і асаблівасці прававога развіцця Беларусі на важнейшых гістарычных этапах / Т.І. Доўнар // Веснік БДУ. Серыя 111. – 2009. – № 1. – с. 112 – 122.

10. Калінін, С.А. Аб тэарэтыка-метадалагічных праблемах вывучэння беларускай дзяржаўнасці / С.А. Калінін // Гісторыя і сучаснасць: беларуская дзяржаўнасць ва ўсходнееўрапейскім цывілізацыйным кантэксце: зборнік навуковых прац, прысвечаных 90-годдзю з дня нараджэння прафесара I.А. Юхо / рэдкал.: С.А. Балашэнка (гал. рэд.) і [інш.]. – Минск: Бизнесофсет, 2012. – С. 83 – 93.

11. Крестовская, Н.Н. К проблеме периодизации истории государства и права / Н.Н. Крестовская // Гісторыя і сучаснасць: беларуская дзяржаўнасць ва ўсходнееўрапейскім цывілізацыйным кантэксце: зборнік навуковых прац, прысвечаных 90-годдзю з дня нараджэння прафесара I.А. Юхо / рэдкал.: С.А. Балашэнка (гал. рэд.) і [інш.]. – Минск: Бизнесофсет, 2012. – С. 100 – 108.

12. Нерсесянц, В.С. Общая теория права и государства: учебник для юрид. вузов и факультетов / В.С. Нерсесянц. – М.: Норма: ИНФРА-М, 1999. – 559 с.

13. Проблемы общей теории права и государства: учебник для вузов; под общ. ред. В.С. Нерсесянца. – М.: Норма: ИНФРА-М, 2002. – 832 с.

14. Разуваев, Н.В., Харитонов, Л.А., Черноков, А.Э. Социальная антропология права современного общества / Н.В. Разуваев, Л.А. Харитонов, А.Э. Черноков; под ред. И.Л. Честнова. – СПб.: Знание, ИВЭСЭП, 2006. – 248 с.

15. Рузавин, Г.И. Методология научного познания: учеб. Пособие для вузов / Г.И. Рузавин. – М.: ЮНИТИ-ДАНА, 2013. – 287 с.

16. Сільчанка, М.У. Паходжанне дзяржавы і права: вучэб. дапам. / М.У. Сільчанка. – Гродна: ГрДУ, 2005. – 147 с.

17. Статут Вялікага княства Літоўскага. Юбілейнае выданне / Транскрыпцыя тэксту: С.А. Балашэнка, Т.І. Довнар, Л.Л. Голубева. – Мінск: БДУ, 2010. – 610 с.

18. Статут Вялікага княства Літоўскага 1588: Тэксты. Давед. Камент. / Беларус. Сав. Энцыкл.; Рэдкал.: І.П. Шамякін (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: БелСЭ, 1989. – 573 с.

19. Сырых, В.М. История и методология юридической науки: учебник / В.М. Сырых. – М.: Норма: ИНФРА-М, 2012. – 464 с.

20. Hempel. The Function of General Laws in History / Hempel // Theories of History. – N.Y., 1959. – 360 р.

21. Четвернин, В.А. Современная либретарно-юридическая теория / В.А. Четвернин // Ежегодник либертарно-юридической теории. Выпуск 1; под ред. В.А. Четвернина. – М.: Изд. Дом ГУ-ВШЭ, 2007. – C. 4 – 12.



22. Честнов, И.Л. Постклассическая теория права / И.Л. Честнов. – СПб.: Издательский Дом “Алеф-Пресс”, 2012. – 650 с.
: bitstream -> 123456789 -> 110386
123456789 -> Марына Шода «Несучы хвалу красе» (паэзія Уільяма Батлера Ейтса)
123456789 -> Гісторыя беларускай літаратуры (ХІХ ст. – 1970-я гады ХХ ст.)
123456789 -> П. С. Лопух гідралогія сушы частка 2 (агульная гідралогія)
123456789 -> П. С. Лопух, А. А. Макарэвіч
123456789 -> Праявы масавай культуры ў дыскурсе смі, альбо да праблемы гуманізацыі медыясферы
123456789 -> Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь
123456789 -> 1. Гістарычныя ўмовы ўзнікнення новай беларускай літаратуры. Асноўныя літаратурныя напрамкі канца ХVІII – пачатку ХІХ стст. І іх выражэнне ў беларускай літаратуры
123456789 -> Гісторыя старажытнай грэцыі І рыма (Фядосік В. А.)




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка