Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб культуры 20 ліпеня 2016 г. №413-З



старонка5/15
Дата канвертавання16.12.2016
Памер3.4 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   15
ГЛАВА 11
ТВОРЧЫЯ САЮЗЫ


Артыкул 58. Творчы саюз

1. Творчы саюз – грамадскае аб’яднанне творчых работнікаў (не менш за дзве трэці ад агульнага ліку членаў) і іншых грамадзян, якія ўнеслі ўклад у захаванне і развіццё культуры, створанае на аснове агульнасці інтарэсаў яго членаў у пэўным відзе творчай дзейнасці для рэалізацыі статутных мэт.

2. Пералік творчых саюзаў вызначаецца Міністэрствам культуры.

Артыкул 59. Асаблівасці стварэння, дзяржаўнай рэгістрацыі, дзейнасці творчых саюзаў, іх рэарганізацыі і ліквідацыі

1. Стварэнне, дзяржаўная рэгістрацыя, дзейнасць, рэарганізацыя і ліквідацыя творчых саюзаў ажыццяўляюцца ў адпаведнасці з заканадаўствам аб грамадскіх аб’яднаннях з улікам асаблівасцей, устаноўленых гэтым Кодэксам.

2. У якасці заснавальнікаў творчых саюзаў маюць права выступаць творчыя работнікі, а таксама іншыя грамадзяне, якія ўнеслі ўклад у захаванне і развіццё культуры.

3. Творчыя саюзы ў Рэспубліцы Беларусь ствараюцца і дзейнічаюць у мэтах:

3.1. рэалізацыі творчых здольнасцей творчых работнікаў;

3.2. развіцця творчага патэнцыялу і творчай ініцыятывы грамадзян у сферы культуры;

3.3. садзейнічання ў стварэнні, распаўсюджванні і (або) папулярызацыі твораў мастацкай літаратуры і мастацтва;

3.4. заахвочвання наватарства, павышэння прафесійнага майстэрства і культуры духоўных адносін;

3.5. ажыццяўлення сумеснай творчай дзейнасці;

3.6. падтрымкі членаў творчых саюзаў.

4. Мэты дзейнасці, прадугледжаныя пунктам 3 гэтага артыкула, з’яўляюцца абавязковымі для ўказання ў статуце творчага саюза.

5. Творчыя саюзы ствараюцца і дзейнічаюць на аснове прынцыпаў законнасці, добраахвотнасці, самастойнасці, раўнапраўя і галоснасці.

Творчыя саюзы незалежныя ў сваёй дзейнасці ад палітычных партый і іншых грамадскіх аб’яднанняў.

6. Творчыя саюзы могуць рэалізоўваць адукацыйную праграму навучальных курсаў (лекторыяў, тэматычных семінараў, практыкумаў, трэнінгаў і іншых відаў навучальных курсаў) і адукацыйную праграму ўдасканальвання магчымасцей і здольнасцей асобы ў парадку, устаноўленым заканадаўствам аб адукацыі.

7. Творчыя саюзы могуць ажыццяўляць ва ўстаноўленым парадку прадпрымальніцкую дзейнасць толькі ў выпадках, калі яна неабходна для iх статутных мэт, дзеля якiх яны створаны, і адпавядае гэтым мэтам і прадмету дзейнасці творчых саюзаў.

Творчыя саюзы маюць права ажыццяўляць без стварэння камерцыйных арганізацый і (або) удзелу ў іх наступныя віды прадпрымальніцкай дзейнасці:

дзейнасць па вытворчасці фільмаў і тэлевізійных праграм;

дзейнасць па рэалізацыі адукацыйнай праграмы навучальных курсаў (лекторыяў, тэматычных семінараў, практыкумаў, трэнінгаў і іншых відаў навучальных курсаў) і адукацыйнай праграмы ўдасканальвання магчымасцей і здольнасцей асобы;

творчая дзейнасць і забавы.

Артыкул 60. Супрацоўніцтва дзяржаўных органаў з творчымі саюзамі

1. Дзяржаўныя органы садзейнічаюць забеспячэнню правоў і свабод членаў творчых саюзаў, абароне іх законных інтарэсаў, рэалізацыі статутных мэт творчых саюзаў.

2. Дзяржаўныя органы ў межах сваёй кампетэнцыі ажыццяўляюць:

2.1. садзейнічанне рэалізацыі творчымі саюзамі культурных праектаў, стварэнню ўмоў для творчай дзейнасці членаў творчых саюзаў;

2.2. устанаўленне заахвочванняў для творчых саюзаў і іх членаў;

2.3. размяшчэнне сацыяльна-творчых заказаў;

2.4. набыццё для дзяржаўных арганізацый культуры і ўстаноў адукацыі ў сферы культуры твораў мастацкай літаратуры і мастацтва, створаных членамі творчых саюзаў, а таксама маёмасных правоў на іх у адпаведнасці з заканадаўствам аб аўтарскім праве і сумежных правах;

2.5. прадастаўленне творчым саюзам у адпаведнасці з актамі заканадаўства права карыстання капітальнымі пабудовамі (будынкамі, збудаваннямі), памяшканнямі, абсталяваннем, матэрыяламі, паслугамі, сродкамі сувязі, транспартам;

2.6. прадастаўленне творчым саюзам у адпаведнасці з заканадаўствам аб ахове і выкарыстанні зямель зямельных участкаў для будаўніцтва і (або) абслугоўвання аб’ектаў нерухомай маёмасці;

2.7. садзейнічанне ўступленню творчых саюзаў у міжнародныя творчыя аб’яднанні;

2.8. садзейнiчанне ўдасканальванню дзейнасцi творчых саюзаў у мэтах развiцця культуры, захаванню напрамкаў (школ), форм, відаў і прыёмаў мастацкай творчасці, пераемнасці нацыянальных культурных традыцый, пашырэнню мiжнароднага супрацоўніцтва ў сферы культуры, павышэнню прэстыжу творчых прафесiй у грамадстве.

3. Творчыя саюзы спрыяюць рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі ў сферы культуры ў мэтах:

3.1. забеспячэння правоў і свабод грамадзян у сферы культуры, абароны іх інтарэсаў;

3.2. садзейнічання культурнаму развіццю і эстэтычнаму выхаванню грамадзян, іх далучэння да сучасных твораў мастацкай літаратуры і мастацтва;

3.3. рэалізацыі творчых здольнасцей (магчымасцей) асобы;

3.4. захавання самабытнасці беларускай нацыянальнай культуры і мовы;

3.5. захавання, развіцця, распаўсюджвання і (або) папулярызацыі культуры;

3.6. садзейнічання міжнароднаму супрацоўніцтву ў сферы культуры.

4. Умяшанне дзяржаўных органаў і службовых асоб у дзейнасць творчых саюзаў і ўмяшанне творчых саюзаў у дзейнасць дзяржаўных органаў і службовых асоб не дапускаюцца, за выключэннем выпадкаў, прадугледжаных заканадаўчымі актамі.

Артыкул 61. Правы творчых саюзаў

1. Творчыя саюзы маюць права:

1.1. уносіць у дзяржаўныя органы прапановы па пытаннях культуры і сацыяльнай абароны творчых работнікаў;

1.2. атрымліваць актуальную інфармацыю аб заканадаўстве аб культуры ў частцы дзейнасці творчых саюзаў і творчых работнікаў;

1.3. уносіць у дзяржаўныя органы прапановы па ўдасканаленні заканадаўства аб культуры;

1.4. распаўсюджваць інфармацыю аб сваёй дзейнасці праз дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі, у тым ліку засноўваць уласныя сродкі масавай інфармацыі;

1.5. абараняць свае правы, а таксама (па асабістых даручэннях) аўтарскія, сумежныя, іншыя правы і законныя інтарэсы сваіх членаў перад дзяржаўнымі органамі і іншымі арганізацыямі;

1.6. прадастаўляць бязвыплатную (спонсарскую) дапамогу ў парадку, устаноўленым заканадаўчымі актамі;

1.7. ажыццяўляць дзейнасць па кіраванні маёмаснымі правамі аўтараў або іншых праваўладальнікаў на калектыўнай аснове ў парадку, устаноўленым заканадаўствам аб аўтарскім праве і сумежных правах.

2. Два i больш творчыя саюзы могуць ствараць асацыяцыю (саюз) творчых саюзаў у адпаведнасцi з заканадаўствам аб грамадскіх аб’яднаннях.

3. Творчыя саюзы ў адпаведнасцi з iх статутамi могуць прымаць удзел у стварэнні на тэрыторыі замежных краін міжнародных грамадскіх аб’яднанняў, саюзаў, уступаць у мiжнародныя творчыя аб’яднанні, саюзы, створаныя на тэрыторыі замежных краін. Творчыя саюзы могуць падтрымліваць прамыя міжнародныя кантакты і сувязі, заключаць адпаведныя пагадненнi i ажыццяўляць iншую дзейнасць, якая не супярэчыць заканадаўству, а таксама мiжнародным дагаворам Рэспублікі Беларусь.

4. Творчыя саюзы маюць іншыя правы, прадугледжаныя гэтым Кодэксам і іншымі актамі заканадаўства.



Артыкул 62. Членства ў творчым саюзе

1. Членамі творчага саюза могуць быць творчыя работнікі і іншыя грамадзяне, якія ўнеслі ўклад у захаванне і развіццё культуры.

Заснавальнікі творчага саюза пасля дзяржаўнай рэгістрацыі творчага саюза становяцца членамі творчага саюза і набываюць адпаведныя правы і абавязкі.

2. Творчыя саюзы маюць фіксаванае членства. Патрабаванні, якія прад’яўляюцца статутам творчага саюза да яго членаў (кандыдатаў у члены), павінны садзейнічаць аб’яднанню ў яго складзе найбольш кваліфікаваных прадстаўнікоў адпаведных творчых прафесій, стымуляваць развіццё іх творчага патэнцыялу і не павінны абмяжоўваць палітычныя, маёмасныя, асобасныя немаёмасныя і іншыя правы грамадзян.

3. Умовы і парадак прыёму ў члены творчага саюза, а таксама выхаду і выключэння з яго вызначаюцца статутам творчага саюза.

Артыкул 63. Уласнасць творчых саюзаў

1. Творчыя саюзы могуць мець ва ўласнасці любую маёмасць, неабходную для матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння дзейнасці, прадугледжанай іх статутамі, за выключэннем аб’ектаў, якія знаходзяцца толькі ва ўласнасці дзяржавы.

2. Члены творчых саюзаў страчваюць правы на маёмасць, якая была перададзена імі ва ўласнасць творчага саюза, у тым ліку на членскія ўзносы. Яны не адказваюць па абавязацельствах творчых саюзаў, членамі якіх яны з’яўляюцца, а творчыя саюзы не адказваюць па абавязацельствах сваіх членаў.

3. Грашовыя сродкі і іншая маёмасць творчых саюзаў не могуць пераразмяркоўвацца паміж членамі гэтых саюзаў і выкарыстоўваюцца толькі для рэалізацыі статутных мэт.

4. У выпадку ліквідацыі творчага саюза яго маёмасць, якая засталася пасля задавальнення патрабаванняў крэдытораў, выкарыстоўваецца ў мэтах, прадугледжаных статутам творчага саюза.

ГЛАВА 12
СПОНСАРЫ І МЕЦЭНАТЫ КУЛЬТУРЫ


Артыкул 64. Спонсар культуры

1. Спонсар культуры – юрыдычная асоба, індывідуальны прадпрымальнік, якія прадастаўляюць юрыдычным асобам, грамадзянам, у тым ліку індывідуальным прадпрымальнікам, бязвыплатную (спонсарскую) дапамогу ў мэтах аховы гісторыка-культурнай спадчыны, развіцця бібліятэчнай і музейнай справы, кінематаграфіі, выяўленчага, дэкаратыўна-прыкладнога, манументальнага, музычнага, тэатральнага, харэаграфічнага, эстраднага, цыркавога і іншых відаў мастацтва (у тым ліку стварэння новых твораў мастацкай літаратуры і мастацтва, канцэртных праграм, тэатральных пастановак, правядзення выставак), а таксама развіцця і падтрымкі народнай творчасці, народных мастацкіх рамёстваў, адукацыі ў сферы культуры, правядзення культурна-відовішчных мерапрыемстваў беларускімі калектывамі мастацкай творчасці і асобнымі выканаўцамі.

2. Спонсары культуры прадастаўляюць бязвыплатную (спонсарскую) дапамогу ў выглядзе грашовых сродкаў, у тым ліку ў замежнай валюце, тавараў (маёмасці), работ, паслуг, маёмасных правоў, у тым ліку выключных правоў на аб’екты інтэлектуальнай уласнасці, на ўмовах і ў парадку, якія вызначаюцца актамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 65. Мецэнат культуры

1. Мецэнат культуры – грамадзянін, які робіць ахвяраванні ў мэтах захавання, развіцця, распаўсюджвання і (або) папулярызацыі культуры, падтрымкі культурнай дзейнасці, у тым ліку захавання, развiцця, распаўсюджвання і (або) папулярызацыі беларускай нацыянальнай культуры i мовы, аховы гісторыка-культурнай і археалагічнай спадчыны, развіцця музейнай і бібліятэчнай справы, кінематаграфіі, адраджэння, захавання i развiцця нацыянальных культурных традыцый, у тым ліку традыцый народных мастацкіх рамёстваў, падтрымкi таленавiтых аўтараў, калектываў мастацкай творчасцi і асобных выканаўцаў, папулярызацыі культурных каштоўнасцей беларускай нацыянальнай i сусветнай культуры.

2. Мецэнаты культуры робяць ахвяраванні ў адпаведнасці з Грамадзянскім кодэксам Рэспублікі Беларусь.

АСАБЛІВАЯ ЧАСТКА

РАЗДЗЕЛ III
КУЛЬТУРНЫЯ КАШТОЎНАСЦІ


ГЛАВА 13
АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ АБ КУЛЬТУРНЫХ КАШТОЎНАСЦЯХ


Артыкул 66. Віды культурных каштоўнасцей

1. У залежнасцi ад формы ўвасаблення зместу культурныя каштоўнасцi падзяляюцца на:

1.1. матэрыяльныя культурныя каштоўнасцi;

1.2. нематэрыяльныя культурныя каштоўнасцi.

2. У залежнасцi ад асаблiвасцей захоўвання (аховы) i выкарыстання культурныя каштоўнасцi падзяляюцца на:

2.1. гісторыка-культурныя каштоўнасці;

2.2. культурныя каштоўнасцi, якiя складаюць Бiблiятэчны фонд Рэспублiкi Беларусь, Нацыянальны архіўны фонд Рэспублікі Беларусь або ўключаны ў Музейны фонд Рэспублiкi Беларусь, за выключэннем гiсторыка-культурных каштоўнасцей;

2.3. культурныя каштоўнасцi, прапанаваныя ва ўстаноўленым парадку для надання iм статусу гiсторыка-культурнай каштоўнасці;

2.4. iншыя культурныя каштоўнасцi.

Артыкул 67. Матэрыяльныя культурныя каштоўнасцi

1. Матэрыяльныя культурныя каштоўнасцi – культурныя каштоўнасцi, матэрыяльнае ўвасабленне якiх складае iх змест. 

2. Матэрыяльныя культурныя каштоўнасцi падзяляюцца на:

2.1. нерухомыя матэрыяльныя культурныя каштоўнасцi, перамяшчэнне якiх патрабуе ажыццяўлення iнжынерных мерапрыемстваў i вядзе да частковай або поўнай страты iмi гiстарычнага, мастацкага, навуковага або iншага значэння;

2.2. рухомыя матэрыяльныя культурныя каштоўнасцi, перамяшчэнне якiх не вядзе да страты iмі гiстарычнага, мастацкага, навуковага або iншага значэння.

Артыкул 68. Увасабленне матэрыяльных культурных каштоўнасцей

Матэрыяльныя культурныя каштоўнасці могуць увасабляцца ў выглядзе:

асобнай культурнай каштоўнасці;

ансамбля культурных каштоўнасцей – кампазіцыйна спалучаных паміж сабой нерухомых матэрыяльных культурных каштоўнасцей разам з навакольным асяроддзем, якiя размешчаны на гiстарычна сфармiраванай тэрыторыi, а таксама звязаных з iмi твораў выяўленчага, дэкаратыўна-прыкладнога, садова-паркавага мастацтва; твораў выяўленчага, дэкаратыўна-прыкладнога, садова-паркавага мастацтва i некропаляў разам з навакольным асяроддзем, якiя створаны адначасова або на працягу пэўнага храналагiчнага перыяду і аб’яднаны стылістычнымі асаблівасцямі і (або) функцыянальным прызначэннем;

калекцыі культурных каштоўнасцей – навукова абгрунтаванага збору рухомых матэрыяльных культурных каштоўнасцей;

камплекта культурных каштоўнасцей – набору рухомых матэрыяльных культурных каштоўнасцей, якiя маюць агульнае прызначэнне;

комплексу культурных каштоўнасцей – iзаляваных або спалучаных паміж сабой нерухомых матэрыяльных культурных каштоўнасцей, якія размешчаны побач або якія размешчаны ў розных месцах, але аб’яднаны агульнымі прыкметамі (у склад комплексу культурных каштоўнасцей як асобны кампанент можа быць уключана навакольнае асяроддзе).

Артыкул 69. Нематэрыяльныя культурныя каштоўнасцi

1. Нематэрыяльныя культурныя каштоўнасцi – культурныя каштоўнасцi, форма існавання (праявы) якiх не аказвае iстотнага ўплыву на iх змест. 

Нематэрыяльныя культурныя каштоўнасці маюць матэрыяльную або нематэрыяльную форму існавання (праявы).

2. Да нематэрыяльных культурных каштоўнасцей адносяцца звычаi, традыцыi, абрады, фальклор (вусная народная творчасць), беларуская мова (вусная і пісьмовая), іншыя мовы, іменаслоўныя традыцыі і традыцыйныя нацыянальныя формы звароту да людзей, змест геральдычных аб’ектаў, уласных геаграфічных назваў (тапонімаў) i вырабаў народных мастацкіх рамёстваў, iншыя нематэрыяльныя праяўленнi творчасцi чалавека.



Артыкул 70. Увасабленне нематэрыяльных культурных каштоўнасцей

Нематэрыяльныя культурныя каштоўнасці могуць увасабляцца ў выглядзе:

асобнай культурнай каштоўнасці;

комплексу нематэрыяльных культурных каштоўнасцей, калi iх змест выяўляецца праз абрады, фальклор (вусную народную творчасць), у склад якiх уваходзяць розныя па сваім характары дзеяннi (танцы, песнi, iншыя нематэрыяльныя праяўленнi творчасцi чалавека), аб’яднаныя адной сутнаснай скіраванасцю.



Артыкул 71. Права ўласнасцi на культурныя каштоўнасцi

1. Культурныя каштоўнасцi могуць знаходзiцца ва ўласнасцi Рэспублiкi Беларусь, адмiнiстрацыйна-тэрытарыяльных адзiнак Рэспублiкi Беларусь, юрыдычных асоб, грамадзян, у тым лiку iндывiдуальных прадпрымальнiкаў.

2. Асобныя культурныя каштоўнасцi могуць быць аднесены заканадаўчымі актамі да аб’ектаў, якiя знаходзяцца толькi ва ўласнасцi дзяржавы.

3. Пры наданнi культурным каштоўнасцям статусу гісторыка-культурнай каштоўнасцi права ўласнасцi на iх захоўваецца.

4. Падставы ўзнiкнення i парадак ажыццяўлення права ўласнасцi на культурныя каштоўнасцi, якім можа быць нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці i якія на момант iх выяўлення або надання iм статусу гісторыка-культурнай каштоўнасцi не маюць уласнiка, а таксама парадак выкупу гісторыка-культурных каштоўнасцей, што ўтрымлiваюцца безгаспадарча, вызначаюцца гэтым Кодэксам i грамадзянскiм заканадаўствам.

Артыкул 72. Пераважнае права набыцця долі ў праве агульнай уласнасці на гісторыка-культурную каштоўнасць

Пры продажы долi ў праве агульнай уласнасцi на гісторыка-культурную каштоўнасць пабочнай асобе астатнiя ўдзельнiкi долевай уласнасцi маюць пераважнае права набыцця долi, што прадаецца, па кошце, за які яна прадаецца, і на іншых роўных умовах, акрамя выпадку продажу з публічных таргоў. У выпадку iх адмовы або немагчымасцi набыць долю ў праве агульнай уласнасцi на гісторыка-культурную каштоўнасць пры яе продажы пераважнае права яе набыцця пры іншых роўных умовах у парадку, устаноўленым грамадзянскім заканадаўствам, мае дзяржава.



Артыкул 73. Правы ўласнiка матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасцi

1. Уласнiк матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасцi мае правы, прадугледжаныя грамадзянскiм заканадаўствам, а таксама мае права перадаваць рухомую матэрыяльную гісторыка-культурную каштоўнасць на захоўванне дзяржаўным арганізацыям культуры з вызначэннем умоў яе ўтрымання i выкарыстання.

2. Для ўласнiка калекцыі гісторыка-культурных каштоўнасцей дзяржаўныя музеі, бiблiятэкі, архiвы, iншыя дзяржаўныя юрыдычныя асобы на бязвыплатнай аснове:

2.1. вызначаюць iндывiдуальныя ўмовы ўтрымання i выкарыстання калекцыi гісторыка-культурных каштоўнасцей у цэлым i (або) яе асобных прадметаў;

2.2. дапамагаюць у правядзеннi навуковай апрацоўкi прадметаў калекцыi гісторыка-культурных каштоўнасцей;

2.3. захоўваюць калекцыю гісторыка-культурных каштоўнасцей;

2.4. выкарыстоўваюць у навуковых мэтах i мэтах экспанавання перададзеную на захоўванне калекцыю гісторыка-культурных каштоўнасцей (яе частку або асобны прадмет) і прымаюць меры па забеспячэнні яе захавання ў час экспанавання і (або) перавозкі.

3. Па жаданні ўласніка калекцыі гісторыка-культурных каштоўнасцей дзяржаўныя музеі, бiблiятэкi, архiвы, iншыя дзяржаўныя юрыдычныя асобы абавязаны гарантаваць канфiдэнцыяльнасць звестак аб уласнiку калекцыі гісторыка-культурных каштоўнасцей (яе часткі або асобнага прадмета).



Артыкул 74. Абмежаванне правоў уласнiка (карыстальнiка) матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасцi, землекарыстальніка, на зямельным участку якога размешчана нерухомая матэрыяльная гісторыка-культурная каштоўнасць

Уласнiку (карыстальнiку) матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасцi, землекарыстальніку, на зямельным участку якога размешчана нерухомая матэрыяльная гісторыка-культурная каштоўнасць, забараняецца:

знiшчаць гісторыка-культурную каштоўнасць;

дапускаць прычыненне шкоды, змяненне гісторыка-культурнай каштоўнасцi, выконваць навукова-даследчыя і праектныя работы без дазволу на выкананне навукова-даследчых і праектных работ на матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцях;

мяняць месца знаходжання (захоўвання), умовы ўтрымання i выкарыстання гісторыка-культурнай каштоўнасцi без узгаднення з мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі базавага тэрытарыяльнага ўзроўню, за выключэннем гісторыка-культурных каштоўнасцей, якія ўключаны ў Музейны фонд Рэспублікі Беларусь;

вывозіць рухомую матэрыяльную гісторыка-культурную каштоўнасць з Рэспублікі Беларусь на пастаяннае захоўванне;

перадаваць матэрыяльную гісторыка-культурную каштоўнасць у валоданне i (або) карыстанне Узброеным Сiлам Рэспублiкi Беларусь, iншым войскам і воiнскiм фармiраванням Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 75. Абавязкi ўласнiка (карыстальнiка) матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасцi, землекарыстальніка, на зямельным участку якога размешчана нерухомая матэрыяльная гісторыка-культурная каштоўнасць

1. Уласнiк (карыстальнік) матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасцi, землекарыстальнік, на зямельным участку якога размешчана нерухомая матэрыяльная гісторыка-культурная каштоўнасць, абавязаны падпiсаць ахоўнае абавязацельства, у якім прадугледжваюцца наступныя абавязкі:

1.1. забяспечваць захаванасць гісторыка-культурнай каштоўнасцi;

1.2. захоўваць у цэласнасцi калекцыю гісторыка-культурных каштоўнасцей;

1.3. забяспечваць доступ да гісторыка-культурнай каштоўнасцi спецыялiстам, якiя па даручэнні (узгадненні) Мiнiстэрства культуры маюць права на яе вывучэнне;

1.4. прадастаўляць грамадзянам па дамоўленасцi з мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі базавага тэрытарыяльнага ўзроўню доступ да гісторыка-культурнай каштоўнасці на тэрмiн не менш за шэсць месяцаў на працягу кожных дзесяцi гадоў;

1.5. паведамляць у мясцовы выканаўчы і распарадчы орган базавага тэрытарыяльнага ўзроўню аб акалiчнасцях, якiя пагражаюць захаванню гісторыка-культурнай каштоўнасцi, не пазней за тры каляндарныя дні з дня выяўлення гэтых акалічнасцей;

1.6. забяспечыць усталяванне на нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці ахоўнай дошкі і складанне пашпарта матэрыяльнай гiсторыка-культурнай каштоўнасцi;

1.7. пры пераходзе права ўласнасці або іншага рэчавага права на матэрыяльную гісторыка-культурную каштоўнасць, права ўласнасці, права пажыццёвага спадчыннага валодання, пастаяннага або часовага карыстання або арэнды (субарэнды) на зямельны ўчастак, на якім размешчана нерухомая матэрыяльная гісторыка-культурная каштоўнасць, не пазней за пяць каляндарных дзён з дня пераходу права перадаць пашпарт матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці новаму ўласніку (карыстальніку) матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці, новаму землекарыстальніку, на зямельным участку якога размешчана нерухомая матэрыяльная гісторыка-культурная каштоўнасць.

2. Новы ўласнiк матэрыяльнай гiсторыка-культурнай каштоўнасцi або новы землекарыстальнік, на зямельным участку якога размешчана нерухомая матэрыяльная гісторыка-культурная каштоўнасць, абавязаны на працягу трыццаці каляндарных дзён з дня набыцця права ўласнасцi на матэрыяльную гiсторыка-культурную каштоўнасць або ўзнікнення права на зямельны ўчастак, на якім размешчана нерухомая матэрыяльная гісторыка-культурная каштоўнасць, падпiсаць ахоўнае абавязацельства. Невыкананне гэтага патрабавання з’яўляецца падставай для прызнання здзелкi па набыцці права ўласнасці на матэрыяльную гісторыка-культурную каштоўнасць несапраўднай па іску мясцовага выканаўчага і распарадчага органа базавага тэрытарыяльнага ўзроўню або падставай для адабрання названага зямельнага ўчастка ў адпаведнасці з заканадаўствам аб ахове і выкарыстанні зямель.

Новы карыстальнік матэрыяльнай гiсторыка-культурнай каштоўнасцi абавязаны падпісаць ахоўнае абавязацельства на працягу трыццаці каляндарных дзён з дня замацавання за ім гісторыка-культурнай каштоўнасці на праве гаспадарчага распараджэння або аператыўнага кіравання.

3. У выпадку надання матэрыяльнай культурнай каштоўнасці статусу гiсторыка-культурнай каштоўнасцi яе ўласнiк (карыстальнiк) або землекарыстальнік, на зямельным участку якога размешчана нерухомая матэрыяльная гiсторыка-культурная каштоўнасць, абавязаны на працягу трыццаці каляндарных дзён з дня надання ёй статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці падпiсаць ахоўнае абавязацельства. Невыкананне гэтага патрабавання з’яўляецца падставай для прызнання гэтай матэрыяльнай культурнай каштоўнасці ва ўстаноўленым парадку гiсторыка-культурнай каштоўнасцю, якая ўтрымлiваецца безгаспадарча.

4. У выпадку, калi ўласнiк матэрыяльнай гiсторыка-культурнай каштоўнасцi безгаспадарча ўтрымлiвае гэту гiсторыка-культурную каштоўнасць, што можа прывесцi да страты яе адметных духоўных, мастацкiх i (або) дакументальных вартасцей, такая гiсторыка-культурная каштоўнасць па рашэнні суда можа быць адабрана ва ўласніка шляхам выкупу дзяржавай або продажу з публічных таргоў. Прызнанне нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці, якая размешчана на зямельным участку землекарыстальніка, ва ўстаноўленым парадку гісторыка-культурнай каштоўнасцю, якая ўтрымліваецца безгаспадарча, з’яўляецца падставай для адабрання зямельнага ўчастка, на якім размешчана гісторыка-культурная каштоўнасць, у адпаведнасці з заканадаўствам аб ахове і выкарыстанні зямель.

ГЛАВА 14
УВОЗ І (АБО) ВЫВАЗ, ВЯРТАННЕ КУЛЬТУРНЫХ КАШТОЎНАСЦЕЙ


Артыкул 76. Увоз і (або) вываз культурных каштоўнасцей

1. Увоз і (або) вываз культурных каштоўнасцей ажыццяўляюцца ў адпаведнасцi з гэтым Кодэксам і іншымі актамі заканадаўства аб культуры, заканадаўствам аб знешнеэканамічнай дзейнасці, заканадаўствам аб мытным рэгуляванні, міжнароднымі дагаворамі Рэспублікі Беларусь, міжнародна-прававымі актамі, якія складаюць нарматыўную прававую базу Мытнага саюза і Адзінай эканамічнай прасторы і (або) права Еўразійскага эканамічнага саюза.

2. Вываз з мытнай тэрыторыі Еўразійскага эканамічнага саюза культурных каштоўнасцей, уключаных у адзіны пералік тавараў, да якіх прымяняюцца меры нетарыфнага рэгулявання ў гандлі з трэцімі краінамі, які вызначаецца актам, што складае права Еўразійскага эканамічнага саюза, ажыццяўляецца пры наяўнасці ліцэнзіі або заключэння (дазвольнага дакумента) у выпадках, прадугледжаных гэтым актам. У Рэспубліцы Беларусь выдача ліцэнзій ажыццяўляецца Міністэрствам антыманапольнага рэгулявання і гандлю Рэспублікі Беларусь па ўзгадненні з Міністэрствам культуры ў адпаведнасці з міжнародна-прававымі актамі, якія складаюць нарматыўную прававую базу Мытнага саюза і Адзінай эканамічнай прасторы і (або) права Еўразійскага эканамічнага саюза, выдача заключэнняў (дазвольных дакументаў) – Міністэрствам культуры ў адпаведнасці з гэтымі актамі, а таксама ў парадку і на ўмовах, устаноўленых Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь.

3. Вываз з Рэспублікі Беларусь на тэрыторыю дзяржавы – члена Еўразійскага эканамічнага саюза культурных каштоўнасцей, вызначаных Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь, ажыццяўляецца на падставе заключэння (дазвольнага дакумента), якое выдаецца Міністэрствам культуры ў адпаведнасці з міжнародна-прававымі актамі, якія складаюць нарматыўную прававую базу Мытнага саюза і Адзінай эканамічнай прасторы і (або) права Еўразійскага эканамічнага саюза, у выпадках, парадку і на ўмовах, устаноўленых Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь.

4. Увоз і (або) вываз культурных каштоўнасцей, прадугледжаных пунктамі 2 і 3 гэтага артыкула, якія знаходзяцца ў вышуку, забараняюцца.

Артыкул 77. Вяртанне культурных каштоўнасцей

Культурныя каштоўнасці, вывезеныя з Рэспублікі Беларусь з парушэннем актаў заканадаўства, міжнародных дагавораў Рэспублікі Беларусь, якія дзейнічалі ў Рэспубліцы Беларусь на момант іх вывазу, і іншых норм міжнароднага права, а таксама часова вывезеныя з Рэспублікі Беларусь у эвакуацыю ў час узброеных канфліктаў або на іншай падставе і не вернутыя ў Рэспубліку Беларусь без законных падстаў, падлягаюць абавязковаму вяртанню незалежна ад часу, абставін і месца вывазу.



Артыкул 78. Камісія па выяўленні, вяртанні, сумесным выкарыстанні і ўвядзенні ў навуковы і культурны ўжытак культурных каштоўнасцей, якія знаходзяцца за межамі Рэспублікі Беларусь

1. У мэтах арганізацыі дзейнасці па выяўленні, вяртанні, сумесным выкарыстанні і ўвядзенні ў навуковы і культурны ўжытак культурных каштоўнасцей, якія знаходзяцца за межамі Рэспублікі Беларусь, пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь ствараецца Камісія па выяўленні, вяртанні, сумесным выкарыстанні і ўвядзенні ў навуковы і культурны ўжытак культурных каштоўнасцей, якія знаходзяцца за межамі Рэспублікі Беларусь.

2. Камісія па выяўленні, вяртанні, сумесным выкарыстанні і ўвядзенні ў навуковы і культурны ўжытак культурных каштоўнасцей, якія знаходзяцца за межамі Рэспублікі Беларусь, з’яўляецца пастаянна дзеючым дарадчым органам.

3. Асноўнымi задачамi Камiсii па выяўленні, вяртанні, сумесным выкарыстанні і ўвядзенні ў навуковы і культурны ўжытак культурных каштоўнасцей, якія знаходзяцца за межамі Рэспублікі Беларусь, з’яўляюцца:

3.1. вызначэнне прыярытэтных для Рэспублiкi Беларусь напрамкаў дзейнасцi па выяўленні, вяртанні, сумесным выкарыстанні i ўвядзенні ў навуковы i культурны ўжытак культурных каштоўнасцей, якія знаходзяцца за межамі Рэспублікі Беларусь;

3.2. падрыхтоўка прапаноў па пытаннях выяўлення, вяртання, сумеснага выкарыстання i ўвядзення ў навуковы i культурны ўжытак культурных каштоўнасцей, якія знаходзяцца за межамі Рэспублікі Беларусь.

4. Камiсiя па выяўленні, вяртанні, сумесным выкарыстанні і ўвядзенні ў навуковы і культурны ўжытак культурных каштоўнасцей, якія знаходзяцца за межамі Рэспублікі Беларусь:

4.1. забяспечвае ўзаемадзеянне дзяржаўных органаў, грамадскiх аб’яднанняў, іншых юрыдычных асоб, грамадзян, у тым ліку індывідуальных прадпрымальнікаў, у мэтах зберажэння i памнажэння гiсторыка-культурнай і археалагічнай спадчыны;

4.2. супрацоўнiчае з нацыянальнымi i мiжнароднымi органамi i арганiзацыямi, дзейнасць якiх звязана з вяртаннем культурных каштоўнасцей, якія знаходзяцца за межамі Рэспублікі Беларусь;

4.3. спрыяе ажыццяўленню мерапрыемстваў па вяртанні культурных каштоўнасцей, якія знаходзяцца за межамі Рэспублікі Беларусь;

4.4. ажыццяўляе кантроль за працэсам вяртання культурных каштоўнасцей, якія знаходзяцца за межамі Рэспублікі Беларусь;

4.5. абмяркоўвае і ажыццяўляе падрыхтоўку прапаноў па праектах нарматыўных прававых актаў, iншых дакументаў па выяўленні, вяртанні, сумесным выкарыстанні i ўвядзенні ў навуковы i культурны ўжытак культурных каштоўнасцей, якія знаходзяцца за межамі Рэспублікі Беларусь;

4.6. уносiць у Савет Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь прапановы аб фiнансаваннi дзейнасцi па выяўленні, вяртанні, сумесным выкарыстанні i ўвядзенні ў навуковы i культурны ўжытак культурных каштоўнасцей, якія знаходзяцца за межамі Рэспублікі Беларусь.

5. Камiсiя па выяўленні, вяртанні, сумесным выкарыстанні і ўвядзенні ў навуковы і культурны ўжытак культурных каштоўнасцей, якія знаходзяцца за межамі Рэспублікі Беларусь, мае права:

5.1. уносiць у Савет Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь прапановы па асноўных напрамках i формах дзейнасцi па выяўленні, вяртанні, сумесным выкарыстанні i ўвядзенні ў навуковы i культурны ўжытак культурных каштоўнасцей, якія знаходзяцца за межамі Рэспублікі Беларусь;

5.2. звяртацца і атрымліваць ад дзяржаўных органаў i iншых юрыдычных асоб iнфармацыю i матэрыялы па пытаннях, якiя ўваходзяць у кампетэнцыю Камісіі;

5.3. заслухоўваць на сваiх пасяджэннях паведамленнi дзяржаўных органаў i iншых юрыдычных асоб па пытаннях, якiя ўваходзяць у кампетэнцыю Камісіі;

5.4. далучаць да сваёй дзейнасці работнiкаў дзяржаўных органаў.



РАЗДЗЕЛ IV
КУЛЬТУРНАЯ ДЗЕЙНАСЦЬ



: uploads
uploads -> Конкурс для маладых журналістаў 4 Майстэрня грамадзянскай актыўнасці для моладзі 5
uploads -> Кроніка грамадскага жыцця Гарадзеншчыны ад грамадскага аб’яднання
uploads -> Гданьск пачынаецца ў наваградку пралог як заўсёды, сонца мела
uploads -> Вучэбны матэрыял да ўрока №9 М. М. Брылеўскі
uploads -> Штомесячны агляд эканомікі беларусі
uploads -> Клуб Лакальных Лідэраў 6 Семінар у Вільні для журналістаў 7 конкурс адукацыйных матэрыялаў 8 конкурс
uploads -> Віктар Крэс панятоўскія-крэпышы герба «юноша»: радавод старажытнага
uploads -> 18 кастрычніка 2012 г. 1522 Аб узнагароджанні Ганаровай
uploads -> Клубы і аматарскія аб’яднанні Назва бібліятэкі
uploads -> Клубы і аматарскія аб’яднанні сеткі публічных бібліятэк Стаўбцоўскага раёна


1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   15


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка