Конкурс навуковых работ студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў Рэспублікі Беларусь Паліталогія, сацыялогія, гісторыя Беларусі



старонка2/8
Дата канвертавання15.05.2016
Памер1.24 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8

1.2 Арганізацыя ўлады
Пра арганізацыю ўлады ў Полацку ІХ – Х стст. звестак няшмат і рэканструяваць дзяржаўны лад вельмі цяжка, усе высновы носяць у асноўным гіпатэтычны характар.

У гістарычнай навуцы атрымала прызнанне думка, што утварэнню тэрыторыі зямель – княстваў спрыяла распаўсюджанне княжацкай даніны, суда і публічнай улады [87, c. 10]. У перыяд ІХ – Х стст. племянным цэнтрам, ядром дзяржаўнасці асобных земляў быў горад, з якога ішло распаўсюджанне княжацкай ўлады [54, с. 25].

З паведамлення аб запрашэнні варагаў зразумела, што ў ІХ ст. існавала воласць начале з Полацкам, які заснавалі крывічы яшчэ да таго, калі тут з’явіліся варагі начале з прыбліжаным (мужам) князя Рурыка. Паведамленне засведчыла існаванне Полацка як цэнтра пэўнай тэрыторыі – воласці, якая была дзяржаўным утварэннем яшчэ да 862 г. Як адзначае У.М. Ігнатоўскі: “Яшчэ да заклікання вядомых нам князеў – варагаў (862) пачалі тут складацца воласці – княствы” [35, с. 34]. А.П. П’янкоў выказвае думку аб існаванні вялікага Крыўскага племяннога саюза, ў які ўваходзіла Полацкая зямля [63, с. 34].

Аб наяўнасці ў Полацку князеў да летапіснага запрашэння варагаў пазначае Нестар у “Повести временных лет”: “Словении начали держать свое княженiе въ Новгороде, а другое на Полоте, иже Полочане” [45]. Невядома, хто былі гэтыя князі і якая ўлада знаходзілася ў іх руках. Як лічыць І.Н. Беляеў, полацкія князі залежалі ад Ноўгародскага веча: “... дорюриковские Полотские князья, по всему вероятию, были что – то в роде намесников, присылаемых из Новгорода” [11, с. 311]. З гэтым трудна пагадзіцца, бо няма ніякіх звестак аб падпарадкаванні Полацка Ноўгараду да 862 г. Прыблізна ў той час, калі ў Наўгародскую землю былі запрошаны варагі, Полацк меў сваіх мясцовых князеў, пра якіх упамінае Эймундава сага [15, c. 47]. Імены іх не захаваліся, але пісьмовыя крыніцы адзначаюць асаблівасць Полацка – існаванне тут дынастыі крывіцкіх князёў, правы якой захоўвалісь на працягу многіх пакаленняў. Полацкія князі, якія ў летапісах называюцца крывіцкімі, з’яўляліся сюзерэнамі тэрыторыі, дзе ажыццяўлялася іх улада, як гэта назіралася ў іншых сярэдневяковых дзяржавах [15, c. 48]. Князь быў прадстаўніком мясцовай родаплеменнай знаці і быў такім чынам элементам мясцовым. Кожная воласць кіравалася збоку ўстаноўча – заканадаўчага – вечам, а з боку выканаўчага – князем [35, с. 34]. Веча выбірала князя і адмаўляла яму ў даверы, калі ён парушаў пастаўленыя ўмовы, абвяшчала вайну і заключала мір з суседзямі [17, с. 31 – 32]. А.П. П’янкоў, у сваёй працы “Происхождение общественного и государственного строя Древней Руси” пазначае, што княжацка – дружынная арганізацыя VIII – IX стст., якая абараняла інтарэсы баяр, была створана самімі баярамі для падаўлення супраціўлення народных мас [63, с. 171]. Племянныя князі выбіраліся з ліку валасных па праву старшынства, па маральных якасцях і ваенных здольнасцях [17, с. 33]. Княжэнні, якія існавалі ва ўсходніх славян да другой паловы ІХ ст. умацоўвалі становішча баярства. Князь такім чынам быў падпарадкаваны ўладзе веча (старэйшын).

Як пазначае М.К. Любаўскі, пасля аб’яднання усходніх славян пад уладай варагаў, адбылася дыферыенцыяцыя ваенна – гандлевага класа: “Вследствие усложнившихся задач по обороне и управлению страны трудно уже стало соединять одновременно торговую профессию с ремеслом княжескаго дружинника. Так из военно – торгового класса Руси выделился особый, специально – военный класс – княжеской дружины” [49, с. 88]. Гэты клас, пасля надання яму статуса трымальніка улады перастаў лічыцца прышлым элементам, ён набыў ролю элемента мясцовага.

У гэтых адносінах найважнейшым працэсам ІХ ст. было разлажэнне ваеннай дэмакратыі і нараджэнне дзяржавы як новага спосабу ўладкавання грамадства з уладай як галоўным элементам дзяржаўнай структуры. Як было адзначана вышэй, наяўнасць дзяржаўнага ўтварэння ў Полацкай зямлі фіксуецца яшчэ да 862 г., але гэта дзяржаўнае ўтварэнне было заснавана на уладзе мясцовай арыстакратыі і г.з. улада канцэнтравалася у руках родаплемянной вярхушкі якая абмяжоўвалася тэрыторыяй зямлі галоўнага горада. Пасля прыходу варагаў, для якіх мясцовыя інтарэсы не былі вызначальнымі, ідзе працэс зліцця асобных зямель у адзіны дзяржаўны арганізм. У гэтым працэсе на ролю найбольш верагоднага носьбіта ўлады прэтэндавала вайсковая знаць: князі з іх дружынамі. У гэтай сувязі вайсковы элемент быў вызначальным. Невайсковая земская знаць, чыя сіла засноўвалася на традыцыйным аўтарытэце і асабістых сувязях з супляменнікамі прайграла барацьбу за ўплыў на грамадства.

У гэтай сувязі, сімвалічным будзе момант запрашэння варагаў славенамі, крывічамі і чуддзю ў 862 г. Гэта новы этап у эвалюцыі дзяржаўнага ладу ад родаплемянной арыстакратыі да княжацкай улады якая абапіралася на дружыну як галоўную вайсковую сілу.

Княжацкая дружына падзялялася на старэйшую і малодшую. У аснове гэтага падзелу былі як эканамічныя, так і асабістыя дачыненні дружыннікаў да князя. У старэйшую дружыну уваходзілі княжацкія баяры ці лепшыя мужы, якія ў пазнейшы (канец ХІ – ХІІ стст.) час пачалі складаць княжацкую апазіцыю. У ваенным сэнсе яны былі не проста княжацкімі баярамі, але стаялі на чале сваіх уласных дружын, якія ўліваліся кантынгентамі ў дружыну княжацкую [56, с. 155]. Менавіта гэты дружынны слой жалаваў князь правам збору даніны з падуладных тэрыторый, робячы іх сваімі васаламі [86, с. 558]. Найяскравейшым прыкладам уплывовага старэйшага княжацкага дружыніка можа быць Свенельд, найбліжэйшы паплечнік Ігара, Святаслава і Яраполка.

Побач з баярамі і лепшымі мужамі ў складзе дружыны фіксуецца грыдзьба, ці княжыя мужы. Згодна з некаторымі даследчыкамі яны займалі прамежкавы слой дружыны і выконвалі толькі ваенныя функцыі ў адрозненні ад старэйшых дружыннікаў, якія прыцягваліся і да выканання функцый адміністрацыйных [56, с. 157].

Малодшая дружына складала непасрэдна княжацкі атрад, ваявала пад яго прамым кіраўніцтвам. Малодшая дружына дзялілася на дзецкіх і отракаў. Розніца паміж імі выяўлялася ў іх сацыяльным статусе і функцыях, якія яны выконвалі. Отракі паходзілі з рабоў ці ваеннапалонных і ў дадатак да ваенных абавязкаў у мірным жыцці з’яўляліся простымі слугамі [86, с.567 – 569]. Дзецкія былі асабіста вольныя і займаліся выключна ваеннай справай [86, с. 569].

Неабходна адзначыць, што акрамя дружыны, княжацкія людзі былі сярод гарадскога, і сельскага насельніцтва (смерды, княжацкія рабы). Са складу сельскага насельніцтва, якое было абкладзена данінай, князі вылучалі найбольш заможнае насельніцтва і абкладвалі іх вайсковай павіннасцю [49, с. 90].

Такім чынам княжацкая ўлада заснаваная на прышлай нарманскай аснове пачала фарміравацца ў другой палове ІХ ст. Як піша М.К. Любаўскі: “Так, среди восточнаго славянства с прибытием варяжских князей образовалось особое, отделенное от всего остального населения общество, имевшее свою особую организацию, - общество, которое можно назвать княжеским” [49, с. 90]. Полацк з 60-х гг. ІХ ст. уваходзіць у сферу інтарэсаў Ноўгарада, і трапляе пад уплыў той палітыкі якую праводзіць Рурык з мэтай поўнага падпарадкавання паўночнай часткі шляху “з варагаў у грэкі”. Гэта пацвярджае і той факт, што будаванне Ноўгарада, і раздача Рурыка сваім прыбліжаным Растова і Белавозера мелі стратэгічнае значэнне, бо кантралявалі маршруты з Балтыкі на вярхі Волгі, Полацк жа панаваў над Дзвіной.

Дакладна невядома, што уваходзіла ў кампітэнцыю князя ІХ – Х стст. і ў якіх адносінах ён быў з мясцовай арыстакратыяй (старажытным вечам).

Цалкам магчыма, што Рурык быў запрошаны як найміт для правядзення пэўнай ваеннай аперацыі, і гэтак жа магчыма, што пасля гэтага ён звярнуў свой погляд на магчымасць захопу ўлады. Верагодна яму спадарожнічаў поспех і ён вырашыў развіць яго захопам улады над тымі хто яго прызваў. Як лічыць І.Я. Фраянаў, у ходзе перавароту Рурык перанішчыў мясцовых наўгародскіх князёў і шмат знаці [83, с.10 – 11]. Рэшта славен прызнала Рурыка сваім законным князем, бо мысленне тых часоў прызнавала легітымнае права на ўладу за тым, хто здабыў яго, нанесшы паражэнне сваім праціўнікам, і такім чынам карыстаўся ласкай вышэйшых сіл [83, с.10 – 11]. Невядома, як быў прыняты пасаднік Рурыка ў Полацку, калі ў ім існавала мясцовая крывіцкая дынастыя. Верагодна, што жыхары Полацка прынялі новага князя, бо можна меркаваць, што полацкая знаць была зацікаўлена ў прышлым князе, і верагодна ўдзельнічала разам са славенамі і чуддзю ў запрашэнні варагаў.

Сістэма ўлады якая склалася з прыходам нарманскіх князёў, забяспечыла інтарэсы амаль усіх слаёў тагачаснага грамадства на землях усходніх славян, балтаў і фіна – уграў [56, с. 139]. У асобе князя тагачаснае грамадства стала ўвасабляць гаранта абароны ад знешніх ворагаў (гэты абавязак захаваўся за князем і ў пазнейшыя часы) і ахоўніка ўнутранага парадку. Задача падтрымання ўнутранага парадку ўключала шматлікія аспекты: ад спынення міжплемянной і міжрадавой варажнечы, да барацьбы з разбоем. У гэтай сувязі інтарэсы забеспячэння ўнутранага парадку і агульнае ўскладненне структуры грамадства зрабілі звычаевае права недастатковым інструментам кіравання і дапоўнілі будову ўзніклай дзяржавы на славянскіх, балцкіх і фіна – угорскіх землях другім элементам: пісанымі законамі [23, с. 154]. Першай крыніцай права на ўсходнеславянскіх землях лічыцца “Закон Рускі”, згаданы ў дамове Алега з Візантыяй 911 г. [23, с. 154].

У Полацку месцам знаходжання князя і яго дружыны з ІХ ст. з’яўляецца гарадзішча, а Верхні замак, з сярэдзіны ХІ ст. выкарыстоўваўся для адміністрацыйна – цэрыманіяльных мэт [27, с. 39].

Якія былі адносіны прышлага князя з мясцовай ўладай? Пры разглядзе гэтага пытання трэба звярнуць увагу на тое, што веча, якое сваімі каранямі ўходзіць у родаплеменныя сходкі, якімі ў сваю чаргу кіравала мясцовая арыстакратыя, праходзіць тры асноўныя этапы, якія вылучыў Б.Д. Грэкаў: дадзяржаўны (веча фактычна кіруе грамадствам), дзяржаўны (эпоха Кіеўскай Русі, веча фактычна не функцыяніруе) і перыяд феадальнай раздробленасці (веча зноў набірае моц) [19]. ІХ – ХІ стст. – гэта другі этап у палітычным развіцці ўсходнеславянскіх земляў, у якім веча фактычна знікае і на яго месца прыходзіць моцная княжацкая ўлада.

Як сцвярджае І.Н. Беляеў, Рурык з братамі былі прызваны славенскім (ладажскім ці наўгародскім) вечам і залежалі ад яго. Падобным чынам полацкім вечам (“залежным ад наўгародскага”), быў запрошаны першы вядомы нам полацкі князь Рагвалод, з мэтай адасобіцца ад Ноўгарада, які знаходзіўся ў такой жа залежнасці ад веча як і Рурык ў ІХ ст. [11, с. 311]. А.Н. Насонаў піша: “Можем только указать на то, что известные нам факты заставляют предполагать существование в Полоцке Х в. местного феодального класса, в интересах которого было создать аппарат принуждения, распространяя его действие на значительное территориальное объединение и бороться за увеличение своих доходов” [54, с. 132]. Гэта сведчыць аб тым, што ў Полацку да запрашэння Рагвалода было панаванне мясцовай родапляменнай ўлады. Але пасля прыходу Рагвалода сітуацыя змяняецца.

Пасля 907 г. і да 980 г. няма ніякіх звестак аб падначаленым стане Полацка Кіеву, а тым больш Ноўгараду. Да 80-х гадоў Х ст. Полацк не згадваецца ў пераліку падзей, што разгортваліся вакол галоўнага горада Русі. Раздача гарадоў кіеўскага князя Святаслава сваім сынам у 969 г. выяўляе толькі тры цэнтры падпарадкаваныя Кіеву, астатнія трымаліся асобна, у прыватнасці Полацк [58, с. 77]. “По – видимому, в Полоцке, существовали княжества, не спешившие подчиняться южнорусскому центру и не слишком желавшие войти в состав непосредственных владений киевского князя” [58, с. 77]. Як лічаць некаторыя даследчыкі, выхад Полацкага княства з-пад улады Кіева неабходна адносіць да перыяду 907 – 947 гг. [14, с. 150].

Што адбывалася ў палітычным жыцці Полацка ў перыяд 950 – 970-х гг. нам не вядома. У летапісах гаворыцца аб тым, што ўжо ў 980 г у Полацку быў свой князь, незалежны ад Кіева – вараг Рагвалод, які як паведамляе летапіс “пришелъ и-заморья” [45]. Магчыма, што ў сярэдзіне Х ст. Полацкае княства апынулася перад тымі жа праблемамі, перад якімі стаялі паўночныя землі ўсходніх слявян сярэдзіны ІХ ст.: “И не бе в нихъ правды, и въста родъ на родъ, и беша в нихъ усобице, и воевати почаша сами нася” [45, с. 19]. Полацкая зямля ў раннім сярэднявеччы, знаходзілася на мяжы балта – славянскіх кантактаў, як і Наўгародская зямля, якая знаходзілася на мяжы славяна – фінскіх кантактаў. У запрашэнні Рурыка прымалі ўдзел як прадстаўнікі славянскіх плямёнаў (славене і крывічы), так і прадстаўнікі фіна – угорскіх пляменаў (чудзь і мера). Паведамленне “не бе в нихъ правды, и въста родъ на родъ”, гаворыць аб сутыкненнях паміж рознымі этнічнымі групамі. Тое ж самае адбылося і ў Полацку ў сярэдзіне Х ст. Такім чынам у выніку сутыкненняў паміж крывічамі і балцкімі плямёнамі неабходна было запрасіці трэццю асобу – Рагвалода.

У Лаўрэнцьеўскім летапісу больш падрабязна растлумачваецца, што Рагвалод “держащю і владеющю Полатьскую землю” [45, с. 299]. Гэта паведамленне сведчыць аб канцэнтрацыі ўсёй ўлады ў руках князя. Такім чынам Рагвалод быў пачынальнікам полацкай княжацкай лініі, г.зн. яго падтрымлівала пэўная частка мясцовага грамадства, якую ён абараняў ад знешняй пагрозы і быў ахоўнікам унутранага парадку.

Захоп Полацка наўгародскім (а потым і кіеўскім) князем Уладзімірам Святаславічам сведчыць пра цэнтралізатарскія тэндэнцыі апошняга і аб імкненні Уладзіміра падпарадкаваць гэты горад Кіеву. Забойства Рагвалода і двух яго сыноў сведчыць аб знішчэнні мясцовай княжацкай лініі. Размяркоўваючы паміж сваімі сынамі гарады ў выніку правядзення т.зв. адміністрацыйнай рэформы, Уладзімір пасадзіў унука Рагвалода Ізяслава ў Полацку, з улікам таго, што гэта быў яго сын, які будзе падпарадкаваны галоўнаму гораду, дзе сядзеў бацька. У выніку ў Полацку адбываецца аднаўленне мясцовай княжацкай лініі.

Пісьмовыя крыніцы нічога не паведамляюць аб дзейнасці Ізяслава на пасадзе полацкага князя. Не выклікае сумненняў што ён быў станоўча прыняты мясцовым баярствам як унук Рагвалода. Калі Ізяслаў сеў на княжэнне ў Полацк (каля 990 г.) яму было не больш за 10 год. Таму самастойна кіраваць Полацкім княствам ён не мог. Магчыма ў гэты перыяд на першае месца ў палітычным жыцці Полацкага княства выходзіць баярскі савет, мясцовая арыстакратыя, якая ад імя князя здзейсняе асцярожную ўнутраную палітыку падпарадкоўваючыся кіеўскаму князю.

У перыяд другой паловы ІХ ст. ідзе ломка традыцыйнай сістэмы кіравання, на змену мясцовай родапляменай знаці, якая была да гэтага часу носьбітам вярхоўнай улады прыходзіць князь са сваёй дружынай, які займае былое месца мясцовай арыстакратыі. У гэтай сувязі, Полацкае княства ў сярэдзіне Х ст. выступае як незалежная дзяржава са сваім князем, які абараняе інтарэсы свайго княства, праводзіць актыўную ўнутраную і знешнюю палітыку. У гэты перыяд Рагвалод з’яўляецца носьбітам вярхоўнай улады ў Полацкай зямлі, абапіраючыся на тыя колы грамадства якія яго запрасілі. Пасля захопу Полацка Уладзімірам Святаславічам і забойства Рагвалода, Полацк губляе сваю незалежнасць і пераходзіць у сферу інтарэсаў Кіева, але у канцы Х ст. полацкая дынастыя Рагвалодавічаў была адноўлена ў асобе Ізяслава Уладзіміравіча.



2 ПОЛАЦКАЕ КНЯСТВА Ў ХІ ст.

2.1 Княжэнне Брачыслава Ізяславіча (1003 – 1044 гг.)
У 1003 г. полацкім князем становіцца Брачыслаў, сын Ізяслава, праўнук Рагвалода. Брачыслаў заняў полацкі пасад зусім малалетнім, магчыма ва ўзросце аднаго – двух гадоў [28, c. 92]. Мае сэнс меркаваць, што да 1015 г. – года смерці кіеўскага князя Уладзіміра Святаславіча, дзейнасць полацкага князя ці яго апекуноў, (па прычыне малалетства князя) была накіравана на вырашэнне ўнутрапалітычных пытанняў, якія не закраналі інтарэсаў суседніх княстваў. Адсутнасць звестак аб якой небудзь знешнепалітычнай актыўнасці Полацкага княства ў гэты час можа тлумачыцца дзвюма акалічнасцямі. Па-першае, Брачыслаў як сын Ізяслава у пачатку ХІ ст. быў яшчэ падлеткам і не меў вопыту ў дзяржаўных справах. Па-другое, пакуль у Кіеве княжыў Уладзімір, Полацкае княства не магло праяўляць сваю ваенную актыўнасць, бо адразу б сустрэла арганізаваны адпор з боку княстваў, дзе правілі яго сыны [14, c. 152].

Пасля смерці Уладзіміра, стабільнасць у Кіеўскай дзяржаве была парушана. Паміж сынамі былога князя разгарнулася крывавая барацьба за ўладу паміж тураўскім князем Святаполкам і наўгародскім князем Яраславам. З 1015 г. сыны Уладзіміра аспрэчвалі прастол бацькі да таго часу, пакуль ініцыятар усобіцы Святаполк, у 1019 г. не ўцек у Польшчу.

На пачатку 20-х гг. ХІ ст., большая частка Русі была аб’яднана пад уладай Яраслава [4, c. 103]. Тмутараканскае княства дзе сядзеў Мсціслаў (брат Яраслава) было адарвана ад асноўнай часткі Русі. Сыны Уладзіміра, якія перажылі бацьку і з’яўляліся яго наследнікамі, – Барыс, Глеб, Святаслаў, Святаполк, – загінулі. Іх княствы вярнуліся пад уладу кіеўскага князя. У Ноўгарадзе сядзеў Касняцін сын ваяводы Дабрыні, ў Пскове – Судзіслаў, гэтыя князі так або інакш былі падначалены Яраславу. Полацк ужо ў гэты час меў статус незалежнага княства, бо дзеянні Брачыслава былі накіраваны не ў падтрымку кіеускага князя, а супраць яго.

Брачыслава некаторыя даследчыкі лічылі пачынальнікам векавой барацьбы паміж полацкімі і кіеўскімі князямі. Розныя даследчыкі бачылі розныя прычыны гэтай барацьбы. Полацк мог ставіць сваёй задачай аб’яднанне ўсіх крывіцкіх зямель, як думаў С.В. Аляксееў [4, с. 106]. С.М. Салаўёў лічыў, што прычынай барацьбы Полацка з Кіевам было пачуццё крыўды ў першых Ізяславічаў з прычыны іх выключэння з кіеўскай дынастыі [74, с. 83]. Э.М. Загарульскі бачыў прычыну барацьбы ў імкненні Брачыслава ажыцявіць кантроль над волакамі паміж Дзвіной і Дняпром [30, c. 61].

Паводле “Эймундавай сагі”, нарманы, на чале з нарвежцам Эймундам і яго паплечнікам Рагнарам, якія спачатку служылі Яраславу, пасварыўшыся з ім, пайшлі ў Полацк да Брачыслава, які тут называецца Варцілавам, і лічыцца не пляменнікам, а братам Яраслава (Ярыцлейва). Барацьба паміж імі пачалася як быццам з-за таго, што Яраслаў патрабаваў ад Брачыслава весак і гарадоў, сумежных з кіеўскімі ўладаннямі, г.зн. полацкай тэрыторыі [38]. У сваю чаргу, Брачыслаў імкнуўся вырашыць пытанне аб поўным кантролі Полацка над заходнедзвінскім адгалінаванні шляху “з варагаў у грэкі” [14, c. 152].

З дадзенай мэтай у 1021 г. Брачыслаў ажыцявіў імклівы паход на Ноўгарад. Горад быў захоплены і разрабаваны. Горад, Рурыкава гарадзішча і іх ваколіцы былі спустошаны. Брачыслаў узяў у палон акрамя саміх наўгародцаў насельніцтва акругі. Калі Брачыслаў вяртаўся з Ноўгарада ў Полацк, яго сустрэлі войскі Яраслава, і ў бітве на р. Судаміры, як паведамляюць крыніцы: “…и победи Ярослав Брячислава и новгородце вороти Новугороду, а Брячислав бежа к Полотьску” [45, с. 92]. Як паведамляе “Эймундава сага”, у ходзе ваеннных дзеянняў жонка Яраслава Інгігерд трапляе ў палон да нарманаў, якія служылі Брачыславу. Дзякуючы ёй, хутка паміж варожымі бакамі быў заключаны мір, згодна з умовамі якога Яраслаў атрымаў ва ўладанне галоўную частку Гардарыкі (так называлася тут Русь) – Ноўгарад (Хельмград), Брачыслаў – другое, лепшае княства Кіеў (Кенунград), а Эймунду – важаку нарманаў, што служылі пачаткова Яраславу і Брачыславу, дастаўся Полацк і ўся тая вобласць, якая ляжыць побач. Прапанаваная Яраславам фармулёўка саюза – “буде же со мною един” сведчыць што гэта быў саюз раўных паміж сабой [34, с. 5]. Далей паведамляецца, што Брачыслаў пражыў пасля гэтага тры зімы і па яго смерці Яраслаў стаў княжыць і над Кіевам, і над Ноўгарадам. А Полацк пасля смерці бяздетнага Эймунда застаўся яго пабраціму Рагнару [38, c. 92 – 93].

Бясспрэчна, што ў сазе шмат фантастычных звестак, якія не мелі месца ў гісторыі, ў ёй перабольшваецца роля скандынаваў у палітычнай гісторыі Полацкага княства. Але такія даследчыкі як М.І. Ермаловіч, С.В. Аляксееў, Ю.А. Заяц лічаць княжэнне Брачыслава ў Кіеве сапраўдным фактам. Пра гэта сведчыць наяўнасць у Кіеве “двара Брачыслаўля”, які ўпамінаецца ў летапісе пад 1068 г. М.І. Ермаловіч мяркуе, што княжэнне Брачыслава ў Кіеве прыпадае на 1019 – 1021 гг. Па яго меркаванню, пасля “трох зім” у 1021 г. Брачыслаў быў выгнаны з Кіева ў Полацк, што і прывяло да новага канфлікту паміж Полацкам і Кіевам [28, c. 94]. C.В. Аляксееў лічыць, што пасля дамовы 1021 г. Брачыслаў з’яўляўся суправіцелем Яраслава ў Кіеве. “…Брячислав получил лишь символическую, хотя и доходную власть в центре государства” [4, c. 117]. Як лічыць Ю.А. Заяц, Брачыслаў княжыў у Кіеве ў 1024 – 1026 гг. [34, с. 9]. Эймунд княжыў у Полацку ў якасці намесніка. Ён дамовіўся з полацкім князем ва ўмовах кармлення. Калі Брачыслава не было ў Полацку, Эймунд збіраў даніну з падуладных Полацку плямёнаў і абумоўленую частку захоўваў за сабой [4, c. 118]. Л.В. Аляксееў зусім адмаўляе магчымасць удзелу Брачыслава ў кіраванні Кіеўскім княствам і лічыць, што “двор Брячиславль” мог быць пабудаваны не кіеўскім, а полацкім князем Брачыславам для сваіх купцоў [1, c. 245]. Але як слушна заўважыў М.І. Ермаловіч, “двор Брячиславль” хутчэй бы называўся полацкім дваром, чым “Брачыслаўлім” (пра што сведчаць прыведзеныя Л.В. Аляксеевым назвы “Новгородская божница”, “Гоцкий двор” і “Псковский двор”) [28, c. 93].

Але галоўнай, і дакладна вядомым вынікам дамовы паміж дзвюма князямі была дамова, згодна з якой Яраслаў аддаваў ва ўладанне полацкага князя два населеныя пункты, якія кантралявалі волакі паміж Заходняй Дзвіной і Дняпром, на шляху “з варагаў ў грэкі” [45]. Маючы не вельмі трывалае становішча ў Кіеве ў якасці вялікага князя, Яраслаў вумушаны быў заключыць мір з Полацкам, каб пазбегнуць вайны з апошнім і ўмацаваць свае становішча [14, c. 153]. Яраслаў, хоць і з’яўляўся пераможцам, але бачыў наперадзе цяжкую перспектыву барацьбы з Мсціславам. Пры такіх акалічнасцях, яму быў патрэбен моцны саюзнік, якім з’яўляўся Брачыслаў. Уступка Віцебска і Усвят было вялікай перамогай Полацка, бо вяртала пад яго ўладу значную частку крывіцкіх зямель, якія дазвалялі кантраляваць міжнародны гандаль паміж Усходам і Захадам, і займалі адну з ключавых пазіцый на шляху “з варагаў у грэкі”.

Перыяд праўлення Брачыслава Ізяславіча з 1021 па 1044 г. застаецца адным з самых недаследаваных у беларускай гісторыі. Адсутнасць якіх-небудзь крыніц пакідае магчымасць толькі для гістарычных рэканструкцый і гіпотэз. Паводле паведамлення, пасля заключэння дамовы, летапісец робіць вывад: “воеваша Брячислав с великим Ярославом вся дни живота своего” [45, с. 95]. Гэта дае магчымасць меркаваць аб удзеле Брачыслава ў паходах кіеўскага князя. Аднак крыніцы пра гэта маўчаць, і таму нічога пэўнага сцвярджаць у гэтых адносінах немагчыма. Можна меркаваць, што Брачыслаў удзельнічаў у паходах Яраслава супраць Літвы і яцвягаў як лічыць Э.М. Загарульскі [30, c. 62]. С.В. Аляксееў мяркуе, што Брачыслаў разам з Яраславам удзельнічаў у паходзе на Бярэсце [4, c. 118].

Трэба думаць, што пасля 1021 г., калі было вырашана жыццева важнае пытанне ўладанняў на ўсходзе, увага Брачыслава была накіравана на захад. На гэта ўказвае г. Браслаў, заснаванне якога прыпісваецца Брачыславу. Археалагічныя дадзеныя ўказваюць на заснаванне горада менавіта ў ХІ ст. на мяжы балцкай і славянскай супольнасцей [6, с. 25]. Паходжанне назвы горада ад імя заснавальніка – князя Брачыслава выглядае пераканаўчым. Умацаваныя гарадзішчы, якія ўзніклі ў ХІ ст. на астравах азераў Дрысвяты і Мядзел, таксама сведчаць аб прасоўванні Полацка ў гэты час ў глыб балцкай тэрыторыі ў заходнім кірунку [28, c. 101]. Заснаванне Браслава на балта-славянскім памежжы быў пакладзены пачатак умацавання Полацкім княствам сваёй заходняй мяжы.

Калі дакладна вядома, што каланізацыя балцкіх зямель на захадзе мела месца ў першай палове ХІ ст., то адным са спрэчных пытанняў, што ўзнікаюць пры аналізе часу кіравання Брачыслава, з’яўляецца пытанне аб далучэнні Менскай воласці да Полацкага княства. Распаўсюджанне ўлады на паўночных дрыгавічоў з’яўлялася спрэчным паміж Тураўскім і Полацкім княствамі [14, c. 154]. Абгрунтавана гэта пытанне выклаў Ю.А. Заяц, які даказаў, што ваенная прысутнасць крывічоў у вярхоўях р. Свіслач назіраецца ўжо ў першай палове – сярэдзіне Х ст. Пасля падзей канца 70-х гг. Х ст., гэта тэрыторыя адыходзіць пад уладу Уладзіміра, які будуе тут крэпасць Замэчак, які стаў пачаткам Ізяслаўля. Гэты горад пры вяртанні князя Ізяслава ў Полацк адыходзіць да апошняга. Суседняя з Ізяслаўлем Менская воласць трапляе пад уладу Полацка пасля яе перадачы Яраслава Брачыславу ў 1024 г., каб замацаваць з ім саюз супраць Мсціслава [33, c. 11]. Але атрыманне Менскай воласці магло адбыцца і ў перыяд 1038 – 1040 гг., калі кіеўскі князь ажыцявіў некалькі паходаў супраць Літвы і яцвягаў, у якіх магчыма ўдзельнічаў Брачыслаў. Калі лічыцца з тэзісам М.І. Ермаловіча, што паходы Яраслава супярэчылі інтарэсам Полацка на Панямонні [28, c. 100], то перадача Менскай воласці выглядае як жаданне Яраслава пазбегнуць вайны з Полацкім княствам ва ўмовах узнікнення супярэчнасцей на Панямонні.

Летапісец паведамляе аб смерці Брачыслава ў 1044 г., пры якім Полацкае княства канчаткова атрымала незалежнасць ад Кіеўскай дзяржавы. Перыяд яго княжэння суправаджаўся пашырэннем тэрыторыі Полацкага княства, усталяваннем кантролю над важнымі волакамі каля Віцебска і Усвят. З 1044 г. пачынаецца новы этап у полацкай гісторыі, звязаны з дзейнасцю яго сына – Усяслава.



1   2   3   4   5   6   7   8


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка