Класная гадзіна Класны кіраўнік 1 класа Саўко Г. А. Тэма



Дата канвертавання15.06.2016
Памер87.07 Kb.
Класная гадзіна
Класны кіраўнік 1 класа Саўко Г.А.
Тэма. Твая зямля, твая Радзіма, названа светла – Беларусь!
Мэта. Садзейнічаць выхаванню любові да роднага краю, пачуцця патрыятызму і адказнасці за лёс Радзімы; фарміраваць свядомае жаданне вывучаць родную мову; выхоўваць добразычлівыя адносіны паміж дзецьмі.
Форма класнай гадзіны. Разгадванне сакрэтаў.
Абсталяванне. Выстава дзіцячых кніг, газет і часопісаў на беларускай мове; канверты з сакрэтамі, выстава фотаздымкаў і карцін пра Беларусь, электронная прэзентацыя.
Ход класнай гадзіны

  • Сардэчна ўсіх вас вітаю і жадаю вам поспехаў і добрага настрою. Бо каб добра вучыцца, трэба быць не толькі ўважлівымі і кемлівымі, але вясёлымі і добрымі, умець сябраваць. Так?

Тэма класнай гадзіны “Твая зямля, твая Радзіма, названа светла – Беларусь!” (Слайд 1) Сёння мы павядзём гаворку аб самым дарагім, самым каштоўным, што ёсць у кожнага чалавека. Гэта – наша Беларусь, наша Радзіма, тут мы нарадзіліся, тут нарадзіліся нашы бацькі, яна нам самая родная з усіх краін ва ўсім свеце. (Слайд 2)

А я для вас нешта падрыхтавала. (Паказваю канверты з сакрэтамі.) Як вы думаеце, што мы будзем рабіць? (Разгадваць сакрэты.) Правільна! Малайцы!

- І пачнём мы з сакрэта № 1. Раскрыйце канверт і раскажыце, што ў ім знаходзіцца. (Літары.) Выстаўце іх у радок, называючы кожную. Што вы можаце пра іх сказаць? А ўсе слухайце ўважліва і дапамагайце, калі спатрэбіцца. Колькі ўсяго літар? (8, сярод якіх ёсць адна вялікая, 3 літары абазначаюць зычныя гукі, 4 - галосныя і ь – гука не абазначае.) З якой літары будзе пачынацца слова? (Б – бо яна вялікая. А вялікая літара можа стаяць толькі ў пачатку.) Якое слова атрымаецца? (Беларусь.)

- Дзякуй вам за такую старанную работу. Так, гэта слова Беларусь. (Слайд 3) А што гэта такое? Што абазначае гэтае слова? (Назва нашай рэспублікі.)

Плошча нашай дзяржавы – Рэспублікі Беларусь - 207 тыс. км. кв., яна падзелена на 6 абласцей. Пражывае ў Беларусі каля 10 млн чал. (Слайд 4)

- Якая цудоўная назва ў нашай краіны – Беларусь! Гавораць, што такую назву яна атрымала ад прыгажосці краявідаў, ад мноства снегу, што выпадае зімой, ад перавагі белага колеру ў адзенні людзей; ад таго, што людзі, якія тут жывуць, светлавокія, статныя, прыгожыя. Вы проста паглядзіце адзін на аднаго, усміхніцеся адзін аднаму. Якія вы ўсе прыгожыя!

-Як і ўсе незалежныя дзяржавы, Беларусь мае дзяржаўныя сімвалы – герб, сцяг, гімн. Кожны народ ганарыцца сваёй краінай і паважае яе сімвалы. Паглядзіце на экран, разгледзьце выявы герба і сцяга. (Слайд 5) Дзяржаўны сцяг складаецца з 3 палос: верхняй чырвонага колеру, ніжняй – зялёнага, а таксама вертыкальнай – арнаменту на белым фоне. Герб і сцяг – шматкаляровыя. У гербе 7 колераў. У кожнай дзяржавы ёсць адна галоўная песня – вельмі ўрачыстая. Гэтая песня называецца гімн. (Слайд 6) Яе выконваюць і слухаюць стоячы. Успомніце словы дзяржаўнага гімна.

-Якую назву носіць сталіца нашай дзяржавы?

Горад-герой Мінск (Слайд 7) – адзін з буйнейшых і найпрыгажэйшых гарадоў Еўропы. Яму больш за 900 гадоў. У 1974г. Мінск атрымаў званне горада-героя. Сімвалам горада (Слайд 8) з’яўляецца яго старажытны герб з адлюстраваннем Багародзіцы ў акружэнні двух анёлаў і двух херувімаў. Той, хто прыязджае ў сталіцу па чыгунцы, трапляе ў будынак вакзала, а затым на Прывакзальную плошчу, дзе размешчаны 2 высокія будынкі – сімвалічныя вароты горада (Слайд 9). У Мінску шмат заводаў і фабрык.

Поле, лес, рэчка, возера (Слайд 10), краявіды (Слайд 11), зямля, па якой мы ходзім, вёска ці горад, дзяржава, у якой мы жывём, у якой жывуць бацькі, бабулі і дзядулі, - гэта ўсё Радзіма. Прыгожыя і непаўторныя краявіды нашай Беларусі (Слайд 12).

Адгадайце загадкі:

Як дзяды яны з бародамі,

Ходзяць цэлымі чародамі.

Проста дзіва – не звяры,

Называюцца… (Зубры.) (Слайд 13)
Звер вядомы ён усім –

І старым, і дзецям:

Футра цёплае на ім,

А завуць … (Мядзведзем.) (Слайд 14)


Яшчэ загадка:

У дрэве хатка,

Арэшкаў горка,

Гаспадыня-… (Вавёрка.) (Слайд 15)


Хто ў чырвоных ботах

Ходзіць па балотах? (Бусел.) (Слайд 16)


Сваю Радзіму мы называем таксама Бацькаўшчынай, - бо яна засталася нам ад бацькоў нашых. А ім ад іхніх бацькоў – нашых дзядоў.

Я ўпэўнена, што нашы дзеці любяць Беларусь і пастараюцца перадаць свае пачуцці расказваючы вершы пра родны край.


1. Ад ветру гнуцца вербалозы,

Бяжыць дарога напрасткі.

Мой край – бялюткія бярозы

Абапал сіняе ракі. (Слайд 18)

2. Мой край лясы і пералескі,

Крыніцы звон і шум лясны, (Слайд 19)

Мой край – блакітныя пралескі

На сцежках ранняе вясны. (Слайд 20)

3. Між лясамі і азёрамі –

Васільковыя палі.

Я не ведаю, не ведаю

Прыгажэйшае зямлі. (Слайд 21)

4. І бярозы над дарогаю,

І рамонкі ў мурагу,

І рабіначкі за вокнамі

Разлюбіць я не змагу. (Слайд 22)



  • Дзеткі, а як мы сябе называем як народ? (Беларусы.)

  • А на якой мове мы размаўляем, пішам, чытаем?

  • Людзі могуць размаўляць на розных мовах. Але ў кожнага народа ёсць свая, родная мова. А якая мова лічыцца нашай роднай мовай? (Беларуская.) Малайцы!

  • А мова, калі на ёй не размаўляць, можа загінуць назаўсёды. І мы пра гэта павінны памятаць. А загіне мова – загіне і народ. Ён проста перастане існаваць, нават без вайны. Таму мы вывучаем сваю і іншыя мовы, каб ведаць розныя народы, каб пазнаёміць іншых са сваёй Радзімай, нашым народам, з нашай мовай. (Слайд 23)

  • А зараз прыйшоў час сакрэта № 2. Паспрабуйце яго разгадаць.

Загадка. Крылаў не мае,

Ды хутка лятае.

Выпусціш –

Рад ці не рад,

А не зловіш назад. (Слова.)

- Хто ведае вершы пра беларускую мову, пра роднае беларускае слова?


1. Беларускае роднае слова

Пералівістае – як каменьчык,

Вясёлкавае, як ручэй,

Цёплае, як агеньчык,

Светлае, як маланка,

Гнеўнае, як пярун,

Ціхае, як калыханка,

Вечнае, як Беларусь!

2. Мова…

Родная мова

У марах, у песнях, снах.

Мае ў ёй кожнае слова

Свой колер, і смак, і пах.


  • Настаў час саккрэта № 3. А адкрые яго той, хто адгадае загадку. Будзьце ўважлівы! (Слайд 24)

Хто са мною пасябруе,

Той са мной не засумуе.

Языка хоць і не маю,

А пра ўсё апавядаю. (Кніга.)

- Вось табе канверт. У ім рознакаляровыя лісточкі. Аж 10! (Раздаю дзецям.) Уважліва прачытайце кожны сам сабе тое, што атрымалі. А цяпер слухайце заданне! Мы пагуляем у гульню “Складзём прыказку”. А рабіць будзем так: вучань першага варыянта выходзіць і выразна чытае сваю картку, а вучань другога варыянта, які лічыць, што ў яго працяг, выходзіць і чытае сваю картку. Калі ўсё правільна, то атрымліваецца прыказка, і мы дружна апладыруем ім і хорам паўтараем прыказку. А калі няправільна, то маўчым, і вучань другога варыянта сядае на месца. (Слайд 25)

1. Добра працуем – / Радзіму мацуем.

2. Няма смачней вадзіцы, / чым з роднай крыніцы.

3. Калі рукі ды ахвота, / то і спорыцца работа.

4. Пад ляжачы камень / і вада не цячэ.

5. Пры сонейку цёпла, / пры матулі добра.

- Малайцы, добра папрацавалі разам. А наступны сакрэт адкрые той, хто першым адкажа на наступнае пытанне: Як называецца наш беларускі часопіс для дзяцей, у назве якога ёсць 7 колераў? (Вясёлка.) (Слайд 26)

- Так. Ён вам добра знаёмы.



Сакрэт № 4. А цяпер адкрывай канверт. Што гэта за блытаніна? Хто зможа прачытаць, што ж тут зашыфравана? (Францыск Скарына; Якуб Колас; Янка Купала.)

- Правільна прачыталі. А скажыце, калі ласка, хто гэта такія?

Ф. Скарына (1490-1551гг.) – беларускі першадрукар. (Слайд 27) Ф. Скарына стварыў друкаваны варыянт кірыліцы. Ён – першадрукар не толькі на Беларусі, а і наогул, на ўсіх усходнеславянскіх землях. Ф. Скарына – і вучоны, і пісьменнік, і выдатны асветнік. Ён нарадзіўся ў сям’і купца ў Полацку. Там ён атрымаў першапачатковую адукацыю. Затым паехаў вучыцца ў Кракаў (Польшча) і паступіў ва ўніверсітэт, які закончыў з вучонай ступенню бакалаўра філасофіі. Пасля закончыў Падуанскі ўнівесітэт у Італіі, дзе атрымаў дыплом доктара медыцыны. Надрукаваў 23 кнігі галоўных кніг – Бібліі – у Празе на беларускай мове, а затым пераехаў у Вільню і заснаваў першую ў Вялікім Княстве Літоўскім друкарню. Апошнія гады жыцця Ф. Скарына правёў у Празе, дзе працаваў каралеўскім батанікам.

Янка Купала і Якуб Колас – народныя пісьменнікі Беларусі.

Якуб Колас і Янка Купала – гэта літаратурныя псеўданімы пісьменнікаў. Сапраўднае імя Якуба Коласа (Слайд 28) – Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч.


  • Як вы лічыце, што сімвалізуе псеўданім “Колас”?

Хлебны колас – сімвал жыццялюбства, жыццястойкасці, шчодрасці і плёну – стаў сімвалічным выяўленнем сутнасці дзейнасці пісьменніка. Лепшыя свае творы Якуб Колас прысвяціў роднай зямлі, жыццю і побыту свайго народа. Паслухайце верш “Родныя вобразы”.

Вобразы мілыя роднага краю,

Смутак і радасць мая!

Што маё сэрца да вас парывае,

Чым так прыкованы я.

К вам, мае ўзгорачкі роднага поля,

Рэчкі курганы, лясы,

Поўныя смутку і жальбы нядолі,

Поўныя сумнай красы?

Толькі я лягу і вочы закрыю,

Бачу я вас прад сабой.

Ціха праходзіце вы, як жывыя,

Ззяючы мілай красой.


  • Дзень нараджэння Янкі Купалы (Слайд 29) – Івана Дамянікавіча Луцэвіча супаў са старажытным народным святам Івана Купалы. Гэтую назву і ўзяў паэт у якасці псеўданіма. З купаллем звязана шмат легенд. Так, людзі верылі, што калі пад час свята чалавек знойдзе папараць-кветку, то ён зможа разумець гаворку звяроў, дрэў, птушак і, увогуле, стане шчаслівым.

Літаратурная спадчына паэтаў надзвычай багатая. Знаёмства з іх творчасцю для вас, рабяты, толькі пачынаецца. Але з кожным годам вы будзеце ўсё больш адкрываць для сябе паэтычны свет гэтых таленавітых майстроў слова. А свет гэты – дзівосна прыгожы, як і наша Беларусь.

А зараз паслухайце звесткі з рубрыкі “Ці ведаеце вы, што…”

* Што у сям’і Луцэвічаў (дзе нарадзіўся Янка Купала) было сямёра дзяцей, трое з якіх, нажаль, памерлі ў дзяцінстве?

* Што Янка Купала вельмі любіў збіраць грыбы, а ягады – не?

* Што Янка Купала любіў збіраць кветкі, а потым плёў з іх цудоўныя вянкі?

* Што любімая ежа Янкі Купалы – хруст (хвораст), пірагі з вішнямі, мачанка з грыбамі?

* Што любімы час сутак Янкі Купалы – раніца?

* Што Купала ведаў чэшскую, украінскую, польскую, рускую мовы і перакладаў з іх?

* Што у Купалы была фенаменальная памяць?

* Што Купала вельмі любіў ружы, таму развёў ля дома цудоўны разарый?

* Што сябры называлі Купалу і Коласа то Кузьмой ды Дзям’янам, то беларускімі Кірылам і Мяфодзіем?

- Вы сёння проста малайцы! У нас застаўся яшчэ адзін канверт. Апошні. Я яго адкрываю сама. У сакрэце № 5 вершы. І не проста вершы, а вершы з заданнямі. А заданне такое – выключэнне лішняга. Вы павінны знайсці і назваць лішняе слова, растлумачыўшы, чаму яно лішняе.

1. Прачытай, падумай, кемнасць праяві –

І прадмет чацвёрты – лішні – назаві.

У словах невялікага радка:

Яйкі, мяса, сподак і мука. (Слайд 30)

2. Вось цікавы вам яшчэ радок.

Кацялок, гаршчок, часнок, збанок.

Што не падыходзіць – хто гатоў

Выбраць лішняе ўжо з гэтых слоў? (Слайд 31)

3. Прапаную словы я такія:

Ніка, Каця, Жучка і Марыя.

Ну, а ты задумайся на міг

І скажы, хто будзе лішні з іх. (Слайд 32)

4. Ведаеш ты іх, канешне:

Морква, боб, гарбуз, чарэшня.

Калі ў думках ты ўвішны –

Выключыш чацвёрты лішні. (Слайд 33)



Вынік. Рэфлексія.

- Сёння на ўроку ў нас было ўсё: і адпачынак, і праца. А кожны чалавек павінен добра працаваць, тады і адпачываць будзе лепш. А якая галоўная праца ў вас? (Вучоба.)

- А зараз закрыйче вочкі.

* Успомніце наш урок з самага пачатку.

* Усміхніцеся таму, што у вас добра атрымалася.

* Цяпер успомніце, а што ж у вас выклікала цяжкасці і чаму.

* Настройце сябе на тое, што ў наступны раз вы ўсё зможаце, калі будзеце старацца.

* Пажадайце сабе і сваім таварышам поспехаў.

* А цяпер яшчэ раз усміхніцеся.

- А я жадаю вам любві да сваіх бацькоў, да сваіх сяброў. Я хачу, каб вы любілі і шанавалі сваю родную беларускую мову, каб вы маглі не толькі чытаць і пісаць на беларускай мове, але і думаць на ёй. Тады будуць жыць наша мова і наш народ, наша Беларусь(Слайд 34). Поспехаў вам. Дзякую за ўрок!









База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка