Конкурс вучэбная праграма факультатыўных заняткаў па беларускай мове для 10-11 класаў гімназій І ліцэяў



Дата канвертавання01.07.2016
Памер113.6 Kb.

powerpluswatermarkobject1

Вайніловіч Н.Я.




РЫХТУЕМСЯ ДА АЛІМПІЯДЫ

ПА БЕЛАРУСКАЙ МОВЕ:

ЛІНГВІСТЫЧНЫ КОНКУРС


вучэбная праграма факультатыўных заняткаў

па беларускай мове

для 10—11 класаў гімназій і ліцэяў

ТЛУМАЧАЛЬНАЯ ЗАПІСКА
Факультатыўныя заняткі «Рыхтуемся да алімпіяды па беларускай мове: лінгвістычны конкурс» арыентаваны на вучняў 10-11 класаў філалагічнага напрамку ліцэяў і гімназій, а таксама можа быць выкарыстана старшакласнікамі агульнаадукацыйных устаноў, якія плануюць удзельнічаць у алімпіядах па беларускай мове.

Алімпіяды па беларускай мове, якія праводзяцца штогод, дазваляюць выявіць якасць падрыхтоўкі вучняў па прадмеце, іх кемлівасць і здольнасць дакладна і выразна выказваць свае думкі ў вуснай і пісьмовай форме. Моўныя спаборніцтвы актывізуюць і паглыбляюць працэс навучання роднай мове, абуджаюць цікавасць школьнікаў да заканамернасцей моўнай сістэмы, даюць магчымасць пераканацца ў багацці і непаўторнасці нашай мовы.



Мэта прапанаваных факультатыўных заняткаў заключаецца ў падрыхтоўцы вучняў да ўдзелу ў рэспубліканскай алімпіядзе.

Задачы факультатыўных заняткаў:

      • паглыбіць і сістэматызаваць веды вучняў па ўсіх раздзелах мовазнаўства (фанетыцы, арфаэпіі, арфаграфіі, лексікалогіі, фразеалогіі, словаўтварэнні, марфалогіі, сінтаксісе, стылістыцы);

      • развіваць моўную кампетэнцыю вучняў;

      • удасканальваць уменні і навыкі выканання нестандартных заданняў;

      • развіваць аналітычныя ўменні;

      • актывізаваць лінгвістычную цікаўнасць, творчую мэтанакіраванасць, самастойнасць пры выкананні заданняў;

      • развіваць пазнавальную актыўнасць і інтэлектуальныя здольнасці вучняў.

Праграма прапанаваных факультатыўных заняткаў абапіраецца на вучэбную праграму па беларускай мове і ахоплівае ўвесь курс мовы, пры гэтым асаблівая ўвага засяроджваецца на больш складаных пытаннях і моўных з’явах.

Паглыбленне і назапашванне новых ведаў адбываецца шляхам лекцыйных заняткаў, самастойнай вучнёўскай працы са слоўнікамі (тлумачальнымі, арфаграфічнымі, фразеалагічнымі, марфемнымі, словаўтваральнымі, этымалагічнымі), знаёмства з навукова-папулярнай лінгвістычнай літаратурай і вучэбнымі дапаможнікамі, разлічанымі на студэнтаў ВНУ. Дзякуючы гэтаму развіваецца лінгвістычнае мысленне вучняў, аналітычныя ўменні, уменне аргументавана рабіць вывады, прыводзіць выразныя ілюстрацыі.

Сістэматызацыя і ўдасканаленне ведаў прадугледжвае выкананне разнастайных заданняў па ўсіх раздзелах мовазнаўства (фанетыцы, арфаэпіі, арфаграфіі, лексікалогіі, фразеалогіі, словаўтварэнні, марфалогіі, сінтаксісе, стылістыцы), а таксама ўсіх моўных разбораў. Такі падыход дае магчымасць замацаваць атрыманыя веды і вучыць карыстацца імі на практыцы. Пры сістэматызацыі ведаў прапануецца выкарыстоўваць рэйтынгавыя алімпіяды, што дазваляе сачыць за ўзроўнем падрыхтаванасці вучняў на розных этапах падрыхтоўкі да алімпіяды.

Пры выкананні нестандартных заданняў развіваецца творчая мэтанакіраванасць, пазнавальная актыўнасць вучняў, іх інтэлектуальныя здольнасці.

Улічваючы вопыт папярэдніх лінгвістычных конкурсаў, дзе часта сустракаюцца заданні, арыентаваныя на падбор адпаведнікаў да рускіх слоў, фразеалагізмаў, словазлучэнняў, на пераклад рускіх тэкстаў на беларускую мову, у праграму факультатыўных заняткаў уключаны тэмы “Спецыфічныя рысы беларускай мовы ў параўнанні з рускай”, “Асаблівасці перакладу мнагазначных слоў”, “Спецыфіка перакладу ўстойлівых спалучэнняў”, “Несупадзенне формаў роду назоўнікаў у беларускай і рускай мовах”, “Несупадзенне формаў ліку назоўнікаў у беларускай і рускай мовах”, “Спецыфіка перакладу прыназоўнікавых словазлучэнняў з рускай мовы на беларускую”, што дазваляе засяродзіць увагу вучняў на адметнасцях беларускай мовы і беларускага маўлення.

Вывучэнне тэм “Нацыянальная адметнасць беларускай лексікі”, “Безэквівалентная лексіка”, “Адлюстраванне этнічных паняццяў (назвы святаў, народных страў, членаў сям’і, вопраткі, прадметаў побыту) у лексікалогіі і фразеалогіі” будзе садзейнічаць выяўленню самабытнасці беларускага народа і паспрыяе жаданню вучняў пазнаць таямніцы роднай мовы і дасць магчымасць паспяхова выкарыстаць набытыя веды пры выкананні алімпіядных заданняў.

Актуальным пытаннем з’яўляецца разгляд тэм “Сучасны стан арфаграфіі”, “Змены і ўдакладненні некаторых правапісных нормаў сучаснай беларускай мовы” ў сувязі з уступленнем у сілу з 1 верасня 2010 г. Закона Рэспублікі Беларусь “Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі”.

У рамках факультатыўных заняткаў вучням прапануецца мэтанакіравана вывучаць тыя пытанні беларускай лінгвістыкі, якія могуць спатрэбіцца для ўдзелу ў алімпіядах. Сістэматычны выклад матэрыялу ў даным курсе будзе садзейнічаць далейшаму паспяховаму вывучэнню курса беларускай мовы ў вышэйшых навучальных установах.



ЗМЕСТ

(70 гадзін)


  1. Уводзіны (2 гадзіны)

Азнаямленне вучняў са зместам праграмы факультатыўных заняткаў. Правядзенне дыягностыкі вучняў з мэтай выяўлення ўзроўню падрыхтаванасці і сфарміраванасці моўнай кампетэнцыі.


  1. Агульныя звесткі аб беларускай мове (5 гадзін)

Месца беларускай мовы на лінгвістычнай карце свету. Этапы развіцця беларускай мовы. Месца і роля беларускіх мовазнаўцаў (Я. Карскі, В. Ластоўскі, Я. Лёсік, М. Байкоў, С. Некрашэвіч і інш.) у развіцці беларускай мовы. Беларуская мова сярод славянскіх моў. Спецыфічныя рысы беларускай мовы ў параўнанні з рускай.


  1. Фанетыка. Арфаэпія. Графіка (7 гадзін)

Класіфікацыя гукаў. Пазіцыйныя і гістарычныя чаргаванні. Фанетычныя законы беларускай мовы. Склад. Складападзел. Націск. Фанетычная транскрыпцыя. Фанетычны разбор. Асаблівасці вымаўлення гукаў і спалучэнняў гукаў. Паняцце графікі. Графічныя сродкі. Графічныя сістэмы, якія былі распаўсюджаны на тэрыторыі Беларусі (кірыліца, лацінка, арабскае пісьмо). Прынцыпы і асаблівасці беларускай графікі. Алфавіт.

Рэйтынгавая алімпіяда


  1. Арфаграфія (6 гадзін)

З гісторыі беларускай арфаграфіі. Роля Б.А. Тарашкевіча ў развіцці беларускай літаратурнай мовы. Сучасны стан арфаграфіі. Змены і ўдакладненні некаторых правапісных нормаў сучаснай беларускай мовы. Прынцыпы беларускага правапісу. Напісанні, заснаваныя на фанетычным прынцыпе. Напісанні, заснаваныя на марфалагічным прынцыпе. Традыцыйныя напісанні. Дыферэнцыйныя напісанні.


  1. Лексікалогія. Фразеалогія. Лексікаграфія (12 гадзін)

Аманімія і полісемія. Шляхі размежавання амонімаў і мнагазначных слоў. Асаблівасці перакладу мнагазначных слоў. Сінонімы, антонімы, паронімы. Стылістычныя фігуры, створаныя на аснове сінаніміі, антаніміі, параніміі, і іх роля ў мастацкім тэксце. Устарэлыя словы. Новыя словы беларускай мовы. Запазычаная лексіка. Фразеалагічнае багацце беларускай мовы. Спецыфіка перакладу ўстойлівых спалучэнняў. Сінанімічныя і антанімічныя фразеалагізмы. Прыказкі, прымаўкі, перыфразы, афарызмы. Нацыянальная адметнасць беларускай лексікі. Безэквівалентная лексіка. Адлюстраванне этнічных паняццяў (назвы святаў, народных страў, членаў сям’і, вопраткі, прадметаў побыту) у лексікалогіі і фразеалогіі. З гісторыі лексікаграфіі. Класіфікацыя слоўнікаў. Слоўнікавы артыкул.

Рэйтынгавая алімпіяда


  1. Стылістыка і культура маўлення (6 гадзін)

Стылістычная афарбоўка слова. Стылістычныя пласты лексікі. Функцыянальныя стылі беларускай мовы: асноўныя прыметы, жанры, сферы выкарыстання. Літаратурныя нормы. Стылістычныя памылкі і іх прадухіленне.


  1. Марфемная будова слова. Словаўтварэнне. (5 гадзін)

Марфемы, іх характарыстыка і функцыі. Марфемны разбор. Тыпы і спосабы словаўтварэння. Слоўтваральныя мадэлі. Слоўтваральны разбор. Правапіс складаных слоў.

Рэйтынгавая алімпіяда


  1. Марфалогія (15 гадзін)

Класіфікацыя часцін мовы. Пераходныя з’явы. Назоўнік. Род назоўнікаў. Варыянтныя формы. Несупадзенне формаў роду назоўнікаў у беларускай і рускай мовах. Лік назоўнікаў. Адзіночналікавыя і множналікавыя назоўнікі. Формы ліку і лексічнае значэнне слова. Несупадзенне формаў ліку назоўнікаў у беларускай і рускай мовах. Скланенне. Тыпы скланення. Правапіс канчаткаў назоўнікаў. Прыметнік. Поўныя і кароткія формы прыметнікаў. Ступені параўнання прыметнікаў. Формы ацэнкі і меры. Лічэбнік. Асаблівасці скланення і спалучэння з назоўнікамі. Няпэўна-колькасныя словы. Займеннік. Разрады займеннікаў. Скланенне займеннікаў. Дзеяслоў. Формы дзеяслова. Лексіка-граматычныя катэгорыі дзеясловаў. Правапіс суфіксаў і асабовых канчаткаў дзеясловаў. Дзеепрыметнік. Утварэнне і ўжыванне дзеепрыметнікаў. Асаблівасці перакладу формаў дзеепрыметнікаў з рускай мовы на беларускую. Дзеепрыслоўе. Утварэнне дзеепрыслоўяў. Правілы ўжывання дзеепрыслоўяў. Прыслоўе. Правапіс прыслоўяў і блізказначных спалучэнняў слоў. Прэдыкатыўныя прыслоўі. Службовыя часціны мовы. Асаблівасці ўжывання прыназоўнікаў у беларускай мове. Спецыфіка перакладу прыназоўнікавых словазлучэнняў з рускай мовы на беларускую. Размежаванне злучнікаў і злучальных слоў. Разрады і функцыі часціц. Ужыванне і правапіс часціц не (ня) і ні. Марфалагічны разбор часцін мовы. Выклічнікі і гукапераймальныя словы.

Рэйтынгавая алімпіяда


  1. Сінтаксіс і пунктуацыя (10 гадзін)

Словазлучэнне. Асаблівасці дапасавання і кіравання ў беларускай мове. Сказ. Просты сказ. Галоўныя члены сказа. Тыпы дзейніка і выказніка. Каардынацыя дзейніка і выказніка. Даданыя члены сказа. Ускладнены сказ. Аднародныя і неаднародныя азначэнні. Адасобленыя члены сказа і знакі прыпынку пры іх. Пабочныя словы, словазлучэнні, сказы і знакі прыпынку пры іх. Устаўныя канструкцыі і знакі прыпынку пры іх. Аднасастаўныя сказы. Тыпы аднасастаўных сказаў. Непадзельныя сказы. Няпоўныя сказы. Парадак слоў у сказе. Функцыі парадку слоў. Сінтаксічны разбор простага сказа. Складаны сказ. Тыпы складаных сказаў. Віды даданых частак складаназалежнага сказа. Пунктуацыя ў складаным сказе. Сінтаксічны разбор складаных сказаў. Спосабы перадачы чужой мовы: простая мова, ускосная мова, няўласна-простая мова, цытаты. Тэкст як сінтаксічная адзінка. Тыпы тэксту. Сродкі тэкставай сувязі. Спосабы сувязі сказаў у тэксце.

Аналіз заданняў заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды


  1. Падагульненне вывучанага (2 гадзіны)

Падагульненне і сістэматызацыя вывучанага матэрыялу.


ПРАГНАЗУЕМЫЯ ВЫНІКІ
Вучні павінны ведаць:

  • асноўныя тэрміны і паняцці па ўсіх раздзелах мовазнаўства;

  • этапы развіцця беларускай мовы, дзейнасць вядомых беларускіх лінгвістаў;

  • класіфікацыю гукаў, фанетычныя законы беларускай мовы, асаблівасці вымаўлення гукаў і спалучэнняў гукаў:

  • прынцыпы і асаблівасці беларускай графікі;

  • прынцыпы беларускага правапісу, змены і ўдакладненні некаторых правапісных нормаў сучаснай беларускай мовы;

  • шляхі размежавання амонімаў і мнагазначных слоў;

  • класіфікацыю слоўнікаў, лінгвістычныя слоўнікі і даведнікі;

  • функцыянальныя стылі беларускай мовы;

  • літаратурныя нормы;

  • спосабы словаўтварэння;

  • класіфікацыю часцін мовы, марфалагічныя прыметы пэўнай часціны мовы, сэнсавую і сінтаксічную ролю ў словазлучэнні, сказе, пераходныя з’явы ў межах часцін мовы;

  • сінтаксічныя адзінкі і іх тыпы, сродкі сувязі частак сказа, сродкі і віды сувязі сказаў у тэксце;

  • сістэму правілаў беларускай пунктуацыі, функцыі знакаў прыпынку.

Вучні павінны ўмець:



  • выконваць заданні рознага ўзроўню цяжкасці, у тым ліку нестандартныя заданні;

  • выконваць усе віды моўных разбораў;

  • карыстацца слоўнікамі і даведнікамі;

  • складаць слоўнікавыя артыкулы;

  • валодаць арфаэпічнымі, акцэнталагічнымі, арфаграфічнымі, граматычнымі, лексічнымі, стылістычнымі і пунктуацыйнымі нормамі беларускай літаратурнай мовы;

  • выяўляць спецыфічныя рысы беларускай мовы ў параўнанні з рускай на розных моўных узроўнях (фанетычным, арфаэпічным, лексічным, граматычным);

  • перакладаць з рускай мовы тэксты, словазлучэнні, мнагазначныя словы, устойлівыя спалучэнні, захоўваючы спецыфіку беларускіх варыянтаў;

  • вызначаць стылі, тыпы, жанры тэкстаў, асноўныя стылявыя рысы;

  • выяўляць стылістычныя памылкі і прадухіляць іх у сваім маўленні;

  • вызначаць і аналізаваць характэрныя граматычныя асаблівасці часцін мовы;

  • выкарыстоўваць тэкстаўтваральныя і вобразна-выяўленчыя сродкі марфалагічнага ўзроўню ў стварэнні аўтарскіх тэкстаў рознага тыпу, стылю і жанру;

  • захоўваць граматычныя нормы пры пабудове словазлучэнняў і сказаў;

  • размяжоўваць сказы па мэце выказвання, мадальнасці, структуры, саставе, ускладненасці;

  • вызначаць віды даданых частак і віды адносін паміж часткамі ў складаных сказах;

  • перадаваць чужую мову рознымі спосабамі;

  • ствараць уласныя тэксты розных тыпаў, стыляў, жанраў.


ЛІТАРАТУРА


  1. Абабурка, М. В. Культура беларускай мовы / М.Абабурка. – Мінск: Выш.шк., 1994.

  2. Беларуская мова: Энцыклапедыя / пад рэд. А.Я.Міхневіча. – Мінск, 1994.

  3. Іўчанкаў, В.І. Беларуская арфаграфія: Апавяданні і гісторыі / В.І.Іўчанкаў. – Мінск: Пач.шк., 2010, 2011.

  4. Іўчанкаў, В. І. Беларускі правапіс у апорных схемах: Паводле новай рэдакцыі “Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” / В. І. Іўчанкаў. – Мінск : Пачатковая школа, 2010, 2011.

  5. Кароткая граматыка беларускай мовы: у 2 ч. / навук. рэд. А.А.Лукашанец. – Мінск: Беларус. навука, 2007. Ч.1.

  6. Кароткая граматыка беларускай мовы: у 2 ч. / навук. рэд. А.А.Лукашанец. – Мінск: Беларус. навука, 2009. Ч.2.

  7. Куліковіч, У.І. Алімпіяды па беларускай мове. – Мінск: Аверсэв, 2007.

  8. Лепешаў, І.Я. Сучасная беларуская літаратурная мова: спрэчныя пытанні: дап. / І.Я.Лепешаў. – Гродна: ГрДУ, 2002.

  9. Міхневіч, А.Я. Слоўка за слоўкам: алфавітны даведнік па культуры беларускай мовы для ўсіх / А.Я,Міхневіч, Л.П.Кунцэвіч, Ю.У.Назаранка. – Мінск: Выд.цэнтр БДУ, 2006.

  10. Пішам па-беларуску : даведнік па арфаграфіі і пунктуацыі / З. І. Бадзевіч [і інш.]. – Мінск : Аверсэв, 2010.

  11. Плотнікаў, Б.А. Беларуская мова: лінгвістычны кампендыум / Б.А.Плотнікаў, Л.А.Антанюк. – Мінск: Інтэрпрэссервіс. Кніжны дом, 2003

  12. Правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі. – Мінск: Нац.цэнтр прававой інфармац. Рэсп. Беларусь, 2008

  13. Сіўковіч, В.М. Беларуская мова ў пытаннях і адказах: дапам. Для вучняў старэйшых класаў устаноў, якія забяспечваюць атрыманне агул. сярэд. адукацыі з бел. і рус. мовамі навучання / В.М.Сіўковіч. – Мінск: УніверсалПрэс, 2005

  14. Сямешка, Л.І. Курс беларускай мовы / Л.І.Сямешка, І.Р.Шкраба, З.І.Бадзевіч. – Мінск: Універсітэцкае, 1996

  15. Сцяцко, П. Культура мовы. – Мінск: Тэхналогія, 2002.


Слоўнікі

  1. Бардовіч, А.М. Школьны марфемны слоўнік беларускай мовы. — Мінск, 2006.

  2. Бардовіч, А.М., Шакун, Л.М. Марфемны слоўнік беларускай мовы. — Мінск, 1989.

  3. Бардовіч, А.М., Круталевіч, М.М., Лукашанец, А.А. Словаўтваральны слоўнік беларускай мовы. — Мінск, 2000.

  4. Беларускі арфаграфічны слоўнік / Нац. акад. навук Беларусі, Ін-т мовы і літ. Імя Я.Коласа і Я.Купалы; уклад. Л.П.Кунцэвіч, І.У.Кандраценя; пад рэд. А.А.Лукашанца. — Мінск: Беларус. Навука, 2009.

  5. Беларуска-рускі слоўнік у 2-х тамах. — Мінск, 1988-1989.

  6. Булыка, А.М. Беларуска-рускі слоўнік для школьнікаў. — Мінск, 1999-2004.

  7. Булыка, А.М. Руска-беларускі слоўнік для школьнікаў. — Мінск, 2001-2003, 2005.

  8. Гаўрош, Н.В. Слоўнік эпітэтаў беларускай мовы. — Мінск, 1998.

  9. Грабчыкаў, С.М. Слоўнік паронімаў беларускай мовы. — Мінск, 1994.

  10. Капылоў І.Л. Беларуска-рускі слоўнік. — Мінск, 2011.

  11. Клышка, М.К. Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў. — Мінск, 1993.

  12. Лепешаў, І.Я. Слоўнік беларускай мовы. — Мінск, 2008.

  13. Лепешаў, І.Я. Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў. — Мінск, 1993.

  14. Лепешаў, І.Я. , Якалцэвіч, М.А.  Слоўнік беларускіх прыказак. — Мінск, 2006.

  15. Малажай, Г.М. Школьны тлумачальны слоўнік беларускай мовы. — Мінск, 2007.

  16. Русско-белоруский словарь у 3-х тамах. — Мінск, 1993.

  17. Тлума­чаль­ны слоўнік беларускай мовы ў 5-ці тамах. —Мінск: БелСЭ,1978-1984.

  18. Уласевіч, В.І., Даўгулевіч, Н.М. Слоўнік новых слоў беларускай мовы. — Мінск: ТэтраСістэмс, 2009.








База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка