Конкурс навуковых работ студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў Рэспублікі Беларусь Паліталогія, сацыялогія, гісторыя Беларусі


ДЗЯРЖАЎНЫ ЛАД У ПОЛАЦКІМ КНЯСТВЕ ХІІ ст



старонка5/8
Дата канвертавання15.05.2016
Памер1.24 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8

4 ДЗЯРЖАЎНЫ ЛАД У ПОЛАЦКІМ КНЯСТВЕ ХІІ ст.
4.1 Княжацкая ўлада і яе асноўныя функцыі
Старажытная Русь была раннефеадальнай манархіяй. У ёй, у тым ліку і на яе заходніх землях, узнікла складаная і дыферэнцыраванная сістэма дзяржаўнага, ваенна – адміністрацыйнага і вотчыннага кіравання, уласцівая феадальнаму грамадству. Паступова буйныя княствы станавіліся ўсё больш незалежнымі ад вялікага кіеўскага князя. Русь развівалася ў федэрацыю феадальных княстваў.

Станаўленне і развіццё самастойных княстваў стала заканамернай і ўсеагульнай з’явай. Паступовае аддаленне княстваў ад цэнтру стала вынікам працэса феадалізацыі старажытнарускага грамадства. Усе землі эканамічна і палітычна ўяўлялі сабой устойлівыя адзінкі нармальна функцыянуючай сістэмы ў перыяд яе станаўлення і прагрэсіўнага развіцця. Як адзначаў Б.А. Рыбакоў: “В каждом княжестве появлялся свой епископ, князья издавали свои грамоты, при дворе каждого князя велась летопись, в каждом стольном городе возникали свои направления искусства и литературы” [65, c. 145]. Гэта цалкам адносіцца і да беларускіх земляў.

Большасць старажытнарускіх гарадоў будавалася вакол княжацкіх замкаў. Як адзначае М.Н. Ціхаміраў, гарады будаваліся пераважна князямі, але гэту перавагу нельга пераўтвараць у агульнае правіла [81, c. 214]. Менавіта князю ў раннесярэднявечным горадзе і яго воласці належала важная роля па арганізацыі ўлады. Князь у Полацкай зямлі быў неабходным прадстаўніком яе сацыяльна – палітычнай арганізацыі.

Княжацкі стол на працягу ХІ ст. пераходзіў да старэйшых у родзе сыноў памерлага князя. Паміж імі не існавала ніякага саперніцтва. Гэта абумоўлена аб’ектыўнай прычынай – нашчадкі ў полацкіх князеў тады былі адзінкавыя. Пасля Ізяслава полацкі стол заняў яго старэйшы сын Усяслаў Ізяславіч. Паколькі апошні памер у малым ўзросце без дзяцей, яму наследаваў брат Брачыслаў Ізяславіч (1003 – 1044). Пасля Брачыслава доўгі час княжыў яго адзіны сын Усяслаў. Ужо пасля Усяслава Брачыславіча наступіў перыяд феадальнай раздробленасці.

У першай палове ХІІ ст. на тэрыторыі Полацкай зямлі ўжо існавалі як самастойныя Менскае, Ізяслаўскае княствы. Прынцып размеркавання ўлады паміж князямі змяніўся. У полацкай дынастыі князёў з’явілася некалькі ўплывовых княжацкіх сем’яў. Старэйшы прадстаўнік кожнай сям’і займаў галоўны цэнтр сваёй вотчыны. Яго малодшыя браты і сыны атрымлівалі другарадныя часовыя ўдзелы. Той горад, у якім скончыў свае жыццё князь, лічыўся вотчынай яго сыноў. Іх удзелы вылучаліся ўжо толькі з тых гарадоў і валасцей, што ўваходзілі ў апошні ўдзел іх бацькі [55, c. 6]. Полацк працягваў лічыцца галоўным горадам сярод іншых гарадоў паўночнай часткі Беларусі.

Працэс феадальнай раздробленасці, які канчаткова ахапіў землі Русі пасля смерці сына Уладзіміра Манамаха Мсціслава Уладзіміравіча быў выклікан істотным паслабленнем вялікакняжацкакй ўлады: “Так как на место этой власти не выработалось никакого иного учреждения, которое бы связывало местные общества, княжения и волости, в единое политическое целое, то и политический союз всего восточного славянства следует признать к концу ХІІ века прекратившимся” [49, c. 106].

Але не толькі ў працэсе эвалюцыі радавой княжацкай ўласнасці трэба бачыць працэс феадальнай раздробленасці. Побач з гэтай эвалюцыяй дзейнічалі шэраг фактараў. Па першае гэта новае геаграфічнае размяшчэнне ўсходнеславянскага насельніцтва якое праходзіла на працягу ХІІ ст. Справа ў тым, што ў пачатку ХІІ ст. гандлевы шлях “з варагаў у грэкі” перастае быць асноўным на землях Усходняй Еўропы. Насельніцтва якое гуртавалася вакол гэтага шляха і якое знаходзілася пад уладай вялікага князя пачынае разбівацца геаграфічна. Другой галоўнай прычынай паслаблення Кіева і распада некалі адзінай дзяржавы, былі міжкняжацкія ўсобіцы і рабаванні якія неслі пагроза палавецкіх нападаў [49, c. 106].

У ХІІ ст. міжкняжацкая барацьба набыла дынастычную форму. Змаганне ішло за інтарэсы княжацкіх сем’яў, а не земляў [57, c. 193]. Прэтэнзіі на той ці іншы стол грунтаваліся на прынцыпах старшынства ці спадчыннасці, абумоўленых не інтарэсамі зямлі, а асабістымі роднаснымі адносінамі паміж адгалінаваннямі княжацкіх родаў. У выніку палітыка на Русі набыла характар найскладнейшага хітраспляцення саюзаў і варожасці паміж шматлікімі адгалінаваннямі княжацкіх родаў. “Другараднага канфлікту з-за перыферыйнага гораду было дастаткова, каб прывесці ў рух усю палітычную сістэму Русі з непрадсказальнымі наступствамі” [57, c. 193].

Важным фактарам, які дазваляў князям весці сваю палітыку, было набыццё імі эканамічнай самастойнасці. ХІІ ст. было часам росту княжацкай “вотчыны” ў вузкім сэнсе гэтага слова. Калі пад “вотчынай” у шырокім сэнсе разумелася ўся падуладная князю зямля, “вотчына” ў вузкім сэнсе зводзілася да дамена князя. Дамен быў княжацкай уласнасцю, а статус ягоных насельнікаў ужо насіў рысы асабістай залежнасці ад князя. З’яўленне і пашырэнне княжацкіх даменаў было адным з фактараў, якія далі князям магчымасць распачынаць войны на ўласны страх і рызыку [57, c. 195]. Такім чынам, у дамене князя можна ўбачыць зародак феадальнай будовы грамадства, якая атрымала развіццё ў пазнейшыя стагоддзі.

Фарміраванне Полацкай зямлі – княства завяршаецца замацаваннем вярхоўнай ўлады за прадстаўнікамі пэўнай дынастыі, або пэўнага роду, старэйшы ў якім быў носьбітам дзяржаўнай улады. Як адзначае У. Бадрухін: “Спалучэнне тэрытарыяльна – даменай ўлады ператварала князёў у сапраўдных гаспадароў зямлі”[7, с. 7]. Іх сваякі або малодшыя князі трымалі ўдзелы з абмежаванымі правамі на карысць вялікага князя. З часам адбываецца перамяшчэнне малодшых князёў уверх, у выніку чаго змяняюцца ўласнікі ўдзелаў. Тыя, хто быў пры гэтым пакрыўджаны, пачыналі міжусобныя войны [7, с. 8].

Уладарныя паўнамоцтвы князя абумоўліваліся як яго асабістымі якасцямі і аўтарытэтам сярод насельніцтва, так і падтрымкай вярхоў пануючага класа.

Уступленне князя на прастол суправаджалася строгім рытуалам, у час якога прыносілася прысяга з абяцаннем ахоўваць тэрыторыю дзяржавы і інтарэсы грамадзян, дзейнічаць у адпаведнасці з мясцовымі дзяржаўна – прававымі звычаямі [13, с. 23]. Магчыма умовы ўступлення князя на пасаду афармляліся ў дагаворы – радзе, які заключаўся князем з вярхушкай пануючага класа – баярствам. Полацкі князь абавязваўся не ўмешвацца ў царкоўныя справы, не адымаць маёмасць ў палачан, не пераглядаць старых рашэнняў судоў, не перашкаджаць выезду свабодных людзей за межы княства і г.д. [13, с. 24].

Што ўяўляла княжацкая ўлада? Як адзначае большасць даследчыкаў (Г.В. Штыхаў, Э.М. Загарульскі, М.І. Ермаловіч, Л.В. Аляксееў) першым і важнейшым абавязкам князя былі арганізацыя войска і камандаванне ім [1; 28; 30; 90]. У Полацкім княстве ў ХІІ ст. функцыя князя якія адносіліся да ІХ – ХІ стст. значна абмяжоўваюцца уладай мясцовай арыстакратыі, але збор войска і арганізацыя абароны заставалася галоўнай прэрагатывай князя. У сувязі з абарончай дзейнасцю, ў кампетэнцыю князя ўваходзіць пабудова гарадоў [49, c. 125].

Як адзначае Г.В. Штыхаў, другім абавязкам князя быў збор даніны і іншых пабораў з насельніцтва для ўтрымання ваенна – дружыннай арганізацыі і іншых дзяржаўных патрэб [14, c. 218]. Як адзначае М.К. Любаўскі, князь не толькі прыязджаў збіраць даніну, але і чыніць суд. У сувязі з гэтым, усё насельніцтва выходзіла к князю з паклонамі і дарамі, з цягам часу гэты звычай стаў абавязковым зборам “полюдьем даровным”. Ад судзебнай дзейнасці князь атрымліваў віры і судовыя урокі. Так сама князь атрымліваў “мыть”, “весчее” і “поморное” за паслугі якія ён аказваў купцам [49, c. 126]. Але трэба ўдакладніць, што збор даніны жорстка кантраляваўся вечам. Так было ў суседняй з Полацкай Наўгародскай зямлёй [94, с. 78]. Калі ўлічываць што ў Полацкай і Наўгародскай зямлі былі падобныя палітычныя і адміністратыўныя інстытуты і падобныя функцыі якія выконвалі князь і веча, то магчыма і ў Полацкай зямлі князь збіраў даніну пад кантролем полацкай арыстакратыі. Асноўныя паўнамоцтвы князя ажыццяўляліся ў сферы выканаўча – распараджальнай дзейнасці, бо на думку А.Е. Праснякова, веча не трымала ў сваіх руках судова – адміністрацыйных функцый, у гэтых справах у цэнтры быў князь [62, с. 412 – 413].

Князь назначаў цівуноў, мытнікаў, ключнікаў. Цівуны таксама выконвалі функцыі ў галіне фінансавай адміністрацыі, прызначаліся на волакі, дзе перавозілі тавары з адной ракі на другую, што бачна з дагавору Смаленска, Полацка, Віцебска з Рыгай і Гоцкім берагам (1229) [14, c. 218]. Ключніку ішоў даход з мясцовай даніны, якая затым была пераведзена панамару [22, с. 112]. Правам выдання новых законаў князь не валодаў. Такое права мелі рада князя і веча. Займацца правасуддзем князь мог толькі з сябрам яго рады і іншымі службовымі асобамі [13, с. 24]. Такім чынам, абмяжоўвалася і судовая дзейнасць князя.

Часткова можна пагадзіцца з В.І. Сергеевічам, што народ з’яўляўся галоўнай апорай княжацкай ўлады [71]. Але ўсе ж такі галоўнай апорай князя была дружына.

Як адзначае І.Я. Фраянаў, князь клапаціўся аб сваіх дружынніках, забяспечваючы іх за кошт прамых жалаванняў [86, с. 552]. Дружына была адзінай і галоўнай апорай князя, другой падтрымкі ў яго не было, таму ён вельмі пільна клапаціўся аб ёй, і страціўшы яе пераставаў існаваць як кіраўнік княства.

Важнае значэнне мела рада князя. Па – першае, яна не мела пастаяннага складу. Князь мог запрашаць да сябе каго пажадаў, але ў згодзе з найбольш уплывовымі мужамі, прадстаўленай мясцовай арыстакратыяй.

Па – другое, кампетэнцыя рады фактычна злівалася з кампетэнцыяй князя. Практычна ўсе пытанні, якія вырашаліся князем, ён абмяркоўваў са сваімі дарадчыкамі [13, с. 24]. Акрамя пытанняў бягучай выканаўча – распараджальнай дзейнасці ў радзе князя вырашаліся і найбольш важныя судовыя справы, якія тычыліся інтарэсаў феадалаў і вышэйшых службовых асоб дзяржаўнага апарату. На радзе рыхтаваліся пытанні, якія трэба было абмеркаваць на вечы [13, с. 24].

Адносіны князя і мясцовай арыстакратыі ў Полацкай зямлі ХІІ ст. былі нетрывалыя і супярэчлівыя. Яны ў поўнай меры адпавядалі развіццю феадальных адносін і імкненню вышэйшых прадстаўнікоў гарадскіх слаеў насельніцтва праводзіць самастойнае кіраванне ў землях – княствах. Тэндэнцыі да самакіравання адбываліся не толькі ў Паўночным рэгіене Кіеўскай Русі (Полацкая і Наўгародская зямля), але і ў другіх землях старажытнарускіх зямель (у Кіеўскім, Смаленскім, Галіцка – Валынскім княствах). У ХІІ ст. рэзідэнцыя полацкага князя знаходзілася не ў горадзе, а пад Полацкам, у Бельчыцы, дзе жыла яго дружына, таксама як і наўгародскі князь знаходзіўся не ў Ноўгарадзе, а за горадам, на гарадзішчы, што сведчыць аб панаванні веча ў палітычным жыцці гэтых гарадоў [11, с. 315]. Улада полацкіх князеў канчаткова аслабла ў сярэдзіны ХІІ ст. Як піша І.Д. Беляеў: “С середины ХІІ века полоцкие князья поступили как бы в опеку к Смоленским князьям, и Полоцк вместе с тем много потерял из своего прежнего влияния на остальные города Полоцкой земли” [9, с. 323].

У савецкай гістарыяграфіі замест баярства, якое прадстаўляла вышэйшыя слаі насельніцтва ў землях – княствах і баролася за гарадскія вольнасці прадстаўлена агульная маса гарадскога насельніцтва [81]. Гэта сцвярджэнне перш за ўсё адпавядала тагачаснай ідыялагічнай праграме і не мае пад сабой ніякіх аргументаў. Агульная маса гарадскога насельніцтва ў ХІІ ст. была стыхійна і не магла арганізавана змагацца за свае вольнасці з князем. Таму асноўнае супрацьстаянне адбывалася паміж князем і мясцовай арыстакратыяй, якое прадстаўляла баярства.

Як адзначае А.Е. Праснякоў, князь у ХІІ ст. так і не стаў сапраўдным гаспадаром, бо яго свавольства сустракала супраціўленне баярскай знаці [62, с. 174]. Як пазначае В.І. Сергеевіч: “Трудно назвать суверенным князя, который приезжая в ту или иную волость, должен был входить в соглашение с вечевой общиной и принимать выдвигаемые вечем условия, ставящие его в определенные рамки. Князь заключал ряд с народным собранием” [72, с. 81 – 93]. У гэтай сувязі князь ператвараўся ў абшчынную ўладу, закліканую ахоўваць інтарэсы мясцовага грамадства. Але як сцвярджае І.Я. Фраянаў, палітыка князеў была супярэчлівай, яна сумяшчала старажытны дэмакратызм з новымі класавымі тэндэнцыямі [86, с. 523]. Такім чынам, у ХІІ ст. адбываеца пераходны перыяд ад дакласавага грамадства да класавага. Гэта прамежкавасць старажытнарускага грамадства абумовіла дваістасць княжацкай ўлады, якая выяўляла як інтарэсы знаці, так і агульнанародныя інтарэсы.

Занятыя міжусобнымі войнамі і зваркмі князі адарваліся ад сваіх земляў ва ўсіх сэнсах гэтага слова. Набыўшы самастойнасць ад грамадства, яны сталі гэтаму грамадству меньш патрэбны, але страта пачуцця рэчаіснасці не дазволіла ім гэта хутка зразумець [57, c. 195]. Калі ў ХІ ст. у сваіх памкненнях да стварэння завершанай і эффектыўнай сістэмы палітычнай арганізацыі грамадствы Полацкага княства і Кіеўскай дзяржавы звярталіся да князеў і дружын, то ў ХІІ ст. засяроджанне князёў на міжусобных войнах вымусіла грамадства асобных земляў да развіцця інстытуту самакіравання ў выглядзе адноўленнага веча. Такім чынам у ХІІ ст. улада князя Полацкай зямлі была нетрывалай. Яна залежала ад веча і абмяжоўвалася ваеннымі функцыямі і паўнамоцтвамі выканаўча – распараджальнай дзейнасці.

4.2 Улада веча. Палітычны дуалізм
У Полацкай зямлі на працягу ХІІ – ХІІІ стст. дзейнічалі дзве галіны ўлады – улада князя і ўлада веча. Веча (сойм) – найбольш старажытны орган дзяржаўнай ўлады. Словам “веча”, “снем”. “сойм” у даўнія часы абазначаўся ўсякі сход народа. У актах ХІІІ – ХV стст. на Беларусі атрымліваюць распаўсюджванне і такія назвы сходаў, як “капа”, “купа” (ад слоў “капіць”, “скоп”, “скупшчына”) [91, с. 64]. У асобныя перыяды гісторыі Полацкай зямлі ўлада веча была вельмі значнай. Веча было складзена з гараджан, але яго кіраўніцтва ажыцяўлялася з боку вышэйшых слаёў насельніцтва. Веча ХІІ ст. мела характар ужо не агульны, а прадстаўнічы. Як адзначае Я.У. Новікаў: “Тэрытарыяльная арганізацыя грамадства проста фізічна не дазваляла ўсім вольным абшчыннікам, раскіданым па вялізных абшарах, прымаць удзел у прыняцці рашэнняў” [57, с. 196]. Фактычна абмеркаванне і вырашэнне надзённых спраў абмяжоўвалася насельніцтвам стольнага горада зямлі, якому абавязаны былі падпарадкоўвацца і іншыя гарады зямлі, званыя прыгарадамі. Такім чынам веча складалася толькі з прадстаўнікоў канцоў, і іншых тэрытарыяльных адзінак горада, якія і мусілі выражаць волю агульнай масы грамадства [57, с. 196].

Пытанне аб пачатку вечавых збораў застаецца спрэчным. Большасць гісторыкаў (В.І. Сергеевіч, І.Д. Беляеў, С.В. Юшкоў і інш.) пры розных ацэнках гэтай з’явы сыходзяцца на думцы, што веча бярэ свой пачатак з часоў родаплемянных адносін [72; 10; 90]. Аднак у далейшым М.В. Доўнар – Запольскі, Б.Д. Грэкаў, В.Л. Янін, лічылі веча з’яваю “гарадавой” і перыяды яго існавання звязвалі з ростам гарадоў [24; 19; 96]. Можна пагадзіцца з першай групай даследчыкаў, бо аб першых ўзгадках пра агульныя сходы ў славян пісаў у VI ст. Пракопій Кесарыйскі. Аднак першыя рэальныя згадкі аб дзейнасці веча адносяцца да дзяржаўнага перыяду Старажытнай Русі ХІ – ХІІ стст. Такім чынам, веча з’яўляецца ў часы родаплемянных адносінаў і з цягам часу трансфармуецца пад гарадское палітычнае жыцце.

Як адзначае В.І. Сергіевіч: “Вечевой быт был явлением необходимым в древней России, а потому всеобщим… Слабость собственных сил князя естественно заставляла его искать опоры в согласии с народом, выдвигала народ на первый план. Хотя вече и не было создано князем, но он должен был обращаться к нему. Таким образом, вече не есть явление одиночное, стоящее вне прямой связи с другими учреждениями княжеской России: оно составляет необходимое к ним дополнение” [72, с. 120]. Значэнне веча абумоўліваецца тым, што уласныя сілы князя былі яшчэ недастаткова развіты, а свабоднае насельніцтва магло быць той падтрымкай, якая была здольная або дапамагчы князю, або здзейсняць супраціўленне княжацкай палітыкі. На думку В.І. Сергіевіча веча пачынае свае існаванне з часоў ваеннай дэмакратыі і перастае існаваць як інстытут улады пасля татара – мангольскага нашэсця [72, с. 25]. Але татара – мангольскае нашэсце не закранула Полацкай зямлі, ў якой традыцыя вечавых сходаў працягвала свае існаванне. Як піша М.В. Доўнар – Запольскі: “В западной Руси татарский погром не имел таких последствий, как в северо – восточной. Поэтому вече здесь везде продолжало свое существование” [25, с. 31].

Даследчыкі разыходзяцца ў ацэнках сацыяльнага характару веча. Веча ў землях старажытнай Русі было прадстаўлена на думку В.О. Ключэўскага масай гандляроў і рамеснікаў [41, с. 43]. Як адзначае М.Н. Ціхаміраў, асноўную масу вечавых сходаў састаўляла свабоднае гарадское насельніцтва [81, c. 219]. З гэтай думкай не пагаджаецца С.В. Юшкоў: Нам думается, что в полном согласии с общими нашими взглядами на сущность власти в Киевской Руси мы можем установить, что основной социальной силой, которая направляла деятельность веча, были феодальные городские группы, а не широкая городская демократия торговцев и ремесленников” [92, с. 350]. Як адзначае Я.У. Новікаў, гэта была земская знаць, якая вяла сваё паходжанне ад старой родавай невайсковай знаці, старэйшыя дружыннікі, якія па нейкіх прычынах разарвалі сувязі з княжацкай службай, а таксама ўзбагацелыя гандляры і рамеснікі [57, с. 196]. Можна часткова пагадзіцца з М.Н. Ціхаміравым, але нельга недаацэньваць той факт, што кіруючай сілай веча было баярства, якое выкарыстоўвала свабоднае гарадское насельніцтва ў сваіх карысных інтарэсах. Можна выказаць меркаванне, што вечавыя прадстаўнікі паходзілі менавіта з верхніх слаёў грамадства.

Што датычыцца часу збірання, то агульны сход збіраўся па меры неабходнасці, г.зн. па прычыне значных падзей: войнаў, незадаволенасці князем, або яго адсутнасцю, інш. з’явамі.

Веча склікалася дзвума спосабамі: калакольным звонам, або запрашэннем праз пасыльных [72, с. 44]. У асабліва важных момантах, веча склікалася князем, калі ім была патрэбна падтрымка насельніцтва, або тысяцкім [49, с. 123]. Як адзначае летапіс: “На утрий же день, послав Изяслав на Ярославов двор, и повеле звонити вече, и тако новьгородци и плесковичи снидошася на вече” [39, с. 117]. Магчыма, такім чынам веча склікалася і ў Полацку. Месцам склікання веча была плошча каля галоўнай царквы горада, ў Полацку на Верхнім Замку.

Пазнейшыя беларуска – літоўскія летапісы ХVI ст. адносяць узнікненне моцнага веча на Полаччыне да часоў князя Барыса. “И пануючы ему в Полоцку был ласкав на подданные свои и дал им вольность вечем ся судити и в звон звонити, и по тому ся справовати, як у Великом Новегороде и Пъскове” [20, с. 147]. Першым зафіксаваным выпадкам канфлікту паміж полацкім князем и вечам былі падзеі 1128 г., кали палачане “выгнаша” князя Давыда Усяславіча пад пагрозай наступаючых кіеўскіх войскаў. Нагодай для гэтага магла быць неразважлівая антыкіеўская палітыка Давыда, які не ўлічваў перавагу сіл Кіеўскай дзяржавы над Полацкам і такім чынам паставіў зямлю пад удар варожых сіл.

На думку М.В. Доўнар – Запольскага, ўся улада канцэнтравалася ў руках, князя. Веча, ў сваю чаргу толькі кантралявала яго дзейнасць [25, с. 36]. Магчыма, што фармальна вярхоўная ўлада належала князю, але веча істотна абмяжоўвала яго ўладу. У гэтай сувязі князь станавіўся правадніком палітыкі уплывовага класу гараджан, якая кіравала вечавымі сходамі. Такім чынам к сярэдзіне ХІІ ст. роля веча ўзрасла настолькі, што яно актыўна вырашала пытанні вайны і міру, запрашала на прастол князёў і нярэдка праганяла іх з горада, ўсталёўвала раскладку павіннасцей і падаткаў, прымала загады па арганізацыі апалчэння і абароны, разглядала найбольш важныя судовыя справы, вызначала лінію паводзін у міжнародных адносінах

Веча мела заканадаўчую ўладу [13, с. 25]. У гэтай сувязі В.Чаропка лічыць, што “па сутнасці Полацкае княства ў ХІІ ст. з’яўлялася феадальнай рэспублікай, у якой князь выконваў ролю выбарнага канстытуцыйнага валадара” [53, с. 95]. Падзеі 1151 г. пацвердзілі дамінуючае значэнне веча ў дзяржаўным жыцці Полацкай зямлі. Як адзначае летапіс: “ В лето 6659 (1151)… Том же лета яша Полочане Рогволода Борисовича, князя своего и послаша Меньску, и ту и держаща у велице нужи, а Глебовича собе уведоша; и слашася Полотьчане к Святославу Олговичу с любовью, яко имети отцем собе и ходить в послушании его, и на том целовали хрест” [45, c. 445 – 446].

Такім чынам згодна з летапісам, можна адзначыць што гараджане прымалі актыўны ўдзел у палітычнай барацьбе і выступалі часам рашаючай сілай у змаганні князёў за княжацкі прастол. Гараджане пад кіраўніцтвам баяр у 1151 г. “узялі” полацкага князя Рагвалода і адправілі ў зняволенне ў Мінск да яго галоўнага саперніка Расціслава Глебавіча, запрасіўшы апошняга на полацкае княжэнне і прысягнуўшы яму ў вернасці. Адной з прычын падзення Рагвалода быля яго невыгодная для Полацка знешнепалітычная лінія, арыентаваная на кіеўскіх Манамахавічаў. Пры гэтым яны разрабавалі маёмасць Рагвалода і яго дружыны. Як адзначае Э.М. Загарульскі, сам ход падзей 1151 г. сведчыць не проста аб барацьбе нейкіх груповак, а аб шырокім удзеле ў палітычным жыцці радавых гараджан [30, c. 115].

У 1158 (у летапісе 1159 г.) на полацкі пасад вярнуўся Рагвалод Барысавіч. Яго вяртанне было вынікам вечавога рашэння, якое прымалася полацкім баярствам. Вяртанне Рагвалода на полацкі прастол было замацавана прысягай з двух бакоў – крыжацалаваннем. Так, у 1158 г. палачане гавораць Рагвалоду: “Калі ты забудзеш на ўсе тое, што мы табе зрабілі (дрэннага)… і крыж нам пацалуеш, то мы твае, а ты есць наш князь. Расціслава ж, схапіўшы, аддамо табе ў рукі, і што ты захочаш, тое і зробіш з ім. І Рагвалод прысягнуў (палачанам) на крыж” [14, c. 219].

Разглядаючы гэтыя падзеі, можна меркаваць, што для полацкага веча князь выступаў як інструмент у палітычных рашэннях і не выконваў ніякай ролі ў барацьбе за полацкі прастол – за яго ўсе вырашала веча. Як бачна, князь павінен быў прымаць умовы дагавору, які выпрацоўваўся палачанамі. Як адзначае С.В. Тарасаў, полацкія князі былі сваімі, “хатнімі”. “Магчыма, падобныя “хатнія” адносіны да ўласных князеў дазвалялі палачанам у сярэдзіне ХІІ ст. надзвычай свавольна вырашаць іх лёс, праганяючы і запрашаючы то аднаго, то другога” [77, c. 86]. Імкненне да павелічэння ўладанняў даводзіла Усяславічаў да таго, што яны не даражылі нават прыхільнасцю паспольства да іх, а гэта ў сваю чаргу прывяло да таго, што насельніцтва Полацкай зямлі перастала даражыць сваімі князямі і звыкла да іх перамены пры найменьшым незадавальненні імі [23, с. 201 – 202].

Выключнай асаблівасцю ажыццяўлення прынцыпу выбарнасці князя ў Полацку было тое, што гэты выбар быў абмежаваны вузкім колам прадстаўнікоў мясцовай полацкай княжацкай дынастыі – непасрэдных нашчадкаў Усяслава Брачыславіча. Як адзначае Г.В. Штыхаў: “Чужародны князь не мог разлічваць на тое, каб утрымацца на полацкім стале, бо звычайна такі князь дбаў пра сваю дружыну, чым пра інтарэсы гараджан” [90, c. 219]. Выбранне князя адбывалася па выпрацаванай традыцыі. Выбраны павінен быў прысягнуць у непарушнасці сваіх абавязкаў перад палачанамі і пацалаваць крыж. Сярод абавязкаў князя былі:


  1. не прысвойваць вымарачную маёмасць;

  2. не браць у палачан каней ў падводы;

  3. не ўмешвацца ў пытанні куплі – продажы зямлі;

  4. не пераглядаць старых судовых рашэнняў;

  5. прымаць ад палачанаў скаргі [74, с. 19].

Як адзначае Я.А.Юхо, князь абяцаў не ўмешвацца ў царкоўныя справы і царкоўную маёмасць, не перашкаджаць выезду свабодных людзей за мяжу княства [91, с. 63].

Прызнанне князя вечам неабходна суправаджалася “рядом” паміж імі і ўзаемным крыжацалаваннем. Князі займалі стол, “весь порядъ положьше”, “створивъ людемъ весь порядъ” [45]. Пры прыняцці рашэнняў, князь мог склікаць нараду, на якую звычайна запрашаліся найбольш уплывовыя дружынікі, прадстаўнікі гарадоў, духавенства.

На вечавых сходках адбывалася барацьба паміж групоўкамі, якія выступалі супраць князя ці наадварот падтрымлівалі яго. Гэта не паўстанні, а хваляванні, што былі выкліканы парушэннямі дагавору з боку князя, які ён заключаў з палачанамі. Веча магло прагнаць князя, які нечым правінаваціўся, напрыклад прыняў удзел у вайне, якую не здолеў выйграць, як гэта здарылася з полацкім князем Давыдам у 1127 г. За спіной веча стаяла рэальная ваенная сіла – апалчэнне гараджан, таму калі на вечавым сборы абставіны складваліся не ў пользу князя, яму нічога не заставалася рабіць, як пакінуць горад [88, с. 10 – 11]. Як адзначае С.Ф. Сокал, полацкія князі, нават у матэрыяльных адносінах знаходзіліся ў вялікай залежнасці ад веча і ажыцяўлялі сваю дзейнасць пад пільным кантролем веча, іх улада пашыралася толькі тады, калі надзвычай патрэбны былі іх паслугі як ваеначальнікаў, калі Полацку пагражаў захоп [74, с. 19].

Полацкае веча вырашала пытанні вайны і міру і само заключала яго. У 1186 г., калі Давыд Расціславіч са Смаленска і яго сын Мсціслаў з Ноўгарада ўварваліся з войскам у межы Полацкай зямлі, палачане абмеркавалі становішча на вечы. У выніку перагавораў, якія вялі прадстаўнікі веча з князямі на сумежжы, гэтае пытанне было вырашана. Веча кантралявала дзейнасць князя. Гэта бачна з падзей 1161 г., калі полацкі князь Рагвалод Барысавіч, пасля таго як пацярпеў паражэнне ў сутыкненні з войскам менскага князя Валадара Глебавіча не рызыкнуў вярнуцца ў Полацк, бо верагодна баяўся адказнасці перад вечам за гібель многіх палачан.

Пазнейшыя крыніцы адзначаюць, што палачане “сталі кіравацца вечам, як у Вялікім Ноўгарадзе і Пскове, гаспадара над сабою не мелі” [30, c. 115]. Рашэнні полацкага веча былі абавязковыя і для астатніх гарадоў княства.

Да веча апелявалі варагаваўшыя паміж сабой феадальныя групоўкі і князі. Разглядаючы падзеі 1217 г., калi другая жонка полацкага князя Барыса Давыдавіча – Святохна, дачка памеранскага князя Казіміра, жадаючы пазбавіцца ад сваіх пасынкаў Васількі і Вячкі, з дапамогай прыхільнікаў забіла некалькіх полацкіх баяр, што падтрымлівалі сыноў Барыса ад першага шлюбу, абвінавачвалі іх у змове супраць князя і княгіні. Асцерагаючыся вынікаў, князь сабраў народ на веча, на якім прыхільнікі Святохны пераканалі тых, хто сабраўся ў здрадзе забітых баяр. “Народ, не ведая истины и не спрося никого от домашних вельмож тех, хотя некоторые о том советовали… пошел домы их разграбили, а жен и детей некоих побили, иных изгнали” [80, c. 143].

Праз некаторы час ужо саюзнікі маладых княжычаў склікалі веча і змаглі даказаць яму адваротнае. Такім чынам добра бачна падначаленае становішча полацкага князя, яго залежнасць ад веча і гараджан.

З.Ю. Капыскі звярнуў увагу на асобныя месцы “Хронікі літоўскай і жамойцкай” якая была створана ў ХVI ст., і выявіў даныя аб грамадска – палітычным ладзе Полацка ў ХІІ – ХІІІ стст. З.Ю. Капыскі прыйшоў да высновы, што веча ў Полацку выбірала выканаўчы орган з 30 мужоў, старцаў. Гэты орган павінен быў весці бягучыя справы і выконваць судзебныя функцыі. Выканаўчы орган улады кіраваў не толькі ўнутранымі, але і знешнімі справамі Полацка [43, с. 74 – 75]. Полацкае веча было суб’ектам міжнародных адносін і само заключала гандлёвыя дагаворы з замежнымі дзяржавамі. Расійскі гісторык А.В. Рукавішнікаў прыйшоў да высновы, што ў першай палове ХІІІ ст. Полацк з’яўляўся самакіруючай рэспублікай з яскрава выражанымі рысамі арыстакратычнага кіравання [64]. Разглядаючы падзеі полацкай гісторыі ХІІ ст. можна пагадзіцца з тым, што веча мела дамінуючае становішча ў Полацкай зямлі. Але як адзначае Г.В. Штыхаў, веча абмяжоўвала ўладу князя, але не знішчала яе. Князь узначальваў ваенныя сілы, меў пры сабе дружыну, ажыццяўляў унутранае кіраванне, мог заключыць мір [89, с. 103]. У Полацку, як, напэўна, і ў іншых княствах, у сферы сацыяльна – палітычнага жыцця існавала двухладдзе. Вечавы лад існаваў побач з княжацкай ўладай [54, с. 95].

У ХІІ ст улада князя не была такой моцнай як у папярэднія часы. Адбываецца своеасабовы падзел улады паміж князем і вечам. У гэтай сувязі, Полацкае княства ХІІ ст. можна было б назваць раннефеадальнай дуалістычнай манархіяй [74]. Так сама нельга перабольшваць значэнне веча. “Права полацкіх князеў на землі, куды іх паклікалі, паступова стала “родавым”, бо наступныя пасля Рагвалода генерацыі ўжо нараджаліся на іх. Аднак яно не дазваляла князям распараджацца гэтай самай дарагой ў свеце нерухомасцю на свой лад” [77, с. 86].

Такім чынам, улада веча у Полацкай зямлі у ХІІ ст. мела найбольшы ўплыў на развіццё палітычных падзей чым князь. Веча было формай альтэрнатыўнай арганізацыі грамадства ў супрацьвагу княжацкай ўладзе. Арыстакратычны ж яго характар яшчэ і ўзмацняў супярэчнасць з княжацкай ўладай, што імкнулася да самаўладства. Аднаўленне веча дало магчымасць земскай знаці ўзяць рэванш за сваё паражэнне на досвітку дзяржаўнасці. Магчымасць была тым больш рэальнай, што інтарэсы большасці грамадства заўважна разыходзіліся з княжацкімі інтарэсамі. Занятыя ўласнымі інтарэсамі князі хацелі ваяваць. Рэшта люду хацела мірна займацца ўласнай справай [57, с. 196]. Веча запрашала князя і магло яго пазбавіць княжацкай ўлады ў горадзе. Як адзначае С.В. Тарасаў, нашчадкі Усяслава Брачыславіча ўступалі ў крывавыя сутычкі за бацькоўскую спадчыну, але канчаткова вырашалі, хто з іх будзе сядзець у Полацку, Менску, ці Друцку: веча, альбо яго прадстаўнікі ў асобах абраных “мужоў” [77, с. 86]. У гэтай сувязі князь знаходзіўся ў падначаленым становішчы ад веча. Але князь узначальваў ваенныя сілы і ў яго кампітэнцыю ўваходзіў сбор апалчэння і арганізацыя абароны, таксама ён ажжыцяўляў унутранае кіраўніцтва. Таму пры дамінуючай ролі веча, ў Полацкай зямлі ХІІ ст. існавала двухладдзе князя і веча. Полацкую зямлю ў ХІІ ст. можна лічыць княствам з абмежаванай княжацкай ўладай, якое было на шляху да ператварэння ў сярэднявечную рэспубліку.



1   2   3   4   5   6   7   8


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка